Маладняк (часопіс)/1929/7/Яшчэ аб дзіцячай кнізе
| ← Калі ападаюць лісты | Яшчэ аб дзіцячай кнізе Публіцыстыка Аўтар: Іван Цвікевіч Ліпень 1929 году |
На рубеже востока → |
ЯШЧЭ АБ ДЗІЦЯЧАЙ КНІЗЕ
За апошнія два гады беларуская дзіцячая літаратура вырасла нязвычайна. Калі два гады таму назад на кніжным рынку ня было аніводнае дзіцячае кніжкі, то сягоньня ёсьць вялікі і рознастайны асортымэнт гэтай кніжкі, які складаецца са 150 назваў. Па ліку агульнай колькасьці выданых экзэмпляраў дзіцячая кніжка сягае за поўмільёна.
Так, лічбы вялікія, дасягненьні ў сэнсе колькасьці значныя. Але ці задаволены попыт дзяцей у сэнсе тэматычным? Ці знаходзяць яны ў сваіх кніжках адказы на ўсе пытаньні, што хвалююць дзіцячую думку? Ці ахоплены ў выданай літаратуры ўсе інтарэсы, якімі жыве і якімі павінна жыць маладая зьмена?
Пачынаючы ад дашкольнага ўзросту дзеці надта цікавяцца вытворчымі тэмамі. Такімі пытаньнямі, як „з чаго вырабляецца тая ці іншая рэч, якім спосабам, як і дзе здабываюць матэрыялы для вырабу тых ці іншых рэчаў“ і г. д. — дзеці ўпрост засыпаюць пытаньнямі настаўнікаў, бацькоў і больш дарослых таварышоў. Цікавяцца дзеці рознымі машынамі і нават іх конструкцыяй (старэйшы ўзрост).
І вось кніжак, у якіх дзеці знашлі-б адказы на ўсе гэтыя пытаньні, пакуль што няма. Ёсьць толькі невялічкі зрух у гэтым напрамку: друкуюцца такія кніжкі як: „Чаму ня было баранкаў“ (сувязь паміж розн. вытворч.), „Два ўнука і цукровая навука“ (процэс вырабу цукру), „Пятрукова новая вопратка“, „Як робяць пасуду“. Але гэта толькі першыя нясьмелыя крокі. Не адчуваецца ў гэтым напрамку плянавасьці і паступовасьці. Жменька гэтых кніжок разьлічана толькі на дашкольны і малодшы школьны ўзрост.
Тут трэба шырака разгарнуць плянавую працу пры ўдзеле пэдагогаў. Пэдагогі павінны даць дасканала вызначаную паступовасьць вытворчай дзіцячай літаратуры, асобна для розных узростаў.
Нам здаецца, што ў першую чаргу трэба выпусьціць для дзяцей вытворчую сэрыю на такія тэмы: „Наша адзежа“, „Наша ежа“, „Нашы дамы“, „Шкло“, „Дрэва“, „Жалеза“, „Вадаправод“, „Апал“, „Асьвятленьне (электрычнасьць!)“, „Аўтамабіль“, „Трамвай“, „Паравоз“, „Параход“, „Аэраплян“, „Плуг, барана, каса“, „Трактар“ і інш. сельска-гаспадарчыя машыны. Даць спэцыяльную сэрыю ўсіх сельска-гаспадарчых вытворчых процэсаў (апрацоўка глебы, угнаеньне глебы, зернаачышчэньне, апрацоўка сельска-гаспадарчых продуктаў — мукі, крупы, малака, ільну, каноплі і інш.). Далей сэрыю „Па фабрыках і заводах“ з абавязковым акцэптам на навейшыя дасягненьні тэхнікі, на ідэю індустрыялізацыі і электрыфікацыі. У сельска-гаспадарчай сэрыі таксама зрабіць акцэпт на ідэю падняцьця ўраджайнасьці, на ідэі колектывізацыі, контрактацыі, коопэрацыі. Дзецям, малым дзецям прышчапляць комуністычныя ідэі — вось лёзунг сёнешняй дзіцячай літаратуры.
