Перайсці да зместу

Напор (1933)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Напор
Драматычная паэма
Аўтар: Андрэй Александровіч
1933 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Напор (Александровіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШКОЛЬНАЯ
СЕРЫЯ


АНДРЭЙ АЛЕКСАНДРОВІЧ


НАПОР


ДВБ * ЛіМ * 1933

АНДРЭЙ АЛЕКСАНДРОВІЧ


НАПОР


ДРАМАТЫЧНАЯ ПАЭМА


ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА БЕЛАРУСІ

МЕНСК

ЛіМ

1933

Рэдактар Л. БЭНДЭ
Тэхрэдактар АБРАМАВА
Карэктар КАВАЛЁВА

Здана ў друк. 10/IX — 33 г.
Падпісана да друку 2/XII — 33 г.



Уп. Галоўлітбелу №а 780
Зак. № 5003 — 5000 экз.
«Палесдрук», Гомель

„Саюз комуністычнае моладзі
павіненбыцьтэйударнайгру-
пай,якаяваўсякайрабоце
аказваедапамогу,праяўляе
сваюініцыятыву,свойпачын“
ЛЕНІН

КІРЫЛ АНТОНАВІЧ — дырэктар завода
ТАВАРЫШ КЛІМ — сакратар парткалектыва
СТРЭЛЬБІН — сакратар комсамольскага калектыва
БАЗЫЛЬ — культпроп комсамольскага колектыва
АКУЛІНА КАРПАЎНА — старшыня фабкома
ЗАРЭМБА — бракер завода
ЮЗЭФА — яго жонка
Цімох — іх сын
АРКАДЗЬ КАРЛАВІЧ — інжынер
КРОТ — дзелавод
РАДЗЕЦКІ — тэхнік
ВАСІЛІСА — работніца, комсамолка
ГАЛЬКА ГЛАДЫШ — работніца, комсамолка
ЧЫЖ — рабочы, комсамолец
МІШКА ПАЧЫН — рабочы, комсамолец
СЕНЬКА — рабочы, комсамолец
СУНІЦА — рабочы, комсамолец
МЕР‘ЕМА — пенсіянерка
ЛІПА — прачка
КАНДРАЛЬ — стараста арцелі сезоннікаў
КЛЫЧ — сезоннік
МІКОЛКА — сезоннік
РАБОЧЫЯ ЗАВОДА
СЕЗОННІКІ
ВАРТАВЫ ЗАВОДА
АГІТГРУПА КЛУБА

ДЗЕЯ АДБЫВАЕЦЦА Ў РАЁННЫМ ГОРАДЗЕ БССР
1931 г.


МІТЫНГДРУЖБЫ



ПРАЛОГ

Сыплецца сняжынкамі змрок. Стромкая снежная гара. Моладзь завода катаецца на санках, каньках. Паступова запальваюцца, апаясваюць гару рознакаляровыя праменні. Дзяўчаты (іх многа) закідваюць снежкамі Чыжа, — у баку стаіць Радзецкі, падчас усміхаецца.

Чыж (да дзяўчат)
Эх, ідры-тваю качалку,
Сып, надбаў, давай закалку!

Дзяўчаты
Досыць, до‘ — няхай жыве,
Няхай ратунак просіць.

Васіліса
Дапамогу хай заве,
Моʻ тады і просцім.

Галька
Прызнавайся, чыжык-Чыж,
Што ты хочаш ад жыцця?

Дзяўчаты
Чыжык, чыжык, што-ж маўчыш?
Ну, заплач, заплач, дзіця…

Васіліса
Раскажы нам, што майструеш,
Мы тады табе даруем.

Дзяўчаты
Раскажы нам, раскажы —
Слаўны майстра, чыжык-Чыж.

Галька
Ты сяброўствам беражы!

Дзяўчаты
Раскажы нам, раскажы.

Чыж
Расказаць? Ну, што-ж, магу,
Я сакрэт не сцерагу:
Я працую над машынай,
Усё прадумана, як след
Ашчаслівіцца краіна,
Што краіна, цэлы свет
Адратую на заўсёды,
Узніму высока сцяг.
А было-б — вякам, народам
Скарачала дні жыцця…

Дзяўчаты
Малайчына!
Вось яна,
Вось машына, —
Навіна.

Чыж
А прызначан апарат
Справе нашай, роднай —
Каб… зрабіць усіх дзяўчат —
На людзей падобных…

(Вясёлы гоман. Зноў закідваюць Чыжа снегам)

Дзяўчаты
Ах, ты, Чыжык, ах, ліхі,
Узяць за крыллі, — на штыхі!
Сып, дзяўчаткі, сып, сып…

Чыж
Шась — ратуйся, ўліп!

(Уцякае. За ім гоняцца дзяўчаты. Васілісу затрымоўвае
Радзецкі)

Радзецкі
Васіліса!

Васіліса
Што?

Радзецкі
Чакай! Быць з табой хвілінку дай…
Я хачу — каб зразумела,
Зразумела ты мяне.
Я хачу — каб шалясцела
Сэрца шэлестам вясне.
Я хачу — каб мы спаткалі,
Ўдвох прадвесні карагод.
Я хачу — каб шчасце хваляй
Вышла горда з берагоў.

Васіліса
Ой-ёй-ё, ай-яй-я,
Песня гладкая твая.
А мая — не так багата,
Нават крышку сукавата:
— Кінь сваю круціць катрынку.
Будзь-жа хлопцам, не… нудзі.

Радзецкі
Васіліса, стой хвілінку,
Зразумей мяне, не ідзі,
Я сузор‘ем шлях усею,
Зоры век не гаснуць, не!
Знаю, знаю — зразумееш,
Зразумееш ты мяне.
Будзем разам, дружна будзем
Клікаць будучыні ўсход.
Пачуццё кахання будзіць
Лоскат перыстых пяшчот

Васіліса
Я дзіўлюся, глянеш — сталы,
Малады, перадавы.
А калі такое стала,
Што ён стаў без галавы?
Адрываецца, як можа,
Ад зямлі — кудысці ўвысь.
Апынуцца ў бездарожжы,
Значна стаць без галавы!
Гэта-ж цені, а не людзі
Горда ўздыбленых гадоў.
Хочаш, мы сябрамі будзем —
У грамадзе сваіх сяброў.

Радзецкі
Я табе хілюся нізка,
Лепшых дзён не хочу знаць.
Васіліса, Васіліса —
Не магу я больш маўчаць:
Залацістым лягу лістам
У сонцатканым дыване.
Васіліса, Васіліса —
Ты — адзіная ў мяне.
Будзь-жа чулай, прытуліся.
Сэрцу я твайму пяю.
Васіліса, Басіліса —
Маладосць прымі маю.


Падыходзіць з-за гары Мішка Пачын у чырвонаармейскай шынелі, шлёме, за плячыма ранец. Узбіраючыся на гару, ён не заўважае, як унізе катаюцца на каньках Васіліса і Радзецкі.

Мішка
Цішыня… Нікога не відно.
Будынку гэтага, як быццам, не было?
І часу небагата праплыло,
А ўсё змянілася… Яно
Здаецца можа мне?..
(Углядаецца)
Збудованы. Раней не бачыў, не
Ішлі дзянёчкі, год за годам…
Дзе-ж людзі ўсе?
(Падымаецца вышай. Убачыў Васілісу і Радзецкага)
Аднак.
— Таварышы, вы з гэтага завода?
Вечар добры.

Васіліса і Радзецкі
Добры вечар.

Радзецкі
Та-ак…
Каго знаёмага шукаеце, ці як?

Мішка
Ды я, сказаць вам, сам тутэйшы.
(Падыходзіць да іх)
Іду… і шлях не прыгадаю.
Багата змен наўкола

Радзецкі (іранічна)
Спешна.
Перабудоўваем, будуем, вытвараем.

Мішка
Чаму завод маўчыць,
Работа ваша дзе?

Радзецкі
Сягоння ў нас выходны дзень…

Васіліса (спазнала Мішку)
Мішка, Мішанечка, ай-яй-я…
Думалі, цябе, як жабу, з‘еў кітаец.

Мішка
Васіліса, ліса, лісанька-лісічка,
Вырасла, хоць замуж выдавай.
А можа выйшла?

Васіліса
Мішка, ты?

Мішка
А можа і не я, не знаю.

Васіліса
Расказвай, брат,
Расказвай, дзе ты быў,
Як змагаўся, што рабіў?
Знаёмся — наш — Радзецкі Ян,
Тэхнік — значыць, практыкант.
(Вітаюцца)
Выкладвай нам прыгоды ўсе свае.
Кажы, мо‘ стрэльнуў кітаянку?
Чаго-ж адзін? Прывёз-бы і яе…

Мішка
Стала шустраю… А вочы — як маланка…
Скажу яшчэ, шанго мой. Будзе час.

Васіліса
А ўсё-ж кітайцаў бачыў ты, ці не?

Мішка
А як не бачыць іх, дзіўная…
Што бачыў я, не ўбачыш ты і ў сне.
Мы-ж вёрстаў тысячу зрабілі па Кітаі.
Раскажу яшчэ, ці-ж то апошні вечар?

Васіліса
Мішка, ты?.. Ваяка! От, сустрэча…
(Жартліва пяе)
Вас пабіць, пабіць хацелі,
Вас пабіць стараліся…

Мішка (пяе ў адказ)
Мы таксама не сядзелі,
Мы падрыхтаваліся.
(Васіліса хапіла Мішку за рукі і коўзаецца з ім па лёдзе)

Радзецкі (злосна ў бок)
Мне праясняецца. Эх, людзі…
Ну, што-ж, спявай, а… плакаць будзеш.
(Выходзіць)
Васіліса (пяе)
У кітайцаў — генералаў —
Усе ваякі смелыя.

Мішка (пяе ў адказ)
Ад большэвіцкае навалы
Пруць, як ашалелыя…


Уваходзіць грамада моладзі: хто на лыжах, хто на каньках. Праляцелі з гары санкі. Грамада здзіўлена паглядае на Мішку, Пачын не спазнае яго.

Васіліса (да грамады)
Чаго-ж вы збіліся у клін?
Гэта-ж Мішка, наш, Пачын!

Галасы
— О, далёкаўсходні госць!
— Здароў!
— Як жыў?
— Як маешся?
— Здароў!
— А вырас…
— Дужым стаў.

Галька
Пахарашэў…

Базыль
Кажы, як маешся?

Мішка
А от… Як бачыце, —
Акрэп і пасталеў.

Чыж
Эх, качай тваю качалку,
Жыў-здароў, маё, Міхалка!
(Працягвае руку. Вітаюцца)

Мішка
Малайчына, брат, гарыш…
(Да ўсіх)
Добры вечар вам, сябры.
Што чутно ў вас? Як завод?
Як жыццё ў вас?

Чыж
Поўны ход!

Мішка
Бачу, бачу…

Чыж
І… няйначай.

Мішка
Хлопцам вырас ты харошым.

Чыж
Хлопец — во! — на самы большы!


Мост. Праходзяць бракер Зарэмба і дзелавод Крот.

Крот
Я-ж за вас стаю, вядома.
Кажуць… спец вы падазронны,
Хоць работнік крышку здатны.

Зарэмба
Крышку, кажуць?

Крот
Далікатна…

Зарэмба
Кажуць, кажуць…
Хай гавораць.
Гутарка — што вецер.
А ярчэй пасля віхору
Сонца нам засвеціць.
(іранічна)
Сходы, мітынгі, нарады…

Крот
Кожны дзень!

Зарэмба
Рэйд, налёт, абход, брыгады —

Крот
Кожны дзень!

Зарэмба
Брыгадзір, рабкор — запоем

Крот
Кожны дзень!

Зарэмба
Усе — ударнікі, героі

Крот
Кожны дзень!

Зарэмба
Самакрытыка да пота.

Крот
Кожны дзень!

Зарэмба
Вось і ўся яна работа —

Крот
Кожны дзень!..


Мішка
Мне здаецца, дзень ці два
3 вамі я не быў, братва.
А два гады…

Сенька
Яно кароткім
Час здаецца нам заўжды.

Галька
Дзіву даўся, пяцігодка
Прабягае ў тры гады.

Мішка
У тры гады… А вы,
Ці здолелі змагацца,
Каб стаць ударнай працай
Пад сцягам перадавых?
Мінула два гады,
Вялікіх,
Векапомных,
Нязломных
Два гады.

Базыль
Яшчэ і Маркс казаў калісь, —
На многа ўперад не пашлі.

Галька
А ўсё-ж, мы зрух вялікі маем.

Чыж
Без толку, што аполкі,
Жывем і… падгніваем.

Базыль
Слухай, Мішка, нам тымчасам,
Як сказаў і Энгельс Марксу —
Праца ёсць!

Сенька
Хоць з носа кроў!

Базыль
Завод наш мусіць даць Донбасу
Стандартных тысячу дамоў.

Галасы (як водгулле)
Стандартных… тысячу… дамоў…

Сенька
Рэспубліцы патрэбен вугаль.
І пад зямлёй, ад зор да зор,
За зменай змена, ударным кругам,
Шахцёра зменьвае шахцёр.
Пасля напружнай цяжкай працы —
Кватэра ўдарніка — барак.

Васіліса
I мы, — што сіл, павінны ўзяцца
Будынкі выслаць!

Галасы
Час! Пара!

Галька
Я знаю, знаю — вышлем мы
У Донбас патрэбныя дамы!

Базыль
А ў лесапілцы створана
Вытворчая комуна.

Васіліса
Паміж цэхамі спаборніцтва расце.

Галька
Мы маем зрух!

Сенька
Варушыцца работа!

Чыж
Калі абед з кампотам…

Базыль
Кавалі выклікаюць нас —
Праграму ўдарную ў адказ.

Мішка
Перавыканаць?

Чыж
Раз!

Базыль
Зніж сабекошт, хоць прэч галава.

Чыж
Два!

Базыль
Якасць уверх, а брак з гары!

Чыж
Тры!

Базыль
І яшчэ, і яшчэ, і яшчэ!

Мішка
Працаваць, працаваць, працаваць!

Чыж
І чатыры і пяць і шэсць!

Галька
Мы ў намаганні
Першымі станем!

Васіліса
І прэмію — знаем —

Грамада
Мы — атрымаем!

Базыль
Аднак, пакуль парадкам
Турбот і перашкод.
Дарогаю нягладкай
Ідзе яшчэ завод.
Плеханаў гаварыў:
Як добра не працуеш,
Падточвае прарыў.

Васіліса
Яно па духу чуеш,
Дзе спад, а дзе прыліў.

Базыль
Слясарны цэх ці кузня
Не дадуць у час
Замкоў, ці шпіц, ці лузін —
Затрыманы заказ.
Вось так і нечакана
Ўразаешся на мель.

Чыж
Якія капітаны,
Такі і карабель.


Прыбягае Стрэльбін

Стрэльбін (убачыўшы вясёлую грамаду, абурана)
Сабраліся, аллё… Час марудзіць?
Ноч, глядзіце, стукаецца ў грудзі.
Растрачваеце сілы?.. Раніцою —
На работу позніцеся, — гер-ро-і…
(Бачыць, што крыкам не ўздзейнічаеш, просіць)
Разыходзцеся…

Галька (жартліва)
Максім,
Глядзі, я высахла зусім…

Васіліса
І мне ты сэрца так параніў…

Стрэльбін
Я… я… ні я… Даволі! Я пытанне
Аб вас пастаўлю на бюро

Мішка
Стрэльбін, што з табой? Здароў!

Стрэльбін (углядаецца)
Аллё… ў парадку спрэчак — госць!

Галька
Максімка, зжалься, сэрца ў ранах…

Стрэльбін
Ну, як пчала на мёд…
(Расказвае Мішку)
Удар-ні-кі, аллё,
А не кратае іх праблема прамфінплана
За працай — охкаюць,
А як гуляць — гарой!
Пытанне я пастаўлю на бюро.
(Ідучы з палявання, падыходзіць Клім, чуе скаргу Стрэльбіна).

Клім
Адразу й на бюро? Няйначай?
А справа важная? Каго?

Стрэльбін
Таварыш Клім, я знаю, я гарачы,
Але я ўсіх, усіх да аднаго.

Галасы
Го-го-го!..

Мішка
Добры вечар, з баявой пашанай!

Клім
А… маё, вітаю. Госць жаданы.
Зусім?

Мішка
Але.

Клім
Вітаю, брат, вітаю.
Работы ў нас…

Мішка
Расказвалі, я знаю.
І вы баец, са стрэльбаю…

Клім
Парой —
Люблю ў лясах са стрэльбай патаптацца.
Ўспаміны сцелюцца мяцеліцай ліхой,
Калі з вінтоўкаю прышлося сярбавацца.
I дзень і ноч, прыгадваю, гады —
Вінтоўка з рук не сходзіла ніколі.
Ішлі праз лес, праз сёлы, гарады,
І сэрца рвалася ў прастор жыцьця,
на волю!
Мы гналі ворага, нас песня звала у бой,
Гучэла водгуллем: — „ў комуне
астаноўка“.
Мы гналі ворага навалай штурмавой,
І неразлучная — ў руках твая вінтоўка.
І вось цяпер, каб не адвыкла вока,
Часамі ў свой выходны дзень
Іду у лясок, знайду сабе мішэнь
І, як калісь, — у лоб на 300 крокаў.

