Мой дом (1946)/Пасля навальніцы
← Лясам Беларусі | Мой дом Пасля навальніцы Аўтар: Якуб Колас |
Навальніца → |
ПАСЛЯ НАВАЛЬНІЦЫ
Над полем, дзе спелі жыты і пшаніца
І мыліся ў росах аўсы,
Прайшла, празваніла свой час навальніца
На ўсе галасы.
Цяжэрныя хмары прагнала над полем,
На нівы абрушыла град.
Палегла збажынка пад дзікім сваволлем
У скручаны склад.
Эх, поле, уцеха вачэй хлебароба!
Злажыў цябе шум дажджаны,
Памята, пабіта краса і аздоба
Твае збажыны.
Схіліліся моўчкі шчыты аржаныя,
Сцят колас і кінут у прах.
Блішчаць на ім кроплі, як слёзы буйныя
У блеклых вачах.
Бягуць ручаі па разорах размытых,
Выгладжваюць жоўты пясок;
Яны не падымуць тваіх аксамітаў,
Жывы каласок!
Эх, поле! глядзіш ты журботна, балесна,
Як маці, прышоўшы пад крыж.
Як-бы не цвілі для цябе твае весны,
Не песціла ціш.
Клубястыя хмары паціснулі далей,
Зганяе іх гром-чарадзей,
І стрэлы маланак у гнеўных скрыжалях
Мільгаюць радзей.
Пабітае поле! на поўдзень зірні ты:
Блакітны заззяў там чаўнок,
І дбалае сонца праз волкія ніты
Свой ладзіць станок.
Апалі на землю халодныя слёзы,
Што гнулі былінкі к зямлі,
І сетачкі-крыльцы ўжо сушаць стракозы,
Жучкі, матылі.
Вось выплыла сонца і тчэ на падолку
Тканіны кужэльнай святло,
Сямікаляроваю дужкай-вясёлкай
У хмары ўбрыло.
І шэпатам ласкі на выбітым полі,
Як сонца, плыве навіна:
Распроствае постаць і стан свой паволі
Жытцо, ярына…
Гадаючы ў смутку аб краю каханым,
Дзе чорная злоба прайшла,
Скажу свайму люду, зямлі і курганам:
Падымемся з тла!
1944 г.