Нават у кніжках-малюнках, дзе няма тэксту, мастакі пры дапамозе вобразаў павінны праводзіць гэтыя ідэі. Можна намаляваць трактар „абстрактна“, бяз сувязі з ідэяй рэконструкцыі с.-гаспадаркі, а можна ў малюнках навочна правесьці ідэю трактарызацыі, даць яскравы контраст працы сахі і трактара, паказаць як сілу трактара можна скарыстаць для электрычнага асьвятленьня вясковай хаты і г. д. Кніжку-малюнак пра вадзяны млын трэба злучыць з ідэяй электрыфікацыі бліжэйшай вёскі: паказаць, што сілу вады можна скарыстаць для руху жорнаў (выраб мукі) і адначасна для вырабу электрычнай энэргіі. Тое самае ў кніжцы пра тартак — апрацоўка дрэва і электрычнае сьвятло. Сотни магчымасьцяй адчыняюцца перад аўтарамі і мастакамі, толькі трэба ўдала ўвязаць творчасьць з працай нашай працоўнай школы, з працай пэдагогаў. Гэтыя магчымасьці яшчэ большыя ў кнігах для дзяцей сярэдняга і старэйшага ўзросту. Тут сэрыі дзіцячай тэхнічнай літаратуры — пра электрычнасьць, кіно, радыё, мэханіку, машынабудаўніцтва, авіяцыю, хэмію, фізыку — і асабліва сэрыі вытворчай павінны быць насычаны нашымі савецкімі ідэямі. Бяз гэтага наша дзіцячая літаратура нічым ня будзе адрозьнівацца ад аналёгічнай буржуазнай літаратуры.
Мала таго, мы ня маем права абмінуць у дзяцячай літаратуры такіх пытаньняў, як сыстэма савецкага дзяржаўнага ладу, узаемаадносіны з замежнымі буржуазнымі дзяржавамі, наша экономіка ў цэлым, наша прамысловасьць, гандаль, сельская гаспадарка. Усё гэта трэба даць дзецям у захапляючай бэлетрыстычнай форме. Нашым пісьменьнікам — сотні гатовых тэм.
Буржуазныя пісьменьнікі стварылі багатую літаратуру для дзяцей і юнацтва, апяваюзы фэодальны лад, гэройства каралёў, баронаў, рыцараў, выхваляючы царскія рэформы, паліцэйска-жандарскі лад, капіталістычную прамысловасьць і культуру…
Сягоньня дзеці рабочых і сялян чакаюць ад беларускіх пролетарскіх пісьменьнікаў мастацкага слова пра наш савецкі лад, пра гэроічную працу партыі і ўлады ва ўсіх галінах экономічнага і культурнага жыцьця.
Мастацкага слова пра нашу соцыялістычную прамысловасьць, пра соцыялістычнае будаўніцтва, электрыфікацыю, колектывізацыю, пра наша пролетарскае вынаходніцтва, пра заваёвы савецкай навукі і тэхнікі.
Няхай нашы пісьменьнікі дадуць, напрыклад, фантастычна-навуковы роман ці аповесьць для юнацтва, каб у гэтым романе ў захапляючай форме была апісана будучыня нашага краю ці СССР ў саюзе з сусьветнымі савецкімі рэспублікамі. Такі роман будзе мець посьпех сярод моладзі куды большы, чым романы Жуль-Вэрна, Майн-Рыда, Уэльса, Конан-Дойля.
Няма ў нас дзіцячай літаратуры на гістарычныя тэмы. А дзеці, асабліва сярэдняга і старэйшага ўзросту, любяць бэлетрыстыку на гэтыя тэмы. Кожны з нас помніць, з якім захапленьнем і па некалькі разоў чыталіся гістарычныя романы, Вальтэр Скотта, Генрыха Сенкевіча, Меражкоўскага і інш. Старадаўняя Грэцыя, Рым, Эгіпет, Індыя, сярэднія вякі, Італія эпохі рэнэсансу, эпоха Наполеона і г. д. — усё гэта жыве ў памяці, дзякуючы прачытаным у свой час, у моладасьці, гістарычным романам і аповесьцям.