Галасы (здзіўлена)
У лоб — на 300!
Вось страляе!…

Клім
Бывае
Часам зайчыка прыдбаю.

Стрэльбін
Я на бюро!.. Аллё, браточкі,
Даволі, хопіць, заўтра-ж дзень рабочы.
За нас ніхто не будзе працаваць.

Мішка
Працаваць — умова важная, вядома,
Але й на лыжах часам маладому…

Базыль
І Роза Люксембург казала бязупынна:
Адно другому шкодзіць не павінна.

Стрэльбін
Я… на бюро!

Клім
Чакай, якраз наадварот, —
Гуляць павінен ты, расці павінен дужым,
Байцом гартованым, як сталь, павінен
быць.

Васіліса
Само нек па сабе,
А вышаў мітынг дружбы.

Галасы
— Мітынг дружбы,
— Роста,
— Барацьбы!

Усе (пяюць)
Здымем адвечную цвіль,
Здымем вякоў павуціну
Поступам нашым нястрымным
Новыя тысячы міль
Браць мы штодзённа павінны.
Сілай магутнаю рушымся біцца —
Ў бой —
Грамадой
Штурмавой.
Большэвіцкай!

Хто ў нашы дні перамог
Лютымі змовамі шкодзіць, —
Штурмам прыбою разводдзя
Зломім на нашых шляхох,
У нашым вялікім паходзе.
Сілай магутнаю рушымся біцца —
Ў бой —
Грамадой
Штурмавой.
Большэвіцкай!

Гукнем наступнаму дню —
З гонарам на рыштаваннях:
Наша жыццё, што ўсход світання,
Яго маладому разліву — агню
Слава і песні змагання.
Сілай магутнаю рушымся біцца —
Ў бой —
Грамадой.
Штурмавой.
Большэвіцкай!


АКТПЕРШЫ



ВЯЗЬМО I
Кватэра бракера Зарэмбы. Зарэмба і Кандраль п‘юць гарбату. Пыхціць самавар. Ля камоды сядзіць жонка Зарэмбы — Юзэфа — разглядае віды-паштоўкі.

Зарэмба
Яшчэ, яшчэ, швагруська, налівай…

Кандраль
Ды ўжо-ж, чаго-чаго, а ёсць вады…
(Налівае)

Зарэмба
Фруктовы толькі чай.

Кандраль
Такой бяды…
(Шклянка трэскаецца)
Трэснула… ну, й шкло пашло.
Ці-ж гэткае раней у нас было?

Зарэмба
Ды гэта брак, адкід, а не тавар.

Кандраль
Які тавар, такі і гаспадар.
Крута…

Чыж
Зарэмба Воблаю падкармліваць гуту…
Гэ, Кандраль, з вялікага палёту
Нізка сядуць…

Кандраль
Бітымі ў балота.

Зарэмба
Ведама, дзе-ж дзенуцца?

Кандраль
І скора.

Юзэфа (разглядваючы паштоўку)
А во — Берлін. Вось гэта горад!
Мужчыны, гляньце, тут пажыць
За дзень і год аддаць не шкода.

Зарэмба
О-го і год…

Кандраль
Ну, што там, пакажы?
(Падыходзіць да Юзэфы, разглядвае паштоўку)

Юзэфа (да Кандраля)
А колькі тут жыццёвай асалоды!..

Кандраль
Гэт, ці-то-ж Бярлін?
Вось да вайны тым часам.
Там былі
І выдраштрасы…

Юзэфа
А я… хацела-б там пабыць.

Зарэмба
Пабудзеш, дзе-нібудзь пабудзеш.

Кандраль
Маліся, выпрасі канчыну галыцьбы,
Маліся — зноў.
Пад богам будуць людзі.

Зарэмба
Маліцца, ведама…
Але аднэй мальбой
Не справіцца з бязбожнай галыцьбой.
А сціхам трэба, мірна і з падходцам,
Узяць к сабе, бліжэй, вось гэтак, хлопцаў

Кандраль
То праўда божая…
(Зачэпліваецца за падлогу, падымае бот і разглядае яго).

Юзэфа
Ад чаю ап‘янелі?

Зарэмба
Сукі адны, бракованыя зрубы…

Кандраль (трасучы ботам)
Цвікі совецкія… Нашу нядзелю,
А вышчырылі зубы.
І хата, як з карчоў. А но-овы
Пасёлак для рабочых пабудован
Затапіць-бы… Следу каб не стала,
Паводкаю няхай папаласкала-б!
Бывала да вайны і зносу ім няма…

Зарэмба
Бывала да вайны?…
Бывала, брат, бывала.
Цяпер — няма? Кіраўнікоў не стала.

Кандраль (мацае самавар)
Халодны ўжо…

Зарэмба
Астыў? Юзэфа, падагрэй.

Юзэфа (бяручы самавар)
Гэй, Андрэй, душагрэй,
Маладзіцу абагрэй.

Зарэмба
Саграваў я маладзіцу,
Задымілася спадніца.

Кандраль
І праз год, ад граха
Нарадзілі… курыцу.

(Смех, Юзэфа выходзіць. Круцяць цыгаркі з махоркі. Кандраль бярэ ласкуток паперы, глядзіць на агонь, чытае).

Зарэмба
На сэрцы нуда, а, паверыш,
Закурыш і ўсё нек дарма.

Кандраль (чытае)
Рыс-сава-я папера…
(Жартам)
Папера засталася, а рысу і няма…
(Смяюцца)

Зарэмба
Сягоння я процантаў сорак
Брак прызнаў…

Кандраль
Сорак?

Зарэмба
Сорак.
І адразу рапарт у кантору.
Што калі такая якасць —
Ой, дадуць, пішу я…

Кандраль
3 гакам.

Зарэмба
І толькі так. Тады —
Дырэктар на дыбы,
Ячэйка за чубы.
Брак. Брак.
Паніка. Брак.
На ногі завод.
На ногі барак.
Крык на двары:
Пр-ра-арыў…
Сход. Мітынг. Штурмавалі.
Гаварылі і крычалі —
А машыны… прастаялі.
Разумееш? От, з паходцам,
Сціхам, мірна, але моцна.

Кандраль
І ў мяне арцель — што я,
Справа ў нас — адна, свая.

Зарэмба
Хлопцаў ты сваіх настрой —
Хай спецоўкі патрабуюць.
Не дадуць — хай грамадой
Усе… як быццам забастуюць.
(Кандраль садзіцца на канапу)

Зарэмба
Будзь, швагрусь, напагатоў,
Донбасу тысячу дамоў
Завод наш вырабіць змушаюць.
Калі-ж хто сціхам, мірна памяшае…

Кандраль
Хай толькі бог благаслаўляе!

Зарэмба
Ты разумееш — дзе паслуга,
Ці-ж мы нячулыя з табой?
Советам, знай, патрэбен вугаль.

Кандраль
Як хлопец дзеўцы маладой…

Зарэмба
Бяруць шахцёра, а кватэру
Яму зрабіць павінны мы.
Мы зробім… з гнілак і фанеры,
Каб не ўстаяў аднэй зімы.
Раз — хата дрэнь, раз вецер шорыць,
Дык менш вугля дадуць шахцёры.
А менш вугля — дык з кожным годам
Усё больш зачыніцца заводаў.
Заводаў зменшыцца — затое
Пачнецца болей беспрацоўе.
Ці-ж мы нячулыя з табой?
Пілі сучкі, Кандраль,
Падпільвай прамфінпланы.

Кандраль
А галава ў цябе разумная, што ў пана.
Галовы гэткія бывалі да вайны.
Разумна кажаш… Сукіны сыны,
Не дзецца ім нідзе, не дзецца ад труны.

Зарэмба
Не трэба змовы, не, не трэба,
Я сам сабе, а ты сабе…

Кандраль
З божай ласкаю як-небудзь
Ix… з зямелькі саскрабем…

Зарэмба
Баяцца, што? — Наадварот!
Цяпер рабочых недахоп.
А сціхам, мірна і з падходцам
Падлівай у сэрца воцту.
Змоў не трэба, не, не трэба —
Ты сабе, а я сабе.

Кандраль
Сведкай будзе толькі неба
Ў нашай страшнай барацьбе.

(Юзэфа прыносіць самавар)


Уваходзіць дзелавод Крот

Крот (страхае снег, расцірае вуха)
У-ух-жа скруха-завіруха…
Мабыць вымаразіў вуха.
Добры дзень.

Кандраль
А ўжо-ж, нішто.

Юзэфа
Распранайце паліто.

Зарэмба (жартліва)
Прашу… Мірон Саўкавіч Крот.

Крот
Не Мірон-жа я, а Нэррон,
І не Саўкавіч, а Саулавіч
І не Крот-т, а Крод-д, —
На заводзе старшы дзелавод,
Нэррон Саулавіч Крод-д.

Юзэфа (углядаецца ў акно)
А сыпіць снег, ой… сыпіць.

Зарэмба
Гарбаты шкляначку выпі.

Юзэфа
Грэйцеся.
(Паказвае на вуліцу)
А круціць заўзятна.

Крот
Дзякую.
(Юзэфа падае цукар)
Далікатна.

Зарэмба
Паспееце дзякаваць.

Юзэфа
Проша…

Крот (выскаквае са стала)
Забыўся я скінуць галёшы.
(Адыходзіць у кут — скідае)

Кандраль
Ці-ж гэта галёшы? — Чаўны.
Бывала былі да вайны,
Глыбокія, акуратна.

Крот (успомніўшы)
А-га… Далікатна.
Я ўспомніў… Да нас
На завод значыць…
Навіна.

Юзэфа
Сядайце, кубачак…

Зарэмба
Аднак…

Кандраль
Навіна?

Крот
А-га.

Зарэмба
Навіна?

Кандраль
Кажы.

Зарэмба
Расказвай, адразу.

Крот
На завод прыехаў цяпер
З дырэктарам — інжынер.

Кандраль
3 кім?

Крот
З дырэктарам.

Зарэмба
На зусім?

Крот
А-га.

Зарэмба
Малады?

Кандраль
Знатны?

Крот
Не ведаю.
(Юзэфа частуе цукеркамі)
Далікатна.

Зарэмба
Адзін?

Юзэфа
Сямейны?

Кандраль
Комуніст?

Крот
Беспарцейны.

Зарэмба
Глянем, як дуне вецер…

Кандраль
Цяпер інжынеры — смецце,
Да вайны, бывала, ну!

Юзэфа (налівае гарбату ў шклянкі)
Вып‘ем за навіну.

Зарэмба
Чай хруктовы…
(Садзяцца за стол)

Кандраль
Хфрукта… сус-стр-рэнім!..

Крот (дуе на сподачак з гарбатай)
Будзем здаровы!

Юзэфа
Бярыце варэнне.

Крот
Ага. Забыўся якраз,
Інжынер, што прыехаў да нас
Шкоднік. На дзесяць год
Па трыбуналу…

Зарэмба
На наш завод?

Крот
А-га. Справіцца хоча.
Казалі, рабочым —
Прышла папера.

Зарэмба
Якая?

Крот
Каб інжынера
абкручвалі атмасферай…

Зарэмба
Гым… абкруцім. Асколак.

Кандраль
Сволач.


(Уваходзіць Цімох)
Зарэмба
Справіцца хоча?

Кандраль
Хфрукт…

Зарэмба
Асколак
Цюрму прамяняў на цюрму.
(Да Цімоха)
Чаго швэндаешся?

Цімох
А чаму?

Кандраль (да дзелавода)
Сволач… Прыехаў зусім?

Крот
Ды я, далікатна, пры чым?

Юзэфа (да Цімоха)
Цімачка, выпі гарбаты…

Зарэмба
Яшчэ што, гарбаты яму?

Цімох
А чаму?

Зарэмба
Ты глядзі — у комсамолы —
Я тады цябе прыму, —
Хай не прымуць!

Цімох
А чаму?

Зарэмба
Што ты чамкаеш? Ч-чаму?
(Юзэфа абымае Цімоха)
Крэслам зараз абніму.

Цімох
А чаму?

Зарэмба
Вон адгэтуль, абармот!

Юзэфа
Сціхні…

Зарэмба
Твой-жа гэты недарод.
От, удаўся. Змый сляды…

Цімох (выходзячы)
А куды?

Крот (спачуваючы Юзэфе)
Валаводзяцца па свету…

Юзэфа
Не шчаслівыя яны…

Кандраль
Вось, бывала да вайны,
Як дубы раслі сыны.

(Цімох адчыняе дзверы, высунуўшы галаву, звяртаецца да бацькі)

Цімох
Інжанер прыехаў. За табой
Ён мяне паслаў…

Зарэмба
Цяпер?

Кандраль
Інжанер?

Юзэфа
К яму?

Зарэмба
А чаму?..

ВЯЗЬМО II
Пакой Чыжа. На сценах сярод партрэтаў правадыроў Леніна і Карла Маркса партрэт Н‘ютона, а поруч чарцяжы. Над усім гэтым лозунг — „Комсамолец, вынаходкі — аддавай для пяцігодкі“. Лозунг напісаны рукой — вакол тэкста малюнкі знарад-ракеты. Па пакоі раскіданы кавалкі жалеза, дрэва, інтрумант. Чыж за работай.

Чыж (пяе)
Сяду, сяду ля граніцы — ей-жа-ей.
Закуру сваёй махрыцы — ей-жа-ей.
І на захад, як разведка — ей-жа-ей.
Дым плыве цераз палеткі — ей-жа-ей.
Пераплыў істужкай шэрай — ей-жа-ей.
У палацы Бельведэра — ей-жа-ей.
Там — гармідар, гвалт, адразу — ей-жа-ей.
Адзяюць працівагазы — ей-жа-ей.
Крык падняўся між панамі — ей-жа-ей.
— Зноў рука Масквы над намі — ей-жа-ей.
Я-ж смалю каля граніцы — ей-жа-ей.
Нашу ўкраінку махрыцу — ей-жа-ей…
(Стругае трубкі. Захоплены працай крапатлівай і цікавай)

Чыж
Мне жыццё нямілым будзе,
Як свайго не дасягну
Э… эх, Чыж,
Не прагарыш!
Целеграф забудуць людзі,
Ўсю навуку ўскалыхну.
Ліха, гора, смех і сорам,
Будуць сыпацца, як град.
Э… эх, Чыж,
Не прагарыш!
Цераз пушчы, горы, мора —
Будзе лётаць мой знарад.
Каб пабіць рэкорд сусветны —
Трэ‘ цярплівасць і напор.
Э… эх, Чыж,
Не прагарыш!
Выйдзе, выйдзе — гэтым летам,
Я сусветны б‘ю рэкорд!
(Вымярае цыркулем даўжыню трубкі)
Раз… два…
(Далей лічыць неразборліва)
Дваццаць два
(Бяжыць, вымярае на чарцяжы)
І тут латва, —
Дваццаць два!..
Эх, ідры-тваю ў Еўропу,
Каб удаўся толькі вопыт,
Што матэрыя людская
Мой знарад не затрымае…
Э… эх, Чыж,
Не прагарыш!
Пусціць, выпусціць — чаго там,
Не дарма мая работа.
(Зноў бярэцца за працу)
Каб сусветны ўзяць рэкорд!
Трэ‘ цярплівасць і напор!


Уваходзіць Цімох з заявай у руках. Дзверы за ім механічна зачыняюцца. Цімох аглядаецца, яго дзівіць: што гэта такое?

Чыж (да Цімоха)
Малачуга-валацуга,
Рад табе я аднаму:
Стань вось гэтак, будзь-жа другам,
Ты не бойся…

Цімох
А чаму?

Чыж
А чаму? — Хадзі, вось гэта —
Будзе лётаць па сусвету.
(Паказвае чарцёж)

Цімох
А чаму?

Чыж
Таму, што гэта
Мой знарад, мая ракета.
(Скорагаворкай)
Цераз горы, цераз мора,
У любы на свеце горад,
Праз муры і цераз люкі
Проста кожнаму у рукі,
Ці ў Берлін, ці ў Будапешу
Перадам адсюль дэпэшу.
І па сувязі таму
Міравы рэкорд вазьму.
Разумееш?

Цімох
А чаму?

Чыж
Зробім вопыт. Досыць чмекаць,
Стань вось тут, гудзі, як хват.
Трэба, каб праз чалавека
Праляцеў стралой знарад.

Цімох
А чаму?

Чыж
Гудзі, дубіна,
Варушыся, рві прастор!
(Падыходзіць да ракеты)
Чалавек, як і машына,
Мае ўласны свой матор.
(Глядзяць на Цімоха, які верціцца)
Гэтак, гэтак… Больш рухава…
Зараз зловіш…

(Займаецца сваёй ракетай. Цімох кінуў вярцецца, падыходзіць да Чыжа з заявай, а ў гэты момант Чыж уключае ракету)

Цімох
Слухай, Чыж,
Рыкміндуй маю заяву,
У комсамольцы падпішы.

