Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/МУЖЫК 2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Сялянская рада МУЖЫК
Аўтар: Якуб Колас
1909
Горкая доля


МУЖЫК

Я — мужык, бядак пахілы.
Ўсе ўшчуваюць мужыка.
Цягнуць кроў з яго і жылы,
Надрываюць яго сілы,
Ў мазалёх яго рука.

Я — мужык, я — сын пакуты,
На мякіне вырас я,
Гічанамі пуза ўздута,
Ногі ў лапцікі абуты,
Бедна вопратка мая.

Я — мужык, я — сын бядоты,
Не даем і не дасплю,
Гнусь пад цяжарам работы,
Дзень працую за два злоты,
Зьдзекі ўсякія цярплю.

Я — мужык, ня чую звону,
Толькі-ж есьць мяне чарвяк:
Ці ня брэша поп з амбону
Што цару бог даў карону?
Ой, не, мусібыць, ня так!

Я — мужык, а гонар маю.
Гнуся, але да пары.
Я маўчу, маўчу, трываю,
Але скора загукаю:
«Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!»

1909 г.