Перайсці да зместу

Наша мова дасягнула вялікага росквіту

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Наша мова дасягнула вялікага росквіту
Аўтар: Кузьма Чорны
Крыніца: https://knihi.com/Kuzma_Corny/Nasa_mova_dasiahnula_vialikaha_roskvitu_zbor8.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пастанова СНК БССР аб рэформе беларускага правапісу ёсць вынік вялікага росту беларускай савецкай культуры. Рэформа беларускага правапісу не магла не адбыцца, бо ў маналітнасці з вялікім ростам усяе краіны, ростам гаспадарчым і культурным, вырасла, развілася, набыла больш высокія і складаныя формы і наша мова. Чым ніжэй культура, тым прымітыўней і мова. У БССР за часы рэвалюцыі, за часы сацыялістычнага будаўніцтва зусім змянілася жыццё, склаліся новыя формы грамадскіх узаемаадносін, і ўсё гэта развіло нашу мову, узбагаціла яе.

Тут справа не толькі ў тым, што ў мове з’явіліся новыя словы з прычыны прыходу ў жыццё новых рэчаў. Тут справа яшчэ і ў новых кірунках фразеалогіі. У нас склалася і развіваецца далей новая мова, адпаведная новаму грамадству. Мова гэта развіваецца шпарка і спрыяць гэтаму развіццю — задача ўсіх культурных работнікаў, асабліва работнікаў слова. Гэтая жывая мова, выходзячы з багатых крыніц нашай савецкай рэчаіснасці, павінна быць з усёй адказнасцю зафіксавана формаю літаратурнае мовы ў нашай савецкай літаратуры.

Гэты працэс далейшага развіцця і ўдасканалення ў новым кірунку нашай літаратурнай мовы — працэс натуральны, неабходны і здаровы. Пастанова ўрада аб рэформе правапісу грунтуецца якраз на прынцыпах гэтага працэсу культурнага развіцця мовы. Пастанова ўрада вызначыла асноўныя кірункі, па якіх павінна ісці далейшая праца над мовай. Фармаванне літаратурнай мовы павінна ісці з крыніц жывой, сапраўды народнай мовы, мовы нашай савецкай рэчаіснасці — мовы мільёнаў пралетарыяту і калгаснікаў. І калі мы параўнаем нашу літаратурную мову з гэтай сапраўды народнай моваю, мы ўбачым, як наша сучасная літаратурная мова засмечана элементамі старой аджытай мовы — элементамі мовы феадальнай, мовы сярэдневяковых замкаў, мовы эксплуататарскіх класаў. У гэтым кірунку шмат папрацавалі ў свой час нацдэмы, хоць іхняе «мовазнаўства» і не мела нічога агульнага з сапраўднай навукай, аднак яны з няўхільнай паслядоўнасцю праводзілі лінію на спыненне развіцця мовы ў савецкім кірунку і на застыгласць мовы ў штучна створаных формах, крыніцы якіх яны знаходзілі ў мове феадалізма. Гэта ўсё зусім свядома накіроўвалася нацдэмамі на барацьбу з Савецкай уладай у мэтах інтэрвенцыі, у мэтах адрыву Савецкай Беларусі ад Савецкага Саюза.

Савецкую рэформу беларускага правапісу заходне-беларускія фашысты спаткалі выццём і гвалтам, што і зусім нармальна. Было б ненармальна, каб яны хвалілі пастановы Савецкага ўрада. Мільённыя працоўныя масы ў Савецкай Беларусі ідуць да вялікай культуры. Мы маем вялікі росквіт гаспадаркі. Беларускія гарады, да рэвалюцыі больш падобныя на глухія мястэчкі, ператварыліся цяпер у буйныя індустрыяльныя цэнтры. Мы маем вялікі росквіт літаратуры, тэатральнага мастацтва. І чым больш развіваецца наша культура, тым больш самы ўжо гэты факт набліжае гібель фашысцкай нацдэмаўскай беларускай «культуры», той «культуры», якая сапраўды і не культура, і не навука, а лакейства перад усімі чорнымі сіламі капіталістычнай Еўропы.

Недабітая нацдэмаўшчына ў нас таксама злосна шэпчацца наконт рэформы правапісу. Тут таксама справа ясная. Калісьці была на Палессі прыказка, якую нацдэмаўскія пісьменнікі любілі часта карыстаць у сваіх творах:

— Ты што за чалавек?

— Я не чалавек, а пінчук.

Да такой самавольнае страты сваёй чалавечай годнасці мог дайсці чалавек толькі пад страшнай эксплуатацыяй, пад уціскам, ва ўмовах голаду і холаду, ва ўмовах жабрацтва. Ды ўрэшце і пан і чыноўнік бедняка-селяніна і батрака за чалавека ніколі не лічылі.

Які кантраст з савецкай рэчаіснасцю. У нас пачынаецца пара бяскласавага грамадства. У гэтым грамадстве на пытанне — хто ты? — кожны кажа толькі адно — чалавек.

Вось да якога росквіту чалавечай асобы мы ідзём. І от як змяняецца мова і які новы сэнс яна набывае, гэта мова новага сацыялістычнага чалавецтва, дзе няма ні «палешукоў-пінчукоў», ні іхняга голаду і бяспраўя, ні паноў, ні падпанкаў, а ёсць толькі чалавек, вольны ад усялякага прыгнечання, а значыцца — тут зліццё ўсіх народаў. Гэты інтэрнацыяналізм і непакоіць нацдэмаў, бо ён нямыслім ва ўмовах буржуазнага грамадства. Нацдэмы плачуць аб той «самабытнасці» беларуса, калі ён быў «не чалавек» і яго можна было эксплуатаваць беларусу з хутара або з маёнтка. Адміранне «самабытнага» «я не чалавек, я — пінчук» — азначыла гібель эксплуатацыі, надыход тае пары, калі і пан Луцкевіч, і пан Астроўскі страцілі свае маёнткі, фальваркі і ўсю сваю панскую годнасць. Лепш жа беларускаму пану і яго падпанку разам з хутаранцам і гарадскім купцам, і купчыкам панаваць над бедняком, які нават «не чалавек».

Былы «не чалавек» цяпер у БССР робіць агульначалавечую бальшавіцкую справу. Беларускія тэатры грымяць на ўвесь Савецкі Саюз. Беларуская савецкая літаратура даўно пакінула за сабой рамкі этнаграфізма, яна ставіць і распрацоўвае ўсясветныя праблемы.

Савецкая Беларусь стала перадавой калгасна-індустрыяльнай рэспублікай. А на Пінскім Палессі «не чалавек, а пінчук» ірвецца з няволі і глядзіць на Савецкі Саюз.

Наша мова дасягнула вялікага росквіту. Ёй было цесна ў рамках старога правапісу. Мы маем новы правапіс, які ставіць перад намі задачы далейшай працы над новай беларускай мовай, над ачышчэннем літаратурнай мовы ад архаізмаў, над развіццём мовы ў кірунку інтэрнацыяналізма.

Сучасная руская мова ў дачыненні да рускай мовы часоў Пятра Вялікага або Карамзіна — што гэта, прагрэс ці рэгрэс?

Рашуча змагаючыся і з нацдэмамі, і з вялікадзяржаўнікамі, з вульгарызатарамі,— мы паскорым прагрэс сваёй мовы.