Міцкевіч без пазалоты

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Міцкевіч без пазалоты
Артыкул
Аўтар: Браніслаў Тарашкевіч


Дыскусія на старонках «Trybuny Radzieckiej» у сувязі са стагоддзем «Пана Тадэвуша» не пустая юбілейная гутарка. Яна паставіла цэлы шэраг праблем, звязаных з гэтым творам Міцкевіча, нанова закранула справу нашых адносін да польскай літаратурнай спадчыны.

Якім павінна быць наша стаўленне да «Пана Тадэвуша»?

Тут недастаткова ацаніць толькі вялікія мастацкія вартасці гэтага твора — гучанне верша, цудоўныя апісанні прыроды, звычаяў, бліскучыя масавыя сцэны, — мы павінны перш за ўсё ўзважыць сапраўднай марксісцкай вагой яго сацыяльны змест, як ён бачыцца нам сёння ў гістарычнай перспектыве.

Ніхто не адмаўляе велізарнай мастацкай каштоўнасці гэтага твора. Прафесар Зяліньскі — некалі ў Расіі царскі падхалім, сёння гітлераўскі маклер у Польшчы, аднак пры ўсім тым выдатны знаўца старажытнай літаратуры — сцвярджае, што «Пан Тадэвуш» — гэта адзіны твор сусветнай эпічнай літаратуры, які можна паставіць побач з «Іліядай» і «Адысеяй». Памылковасць гэтага сцвярджэння толькі ў тым, што — як падкрэслівае Маркс — гамераўскі эпас не толькі недасяжны ў сваёй дасканаласці, але і непаўторны, як непаўторная тая даўно адгучаўшая эпоха. Аднак калі б нам неабходна было знайсці ў навейшай літаратуры адпаведнік «Іліяды» ці «Адысеі», дык узапраўды можам выбраць хіба толькі «Пана Тадэвуша».

Дзіўным здаецца, што «Пан Тадэвуш» не атрымаў сусветнага розгаласу, як гэта, напрыклад, здарылася з «Quo vadis», хаця сваім рэалізмам, сваім артыстычным напружаннем значна перавышае аповесць Сянкевіча. На гэта злажылася шмат прычын і галоўным чынам тое, што змест паэмы Міцкевіча — барацьба з царызмам на фоне правінцыяльнага жыцця шляхты — зусім не адпавядаў зацікаўленням ужо рэакцыйнай, прымірыўшайся з царызмам і падзеламі Польшчы, буржуазіі вядучых капіталістычных краін. Да і ў самой Польшчы не зазнаў Міцкевіч той уцехі, каб кнігі «Пана Тадэвуша» трапілі пад стрэхі. Больш таго, спатрэбілася некалькі дзесяткаў год, каб кнігі гэтыя трапілі ў мізэрныя хатнія бібліятэчкі багатых шляхецкіх і буржуазных дамоў.

Як слушна адзначае тав. Вісляк, кананізацыя Міцкевіча на нацыянальнага святога і наданне яго творам годнасці нацыянальнай бібліі наступілі тады, калі прымірыўшаяся з захопнікамі польская буржуазія і наскрозь рэакцыйнае абшарніцтва з рэвалюцыйнага ў свой час патрыятызму Міцкевіча сталі каваць аружжа для барацьбы з пралетарскім рэвалюцыйным рухам. Тады Міцкевічу — пасля адпаведнай цэнзуры — з «велікадушнай» згоды цара Мікалая ўзводзіцца помнік у Варшаве. Міцкевіча, кожны верш якога палаў страснай нянавісцю да царызму, страснай любоўю да свабоды, гэтага Міцкевіча польская буржуазія ўжывае як сімвал пагаднення з царызмам і ў «пазалоце» паляка-католіка выстаўляе на пярэднія пазіцыі ў барацьбе з надыходзячай рэвалюцыяй, выкарыстоўвае як сродак прапаганды нацыянальнага адзінства: «Кахаймася».