Чыж (узяўшыся за галаву)
Праляцела дзікай галкай,
Во, ламай тваю, качалку,
Падпішу табе… прышвацькай!

Цімох
А чаму сказаў мне бацька?

Чыж
Стань назад. Гудзі маторам.
Варушыся! Скорасць… Скорасць.
Ну, яшчэ!
(Цімох зноў пачаў гудзець і вярцецца.
Чыж сябе супакойвае)

Узяць рэкорд,
Трэ‘ цярплівасць і напор.
(Чыж зноў рыхтуе к стрэлу ракету)
Я цябе, цюхцяй, дайму.
Раз, лаві!

(Трэск ракеты. Цімох круціцца, падлятае Чыж. Цімох яму
выпроствае рукі)

Няма?

Цімох
Чаму?

(Чыж шукае ў Цімоха па кішэнях, лазіць за пазуху, глядзіць
у валёнках так нервова і злосна)

Цімох (стаіць разняўшы рукі, як для вобыска)
Наказваў бацька падпісаць
Рыкміндацыю ў ячэйку…

Чыж (злосна)
Адыйдзі, дуб‘ём прайму.

Цімох
А чаму? (выходзіць)

(Чыж апусціўшы галаву садзіцца і ціха, ціха пяе сабе пад нос)

Сяду, сяду ля граніцы
Закуру свае махрыцы
— ей-жа-ей…

ВЯЗЬМО III
Мост. Праходзе Клім, — насустрач яму… Стрэльбін, Чыж, Базыль і Акуліна. Сустрэліся. Комсамольцы ўзбуджаныя.

Стрэльбін
Аллё, якраз і Клім… Кажы,
Ці бачыш ты, як лоўка ўсё праходзе?
Мы ўсе.

Чыж
Мы ўсе!

Стрэльбін
Ўсе пойдзем на нажы,
Не пусцім шкоднікам
Туліцца на заводзе.

Базыль
Мы выступім.

Акуліна
Цярпець не будзем!

Чыж
Годзе!

Клім
Шкодніцтва… нажы…
Толкам раскажы.

Стрэльбін
Ці-ж на заводзе ўсё ў парадку?
Ці-ж працы ў нас патрэбны спор?
А тут-ка вось — нагрузачка прыдаткам, —
За шкоднікам стаўляй яшчэ дазор.

Акуліна
Работы з галавой, мабілізуеш сілы, —
Інжынерчык, калі ласка, белакрылы.

Чыж
Ён, скруці яго качалку,
Наш завод знясе на звалку.

Стрэльбін
Мы не дапусцім ні на крок.

Базыль
Казаў Дзяржынскі — з году ў год,
На замок —
Ад шкоднікаў завод!

Клім (спакойна)
Не зарывацца, ша!

Стрэльбін
Маўчаць!

Клім
Не зарывайся, чуеш?.. Даць
Усе мажлівасці, няхай
Працуе, глянем, як пачне.

Стрэльбін
Эт… Цягне ў лес ваўка заўсёды.

Чыж
Мы на завод не пусцім.

Галасы
He!

Клім
Вы сціхамірцеся. Заводу
Спецыяліст патрэбен. Даць усё.
Зірнем, як будзе працаваць сягоння.
А мець павінны — востры зрок, чуццё…
Ён на заводзе ў нас —
Як быццам на далоні.
Мерапрыемства кожнае, праект
Мы на вытворчае нарадзе абгаворым.

Стрэльбін
Таварыш Клім, ты мяккі чалавек.
Апартуністы, вось хто…

Базыль
Скора
Да чорнай дошкі скоціцца завод.

Клім
Наадварот,
А загібаць вы не павінны.

Акуліна
Загіб —
Благое парушэнне дысцыпліны.

Клім
Дысцыпліна партыі — закон.
Усціхамірцеся…
Хадзем, хадзем на працу.

Стрэльбін
Комсамол застрэльшчык,
Яму — па праву — тон.
Не будзем мы са шкоднікамі знацца!

Клім
Комсамолія — у баях перадавік,
Але не забывайцеся ніколі,
Што партыя ў краіне кіраўнік,
Яе галоўная кіруючая роля.
Калі, каб справіцца,
Прыслалі інжынера, —
Знае партыя, што робіць.

Акуліна
Гэта верна!

Клім (да Акуліны)
На гэтых днях збяры заводскі сход.
Мой даклад. Я мушу растлумачыць.
(Да Стрэльбіна)
А ты — харошы хлопец, але бяда — гарачы.

Акуліна
Унечарговы сход?

Чыж
Пераварот!

Стрэльбін
Шкодніка не пусцім на завод!..


Лёд. Сезоннікі-зімшчыкі за працай. Падаю́ць на круках бярвенні. Гудзіць пад‘ёмны крант.

Кандраль
Што, прысядзем падкапціцца?

Міколка
А чаму не закурыць.

1-шы сезоннік
Калі ё махра-махрыца.

Кандраль
Ну, давай, брацця, махры.

Галасы
— Ты не дуры…
— Вымай свой кіцель.

Клыч
Магу ўдружыць вам аганьком…
(Шаркае сярнічкай)

Кандраль
Дый, ці-ж я вам распрадзяліцель?
Няхай махоркі дасць заўком.
Вы, што працуеце? Агулам
Соцыялізм прышлі рабіць?
Няхай-бы ўласць пра вас пачула,
І вам прыслала-б закурыць.

2-гі сезоннік
Якая ўласць — такі закон.

Клыч
„На-пяць“ у тры бяры разгон.

Кандраль
Хэ-хэ-хэ-хэ… Яно з разгона
Соцыялізма ўся — тарчма.

Клыч
Махры няма,
Дык на… талоны.

Кандраль
Чакай, чакай, яшчэ дарма!
Пакуль там тая пяцілетка —
У галаштанніцу абернецца народ.

1-шы сезоннік
Не загаварвай, на газетку.

Клыч (бярэ газетку)
Дымок падпусцім пад… завод!

2-гі сезоннік
Давай-давайце, ліквідуем.

Міколка
Глядзі, арцельна раздзяры.

Клыч
Калгасы, так сказаць, касуем,
На гаспадаркі — хутары.

Рвуць газету на роўныя кавалкі. Кандраль дае тытунь. Закурваюць.

Кандраль (задумена)
Жыццё падмочана…

Міколка
Тым часам,
А ў нас там плодзяцца калгасы…

Кандраль
Дый-не! Не з гэткіх я! Ой, не!
Мяне калгасам не кране.
Глядзі густы ўсплывае дым
Увысь, увысь, глядзі — ўсплывае —
Але… як і туман
Над поплавам заўжды —
Узнімецца, затым і асядае.
Вось гэтак і жыццё,
І край,
І наша ўласць, —
Ішла ўгару,
Цяпер садзіцца ў гразь.

Міколка (выпусціўшы дым цыгаркі)
Клубком пашоў, а ніцам
Рассыпаўшыся — во
Садзіцца, — во — садзіцца…

Кандраль
Куды б жыццё не йшло,
Яно к магіле прыдзе…


Прыходзіць Мішка Пачын

Мішка
Добры дзень, таварышы.

Галасы
Дабрыдзень.

Мішка
Як бачу, курыце?

Міколка
У зацяжку…

1-шы сезоннік
Перадышка ў працы цяжкай.

Клыч
А-а… дзень добры, шматтыражка…

Мішка
Закурыць — не ёсць памылка,
Але ў свой час.

2-гі сезоннік
З вусамі самі…

Кандраль
Былі бывала чышчаныя жылкі,
Тады й закурвалі часамі.
А цяпер…

Міколка
Рады ў гады…

1-шы сезоннік
Зацягнем самасею.

Клыч
Што-ж, пацерпім…

Кандраль
Ад бяды
Курыць наўчылася Расея.

Клыч
Дзе ж набрацца ўсім?

2-гі сезоннік
Не дзіва.

Кандраль
А народ мы церпялівы.

Мішка (да Кандраля)
Барада, ты хітра гнеш,
Другое ў розуме трымаеш.

Кандраль
Не гну і не ганю… А мне
Не закурыць — радзіны праклінаю.

Мішка
Не за-ку-рыць!.. Куры!
Ці-ж не стае махры?

Міколка
Зусім няма ў нас.

Мішка
Як?

Галасы
— Няма.
— Уг-га…
— Даўно не выдавалі.
— Дзярмо жыццё!

Клыч
Чарней дзярма!

Мішка
Як бабы, от, засакаталі.
Мне ясна ўсё… Братва,
Ці-ж на плячах у вас не галава?
Ці-ж кожны з вас малы?…
Вы гляньце — там —
Працуюць, як валы!
А вы?.. Страхніцеся.
Гуртом — людской асадай,
Усім агульную, для ўсіх народзім
радасць
Рабо-отнічкі… Рабо-очыя!.. Ссычом —
Сакочаце — махры ня-ма, што куры.

Кандраль
Брацця, звярні яму
Махры, няхай закурыць.

Клыч
Магу ўдружыць вам… аганьком!

(Падыходзяць да Мішкі, соваюць яму акуркі, нарачыта задзірліва)

1-шы сезоннік
На, пацягай.

Мішка
Ты не дуры.

Галасы
— Не зазнавай!
— Маёй махры…
— Курні…
— Яй-яй!

Мішка
Не забывайцеся!.. за працу!

Кандраль
Не пужай!

Клыч (замахнуў рукой)
Таварышу радактару — з рабкораўскім
прыветам!

Мішка
За працу, хлопцы! Што-ж, давай,
давай.
З прарываў, ганьба нам, не вылезці
дагэтуль

Голас здалёку
Лес… Давайце лес…

Клыч (увіваючыся ля Мішкі)
Ест!
Хата,
Дзве сасонкі.
Сам куртаты,
Голас тонкі…
(Паступова бяруцца за працу)

Кандраль
Бывала, помню, да вайны,
Нас не ганялі так паны.
А цяпер —
І шкоднік інжанер
будзе камісарам.

Мішка
Барада, не дарам —
Ты, як звер,
Чакаеш нашай згубы.
Ой, глядзі, паломіш зубы…
(Выходзіць)


Мост. Праходзяць дырэктар завода, сакратар парткалектыва і інжынер. Працуюць сезоннікі. Неўзабаве Кандраль іх заўважае, прыслухоўваецца да гутаркі, затым падбухторвае хлопцаў — „націскай, далікатна, але моцна“…

Дырэктар
Расцём, Аркадзі Карлавіч, расцём.
(Паказвае на груды лесу)
Адгэтуль мы харчуемся сырцом.
Па берагу — запасы нашы, склад.

Клім
І тут прарывы,

Дырэктар
Спосаб працы просты.

Інжынер
Я раю вам паставіць самакат,
Механізацыя — найлепшы сродак роста.

Клім
Покуль самакат — прарывы заядуць.

Інжынер
Я пацікаўлюся. Я вывучу. Знайду.

Дырэктар
Ітак, прышлі к канцу,
Ад гатоўкі да сырцу.
Які, Аркадзі Карлавіч, настрой?

Інжынер
Заве, Кірыл Антонавіч, завод
Рэканструіраваць працэс усіх работ.

Клім
Рэсурсы ёсць.

Дырэктар
З прывозам крута.

Інжынер
Не спатрэбіцца валюта.
Праз дэкаду канчаткова
Дам праект перабудовы.
Зверым разам і… затым
Дазволіце? — Аддам —
і вопыт свой і ўздым.

Дырэктар
Для працы вам — прастор і ўмовы.
Але сумленна, шчыра!

Інжынер
Шчыра! (паціскаюць рукі).

Клім
І абавязкова —
Прыслухоўвацца к рабочым прапановам.
(Сыходзяць уніз)

Кандраль
Чалом, дарэктару, чалом.

Галасы
— Мы скардзіцца дарэктару ідом.
— Адданасць мы, дарэктару нясом.
— Чалом, дарэктару…

Кандраль
Пакораю гнем плечы.

Дырэктар
Што за спектакль серэднявечча?

Клім
Што-вы? Што-вы? Людзі ці скаты,
Манера шкодная. З падрывам
што краты.

Кандраль
Кірыл Антонавіч, і вы, таварыш Клім,
Адданасць выказаць прышлі.

Клім
Вітаць арцеллю нашы рады
Насіцеляў совецкае ўлады.

Клім (злосна)
Пашто спектаклю развялі?

Кандраль
Звярнуць увагу хочам.
Далі валёнкі нам? Далі.
Забыліся падшыць. А мы іх топчам.
Мы-ж не па небу ходзім, па зямлі.
І працы больш таварышам рабочым.
Былі-б падшытымі, трымаліся-б даўжэй.

Дырэктар
Вы што надумалі?

Кандраль
Таварышы, вядома,
Мы ў бараку жывем…

Клыч
Ей-ей.
Бакі мазоліць сцёртая салома…

Галасы
— Курыць няма чаго!
— Разлезліся калені!
— За працай, як валы!

Кандраль
А мы народ сумленны…

Чыж
Дырэктар Не разумею…

Клім
Што гэта?

Дырэктар
Падход з цікавым скрогатам.
(Пад‘ёмны крант з гулам абрываецца).

Інжынер
Абрыў!

Дырэктар
Аварыя?

Галасы
— Няшчасце!
— Што такое?
— Хутчэй!
— Назад!
— Аварыя?
— Бяда!

(Інжынер падыходзіць разам з дырэктарам і Клімам да месца аварыі, за імі сцяной сезоннікі. Відаць прачка Ліпа, што палошча бялізну. Яе крык парушае цішыню)

Ліпа
А ліханька… Я трусікі згубіла…

Інжынер
Ясна. Неахайнасць:
Бервяном заблытаны ланцуг —
Загарадзіў дарогу валіку й зубцу.

Дырэктар
Нядбайнасць толькі?

Клім
Жартуеце з агнём!

Кандраль
З агнём? А дзе ён, у каго?
У грудзёх у нашых,
Змораных, рабочых.
(Паказвае на сезоннікаў).
Вось — агонь, — жывы, людскі агонь.
А вы? Мы знаем вас…
Відаць, на што ахвочы.
Завод апушчаны. Усё ідзе на спад.
Пад‘ёмнік кокнуў.
Грызе прарыў іржавы.
Так вучыць партыя? Наўрад.
Мы ў Цык даб‘емся,
Сталіну заявім.
На шыю сесці не дадом.

Дырэктар
О-го, вучоная лісіца.
Нашпігованы не нашынскім душком.

Клыч
Не пушчу на карак мне садзіцца!

Дырэктар
А карак твой — нішто, адкормлены,
ўтрымае.

Кандраль
На сходзе пагаворыма.

Дырэктар
Пужаеш?

Інжынер
Заблакаваўшы трос —
І стане крант прыгодным,
Зубцы ў ланцуг узяць.

Кандраль
Шкоднік!
Во каму прастор і шыр.

Клім
Кандраль, Кандраль, не дзебашы.

Кандраль
Прыгон?

Клім і дырэктар
Што-о?

Клім (да сезоннікаў)
Вы чуеце? Кандраль прыгон
угледзеў.
Чаму ж вы маўчыцё?.. Прыгон?
Мы на каго працуем, на каго?
Хто гвалтам змушаны? Кажы!
Хто на памешчыка жыццё сваё
кладзе?
Кажы, расказвай, дзе ён? Пакажы.
Прыгон угледзеў? Дзе, паказвай, дзе?
Крывёй уласнаю, жыццём уласным
творым
Вялікі, новы свет, упарта,
з песняй гучнай…
А хто прыгон шукае, ён закляты
вораг,
Альбо класавага ворага падручны.

(Дырэктар падняў бервяно, усклаў на плячо, панёс. Бярэ бервяно Клім)

Клім
А ў непарадку што, нядбайнасць,
ці злачынак,
У газетку дай, вынось на сход.
Пільнуй, глядзі і ведай
штохвіліну —
Ты — гаспадар, бо гэта наш завод.

(Падыходзіць Міколка, бяро Клімава бярвяно з другога боку; падышоў дапамагчы)

Міколка
А вось, скажыце вы, таварыш Клім,
Калі збудуем мы жыццё,
якое хочам,
Тады скажыце вы, ці можна будзе
ўсім
Жыць сабе, ці толькі для рабочых?

(2-гі сезоннік бярэ бервяно ад Кліма і весела адказвае Міколку)

2-гі сезоннік
Усім, гурбой,
І нам з табой…
(Выносяць бервяно)

Клім
Правільна, няясна што, спытай.
(Увайшоў дырэктар, бяручы другое бярвяно)

Дырэктар
Давай, давай, давай!

(Уцягваюцца ў работу паступова іншыя сезоннікі. Бяруцца за работу нават Кандраль і Клыч).

Клім
Галоўнае, каб не зрываць работ,
А што няясна — вынесем на сход!
(Уключаецца ў работу)
Прыбягае Ліпа

Ліпа
Людцы добрыя, праз вас,
Я бялізну паласкала —
Раптам… трусікаў не стала.

