Нашыя прозьвішчы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Нашыя прозьвішчы
Артыкул
Аўтар: Янка Станкевіч
1922
Крыніца: Беларускі сьцяг = Gudų vėliava: штомесячнік / рэд.-выд. К. Дуж-Душэўскі. — Коўна, 1922. — № 4. — С. 29—33.


І. Найстарэйшыя і найболей арыгінальныя беларускія прозьвішчы[1] на:

ІЧ (Савініч, Бобіч, Смоліч, Бабіч, Ярэміч). Прозьвішчы гэтыя пачалі ўзьнікаць яшчэ ў радавую пару жыцьця беларускага народу. Тыя, што былі з роду Смалы, сталі звацца Смолічы, з роду Баба (Боб) — Бобічы, з роду Бабы — Бабічы і г. д. Гэткія-ж канчаткі -іч маюць назовы ўсіх беларускіх плямён (Крывічы, Дрыгвічы, Радзімічы).

У Беларусі ёсьць вельмі шмат мясцовасьцяў на -ічы (Бялінічы, Ігнацічы, Ярэмічы), усе яны вельмі старыя і абазначаюць бацькаўшчыну роду. Прозьвішчы на -іч і мясцовасьці на -ічы гусьцеюць, пачынаючы з Дзісенскага павету Віленшчыны. Яшчэ болей іх на захадзе, поўдні і цэнтры Вітэбшчыны, а магчыма, што гэткіх прозьвішчаў даволі ёсьць і на поўдні ўсходзе Вітэбшчыны, густа яны ёсьць па ўсёй Магілёўшчыне, а па троху сустрэчаюцца і па ўсей Беларусі.

З усіх славян апрача Беларусаў прозьвішчы на -іч маюць толькі адны Сэрбы (Пашіч).

ВІЧ. Побач з прозьвішчамі Смоліч, Смаляціч і г. п. маем прозьвішчы Смолевіч, Кляновіч, Родзевіч, Бабровіч і г. п., мясцовасьць Смолевічы і г. п. Прозьвішчы на -віч вельмі старыя, але меней старыя як папярэднія. У канчатках -овіч, -эвіч з паняцьцем родавасьці злуча на яшчэ якоесь паняцьце прыналежнасьці (Бабр-ов-іч).

Гэткія прозьвішчы, як Пятровіч, Дзямідовіч, Вайцюлевіч і г. д. паказуюць, што закладчыкі гэтых родаў былі ўжо хрысьціяне, а гэткія, як Ахматовіч, што іхныя закладчыкі былі мусульмане, бо Ахмат імя мусульманскае. Такія-ж прозьвішчы беларускіх мусульман, як Родкевіч, значыцца, прозьвішчы ня толькі з беларускімі канчаткамі, але і з беларускую асноваю, паказуюць, што закладчыкі гэных родаў былі Беларусы, якія самі, ці якіх патомкі прынялі іслям. Ня ўсе Родкевічы магамэтане, часьць іх, як прыкладам тыя, што жывуць у Менску, каталіцкае веры. Гэткія магамэтане-беларусы пэўна прынялі іслям да пашырэньня хрысьціянства у Беларусі, калі іслямскія ўплывы былі вялікшыя за бізантыйскія, або як гэтыя ўплывы змагаліся паміж сабою, значыцца ў IX—X в. в.

Ёсьць прозьвішчы Жыдоў з беларускімі канчаткамі на -віч, а з асноваю жыдоўскаю, або нямецкаю — Рубіновіч, Рабіновіч, Маўшовіч. Гэта тыя прозьвішчы, што ўтварыліся ў Жыдоў на беларускім грунце.

Прозьвішчы на -віч пашыраны па ўсёй Беларусі; -ічы і -вічы складаюць 30—35% ўсіх беларускіх прозьвішчаў. Прозьвішчам на -віч адпавядаюць назовы мясцовасьцяў (весі, мястэчкі, месты): (Куцэвічы, Попелевічы, Дунілавічы, Асіповічы, Клімавічы). Апрача Беларусаў, прозьвішчы на -віч маюць толькі Сэрбы (Стоеновіч).

