Маладняк (часопіс)/1929/7/Кнігапіс/Пабягуць слупы
| ← На рубеже востока | Міхась Гольдберг. Пабягуць слупы Крытыка Аўтар: Мікалай Каспяровіч Ліпень 1929 году |
Лукішкі → |
Міхась Гольдберг. Пабягуць слупы. Нарысы і нататкі. Прадмова Л. Бендэ. Выдавецтва „Чырвоная зьмена“, Менск 1929, in 4°, 68 стар. тыраж 3.000 паасобнікаў, цана 45 к.
Да сяго часу ў нас ня было паасобных выданьняў жвавых, простых і моцных твораў пра нашы сёньнешнія клопаты, пра ўчарашні дзень і пра заўтрашнія радасьці. Першаю ластаўкаю такіх выданьняў і зьяўляецца гэта кніжка Міхася Гольдберга. І ластаўкаю натолькі спозьненаю (дзякуючы выдавецкай справе) і натолькі моцнаю, што яна напэўна, пры дапамозе чытачоў зробіць вясну. І тады такія выданьні стануць такою-ж цікаваю і чаканаю зьяваю, як і шмат тых, што паказаны ў першай з пільна патрэбных кніг.
„Нарысы і нотаткі Міхася Гольдберга, — як слушна кажа прадмоўца Л. Бендэ — гэта ня проста газэтныя фэльетоны, гэта і не літаратурныя эскізы. Гэта нешта большае, большае таму, што яны ад першага да апошняга радку праўдзівы, у іх многа сапраўднага глыбокага энтузіазму, які вырастае не ад тэорэтычных формул, а ад органічнай увязкі з нашым соцыялістычным будаўніцтвам“.
Вось, напр., цікавая нотатка аб умовах першага зьезду РСДРП і аб доміку, у якім ён адбываўся („Прадвесьне дзевяноста восьмага“), за ёй патрэцік Івана Пуліхава і малюнак яго замаху на губарнатара Курлова („Іван Пуліхаў“), а за гэтым — палатно прымежнай вёскі, на якім тут перамагае новае, там — яшчэ пануе старое („На апошніх загонах“); далей — як у ясьлях гадуюць і выхоўваюць дзяцей беднаты. („Поэзія Ямнай“), як выконвае сваю волатаву творчую працу Галубкоў тэатр („Галубок“), як сарадэля і масавы дасьледчы рух дапамагаюць рэконструкцыі сельскай гаспадаркі („Кветкі, якія перамогуць“), як у нас езьдзяць на аўтобусах („Аўтобус пашоў“), як немцы, палякі і беларусы жывуць згодна на вёсцы („Лясны інтэрнацыянал“) ды як вызваленая савецкая жанчына ўмее вучыцца і працаваць („Рунь“), за ўсім гэтым — пра жыцьцё ў сельска-гаспадарчай камуне („Людзі новай зямлі“), пра новае жыцьцё былых бяспрытульных („Ноімавы кватаранты“), пра падарож на Князь-возера і патрэбу перамогі тамашняй прыроды („Паход на Князь-возера“) і, урэшце, пра Асінбуд („Пабягуць слупы“).
Можа здацца, што гэта дробныя пытаньні нашай сучаснай сапраўднасьці, а хто такімі цікавіцца? Праўда, што трудна заўважыць ды ўбачыць тое, што так прывычна, на што амаль заўсёды глядзіш. Але „наша рэчаіснасьць поўная цудоўных контрастаў, маладая рунь прабіваецца праз пачарнелы сьнежны пакроў гісторыі — і для таго, каб быць сапраўдным будаўніком соцыялізму, трэба ўмець бачыць гэтую рунь“, — кажа Л. Бендэ, ды трэба ўмець паказаць яе другім — дадамо мы. Міхась Гольдберг якраз здольна паказвае гэта, ня круціць, ня хлусіць, не захапляецца, ня пішчыць ад радасьці і не пяе, а проста — паказвае, затым у яго і выходзіць моцна і пераканаўча і таму яго рэчы захапляюць.
Да таго ён паказвае не адно дрэннае і не адно добрае. З адмоўных момантаў, паказаных у яго, другія, якія часта самі робяць плямы, каб аб іх пісаць стварылі-б цэлую літаратуру. Ды такую, што жыць-бы не хацелася, пачытаўшы.
З дадатных бакоў, паказаных у Гольдберга, другія, сьпявуны, маглі-б зрабіць ня меншую літаратуру гістэрычнага ўсхліпваньня прымазанай радасьці…
А Міхась Гольдберг — нічога гэтага ня робіць; ён бярэ жыцьцё і паказвае. І добрае і дрэннае. Добрае ў гэтым жыцьці перамагае; Гольдберг ня робіць гэтага, а так яно ёсьць на справе. Таму рад і чытач, рад і Гольдберг.
Міхась Гольдберг бярэ якую-небудзь зьяву і не прапушчае праз сваю творчую прызму, як звычайна робяць проста мастакі. Ён таксама не падфарбоўвае сваіх здымкаў, так, каб у іх не засталося нічога сваеасаблівага, каб усе яго орыгіналы сталіся падобнымі на прыказчыка з суседняга магазыну, як гэта звычайна робіць фотограф. Гольдберг добра бачыць і патворчаму паказвае тое, што бачыць. У яго вялікія творчыя здольнасьці. Вось чаму ў яго зьмест і форма ні ў якой меры ня могуць разглядацца паасобку. Яны зразу ўтвараюць уражаньне жывога суцэльнага організму.
Кніжку М. Гольдберга мы ня раім — гэта было-б усё роўна, што раіць галоднаму чалавеку здаровы, пажытны хлеб, які лёгка дастаць. Кожны без усялякай рады няхай хапаецца за яе і хутчэй чытае.
М. Касьпяровіч.