А калі пад ударамі Кастрычніцкай рэвалюцыі лёг у руінах царызм, калі на месцы турмы народаў, Расійскай імперыі, падняўся і будуе сацыялізм саюз вольных народаў, калі на змену таму «гераізму няволі» («Дзяды» ч. ІІІ, «Дарога ў Расію») прыйшоў бальшавіцкі подзвіг герояў, штурмуючых неба, гераізм, перад якім «скалануліся і схіліліся землі» капіталістычнага ўціску — тады польская буржуазія ўсю моц Міцкевічавай нянавісці да царызму, да царскай Расіі спрабуе накіраваць на Савецкую Расію, на Кастрычніцкую рэвалюцыю, якая звергнула гэты царызм. Гэта атручанае аружжа мы павінны выбіць з рук фашызму. Каб паказаць усю крывадушнасць буржуазіі ў адносінах да Міцкевіча, асаблівых намаганняў не патрабуецца. Мы павінны зусім выразна падкрэсліць, што накіраваная супраць царызму, галоўнай апоры еўрапейскай рэакцыі, творчасць Міцкевіча была рэвалюцыйнай для таго перыяду. Мы павінны падкрэсліць, што, змагаючыся з царызмам, Міцкевіч быў вельмі і вельмі далёкі ад сучаснай заалагічнай фашысцкай нянавісці, ён, як казаў тав. Луначарскі, «умеў адрозніваць» і рускіх, якія змагаліся з царызмам, лічыў «прыяцелямі маскалямі».

[...] Задача нашай крытыкі — канчаткова, па-рэвалюцыйнаму зняць з Міцкевіча ўсю «мішуру і пазалоту», незалежна ад таго, ці будзе гэта «пазалота» пад паляка-католіка ці пад сацыяліста. Давайце ж пакажам жывога Міцкевіча, якім ён быў у рэчаіснасці! Пры гэтым нас менш за ўсё будуць цікавіць падрабязнасці спальні і кухні паэта [...]

Дык як жа выглядаюць нашы адносіны да «Пана Тадэвуша»? — Дыскусія паказала, што дагэтуль няма якой-небудзь яснай, адзінай пазіцыі, і адначасова накіравала нас на адпаведны шлях у пошуках такой пазіцыі.

Тав. Вісляк сцвярджае, што Міцкевіч у «Пане Тадэвушу» даў свядома скажаючую рэчаіснасць, апалогію польскай шляхты, крыху прыправіўшы яе, каб пусціць пыл у вочы буржуазнай дэмакратыі, мяккай іроніяй да сваіх шляхецкіх герояў. Такое сцвярджэнне трэба лічыць памылковым і шкодным, бо яно трактуе Міцкевіча як вялікага рэаліста і поўнасцю выдае яго на ўжытак фашызму. Тав. Вісляк зусім слушна хацеў паказаць усё тое, што ў «Пану Тадэвушу» з’яўляецца рэакцыйным, усё тое, што сёння пры адпаведнай негістарычнай, фашыстоўскай інтэрпрэтацыі лёгка можа быць выкарыстана для атручвання мас клерыкалізмам, патрыятызмам і г. д. На жаль, аднак, і сам тав. Вісляк патрактаваў гэтыя справы негістарычна і перагнуў кій улева, хаця многія яго заўвагі слушныя і актуальныя.

Паводле тав. Малэцкага, «Пан Тадэвуш» не з’яўляецца ні апалогіяй клерыкальнай шляхты, ні антышляхецкай сатырай на шляхту, як таго быццам бы хоча тав. Каменскі. «Міцкевіч зусім свядома малюе польскую шляхту рэалістычна, не шкадуе чорных фарбаў таму, што ён быў выразнікам той часткі польскай шляхты, якая бачыла неабходнасць рэформы шляхецкага ладу, бачыла неабходнасць узброенай барацьбы з царызмам». Тут трэба было б прымяніць больш гнуткі, больш дыялектычны падыход. Можна ўпасці ў аднабаковасць, сцвярджаючы толькі тое, што рэалізм Міцкевіча не шкадуе чорных фарбаў. У сапраўднасці «Пан Тадэвуш» з’яўляецца адначасова і сатырай на шляхту і яе апалогіяй. І калі ў гэтым ёсць супярэчнасць, то супярэчнасць не эклектычная, а дыялектычная, фактычная. Вынікае яна як з гісторыі ўзнікнення самой паэмы, на што справядліва звярнуў увагу тав. Каменскі, так і з класавых супярэчнасцей у гістарычным асяроддзі тагачаснай польскай шляхты.