Зараз, каб абясьмерціць нашу эпоху, нам патрэбны пролетарскія Вольтэр Скотты, Сенкевічы, Меражкоўскія, Л. Толстыя. Усю гісторыю ад самых даўніх часаў даць юнацтву ў новым асьвятленьні, з новымі ідэямі. Пасьля выкарыстаць для романаў і апавяданьняў рэволюцыйны рух ад сівай мінуўшчыны да нашых дзён. Якое тут багацьце тэм, які багаты выбар для пісьменьніка! Мы зусім далёкі ад думкі, што пісьменьніку лёгка ўзяцца за гістарычную тэму. Тут адно натхненьне ня выратуе. Дый натхненьне само не зьявіцца. Захапіцца можна тым, што дасканала, глыбока адчуеш. Гістарычная тэма захапляе тады, калі вывучаеш гісторыю, вывучаеш эпоху „да дна“.
Але нашым маладым пролетарскім пісьменьнікам варта часам углыбіцца ў пажоўклыя старонкі гісторыі, бо такая праца апраўдае сябе ва ўсіх сэнсах. Сумежна з гістарычнымі тэмамі стаіць літаратура біографічнага характару. Беларускую дзіцячую бібліотэку трэба дапоўніць біографічнай сэрыяй. Ня сухімі жыцьцёпісамі гэрояў рэволюцыйнага руху, барацьбітоў за комунізм, вялікіх вынаходцаў, падарожнікаў, выдатных людзей навукі і тэхнікі. Гэта сэрыя таксама мусіць мець мастацкую бэлетрыстычную форму.
Школьнікі, піонэры, комсамольцы чакаюць прыгожай аповесьці, дзе-б жыцьцё, праца і змаганьне Ў. Леніна былі паданы ў цікавай, захапляючай форме. Уся наша моладзь з захапленьнем будзе чытаць аповесьці ды романы аб падпольных рэволюцыйных організацыях, аб барацьбе з царскім самаўладзтвам, аб замахах на прадстаўнікоў гэтага самаўладзтва, аб катарзе, ссылцы, уцёках адтуль і г. д. Забастовачны рух, барацьба на барыкадах, кастрычнікавыя бойкі, грамадзянская вайна, партызанскі чырвоны рух — усё гата дасканалы фон для аповесьцяй біографічнага характару, якіх так прагна чакае наш малады чытач.
Гэты чытач таксама з вялікай радасьцю сустракае бэлетрыстычная апісаньні рызыкоўных падарож у краіны вечных льдоў ды сьнягоў, у бязьлюдныя краіны бязьмежных пяскоў і сонца, у першабытныя лясы Афрыкі. Захапляецца нязломнай воляй, сілай мысьлі і ўпартай працай вялікіх вынаходцаў. Моладзь захапляецца геройскімі ўчынкамі, любіць сваіх герояў, мае нахіл пераймаць іх волю ды змаганьня, вучыцца на прыкладах жыцьця і барацьбы выдатных людзей. Гэта літаратура бадзёрыць моладзь, — падымае настрой, выхоўвае волю.
На жаль, наша пэдагогічная думка чамусьці мала аддае ўвагі такому важнаму пытаньню, як падтрыманьне вясёлага настрою ў дзяцей. Яны нязвычайна любяць вясёлую, гумарыстычную кніжку, любяць сьмяяцца. Мы наогул надта бедны на вясёлую літаратуру, а для дзяцей яе зусім няма. У школьных падручніках, нават у чытанках для малодшых груп, мабыць, лічаць за „вялікі грэх“ даваць гумарыстычны матар‘ял, у той час як у дзяцей жаданьне пажартаваць і пасьмяяцца зьяўляецца літаральна фізыолёгічнай патрэбай.
Пазашкольная дзіцячая літаратура таксама цяжка хварэе на адсутнасьць сьмеху. Дзеці школьнага ўзросту здавальняюць сваю прагу к досьціпнаму і вясёламу чытаньнем гумарыстычных часопісаў для дарослых — „Смехача“, „Крокодила“; чытаюць вясёлыя апавяданьні Чэхава, Зошчэнка і інш. Малодшыя дзеці пазбаўлены і гэтай пацехі. І няма нічога дзіўнага, калі нікчэмная па сутнасьці дзіцячая кніжка Чукоўскага „Крокодил“ мае шалёны посьпех у малых дзяцей. Яны ведаюць чукоўскія вершы напамяць і гатовы сотні разоў падрад з нясьціхаючым захапленьнем паўтараць іх.
