На дарозі да новаго жыцьця (1912)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На дарозі да новаго жыцьця
Публіцыстыка
Аўтар: Антон Луцкевіч
1912 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: На дарозе да новага жыцьця.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ“.

Антон Новіна.


НА ДАРОЗІ
ДА НОВАГО ЖЫЦЬЦЯ




Цэна 20 кап.


Пецярбург.

Друкарня Пенткоўскаго, В. Пад’яческая, 22.

1912.

„Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ“.

Антон Новіна.


НА ДАРОЗІ
ДА НОВАГО ЖЫЦЬЦЯ




Цэна 20 кап.


Пецярбург.

Друкарня Пенткоўскаго, В. Пад’яческая, 22.

1912.

На дарозі да новага жыцьця.

„Ад самаго пачатку цывілізаціі чалавечэства ідзе к далейшаму прогрэссу праз народы“.Charles Gіde.

(с прамовы пры аткрыцьці II-га конгрэссу франц. коопэрат. у Ліоні у 1886 гаду).

I.

Жыцьцё — гэта вечнае змаганьне. У гэтым змаганьні, ў тэй вайне сусьветнай слабые — гінуць, моцные — перэважываюць. Што не мае даволі сіл да жыцьця — прападае.

У сьвеці расьлін і зьвяроў бачым цікавае з’яўленьне: сьмерць часовую, летарґічны сон. Перад прыходам зімы, каторая зніштажае ўсё кволае і слабое, расьліны і іншые жывые стварэньня заміраюць — бытцым хочуць ашукаць праўдзівую, вечную сьмерць, якую нясуць марозы і сьцюжа. Але с першымі вясеньнімі павевамі схаванае ў іх жыцьцё будзіцца нанова, каб праз летні час яны маглі спаўняць ізноў сваё назначэньне: умацовываць далей свой род, свой ґатунак, паддзержываць жыцьцё на зямлі.

Нешта падобнае бывае і з народамі. У безупыннай вайне перэмагаюць слабейшых. Калі ў іх нехват сілы, каб іскру жыцьця хоць таёмна перэхаваць у сабе, — яны гінуць вечнай сьмерцьцю; але часьцей іх сьмерць — гэта толькі сьмерць для вока, непраўдзівая: яна падобна на зімовую сьпячку у прыродзі. Здаецца, бытцым народ перэд навалай бед прыкінўўся соціально-політычнае жыцьцë Беларуска-Літоўскаго гасударства пайшло такой дарогай, што з XVII сталецьцем надыходзіць канец панаваньню беларускае мовы ня толькі на чыста літоўскай зямлі, але і на шчыра беларускай. Ужо ад Люблінскай Уніі ў Літве пачынае шырыцца польская мова, а з ёю — польская цывілізація. К канцу XVII ст. беларускіе вышэйшые станы блізка зусім апалячываюцца, і ў 1696 гаду беларуска-літоўская шляхта на Сэймі ў Варшаві пастанаўляе змяніць закон, па катораму «пісар земскі маець па руску[1] літэрамі і словы рускімі ўсі лісты, выпісы і позвы пісаці, а не іншым языком і словы»; заместа беларускае урадовай мовай прызнана польская мова. Губляючы гэтак асобные станы — шляхту, а за ёю памалу і мешчанства, беларусы, як суцэльная діффэрэнцірованая нація, гінуць. Беларускім астаецца толькі «просты» народ — селяне.

Але і гэты апошні стан, каторы не перэстаў быць беларускім, с таго часу бытцым заснуў — задзержаўся у сваім далейшым развіцьці: пры тагочасным соціальным і экономічным палажэньні беларускай народнай массы, пры паднявольным жыцьці на культурнае развіцьце яе мейсца не аставалася. Больш двухсот лет трываў такі сон. Пакінутая і забытая інтэліґентамі беларуская вёска жыла толькі тым, што асталося ёй у спадчыне ад даўнейшаго ўсенароднаго культурнаго багацьця. Ад вышэйшых, культурных станаў стравы для душы яна не даставала. Нават родные сыны яе, зрабіўшыся інтэліґентамі, ці — часьцей — поўінтэліґентамі, зразу станавіліся адны — палякамі, другіе — пачынаючы з XIX сталецьця — расейцамі, ды пры гэтым прыймалі чужую мову, працавалі (a і цяпер гэтак вядзецца) дзеля павялічэньня культурнаго багацьця не свайго народу, а польскаго, або расейскаго. У роднай соціально-політычнае жыцьцë Беларуска-Літоўскаго гасударства пайшло такой дарогай, што з XVII сталецьцем надыходзіць канец панаваньню беларускае мовы ня толькі на чыста літоўскай зямлі, але і на шчыра беларускай. Ужо ад Люблінскай Уніі ў Літве пачынае шырыцца польская мова, а з ёю — польская цывілізація. К канцу XVII ст. беларускіе вышэйшые станы блізка зусім апалячываюцца, і ў 1696 гаду беларуска-літоўская шляхта на Сэймі ў Варшаві пастанаўляе змяніць закон, па катораму «пісар земскі маець па руску[2] літэрамі і словы рускімі ўсі лісты, выпісы і позвы пісаці, а не іншым языком і словы»; заместа беларускае урадовай мовай прызнана польская мова. Губляючы гэтак асобные станы — шляхту, а за ёю памалу і мешчанства, беларусы, як суцэльная діффэрэнцірованая нація, гінуць. Беларускім астаецца толькі «просты» народ — селяне.

Але і гэты апошні стан, каторы не перэстаў быць беларускім, с таго часу бытцым заснуў — задзержаўся у сваім далейшым развіцьці: пры тагочасным соціальным і экономічным палажэньні беларускай народнай массы, пры паднявольным жыцьці на культурнае развіцьце яе мейсца не аставалася. Больш двухсот лет трываў такі сон. Пакінутая і забытая інтэліґентамі беларуская вёска жыла толькі тым, што асталося ёй у спадчыне ад даўнейшаго ўсенароднаго культурнаго багацьця. Ад вышэйшых, культурных станаў стравы для душы яна не даставала. Нават родные сыны яе, зрабіўшыся інтэліґентамі, ці — часьцей — поўінтэліґентамі, зразу станавіліся адны — палякамі, другіе — пачынаючы з XIX сталецьця — расейцамі, ды пры гэтым прыймалі чужую мову, працавалі (a і цяпер гэтак вядзецца) дзеля павялічэньня культурнаго багацьця не свайго народу, а польскаго, або расейскаго. У роднай вёсцы яны — чужые: між імі і іх сермяжнымі братамі вырасла бытцым высокая каменная сьцена. Але мінулае самабытнае жыцьцё беларусаў не прайшло бяз сьледу, національная душа іх не дарма гартавалася сталецьцямі: яна, ня гледзячы ні на што, не замёрла зусім, і народ перэхаваў яе жывой да нашых дзён разам з роднай мовай, з усімі національнымі асаблівасьцямі.

