Мой дом (1946)/У хвалях няспыннага руху

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На захадзе сонца Мой дом
У хвалях няспыннага руху
Аўтар: Якуб Колас
З падарожжа

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У хвалях няспыннага руху
Ідзе-плыве час
Нячутна для нашага слуху,
Нябачна для нас.

І мы з ім, як хвалі, дыбаем,
Праводзім свой шлях,
А далеч расквечаным маем
Стаіць у вачах.

І шмат нам дароў яна суліць,
Чароўных, як сон.
Нас вабіць, і горне, і туліць
Дарога-разгон.

Яшчэ ў дні маленства лятункі
Авейваюць нас,
Прыгожыя пішуць рысункі,
Вянкі ўюць украс.

У нашай дарозе мы стрэнем
Не мала прыгод,
І сонцам мы пройдзем і ценем
Пад гоман грымот.

У нашым няспынным імкненні
Ёсць шмат хараства,
Хоц шлях нам заступяць каменні,
Пясок і жарства.

Ды мы іх падолеем, скінем,
Адсунем убок.
Наперад! к тым далечам сінім
Скірован наш крок.

Жывіся-ж вялікаю верай
У праўду, мой брат!
Наперад, і толькі наперад -
Ні кроку назад!

1944 г.