Перайсці да зместу

Міхась Машара — «Лёгкі Хлеб» (Станкевіч)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Міхась Машара — „Лёгкі Хлеб“
Крытыка
Аўтар: Адам Станкевіч
1936 год
Крыніца: Калосьсе. — 1936. — Кніжка 4 (8). — С. 251—253

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КНІГАПІС


Міхась Машара — „Лёгкі Хлеб“. Драма ў трох актах з жыцьця вясковай моладзі.

Выд. „Беларускай Крыніцы“. Вільня, 1936 г. бач. 63, 20×13.

Міхась Машара, як бачым, піша ня толькі вершам, але так-жа й прозай. Вось прад намі гэтак напісана, выдана яшчэ сёлета летам, драма „Лёгкі Хлеб“. Першы акт і другі адбываецца на сяле і адначасна, а трэці ў Вільні гады два пазьней.

Фабула драмы гэткая. Вясковая дзяўчына, дачка багатага селяніна, атрымала сякую-такую асьвету і адбілася ад роднага асяродка. Яна ўжо чураецца сваіх таварышаў вясковых хлапцоў, заглядаецца на нейкага валацугу, дарожнага майстра, быўшага афіцэра Крукоўскага і ўрэшце аддае яму сваё сэрца. Чаму так? Дзе прычына такой драматычна-фальшывай псыхікі вясковай дзяўчыны? У цемнаце агулам і ў нацыянальнай нясьведамасьці. Вера атрымала пачаткі асьветы, як відаць з яе любасьці да русыцызмаў, у чужой расейскай школе. Школа гэта, замест аткрыць ей вочы на праўду, яшчэ больш яе зацямняла й вучыла пагарджаць усім родным, беларускім: пагарджаць сваей мовай, працай, усім вясковым бытам. Вось-жа Вера добра і вялікую мерку прысвоіла сабе гэтага фальшу й лятуцела аб нечым лепшым, „цілігентным“, аб нейкім страйнейшым і лягчэйшым жыцьці, аб „лёгкім хлебе“, агулам гаворачы.

Крукоўскі, па празваньню сялян Крук, нейкі здэморалізаваны прыблуда балаховец, гэты трагічна-фальшывы настрой вясковай дзяўчыны спрытна выкарыствае. Ён, зайграўшы роль „цілігента“, аб якім Вера ружова лятуцела, прыкінуўся ўлюбленым, — лёгка здабыў яе сэрца і… пасаг. Лявон Мутэрка, бацька Веры, разумны селянін, усю гэту трагічную хлусьню прынамсі часткова разумеў і на жанімства Веры з Крукоўскім рашуча быў праціўны. Вера з Круком рашылі ўцякаць у горад і там ажаніцца. Спрыяючы дачцэ і шкадуючы яе маці Альжбета благаслаўляе іх на гэта і тайком ад мужа дае ім значную суму грошаў.

Мэта дасягнута. Крук аб жанімстве й ня думае. Яму былі патрэбныя грошы. Ён іх здабыў, а Веру кінуў. Шмат ей прышлося цярпець, галадаваць. Здабывае ўрэшце працу ў сталоўцы. І толькі цяпер, пад уплывам цярпеньняў маральных і фізычных, а так-жа дзякуючы добрым і сьветлым людзям, добрая і разумная ад прыроды Вера перараджаецца духова. Яна пачынае разумець галоўную прычыну сваей трагэдыі і трагэдыю ўсяго свайго беларускага народу. У тэй сталоўцы, прыехаўшы з вёскі, прыпадкам спатыкаецца з Верай Пятрусь, вясковы хлапец, каторы шчыра яе любіў, аб чым Вера ведала, але для Крука якога адкінула. Усьміхаецца ім шчасьце, але дарэмна… Вера аддаецца службе ідэі адраджэньня беларускага працоўнага народу. Здабывае яна ўрэшце працу вучыцелькі ў беларускай школе.

Ужо з гэтай — дужа агульна пераказанай — фабулы драмы можна мець паняцьце й аб мастацкай яе старане адносна галоўнай тут асобы Веры, якая сапраўды аўтару ўдалася. Прадстаўлена гэта асоба ў драме проста, ясна, у значнай меры тыпічна, агулам праўдзіва і з тэй паэтыцкай прыкрасай у разьвязцы яе асабістай трагэдыі, якая яе характар увыпукляе, заканчвае і надае ей нешта з вечнай красы мастацкай і маральнай. Адно толькі можна-бы закінуць тут аўтару — гэта памойму псыхолёгічную нязгоднасьць з праўдай у тым пункце характару Веры, дзе яна, спаткаўшы Пятруся, замест пагадзіць, згарманізаваць шчасьце асабістае з грамадзкім ідэалам, уся аддаецца гэтаму апошняму, захаваўшы, праўда, таварыскую з ім дружбу на тым-жа ідэовым беларускім грунце. Вось-жа, факт, што ня выйшла Вера замуж за Пятруся, памойму, ёсьць зьявай псыхолёгічна непраўдзівай. Больш нешта падобнае было-б нармальным у мужчыны, але не ў жанчыны. — Увесь іншы пэрсонаж у драме, за малымі выняткамі, ёсьць добрай „дэкорацыяй“, фонам, дапаўненьнем і завяршэньнем характару й дзейнасьці Веры.