Здаволіць патрэбу дзяцей у сьмеху трэба абзвязкова. Для пачатку можна пайсьці шляхам выпуску (па ўзростах) невялічкіх зборнікаў дасьціпных загадак, казак, гумарыстычных апавяданьняў, вершыкаў, вясёлых песень, анэкдотаў. Для дашкольнікаў выпусьціць сэрыю „кніжак-весялушак“ з дасьціпнымі дынамічнымі малюнкамі ды кароткімі жартаўлівымі вершыкамі. Задаволіць таксама любоў дзяцей да гульняў, фокусаў і галаваломак, даўшы адпаведна ўзростам зборнікі на гэтыя тэмы.
Такія важныя пытаньні для выхаваньня дзяцей, як інтэрнацыянальнае і антырэлігійнае да самага апошняга часу абміналіся ў дзіцячай літаратуры. Гэтага віду літаратуру трэба паставіць на першае месца сярод дзіцячых выданьняў, побач з кніжкамі на грамадзка-політычныя тэмы. Кожнаму зразумела, што прышчапіць ідэю інтэрнацыяналізму і атэізму лягчэй за ўсё ў дзіцячых гадох. Масавая мастацкая дзіцячая кніжка на гэтыя тэмы павінна дапамагчы нашай школе ў цяжкай барацьбе з антысэмітызмам, шовінізмам і з рэлігійным дурманом.
Дужа бедная наша дзіцячая літаратура піонэрскай кніжкай. Піонэрскія організацыі ня маюць сваёй спэцыфічнай літаратуры на беларускай мове. ЦК ЛКСМБ і ЦБ юных піонэраў павінны даць Белдзяржвыдавецтву сыстэматычны і дэталізованы плян піонэрскіх выданьняў і дамагацца, каб масавая піонэрлітаратура хутчэй зьявілася на рынку. Штодзенная праца піонэрважатых і піонэрскіх атрадаў шмат церпіць ад адсутнасьці адпаведнай для іх літаратуры.
Цяпер аб мастацкай бэлетрыстыцы для дзяцей. Украінскія выдавецтвы пачалі ўжо працу ў гэтым напрамку. Яны выдаюць для дзяцей выбраныя творы украінскіх пісьменьнікаў. Каб зрабіць гэтыя кніжкі масавымі і па цане даступнымі для дзяцей, выдавецтва Украіны пускаюць белетрыстычную бібліотэчку тыражом у 30.000 экзэмпляраў. Калі будуць выкарыстаны творы украінскіх пісьменьнікаў, яны начнуць перакладаць і прыстасоўваць для дзяцей лепшыя творы сучасных пролетарскіх пісьменьнікаў іншых народаў.
Гэткім-жа шляхам павінна пайсьці і нашае выдавецтва. Нашы дашкольныя ўстановы часта карыстаюцца літаратурнымі сурогатамі, бо ня маюць добра ўложаных зборнікаў мастацкай прозы і вершаў. Школьнікі таксама жывуць „на галодным пайку“ з тых вершыкаў і кароткіх мастацкіх урыўкаў, якія рэдка страчаюцца ў кольных чытанках. Далей так не павінна быць. Дамо нашым дзецям мастацкае слова шырокай рукой, каб яны адчулі хараство роднае мовы і разам з мастацкімі вобразамі больш глыбока ўвабралі ў сябе тыя грамадзкія і політычныя ідэі, якімі насычана сучасная пролетарская літаратура.
Ёсьць і яшчэ галіны, па якіх мала ці няма дзіцячых кніжак, але спынімся пакуль што на дзіцячай літаратуры краязнаўчага характару.
Краязнаўства, як вядома, пашыралася на ўсю нашу грамадзкую і культурную працу. Краязнаўчы ўхіл ў школьнай навучальнай програме займае сягоньня вялікае месца. Аднак-жа пазашкольнай літаратуры з краязнаўчым зьместам амаль зусім няма. Тое, што ёсьць, — гэта выключна перакладная літаратура пра краі надта далёкія, аб якіх школьніку можна было-б даведацца крыху пазьней, пасьля азнаямленьня з сваім краем ды з краінамі Савецкага Саюзу.
На беларускай мове ёсьць некалькі дзіцячых кніжак, па якіх наш школьнік пазнаёміцца з некаторымі мясцовасьцямі Афрыкі, з флёрай і фаўнай гэтых мясцовасьцяй. Ёсьць кніжкі пра паўднёвую Амэрыку, пра выспу Суматра, паўночную Амэрыку, пра Індыю, пра паўночны і паўднёвы полюсы і г. д.
