Перайсці да зместу

Максім Багдановіч (Луцкевіч, 1917)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Цішка Гартны (Луцкевіч) Максім Багдановіч
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1918
Крыніца: Našy pieśniary: Litaraturna-sacyjalnyja narysy (1918)
Алёйзія З Пашкевічаў Кейрысовая (Цётка)
Упершыню — у скарочаным варыянце і пад псэўд. Антон Навіна — Homan. 1917. 12 чэрв.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Колас, Купала, Цішка Гартны і доўгі рад чысьленых імён сучасных беларускіх паэтаў — гэта ўсё прадстаўнікі першага пакаленьня народнай інтэлігенцыі. Гэта — сыны народу, узрастаўшыя ў мужыцкай хаце, і ўсе яны беспасрэдна выяўляюць народную душу. Іх творчаства — найбольш несьвядомае, «з волі Божай». Тэмы і матэрыялы для іх артыстычных твораў — гэта перажываньні і думкі, якімі жыве маса, гэта — тое, што акружала іх змалку дзён, чым перапоўнены іх мысьлі і сэрцы, што што становіць інтэгральную часьць іх душы. Сьляды гэтага можна заўважыць нават і тады, калі — у меру разьвіцьця свайго — гэтыя народныя песьняры даходзяць сьвядомасьці сваей індывідуальнасьці, калі апаноўваюць сваю творчасьць.

Зусім асобнае месца ў новай беларускай паэзіі занімае Максім Багдановіч. Гэта ўжо інтэлігент у шырокім значэньні слова. Гэта — артыста, каторы ад самага пачатку ідзе сьвядома сваей дарогай, паэт-індывідуаліст, раўнуючы да ўсей грамады народных песьняроў.

Максім Багдановіч радзіўся ў 1892 гаду ў Гродзеншчыне, дзе яго бацька быў народным вучыцелем. Калі нашаму песьняру было ўсяго 2 гады, сям’я Багдановічаў перабралася ў Расею — у Ніжні Ноўгарад. Гэтак, ад малых гадоў Максім рос у далёкай чужыне і ня бачыў сваей Бацькаўшчыны, аб каторай чуў адно толькі ад бацькі, чалавека інтэлігентнага і шчыра любіўшага родны край, хаця ўжываўшага дома расейскай мовы. Як апавядаў Максім Багдановіч, гэтая далёкая нязнаная Бацькаўшчына — Беларусь неяк дзіўна чаравала яго і вабіла к сабе ад таго часу, як ён пачаў жыць сьвядомым жыцьцём: самае імя яе будзіла ў душы паэта дзіўны стан, і здавалася яму, што вось-вось брызнуць сьлёзы зь яго вачэй. Ужо будучы ў старшых клясах гімназіі, ён неяк дастаў колькі беларускіх кніжак. І гэта вызвала ў ім станоўчы паварот: ён збудзіўся нацыянальна, і праца дзеля свайго далёкага, цёмнага забытага ўсімі народу сталася глаўнай мэтай яго жыцьця. Скора, навучыўшыся тэарэтычна — з кніжак і газэт — беларускай мовы, ён пачынае пісаць па-беларуску вершы, каторыя шлець у Вільню — у рэдакцыю «Нашай Нівы». Тут аказаліся людзі, зразу ацаніўшыя паэтыцкі талент Багдановіча. У завязаўшайся перапісцы малады паэт знайшоў паддзержку у сваей працы і з узрастаючай верай у карысьць сваей літаратурнай работы даваў усё новыя і новыя творы.

Узгадаваны на прымерніках найлепшых твораў сусьветнай літаратуры, з каторымі яшчэ ў гімназіі, а пасьля ў унівэрсытэце знаёміўся найбольш у арыгіналах, Багдановіч мае незвыйчайна сільнае пачуцьцё красы, гармоніі. З гэтай прычыны кожын зь яго вершаў, найчасьцей зусім кароценькіх, адзначываецца бясспорна артыстычнай формай: гэта — пэрлы беларускай паэзіі.

Упалі з грудзей Пана Бога,

Парваўшыся, пацеркі зор.

Яны раскаціліся ў небе,

Усыпалі сіні прастор.


І стуль так маркотна і пільна

На край мой радзімы глядзяць...

Што там яны, ясныя, бачаць?

Чаго ўсё дрыжаць і дрыжаць?

У гэтых васьмі радкох — цэлы багаты абраз! А ці ж ня жыва рысуецца нам ясная, месячная ноч над возерам у вершу «Над возерам»:

Сонца ціха скацілася з горкі;

Месяц белы заплаканы сьвеціць,

Аглядае бахматыя зоркі,

Цягне з возера срэбныя сеці.


У іх русалкі заблуталі косы,

Рвуць і блутаюць срэбныя ніці.

Ноч плыве над зямлёй, сее росы,

Ноч шапоча русалкам: «Засьніце».

Плястычнае, хоць кароценькае апісаньне навальніцы дае Багдановіч у вершу «Бура»:

Панурая, вялізная жывёла

Па шыры неба ў даль марудна праплывае.

Усё сьціхла. Але вось паветра расьсякае

Агністы меч і зіхаціць вясёла.

Ударыў ён, — і грукат пракаціўся;

Мігае грозны меч, удары не змаўкаюць,

І ўніз халодныя бічы крыві сьцякаюць,

А людзі кажуць: гэта дождж праліўся!