Прозьвішчы на -віч часам называюць літоўскімі. Пайшло гэта адтуль, што калісь Літоўскае Гаспадарства абымала ўсю Беларусь. Званьне беларускіх прозьвішчаў літоўскімі — гэта такое-ж недаразуменьне ў назовах, як Менск-Літоўскі, Берасьце Літоўскае і Камянец Літоўскі і г. п.

Бывае калі найарыгінальнейшыя і найхарактэрнейшыя беларускія прозьвішчы напару завуць польскімі. Палякоў з такімі прозьвішчамі зусім німа. Міцкевічы,[2] Сянкевічы,[3] Кандратовічы — гэта Беларусы, якія тварылі пэрлы польскае культуры. Калі прагледзіць, прыкладам, сьпісаньне сяброў польскіх таварыстваў у Польшчы, дык побач з чыста польскімі прозьвішчамі і многімі нямецкімі, толькі дзе-ня-дзе, надзвычайна рэдка сустрэнецца прозьвішча на -віч і заўсёды можна давясьці, што валадар яго Беларус. Прозьвішчы і наагул словы на -віч зьяўляюцца ў польскай мове зусім чужымі. Нат такое слова, як królewicz зьяўляецца беларусызмам са спольшчанай асноваю. Паняцьце аб польшчыне гэтых прозьвішчаў пайшло таму, што Беларусь ад 1569 г. да разьдзелу Польшчы была складоваю аўтаномнаю часткаю ўсяе фэдэрацыйнае польскае Рэчыпаспалітае, а яшчэ болей таму, што апалячаныя беларускія магнаты (Ходкевічы, Хрэбтовічы, Валадковічы, Ваньковічы), вадзілі рэй ва ўсім польскім гаспадарстве.

Згодна з духам беларускае мовы назовы дынастый па беларуску павінны канчацца на -віч. Гэткім парадкам трэба казаць: Рогвалодавічы (беларуская дынастыя Рогвалода Полацкага) — Ўсяславічы (беларуская дынастыя Усяслава Вялікага), Гедымінавічы, Ягайлавічы (а не Ягелоны), Пястовічы (польская дынастыя Пяста), Прамысловічы (чэская дынастыя Прамысла), Арпадавічы (угорская дынастыя), Сасановічы (дынастыя новапэрскага гаспадарства); Фаціновічы (егіпецкая мусульманская дынастыя), а не Прамысьліды, Сасаніды, што гучыць дзіка ў беларускай мове.

ІІ. Прозьвішчы на -скі, -цкі лёкальныя. Утварыліся яны ад мясцовасьцяў. Хто быў з Дубейкава, той стаў Дубейкоўскі, хто з Сухадолу — Сухадольскі, хто жыў ля возера — Азерскі, за ракою — Зарэцкі, за лесам — Залескі і г. п. Зубоўскі, Дубіцкі, Сасноўскі. Студэнта, які вучыцца ў Вільні, назавуць Віленскі, а які ў Празе — Пражскі і г. п.

Як ужо зьявілася шмат мясцовых беларускіх прозьвішчаў на -скі, -цкі, дык падобныя ды новыя маглі тварыцца па аналёгіі (Жыдоўскі, Літоўскі).

Прозьвішчы гэтыя як старыя так і новыя. Пры гэтым, калі старыя, дык яны звычайна належылі людзём крыху ведамым, значыцца баярам, ці шляхце, бо каб называць па мясцовасьці трэба, каб чалавек быў крыху ведамым, каб было ведама скуль ён. Але новыя прозьвішчы на -скі, -цкі, належаць адналькова ўсім клясам, нават жыдом. Разказываў мне адзін гаспадар гэткае. Каля м. Ашмяна, за гарой жылі Жыды; як выйшаў загад ад расійскае ўлады пазапісаваць усіх жыхароў у ўрадах, дык у канцылярыі аказалася, што гэныя жыды ня мелі ніякага прозьвішча, проста дзед называўся Ліпка, бацька Бэрка, сын Шымель і г. п. Ня ведалі як іх запісаць. Выручыў адзін сусед-Беларус, які неўспадзеўкі аказаўся: «Ды гэта-ж, кажа, загорскія жыды». Так іх і запісалі «Загорскі».