Хто добра ўдумаецца ў тое, што кажэ нам гісторыя, хто ўслухаецца ў біцьцё сэрца народнаго, той убачыць, што нават і ў двухсотлетнім летаргічным сьне беларускі народ даваў знакі жыцьця. Ніякая дэнаціоналізація не магла зусім забіць національнай душы нават у апалячэнай, ці абрусеўшай інтэліґенціі. Вытворэная сталецьцямі індывідуальнасць беларускаго народу выяўлялася ў тым, што беларусы, каторых захапіла польская, або расейская цывілізація, ўносілі свае національные асаблівасьці ў культурную скарбніцу палякаў і расейцаў і гэтак кіравалі ў той, або іншы бок далейшае развіцьце культуры абодвых названых народаў, хаця іх цывілізація стаіць куды вышэй за сучасную цывілізацію беларусаў. Гэтак ведама ўсім, якое вялікае значэньне мелі ў сваім часе творы Адама Міцкевіча для формованьня польскай національнай душы; а Міцкевіч, каторы выйшоў з апалячэнай беларускай шляхоцкай сямьі, каторы радзіўся і ўзрос на Беларускай зямлі, быў усей сваёй псыхікай неразрыўна звязаны з ёю і з народам беларускім і адбіваў у сабе самым беларускую національную душу. Такіх імён было і ёсць багата, і німа ў гэтым ніякаго дзіва: беларусы, працуючы пры будоўлі польскай культуры, хаця і несьвядома, павінны былі ўнасіць у яе свае національные зачаткі. Ня будзем даказываць, што і абрусеўшые беларусы сур’ёзна прылажылі сваю руку да вызначэньня дарогі, па якой пайшло развіцьце расейскай культуры: прызнаюцца да гэтаго самі расейцы, а проф. Овсяніко-Куліковскій аткрыта кажэ, бытцым праца беларусаў і украінцаў пры будаваньні расейскай культуры была чуць-што ня роўная працы велікарусаў (гл. кніжку яго: „Н. В. Гоголь“. Изд. „Вѣстн. Восп.“ 1903 г.).

Калі такім парадкам беларусы і ў часі свайго сну, не маючы патрэбных варункаў для развіцьця, як асобная нація усё-ж такі здалелі налажыць сваё кляймо на характэр культуры двух блізкіх, але шмат дужэйшых за іх народаў, дык ня можэ быць споркі аб тое, што беларускі народ мае ў сабе вялікі запас жыцьцёвай сілы. Гісторычная мінуўшчына і гэта жыцьцёвая сіла — вось фундамэнт, на якім будуецца новае жыцьцё беларусаў. На гэтым фундамэнці апіраем і мы сваю веру ў беларускае національнае адраджэньне.


II.

Калі беларусы пагублялі свае інтэлігентные станы „простаму“ народу — селянству, каторае адно толькі захавала ў чыстаце сваю національную душу беларускую, жылося дужа цяжка. Беларускае селянства стала далёкім і чужым для інтэліґенціі, каторая дзержалася іншай, чым народ, веры, іншай мовы і, складаючыся найбольш с шляхты, стаяла ў політычным і соціальным значэньні так высока на паднявольным дэмосам, што таго дэмоса і не бачыла. Ня гледзячы на тое, што палякі ў тых часах былі ўсесільнымі гаспадарамі ў нашай старане, бо дзержалі ў руках гасударственную ўласць, нікому і ў галаву не прыхадзіло займацца сьведомым пляновым апалячываньнем беларускаго селянства: аб ім бытцым забыліся. Дый само паняцьце національнасьці і дэнаціоналізаціі — гэта твор больш новых часаў. — Затое, калі з Заходняй Эўропы ў канцы XVIII ст. пачалі залетаць і да нас дэмократычные думкі, калі у Франціі ішло змаганьне за роўнасьць, брацтва і свабоду, нашы вышэйшые станы не маглі не звярнуць вачэй на народ. Хрэптовічы, Бжостоўскіе, Монюшкі і другіе лепшые людзі даюць селянам волю; маршалак Завіша ў 1818 г. на сходзі шляхты каже аб патрэбі скасаваць прыгон на векі вечные, за што Віленскаму губэрнатору і яму самому с Пецярбурга шлюць вострые наказы. Развіваецца школьная справа. Хаця навукі скрозь вядуцца ў польскай мові, але ужо бачым і пробы пісаць і гаварыць да народу па беларуску. Апошніе гады жыцьця Віленскаго унівэрсытэту далі багата дэмократычна настроенай моладзі. І вось Чэчот, Баршчэўскі, Рыпінскі і др. пішуць і друкуюць беларускіе поэтычные творы, каторые ідуць у народ. Хто цікавы бліжэй пазнаёміцца с тым, што друкавалася за ўвесь XIX век, таго атсылаем да невялічкай, але дужа цэннай кніжкі Р. Земкевіча: „Беларуская бібліоґрафія XІX ст.“ (Вільня, 1912 г.), гдзе можна знайсьці даволі поўны спісак друкаў таго часу; але ўжо у прадмові сам аўтор кажа, што ўсё гэта — толькі малая частка таго, што за той час пісалася і ў рукапісах гуляла між народам, або перэказывалася славамі ад аднаго к другому. — Поруч з дэмократычнымі рухамі заґраніцай і у нас крапчэюць дэмократычные тэндэнціі, а разам з гэтым паяўляюцца новые беларускіе творы, як той верш Сырокомлі, каторы навеялі паэту весткі аб рэволюціі 1848 г. — Даем тутака пачатак:

Заходзіць сонцэ пагодняго лета,
Веіць вецер з заходніх нябёс;
Здароў будзь, вецер! з далёкаго сьвета
Добрые ж весьці ты да нас прынёс.
Здаровые ж будзьце, эй добрые весьці!
Там на Заходзе праліваюць кроў,
Бʼюцца для славы, свабоды и чэсьци
І робяць вольных людзей з мужыкоў…
...............

Хаця ўсе польскіе паўстаньня ў нашым краю накладалі на тутэйшае жыцьцё польскае кляймо, пад каторым у народу ўсё-ж такі не переставала біцца беларускае сэрцэ, але трэба прызнацца, што яны мелі—апрача національных тэндэнцій — і дэмократычные зачаткі: і вось у 1863 гаду паўстанцы звертаюцца да селян і выпускаюць проклямаціі па беларуску. Так с паняцьцем дэмократызму лучылося у нас і прызнаньне правоў беларускай мовы, лучыліся пробы беларускаго пісьменства. Але ў апошнім паўстаньні ўсе болей дэмократычные, жывые элементы або згінулі, або былі выдалены с краю; палякі, каторые асталіся на мейсцу, як пасеі на сіце Муравьёва, гэта прадстаўнікі крайняго консэрватызму, эгоісты, ворагі ня толькі національных парываў, але і ўселякаго дэмократызму; поруч з гэтым бачым перарыў і ў працы мейсцовых інтэліґентаў дзеля развіцьця беларускаго пісьменства і гэты перарыў трываў да 80-ых гадоў, тым болей, што с 1866 году ў Расеі было забаронена друкаваць беларускіе кніжкі. Польская, або, справядлівей, апалячэная краёвая інтэліґенція ад часу паўстаньня зрабіла круты паварот: яна ўсе свае сілы аддае ужо толькі „польскай справе“, разумеючы пад гэтымі славамі апалячываньне беларусаў.

