Народ сам сабой

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Народ сам сабой
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1924
Крыніца: Сялянская Праўда. 1924. 17 кастр.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Нашы песьняры — гэта найлепшае люстра, у якім адбіваецца душа нашага народу, усе яго жаданьні, імкненьні, настроі.

«Песьні жальбы» адно толькі ўмеў пяяць Колас у часы чорнае расейскае рэакцыі пасьля 1905 году. У тон яму іграў на сваей «Жалейцы» Купала. I ўся наша адраджэнская даваенная паэзія — гэта адна песьня пакуты, у каторай толькі ад часу да часу прарываецца іскра бунту.

Бо ж такі настрой панаваў сярод беларускага народу. Бо ўсё гэта — запраўдныя перажываньні беларускае сярмяжнае масы.

Але прыйшлі іншыя часы: вайна, а пасьля вайны — Вялікая Расейская Рэвалюцыя. На вачох нашага народу валяцца сьцены адвечнае «турмы народаў». I ў душы беларуса ціхнуць тоны пакутнае песьні, а замест яе грыміць магутная песьня барацьбы і радасьці вызваленага ўрэшце зь няволі раба!

Гэтыя «новыя мамэнты ў псыхіцы беларускага народу», як слушна заўважыў «Дрыгвіч» у часопісі «Przeglad Wilenski», знайшлі cваё яркае адбіцьцё ў сучаснай беларускай паэзіі. «Дрыгвіч» затрымліваецца, аднак, толькі на двух нашых песьнярох: Коласе і Купале, — ды ў іх творчасьці знаходзіць новыя нацыянальна-палітычныя і рэлігійныя (ці хутчэй процірэлігійныя) настроі.

«Вось, — кажа «Дрыгвіч», — Колас у «Водгульлі», зборніку вершаў з 1922 году, зварачаючыся да беларускага люду, гавора аб тым, што ўжо пара змоўкнуць песьні пакутнай, надыходзе час, калі край мае парваць старыя ланцугі, запяяць новую песьню. Трэба ўсім згодна, сьвядома станавіцца на барацьбу, бо шчасьце, воля, вызваленьне самі к нам ня прыйдуць. Колас заклікае народ, каб пераканаўся, што толькі мы самі здолеем выкаваць новую долю сабе, бо ж ужо мінуў той час, калі нас усе папіхалі, бо ўжо цяпер можам жыць і бяз чужых павадыроў («Беларускаму люду»). А сьледам за гэтым у «Поклічу» Колас кліча, каб усе чым хутчэй уставалі, каб ішлі да народных масаў — пачарпнуць тамака амаладжаючага і ўзмацоўваючага паветра, ды каб там стараліся зразумець новыя патрэбы і жаданьні народу. «Але йшчэ больш выразна выяўляецца гэты пералом у Купалы («Спадчына» з 1922 году). Купала сьвядома гавора і кліча, прамаўляе ад імя мільёнаў, бо церпіць і думае за мільёны. Быццам агнём палаюць словы, калі пяе да народу, ужо паўжывога ад адвечных путаў: «...Паўстань, Народ! Прачнiся, Беларусе! Зірні на шчыну, на сябе! Зірні, як вораг хату і зямлю раструсіў, як твой навала злыдняў скарб грабе!» Паўстань і глядзі на агні наўкола, на гістарычныя перамены, што носяцца, бы віхры; паўстань, народзе, і сам распачні будову, каб сусед так не перашкаджаў, ды памятай, што тых, хто ўпадзе, сьвет затопча... Заўсёды памятай, што толькі сіла, сіла ўсялякага роду перамагае, сіла выклікае пашану, — памятай аб гэтым, а мора крыві і сяньняшніх сьлёз хай сьведчыць табе аб праўдзе слоў маіх. Асьлеплены відам гэтае вялізарнасьці няшчасьця, якое яму здаецца ўкрытым у гэтай неахвоце да барацьбы, кліча («Час!»), што й нам трэ брацца за цапы і косы, пакуль «раса» воч ня выела. А дзеля гэтага хай званы зазвоняць магутна, музыка хай загрыміць, а ўвесь народ, як адзін чалавек, хай узьнімецца бараніць Бацькаўшчыну на тым Вялікім Сходзе Народаў. У захапленьні, у вялізарнасьцi болю і захвыту ад новага віду ён ужо ня думае аб Богу: «Ў народ і край свой толькі веру і веру ў самаго сябе».

«А нядаўна йшчэ, — кажа «Дрыгвіч», — яшчэ зусім інакш гучэлі струны ліры Купалы. Нядаўна йшчэ Купала спадзяваўся толькі на Бога... Цяпер лічыць толькі на сябе і на фізычную сілу, дык і да сьмеласьці, да адвагі заклікае: адважна скінь ярмо зь сябе, ідзі наперад, ведучы за сабой другіх...»

«Але куды ж пойдзем?» — пытаецца «Дрыгвіч». — На ўсход ці на захад? Якой арыентацыяй кіруецца сяньня беларускі народ?

Адказ на гэтыя пытаньні «Дрыгвіч» знаходзіць у Купалы.