Прозьвішчы магамэтанскае шляхты ў Беларусі на -скі, -цкі адначасна з беларускую асноваю (Карыцкі і інш.) паказуюць, як і прозьвішчы тыпу Родкевіч, што гэта магамэтане не татарскага, а беларускага роду.

Прозьвішчам на -скі, -цкі адпаведаюць беларускія назовы мясцовасьцяў на -шчына (Скакаўшчына, Казароўшчына).

Прозьвішчы на -скі, -цкі Беларусы маюць каля 12%.

Прозьвішчы на -скі, -цкі, як утвораныя ад мясцовасьцяў, сустрачаюцца ў усіх славянскіх народаў. Гэтак, апрача Беларусаў, у Палякаў (Dmowski), Чэхаў (Dobrovsky, Polacky), Украінцаў (Грушевський), а так-жа ў Сэрбаў, Баўгар і Маскоўцаў.

Гэткія прозьвішчы на -скі, -цкі, як Усьпенскі, Багародзіцкі, Архангельскі, царкоўнага паходжаньня і аднолькава могуць быць у ўсіх праваслаўных славян.

ІІІ. Калі прозьвішчы на -іч, -віч абазначаюць род, прозьвішчы на -онак, -ёнак (Юлючонак, Лазічонак, Арцямёнак), -чык, -ік (Марцінчык, Аляксейчык, Іванчык, Язэпчык, Сяменік), -ук, -юк (Кухарчук, Міхалюк, Аляксюк, Аляксяюк) абазначаюць сына, а прозьвішчы на -еня (Васіл’еня) наагул дзіця (дзіця Васіля).

Прозьвішчам на -онак, -ёнак, -еня адпавядаюць беларускія назовы мясцовасьцяў на -няты (Піліпеняты, Загарняты, Каяценяты, Трасечаняты, Біцяняты).

Прозьвішчы на -онак, -ёнак, -еня, -чык, -ік характэрна беларускія і агульна-народныя ў беларусаў, хоць не такія старыя, як на -іч, -віч.

Прозьвішчы на -онак, -ёнак маюць толькі адны Беларусы.

Беларускім прозьвішчам на -онак, -ёнак адпавядаюць у Украінцаў прозьвішчы на -енко (Чэркасенко, Демиденко), а ў швэдзкай і англіцкай мовах прозьвішчы з канчаткамі на zon (сын), а прозьвішчы на -еня адпавядаюць грузінскім з канчаткамі на -швілі (Ремішвілі).

Прозьвішчаў на -онак, -ёнак, -еня, -чык, -ік, -ук, -юк у Беларусі 25—30%, значыцца прыблізна гэтулькі, сколькі на -ІЧ і -ВІЧ.

Прозьвішчаў на -онак, -ёнак пашыраны найболей у Дзісенскім павеце Віленшчыны, яшчэ болей у Вітэбшчыне, мо крыху меней у Магілёўшчыне і ўсходнай часьці Меншчыны. Ёсьць яны і па ўсёй Беларусі.

Прозьвішчы на -чык і -ік разкіданы на ўсёй Беларусі. На -еня, -ук, -юк найбольш у Горадзеншчыне.

