Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/МУЖЫК

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Што, брат Грышка... МУЖЫК
Аўтар: Якуб Колас
Пахаваньне


МУЖЫК

Я — мужычы сынок.
Ні двара, ні кала!
Поле — жоўты пясок,
Хата ў землю ўвайшла.

Ня жыву, а гнію,
Прападаю, як мыш, -
Глянь на долю маю,
Глянь на цяжкі мой крыж!

Я балоты сушу,
Надрываю жывот,
Я за бесцэн кашу,
Рыю землю, як крот.

Ўсе вуглы і куты
Сваім целам я зьмёў,
Сьсек і лес і кусты
І дарогі правёў.

Ды ня ежджу па іх,
А хажу пехатой
Ў рваных ботах старых,
Часьцей босай нагой.

Збудаваў я палац,
Многа фабрык, мастоў.
Сам-жа голы, як бац -
Пары дзьве рызманоў.

Пад ваконьнем ня раз
Я з мяшэчкам хадзіў,
Міласьціны у вас
Хрыстом богам прасіў.

Мяне мочыць раса,
Мяне сонца пячэ,
А у песьнях маіх
Сьляза ціха цячэ.

Я па сьвеце хадзіў,
Косьці ўсюды занёс,
Я на землю праліў
Многа сьлёз, многа сьлёз.

То ня дуб у бары
Заскрыпеў, застагнаў -
Гэта я без пары
Богу душу аддаў.

Нудна звоняць званы,
То мацней, то замруць.
Адзін дзяк ля труны -
Гэта гроб мой нясуць.

На магілцы маёй
Крыж трухлявы стаіць,
А над прахам касьцей
Вольны вецер шуміць.

Я — мужычы сынок,
Я ня маю дарог.
Мая школка — шынок,
Маё жыцьце — астрог.

1908 г.