Першапачаткова Міцкевіч хацеў стварыць ідылію на ўзор «Германа і Даратэі» Гётэ, але калі ў яго ўяўленні ўзнік вобраз шляхецкага асяроддзя, дык аказалася, што цяжка было не напісаць на гэтых людзей сатыру, а, прынамсі, больш або менш дабрадушна пакпіць з іх. Зразумела, гістарычная перспектыва падкрэслівае сатырычныя акцэнты. У гэтых адносінах у паэме Міцкевіча мы знаходзім цэлую гаму градацый, пачынаючы ад ледзь адчувальнай нават для аўтара сатыры, ад дабрадушнай і паблажлівай іроніі да праднамернай сатыры (Тэлімэна і Граф) і гнеўнага бічавання такіх агідных рэнегатаў, як маёр Плут. У «Пану Тадэвушу» я бачу дзве тэндэнцыі: тэндэнцыю трактаваць шляхту ў гумарыстычным і сатырычным плане і тэндэнцыю да яе ідэалізацыі, да апалогіі. На маю думку, промахам было б прызнаць агулам перамогу адной з гэтых тэндэнцый у адносінах да ўсёй паэмы. Думаю, што Міцкевіч рэалістычна, з глыбокай праўдзівасцю малюе такіх сваіх герояў, як Чарвяк, Розачка і «герояў», як Войскі, Рэент ці Асэсар; з такой самай глыбінёй і праўдзівасцю ён малюе масавыя сцэны і звычаі, але ў агульнай плыні паэмы, асабліва ў XI (1812 год) і XII («Кахаймася») у раздзелах бачым яшчэ і выразную палітычную тэндэнцыю. Будучы не толькі вялікім паэтам, але і выдатным палітычным дзеячом, Міцкевіч не мог утрымацца на першапачаткова задуманай лініі шляхецкай ідыліі і даў нам пэўны грамадскі і палітычны сінтэз, гэта значыць сінтэз, ідэалізуючы шляхту, даў апалогію змагаўшайся з царызмам шляхты.

Грамадска-палітычная тэндэнцыя неабавязкова павінна знаходзіцца ў супярэчнасці з рэалізмам, з гістарычнай праўдай. Наадварот, яна можа падняць твор на вышэйшы мастацкі ўзровень, надаючы яму вялікую грамадскую значымасць. Прыкладам гэтага — сацыялістычны рэалізм. Мы павінны сканцэнтраваць сваю ўвагу не на абвінавачваннях Міцкевіча ў палітычнай тэндэнцыйнасці, а на ўменні распазнаваць у гэтай тэндэнцыі прагрэсіўныя і рэакцыйныя элементы, няўмольна канфрантуючы адно і другое з гістарычнай рэчаіснасцю.

Тав. Малэцкі слушна спасылаецца на выказванні Леніна аб велізарным значэнні шляхецкага вызваленчага руху таго перыяду з пункту гледжання агульнаеўрапейскай дэмакратыі. Таму з гэтага боку апафеоз шляхецкага вызваленчага руху не будзе рэакцыйным. Але трэба адначасова бачыць і паказваць усю рэвалюцыйную адноснасць шляхецкай вызваленчай барацьбы.

Польская шляхта ў сваёй барацьбе з царызмам, аб’ектыўна выконваючы гістарычна прагрэсіўную, рэвалюцыйную ролю, адначасова як клас паразітычны і гістарычна асуджаны на знішчэнне, як клас прыгнятальнікаў, няздольны павесці за сабой у бок шырокія сялянскія масы, аказалася здольнай толькі на «гераічныя глупствы». «Пан Тадэвуш», дзякуючы сваёй праўдзівасці, якраз і ёсць геніяльнай ілюстрацыяй справядлівасці гэтага выслоўя. «Гераічныя глупствы» — гэта так дакладна, так трапна, што проста напрашваецца ў загаловак паэмы. Такі загаловак, у адпаведнасці з гістарычнай праўдай, перамяніў бы яе ў панурую трагедыю. Трэба было б толькі дапісаць XIII кнігу, у якой Суддзя пад гукі Янкелевых цымбалаў частуе пераможных рускіх генералаў, пан Тадэвуш адбірае назад так легкадумна «дараваную» сялянам зямлю і волю, а шляхта дзякуе цару за ўціхаміранне ўзбунтаванага сялянства і г. д. Гэта былі б цудоўныя папраўкі.