У палажэньні беларусаў агульна кажучы зрабілася вялікая перамена у другой палавіне XIX сталецьця, калі урад (правіцельство) пачаў сыстэматычную кампанію проці польскаго элемэнту ў так-званым «Поўночна-Заходнім» краю. Урад пастанавіў зніштожыць тутака ўсё польскае, абвесьціўшы, што Беларусь гэта „ісконі-русскій“ край, которы, бытцым, нічым ня розніцца ад Вялікарускіх губэрній; а як тутака вельмі часта католіцтва змешывалі і змешываюць дагэтуль с польшчынай, дык усе рэпрэсіі, якіе назначаліся для палякоў, клаліся ўсім сваім ціжарам і на беларусаў-каталікоў. Апрача таго, раз было прызнана, што праваслаўны беларус нічым ня розніцца ад велікарусса, — пачаліся рэпрэсіі і спеціальна проці беларусаў, пачынаючы ад забароны друку. — У тым жэ самым часі палякі, спалохаўшыся, што ім скора зусім жыцьця не стане на зямлі Беларускай, энэргічна ўзяліся за сьведомае ўжо і пляновае апалячываньне беларусаў, думаючы, што, павялічываючы лік „польскаго“ населеньня краю коштам беларусаў, яны здалеюць вернуць страты, каторые рабіла і робіць палітыка ураду. — І вось для беларускай національнай справы наступае бадай-што найгоршы час: беларусы папалі бытцым пад крыжавы агонь двух ваюючых армій — палякаў і расейцаў, ці, справядлівей, польскаго і расейскаго націоналізмаў.

Работа расейцаў над дэнаціоналізаціей беларусаў апіраецца па абрусіцельнай ваеннай службе, праваслаўнай цэркві, школе, на цэлым адміністраціўным аппараце с тысячамі чыноўнікаў, прысланых з глыбіні Расеі, на перасяленьні ў Беларускі край велікарускіх селян-старавераў і т. д. Такіх-жэ самых спосабаў дзеля апалячэньня краю ужываюць і палякі: ў іх руках каталіцкі касьцёл; яны заводзяць прыватные польскіе школы, за каторые, як можна судзіць з газэтных вестак, па судох адбываюцца дзесяткі процессаў; у грамадзянскіе і прыватные інстытуціі, якіе знаходзяцца пад загадам палякаў, прыймаюцца скрозь толькі палякі, і нават національно сьведомые беларусы каталіцкай веры зусім не маюць туды доступу; ўрэшці, між польскімі памешчыкамі ў апошніе гады бачым тэндэнцію выпісываць польскіх селян, мазураў на работы ў полі, а поруч і дзеля колонізаціі Беларусі. Адным словам, і полёнізація і абрусеньне вядуцца ўжо павэдлуг сыстэмы, якую вытварыў канец мінулаго сталецьця і пачатак гэтаго.

Канец XIX сталецьця прынёс, аднак, для беларусаў не адно толькі благое. Як удар молата па кавадле спатыкае роўнай сілы атпор, так і дэнаціоналізаторская работа у Беларусі збудзіла ў лепшых сэрцах жаданьне бараніць пакрыўджэны жыцьцём народ, працаваць дзеля падняцьця с тагочаснаго стану беларускую вясковую беднату, шануючы національную душу беларуса, яго мову і т. д. І ў тым жа часі, калі ў расейскім грамадзянстве ўсё болей бяруць верх дэмократычные думкі, у Беларусі, бытцым адгалосак таго, што рабілася ў Расеі, закладаюцца кружкі вучашчэйся моладзі, узгадаванай як польскай, так і расейскай культурай, которые выдаюць беларускіе кніжкі; родзіцца дужа радыкальная беларуская газэціна „Гоман“ (выходзіць нелегальна у Мінску, друкаваная на гектографе) і т. д. Гэта — 80-ые і 90-ые гады. А поруч з гэтым развіваецца і прыносіць багаты ураджай поэтычнае творчэство Мацея Бурачка (Ф. Богушэвіча), у псыхіцэ катораго стары польскі дэмократызм з эпохі да 63-го году зліваецца з расейскім народнічэствам, і на гэтым грунце вырастае ўжо сьведомасць грамадзянскіх павіннасцей перад народам-хлебаробам, любоў да яго, пашана яго національнай індывідуальнасьці. Бурачок першы кінуў зычны, моцны кліч: „не кідайце мовы вашай беларускай, каб ня умерлі!“ ён прыбраў у простые, але моцные словы тую думку, якая і дагэтуль не губляе для нас свайго значэньня.

Пералом, пераход — гэтак можна назваць канец XIX — пачатак XX сталецьця. Національная сьведомасць у лепшых сыноў Беларусі прабудзілася; „просты“ народ чутка прыслухіваецца да кожнаго слова, якое нясе яму кніжка, брошура, верш у роднай мове, але йшчэ свайго голасу не дае. Любоў да ўсяго роднаго не замерла і нават узрастае. Але ўсё гэта шчэ не дайшло да народнай сьведомасьці, і народ маўчыць. Голас з яго грудзей вырваў 1904—5 год.


III.

Національнай сьведомасьці нельга аддзяліць ад сьведомасьці грамадзянскай і агульна-людзкой: яны звязаны між сабой неразрыўна, і, губляючы адну, чэлавек губляе і другую. Гэта дужа ясна выявілася у беларусаў.

Національная беларуская работа да 1904 году пачыналася і канчалася тым, што народу тлумачылі цэннасць і значэньне яго „простай“ мовы і таго культурнаго багацьця, якое народ сам прыдбаў сабе сталецьцямі, вучылі шанаваць усё роднае, сваё, чым беларусы адзначываліся паміж іншых націй. „Наша бацькава спрадвечная мова, — пішэ Мацей Бурачок, — каторую мы самі, да і не адны мы, а ўсе людзі цёмные мужыцкай завуць, а завецца яна Беларускай… ёсць такая-ж людзкая і панская, як і француская, альба нямецкая, альба і іншая якая. Яно добра, а нават і трэба знаць суседзкую мову, але найперш трэба знаць сваю“… Такіе словы былі навіной для народу: ад усіх інтэліґентаў, з якімі беларусу даводзілася спатыкацца — паноў і чыноўнікаў, ён бачыў дагэтуль адну толькі пагарду да яго мовы, чуў здзекі над ёю, дык і сам пачаў сароміцца ўсяго беларускаго, пачаў губляць ня толькі сваю національную сьведомасць, але і сьведомасць асабістай вартасьці, пачуцьце чалавечай і грамадзянскай гордасьці; толькі адрокшыся ад таго, што аддзеляла яго ад пана-паляка і чыноўніка-расейца, маніўся падняцца на ступень чэлавека, роўнаго другім. Беларуская кніжка, жывое слова — верш у роднай мове — мела тое значэньне што сеяла ў душы беларусаў пакуль-што неяснае пачуцьцё, што-ткі ня ўсё тое „мужыцкае“, „простае“, на што і сам ён скрыва паглядаў, такое ўжо паганае, нікчэмнае, брыдкае, калі людзі кніжкі друкуюць беларускай гутаркай. Так прыгатаўляўся грунт для ідэй аб правох чэлавека і грамадзяніна, пасеяных рэволюцыйным рухам у Расеі. Калі-ж рэволюція, хаця толькі на адзін момэнт, паставіла мужыка нараўне з усімі людзьмі, калі да беларуса загукалі скрозь голасна і публічна аб яго патрэбах, аб долі-нядолі у роднай мові, калі ў народзі паднялі вольны дух, — у беларусаў зразу збудзілася пачуцьцё національнай гордасьці, збудзілася національная сьведомасць.