«Паэт і тутака йдзе новай дарогай, не кiруецца ані на ўсход, ані на захад, бо мы лішне ўжо добра пазнаёміліся з путамі і бізунамі, якiмі галубіў нас «ваш Захад і Ўсход». Дзеля гэтага годзе ўжо і ўсходняе і заходняе культуры, бо дагэтуль вас мы пазналі з аднаго толькі боку, а іменна, што з чужога сэрца вы б хацелі выссаць усю кроў аж да дна. Ізноў жа, народ ужо так далёка зайшоў на сваей новай дарозе, што назад ужо не паверне, адважна зломе ўсе перашкоды і створыць сабе новыя варункі. I гэтак мусіць быць, бо хваце ўжо нам самых сябе на гэтай дарозе, бо далей ня хочам трымацца за чужую, апякунскую руку, бо мы даволі дужыя, новыя думкі ў нас нарадзіліся і клічуць да змаганьня, да барацьбы за праменнае заўтра, дзе запанавала б ясната без учарашніх стогнаў і сяньняшніх скрыготаў!!!»

Вось што знайшоў «Дрыгвіч» новага ў беларускай паэзіі і, значыцца, у псыхіцы беларускага народу. Але ці то ўбаяўся «Дрыгвіч» сваіх уласных вывадаў, ці ня меў магчымасьці пазнаёміцца з творчасьцяй усяго таго новага пакаленьня нашых песьняроў, якое зрадзілася пад гарачым подыхам Рэвалюцыі і якое йдзе на замену сваіх духовых бацькоў — Коласа і Купалы, даволі толькі таго, што ён стараецца некаторыя з гэтых сваіх вывадаў аслабіць. З усей моцай адзначаючы факт, што душа беларускага народу зрэвалюцыянізавалася, «Дрыгвіч», аднак, у адносінах да рэлігійных паглядаў беларусаў робіць засьцярогі: «паскольку маса рэвалюцыянізуецца з боку актыўнасьці, дык з боку рэлігійнасьці астаецца тэй самай». «Дрыгвіч», відаць, не аглядзеўся на ўвесь ход разьвіцьця беларускае ідэалёгіі, у якой «бунт проці Бога» мае сваю гісторыю, пачынаючы ад Кастуся Каліноўскага, ідучы праз Мацея Бурачка і Купалу ды канчаючы наймалодшымі нашымі песьнярамі, як, да прыкладу, Міхась Чарот, каторы ў сваей паэме «Босыя на вогнішчы» кліча: «Цэрквы, палацы, харомы — памяць мінулага — з дымам! Што не запалім мы — зломім!»... А што пяе Сваяк у «Маей лiры»? Няўжо ж такія настроі родзяцца толькі ў паэтаў? няўжо ж яны магчымы ў іх, калі іх уласны народ, крыніца іх натхненьня і творчых сіл, чуе і думае наадварот? Нішто ня творыцца — от, так сабе, зь нічога, бяз дай прычыны. Нават выбух Рэвалюцыі — гэта ж заўсёды толькі завяршэньне глыбокіх унутраных зьмен у душы народу, якія рабіліся памалу і ў працягу доўгага часу, пакуль дайшлі да сьвядомасьці народнае, выліліся ў канкрэтныя абразы і клічы і павялі народ на барыкады. I абмылка «Дрыгвіча» ў тым, што ён не даволі глыбока і яшчэ вузка падышоў да вельмі цікавага пытаньня аб «новых мамэнтах» у беларускай псыхіцы. Бо ён робіць яшчэ і другую абмылку, прыпісваючы Купале адкрыцьце новае дарогі для беларускага народу: ані на захад, ані на ўсход! — Хаця гэтую дарогу ўжо вызначыў акт 25 сакавіка 1918 году: абвешчаньне незалежнасьці Беларусі — безь ніякіх уклонаў ні да Масквы, ні да Варшавы...

Урэшце «Дрыгвіч» — сьвядома ці мо несьвядома — абмінуў яшчэ адзін мамэнт у беларускай псыхіцы: гэта — мамэнт сацыяльны. Пераход беларускае масы ад пасыўнага напяваньня «песьняў пакуты» да актыўнасьці абняў ня толькі сфэру культурнае самастойнае творчасьці, ня толькі будаваньне свайго нацыянальна-палітычнага жыцьця, але і жыцьця сацыяльнага. Усе нашы сучасныя песьняры, што адбіваюць у сваіх творах душу сяньняшняга беларуса, гэта — сыны сялян і работнікаў. А актыўнасьць нашых працоўных масаў ні на адзін мамэнт ня можа забыцца аб сацыяльным уціску нашага народу. I не дарма Колас у «Поклічу» напамінае аб «мазалёх» беларуса, не дарма Цішка Гартны пяе «песьні працы і змаганьня», не дарма ўсе наймаладзейшыя нашы песьняры усьцяж зачапляюць ідэю сацыяльнага вызваленьня.

Так, да пералічаных «Дрыгвічом» «новых мамэнтаў» у беларускай народнай псыхіцы, якія ўсе грунтуюцца на актывізацыі баларускае душы, трэба — побач зь ясным вызначэньнем «арыентацыі» на самога сябе і ў палітычным, і ў культурным, і ў духовым жыцьці — дадаць яшчэ і вызначэньне сацыяльнае дарогі.

Тады абраз, дадзены «Дрыгвічом», будзе зусім поўны: ува ўсіх галінах жыцьця беларускі народ перайшоў ужо да актыўнасьцi пад лёзунгам: Самі сабой!