Мая хата з краю

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Мая хата з краю
Верш
Аўтар: Янка Купала
1906—1910
Крыніца: http://rv-blr.com/literature/2733#2153


Дзе зьвярнуся, сякі так
Баюць мне ў трывозе:
Як мядзьведзь ты сьпіш, бядак,
У сваёй бярлозе.

З гэткіх баек проста сьмех —
Рукою махаю;
Ці ж бы спаці было грэх?..
Мая хата з краю.

Без яды адзін брат ссох,
Другі чахне ў латах,
Трэці з торбай на плячох
Кляне так жа брата.

Я сьмяюся зь іх усіх,
Рукою махаю;
Вот сваяцтва — ану іх!
Мая хата з краю.

Родзе шнур, як там ні сей,
Адны недахваткі;
Кут нявучаных дзяцей,
Хлеба ўжо астаткі.

Думак вельмі не сушу,
Рукою махаю;
Вып’ю, рэдзькай закушу, —
Мая хата з краю.

Маю родну мову, край, —
Кажуць мне так людзі, —
Толькі выпрастайся, знай,
А твой верх тут будзе!

Праўда — штось як чужняком,
Кожны мной піхае;
Ці ж адным мной? Эй, Арцём,
Твая хата з краю!

Каб было меней магіл,
А вясельляў болей,
Кожны рвецца з усіх сіл
К сьвятлу, славе, долі…

Лезьце, лезьце!.. я ж пры чом?
Рукою махаю,
Добра мне і пада дном!
Мая хата з краю.

Гэткім спосабам жыцьця
Век свой дажываю,
Вось і песьня мая ўся!
Як і ўсё, ўміраю.

На магілкі і крыжы
Рукою махаю,
Далі хату — знай ляжы!
Але і тут з краю.

(1906—1910)