Клыч
А спадніцы не згубіла?
(Смех)

Кандраль
Рукі ў брукі, ногі ў клетку —
Выпаўняе пяцілетку.
(Рогат)

Клім (да Кандраля)
Эх, падкулачная лісіца,
Смейся, што-ж, —
Дзе здарыцца садзіцца?

Ліпа
Хлопцы, мілыя,
А трусікі згубіла я.

ВЯЗЬМО IV

Вечарэе. На снежным сумёце Васіліса і Радзецкі.

Радзецкі
Мы народжаны вальсіцца,
Як арлы ў высь узвіцца.
Мы з табой заўжды ўдваіх,
Мы вышэй, вышэй за ўсіх!

Васіліса
А пакуль з тваіх высот —
Пабягу, пайду на сход.
І не ўдвох, а калектывам…

Радзецкі
Ліквідацыя прар-рываў?
Васіліса!

Васіліса
Ян!

Радзецкі
Кахаю!
Ты — мая! А я?

Васіліса (жартам)
Не знаю.

Радзецкі
Васіліса,
Мой герой!

Васіліса
Хай зайздросцяць нам з табой.
(Цалуюцца)
З-за гары ідзе Мішка і Галька

Мішка
Зіма. Зіма прышла.
Гэткая, здаецца, й не была…

Галька
А снегам колькі намяла…

Мішка
Такой бяды!
Пашто нам халады,
Калі гарачая ваўчыцай
Кроў у нас з табой бруіцца.
(Радзецкі і Васіліса, трымаючыся за рукі)

Радзецкі
Васіліса!

Васіліса
Ян!
(Цалуюцца)

Мішка
Як замерзнеш, дарагая,
Я ў шынель цябе скатаю,
Прытулю вось так, вось гэтак…
(Ахутвае гальку у шынель)

Ускаквае Стрэльбін, запыхаўшыся: спяшаецца на сход. Насустрач яму Ліпа. Стыкаюцца.

Ліпа (трасучы падштаннікамі)
Знайшла я трусікі, знайшла,
Саколік, глянь…

Стрэльбін
Сыйдзі, смала.
Спяшаюся на сход!

Радзецкі
Васіліса!

Васіліса
Ян!

Мішка (тулячы Гальку)
Вось гэтак!..

Ліпа
Мой саколік, лёс — шчаслівы!
(Вылазіць з-пад гурбы снегу Чыж. Бачыць —
пара — адна, другая, трэцяя — схапіўшыся
за галаву)

Чыж
Бо, ідры-тваю качалку,
Ліквідацыя прарываў!


АKTДРУГІ



ВЯЗЬМО V
Заводскі двор. Ідуць Клім і інжынер

Інжынер
І вось, пачуць мне хочацца адказ…

Клім
Прычын, каб хныкаць, тугой сябе
марыць,
Не бачу я, наадварот якраз.
Цяпер, Аркадзі Карлавіч, тварыць
Прастор шырокі, ўдзячная пара.
І вам мая найлепшая парада
Працаваць з адкрытаю душой.

Інжынер
Усё так…
Аднак і комсамол аградай
Аддзяліўся ў падазронасці глухой.
Люблю-ж я маладосць, таварыш
Клім,
І хочу я гарэць…
А на шляху прапоны.

Клім
Ад вас залежыць. І думаю адным —
Работай шчырай знішчыць
падазронасць.
Аркадзі Карлавіч, а ваш мінулы шлях?

Інжынер
Ну, чым давесці вам,
Што тут я не за страх
І не прыгонам?

Клім
Але мінулае — нязменна — зусім.
Дзівіць вас не павінна падазронасць.
І шлях у вас не шчырасці прасіць —
Яе заваяваць павінны працай плённай.
Настарожлівасць здаровая зусім,
Вы разумееце…

Інжынер (задумлена)
Я разумею вас, таварыш Клім…
(Некалькі крокаў праходзіць моўчкі)

Інжынер (схамянуўшыся)
Я… задаволены. Таварыш Клім, —
Смерць сваю спаткаў не без мучэнняў.
Але — Я пахаваў сябе, усё згінула маё —
І я святкую ўласнае, сваё —
Сваё, уласнае
Другое нараджэнне.
(Зноў ціха і задумлена)
А маці новая
Ці прыме з ласкай сына?..

Клім
Настарожлівасць
Дзівіць вас не павінна.

Чуецца рабочая песня „Гэй-жа, разам“. Клім і інжынер павольнымі крокамі ідуць у той бок, адкуль усё гучней і гучней даносіцца песня

Штурм прарыва. Працуюць комсамольцы, сезоннікі: дружна, уздымна, весела. На грудзе лесу сядзіць бракер Зарэмба. На вышцы правяць крант-канвеер Мішка і Чыж.

Грамада (за працай)
Гэй-жа, разам,
Гэй-жа, разам,
Гэй, адразу,
Возмем разам!
Гуртам, дружна,
Хлопцы, здужым!
Гэй —
Яшчэ,
Яшчэ,
Яшчэ!
Будзе сонца ззяць ярчэй!
Што ні стане
Ў час рабочы, —
У нас і камень
Зарагоча.
Гэй адважна!
Ўсё-для нас!
Дай, наляжам,
Дружна!
…Раз!

Базыль
Клара Цэткін гаварыла:
Перамога там, дзе сіла.

Стрэльбін
Братцы, хлопцы, хлопчыкі…

Мішка
Натужся, грамада!

Чыж
Суп‘чыкі, соп‘чыкі,
Суччы адкідай…

Сенька
Рабацішка комсамольцам —
Агурочак з перасольцам,
Пад Варшавай — гэта буду я.

Чыж
Заганю сваім знарадам
Завярынгу клёпку ззаду.
Пад Бэрлінам — гэта буду я.

Міколка (да Галькі)
Сонца села нізка-нізка,
Дзеўка к хлопцу а ні блізка.
Над калыскай — гэта будзеш ты
(Смех)

Стрэльбін
Аллё… Вы зрыўшчыкі работ!
(І раптам ласкава)
Братцы, хлопцы, хлоп…
Клыч яго перабівае, перадразнівае

Клыч
— Чыкі,
Лапці з лыка,
Невялікі
Ты музыка

Кандраль
Аднолькавае дабро.

2-гі сезоннік
Евы мятае рабро.

Мішка (да Клыча)
Сцеражыся, хфрукт няспелы!

1-шы сэзоннік
Не пужай!

Клыч
Замні фасон!

Чыж (да Клыча)
Рыла-мыла-чумадрыла,
З кракадзіла сальцісон!

2-гі сезоннік
Но-но-но…

Стрэльбін (Упрашвае не адрывацца ад працы)
Браточкі, хлопцы!

Клыч (да Чыжа)
Конскай плеўкі вынаходца!

Мішка
Сціхамірцеся!

Бракер (супакойвае адных і другіх)
Чаго-там,
За аднэй-жа ўсе работай.

Базыль
Сам Будзёны гаварыў:
Дзе ругня — там і прарыў!

Стрэльбін
На бюро! Вымову ўсім!
Хлопцы, братцы, што вы, —
Прынялі-ж мы пастанову,
Што бяром іх на буксір.
Дык выконваць…

Сенька
За работу!

Галасы
— Дружна!
— Гуртам!
— Штурмам!
— Ротай!

Кандраль
Так загоняць і ў чуму…
(Дастае папіросы, частуе сезоннікаў)
Адпачні. Курні хвіліну,
Пасядзіце.

Цімох
А чаму?

Кандраль
Чалавек-жа не машына…

(Невялікая група сезоннікаў на чале з Кандралем садзяцца, кураць).

Міколка (Ён працуе ля канвеера)
Эх, сасонніца-сасна,
Дні суровыя.
Бервяно да бервяна —
Хата новая.
(Уваходзяць Клім і інжынер)

Клім
Тысячу, братцы, тысячу —
Выпіліць, выстругаць, высечы!
(Сезоннікі, што курылі, убачыўшы Кліма, бяруцца за работу).

Мішка
Шырэй плячо, гайдайся, гэбаль.
Калі трэба — значыць трэба!

Міколка
Гаратлівасці былой
Час пазбыцца нам.
Забудуем шыр балот
Камяніцамі…

Клім (пытаецца ў Чыжа)
Што добрага чуваць?
Ці хутка пойдзе кран?

Мішка
Чыжова галава.
Не галава…

Сенька
Дзяржплан.

Клім
Без жартаў, хлопцы, як работа?

Чыж (тлумачыць)
На тры нарэзы быў зубец,
Абхват — чатыры абароты.
Я даў чацверты і… канец.
На 30 процантаў скарочана работа.
І ёй-ёй, ідры яго качалку —
Запрацуе зараз — ух!

Клім
Вось яна рабочая смякалка!

Уключаецца ў работу, інжынер падымаецца на вышку да Чыжа

Базыль (трымаючы сукатае бервяно)
Таварыш бракер, снасць
Такое дрэва ў дрызг разможджыць.

Бракер (добра і не разгледзеўшы)
Гэткі сук валюту дасць,
Падавайце, можна!
(Прыходзіць Радзецкі)

Чыж
Хлопцы, глянь, маладажон!

Мішка
Сціхамірся, Эдысон!

Чыж
Бубні — звон,
Зманіў-жа ён
Васілісу ў свой палон.

Стрэльбін
Ёсць у нас на гэта конт…

Клыч (Да Радзецкага)
Стаў на кон, маладажон!

Стрэльбін
Прынялі мы пастанову!
(Радзецкі выходзіць)

Базыль
Трэба так: — работа стане,
Дык гуляй тады ў каханне.
Роза Люксембург пісала:
— Я змагалася й кахала.

(Інжынер сыходзіць з вышкі і ідзе ў бок. Прыходзіць дырэктар)

Дырэктар
Штурмуеце? Ударнікам вітанне.

Чыж
Штурмуем, — хто прарыў,
А хто каханне.

Галька
Лес, Кірыл Антонавіч, струной.
Бервяно
Адно ў адно!

Дырэктар
І праца нашая — у адно!

Мішка
І мы працуем за адно!

Клім
І вернае трымаем мы старно?


Інжынер у баку, адзін. Чуецца рытмічны гул штурма.

Інжынер
Маці новая
Ці прыме з ласкай сына?
Ці зможа ён расці, гарэць, тварыць?
(Падыходзіць Зарэмба)

Зарэмба
Не вясёл — сакол, задуманы. Прычына?
Хе-хе, прычына ясная.
Нялёгка зараз жыць.
Харчоў нястача. Рыбка-саланіна…
Аркадзі Карлавіч, зайшлі-б чайку папіць,
Ці з-пад кароўкі кубак малака.
Сябрамі будзем, захаджвайце, прашу.

Інжынер
Я не галодны, і я не ў жабраках.

Зарэмба
Не ў жабраках? Навошта гэткі шум?
(Уздыхнуўшы)
Адзінок-сынок, а ўсе сакучуць — вораг,
Шкоднік — во ён, экстраны паказ.
Ой, шмат, Аркадзі Карлавіч, гавораць.
(Пауза)
Ці-ж вы супроць мяне,
а я супроціў вас?
(Зніжае тон)
Часамі парася засмажым на абед.
Сямейны-ж я, не дрэнна будзе з намі.
А ўжо вядома, —
вы сабе, а я сабе,
Адны мазгамі, іншыя рукамі.
Закурым?
(Частуе махоркай)
Калі ласка…

Інжынер
Я сваю.
(Закурыў папяросу)

Зарэмба
Э… Вочы ў вас запалі штось глыбока.
Заходзь, баяцца што?
Ці-ж людзі чай не п‘юць?
А ў хаце цішыня… і нічужога вока.

Інжынер
Вы памыліліся, шаноўны грамадзянін,
Вы па старому адрасу, а там мяне няма.
(У разуменні сам сабе)
Сцежка роўная, хаця яшчэ ў тумане…
Ці прыме сына новага?

Зарэмба (заклапочана)
Дарма,
Аркадзі Карлавіч, няясна штось гаворыш,
Зайшлі-б чайку з малінаю, вы хворы…
Паяўляецца Акуліна; убачыўшы іх, яна рэзва свіснула

Акуліна
Там… — ударная брыгада,
Тут — ударная… нарада.
Акінула іх вокам, свіснула, пайшла.

Зарэмба
Вось бачыце?

Інжынер
Я… разумею!
(Шпарка пашоў услед за Акулінай)

Зарэмба
А я — ніяк не разумею,
У жыцці заўсёды гэтак мусіць:
Інцелегенцыю так лёгка не раскусіш.


Дырэктар
На заводзе — пералом.
Калі прарыў пакрыем —
Значыць мы усе, гуртом
Напорам, мужнасцю бяром
Шляхі перадавыя!

Чыж
Каб сусветны узяць рэкорд —
Трэ‘ цярплівасць і напор!

Дырэктар
Напор — аснова ў пераломе.

Чыж
Пераломім!

Галька
І дагонім!

Мішка
А дагнаўшы, перагонім!

Базыль
Перагнаўшы, і загонім!

Чыж
А загнаўшы — шыю зломім —
Чэрчылю, Амаль-Пашы,
За Пілсудскім — Чанкайшы,
Макданальду, П‘ер-Дзюрэ,
Чэмберлену, Пункарэ…
(Смех)

Стрэльбін (просіць не адрывацца ад працы)
Хлопцы, братцы…

Бракер (да Галькі злосна)
Паглядай,
Што-ж ты брак пускаеш?
Адкідай назад, кідай!

Галька
Гэта брак? Тады… з адчаю
Увесь адкінуць трэба сплаў.

Сенька
Відаць са сна…

Базыль
Не разабраў…

Дырэктар
Што такое?

Галька
Брак прызнаў!

(Усе глянулі на інжынера. Акуліна штось расказвае Стрэльбіну, паказваючы то на інжынера, то на Зарэмбу)

Стрэльбін
Адыйдзі, ты горш за бабу.

Акуліна
Падзея профсаюзнага маштабу
(Свіснула)

Інжынер
Для работы — годны краж.

(Бракер, развёўшы рукі, адыходзіць. Работа пачынаецца поўным ходам. Бракер шустра праходзіць ля грамады. Нарачыта глядзіць за кожным бервяном)

Дырэктар
Весялей на сэрцы стане,
Як цалком здадзім заданне!

Акуліна
І шахцёраў мы запросім
На ўрачыстасць к нам у госці!

Стрэльбін
Аллё, браточкі!

Бракер (да Базыля)
Што-ты,
Брак не бачыш? Асадзі!

Базыль
Слухай, бракер, што ты хочаш?

Сенька
Змёрз? — Пагрэйся!

Чыж
Дурня корчыць!

Бракер
Адкідай, абавязкова.
(Дае знак адкінуць бервяно)

Інжынер
Гэта брак?
Памылка, што вы…
(Зарэмбу на смех)

Акуліна
Парушаць мы не павінны
Профсаюзнай дысцыпліны.

Грамада
Го-о-го!..

Дырэктар
Братва, даволі!
(Выйшаў, за ім інжынер)

Цімох
Чаму?

Стрэльбін
Братцы, хлопцы, — скончым меру,
Скончым, хлопчыкі, — за тым —
Адпачыць паспеем…

Галька
Верна!

Акуліна Карпаўна
Пяць гадзін!..

Галька
Асадзі!..

Акуліна Карпаўна
Больш цяпер я не магу,
Вашу-ж моц я сцерагу.

Базыль
Ёсць ад партыі заданне,
І штурмуй на выкананне.

Мішка
Шчэ‘ не больш аднэй хвіліны
Заракоча і машына.

Галька (просіць дапамагчы)
Акулінка, падтрымай!

Акуліна Карпаўна (развёўшы рукі, ідзе
дапамагчы)

Пяць гадзін…

Галасы
Давай, давай!

Базыль
Трэ‘ па-ленінску — на славу
Да канца давесці справу.

Стрэльбін (За ім астатнія)
Гэй-жа, разам,
Гэй-жа, разам,
Гэй — адразу —
Возмем разам!
Руш, адважна!
Ўсё для нас!
Давай, наляжам!
Дружна!
…Раз!

Пасля слоў „возмем разам“ Чыж уключае рубільнік — пашоў працаваць крант-канвеер. Канцоўка: праца машыны, праца ўручную. Штурм)
ВЯЗЬМО VI
Пакой Радзецкага. Утульнасць — па смаку недавучанага правінцыяльнага мешчаніна. Васіліса адна. Ляжыць на канапе, аблажыўшыся падушкамі, чытае кнігу.

Васіліса
Дванаццаць, дванаццаць дзён…
Дванаццаць, дванаццаць начэй…
Здаецца парой, гэта сон,
Зазыўны, узбуджаны сон,
Яркага сонца ярчэй.
Пакорна жыццю прынясу
Свае маладосці агонь.
Бывае абудзецца сум,
Імглісты, ўстрывожаны сум,
І крыўдай кладзецца на скронь.
(Схамянуўшыся)
Не трэба нудзіцца і каяцца.
Іграй на вясёлай струне…
…У гультайстве і думкі гультаяцца,
А добра, так хораша мне!
…Дванаццаць сумесных дзён…
Сёння — трынаццаты дзень,
Звычайна не позніцца ён.
Відаць затрымаўся…
(Чуе за дзвярыма крокі)
Ідзе.

