Мама і забіты немцамі вечар
Мама і забіты немцамі вечар Аўтар: Уладзімір Маякоўскі кастрычнік 1914 Пераклад: Рыгор Суніца |
Па чорных вуліцах белыя мацеры
сутаргава распасцёрліся, як па труне глазет,
паўплакваліся ў гарланячых аб пабітым
непрыяцелі:
«Ах, закрыйце, закрыйце вочы газет!»
Пісьмо.
Мама, гучней!
Дым.
Дым.
Дым яшчэ!
Што вы мямліце, мама, мне?
Бачыце —
паветра ўсё вымашчана
грукочучым пад ядрамі каменем!
Ма-а-а-ма!
Зараз прыцягнулі зранены вечар.
Трымаўся доўга,
куртаты,
шаршавы,
і ўраз —
надламіўшы тлустыя плечы,
расплакаўся, бедны, на шыі Варшавы.
Зоры ў хусцінках пад сіні паркаль
вішчалі:
«Забіты,
о любы,
о любы мой-ой!»
І ў жаху касавурыцца вока маладзіка
на мёртвы кулак з зацятай абоймай.
Збегліся дзівіцца літоўскія сёлы,
як, пацалункам ў кульцяпку ўкованая,
пальцы вуліц ламала Коўна.
А вечар крычыць,
бязногі,
бязрукі:
«Няпраўда,
я яшчэ магу-с —
хэ! —
здрэнькаўшы шпоры агністай мазуркай,
выкруціць русы вус!»
Званок.
Што вы,
мама?
Белая-белая, як на труне глазет.
«Пакіньце!
Аб ім гэта,
аб забітым, тэлеграма.
Ах, закрыйце,
закрыйце вочы газет!»