Могілкі (Колас — Круглае поле. Узгоркі, каменьне.)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Могілкі
Верш
Аўтар: Якуб Колас
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/164


Круглае поле. Узгоркі, каменьне.
Лес па краях, як сьцяна.
Ціха навокала. Нудна на сэрцы.
Птушка ня крыкне нідзе ні адна.

Могілкі ў полі адны-адзінюткі.
Праслы гнілыя на дол паляглі.
Крыж пахіліўся гаротна-журботна.
Многа іх, многа ляжыць на зямлі!

Дзе-нідзе дрэўцы — бярозка, хваінка;
Дожджык магілкі размыў, спаласкаў.
Вось дзе ад гора мужык адпачыне,
Вось дзе ён думкі-згрызоты схаваў.