Становіцца ля дзвярэй — рыхтуецца напужаць мужа. Адчыняюцца дзверы. Васіліса — закудахтала, раптам бачыць, што ўваходзіць не Радзецкі, а з бялізнай у руках Ліпа. Страхаецца, а затым абедзве смяюцца.

Ліпа
Гэта-ж пеўня спатыкала,
І вось дай не ўшанцавала.
А глядзіш — са скрыпам, рыпам —

Васіліса (весела)
Пявунок?

Ліпа
Ды, што вы, Ліпа.
Пеўнем век свой не была я.

Васіліса (жартам)
Не была… А хто-ж такая?

Ліпа
Ліпа — я, а хто-ж я — Ліпа!..
Шчасцем хай цябе засыпіць
Улюблёны твой вучоны,
Маладым, здаровым плёнам,
Каб дурэлі на двары,
Карагоды дзетвары —
І ўсе — прахвэсары…
(смех)

Васіліса
Ну, чаго-ж ты, Ліпка, хочаш?
Зараз муж падыйдзе, ён —
Стрэне тут чужыя вочы.

Ліпа
Загудзіць, як авадзён?
Эт-жа (дае бялізну)
Зверце, як адна —
Не бялізна, — белізна.
(Васіліса лічыць бялізну. Уздыхнула)

Ліпа
Уздыхаеш? Не сумуй,
Будзь ласкавая к свайму, —
Будзе хлеб табе й яму.
А што гэну пяцігодку
Адштурмуюць, не унывай.
Век дзяўчыны — век кароткім;
Пераспееш — што ўдава.

Васіліса (дастае з камоды грошы)
Добра. Дзякую… Рубля
Дам цяпер, яшчэ… пасля.

Ліпа
Пацярплю
І на рублю.
(Успомніўшы)
Што ў мазгу мне замуціла?
Гэта-ж я сказаць хачу, —
Бялізну тваю мачыла,
Бачу… трусікі згубіла.
Страх праняў, як закрычу!..

Васіліса (трывожна)
Не знайшла?

Ліпа
Знайшла, чын-чынам
Як-жа так, ці-ж я мужчына?

(Падыходзіць да камоды, паказвае ёй падштаннікі. Затым,
склаўшы іх акуратна, кладзе зверху)

Васіліса
Добра. Дзякую. Заходзь.

Ліпа
Быццам я і не зайду.
Запрашаеш… Мой заход —
Будзе часта. Ў сераду,
Не бядуй, па доўг зайду.

Васіліса
Ідзі ўжо, йдзі.

Ліпа
Іду ўжо, йду.
(Выходзіць)

Васіліса (сэрвіруе стол)
Надакучыла чакаць.
Дзе ён? Доўга так…
(Паглядае ў вакно)
Змушае
Турбавацца, выглядаць…
Завіруха, сцюжа злая…
(Адыходзячы ад акна)
Час ідзе зіме сканаць
Ў разліве сонечных праменняў.
Вясна мая, дваццатая вясна,
Мяне вяснянкаю сустрэне.
Будзе рэяць песня-ўзлёт
Маладосцю сакалінай.
Кроў румянамі пяшчот
Абудзіць горача дзяўчыну.
(Уваходзіць Радзецкі)

Васіліса
Зваць вясну… Зазыўная вясна!
Ах, Яня, ты? Так доўга…

Радзецкі
Ha!

(Яна кідаецца к яму, ён яе адштурхоўвае, даючы заводскую газету-шматтыражку)

Васіліса
Што такое? Што з табой?
Што? Чаму такі настрой?

Радзецкі
Пракляну той дзень, той год,
Калі прышоў сюды ў завод.
Дзіч! Бандыты! Хуліганы!

(Васіліса, разгарнуўшы газету, убачыла шарж на Радзецкага, весела засмяялася)

Радзецкі
Смешна? Шайка ў вас адна.

Васіліса
Што ты, Яня, ты-ж не п‘яны.
Так не скажуць і сп‘яна.
Страх які — пра-ма-ля-ва-лі…
Гэта — шарж. Махні, змаўчы.

Радзецкі
Праз цябе ўсё… Бачыш кралю
З калектыва, (гвалт) укралі…

Васіліса
Кінь, ды гэта, мабыць, Чыж.
Ён штукар. Падумаць, гэтак
Хваляваць нутро сваё.

Радзецкі
Кінуць-кіну. Лепш па свету!
Ты — праціўна мне… Адз-ё.

Васіліса
Сцішся, мне неразумела.
Хто павінен больш крычаць —
Ты — ці я?

Радзецкі
Ты на-да-е-ла,
Не хачу цябе я знаць.
Прападаць не хочу, чуеш?

Васіліса
Не крычы ў канцы канцоў!

Радзецкі
На-да-ела… Не хачу я,
Развядуся. Чуеш? Чуеш?

Васіліса
На-да-е-ла? Вось як? Кроў
Атруціў маю дзявочу,
Зганьбаваў, зманіў, цяпер —
Надаела? Больш не хочаш?

Радзецкі
Сціхні, сцерва.

Васіліса
Злыдзень, звер!
Што, няпраўда? Не скалечыў?
Сорам глянуць мне на свет.

Радзецкі
Ціха, сытая авечка.

Васіліса
Як аслепла… Людаед!

Радзецкі
Знаць магла, што жыць не будзем.
Ты, як п‘яўка, ўлезла ў грудзі…

Васіліса
Злодзей. Гад. Аддай. Назад.
Мне. Жыццё. Скаціна. Гад.

(Радзецкі пачынае біць Васілісу. Яна галосіць, стараецца ўдарыць яго. Хутка (падзёрты ўвесь) Радзецкі падымаецца, бярэ грамафон, яна скрозь слёзы: „Не дарую“. Радзецкі сплюнуў: Прастытутка — выбег за дзверы. Васілісу раз‘ядае горкі плач. Незадоўга ўваходзіць Мер‘ема).

Мер‘ема
Хто галубіцца, той і чубіцца.
Добры вечар у хату… Заўжды,
Лёгка знойдзецца — лёгка згубіцца,
Каб-жа толькі тае бяды.
Васіліся, трывай, век нязмераны.
Усё здараецца. Не гаруй.
Вытры слёзы свае, — слёзы шэрыя.
Ты гаруеш па шчасцю-дабру.
Гаравала я горам-горасці,
Праклінала сябе і дзяцей…
Будзеш ты яшчэ у прастор расці.
Гарэць маладосцю сваей.
Сорак тры гады працавала я —
На заводах, была і ў паноў,
А советы прышлі — небывалыя,
Ад іх пэнсію атрымала —
За работу, за сорак гадоў.

Васіліса
Пашкадуй мяне. На зусім,
Дарагая Мер‘ема, павер,
На зусім разлучылася з ім.
Што рабіць? Ашукаў, абакраў.
Дарагая Мер‘ема, як звер,
Зняславіў, гразёй закідаў.
Сорам глянуць цяпер на людзей,
Дарагая Мер‘ема, сорам.
Мне цёмна ў вачах…

Мер‘ема
Развей
І сорам, і крыўду, і гора.

Васіліса
Куды мне, куды мне пайсці?

Мер‘ема
Мне ўжо і шэсцьдзесят скора.
Цярпела нямала ў жыцці,
Нямала цярпела гаворак.
Ставала турботы, клапот,
Аднак-жа, няхай я сівею.
Бывала зайдуся ў завод —
Нейкай палёгкай павее.
Завод наш цяперча за-авод.
Работы — каб толькі сілы!
Людзей не стае… На звод
Стома усіх падкасіла.
Гляну на сына — кіпіць
І ночы і дні на заводзе…
Надумала, — век табе жыць, —
Быць мне на пэнсіі годзе.
Кропля часамі і камень праб‘е.
Патроху, патроху і змогуць…
Хай і нядужыя сілы мае —
Пайшла я ў завод на падмогу.
Была я ў канторы, заяву дала —
Здзівіліся неяк адразу.
Ідзем, Васіліса, вылазь з вузла,
Ідзем, папрацуем разам.

Васіліса
Што я чую? Лепш пятля,
Сорам, гэткі сорам!
Гэткі сорам!.. Лепш зямля, —
Чым нядоля, гора.

(Нервуецца. Ходзіць па пакоі. Пападаюцца ёй на вочы падштаннікі. Яна іх, узяўшы за калошы, разрывае).

Мер‘ема
Супакойся… трэба жыць,
Ты сябе паберажы.

Васіліса (у роспачы)
Больш нічога не кажы.
Не магу я… не магу.
(Выбягае з хаты)

Мер‘ема
Лёгка знойдзецца — лёгка згубіцца.
Пабягу-ж я, пабягу.
Ад бяды усцерагу.
(Выходзіць)

ВЯЗЬМО VII
Вечар. Вуліца рабочага пасёлка. Праз замарожаныя вокны хат ледзве відаць святло. Холадна. Блукае Васіліса. Ідзе п‘яны Клыч, прымае Васілісу за гуляшчую.

Клыч
Дождж ідзе,
Суччы клоняцца.
Разрашыце мне
Пазнакоміцца.
(Васіліса уцякае, Клыч ей услед)
Эх, яблычка,
Спей румянае.
Я дзевачка
Нечапаная…

(Зачэпліваецца нага за нагу. Клыч валіцца, корчыцца ад холада, засыпае і ўсё цішэй мурлыча)

Пастух блудзіў,
Штаны згубіў,
Пастушка ішла —
Штаны…

(Бяжыць Чыж у клуб. У руках яго розныя прылады вынаходства. Пераскоквае праз Клыча. Усё бліжэй і бліжэй чуваць песня)

Яго маладому разліву-агню
Слава і песні змагання.
Сілай магутнаю рушымся біцца,
Ў бой
Грамадой
Штурмавой, —
Большэвіцкай!
(Грамада моладзі прыблізілася і ўбачыла Клыча).

Галасы:
— Хлопцы, ёж!
— Замёрз!
— Не дзіва!

Сенька
Гэта — ёрш,
Гарэлка з півам.

Суніца
Ручкі ў скручкі,
Ножкі ў качарэжкі.

Сенька
Ад палучкі
Зблыталіся сцежкі.

Базыль
Казаў калісь Будзённы так:
Разбудзіце і — ў барак.

Сенька
Верна, хлопцы, дай разбудзім.
(Пачынаюць тузаць)

Галасы
— Як забіты!
— Ў бок удар!
— Страхані мацней, за грудзі!
(Падыходзіць Кандраль)

Суніца
От заснуў…

(Адзін з грамады схіляецца над Клычам і пад самым яго вухам крычыць)

— Пажар! Па-жар!..

(Усе рагочуць; Клыч не шалахнецца)

Кандраль
Што за гвалт? Што за здзек?
Перад вамі ча-ла-век!
Сорам вам сарамаціць.
Комсамольцы… Біць вас, біць!

Суніца
Спіць, як бітая скаціна!

Базыль
Палец — во — ўсадзіў у рот.

Голас
П‘е й закусвае венглінай.

Кандраль (да комсамольцаў)
Ну й народ пашоў, н-народ.

Сенька (да Кандраля)
Півасек,
Перад табою ча-ла-век…

Базыль
Падымі яго, не хныкай —
Як сказаў калісці Рыкаў.

(Смяюцца, ідуць у клуб)

Кандраль (калі моладзь зайшла у клуб)
Свалата, парцейнай масці…
(Пачынае тузаць Клыча)
Уставай, дубіна, ну!
Я цябе, як сатану,
Раскрышу, парву на часці.

(П‘яны не рушыцца. Кандраль цягне яго, як бервяно, у барак. Зноў пуста на вуліцы. Вецер. Сцюжа. Сіратліва блукае Васіліса. Ідзе Цімох з пачкаю газет-шматтыражак)

Цімох
Вось касілка „Пілка“ наша,
Завадская шматціраша.
(Стукаецца ў акно)
Адамкні. У дом пушчай…
Свой. Не бойся. Адчыняй.
(Пашоў у хату)

(3 барака выходзіць сезоннік. Глянуў на бакі — нічога няма. Пабег у хату бракера. Чыж выбег з клуба — пабег па вуліцы)

Цімох
Хто газеткі не чытае,
Той палітыку ўважае…

(Заходзіць у суседнюю хату. Выходзіць з хаты бракер і сезоннік. Падышлі к бараку. Бракер стукнуў адрыўчата тры разы. Пачуўся голас Кандрала: „Хто“ — і адказ бракера: „Свае“. Выходзіць з двара Цімох, стукаецца ў барак. Голас Кандраля: „Хто там?“)

Цімох
Я!

Кандраль
Назад.

Кандраль
Цімох Чаму?
Газеткі вам не аднаму.

(Упускаюць Цімоха ў барак і ў момант з гулам-смехам выкідаюць яго на вуліцу)

Бракер
Ой-жа дам табе я ўтруску…

Цімох
Комсамольскую нагрузку
Сам прасіў мне даць…

Кандраль
Хамут! (Ідзе ў барак)

Бракер
Нос расквашу. (Ідзе ў барак)

Цімох
А чаму?

(Паціскае плячыма, ідзе далей)

Кандраль
Цімох Я палітыку разношу,
Разбірайце ўсе, бясплатна!

(Сустракаецца Крот з жонкай)

Цімох
Вам газетку проша, проша!

Жонка
Вельмі ўдзячны…

Крот
Далікатна!

(Крот з жонкаю ідуць у клуб, Цімох — далей па вуліцы. Разлівам звонкага смеха ўбягае Галька, за ёй Мішка; ён ловіць яе і ля клуба за фасадам знікаюць. Зноў заклапочана бяжыць у клуб Чыж. Адчыняючы дзверы ў клуб, Чыж асвятліў Мішку і Гальку, што абымаліся ў кутку. Святло ўстрывожыла іх. Галька бяжыць, робіць круг па вуліцы).

Галька
Больш не зловіш!

Мішка
Я?

Галька
Спрабуй!
Зловіш — моцна пацалуй!

(Бяжыць у клуб, за ёю Мішка. Ідзе невялікая грамада моладзі, пяючы — „Ты Марак — прыгожы сам-сабою“… Зноў нікога на вуліцы — толькі вецер сцюдзёны байдосуе. Адчыняюцца дзверы барака. Чуваць, як на гармоніку хтосці грае „Разлуку“… Выходзяць Кандраль і бракер)

Зарэмба
Змоў не трэба, не, не трэба.
Ты сабе, а я сабе.
(Хутка ідзе да хаты)

Кандраль (яму ўслед спакойна)
Я сабе, а ты сабе.

(Калі бракер зайшоў у хату, Кандраль глянуў на неба, перахрысціўся, пайшоў у барак. Завіхаючыся ідзе ў клуб Акуліна)

Акуліна (амаль ля кожнага акна)
У клуб, у клуб — жанкі, мужчыны,
Ў клуб! Дзевятая гадзіна.
Таварышы, культурны адпачынак…
(Свіснула)

Вецер. 3 гулам-гоманам адчыняюцца дзверы барака. Выходзяць з сундучкамі, клункамі сезоннікі. З гула-шума толькі і чуваць выкрыкі завучаных слоў.

Сезоннікі:
— Мы не буйвалы!
— Не коні!
— Норма дзе?
— Мы не валы!
— Уціскаюць-ціснуць!
— Тронем!
— На куццю ў свае вуглы!
— Досыць кроў смакталі…
— Гады!
— Чаго сталі?
— На каляды.

Клыч (ледзве стаіць на нагах)
Цёпла хата,
Дзве сасонкі.
Хто да дзевак,
Хто да жонкі…

Адзін з сезоннікаў
У хату святам
Я і ты…

Кандраль (голасна)
На цягнік пара, браты!

З грамады сезоннікаў
Смела дамоў ідом,
Да баб і дзевак.
З сабою мы нясом…

(Ідзе дарогай у клуб з грамадой Стрэльбін, загараджвае дарогу)

Стрэльбін
Што? куды? Таварышы, куды?

Кандраль
Усып, браця, на жалуды

Сезоннікі
— Разані яму!

З грамады Стрэльбіна
— Задзіра!

Сезоннікі
— Ткні!
— Дарогу!

Стрэльбін
Што вы?

Сезоннікі
— Смірна!
— Лясні ў зуб.
— Вазмі за грыву!

Стрэльбін
Вы-ж падумайце, прарывы!

Кандраль
Хто-ж зрабіў іх?

Сезоннікі
Крый дахаты!

Стрэльбін
Што?

Сезоннікі
— Не штокай.
— Эх, шчаняты!..

(Пачынаецца бойка. Выбягаюць з клуба, пачынаюць іх разнімаць. Увесь час праз дзверы, высунуўшы галаву, баязліва наглядае бракер).

Чуваць з гурта:
— Ачумелі?
— Хуліганы.
— Шчэ паддай!
— Пад ножку?
— Гад!

Клыч (правакуючы)
Праваслаўныя, наганам!