Варункі, пры якіх беларусы національна прабудзіліся, назначылі наперад дарогу, па каторай павінна было пайсьці далейшае національнае адраджэньне беларускаго народу. Дарога гэта — спакойная творчая праца над стварэньнем сваей національнай культуры на чыста демократычным фундаманці, — значыць без найменшых знакаў національнаго шовінізму і ненавісьці да чужых націй. З гэтай дарогі да сягоньняшняго дня беларускі національны рух не зышоў ні на адзін крок.

Національные думкі, каторые паяўляліся ў галаве беларускаго селяніна і поўінтэліґента ад гарачых мітынговых прамоў, хапаўшых за сэрцэ, ад яркіх, пекных фраз беларускіх рэволюцыйных лісткоў, былі сперша дужа неясные, туманные і прымушалі ўсіх больш жывых людзей шукаць для іх моцнаго, цьвёрдаго фундаменту. Лісткі, каторые сотнямі тысяч шырыла Беларуская Соціалістычная Грамада, уселякіе капеечные брошуры не маглі ўжо служыць духоўнай стравай для тых, у каго прабудзілася національная сьведомасць. І вось у 1906 гаду бачым дзьве пробы даць беларусам сур’ёзную національную страву: у Пецярбурзе аткрылася беларускае выдавецкае таварыства „Загляне сонцэ і ў наш ваконцэ“, каторае зразу пачало друкаваць лепшые творы беларускіх пісьменнікаў; у Вільні пачала выхадзіць беларуская народная газэта „Наша доля“. Хаця газэта выходзіла нядоўга—каля двух месяцаў — і с прычыны заусёдных конфіскацій за рэволюцыйны кірунак (с 6 выпушчэных нумэраў конфіскована 5) закрылася, усё-ж такі яна здалела зрабіць шмат: ужо самы той факт, што нарадзілася беларуская прэсса, дужа заахвоціў людзей да рэальнай працы дзеля національнай справы, паказаўшы ім, што такая работа—ня выдумка, а мае пад сабой цьвёрды ґрунт і патрэбна народу. Дзень выхаду у сьвет „Нашай долі“ — гэта першае беларускае національнае сьвята!

1906 год, каторым у нас закончыўся час агульнай завірухі, быў для беларусаў у національным значэньні дужа важны. У гэтым гаду беларуская вясковая і мястэчковая народная інтэліґенція (справядлівей—поўінтэліґенція) пачынае болей-меней акуратна організавацца. Гэтак закладаецца хаўрус беларускіх народных вучыцелёў[3], каторые набіраюцца у Беларусі найбольш с селянскіх сыноў, эдукаваных у расейскім „національным“ духу; пачынаецца рух і ў вучыцельскіх сэмінарыях, інстытутах, і вучні чатырох сэмінарый робяць свойхаўрус пад беларускім національным штандарам, каторы скора адміністрація разбівае. Якую вялікую вагу мелі гэтые факты, німа патрэбы доўга тлумачыць; даволі сказаць, што немалая частка вучыцелёў — найбольш маладых, энэргічных і інтэліґентных, каторые павінны былі заняцца „абрусеньнем“ нашай старонкі, заместа гэтаго пачала шырыць у народзі беларускіе національные думкі. Поруч з гэтым бачым зачаткі руху і ў духоўных сэмінарыях, асабліве праваслаўных. Усё гэта робіцца сілай таго разгону, які даў агульны пад’ём у грамадзянстве за 1904-5 гады. Але с пачаткам рэакціі агульны разгон слабее. У людзей апускаюца рукі, слабее вера у шчасьлівы канец пачатай работы, прападае энтузьязм, каторы быў пры ўзрыве національнай сьведомасьці.

Ня гледзячы на агульны упадак энэргіі і ахвоты да грамадянскай працы, неколькі больш вытрывалых і цьвёрдых людзей, веручы, што йшчэ ня ўсё прапало для культурно-національнай работы, калі можна друкаваць беларускіе кніжкі і газэты, пачалі выдаваць у Вільні новую газэту ў беларускай мові, назваўшы яе „Наша Ніва“. Пачынаючы с канца 1906 году, газэта выходзіць і цяпер.

Мэтай сваей „Наша Ніва“ назначыла: працаваць дзеля культурнаго і экономічнаго падняцьця Беларусскаго краю і народу, развіваць у беларусаў національную сьведомасць, будзіць пачуцьце грамадзянскай і чалавечай гордасьці і, крэпка злучыўшы увадно раздзеленые рэлігіей дзьве часьці беларусаў — католікоў і праваслаўных, развіваць національную душу беларускаго народу. Патрэба газэты, ў каторай і народ мог бы падаваць свой голас, была ўжо дужа вялікая, і „Наша Ніва“ зразу пайшла ў народ і дайшла да яго. Пад той час ужо ішла сур’ёзная праца ў галавах больш жывых і развітых селян: у душы беларуса, — каторы, жывучы гэтулькі часу паднявольным жыцьцём, прывык ужо глядзець на сябе самога, як на нейкае ніжэйшае стварэньне, цяпер усё болей і болей расьце сьведомасць, што і астаючыся беларусам ён не перэстаў і не перэстане быць чэлавекам, як усе. Кніжка, газэта ў роднай мові — гэта ўжо не забава, а канечная патрэба. Ён сам пачаў голасна выказываць свае думкі „ простымі“ словамі — ад сэрца, пачаў выкладаць іх на паперу. І вось мала-па-малу „Наша Ніва“ становіцца бытцым люстрам, у каторым адбіваецца ўсё крапчэйшы беларускі національны рух. С самых далёкіх і глухіх канцоў Беларусі, куды толькі дайшла газэта ці вестка аб ёй, паплылі ў Рэдакцію пісьмы і корэспондэнціі, пісаные мазалістай рукой хлебароба, мястэчковаго рэмесьніка, часам народнаго вучыцеля і т. д. Як палічыла і апублікавала сама Рэдакція, за першые тры гады жыцьця „Нашае Нівы“ у ёй было надрукована 960 орыгінальных корэспонденцій с 489 беларускіх вёсак і мястэчак, а за чацьвёрты год — 660 кореспонденцій з 321 мейсца. А трэба адзначыць, што ні за корэспондэнціі, ні за выдаткі на іх перасылку у Рэдакцію корэспонденты — глаўным чынам селяне — не дастаюць ні капейкі. Газету яны лічаць сваёй. І гэта праўда: стаўшы голасам не адной толькі Рэдакціі, а ўсяго болей-меней сьведомага і думаючага „простага“ народу, „Наша Ніва“ зрабілася ўласнасьцю беларускага грамадзянства.

З найдаўнейшых часоў беларус выказываў свае душэўные перэжываньня, горэ і радасьць, надзеі і жаданьня найболей у песьнях, каторых народ наш перэхаваў дагэтуль вельмі многа. Гэткая склоннасьць ёсць у яго і цяпер: лік народных паэтаў дужа вялікі; ў „Нашай Ніве“ спатыкаем больш 60 розных імён, а між імі асобнае мейсцэ займаюць такіе праўдзівые таленты, як Янка Купала, Якуб Колас і другіе. Трэба адзначыць, што ўсе паэты, каторых творы друкаваліся і друкуюцца ў „Нашай Ніве“, гэта — сыны народу, і найвялікшы інтэлігент між імі — народны вучыцель; аднаго толькі Максіма Богдановіча трэба з гэтаго ліку выключыць: хаця і ён — сын народу, бо бацька яго радзіўся ў селянскай хаці, але-ж гэта ўжо інтэлігент у шырокім значэньні слова. — І художэственая, красная проза мае немала працаўнікоў: каля чатырох дзесяткаў аўтораў друкуе свае творы ў едзінай пакуль-што беларускай народнай газэці.

