Матчын дар (1918)/На чужыне/Nokturno

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Вясна Nokturno
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1918 год
Дзяучыначка-сэрцо…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Nocturno.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Nokturno.


Спаткау сягоння я сваю Нядолю.
Знайшоу яе у сінінькім ляску
Брадзіу без мэты я, душа гарэла з болю,
І думау: будзе мне лягчэй у халадку.
Спаткау, пазнау яе і, вось, пытаю:
— Скажы ты мне, Нядоленька мая:
Багата жыцця кніг яшчэ перачытаю?
Калі і на якой чытанне скончу я?
Скажы, ні крыйся мне, мая камратка,
Дзянькі мае моркотныя чаму?
Адзін у адзін ідуць, ва усіх адна апратка.
Як думы грэшныя, ці вінныя каму.
Чаму, яшчэ скажы, мая ядына.
Люблю зямлю, вялікі жыцця ток,
Як небо зорачкі, каханнем моцным сына
А сам — адлучаны ад дзерауца лісток?
Яна у вочы люба мне зірнула,
Узлажыла белы ручанькі на мне,
Мауляу сястра мая, да сэрца прыгарнула,
Часамі так цябе каханка прыгарне.
Чакай, харошы мой, пакінь задумы!
Душу сваю пытаннямі ні муч.
Зірні на гэты лес, прыслухайся у шумы,
А можа знойдзеш ты жыццевы вечны ключ!

Стаіць магутны лес, ізноу убраны
У зялены ліст дагледлівай рукой,
І пьець спажыуны клек, старыя гоіць раны…
Зірні: якая моц! Зірні, які спакой!
Што год уміраець ен парой асенняй,
Каб зноу аджыць, убачыушы вясну.
І гэтак усе ідзець чаргою пераменнай:
То скіне сон з вачэй, то зноу ідзець да сну.
Расьцець дубочак тут, — які зялены!
Другі, стары, калодаю палег;
І сын ідзець у гару, як бацька у час мінены,
Што дау жыцце яму, а сам зваліуся у мох.
Цячэць ручайка вось і ту ж ні стала!
Німа яго, схавауся у зямлі,
А недзе — тамака рака зямлю прарвала
І воды тэй ракі па лузе пацяклі.
І ты, о, любы мой! Як лес зімовы
Заснуу, ляжыш, ні можучы устаць.
Але наступіць дзень вяселы, пекны, новы,
І радасьць вольнасьці павінна завітаць.
Дзянькоу маркотнасьць ты сваіх у распачы
І тэй сваей адлюднасьці ні гудзь:
Пакуту Рок табе, шчасьліваму, прызначыу,
І удзячным за яе Вялікаму ты будзь.
Німа пакуты, дзе німа пазнання,
Душа тагды лагчынамі паузець,
А што гарчэй, скажы, цяжэй перапаузання?
А што страшней яшчэ, як вочмі ні глядзець.
Аб сьмерць пытаеш ты? Калі сканчыцца
Жыцце твае, — міленькі, ні пытай!
Спрабуй ад думак тых, ад хворых, палячыцца,
Прыходзь у гэты лес — паветро тут глытай.
Жыві, каб жыцце даць другім, малодшым,
Як дуб стары, што узгадавау дубка.
А там… ручайка знік! І мы пуцем каротшым
Пайдзем у зямлю за ім, каб выплысьць, як рака.