ІV. Далей ідуць прозьвішчы, што прыняты з назоваў розных рэчэй (Зуб, Кніга, Качарга, Бубён, Сак, Шышка, Шыла), расьцін (Капуста, Рэдзька, Бурак, Гічан, Груша), птушак (Верабей, Бусел, Сарока, Сініца), наагул жывёлы (Кароўка), дні тыдня (Серада), сьвяты (Вялікдзень, Каляда), іменьні людзей ставаліся прозьвішчамі (Сяргей, Барыс, Гардзей). Сюды адносяцца й такія прозьвішчы, што бытцым характэзуюць чалавека. Гэтак паводле слоў пароцька (той, хто порыцца), лянуцька (хто лянуецца), забудзька (хто забываецца) ёсьць прозьвішчы! Будзька (хто будзіць), Сапоцька (хто сапе), і далей Родзька (ад радзіць), Ходзька (ад хадзіць), Хоцька (ад хацець) і шмат іншых падобных гэтым прозьвішчам.

Прозьвішчы гэтыя, як старыя (Воўк, Кішка, Жаба) так і новыя сустрачаюцца яны па ўсёй Беларусі; іх будзе каля 10—12% усіх беларускіх прозьвішчаў.

V. Прозьвішчы з Канчаткамі на -оў, -еў, -ін лучаюцца ў Беларусаў, пачынаючы з усходу і поўначы Вітэбшчыны, з усходу Магілёўшчыны; надта густа гэтыя прозьвішчы ў Смаленшчыне і беларускіх часьцях іншых губэрняў (Пскоўскае, Цьверскае і інш.). Дзе-ня-дзе могуць лучыцца ў цэнтры і на захадзе Беларусі. Уздымаецца пытаньне, як гэтыя, характэрныя Маскалём і Баўгарам прозьвішчы, маглі паўстаць у Беларусаў.

Наўперад трэба зьвярнуць увагу, што гэтыя беларускія землі доўгі час (каля 300—400, а некаторыя на’т каля 500 год) былі пад маскоўскаю ўладаю, што будучы пад Маскоўшчынаю яны ўпраўляліся не аўтаномна, а з маскоўскага цэнтру. Трэба думаць што ўжо ў даўнейшую пару маскоўскага гаспадараньня ў гэтых беларускіх землях, не паважаючы іншых асаблівасьцяў беларускіх зямель і народу, Маскоўцы не паважалі і асаблівых беларускіх прозьвішчаў, перакручаючы на свае шаблённыя з канчаткамі на -оў, -еў, -ін. Цікаўна, што калі наш друкар Федаровіч зьявіўся ў Маскву, то яго назвалі там Федоровъ. Як перакручана прозьвішча Федаровіч ў Маскве, так перакручвана маса іншых беларускіх прозьвішчаў на беларускіх землях залежных ад Маскоўшчыны. Гэткім парадкам Беларусы гэных зямель мелі якісь час па два прозьвішчы — адно, якое яны самі ўжывалі, другое — якое знала ўлада. Начай кажучы «зваліся» адным, а «пісаліся» другім прозьвішчам. З часам аднак гэтыя апошнія пісаныя «праўныя» прозьвішчы ўзялі верх. Валадары іх дзеля сваіх-жа інтарэсаў мусілі гэныя пісаныя прозьвішчы помніць. Гэткім парадкам Барысевічы сталі Барысавы, Трахімовічы — Трахімовы, Сапранкі — Сапранковы і г. д. Але там, дзе з старым родным прозьвішчам была зьвязана сямейная традыцыя, там яго ўпорна дзяржаліся і гэткія нацыанальныя прозьвішчы захаваліся ажно дагэтуль у найдалейшых усходных узьмежках Беларусі.

Найвялікшае аднак нішчэньне беларускіх прозьвішчаў у ўсходнай Беларусі прыпадае на XІX век і завяршылася яно ў XX в.

Сыстэматычна русыфікуючы Беларусь, маскоўская ўлада сыстэматычна русыфікавала і беларускія прозьвішчы.

