Мая ліра (1924)/IV/Чаму мне маркотна

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сонца сьвяціла Чаму мне маркотна
Верш
Аўтар: Казімір Сваяк
1924 год
Хмары-хмаранькі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧАМУ МНЕ МАРКОТНА.

Чаму мне маркотна, на плач забірае,
Кругом хоць жыцьцё і свабода й вясельле?
Ідзець год за годам, і поўдзень мінае,
На сумны нядуг мой няма ужо зельля.

З малых лет я біўся з нядоляй ды горам,
Пагляд мой ў юнацтве быў сумны, хоць чысты,
Цяпер сам ня знаю, якім я напорам
Прабуду свой шлях так ліхі і цярністы.

Зварушылась многа у даўнай будове,
Памножылі лета й навука сумнівы:
Стаю я прад гробам усё нагатове,
Загасьлі душы маей зоркі агнівы.

Ня ведаю сам, што сталася такога
З душой маей сумнай, трывожнай даволі, —
Скаваў хто узлёт яе чысты да Бога,
Ўпісаў быццам страшнае слова „ніколі“!

Ці сам я нядобрага духа прызнаньнем
Прыгасіў агонь той ласкавы аж з неба,
Гарэў што — здаецца — глыбокім каханьнем:
Людцом каб падаці і „неба і хлеба“.

Гдзе-ж праўду мне дзець: ўсё канчаецца скора,
Мадзее і вера, і агонь, і любоў,
Зьліваецца з пыхай сьвятая пакора,
На ўсіх ідэалах няма ўжо багоў.

І кажуць, што злуда жыцьцё тут на сьвеце,
Што сном ледзь прыметным у коле ўсебыту,
І чысца пачатак займае на мэце,
І ў пекла ўкідае душу прагавіту.

Прабую маліціся сэрцам збалелым,
Прад зорам сваім бачу мукі Айчыны.
Гдзе брат азірае ваком ашалелым
Руіну, разбой — і пытае прычыны,

Малюся да Бога, хоць ён тут бязсільны.
Бо волю ўсім даў… свабоду шануе…
Сьмяецца ўсё пекла, ўвесь сьвет замагільны,
Як цёмная сіла над намі пануе.

Ці варта змагацца з нядолей крывавай?
Ці варта вялічыць лік жэртваў зямлі?
Ці ж сьвет пераробім рукою нямравай?
Ці тым там ня лепей, што ў гробе згнілі?

Адзін быў заўсёды, было мне нявольна
Пазнаці любові ціхота дзяўчаці:
Так мусіў мой розум трудзіцца мазольна,
Каб сэрцу балючаму волі ня даці.

Згубіў я здароўе, і волю, і мэту,
Адно асталося: спачыць у магіле…
І плач забірае на праўданьку гэту,
Што гіну я сумны, без пары, ў веку сіле.


∗          ∗

Схавайцесь сьлёзы! Вы мне непатрэбны,
Льецца гарчэйшых до‘ ў сьвеце шырокім,
Пацехаў ня хочу: яны мне ганебны —
Хоць дух мой і слабы, ня быў касавокім.

З духамі гавору, іх рады шукаю:
Загробнага сьвету гадаю тайніцы, —
Сьціскаецца сэрца — чаму, сам ня знаю —
Лятаюць трывожныя думкі — начніцы.

Ах, веру мне дайце, што будзе калісьці
Трыумф чалавека над духамі благімі,
Што посьле пары так сьляпой ненавісьці
На сьветлы парог аб‘еднаньня ўзышлі мы…

Чаму-ж мне маркотна, хоць сонейка сьвеціць,
Прырода раскошна навокал пульсуе,
Куды-ж мне падзецца, дух мой куды мэціць,
Чаму маё сэрца балюча так чуе?