Поруч з выдавецтвам „Наша Ніва“ і пецярбурскай Суполкай „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ“ над павялічэньнем беларускага кніжнага багацьця працуюць ешчэ: ў Мінску — суполка „Мінчук“, у Вільні — „Наша Хата“ і выдавецтва „Полачанін“ і „А. Грыневіч“. За пяць гадоў яны разам надрукавалі каля 200.000 экзэмляраў кніжэк усякаго ґатунку: ёсць тут і літэратурные творы, і школьные кніжкі, і практычные, і гаспадарскіе, а нават і гісторычные. Як мы палічылі, ў год ідзе да народу каля 25.000 экзэмпляроў уселякіх выданьнёў. Дзе-не-дзе закладаюцца беларускіе бібліотэчкі, школы з навукай па беларуску (неоффіціальные). Аткрыўся нават і вучыцельскі журнал (у расейскай мове) — „Бѣлорусскій Учитель“, але на другім нумэры скончыў сваё жыцьцё.

У 1910 і 1911 гаду беларускі національны рух далей раззрастаецца і ў шыр, і ў глыбь. Гэтые гады прынясьлі с сабой нараджэньне беларускага народнага тэатру, народных хораў. У Вільні, Гродні, Слуцку, Капылі, Полацку, Дзісне, Давід-Гарадку, Пецярбурзі, Варшаві і т. д. пазакладаліся драматычные гурткі і хоры, каторые робяць публічные вечарынкі, ставяць п’есы ў беларускай мове, пяюць народные песьні, скачуць танцы беларускіе. У тым жэ часі бачым зачаткі беларускай драматычнай літаратуры — орыгінальнай і перэкладзенай с чужых моў. Збіраюцца, апрацовываюцца і выдаюцца песьні беларускаго народу, а іх мотывы служаць тэмамі для вялікіх музыкальных твораў пакуль-што йшчэ чужых композытораў.

У апошнім, 1911 гаду справа тэатру становіцца ўжо на мацнейшы ґрунт. З вясны ў Вільні аткрыўся беларускі клюб пад названьнем „Беларускі Музыкально-Драматычны Кружок“, которы і працуе над развіцьцем беларускаго тэатру, песьні, музыкі, танцу. Поруч з гэтым залажыўся аб’ездны тэатр пад загадам Ігната Буйніцкаго, которы ў летку аб’ехаў каля 15 мястэчак у Віленскай, Мінскай і Вітэбскай губэрні, падымаючы скрозь беларускі дух, будзячы національную сьведомасць.

Мы многа тутака сказалі аб рабоці над развіцьцем національнай душы беларусаў, але на гэтым не канчаецца праца, якая робіцца самым народам і для народу. Гэтак ідзе йшчэ работа і на экономічным ґрунце: заводзяцца ўселякіе коопэраціі, аткрываюцца хаўрусные крамы, крэдытные таварыствы і банчкі, сельска-гаспадарскіе кружкі, організуюцца селянскіе выстаўкі, закладаюцца паказные хутары і т. д. Ёсць да гэтаго багата ахвочых людзей і ахвочых рук, але, на вялікі жаль, вясьці сыстэматычную экономічную работу дужа цяжка с прычыны розных адміністраціўных пастанаўленьній і агранічэньній… А ґрунт да такой працы дужа добры і ўжо даўно чакае працаўнікоў.


IV.

Калі беларускі національны рух толькі пачынаўся, гэта быў рух чыста селянскі: васьмімільённая мужыцкая грамада першы раз падала свой голас, пачала сама гаварыць аб сабе і аб сваіх справах, выказываючы свае думкі так, як было найлягчэй — у роднай беларускай мове. За беларусаў лішне ўжо доўга гаварылі другіе: або зусім чужые людзі, або тые сыны беларускай вёскі, каторые „выйшлі ў людзі“ і на сваіх сермяжных братоў глядзелі з верху. Ведама, ні адны ні другіе не маглі пераказаць таго, што думае і чаго хочэ народ: яны або ніколі не зналі беларускага селянства, як ніжэйшаго, „простага“ стану, або так ад яго далёка адыйшліся, што перэсталі разумець людзей, між которымі узрасталі змалку. Затое ўсе шчырые дэмократы горача віталі прабуджэньне вёскі і сталі працаваць над тым, каб ей лягчэй было выказываць усё, што праз доўгіе гады было зачынена ў галавах селянства цемнатой і безпраўным палажэньнем. Пачалася работа над развіцьцем „простай“ мовы, каб беларус мог гаварыць аб усім па беларуску: гэта — найлепшы спосаб выказываць свае думкі.

Простые, шчырые словы народу маюць у сабе такую сілу, што прамаўляюць да душы і сэрца кожнаго, хто не загубіў здольнасьці разумець чужы боль і горэ, чужую душу. І вось загнаная, абкіданая пагардай і асьмеяная родная мова разам зрабілася дарагой і мілай сэрцу ня толькі селяніну-землеробу, але і яго сыну інтэліґенту. На нашых вачах родзіцца беларуская інтэліґенція: беларус, которы зразумеў, хто ён такі, калі йшчэ хадзіў у сермязе, ужо ня можэ перэстаць быць беларусам, хаця сермягу замяніў на сурдут, ці мундзір. Спачатку зусім малая жменя національно-сьведомых інтэліґентаў-беларусаў расьце і здабывае памаленьку сілу.

Добры прыклад тутака дае вучашчаяся моладзь. Між вучашчыміся ў вышэйшых, а нават і сярэдніх школах жаданьне прылажыць і сваю руку да національнай работы шырыцца ўсё болей і болей. Німа, бадай, унівэрсытэцкага гораду, дзе не было бы беларускага кружка, хаўруса. Павэдлуг сваей ідэолёгіі большая частка гэтакіх кружкоў стаіць дужа блізка да ідэолёгіі „Нашае Нівы“; яны ставяць сваей мэтай працу дзеля народнай прасьветы ў роднай мове, — пішуць і памагаюць выдаваць беларускіе кніжкі, займаюцца беларускай літэратурай і пісьменствам, працуюць дзеля навуковага пазнаньня свайго краю і гэтак падгатаўляюць ґрунт для будучых беларускіх навуковых інстытуцій, у тым ліку для музэя, для катораго розные прыватные асобы ўжо сабралі багата матэр’ялаў. Між унівэрсытэцкімі гарадамі ў беларускай національнай працы першае мейсцэ займае Пецярбург, куды едуць лепшые сілы беларускай моладзі.

Не кажучы многа аб національна-сьведомых інтэліґентах — асобах свабодных профэсій і т. д., бо іх ешчэ надта мала, мы звернемся да духавенства, каторае ў беларускай вёсцы мае дужа вялікую вагу.