Васіль Лаўручонак, сьлёсар, чалавек разьвіты, сьведамы нацыянальна й клясава, паходзіць з тэй-жа вёскі, жэніцца з аднасяльчанкай Ганулькай, дзяўчынай разумнай і добрай. Гэта пара дужа дабраная. Жыцьцё іх спакойнае і нармальнае, — яно ёсьць кантрастам трагэдыі Веры, яно кідае цёплае сьвятло на яе цяжкае жыцьцё і яшчэ больш аткрывае нагасьць і жудасьць яго.

Рыгор — бацька Лаўручонка і Мар’яна — матка Ганулькі — прадстаўнікі нядаўнай беларускай мінуўшчыны, якія ўжо адыходзяць і якія зьяўляюцца ўжо бадай апошнімі колцамі між кашай мінуўшчынай і сучаснасьцяй.

Лявон Мутэрка — бацька Веры і Язэп Гарачка — гаспадар, у якога кватаруе Крук, першы сваей працавітасьцяй, паглядам на жыцьцё і сваім „чуцьцём“ сутнасьці жыцьцёвай праўды, асабліва адносна справы жанімства сваей дачкі, а другі сваей умеласьцяй падтрымаць добрыя суседзкія адносіны беларускай сялянскай „дыплёмацыяй“, спаўняюць роль свата ад імя Крука — гэта сапраўды мастацкія й праўдзівыя тыпы, якія выдатна дапамагаюць нам зразумець усе тыя абставіны, у якіх расла Вера, а разам з імі і яе жыцьцёвую драму.

Добра так-жа выйшаў у аўтара тып маці Веры Альжбеты. Гэта тыповая добрая маці, любоў якой засланяе розум і звычайнае пачуцьцё рэальнасьці. Хораша і балюча гэта выходзіць, калі яна, выправіўшы ў сьвет Веру, молячыся разважае, што яна зрабіла, што йнакш зрабіць не магла й што жджэ дачку яе?!

Прайдоха Крук змаляваны ў аўтара бадай замала, няпоўна. Мала відаць, чым ён цягнуў да сябе Веру.

Ня сусім праўдзіва прадстаўлены й Пятрусь. Ён распраўляе аб жыцьцёвым матар’ялізме й ідэалізме. Праўда, ён граматны, чытае кніжкі, цікавіцца жыцьцём, з натуры разьвіты, але ўсё-ж астаецца вяскоўцам і, хоць можа быць разумнейшы і не ад аднаго інтэлігента, то ўсё-ж такі ў яго вуснах словы, напр. аб матар’ялізме, — ёсьць зьявай жыцьцёва непраўдзівай.

Агулам уся п‘еса напісана жыва, добрай сочнай дзісьненскай мовай, зручна і лёгка зложана ў сэнсе сцэнічным і авеяна яснай думкай: — не адрывайся ад родных карэньняў, не ганіся за „лёгкім хлебам“!

Даводзілася чуць закід, што іменна ў гэтым ідэовым матыве і загана гэтай драмы, а гэта таму, што матыў гэты даўно ўсім ведамы, абкляпаны і ўжо нічога новага не гавора. — Вось-жа я асабіста гляджу на гэта йнакш, галоўны фабулярны матыў гэны ўважаючы ў нашай літаратуры за рэч дадатную й пажаданую: раз, што „nil novi sub sole“ — нічога новага пад сонцам, як сказаў старадаўны філёзаф, а другі раз, што ў беларускім жыцьці, а знача й у нашай літаратуры, гэткі матыў павінен яшчэ паўтарацца доўга й часта.

Праўда, п’еса гэта здаецца ня будзе лёгкай для пастаноўкі на сялянскай аматарскай сцэне, бо на гэта яна повелікая і запаважная зьместам, але гэта, ведама, не зьмяншае яе вартасьці.

Словам, „Лёгкі Хлеб“ Машары — гэта сусім паважны ўклад у беларускую драматычную літаратуру, як з боку мастацкага, так і ідэовага. Астаецца толькі пажадаць, каб аўтар належна цаніў і драматычны жанр свайго літаратурнага творства.

Ад. Станкевіч.



Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.