Німа дзіва, што Маскоўцы абмасковілі часьць беларускіх прозьвішчаў, калі на’т такім далёкім Маскоўцам па мове (не па крыві) народам, як Чувашы і Казанскія Татары, яны абмасковілі ўсе прозьвішчы. Дзеля таго, што Татары мусульмане, у іхных прозьвішчах прынамсі карані асталіся мусульманска-татарскія (Балеев, Яманов, Ахмадзянов, Хабібулін, Хайрулін). Чувашы, што нідаўна ахрышчаны ў праваслаўную веру маюць усе прозьвішчы чыста маскоўскія ды дзеля таго, што хрысьцілі масамі і найчасьцей чамусьці давалі імя Васіль або Максім, то цяпер большасць чувашоў маюць прозьвішчы Васільев, або Максімов. З гэтымі Васільевымі і Максімавымі часта бывае чыстая бяда, іх так шмат, што цяжка разабрацца.

Русыфікацыя беларускіх прозьвішчаў адбывалася, як па загаду, так і вынікала з агульнага русыфікацыйнага кірунку адміністрацыйнае і асьветнае маскоўскае палітыкі ў Беларусі. Гэтак, у воласьцях па загаду пераменялі цэлыя масы беларускіх прозьвішчаў на маскоўскія, але ў тых-жа воласьцях падобная перамена рабілася без загаду. Гэткі валасны пісар (дый іншае начальства) хоць добра знаў розныя беларускія прозьвішчы, але лічыў нехарошымі гэныя прозьвішчы ў іх звычайнай беларускай вымове, а дзеля таго, што пісаць мусіў па-маскоўску «правільна», дык паправляў па магчымасьці нашыя прозьвішчы, запісаваў іх «правільна». Рабіў гэта часта ў добрай волі.

З пашырэньнем украінскага руху украінскія прозьвішчы на -енко здабылі сабе ў расійскага начальства, а ў тэй лічбе і ў беларускіх валасных пісароў і іншых ураднікаў права грамадзянства, пачалі так сама лічыцца правільнымі. І тыя-ж пісары, зьмяняючы адны беларускія прозьвішчы на маскоўскія з -ов, -ев, -ін адначасна другія зьмянялі на -ко, гледзячы да чага было бліжэй. Гэтак з сына Цярэшкі, Цярэшчанко (Цярэшчанок або Цярэшчонак) стаў Терещенко; з Зьмітронак — Зьмітрэнко (ці яшчэ «правільней» — Дмитріенко), з Жаўток — Желтко. Усе прозьвішчы беларусаў на -ко перакручаны з беларускіх прозьвішчаў на -онак, -ёнак. Бывае, што тут заховуецца падвойнасьць — завуць усе, прыкл. Дударонак, ці Жаўток, запісаны «правільна» ў воласьці: Дударенко, Желтко.

Як стала ў нас у пашане і модзе ўсё чужое, а сваё пайшло на зьдзек, дык некаторыя Беларусы самахоць, з собскае ініцыятывы зьмянялі свае прозьвішчы на модныя, чужыя, «панскія». Асабліва гэтак былі зьменяны прозьвішчы, абазначаныя ў пункце ІV, значыцца прозьвішчы з назовай розных рэчаў, жывёлы і г. п. Лічылі, што няхораша называцца Сакол, Сініца, Салавей, Сарока, Гардзей і зьмянялі на Соколов, Сініцын, Соловьев, Гордѣевъ, а Сакалёнак на Соколенко або рабілі іх бяз сэнсу; гэтак Груша стаў пісаць сваё прозьвішча Грушо, фарботка — Форботко, Мурашка — Мурашко, Варонка — Воронко, Ходзька — Ходзько, некаторыя Шылы сталі пісаць свае прозьвішча праз два «л» — Шылло і г. п. Так сама зьмянялі прозьвішчы на прозьвішчы з Канчаткамі на -скі, якія не характэрна беларускія, бо яны, як мясцовыя, маюцца і ў іншых славян. Як напрыклад, пакажу на гэткае сумнае здарэньне. Знаў я аднаго гаспадара, прозьвішча якога было Відук (гатунак маку з вялікімі макаўкамі, цьвіце ён чырвоным цьветам). Разбагацеўшы, купіў ён сабе дваранскія паперы і падаў просьбу ўладзе, каб зьмяніць яму прозьвішча Відук на Макоўскі. Просьбы яго паслухалі і зьмянілі на падвойнае — Відук-Макоўскі.