Галасы
— Сціхамірцеся.
— Назад…
(Іх разнімаюць)

Мішка (запыхаўшыся)
Чаго вы, хлопцы, чорт вас знае,
Чаго, чаго вам не хапае?
(Да Стрэльбіна)
А ты з сваёй гарачкай сядзь!

Сезоннікі:
— Мы не буйвалы!
— Не коні!
— Мы завод не хочам знаць!
— Як скаціна…
— Горш скаціны прымушаюць працаваць

Мішка
Хто?

Комсамольцы
— Калі?
— Ў якіх краінах?

Акуліна
Не ламайце дысцыпліны!
(Ідзе інжынер)

Комсамольцы
— Хто? — Калі?

Сезоннікі
— Калі? — Цяпер!

Мішка
Вось таварыш інжынер,
Без падстаў зусім народ
Пакідае наш завод.

Інжынер
Я не ў курсе… я іду…
У чым тут справа, я не знаю.
Выбачайце…
(Ідзе ў клуб)

Сезоннікі
— На цягнік пара!
— Сплываем!..
(Ідзе дырэктар)

Стрэльбін (дырэктару)
Пачыналі расхадзіцца.
Вы чаго? куды? — спытаў.
А яны… адразу біцца.

Сенька
Пэўна нехта падкаваў…

Дырэктар
Таварышы… Таварышы… Здзіўляе
Ганебны ўчынак ваш. Я не пайму.
Чаго? Ну, што вас данімае,
Завод пакінуць што змушае?
Падумайце, таварышы, чаму?

Сезоннікі
— Мы не валы!
— Не буйвалы!
— Не хочу!

Дырэктар
Чаго не хочаш? Дай адказ.
(Няпэўны гул)
Таварышы, такі адказны час,
Ганьбуеце імя сваё — рабочых.
Будуем мы…

Сезоннікі
— Не залівай!
— На цягнік пара.
— Гайдай!
— Сып, ударнічкі, дамоў!

Мішка
Адумайцеся!

Клыч (цягуча)
Высасалі кроў…

(Клыч зачэпліваецца, з плеч валіцца мех, і пасыпаліся банкі кансерваў, цукар і інш. Рогат. Сезоннікі кінуліся хватаць. Бракер хітра падыходзіць і пытае ў дырэктара)

Зарэмба (цішком)
Кірыл Антоныч, што такое?
У чым тут справа? От, геpoi.

Сезоннікі (да Клыча)
— Капцінармус, сукін сын!
— Абкрадаў?!
— Паёк наш зводзіў?

Клыч
Я, бра-точкі… не… адзін.
(Кандраль падышоў да Клыча, каб забраць яго)

Сезоннікі
— Абкрадаў?
— Не дадаваў?
— Браў?
— Злодзей!

Кандраль (баронячы Клыча)
Супакойся, сцішся, годзе!

(Прыходзіць Клім і адразу да яго — бракер. Кандраль адводзіць Клыча ў бок, затым у барак).

Зарэмба
Таварыш Клім, што тут такое?
У чым тут справа? От героі…
(Клім махнуў рукой, падышоў да Мішкі)

Дырэктар
Таварышы, не варта дурня строіць.
Каго за нос надумалі вадзіць?
Падвыпілі? Катайце адпачыць.
Верна, хлопцы?
(Няясныя рухі)
З песняй баявою,
Заўтра зноў за працу, штурмаваць,
Вялікае, як сонца агнявое,
Жыццё сваё ствараць.

Сезоннік (расчаравана)
Эх-ма…

Клім
Паёк вам выдавалі?
Выдавалі!
На арцель?
На арцель!
А мазгі вам бунтавалі?
А пайкі ў вас абкрадалі?
Досыць! Кіньце карусель.
Разбяромся заўтра. Досыць!
Я валынкі не цярплю.

Мішка
Хто п‘яны — катай на просып!

Сенька
Хто цвярозы — з намі ў клуб!
(Дырэктар і Клім пайшлі ў клуб)

Мішка
Верна, хлопцы, кінь валынку.

Сезоннік
Не пайду (і рупліва пайшоў у барак)

Сенька
Мяхі скідай…

Акуліна
У бараку скідайце скрынкі
І — у клуб — давай, — давай!

Міколка
Эх, заблытаўся зусім…
Маць тваю з жыццём такім…

Сезоннік 2-гі
Вот… і выпіў-бы сітры…

Мішка
Хлопцы, хопіць, не хандры.

Запальваецца электра-ліхтар на фасадзе клуба

Акуліна
У клуб! У клуб, абавязкова!

Чыж (высунуўшы галаву з дзвярэй)
У мяне ўжо ўсё гатова.

Базыль
Луначарскі нават знае,
Клуб — святло, а цьма — піўная.

Сезоннікі
— Пілі ў барак,
Заллем на зуб!..
— Эх, цёрты мак,
Загляну ў клуб!

(Адны, перамяшаўшыся з комсамольцамі ідуць у клуб, другія бурлыкаючы — у барак. Застаўся толькі Міколка. Узяў свой сундучок і задуменна павольна ідзе ў клуб. Качаецца ад ветру ліхтар на фасадзе клуба. Холадна. Васіліса падыходзіць — чытае афішу. Падыходзіць Акуліна, кладзе руку на плячо Васілісы).

Акуліна
Чаго ты сумная? Ці-ж невясёлы шлюб,
Э-эх, дурніца-маладзіца, акрыляй.
Так добра жыць! А ты…
Хадзем у клуб.

Васіліса (спакойна)
Іду…

Акуліна
Хадзем.

Васіліса
Іду…

Акуліна
Давай, давай!
(Свіснула, пайшла у клуб)

(Васіліса прайшла некалькі крокаў, затым вярнулася).

Васіліса (у роспачы)
Не дараваць злачынак мой.
Я горш за ўсіх. Не жыць бядой.
Мне цяжка жыць не з грамадой…

ВЯЗЬМО VIII
Клуб. Прэзідыум. Трыбуна. Зала аздоблена лозунгамі: „ШЧЫЛЬНЕЙ ПРОЛЕТАРСКІЯ РАДЫ — ЗА ПЯЦІГОДКУ У ЧАТЫРЫ ГАДЫ“, „ПАД КІРАЎНІЦТВАМ ЦК КП(з)Б ЗАГАРТУЕМ СЯБЕ У ШТУРМАВОЙ БАРАЦЬБЕ“, „УДАРНІКАМ ШАХТ У ТЭРМІН ДАМО 1000 НАШЫХ СТАНДАРТНЫХ ДАМОЎ“, „УЗБРОІМ ТРАКТАРАМІ КОЛГАС — ЛІКВІДУЕМ КУЛАЦТВА ЯК КЛАС“ і інш.

Акуліна (адчыняе сход)
Ціха. Ліквідуйце лямант.
Слова Стрэльбіну. Прыняць
Мы прымушаны рэгламант.
Для даклада 35.

Голас
І ніводнай больш не даць.

Акуліна
Таварыш Стрэльбін, — 35.

Стрэльбін
Палажэнне ўнутраное
Ў нас, як мур, адно дзівіцца!
Узрастае баявое
Пяцігодкі будаўніцтва.
І расце ўсё вышэй, вышэй,
Крышыць гніль ударным маршам.
У краіне вольнай нашай
Нават сонца ўпрэглі ў дышла…
Моц энергіі праменняў
На ўгнаенне карыстаем.
Кулакоў — паноў карэнне,
Прэч, як клас, выкідаем.
СССР — брыгада, крэпасць,
Як маяк сусветнай славы.
А каго… забрала слепасць,
Той блукае — ўлева, — ўправа.
Праміком, напорам, проста
Ўдарнай працай заўладалі —
Перамогу, росквіт росту
Хай жыве таварыш Сталін!
(Воплескі)
Ясна вам цяпер якое —
Палажэнне ўнутраное.
А на захадзе трывога.

Акуліна (да Стрэльбіна)
Шэсць хвілін вам засталося.

Стрэльбін
Там паноў бяруць пад ногаць,
Крызіс голада галосіць.
Беспрацоўных там мільёны,
Ў іх калёнах кроў не стыне.
А ідуць пад сцяг чырвоны
Пролетараў батальёны.
Смерць фашысту Мусалині!
А з Гішпаніі тэлеграма,
Што агонь і дым краіну…

Голас
Старшыня, давай рэгламант.

Акуліна Карпаўна (да Стрэльбіна)
Вам яшчэ адна хвіліна.

Стрэльбін
Панна-Польшча ў завірусе,
І ў Заходняй Беларусі —
Жах памешчыкам нагналі, —
Крый Пілсудскага параліч!
І ў Нямеччыне, тым часам,
Бой ідзе рабочай клясы.
Звар‘яцеў Цэргібель шэльма,
Хай жыве таварыш Тэльман!
Рух плыве па ўсіх краінах
Барацьбы рэволюцыйнай.
І ў Кітаі на шышы
Аблажылі Чан-Кай-шы.

Акуліна Карпаўна
Вы рэгламант скарысталі.

Стрэльбін
Мне хоць дзве…

Голас
Даволі!

Стрэльбін
Мне —
Скончыць думку.

Голас
Мы чыталі!

Акуліна
Паухвіліны і… канец.

Стрэльбін
Так-што крызіс і трывога,
Толькі трэба нам падмогу
Даць рабочым, што ў вастрогах.
Праца — возме перамогу!
Дык-жа ўперад, шляхам верным
Нам —
і гонар і ўрачыстасць!
Ім, —
раз‘юшаным фашыстам, —
Смерць
пад знакам Комінтерна!..
(Воплескі)

Акуліна
Слова мае рабочы-ударнік,
Былы беспрытульны,
Таварыш Чыж.
(Авацыя. Ідзе Чыж, за ім Цімох)

Акуліна
15 хвілін вам і… канчаткова.

Сход
— Дай гаварыць!
— Не абмяжоўвай!

Акуліна
Без рэгламанта?

Сход
— Давай!
— Ты прысядзь, не заціскай!

Чыж
— Я, таварышы, каротка.
Я… ўсім сэрцам моцна веру,
Тэмпы нашай пяцігодкі
Ў тры Амерыку абмераць.

Сход
Ты давай пра вынаходкі.
Мы ўжо ведаем даклады…

Чыж
Я, таварышы, каротка…
Я… знайшоў-змайстрыў прыладу,
Хуткасць сувязі. Дагэтуль
‘Шчэ не ведала планета.
Гаварыць, і як, і што тут,
Вельмі доўгая работа.
Лепш я вам прадэманструю,
Як яна ў мяне працуе.
(Воплескі. Чыж падыходзіць да карты)
Гэта вось знарад-ракета,
Будзе лётаць па сусвету;
(Скорагаворкай)
Цераз горы, цераз мора,
У любы на свеце горад,
Праз муры і цераз люкі,
Проста кожнаму у рукі, —
Ці ў Берлін, ці Будапешу —
Перадам адсюль дэпешу…
Мы, таварышы, для вас
Зробім вопытны паказ.
(Цімох становіцца на сярэдзіну)

Чыж
Умаўляемся хвілінай,
Што цяпер ён за Берлінам, —
Шумна будзе браць прастор —
(Адышоўшы да ракеты)
Чалавек, як і машына,
мае ўласны свой матор.
Пачынаем…

Голас
А чаму?

Цімох
А таму —
Чалавек, як і машына,
Мае ўласны свой матор.
(Пачынае вярцецца)

Чыж
Варушыся… Тэмпы… Дзякуй.
Раз! Два! Тры!

(Ракета сваім хвастом, як прыклад вінтоўкі, аддае назад. Ударае Чыжа — Чыж валіцца. У залі ўздымаецца рокат, гул)

Сход
— Што, Чыж, —
Не ляціш?
Ён цяперака над Чыкага!
— А ляцеў з якой адва-гай…
— Раз-два —
Ў дрызг — галава!

Цімох
Акуліна Я вам слова не давала.
Ціха!

Сход
— Во не ўшанцавала.
Уверх нагамі вынаходца.

Акуліна
Вам рэгламант…

Стрэльбін
Досыць, хлопцы!

Акуліна
Досыць. Не зрывайце сход!

Сход
— Хуткасць сувязі…
— Палёт!
— Чыж, сядай — махні ў дарогу!
— Раз і з печкі на падлогу!

Акуліна
Дысцыпліну парушаем.

Стрэльбін
(Адсоўвае Акуліну)
Сходам ты не аўладаеш.
Кінь…

Акуліна
Чаму?

Стрэльбін
Пусці…
Цішэй!
Дысцыпліну парушаем!

Голас (да Чыжа)
Падкатай мяне, ей-ей!

(Стрэльбін не можа супакоіць сход. Смех, гоман не сціхае. І толькі тады, калі на трыбуне з‘яўляецца Клім, сход паступова падпарадкваецца цішыні)

Клім
Непрыстойна. Не да твару.
Што-ж, магла памылка быць,
Чым смекалісты таварыш,
Здольны новае стварыць.
Для вытворчасці ў парыльні,
Вам вядома, даў ён шмат.
Мы-ж яго прэміравалі!
Хлопец здатны, слоў няма.
Хай памылка, што-ж дзівіцца?
Церпіць ён і так удар.
Мы пашлем яго вучыцца,
Будзе творца і змагар.

Базыль
(спачуваючы Чыжу)
Зіноўеў казаў, ідучы на мяцеж, —
Сем адмерай — раз адрэж.

Стрэльбін
Слова даецца цяпер
Аркадзь Карлавічу…
(Шопатам прабягае па залі: „Інжынер“)

Інжынер
Таварышы! Работа
Наіўная… Адно
Зярно ідэй палёта
Здаровае зярно.

Напорам браць высоты,
Канкрэтны маем след, —
Праблемы пералёта
Газавых ракет.

У дні — крыві і лоска,
Як правіў царскі бот,
Прафесар Ціалкоўскі
Марыў пра палёт.
Цяпер ажыццяўляе,
І на здзіўленне ўсім —
У совецкім толькі краі
Росквіт творчых сіл.
(Паказвае на канструкцыю Чыжа).
Наіўна хай. Мы бліжай
Павінны стаць. Адно —
Зярно ідэі Чыжа
Здаровае зярно.

Яно закаласіцца,
На ўчобу ўзяць упор.
І будуць бліскавіцай
Ракеты браць прастор!
(Рэдкія воплескі).

Галасы
— Ад смеху мы паплакалі…
— Канцэрт
— Даёш спектакль!..

Стрэльбін
Базылю Агнёву слова
Зачытаць праграму.

Акуліна
Паўхвіліны не суровы
Для інфармацыі рэгламант.

Базыль
Зараз, згодна дырэктывы,
Мы пачнем другую частку.
Шчыра просім, калі ласка,
Сесці ціха, церпяліва,
Не смяяцца і не пляскаць.

Апускаецца вялікае палотнішча-насценгазета — „ЧЫРВОНАЯ ПІЛА“. Сход уголас чытае шапку: „ПРАМФІНПЛАН ПАД ПАГРОЗАЙ ЗРЫВА. ЛЕСАПІЛЬНЫ ЦЭХ ВЫКАНАЎ ЗАДАННЕ НА 37 ПРОЦ. КОМСАМОЛЬЦЫ НАЛАДЗІЛІ СУБОТНІК ДЛЯ ЛІКВІДАЦЫІ ПРАРЫВА. РАБОЧЫЯ І РАБОТНІЦЫ, ПАДХАПІЦЕ ПАЧЫН КОМСАМОЛЬЦАЎ:

Базыль
Перадавую прачытае
Наш рабкор таварыш Гаеў

Гаеў (чытае)
Партыя і ўрад усклалі ганаровы
абавязак выпускаць стандартныя
дамы шахцерам-ударнікам Донбаса.
Як выконваецца план? Лесапілка
не дадала за дэкаду 2-га месяца
37 проц. Лесапілка — тормаз у працы
іншых цэхаў. Ліквідаваць прарыў
можна толькі шляхам разгортвання
Спаборніцтва і ўдарніцтва.
Выканаць план у тэрмін!
(Пад артыкулам застаўка — шахцёр-забойшчык)

Базыль
Зараз ідзе вершаваны твор,
Яго прачытае таксама рабкор…

Сход
— Аўтара!.. Аўтара даёш!

Базыль
Нейдзе ў залі (углядаецца)
Суніца, сып, чытай сваё!

Суніца (чытае)
„5 y 4“.
Штурмуйце, штурмуйце прарывы —
Па-ўдарнаму і церпяліва.

(Скрып дзвярэй. Уваходзіць Міколка, аглядаецца і садзіцца ля сцяны на свой сундучок)

Акуліна
Хто там дзверы ломіць?

(Сход сцішае і гэтым самым падымаецца большы гул)

— Ціха!
— Ціха, там!
— Цішэй!

Акуліна
Паталкуем у заўкоме!

Базыль
Ціха вы… (да Суніцы) Чытай далей.

Суніца (чытае)
„Пяць у чатыры“.
Штурмуйце, штурмуйце прарывы —
Па-ўдарнаму і церпяліва.
Тысячу даць у Донбас
Мы абавязаны ў час.
Хай ворагі нашы скрыгочуць.
Яны не заслоняць нам вочы.
Горача, ўдарна і шчыра
Зробім мы „пяць у чатыры“.
Дык-жа штурмуйце, штурмуйце прарывы
Па-ўдарнаму і церпяліва.
(Воплескі. Суніца садзіцца на месца).