Ёсьць пра Азію, Туркестан, Алтай, сібірскую тайгу, пра самаедаў ды памораў. Але пра БССР няма аніводнае дзіцячае кніжкі з краязнаўчым зьместам. Гэта ёсьць хіба ў нашай працы і аб гэтым трэба біць трывогу, каб у самыя бліжэйшыя часы запоўніць гэты пропуск у дзіцячай літаратуры.
Трэба выпусьціць дзіцячую краязнаўчую бібліотэчку часткаю даведачнага, навукова-культурнага характару і часткаю белетрыстычна-краязнаўчага. І ў першую чаргу — кніжкі эконом-географічнага зьместу, улічваючы школьныя комплексы („БССР“, „наш раён“, „наш горад“) і прадметы экономічнай географіі БССР і СССР.
У форме навукова-популярных нарысаў і ў форме жывых белетрыстычных апавяданьняў трэба пазнаёміць маленькіх чытачоў з нашым краем, з яго кліматам, з воднымі басэйнамі (рэкі, вазёры, водныя каналы) расьліннасьцю (лясы, лекавыя расьліны), фаунай беларускіх лясоў, палёў, балот і рэк, з карыснымі выкапнямі (торп, крэйда, вапна). Даючы веды пра рэкі і торп, расказаць пра выкарыстаньне іх для электрыфікацыі краіны, пра нашы энэргетычныя базы для індустрыялізацыі і г. д. Гаворачы пра лясы, рэкі і фауну, адзначыць значэньне лесу для нашай прамысловасьці, значэньне рыбаводзтва і паляўніцтва для гаспадаркі і гандлю.
Пра нашу індустрыю выдаць сэрыю дзіцячых кніжок, у якіх апісаць як індустрыяльныя цэнтры (Віцебск, Гомель, Менск), так і паасобныя фабрыкі ды заводы. Асобна спыніць увагу дзяцей на Асінбудзе, скарыстаўшы гэту тэму для пропаганды ідэі электрыфікацыі.
У апошнюю чаргу выпусьціць сэрыю этнографічнага зьместу, каб пазнаёміць дзяцей з насельніцтвам БССР, з іх бытам, звычаямі, апісаць паасобныя гарады, мястэчкі, аздобіўшы гэтыя выданьні добрымі ілюстрацыямі.
Распрацоўку тэматычнага пляну краязнаўчай дзіцячай бібліотэкі павінны зрабіць школьныя мэтодыстыя разам з краязнаўцамі. У процэсе гэтае нязвычайна цікавае працы самі па сабе выплывуць тэмы надта актуальныя як з боку матодычнага, так і краязнаўчага.
Тэму аб лесе можна скарыстаць і па лініі агітацыі „дня лесу“, і па лініі вывучэньня ды барацьбы са шкоднікамі лесу, і па лініі нашай экономікі (сыравіна, вырабы з дрэва, лесараспрацоўкі і сплаў лесу, гандаль ляснымі матэрыяламі і інш.), і па лініі гігіены (лячэбнае значэньне лесу). Сярод тэм пра фаўну нашага краю варта выдзеліць асобна — апісаньне дзяржаўных запаведнікаў і растлумачыць іх значэньне.
Па гэтай-жа краязнаўчай лініі абавязкова даць хоць пару кніжак пра Заходнюю Беларусь — яе географію, прыроду і экономіку. Гэтыя тэмы шырока скарыстаць, каб даць яскравыя контрасты экономічнага заняпаду Зах. Беларусі і буйнага экономічнага росту БССР. Паказаць гібеньне сельскай гаспадаркі там, пад уладай паноў, і палепшаньне яе ў Савецкай Беларусі, дзе рабоча-сялянскі ўрад аддае шмат працы і сродкаў на падняцьце ўраджайнасьці, на колектывізацыю, на соцыялістычную перабудову ўсяе сельскае гаспадаркі. Політычны бок дзіцячых кніжак пра Зах. Беларусь павінен быць улічаны ў першую чаргу.
Дзіцячая літаратура, як і ўсякая іншая, павінна, апроч іншых мэт, служыць нам як клясавая зброя ў барацьбе з капіталістычным сьветам.