Перайсці да зместу

Маладняк за пяць гадоў (1928)/IX/Міхась Лынькоў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Янка Ліманоўскі Міхась Лынькоў
Манаграфія
Аўтар: Максім Гарэцкі
1928 год
Валеры Маракоў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Міхась Лынькоў. Нарадзіўся 8 лістапада (ст. ст.) 1899 г. ў в. Сялюты Віцебскага павету і губэрні. Гады дзяцінства і юнацтва жыў на чыгунцы. Бацькі яго былі рамонтныя рабочыя. Разам з імі вандраваў ён па сьвеце, быў у Віцебску, Архангельску, на Далёкім Усходзе. Скончыў настаўніцкую сэмінарыю ў Рагачэве. Быў настаўнікам на Гомельшчыне. Там-жа прымаў актыўны ўдзел у партызанскіх аддзелах супроць палякаў, гетмана і немцаў. Аб гэтым часе Лынькоў успамінае:

„Быў „ад‘ютантам“ Ліпініцкага партызанскага атраду, што ўваходзіў у Роўканіцкі сэктар партызанаў. Змагаліся з палякамі. Яны знаходзіліся тады ў Рагачэве, — рабілі напады на наш раён, але ў большасьці бяз посьпехаў — заўсёды адбівалі іх. Мелі партызаны стычкі із гомельскімі гайдамакамі. Асабліва крута прышлося пры нямецкай окупацыі. Рэгулярнымі нямецкімі часьцямі нашы атрады былі разьбіты. Роўканіцкі штаб расстрэлены, спалена некалькі вёсак, у тым ліку каля 300 двароў сяла Кашалёва. Многіх пабралі ў палон і парасстралялі. Організатары і актыўныя ўдзельнікі партызаншчыны нямецкім камандаваньнем былі абвешчаны ўне закону. Папаўшы толькі на адзін дзень у нямецкія капцюры, мне пашанцавала сваячасова ўцячы і выбрацца з занятага немцамі раёну“.

У 1919 г. па мобілізацыі профсаюзаў Міхась Лынькоў паступіў у Чырвоную армію, у якой і прабыў да 1923 году. Удзельнічаў у паходах на Варшаву і на Булак-Балаховіча. Пасьля варшаўскага паходу вандраваў з чырвонаармейскімі часткамі па Уралу і Заходняй Сібіры.

Маці пасьля сьмерці бацькі працавала рамонтнай рабочай да 1923 г., пакуль не загінула пад цягніком, пакінуўшы на рукі Міхасю досыць вялікую сям‘ю.

У 1923—25 г. зноў быў настаўнікам у мястэчку Сьвержань Рагачэўскага павету, дзе добра пазнаёміўся з яўрэйскім местачковым бытам.

З 1925 г. т. Лынькоў рэдагуе бабруйскую газэту „Комуніст“.

Першая ў яго друкаваная рэч — апавяданьне „Гой“ у зборніку бабруйскае філіі Маладняка „Уздым“ (1926 г.) Апавяданьні яго з таго часу зьяўляліся ў розных выданьнях. У 1928 г. вышаў зборнік „Апавяданьні“.

У апавяданьні „Чыгунныя песьні“ — сюжэт хаваецца за фразэолёгіяй і стылізацыяй мовы. Патосам і стылізацыяй хоча зрабіць аўтар мастацкае ўражаньне на чытача. А без патрэбы. Сюжэт тут сам па сабе моцны: у Сібіры, на глухой станцыі, чэха-славакі, адступаючы, забіваюць стрэлачніка і гвалцяць да сьмерці яго дачку Арынку. Потым едуць чырвонаармейцы, знаходзяць гэта жудаснае злачынства і хаваюць нябожчыкаў. І піша аб усім гэтым аўтар з глыбокім пачуцьцём і з праўдзівым рэволюцыйным уздымам. І вобразы, і словы ўмее часам даць ён такія простыя і такія моцныя ў сваёй прастаце. Апавяданьне, бязумоўна, цікавае і моцнае. Але стылізацыя, нарэшце, дакучае. Бо вось чамусьці падабаецца аўтару, праз меру падабаецца, каб песьні былі „чыгунныя“, гукі — „медныя і чыгунныя“, поступ — „чыгунны“, накіп — „сталёвая“ і г. д… Усё гэта добра дзеля выяўленьня нашае эпохі, эпохі „железных потоков“, але добра — калі ўжываецца на сваім месцы, у належнай меры і ў пэўным жанры. Апавяданьне-ж „Чыгунныя песьні“, хоць і робіць цяпер на нас, сучасьнікаў, моцнае ўражаньне, бо мы самі шмат ведаем аб тым, што хоча сказаць аўтар, але яно, напэўна, ня зможа памастацку ўзрушыць нават трошку пазьнейшага за нас чытальніка, якому патрэбна будзе ня столькі фразэолёгія, колькі належная ў гэтым жанры апавядальнасьць і апісальнасьць.