Базыль (да бракера)
Можна вас прасіць хвілінай
Стаць вось тут, дапамагчы нам.

Зарэмба
Калі ласка, з вамі я,
Я і вы — адна сем‘я.

Базыль (дае яму шнурок)
Крыкну „раз“ — адскочу ў бок —
Вы — пацягнеце шнурок,
Вось і ўсё.

Зарэмба
І ўсё?

Базыль
Канец.

Зарэмба
Калі ласка…

Базыль (чытае)
Крываспец. Ёсць у нас крываспец.
Лічыць сябе вялікім знаўцам. Любіць
без патрэбы бракаваць шмат годнае
прадукцыі. Па яго віне 9 гадзін
прастаяла парыльня. Як устаноўлена,
ён забракаваў годны для працы
сырэц. Дзейнасць крываспеца лле
ваду на млын ворага. Па нашаму,
гэта сваеасаблівы метад шкодніцтва.
Зняць з іх маскі. Павінны ведаць
іх. Глянце крываспец перад вамі…
Раз“!

(Базыль адыйшоў у бок. Зарэмба пацягнуў шнурок, адскочыў квадрат, і перад сходам паказаўся твар Зарэмбы — вясёлы, самадавольны)

Юзэфа
Які кашмар!

Галасы
— Ну і твар.
— Так і просіцца на ўдар!

Зарэмба
Тут пра мяне?

Базыль (весела)
Але, пра вас.

Зарэмба (бяжыць на сваё месца)
Не-не, не-не!

Сход
— Раз у раз,
— Якраз пра вас!
— На Пілсудскага працуеш?
— 3 Чэмберленам!

Юзэфа
Ён нявінны.
(лясь па шчацэ бракера)
Як ты дазваляеш
Здзеквацца? Мужчы-ына…

Акуліна (да Юзэфы)
Не ігнарыраваць прашу я
Прафсаюзнай дысцыпліны.

(Гасне на сцэне свет. Базыль асветлены променем праекцыйнага ліхтара)

Базыль
Таварышы, ціха. Нельга гэтак…
Зараз пачнем светавую газету.

(На палатне любоўная пара: Радзецкі і Васіліса. Пяюцца прыпеўкі-тлумачэнні)

1-ая
На гародзе рос качан,
А паспеў радзісай…

2-ая
Падрываюць прамфінплан
Радзецкі з Васілісай.

Базыль
Таварышы! Ў момант рашаючага
штурма прарыва на заводзе комсамолка
Васіліса выходзе замуж, і толькі з
гэтае прычыны, у час найвялікшай
патрэбы ў рабочай сіле, — пакідае завод.
Ці ёсць гэта лінія комсамола?
(На палатне „любоўная“ пара: Стрэльбін і Ліпа)

1-ая
Па канвееру падрад
Ідуць дубы-сталеткі.

2-ая
Стрэльбін пудзіцца дзяўчат,
Што конь матацыклеткі.

Базыль
Таварышы! Стрэльбін-комсамолец,
добры грамадскі працаўнік. Але ён у
адносінах да жанчын дапускае вялікія
загібы. Ён іх чураецца. Угледзеўшы
комсамольца з комсамолкай, абураецца,
бачыць у гэтым перашкоду для
пабудовы соцыялізма?
Ці ёсць, гэта лінія комсамола?
(На палатне пара: Мішка і Галька)

1-ая
Гордасць нашых гарадоў
Тэмпы пабудовы.

2-ая
Ў Галькі з Мішкаю любоў,
А завод — аснова.

Базыль
Таварышы! Мішка-ўдарнік, дае
вышэйшыя нормы выпрацоўкі, і
комсамолка-ўдарніца Галька стаяць
моцна на перадавых пазіцыях,
вытворчых баёў. Па-большэвіцку ясна
ўяўляюць сабе месца асабістага і
грамадскага ў нашу сучаснасць.
Ці ёсць гэта лінія комсамола?
(На палатне пара: Мер‘ема і Кандраль)

1-ая
Дзень і ноч, дрыгва і сталь,
Б‘юцца дзве сістэмы.

2-ая
Любіць дым пусціць Кандраль,
Працаваць — Мер‘ема.

Базыль
Таварышы! Кандраль толькі і прагне
затрымаць ход нашае працы, іграе на
струнах цяжкасцяй, якія перажывае
краіна. Мер‘ема — старая работніца —
пенсіянерка, прышла на завод, каб
дапамагчы нам справіцца з ганаровай
задачай.
Ці не ёсць лінія старэнькай Мер‘емы —
лінія комсамола?

Зацейнік
Толькі давайце парадкам.
Гульня для ўсіх нас.
Будзем даваць загадкі,
А вы ў рыфму —
адказ.
Пачынаем.

Загадка
Сыпіць у вочы рабочым туман,
Пра „Пан-Еўропу“, пан…

Цімох
Адказ Брыан.

Загадка
Тысячу выслаць ад нас учас
Нашым таварышам у…

Адказ
Донбас.

Загадка
Усадзіць Пілсудскаму вострае шыла,
Няхай загадае Нарком…

Адказ
Варашылаў!

Загадка
Заіржавела прадольная пілка,
Прарыў за прарывам дае…

Адказ
Лесапілка.

Загадка
Соцыялізму фундамант заклалі,
Намі кіруе таварыш…

Адказ
Сталін.

Загадка
У нас — мы Чырвоную армію маем,
І маем другую ў далёкім…

Голас
Кітаі.

Акуліна
Не парушаць заўжды павінны —
Прафсаюзнай…

Чыж
Акуліны!
(Смех)

Акуліна
Дысцыпліны!

Загадка
Паляваў Радзецкі лісу,
А падстрэліў…

Адказ
Васілісу!

Зацейнік
А цяпер давайце крышку
Мы гульнём ў ката і…

Адказ
Мышку.

Галасы
— Давайце, давайце — усе ў карагод.
— Я буду мышкай.
— Я буду кот.
— І я… І я.
— Шырэй карагод!
— Кірыл Антонавіч, з намі
ў прыпрыжку!

Дырэктар
Не выйдзе.

Галасы
— Выйдзе!
— Будзеце кот.
— Галька — вашаю мышкай.
— Пачынаем. Раз! Два!
— Лаві, уцякай!

(Пачынаецца гульня, шумна, весела. Праз карагод з сваім сундучком прабіраецца Міколка)

Міколка
Дазвольце заявіць.
Дазвольце сказаць…
(Усе спыняюцца, здзіўлена акружаюць яго)

Міколка
Нас… падбухторваў… бракер.


ТРЭЦІАКТ



ВЯЗЬМО IX
Прадвясенні вечар. Адліга… Адчынены сход комсамольскае ячэйкі. Апроч комсамольцаў, прысутнічаюць старэйшыя рабочыя. Сярод іх Мер‘ема. Стрэльбін — старшыня схода.

Клім
Наспеў урачысты час,
Пара перамогі настала,
Глянуць, што зроблена ў нас
Нашым ударным кварталам.
Заданне было — 900,
Тысячу — сустрэчнае слова.
На сёння зрабіў завод —
948.

Акуліна
З паловай!

Клім
Каб здзейсніць сустрэчны план,
Адна засталася дэкада.

Галасы
— Апавясціць гураган.
— Што гураган, — кананаду!

Клім
Штурмам юнацкіх сіл
Мы ўцягнем старэйшых, верна.
І разам, напорам усіх,
Тысячу вышлем у тэрмін.
Нялёгка яно, але — вы,
Рабочым запальным прыбоем,
На сёння з баёў штурмавых
З гонарам вышлі, — героі.
Давалася цяжка. Былі
І будуць яшчэ перашкоды.
Але ў барацьбе мы раслі,
У агні большэвіцкіх паходаў.
І тысячу, як адзін!
Навалаю — ўзяць барыкады!..
Вашае слова — пачын
У штурме апошняй дэкады.

Чыж (у перабіўку з іншымі)
— Слова
— За
— Абавязкова!
— Прапанова!
— Дай сказаць!

Стрэльбін
Па парадку, не крычы.
Першы слова мае Чыж.

(Да прэзідыума прабіраецца Мер‘ема, гэтым самым перашкаджае гаварыць Чыжу і ў выніку яго перабівае)

Чыж
Гураган — найлепшы сродак,
Каб прарыў…

Мер‘ема
Мае сынкі,
Каб заказ аддаць учас,
Трэба ўсім, адным заходам,
Стаць за працу, за станкі.
Не дай божа — гураганам,
Ён зніштожа ўсё, на звод.
І нашто, сынок каханы,
Зваць няшчасце на завод.
Лепш, па-мойму, па-старому,
Працаваць, як свеціць свет.
Толькі ўцягнешся — да до-ому
Завадскі гудок заве.
Хоць-бы так, гадзін дванаццаць,
Восем — што-ж гэта для нас?
А ў дванаццаць
Добрай працай —
Можна выканаць заказ.
Згода, сынку?

Базыль
Не, не згода!
Наркомпрац сказаў: заводы
Маюць свой працоўны кодэкс.

Стрэльбін
Ціха, звады, ў нас дэкада,
Прапаную не крычаць.

Мішка
Верна, хлопцы, ціха… Даць
За дзесяць дзён павінны мы
Пяцьдзесят і два дамы.
Так што…

Акуліна
Дайце слова,
Нам не 50 і 2,
а 51 з паловай.

Мішка
Братва, трывога. Ударыць моцна.
Сто — павінен даць завод.
Абвясціць па соты процант
Наш вытворчы штурм-паход.
Наш уздым усіх рабочых
Зазаве ў рашучы бой.
І трохзменна, дні і ночы,
Ні хвіліны на прастой, —
План ударны наш, вытворчы, —
Здзейснім працай штурмавой!

Галька
Верна!

Сенька
Правільна.

Чыж
Аблогай.

Стрэльбін (дыктуе сакратару)
І запішам так: трывогу
Абвясціць на ўвесь завод,
А таму наладзіць сход,
Наш вытворчы штурм-паход…
— Згода?

Галасы
Ёсць!

Суніца
Прарэдакціруй!

Стрэльбін
Значыць, хлопцы, толькі шчыра.
(Глядзіць у блок-нот)
А ў бягучых — слова мае
Наш заўком, таварыш Заяц.

Акуліна
Хай яшчэ зрабіць павінны
51 з паловай.
Вашым сённешнім пачынам,
Лепш сказаўшы, пастановай —
Будзе сто, абавязкова.
На сваім чарговым сходзе
Камітэт наш завадскі
Ухваліў ўзнагародзіць
Запісаўшы пункт такі:
(Чытае вельмі хутка)
Слухалі: аб прэміраванні комсамольцаў
за ўзорную працу.
Пастанавілі: лічачы, што ў першым
ударным квартале, атрымаўшы заданне —
выпуск дзевяці соцен стандартных дамоў
для герояў соцыялістычнага Донбаса —
і прымаючы пад увагу, што завод не
быў прыстасаваны, пры недахопе рабо-
чае сілы, комсамольскія вытворчыя бры-
гады высунулі сустрэчны, абкругліўшы
ў тысячу дамоў, — штурмавалі гэты план,
як сапраўдныя змагары за соцыялізм.
Зроблена ужо 945. (Дадае ад сябе)… На
сёння 948 з паловай. (Чытае далей). Гэта
дасягнута на аснове правільнага кіраў-
ніцтва партыйнага калектыва і на аснове
ўжывання комуністычных метадаў працы,
соцспаборніцтва, ударн…

Галасы
— Досыць.
— Во нагарадзілі.
— Ўсё-ткі, што-ж пастанавілі?

Акуліна
Пастанавілі? Ухвалілі закупіць адзін
матацыкл і адзін фото-апарат на сродкі
фабкома, выклікаць дырэкцыю зрабіць
тое самае. Прасіць ЦСПСБ, паколькі
мяркуецца паездка рабочых-ударнікаў
вакол Еўропы, даць нам адно месца —
i… перадаць штабу комсамольскіх удар-
ных брыгад для раздачы лепшым ударні-
кам ленінскага комсамола нашага завода.
(Агульны ўздым)

Чыж
Во, красуй, мая качалка!

Галасы
— Прэміроўка!
— Матацыкл.
— Прэміроўка-за штурмоўку!
— Гэта лоўка!
— Малайцы!

Стрэльбін
Па парадку. Хто там дурыць?
Падавай кандыдатуры.

Галасы (на перабой)
— Мішку!
— Мер‘ему!
— Кірыл Антонавіча!
— Чыжа!
— Стрэльбіна!
— Васілісу (смех)

Стрельбін
Лепшым трэба, той — хто ўзор,
Хто комсамольскі браў напор.
Хто працаваў з агнём, як след
(Чытае спіс)
Мішку?

Галасы
— Даць!
— Матацыклет!

Базыль
Ён рэдактар. Для работы,
Як сказаў пісьменнік Гётэ,
Мішку выдаць трэба фото.

Стрэльбін
Галасую
(Падняліся рукі)
Хто супроць? Аднагалосна.
Ціха вы… Далей ідзем мы.
На чарзе цяпер Мер‘ема.
Даць?

Галасы
Даць, абавязкова.

Мер‘ема
Не, не трэба, што вы, дзеткі..,

Стрэльбін
Галасну. Матацыклетку
Даць Мер‘еме. Хто супроць?

Мішка
Хлопцы, кіньце жартаваць,
Дзе старэнечкай катацца.
Прапаную клапатаць
Ёй імя — Героя працы.
(Гул адабрэння)

Стрэльбін
Кірыл Антонавіч — наступны.
Галаснём?…
Супроць? Няма.
(Воплескі)

Стрэльбін
Вось і ўсё.

Акуліна
Яшчэ, дарэчы,
Ў Еўропу —
Месца нам бясспрэчна.

Стрэльбін
Калі так, наступны Чыж.

Галасы
— Выдаць!
— Даць!
— Браніраваць!

Стрэльбін
Хто супроць? Няма. Канчаем.

Акуліна
Іншых з спіса я вам раю
Ўсіх цяпер замацаваць.
Бо й дырэкцыя, я знаю,
Прэміроўку хоча даць.

Сенька
Прапаную толькі з спіса
Не выкідваць Васілісу…
(Смех)

Мішка
Таварышы, трывога!
Прарыў бярэ ў палон:
Яшчэ работы многа —
І толькі дзесяць дзён.
Не трэба захапляцца.
Ўсю моц на штурм-паход.

Галасы
— Таварышы, за працу,
— Атакай — на завод.

Чыж
Як сакратар рэдакцыі, —
Давайце матар‘ял
Пра жыццё, аб працы і
Пра ўдарны наш квартал.
Газетку мы на свята
Во! — звярстаем вам

Акуліна
З Донбаса дэлегаты
На свята едуць к нам.

Стрэльбін
За нашу перамогу,
За ўдарны наш квартал,
Таварышы, трывога! —
Даёш інтэрнацыя…
(Адразу спахваціўшыся)
Братцы, хлопцы, хлопчыкі.
Забыліся зусім, —
З лепшых-лепшы ўдарнік
У нас — таварыш Клім.
Яму узнагароду!

Галасы
— Пашана!
— Гонар!
— Чэсць!
— Большэвіку старэйшаму,
— Кіраўніку, таварышу,
— Хадайнічаць на славу —
— Ордэн Леніна
— Ордэн Леніна!
— Ордэн Леніна!
— Качаць… Вітаць. Ушанаваць!
(Качаюць Кліма)

ВЯЗЬМО X
Ноч. Цемень. Трывога. Сірэна. Бегае пражэктар. Гул. Трывога. На вышцы, што на беразе, дырэктар, інжынер, вартавы.

Дырэктар (углядаецца на раку)
На вачох прыбывае вада,
Затопіць завод.

Інжынер
З берагоў
Падымаецца ўверх.

Вартавы
Вада.

Дырэктар
Ход стыхіі. Яго
Нельга асіліць. Удар.
Стане завод.

Вартавы
І на многа.

Дырэктар
Усе меры — дарма.

Вартавы
Вада.

Дырэктар
Ахвярай лягла перамога
(Зыходзіць з вышкі)
Усе меры дарма. Не чакалі
Ўпяршыню гэтак рушацца хвалі.

Інжынер
Каб захаваць завод,
Выйсце я бачу, але
Рокат раз‘юшаных вод
Частку пасёлка залле.
Падняўшы плаціну, здолім
Стыхію на бок скіраваць.
Будынкі затопіць не болей
Сантыметраў 35,
І тыя ўсяго, што ля клуба.

Вартавы
Ніякай тут страшнае згубы…

Прыбягаюць з крыкам, шумам-лямантам жанчыны. Гудуць гудкі, прыбягаюць комсамольцы. Ракочуць хвалі. Прыбягае Васіліса.

Васіліса
Што такое? Што тут стала?

Ліпа
Гаварыла-ж я, казала…

Галасы:
— Мяхі з пяском на бераг класці
— Не даць прапасці бервяну.