Трэба сказаць, што праваслаўных сьвяшчэннікаў так крэпка дзержаць у сваіх руках вышэйшые духоўные уласьці, такую сілу мае над імі сьвецкая адміністрація і правые організаціі, што нават тые, каторые шчыра спагадаюць беларускай справе, баяцца паказаць гэта чым-небудзь рэальна. Дый прыток маладых сьвяшчэннікаў, у каторых національная сьведомасць прабудзілася йшчэ ў сэмінарыі, апошнімі гадамі неяк затрымаўся: ўсе болей сьведомые, болей жывые і энэргічные вучні, скончыўшы сэмінарыю, ня хочуць ісьці у сьвяшчэннікі, а едуць у унівэрсытэты. На гледзячы на ўсё гэта, чорнасоценцы на Кіеўскім з’ездзі ў 1909 гаду зусім сур’ёзна падыймалі праект, каб усіх сьвяшчэннікаў с „тутэйшых“ людзей перэвадзіць з Беларусі ў центральные губэрні, а на іх мейсцэ прысылаць сьвяшчэннікаў-велікаросаў, бо мейсцовые не надта энэргічна працуюць дзеля „абрусеньня“ краю!

Лепей стаіць справа с каталіцкім духавенствам. Ці тут літоўскіе ксяндзы даюць добры прыклад, ці каталіцкіе духоўные ўласьці умеюць глядзець упярод — у будучыну — далей за праваслаўных, трудна напэўна сказаць. Адно толькі бачым: між маладымі ксендзамі (асабліва йшчэ вучашчыміся), каторые выйшлі з вёскі і не адарваліся ад яе зусім, трапляецца ўсё болей і болей сьведомых беларускіх патрыотаў. Дзе-не-дзе — часта пад страхам свайго бліжэйшаго начальства — яны ужо пачалі ў касьцёлі гаварыць казаньня па беларуску, выдаюць катэхізмы і рэлігійные кніжкі ў беларускай мові і т. д. Усё гэта — ксяндзы-народнікі, людзі, каторые скрозь свае рэлігійные справы і ідэі умеюць бачыць жывы народ; гэта — ксяндзы-грамадзяне свайго краю. Але поруч з імі ў каталіцкім духавенстве ёсць ешчэ другі кірунак: прадстаўнікі яго, пачынаючы ад быўшаго Віленскаго біскупа барона Роопа, глядзяць на беларускую мову толькі як на спосаб дзеля шырэньня ў народзі сваіх думак. Такіх дальназоркіх палітыкоў, аднак, мала: на Беларусі перэважываюць дагэтуль ксяндзы-палякі, і польскі націоналізм іх не дапускае нават думкі, каб, працуючы для каталіцызму, духавенство карысталася беларускай мовай, паддзержываючы такім спосабам несымпатычны для палякаў беларускі національны рух.

Кажучы аб праяўленьнях національнай сьведомасьці у беларускай інтэлігенціі, мы ня можэм не ўспамянуць аб тых кірунках і группах людзей — часта чыстакроўных беларусаў, каторые, прыняўшы цэлком расейскую культуру, стараюцца ўсімі сіламі, як заўсягды гэта робяць рэнэґаты, запыніць развіцьце таго, ад чаго атшчапіліся: беларускай національнай культуры. Гэтые людзі гуртуюцца каля двух газэт: чорнасоценнага, лістка „Крестьянинъ“, каторы у краёвых справах заўсягды выступае самозванна ад імяні беларускіх селян і народных вучыцелёў, і штодзеннага органа расейскіх націоналістаў — „Бѣлорусская Жизнь“, перахрысьціўшагася нідаўна ў „Сѣверо-Западную Жизнь“. Абедзьве газэты, разумеецца, выходзяць па расейску (у Вільні).

Асаблівую увагу звернем на „Сѣверо-Западную Жизнь“. Яна — адно колка ў суцэльным ланцугу організацій каторым расейскіе націоналісты маняцца задзержаць національнае адраджэньне беларусаў. Побач газэты бачым „Бѣлорусское Общество“, „Бѣлорусскій Клубъ“, каторые маюць тую-ж самую мэту, як і „Сѣв.-Зап. Жизнь“: стварыць між беларусамі такі рух, які ў Галічыне вядзецца пад загадам графа Бобрынскаго і завецца старорускім. Як галіцкіе „старорусы“ стараюцца запыніць развіцьце роднай мовы і ўсім украінцам прышчапіць расейскую, так і „беларусы“ з „Бѣлорусскаго Общества“ організуюць тутэйшае расейскае грамадзянства дзеля вайны з беларушчынай, дзеля „абрусеньня“ краю. Гэта — акурат тое самае, да чаго кіруецца і большая частка тутэйшых палякаў, с тэй розніцай, што палякі заместа „абрусеньня“ дабіваюцца „апалячэньня“ беларусоў, выдаючы розные „Przyjacіele“, „Jutrzenkі“, „Dwa grosze“ і т. д.

Сумна прызнавацца, але да чорнасоценна-абрусіцельнага кірунку належаць блізка ўсе прадстаўнікі беларусаў у Государственнай Думе. Закон 3 юня так нарыхтаваў выбары ў беларускіх губэрнях, што сьведомым беларусам нельга было і думаць папасьці у III Думу: ў тых губэрнях, гдзе національная сьведомасць ужо шмат узрасла, на выбарах перэважываюць памешчыкі-палякі (напр. у Віленскай губ.); там-жэ, дзе народ менш сьведомы і цямнейшы (напр. у Міншчыне), далі селянам больш галасоў, але поруч з гэтым былі спэціальна організованы сьвяшчэнікі і чыноўннікі, каб, падняўшы штандар змаганьня с „польскимъ засиліемъ“, прапусьціць у Думу толькі такіе элемэнты, каторые зразу селі с канцавымі правымі, а ў національных справах паддзержываюць ідэалы графа Бобрынскаго і т. п. Такое палажэньне робіць вялікую крыўду беларусам: Гасударственная Дума і расейскае грамадзянства, слухаючы прамоў беларускіх дэпутатаў-селян, каторые толькі патураюць Замыслоўскім, Бобрынскім і Комп., ня могуць ніяк акуратна прадставіць сабе таго, што папраўдзі робіцца на Беларусі, якіе патрэбы мае наш народ, чаго ён дабіваецца.


V.

Хто акуратно прыгледаецца да жыцьця беларусаў, той можэ наперад сказаць, што — раней, ці пазней беларусам прыдзецца пакіраваць свае сілы на тое, каб здабыць грамадзкіе правы для сваей національнасьці, для роднай мовы у двух інстытуціях: гэта — народная школа і — у праваслаўных — цэрква, у каталікоў — касьцёл.

Кожнаму зусім ясна, якую вялікую вагу для духоўнага развіцьця народу, для развіцьця яго культуры мае національная школа. У Беларусі аб беларускай національнай школі німа зусім і гутаркі: тутака ўсё перэважывае „палітыка“, каторая, як ведама, мае мэту „привести къ одному знаменателю“ ўсе націі. Расейскі націоналізм — гэта школьная атмосфэра, ў каторай павінны вучыцца дзеці беларускіх селян. Праўда, гдзе вучыцель на першым мейсцы ставіць навуку, а не „палітыку“, гдзе ён шчыра рупіцца аб развіцьце гэтых будучых грамадзян нашага краю, там яму само сабой прыходзіцца — хаця-бы спачатку — тлумачыць вучням усё зразумелай, матчынай гутаркай. Але такіе здарэньня дужа рэдкі: офіціальна ужываць у школі беларускую мову забаронена. І пакуль беларусы не дачакаюцца такога часу, калі ў Думе падыймуць свой голас і здалеюць цьвёрда пастаяць за беларускую школу іх національно сьведомые прадстаўнікі, датуль як навучаньне па беларуску ў народных школах, так і аткрыцьце прыватных беларускіх школ, ня можа ісьці правільна і шырока, а будзе адбывацца патайна. Гэта — адна з найвялікшых перашкод, якая ляжыць на дарозі беларускага національнага адраджэньня, але яна так моцна звязана з нашым палітычным палажэньнем, што толькі з ґрунтоўнай пераменай палітычнага „курсу“ можна будзе яе пазбыцца. А пакуль-што дробные ручайкі національнай сьведомасьці цякуць у народную школу доўгай, абходнай дарогай.