«Пан Тадэвуш» — гэты мікракосмас шляхецкага грамадства,— дае аказію закрануць цэлы шэраг пытанняў. Спынюся толькі на пытанні «расслаення» шляхты.

Слушна падкрэсліваецца неаднароднасць шляхты. Сапраўды — розніца паміж маёмасным становішчам магнатэрыі і дробнай шляхты кідаецца ў вочы. Аднак з гэтага не вынікае класавае расслаенне шляхты. Тэрмін гэты тав. Малэцкі механічна перанёс з расслаення сялянства. Аднак пры расслаіванні сялянства з больш-менш аднароднай масы на супрацьлеглых полюсах узнікаюць дзве зусім розныя групы: сельская буржуазія і сельскі пралетарыят. Класавае расслаенне азначае эксплуатацыю адной праслойкі другой. Памылкай было б сцвярджаць, што магнатэрыя або прыгонніцкая шляхта жыла з эксплуатацыі дробнай шляхты. А паміж дробнай шляхтай і прыгонным сялянствам ляжыць цэлая прорва саслоўных прывілеяў і прыгоннай няволі. Дзякуючы гэтым прывілеям дробная шляхта прымала ўдзел у эксплуатацыі сялянства і была, калі можна так выказацца, «масавай базай» прыгонніцкай шляхты і магнатэрыі. Адсюль тая нечуваная пагарда дробнай шляхты да мужыка, іх узаемная нянавісць. Дакладнае, рэалістычнае адлюстраванне гэтых адносін мы знаходзім у паэме «Пан Тадэвуш». Дробная шляхта знаходзіцца ў рамках шляхецкага саслоўя і ў цэлым проціпастаўляецца прыгоннаму сялянству.

Безумоўна, розніца ў маёмасным становішчы прыводзіла да антаганізмаў унутры шляхты. Дробная шляхта, і асабліва шляхецкага паходжання інтэлігенцыя, лягчэй паддавалася буржуазна-дэмакратычным уплывам і была больш рэвалюцыйна настроена супраць захопнікаў. Затое магнаты вылучаліся пераважна сваім рабалепствам перад царызмам. Таму Міцкевіч у «Пане Тадэвушу» дае волю сваёй антыпатыі да іх. Сам Міцкевіч, сын адваката, гаспадара Завосся, хаця і не паходзіў з той найбяднейшай засцянковай шляхты, што змушана была працаваць на сябе, як «наёмнае сялянства», выразна сімпатызаваў дробнай шляхце. Мацей Розга, герой вызваленчай барацьбы, просты засцянковы шляхціц — гэта персанаж, які цешыцца найбольшай сімпатыяй аўтара. Гэта адзіны чалавек, які бачыць усю бязглуздзіцу шляхецкіх набегаў, які крытычна адносіцца да пранапалеонаўскіх захапленняў, які захоўвае высакародную, гордую паставу перад панамі: «Хай мае Пацей лепш Мацея, чымся Пацея Мацей, за свайго дабрадзея».

Сімпатызуючы дробнай шляхце, Міцкевіч, аднак, не робіць з яе гегемона шляхецкага вызваленчага руху, як зрабіў гэта тав. Малэцкі, сцвярджаючы, што ў касцюшкаўскім паўстанні 1794 г., у польскіх легіёнах і ў паўстанні 1830 г. «дамінавала дробная шляхта». У Міцкевіча дамінуючую ролю іграе двор Сапліцаў, і гэта згодна з гістарычнай праўдай.

Не закранаючы, з-за адсутнасці месца, астатнія пытанні, хачу закончыць словамі пераканання, што польскія таварышы не пакінуць справу польскай літаратурнай спадчыны, якая мае больш актуальнае рэвалюцыйнае значэнне, чым гэта многім можа здавацца. Прыгожы прыклад для пераймання дае пераможны рускі пралетарыят, які ўмее — гаворачы словамі Міцкевіча — правым крылом па мінулым, левым па будучым ўдарыць.