На затапельцаў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
На затапельцаў
Верш
Аўтар: Янка Лучына
Крыніца: http://yankalychina.ru/categories/1.htm


Весці сумныя. Навісла
Зноў хмар безліч па-над Віслай.
Каля Вепша часам веснім
Енкі чутны, а не песнь…
Буры а й рэчкі знеслі хвалі
Мо дзе ў вусце, мо і далей,
Аж у Балтыкі бяздоннасць
Ўсю сялянскую маёмасць.
Рвецца нітка дабрабыту
Кожны кут бядой заліты.
У трывозе, цяжкай стоме
Сьн вясковы рукі ломіць.
Запусцела ўсюды глеба —
Ані статку, ані хлеба.
Мужычок, ці зможаш, дружа,
Нораў Віслы, Нарвы здужаць?
Ці ты ў роспачы, ад мукі
Не апусціш часам рукі?
Не, не стане ў рэчкі моцы!
Не змаглі вякі вяскоўца.
Твае плечы падымалі
Гаспадарку ў гэтым краі.
Самы сціплы, ціхі самы,
Век ты наш здабыў плугамі,
Працай выараў крывавай,
Хоць і сам не знаеш нават,
Колькі раз цябе пыхліва
Брат твой старшы ганарлівы
Упікаў работай чорнай.
Ты і крыўду знёс пакорна
І плугі твае, стальвагі,
Поту высахлыя рагі
Зноў жыцця здабудуць нітку.
Зноў наладзіш сяк-так жытку.
На сухі лес пойдуць шкоды,
Што табе ўчынілі воды.
Хто з нас сёння добрым сэрцам
Мужычку не адгукнецца?
Хто з набыткаў нераскошных
Не аддасць свой грош апошні?
Люд наш моцны, торам біты,
Не загіне, працавіты.
Мо адзін хто, — гора наша,
Як аснованая пража,
Акуплялася жыццём што,
Ці далася горкім коштам, —
Абарвецца і сягоння
Рухне з хвалямі ў прадонне.

                * * *

Вы шчаслівыя, што сілай
Бераце дань з хат пахілых?
Што па спадчьше ў дастатку
Жыць без змусу, без аглядку
Маеце на свеце права,
А не працаю крывавай?
Вы, што моцны і багаты,
Дайце руку свайму брату.
Край наш сёння бедзен вельмі —
Страт усіх адзін не верне.
Пакладзем крыху да крыхі —
Грамада агул вялікі.
Паміж вас заўжды бываюць,
Што душу ды сэрца маюць,
І сляза каго чужая
Болем грудзі апякае.
Голас вашага сумлення
Абнадзеіць іх цярпенне.
Хай той голас Божай ласкай
Стане вашым абавязкам.