Цяпер зьвернемся да справы завядзеньня беларускай мовы ў царкві і касьцёлі. Кажучы аб цэркві, мы спатыкаемся так сама с перашкодамі, каторые залежаць ад агульнай „палітыкі“. За тое ў каталіцкім касьцёлі „палітыка“ ўраду мае шмат меншую вагу: тутака духавенства, калі-б хацела, магло-бы багата зрабіць, але беда ў тым, што яно — ня лічачы тых маладых ксяндзоў-народнікаў, аб каторых мы сказалі вышэй, — скоса паглядае на беларускі національны рух. Агульна кажучы, справа беларускай мовы не такая простая, як на першы пагляд здаецца, і да ея прыступаць трэба дужа асьцярожна і добра ўсё абдумаўшы. Гэтым і тлумачыцца факт, што беларусы у змаганьні за правы для сваей мовы ў касьцёлі не пайшлі тэй дарогай, якой з самага пачатку літоўскага руху ішлі і йдуць іх суседзі літвіны.

Мы ўжо казалі, што пасьля польскага паўстаньня 1863 году ўрад глаўнай мэтай сваей палітыкі ў Беларусі абвесьціў „распалячываньне“ краю с тым, каб яго зусім зраўнаваць з Велікарускімі губэрнямі. І тутака ён зрабіў абмылку, рэзультаты каторай ляглі цяжкім каменем на ўсё далейшае развіцьце беларусаў, як націі: національные асоблівасьці былі перамешаны з асоблівасьцямі рэлігійнымі, і на гэтым фундамэнці ўсё каталіцкае ў нашым краю і дагэтуль офіціальна лічыцца польскім.

Павэдлуг рэлігіі беларусы дзеляцца на дзьве няроўные часткі: меншая частка (каля 2½ мільёнаў) — гэта каталікі, большая — праваслаўные. Нішто, апрача рэлігіі, не раздзеле гэтых групп, каторые національна складаюць адзін суцэльны беларускі народ.

Нават такіе староннікі дэнаціоналізаціі беларусаў, як проф. Кулаковскій, аткрыта з гэтым згаджаюцца: проф. Кулаковскій, быўшы на з’едзі правых організацій заходняга краю ў Кіеві (1909 г.) даказваў, што ў беларусаў каталікоў і правослаўных мова, звычаі, усе пагляды і — адным словам — уся псыхіка — супольны. Ня гледзячы на гэта як пры выбарах у Гасударственную Думу, так і пры апрацаваньні закону аб земстве ў Заходніх губэрнях ўрад усіх беларускіх селян-каталікоў запісаў „у палякі“, прылучыўшы іх да польскай курыі, а такіе-ж беларусы праваслаўнай веры былі ўсе аб’яўлены „расейцамі“.

Так быў зроблен офіціальны раздзел беларускага народу на „палякаў“ і „расейцаў“. А поруч з гэтым каталіцкае духавенства, ужываючы ў касьцёлі ў дадатковых малітвах і казаньнях толькі польскую мову і без падмогі ўраду зусім натуральным спосабам апалячывала і апалячывае беларусаў-каталікоў. З усяго гэтаго выйшла вось што.

Беларускі селянін, не разумеючы, чым каталіцтва розніцца ад праваслаўя, крэпка верыць, бытцым каталіцтва — гэта польская вера, праваслаўе — расейская. І ня дзіва: ў цэркві ён прывык чуць расейскую мову, у касьцёлі — польскую, сваей же роднай, беларускай, ня чуе ні тут, ні там. Палітыка ўраду і духавенства зрабіла тое, што два зусім розные паняцьця — рэлігіі і націі — ў галаве беларуса зліваюцца ў вадно. „Паляк“ і „каталік“ для яго такіе самые сынонімы, як „рускі“, „расеец“ і „праваслаўны“. Беларусы йшчэ дагэтуль памятаюць, як ім „адбіралі“ рэлігію (скасаваньне уніі), і, каб мацней звязацца с тэй рэлігіей, да якой цепер належаць, стараюцца адзначываць усюды сваю бытцым то прыналежнасьць да палякаў, або да расейцаў. На такім ґрунце нарадзілася жаданьне адрэкціся ад беларушчыны, нарадзілася пагарда да ўсяго роднага: да сваей мовы, да братоў-сермяжнікаў, каторые йшчэ дзержацца яе, да ўсяго „простаго“, „мужыцкаго“.

Аб тым, як у вачах беларусаў польшчына і каталіцтва моцна звязаны, сьведчаць такіе факты, як запіс 58 тысяч чыстакроўных беларусаў-селян Віленскай губэрні на валасных сходах палякамі толькі затым, што яны каталікі (— пры перапісі, зробленай тутака ў часі апрацаваньня закону аб земстві), як разгромы народных школ, дзе вучыцелі не хацелі беларусаў-каталікоў запісываць палякамі („январская школьная перепісь“). Падобных фактаў можна было-бы знайсьці бяз ліку, але і гэтых даволі!

Здаецца, варункі жыцьця беларусаў павінны былі ў канцы зусім раздзяліць гэты народ на дзьве часьці павэдлуг рэлігіі с тым, што каталікі і па мове і па культуры зрабіліся бы папраўдзі палякамі, праваслаўные — расейцамі, зліўшыся з велікарускім народам. Гэтак яно напэўна і было-бы, каб не нарадзіўся беларускі національны рух.

Гэты рух зразу адбіўся на ўсіх бакох жыцьця беларусаў. Пачалася работа і над распалячэньнем касьцёла с тэй мэтай, каб на мейсца польскай мовы завясьці беларускую. Але ў той момэнт, калі на гэтай дарозе беларусы рабілі першые крокі, на беларускую національную справу асаблівую ўвагу звярнулі расейскіе „націоналісты“. Для „націоналістаў“ справа адраджэньня беларусаў паказалася больш „небяспечнай“, чым іх апалячэньне; вось яны і паднялі аґітацію, каб урад налажыў на справу аб мове ў касьцёлі сваю руку, каб сам узяўся за распалячэньне касьцёла, але ужо с тэй мэтай, каб польскую мову замяніць не на беларускую, а расейскую.

Такая думка дужа перэпалохала беларускіх селян-каталікоў. Натуральны страх, што у іх рэлігійные справы ўмешаецца урадовая ўласць, пастараліся йшче павялічыць польскіе націоналісты, даказываючы, бытцым урад, завёўшы ў касьцёлі расейскую мову, пераверне каталікоў у праваслаўных. Поруч з гэтым пачалася агітація проці проб заведзеньня ў касьцёлах беларускай мовы: польскіе націоналісты, як сьвецкіе, так і духоўные, пачалі тлумачыць беларускім селянам, бытцым беларуская мова — гэта толькі пераходная ступень да расейскай, а, значыць, і да праваслаўя.

