Перайсці да зместу

На дарогу (Ільяшэвіч)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На дарогу
Апавяданьне
Аўтар: Хведар Ільяшэвіч
1935 год
Крыніца: Калосьсе. — 1935. — Кніжка 1. — С. 14—16

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




М. ДАЛЬНЫ.

На дарогу.

Андрэй радзіўся ў вёсцы Макаршчыне. У яго сінявых вачох — серабрысты адліў. І, здаецца, яны насычаны неабнятай дальлю вясковай. А ў твар, здаецца, вось-вось, толькі што, веялі сьвежыя вятры прастораў вольных. Калі ён сядзіць у студэнскай сталоўцы — быстрыя вочы дзяўчат даўжэй затрымліваюцца на ім. Ён дзелавіта есьць, як-бы за хатай стаіць запрэжаны конь. Гараць зараз паедзем.


Вёска Макаршчына жыла вякамі. Папросту: жыла і праходзіў час. Прыйшлі сюды калісь людзі. Можа ад Макара яна й назвалася. Пачалі лес церабіць. Паявілася хатка — адна, другая. Праз сотні гадоў — вось яна многахатняя, многахлеўная, гаманкая, з шнюрамі ворнай зямлі, выдзертай цяжкой працай моцных рук. Летнімі вечарамі, калі пахлі кветкі ля хат і ў серабрыстым тумане чулася дыханьне зямлі, ля кустоў расла вёска. З лесу, з працы ўпорнай вышла вёска і стала насупроць вятроў з заходу й з паўдня, з поўначы і з усходу. На вуліцы, ля платоў віўся гарманісты смутак і між яго ўплятаўся малады сьмех… праскрыпіць студня зімой. Звонкі голас пачуецца. Шпарка пройдзе нехта па вуліцы… Вякамі… паміралі дзяды, і бацькі, і дзеці. А жылі-ж яны вось тут, хадзілі, працавалі, гаманілі. І дзе цяпер? Незразумела гэта. Страшна гэта. Жудасна. Няўхілна.

„А, мой ты, міленькі, а мой ты, галубчык“… Вякамі…

Часамі праляталі буры і ўся вёска тамілася ў страсе: каб-жа шчасьлівенька… Часамі праляталі буры, але яны абміналі вёску. Вякамі плыло жыцьцё… Цяпер вось чыгунка блізка вёскі. Андрэй першы чалавек з вёскі, які стаўся вялікім. Паехаў далёка, у места вялікае. А сталася гэта прыпадкова, бо Андрэя дарма вучылі.

— Во, разумны такі, а не спанеў. Вёска ажыла. З Андрэем-жа разам на сенажаці дурэлі. А цяпер — ён газэтку выпісаў. Вучыцца ў унівэрсытэт паехаў. Паехаў Андрэй, а жыцьцё пастарому плыло. Толькі ў сэрцы дзявочым жаль і тугу выклікаў.

Замятае сьнег вёску. Налятаюць ветры халодныя. Б‘юць у стрэхі, у ваконьне, як-бы ад вякоў таёмная, страшная прырода хоча адняць ад людзей крышачку іх разуменьня: чаму? Схаваліся хаты — чорныя плямы — у моры сьнежных прастораў. Я ў кожнай-жа хаце сэрцы людзкія, жыцьці людзкія. Пахаваны, запёрты… Сьнег… Сьнег… Замятае вёску. Налятаюць ветры халодныя. Ня сьпіцца Ганьне. Душна ў хаце. Хаваюць цяпло старанна ад холаду. А ў Ганны на сэрцы цяжка. Думкі яна думае. Пасвойму. Так як навучылася. Кахае яна Андрэйку. Моўчкі. Даўно. З тае пары, як ён гімназістам стаўся. Вось ён — расьсьмяяны, з блакітнымі вачыма — прыплывае да яе з шэрані ночы стаіць, як жывы. Прыемна-больна крывавіць сэрца. Мінула ўсё і ня вернецца. Вечар над рэчкаю. Калышыцца ў серабрыстай вадзе месячык. І чарот чарнее на блакітнай далі. Я яны ціха сьняць… Няўжо ён любіць другую? Але, Андрэй заняты. Набраўся кніжнае мудрасьці, не даведаешся ў яго нічога. Слухае Ганна, як вецер гудзіць, як енчыць пад вокнамі, рассыпаецца сьмехам, сыпе сьнегам у шыбіны. І ня ведае Ганна, што ў вялікім месьце, дзе Андрэй, далёка, за соткамі вёрст, гарадзкі гадзіньнік б‘е 10 гадзінаў.

Роўна — спакойна — разважна:

…Бам… бам…

Замятае сьнег вёску.

— Прыемна з табой, Андрэй… і чорныя вочы Вера зьлівае ў яго твар. Андрэй мацней сьціскае рукі. Пахіляюцца ўлева і ўправа целы. На асьвечанай коўзанцы іскрыцца лёд і плывуць сыльвэты людзей. Музыка разьлівае ў мускулах пеністы задор. А ў сэрцы — маладая радасьць. Узяўшыся за рукі, плывуць Андрэй і Вера па льдзістай гладзі. І, пахіляючыся, заглядаюць адзін другому ў вочы.

