Мой дом (1946)/З падарожжа

З пляцоўкі Вікікрыніцы
(Пасля перасылкі з Мой дом/З падарожжа)
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
У хвалях няспыннага руху Мой дом
З падарожжа
Аўтар: Якуб Колас
Мае мары

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З ПАДАРОЖЖА

Ты прыстаеш, вандроўнік, у дарозе?
Ну, што-ж?! Прысядзь, спачынь
Ды вокам даль акінь —
Твой кончан шлях, і ты ўжо на парозе.

Было ўсяго за часы вандравання:
І бур, і навальніц,
І радасных дзянніц,
Нягаданых відовішч і спатканняў.

І шмат збіраў ты скарбаў невідомых
З людскіх сардэц і душ,
З палёў сваіх і пушч,
І нёс ты іх к свайму прытулку-дому.

А з скарбаў тых, як ткач з ніцей суровых,
Тканіну ткаў сваю —
Ці ў лесе, ці ў гаю,
Ці ў шуме ніў, ці ў зацішных дубровах,

Не ўсё-ж дабро, набытае гадамі,
Сабранае трудом,
Данёс ты у свой дом:
Шмат знішчана халоднымі вятрамі!

Не аднавіць яго, бо часу мала —
Не вернеш сваіх страт!
Ну, што-ж?! Змірыся, брат,
І новы скарб збірай старанна, дбала.

Ідзі з жыццём і ты далей у ногу,
Бо шмат ёсць маладых
Вандроўнікаў такіх —
Благаславі ты іх у пуць-дарогу!