Мой дом/Лес

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Пажаданні пад новы год Мой дом
Лес
Аўтар: Якуб Колас
У лесе


ЛЕС

Успомню я лес Беларусі,
Вайду ў яго храм
І нізка лясам пакланюся,
Хвалу ім аддам.

З маленства запалі мне ў памяць
Іх шум, галасы.
Скрозь прошласці смужную замяць
Пяюць мне лясы.

Ні далеч, ні час не заслоняць
Мне родных бароў.
Жывуць яны ў сэрцы, гамоняць,
Як прыязнь сяброў.

Стаяць у вачах баравіны,
Стуліўшы вярхі.
Я бачу прыгожасць тканіны,
Што выткалі мхі.

Дарожак лясных павароты
З духмянай травой,
Кузурак мурашак турботы
У засені хвой.

Калі-ж над зямлёю расніцы
Падыме вясна
І ціха зірне ў акяніцы
Зімовага сна,

Тады анямелыя лоны
Дух будзяць лясны,
І ходзяць ледзь чутныя звоны
К сасне ад сасны.

І дрогне снег пухлы, зярністы,
Бяжыць ад камля.
Бруснічніка ліст урачыста
Выносіць зямля.

Раскрыюцца нетры лясныя,
Струменяць пах смол,
І гукі вясны патайныя
Гамоняць вакол.

Здаецца, на дрэве ў галінах
Сядзяць гусляры,
І песня аб нейкіх былінах
Плыве ў гушчары.

А лес у шчаслівым зняменні
Расчыніць харом,
Дзе людзі і травы, стварэнні
Знаходзяць свой дом.

Не раз у дзяціныя годы
І ў дні сталых лет
Хадзіў я ў лясныя паходы,
Нёс пушчам прывет.

І часта сумотныя думы
І горкі настрой
Развейвалі ціхія шумы
Жычлівых мне хвой.

Дык як-жа не ўспомніць сягоння
Лес роднай зямлі,
Дзе людзі ад чорнай пагоні
Прытулак знайшлі!

1943 г.