Лепшае, найбольш вытрыманае апавяданьне ў зборніку — трэцяе, „Над Бугам“. Аўтар добра ведае і ўмее паказаць паходны быт чырвонаармейцаў, памастацку дае іхнія размовы, трапна выяўляе адносіны іх адзін да аднаго. Аўтар не ідэалізуе чырвонаармейца, а паказвае нам яго такім, якім ён ёсьць у праўдзівым жыцьці. Чытач, па волі аўтара, зжываецца з яго сябрамі-чырвонаармейцамі, пераймаецца іхнімі інтарэсамі, жыве іхнімі надзеямі, — і таму так шкода яму, калі пасьля гэтых надзей, пасьля сьмехаў і жартаў, гінуць яны за вызваленьне пролетарыяту, над далёкім Бугам. Аўтар дае тып чырвонаармейца-селяніна (Ванька разанскі) і тып чырвонаармейца з гораду (Васька Шкетаў, быў кухарам, чалавекам у рэстаўрацыі, басяком, кахаў простытутку). Больш ён цікавіцца Васькаю, але лепш яму удаўся Ванька. У апісаньні драбніц паходнага чырвонаармейскага жыцьця Лынькоў часам пакідае за сабою і Коласа, і Нёманскага, і Зарэцкага.

Можна заўважыць, што ўсе апавяданьні ў зборніку М. Лынькова напісаны па дзьвюх пэўных схэмах. Па першай схэме напісаны апавяданьні „Чыгунныя песьні“, „Крот“, „Гой“, і „Гома“. У гэтай схэме зазвычай маем: бацькоў, дачку, каханка, змаганьне чырвоных з белымі, паходны быт чырвонаармейцаў, драматычную разьвязку і лірычнае заканчэньне. Бацька бывае добры (стрэлачнік), нядобры (Зяленскі), добры, але несьвядомы (Мотэль). Маці заўсёды бывае паказана менш выразна, чым бацька. Дачка найчасьцей добрая (Арынка, Яніна, Рыва), толькі ў адным выпадку троху добрая, троху нядобрая (Лэя). Каханак заўсёды добры (нейкі Алесь, што паказаны ў Арынкіных думках, потым аўтар ці асоба, ад якой вядзецца апавяданьне, далей — шчасьлівы Міхась, нарэшце — нешчасьлівы Гома). Разьвязка залежыць ад змаганьня чырвоных з белымі (у схэме апав. „Гома“ месца чырвоных займае Гома і яго бацька, а месца белых — мясьнік Хаім і Лэіны бацькі; у апав. „Гой“ змаганьне вядзецца ўжо часткаю і на культурна-бытавым фронце). Калі перамагаюць белыя — разьвязка трагічная, калі чырвоныя — разьвязка шчасьлівая. Заканчэньне выконваецца зазвычай рэволюцыйнай фразеолёгіяй або якім чулым абразком. Па другой схэме напісана толькі адно апавяданьне „Над Бугам“. Але і ў гэтай другой схэме шмат момантаў агульных дзеля абедзьвюх схэм (белыя — чырвоныя; паходны быт чырвоных; Васька Шкетаў і яго каханка; Іван і яго жонка; трагічная разьвязка; чулы абразок на заканчэньне).

У зборніку ёсьць вельмі ўдалыя месцы, напрыклад, пра гузік (стар. 36): „Іван шые старанна, аж пот выступае на лысіне, але-ж гузік цяпер не адарвеш поўротай салдат, прышыў гузік навек, штаны падзяруцца, а гузік цэлы будзе“. Але залішняя любоў да стылізацыі даводзіць аўтара да лішне квятлівых сказаў, напрыклад (стар. 29): „Закрыеш вочы — і дзіўныя вобразы адзін за адным лунаюць у карагодзе бясконцым, у карагодзе, сатканым з красак стагодзьдзяў, з магутных подыхаў людзкой грамады, з вобразаў даўно мінулых дзён, прашумеўшых з жалезнага рокату расквітаючых дзён будучыні, з чалавечых дум і жаданьняў…“

У мове Лынькова шмат расіянізмаў і неўласьцівых народнай і поэтычна-літаратурнай беларускай мове дзеяпрыметнікаў, родных склонаў для паказаньня прыналежнасьці (шапка бацькі) і г. д.

З апошніх твораў Лынькова вельмі маляўніча напісаны і ўзорна скампанаваны абразок „Беня-балагол“ (друкаваўся ў літаратурным дадатку да „Савецкае Беларусі“).