С таго, што мы вышэй сказалі, лёгка зразумець, які добры ґрунт павінны знайсьці ядавітые зерняты, закінутые ў душу беларусаў супольнай працай польскіх і расейскіх націоналістаў. І з гэтым піонеры національнаго адраджэньня беларусаў ня могуць не лічыцца. Вось, чаму мы кажэм, што да справы завядзеньня беларускай мовы ў касьцёлі трэба прыступацца дужа абдуманна: адзін фальшывы крок можэ яе лёгка задзержаць на доўгі час.

На нашу думку тутака трэба ісьці двумя дарогамі: праз самы народ і праз духовенства. Трэба старацца, каб жаданьне правоў для роднай мовы ў касьцёлі шырэй збудзілася ў народных массах, каб увесь народ сам пачаў голасна іх дамагацца. Грунт для гэтага прыгатаўляе агульна-беларуская работа; сяўба на ўзаранай ральлі — гэта павіннасць національна-сьведомаго духавенства, ў гэтым ліку і тых ксяндзоў народнікаў, кадры каторых ужо набіраюцца. Споўніць гэту павіннасьць народ наш мае права вымагаць ад духавенства, як ад людзей і грамадзян, сыноў Зямлі Беларускай, ня гледзячы на ўсе перашкоды, якіе стаўляе польскі націоналістычны клір, або Сынод, або йшчэ хто іншы.


VI.

З усяго, што мы сказалі, відаць адно: як для работы дзеля школьнай справы, так і дзеля касьцельнай, або цэркоўнай і ўсіх іншых патрэбны беларусам інтэлігентные сілы, каторые памаглі-бы народу выйсьці на шырокую, вольную дарогу національнага творчэства. Уся старая краёвая інтэліґенція — расейская і польская — вядзе ў Беларусі палітыку эґоістычную, рупіцца адно толькі аб свае національные справы. І пакуль не народзіцца моцная свая, беларуская народная інтэліґенція, пакуль яна не здабудзе сабе належнаго мейсца ў жыцьці краю, як сьведомая і солідарная ґруппа, беларускі національны рух ня можэ развінуцца так шырока і ўсестаронна, як, напрыклад, літоўскі рух, каторы пачаўся на гадоў 30 раней за беларускі і ўжо здалеў узгадаваць кадры національна-сьведомых інтэлігентаў — літвіноў.

Мы ўспамянулі вышэй аб тэй дэнаціоналізаторскай рабоці, якую робіць у Беларускім краю расейскі і польскі элемэнт. Гэткае становішчэ займалі яны даўней — у часі першых проб беларускай національнай працы; тое-ж робяць і цяпер, калі ўжо сьмела можна сказаць, што — раней, ці пазней — голас національно-сьведомага беларускага народу, як гаспадара краю, будзе пераважываць ва ўсіх культурна-національных справах на Беларускай зямлі. І расейцы, і палякі — кажучы праўду — вядуць і далей дужа недальнавідную палітыку вузкага націоналізму, або выступаючы востра проці новай грамадзянскай сілы ў нашым краю, або не зьвертаючы на яе ніякай увагі, бытцым з ёй ня трэба зусім лічыцца.

Аб расейскім незалежным грамадзянстве, аб вольнай грамадзкай думцы расейскай у Беларусі не шмат можна сказаць: расейскі элемэнт бадай увесь укладываецца ў рамкі „офіціальнай Paceі“, аб палітыцы каторай нам ужо давялося гаварыць, а невялічкая шчыра дэмократычная ґруппа мае так мала сілы, што яе сымпатіі для беларусаў маюць толькі моральнае значэньне. А палякі — гэтая найдужэйшая краёвая інтэліґентная сіла, стараючыся апалячыць беларусаў-каталікоў, як-бы ідуць на спатканьне офіціальнай расейскай палітыцы і, выдумляючы ўсё новые і новые спосабы перэварачываць беларусаў „у палякі“, памагаюць дзяліць беларускі жывы народ на дзьве непрыяцельскіе арміі. Старай сыстэмы насільнай полёнізаціі трымаюцца цяпер толькі польскіе „народовые дэмократы“, і ўжо пайшоў у ход, другі спосаб — спосаб ласкі: „nіechaj samі przyjda do nas!“ — гэтак кажуць болей „палітычные“ так-званые „краëвцы“[4] („Kur, Lіt. № 180“ у 1908 гаду). „Краёвцы“ гатовы нават прызнаць правы беларускаго народу, але ў такім прыпадку, калі беларускі рух захопіць толькі беларусаў праваслаўных, да каторых палякам ніякага дзела німа; затое каталікоў-беларусаў „краёвцы“, як і „народовые дэмакраты“, лічаць за матэр’ял для апалячэньня. Ведама, што пры такіх варунках нельга і думаць аб тым, каб кадры національно-сьведомай беларускай інтэліґенціі павялічываліся людзьмі, каторые належаць да старай апалячэнай, ці абрусеўшай краёвай інтэліґенціі: нельга спадзевацца, каб і само захопліваньне беларускіх інтэліґентных сіл, выйшоўшых з народу, так зразу скончылася. А гэта — вялікая завада для ўсей беларускай справы, для нараджэньня народнай, національна-сьведомай беларускай інтэліґенції, которая, звязаная неразрыўна с „простым“ народам—9-ці мільённай мужыцкай грамадой, адна толькі і можэ як належыць развіваць національную душу беларусаў, пераховываючы ў чыстаце ўсе асоблівасьці свайго національнага Я.

Ня гледзячы на ўсе перашкоды, мы верым у нараджэньне такой інтэліґенціі: яна павінна нарадзіцца. Пачатак ужо бачым; рэшту зробіць само жыцьцё: гляньце, як будзіцца національная сьведомасць у беларускай вучашчэйся моладзі, як жаданьне працаваць для свайго, дагэтуль усімі забытага народу, падыймаецца ў душы гэтых будучых дахтароў, юрыстаў, інжэнераў, пэдаґоґаў, грамадзкіх працаўнікоў. Мы верым, што наша маладая народная інтэліґенція споўніць назначэную ёй гісторыей высока-культурную мэту, і беларускі народ, каторы ўжо „свой голас даў“, паложыць і сваю частку у агульналюдзкую культурную скарбніцу, павялічыць хоць крыху усесьветнае культурнае багацьце.

Антон Новіна.

У лістападзі 1911 г. — Вільня.


  1. «Па руску», «рускі» — значыць па беларуску, беларускі. Рускімі называлі даўней жыцелёу Заходняй Русі — беларусау і і украінцау, а цяперашніх расейцау, або велікарусау тады пазывалі маскоускімі людзьмі, іх мову — маскоускай.
  2. «Па руску», «рускі» — значыць па беларуску, беларускі. Рускімі называлі даўней жыцелёу Заходняй Русі — беларусау і і украінцау, а цяперашніх расейцау, або велікарусау тады пазывалі маскоускімі людзьмі, іх мову — маскоускай.
  3. Адну з групп яго аткрыла паліція, і суд у Мінску прыгаварыу да суровых кар усіх членау яе.
  4. Кажучы аб „краёвцах“, трэба зрабіць агаворку: праудзівых, шчырых краёвых людзей, каторые лічаць сваёй павіннасьцю працаваць ня толькі для сваёй польскай справы, але і для тутэйшаго беларускаго народу, ёсць зусім малая жменя: большая-ж частка „краёвцоу“ — гэта тые-ж націоналісты, толькі уздзеўшые новую скуру.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.