Калі прозьвішчы на -іч, -віч, абазначаюць род, на -онак, -ёнак, — сына, дык прозьвішчы на -оў, -еў, -ін абазначаюць прыналежнасьць, гэтае прыметы, што адказуць на пытаньне чый. Чый ты? — Ильин, Драздов і г. д. Гэткія прыметы маюць ня толькі адны Маскоўцы і Баўгары, а і ўсе іншыя славяне (палякі, чэхі, украінцы, сэрбы). Маюць іх і Беларусы. У нас звычайна кажуць Янук Лявонаў, Ганка Лявонава, Пятрук Адамаў і г. п., дзе словы Лявонаў, Адамаў, абазначаюць, што ён належыць да Лявона, Адама, звычайна сын ці дачка Лявонава і г. п. Прыналежныя прыметы прыходзіцца ўжываць дзеля адрожненьня, бо звычайна Янук, Пятрук і г. п. бывае не адзін. У нас пад маскальскім ўплывам маглі паўставаць свае беларускія прозьвішчы на гэтыя канчары. У гэтым выпадку розьніца паміж Маскалямі і Баўгарамі з аднаго боку, а іншымі славянамі з другога, тая, што ў апошніх гэтыя прыметы звычайна прозьвішчамі не становяцца.

Падсумовуючы ўсё, што сказана аб прозьвішчах на -оў, -еў, -ін трэба сказаць каротка: гэтыя прозьвішчы сталіся 1) вынікам перакручаньня або замены маскоўскімі ўраднікамі беларускіх прозьвішчаў, 2) некаторыя Беларусы апошнімі часамі самахоць іх перакручалі на модныя, маскоўскія і 3) яны маглі адчасьці паўставаць на беларускім грунце, але пад маскоўскім уплывам. Прозьвішчы гэтыя новыя і не зьяўляюцца характэрнымі для Беларусаў.

Прозьвішчаў гэтых ёсьць ў Беларусаў 15—20%.

Прозьвішчы на -оў, -еў, -ін зьяўляюцца нацыянальнымі Маскалёў і Баўгар. Прыблізна гэтулькі, сколькі ў Беларусаў, ёсьць гэтых прозьвішчаў у Украінцаў, дзе яны маюць гэткі характар, як і ў нас.


  1. Слова «прозьвішча» ў некаторых мясцох ужываецца ў значэньні, так сказаць, незаконнага прозьвішча, але ў іншых мясцох нашае Бацькаўшчыны, прыкладам у пав. Менскім, ужываецца яно ў значэньні прозьвішча законнага, як па-маскоўску «фамилія», а па-польску «nazwisko». Ужываю ў апошнім значэньні. Дзеля абазначэньня-ж незаконнага прозьвішча трэба ўжываць слова мянюшка, як кажуць у Горадзеншчыне. Лацінскае слова familia (значыць сям’я), калі і ўжываць дык у такім значэньні, у якім ужывае яго наш народ; значэньне гэтае бліжэй да арыгінальнага и абазначае ўсю радню. Значыцца, калі якога, прыклад. Станулевіча, завуць яшчэ Канцавы, дык Станулевіч — прозьвішча, Канцавы — мянюшка, а ўсе свае паміж сабою Станулевічы будуць фамілія або проста радня.
  2. У Беніцкай вол. Ашмянскага пав. ёсьць шмат гаспадароў з прозьвішчам Міцька і ёсьць вёска Міцькавічы, што значыць тое самае, што і Міцкевічы, толькі што ў апошнім ацьвярдзела ць і зьмяніўся націск.
  3. У Трабскай вол. Ашмянскага павету ёсьць весь Сенкеняты.