Крот (прыбягае ў ніжняй бялізне)
Ах, няшчасце,
Ох, няшчасце —
Пабягу будзіць жану.

Стрэльбін
Не крычаць!

Сенька
Прымайце балкі!

Чыж
Во, размый тваю качалку!

Галасы
— Сцеражыся.
— Прыбывае…

Кандраль
Бог разгневаны карае…
Гнязду антыхрыста — не жыць.

Галасы
— Ратавацца.
— Прыбывае.
— Не крычыце.
— Што рабіць?

Дырэктар (узышоў на вышку)
Таварышы, спакойна. Наш завод
Паводка выведзе ў расход.
А павінны ўсё зрабіць,
Каб наш завод астаўся жыць.

Стрэльбін
Адратаваць завод павінны.

Дырэктар
Для гэтага праз дзве, праз тры хвіліны
Падняць павінны мы плаціну.

Кандраль
Што?… Плаціну? Небяспека?
Завод важней для чалавека?
Тапіць рабочых? Душагубы!

Дырэктар
Вада не дойдзе і да клуба.

Галасы сезоннікаў
— Не даць плаціну.
— Адстаяць.

Кандраль
Адзін раз гінуць
За Советы.

Мішка
Ціха, цёткі, не крычаць.

Стрэльбін
Інжынеру дай сказаць.

Галасы
Ён не наш.

Кандраль
Ён шкоднік, братцы…

Галасы
— Нас затопяць.
— Ратавацца.

Чыж (да Кандраля)
Замаўчы… тваю качалку.

Дырэктар
Ціха, што гэта за свалка.
Нікому смерць не пагражае
Не трэба панікі…

Кандраль
Мы знаем,
Пагражае
Ці… пужае…

Інжынер
З будынкаў, што ад клуба справа
Выселіць, і нават
Вада зусім не болей займе…

Галасы
— Дух твой займе.
— Шкоднік.
— Контра!

Кандраль
Падумаць толькі — што такое
Тапіць рабочых, іх дзяцей
Па-большэвіцку гэта?

Стрэльбін (да дырэктара)
Гэй —
Пастаім — дык хвалі хлынуць.
Дай загад падняць плаціну!

Ліпа (падбухтораная Кандралем)
А на што я нараджалася,
А на што я гадавалася,
А мая галоўка бедная…

Другая (яе перабіваючы)
Не карай нас божа ласкавы…
Смерць прышлі мне чалавечую, —
Як памерла мая матанька,
Як памёр мой родны татанька,
Мне, рабе тваёй, памерці,
Не тапеліцай нявіннаю…

Мішка
Эх, чаго вы, сястрыцы і маткі,
Жывеце вы і будзеце жыць.
Калі-ж і падмочацца хаткі,
Па гэтай бядзе галасіць?
Сцішацца хвалі, заплачам,
Пацерпім — не тыдзень, а год.
Плаціну падняць гэта значыць
Адратаваць завод.
Эх, цёткі, ад гэтай паводкі
Завод наш змарнее зусім.
Не праўда? — скажыце? А ўсё-ткі
Чаго мы бунтуем, крычым?

Мер‘ема
Верна, Альжбетка,
Сама ты і дзеткі
Пяройдзеш да нас. Ідзём…
(Альжбэта лямантуючы выходзіць)

Кандраль
Не дадом плаціну, не дадом,
Грудзямі ляжам, трупам ляжам,
Мы адстоім галавой.

Чыж
Гэтак важна:
— Трупам зляжам,
Зляжаш, сволач, сам-сабой.

Галасы
— Дакуль стаяць?
— Спазніцца можам.
— Падняць плаціну!

Кандраль
Асцярожна!

Рабочы (да Кандраля)
Не гарлань,
Былога… здань.
Падняць плаціну — патрэбная справа.
Толькі спакой і рухавасць.
(Дырэктар, за ім інжынер ідуць на вышку)

Дырэктар (голасам загада)
Стрэльбін,
Сабраць людзей і жвава
Выселіць правы квартал.
Пакуль — высяляйце ў клуб.

Стрэльбін
Ёсць (з грамадой выходзіць, за ім бабы
і мужчыны)

Кандраль
Братцы, з месца не кратацца!

Дырэктар
Таварыш, Міхась,
З народам бяжы
За складам — адкіньце глыбей кражы.

Мішка
Ёсць! (бяжыць з грамадой)

Дырэктар (да Сенькі)
Таварыш, Клейне,
Збяры брыгаду, —
У час высялення
Захоўваць парадак.
Беражыцеся зладзеяў.

Сенька
Ёсць! (з групай бяжыць)

Дырэктар
Шпілеўскі, дзе ён?

Базыль
Я.

Дырэктар
Дасі нам знаць,
Як скончаць… высяляць.

Базыль
Ёсць! (пабег)

(Засталіся дырэктар, інжынер, вартавы. Ля вышкі стуліўшыся — Васіліса. Кандраль, з ім 4-5 сезоннікаў. Дырэктар, інжынер, вартавы ідуць з вышкі. Загараджвае дарогу Кандраль і яго сезоннікі)

Дырэктар
Што пасталі? На падмогу!
К высяленню!

Кандраль
Што?

Дырэктар
Дарогу!

Кандраль
Што? Дарогу? Смерць рабочым?
Жыць рабочыя не хочуць?
Шыю зломіш, мой паночак… (груба)
Хай змывае, каб і вочы
Завод убачыць не маглі.
Не падымаць плаціну, чуеш?

Дырэктар
Адыйдзі. Ты — горш скаціны
Розум траціш, сукін сын.

Кандраль
Брацця, бяры і… пад плаціну.

Дырэктар
Што?

Клыч
— Прэч!

Інжынер (да Клыҹа)
— Сволач.

Клыч
Гаспадзін…

(Накіроўваюцца на іх. Кандраль выхваціў ружжо ў вартавога, ускочыў на вышку, прыкладам пабіў пражэктар).

Кандраль
Большэвічкі…
Тапіць людзей?
Брацця, хавай канцы,
Хай самі гінуць.
Кідай, кідай іх пад плаціну!
Та-ак… Душы іх… Хай вада
Дакончыць сволачай… Кідай…

(Гул валікі зліваецца з крыкам. Сезоннікі выпускаюць дырэктара, інжынера, вартавога і ўцякаюць. Рушыцца ў момант вышка — Кандраль з крыкам „ратуйце“ валіцца ў ваду. Шугае вада, шуміць. Гэта Васіліса падняла плаціну. Васіліса падбягае да дырэктара. Інжынер ходзіць — нервуецца)

Васіліса
У вас тут кроў…

Дырэктар
Ці выселіць паспелі жыхароў?

Вартавы (глядзіць на раку)
Канец яму прышоў…

Інжынер
Якая сволач, які падлец…

Дырэктар
Дзякуй, Васіліса, маладзец.
(Убягае Базыль)

Базыль
Толькі я нагой асмеліў —
Хвалі раптам захадзілі…

Дырэктар
А выселіць паспелі?

Базыль
Уплатнілі.
Як сказаў Бухарын, — жыва
Выпаўняем дырэктывы.


СОНЦАВЫЛАЗКА



ЭПІЛОГ
Сонечны дзень. Спакойна коцяцца хвалі рэчкі. Дзелавод ловіць рыбу. Выцягвае — „ёсць“. Здаволены. Трапечацца уклейка на кручку. Скача з ёю дзелавод

Крот
Ах, попалась, птічка, стой,
Не ўйдзеш із сеці…
(Ловіць на галінках кустоў муху)
— „М-мая“.
(Садзіць яе на кручок. Закідвае вудачку зноў)
— „Т-твая“.

(Чуваць масавая комсамольская песня ўсё бліжай і бліжай. Чуецца голас Стрэльбіна: „Ціхі ход“. Падплывае лодка адна, другая. Першым выскаквае на бераг Стрэльбін, на рукаве чырвоная стужка).

Стрэльбін
Астанавіце флот!

Галасы
— Міхась — вылазь!
— Вера-на бераг!
— Васіліса — варушыся!
— Алесь — лезь!
— Андрэй — скарэй!
— Які прастор…
— Хутчэй, Рыгор!

Сенька
А… Мірон Саўкавіч Крот!

Дзелавод
Не Мірон, а Нер-рон.
Не Саўкавіч, а Саулавіч
І не Крот-т, а Крод-д…
На заводзе старшы дзелавод
Нер-рон Саулавіч Крод-д.

(Уся грамада на шырокай сенажаці, пад гарачым сонцам пераблыталася ў неарганізаванай вясёлай і жывой акрабатыцы. Стрэльбін распранаецца, застаецца ў трусіках. Чырвоную істужку перавязвае на голую руку. Мішка і Галька адлучыліся ад грамады, селі на беразе ля куста)

Стрэльбін
Стойце! Мы павінны…

Акуліна
Не парушайце дысцыпліны.

Стрэльбін
Аллё… Даю загад.

Голас
Загад.

Стрэльбін
Усе падрад.
Раз. Два Тры.

(Адны становяцца ў рад, другія яшчэ акрабацяцца)

Стрэльбін
Сенька, не дуры!

Акуліна
У рады
Да грамады.

Голас
Акрабат,
Стань у рад.

Стрэльбін (аглядае рады, перад фронтам ходзіць)
Васіліса, не хістайся…
Смірна.
Па камандзе распранайся.
Раз. Два. Тры. Чатыры.
(Усе ў трусіках)

Стрэльбін
Слухай маю прамову:
Згодна нашай пастановы
Мы зрабілі ў поле выхад.

Васіліса
Сонцавылазка!

Сенька
Мне слова.

Акуліна
Даць рэгламант!

Стрэльбін
Што-вы, ціха.
Згодна нашай пастановы.
Паветра, сонца і вада.
У здаровым целе дух здаровы.
Гартуйся, наша грамада.
Быць здаровым — трэба, братцы,
Фізкультурай гартавацца.
Перад намі барыкады
Міжнароднай схваткі (шум у радах)
Заклікаю да парадка,
Разбіваю па брыгадам:
Васіліса.

Васіліса (робіць два крокі ўперад)
Я.

Стрэльбін
На карме з харчамі скрыня.
Будзеш нашай гаспадыняй.

Васіліса
Буду вашай гаспадыняй.
(Робіць „кругом“, ідзе на месца)

Стрэльбін
Акуліна!

Акуліна
Я.

Стрэльбін
Шмат народу… Небясьпечна.
Будзеш старастай аптэчкі.

Акуліна
Буду старастай аптэчкі.

Стрэльбін
Сенька!

Сенька
Я.

Стрэльбін
Браць усіх паачарод
Вартаваць заводскі флот.

Сенька
Вартаваць заводскі флот.

Стрэльбін
Мішка! (аглядаецца)
Мішка!
Дзе ён?

Голас
3 Галькай збег.

Стрэльбін
Адшукаць. Даставіць. Дзе ён?
(Усе разбягаюцца)

Галасы
Мішка… Мішка! Гу… ау…
Лятуны, дзе дзеліся… ау…

Акуліна
Вот, скажыце, ліхадзеі.

Базыль (дакладае)
Пад кустамі з Галькай млее.

Стрэльбін (падыходзіць да куста)
Што ты робіш? Шуры-муры?
Хочаш план парушыць наш?
Міжнародны сабатаж.
А камандваць фізкультурай
Буду я?

Мішка
Сціхні, пойдзе ўсё чын-чынам.

Акуліна
Удвох пад кусцікам варкуюць.
Разлажэнне дысцыпліны.

Васіліса
Стрэльбін, дай легалізуем.
Усё адно.

Базыль
Легалізнём.

Стрэльбін
Што я чую? Што я чую?

Сенька (да Стрэльбіна)
Ухвалі.

Базыль
Легалізнём.

Васіліса
Тут, пад сонечным агнём!

Базыль
Загсанём!

Васіліса
Усе гуртом!

Мішка (да Галькі)
Легалізнём?

Галька
Легалізнём.
(Скідаюць вопратку, застаюцца ў трусіках)

Стрэльбін
Усё адно ўжо. Ухваляю.
Больш не трацце час… хавацца.
Ухваляю… Што-ж параіць?
Пра завод не забывацца,
Фізкультурай гартавацца
І… пра кадры турбавацца.
Век вам жыць.

Базыль
Раз турбавацца,
Дык не менш — на душ дванаццаць.

Васіліса
Запісаць іх.

Галасы
— Запісацца.

Сенька (да Акуліны)
Ты-ж заўком, давай заручым.

Акуліна
He.

Галасы
— Чаму? — Баіцца блуду.

Акуліна
Я супроць і… самаручна іх запісваць
не буду.

Сенька
Дзелавод, ты хлопец здатны.
Запішы і… справе цьма.

Крот
Я канешна, далікатна,
Канцылярыі тут няма…

Базыль
Калантай сказала, — братцы,
Можна жыць і не пісацца.

Васіліса (да Галькі)
Ах, ты дружка-весялушка,
Я спляла табе вянок.
(3 сухога сучча адзяе ёй)

Сенька (да Мішкі)
Ох, ты птушка-завітушка,
Кветку й мы табе ў знарок.
(Сучок да майкі)

Стрэльбін
Ухваляем і… канчаем.

Галасы
— Не канчаем — заручаем.
— Ім спрыяем.
— Іх вітаем.
— Хлопцы, дай станцуем, дай!
— Эх, давай.
— Давай!
— Давай!

(Пачынаецца танец-пляска. Усе весела, шумна-карагодам уюцца вакол Галькі і Мішкі. Дзелавод скручвае вудачку, раптам пільна стаў углядацца на рэчку, ледзьве не валіцца ў ваду)

Крот (крычыць)
Поп, поп, едзе поп,
Стой, глядзі, едзе поп

Галасы
Дзе поп? Хто поп?

Дзелавод
Там на лодцы…

Сенька (з берага)
Стой, хлопцы,
Поп — скаціна.

Базыль
Запрасіць сюды яго.

Акуліна
Гэта што?..

Галасы
У айца і сына
Дух навылет…
Го-го-го…
Мішку з Галькаю жанілі
Бацюшкі.
У папа не запрасілі
Матушкі.
— Яко будзь мужчына дужы
Бацюшкі.
Тай жана ўбаіцца мужа
Матушкі.

(Падплывае лодка. Мерным крокам з клумкам за плячыма ідзе Чыж. Адзеты ён у зімовую адзежу, валёнкі, башлык. Яго не пазнаюць. Стаў на ўзгорку. Усе ўглядаюцца)

Чыж (узняў папаху)
Таварышы…

Галасы
— Браточкі, Чыж!
— Што з табой?
— З якім паходцам
Падплываеш, вы-на-ходца…

Чыж
Я, таварышы, прышоў
з вамі развітацца.
У край суровых халадоў
Еду я займацца.
І да восені наўрад
Ці змагу даехаць.

Васіліса
А куды ты?

Чыж
У Ленінград.
У інстытут ЛІЕКХА.
Пажадаю вам, браткі,
Каб змаглі вы, братцы,
Як байцы большэвікі,
З поспехам змагацца.

(Усе апусцілі голавы. Апусціў галаву і Чыж. Крот глянуў на бакі — і выцер слёзы)

Чыж
Дык іду я… Ужо іду.

Галасы:
— Чыж, мо‘ з намі пагуляеш?
— Заўтра пойдзеш, не бядуй.
— А білет ты маеш?

Чыж
Не. Няма…
На пяты год
Вярнуся толькі на завод.

Васіліса
Чыж, пабудзь хвілінку з намі.

Чыж
Не магу…

Дзелавод (выціраючы слёзы)
Вы-ж малады,
Сэрца вашае не камень…
Смела так, з такім напорам
Помню… вы былі рабкорам.
Будзьце з намі, мы вас просім,
Вы сучасны Ламаносаў.

Базыль
Ламаносаў бегаў босы.

Мішка (да Чыжа)
Прэч валёнкі, прэч кажух.

Стрэльбін
Распранайцеся ўдвух.

Дзелавод
Я… Я? Я… Рад.
Я для вас аддана, палка…

Чыж
Эх, гуляй, мая качалка,
Заўтра руш у Ленінград.

Абодвы распранаюцца. Чыж — у трусіках. Дзелавод у кароткіх сподніках. Смех.

Базыль (пра дзелавода)
Хоць нягладка, а ў парадку.

Васіліса
Сонцавылазка — на радасць.

Стрэльбін
Перад намі барыкады
Міжнароднай схваткі.

Акуліна
Не ламайце дысцыпліны.

Сенька
Гартавацца мы павінны.

Стрэльбін
Паветра, сонца і вада.

Мішка
Каманду слухай, грамада.

Пачынаецца купанне, паказ фізкульт фігур, — усё гэта як сымбал пролетарскай сілы. Ідуць плыты. Зыбяцца хвалі. На плытах складзены штабелямі стандартныя дамы. Плыты плывуць ва Ўкраіну. А сонца гарачае і зазыўнае, як маладосць.

1931 г.


ЦАНА 1 р. 50 к.
Пераплёт 10 к.



На белорусском языке
Андрей Александровий
НАПОР
Государственное Издательство
Белоруссии

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.