…Бам… бам…

Мароз зазьвінеў на асьнежаных галінах. Гасяцца вагні. На коўзанцы — малады крык. Пабеглі, пабеглі цені.


Андрэй адыйшоўся ад вёскі. Набраўся кніжнае мудрасьці. У лябараторыі стаіць ён у белым хвартуху й пільна сочыць за шыпеньнем у прабірцы. Павясковаму цікавіцца Андрэй. А воддаль халодныя вочы прафэсара зпад акуляраў узіраюцца на яго, — Будзе хімік! — думае прафэсар. Ён любіць Андрэя. Заманілі Андрэя вагні далёкага места. І пачула вёска, што першы іх вялікі чалавек — пайшоў кудысь і згінуў у далі. І ў Андрэя — таёмная барацьба. Схавана, укрыта глыбака, на дне душы. Заняты яго думкі паездкай да Веры. Чарнавокай. Гнуткай. Напеўнай. Неразгаданай… Я над вёскай навісла хмарай цёмнай гора. Вось яно — у вачох хлопцаў, што скаваных павялі вясковай дарогай. І вечарамі смутак вясковы рассыпаецца ў гармоні па сьценах Грышкінымі пальцамі. А Андрэй глухі. Калісь сэрца кіпела, губы заціскаліся, вочы грозныя блішчэлі. А тады-ж ён быў гімназістым. Другі цяпер Андрэй, зьменены. Думкі яго кніжныя. А ў сэрцы — Вера — чарнавокая, гнуткая… Прайшлі няпрыметна ясныя дні Верыныя.

Каханьне Верына, як сонца яснае, як неба сьветлае, бяз хмар. На разьвітаньне паехалі далёка… саньмі. Дарога — белая палатніна, вышытая марозам. Іголачкі серабрыстыя… У ветры — словы — адрыўкі. Заехалі па дарозе ў хвальварак. Верына знаёмая. Хвоі і елкі спакойна спалі ў марозную ноч. Дарога незнаёмая ў ночы. Цёмна ў лесе. Правясьці клікнулі парабка, Рамана. Выйшаў Раман з ліхтаром у цемнаце ночы радасьцю кладзецца паласа сьвету на белым сьнезе. Зазьвінелі спалохана шалястунчыкі. Коньскія ногі правальваюцца скрозь сьнег. Андрэй з Верай у санках туляцца. А побач ходкія ногі выпераджаюць каня. Лапцюжныя ногі… Шыбка ступаюць, і не правальваюцца праз сьнег. Хутка, шпарка. Раз — два — раз — два…

— Раман! Асьцярожна. — Аглобля зачэпіць…

— Нічога… не зачэпіць.

— А ўсё-ж зыйдзі на бок, Раман. Раман зыходзіць на бок. Ліхтар у тахт калышыцца, а ногі шыбка ступаюць.

У небе зоркі мігатлівыя, вялікія. Далёка засталіся вагні хвальварку. Малелі, меншалі, як зорачкі, зачэпленыя сярод асьнежаных бяроз. І зьніклі.

— Раман! Вярніся! Неяк ужо заедзем.

— Я вас на дарогу… Блізка ўжо.

Зблудзіць лёгка…

Маўчаньне. Ногі ідуць і ідуць.

Андрэй глядзіць на іх і нейкая думка вырастае ў яго, мацнее, большае. І горыч захлынае гарачай хваляй… Вось яны… ногі, тыя, што вякамі церабілі гэтыя абшары, што пратапталі сьцежкі-дарожкі. А ён, Андрэй, едзе… Пан! Выплыла віна і заплюскала па берагі… Вёска каханая, непарушная, векавечная! Даруй! Яго каханьне такой агідай паказалася яму. І ўсе ласкі Верыныя. Пільна, як у прабірку ў лябараторыі, углядаецца Андрэй у рух вытрывальных ног.

На дарозе разьвіталіся. Андрэй вылез з саняў. Падзякаваў Раману. Раман зьдзіўлена паглядзеў на Андрэя. Стаялі. Доўга ўглядаліся, як мігацела сьвятло, замірала, хавалася за соснамі, то йзноў сьвяціла бледным, жоўтым пункцікам сярод сьнягоў.

Андрэй нічога не сказаў. Пайшоў па дарозе. Забражджэлі шалястуны.

— Андрэй! Куды?

Нічога ня чуваць…

Рвануліся коні. Пад‘ехалі. Спыніліся.

— Андрэй! Андрэй! Надарвана крычыць Вера.

Завярнуліся коні. Цішэлі шалястуны і замоўклі нейдзе далёка. Хутка ідзе Андрэй. Сялянскім крокам.

— Раз — два — раз — два…

Да станцыі.

1934 г.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.