Калі Купала сваімі творамі вельмі ўзбагаціў беларускі слоўнік, дык заслуга Багдановіча — прысваеньне беларусам новых форм верша. Побач з чысьленымі санэтамі, адпавядаючымі найбольш пэдантычным вымогам прасодыі, у выпушчаным у сьвет томіку вершаў Багдановіча («Вянок», Вільня, 1913 г.) бачым цэлы рад старых, мала ўжываных пэнтамэтраў, зграбныя трыялеты, вельмі музыкальныя ронда, актаву, тэрцыны і т. п. Здаецца, быццам гэтак паэт хацеў давясьці гібкасьці і багацьця роднай мовы, дый гэтага знамяніта давёў.

Вось некалькі прыкладаў:

ПЭНТАМЭТРЫ:

Чыстыя сьлёзы з вачэй пакаціліся нізкай парванай,

Але, упаўшы у пыл, брудам зрабіліся там.

Зь нізкага берагу дно акіяна вачам недаступна, —

Глуха укрыла яго сіняя цемень вады.

Але ўзьбярыся ўгару, на вяршыню прыбрэжнай

страмніны, —

Кожны каменьчык, пэўна, пабачыш, ты стуль.

ТРЫЯЛЕТ:

Калісь глядзеў на сонца я,

Мне сонца асьляпіла вочы.

Ды што мне цемень вечнай ночы.

Калісь глядзеў на сонца я.

Няхай усе зь мяне рагочуць,

Адповедзь вось для іх мая:

Калісь глядзеў на сонца я,

Мне сонца асьляпіла вочы.


РОНДА:

Узор прыгожы пекных зор

Гарыць у цемні небасхіла:

Вада стаўкоў, балот, азёр

Яго ў глыбі сваей адбіла.

І гімн сьпявае жабаў хор

Красе, каторую зьявіла

Гразь луж; напоўніць мгла прастор,

І ўстане зь іх, гарачы міла

Узор.

І сонца дальш клянуць, што скрыла

Луж зоры днём. І чуе бор,

І чуе поле крэхат хілы,

Ды жаб ня ўчуць вышэй ад гор

Там, дзе чыясь рука зрабіла

Узор.


АКТАВА:

Як моцны рэактыў, каторы выклікае

Між строк ліста, маўляў нябожчыкаў з магіл,

Рад раньш нявідных слоў, — так цемень залівае

Зялёны, быццам лёд, халодны небасхіл,

І празь імглу яго патроху выступае

Маленькіх, мілых зор дрыжачы срэбны пыл.

Здароў, радзімыя! Мацней, ясьней гарыце

І сэрцу аб красе прыроды гаварыце!


А вось адзін з САНЭТАЎ:

Паміж пяскоў Эгіпецкай зямлі,

Над хвалямі сінеючага Ніла

Ужо колькі тысяч год стаіць магіла;

У гаршчку насеньня жменю там знайшлі.

Хоць зернейкі засохшымі былі,

Усё ж такі жыцьцёвая іх сіла

Збудзілася і буйна ўскаласіла

Парой вясеньняй збожжа на ральлі.

Вось сімвал твой, забыты краю родны!

Зварушаны нарэшце дух народны,

Я верую, бясплодна не засьне,

А ўперад рынецца, маўляў крыніца,

Каторая магутна, гучна мкне,

Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца.

Аднак багацьце форм верша Багдановіча становіць ня толькі мэту, але і патрэбу: яно адпаведнае багацьцю перажываньняў, каторыя, пры сваей глыбіні, маюць характар агульналюдзкі. Гэта нічога, што паэт зь любасьцю выбірае матывы родныя — беларускія: у іх ён заўсёды ўмее знайсьці аснаўны агульналюдзкі мамэнт. Яго верш гэтаксама гаворыць беларусу, як і чужынцу, — падобна, як музыка вялікага маскоўскага кампазытара Чайкоўскага, карыстаўшагася матывамі свайго народу, роўна прамаўляе да душы кожнага чалавека, незалежна ад яго нацыянальнасьці. Бо Максім Багдановіч не фатаграфуе жыцьця, а нанова ператварае яго ў сваей чуткай, далікатнай і асабліва інтэлігентнай душы.

Варункі жыцьця Багдановіча, закінутага ў далёкую чужыну, а ў першы чарод — хвароба (зачаткі сухотаў), нішчучая яго малады арганізм, прыдалі асаблівы тон паэзіі яго.

Не кувай ты, шэрая зязюля,

Сумным гукам у бары;

Мо і скажаш, што я жыці буду,

Але лепш не гавары:

Бо ня тое сьведчыць маё сэрца,

Грудзі хворыя мае;

Боль у іх мне душу агартае,

Думцы голас падае.

Кажа, што нядоўга пажыву я,

Што загіну без пары...

Прыляці ж тады ты на магілу,

Закувай, як у бары.

Так прамаўляе ў ім слабасьць, хвароба. Сільных, моцных тонаў не пачуеш у яго. Наадварот: Багдановіч любуецца ў тонах далікатных, габэленавых; ён ловіць трудна ўлавімыя, але заўсёды красамоўныя адценкі (гл. «Мадонны»), міма каторых людзі з грубай, чорствай душой праходзяць не зьвяртаючы ніякай увагі.

Вы, што любіце натрапіць

Між страніц старых, пажоўклых

Кнігі, ўжо даўно забытай,

Блеклы, высахшы лісток, —

Праглядзіце гэты томік:

Засушыў я на паперы

Краскі, сьвежыя калісьці,

Думак шчырых і чуцьця!

— такімі славамі характарызуе пясьняр свой «Вянок» у прадмове да яго.

Наагул, творы Багдановіча — гэта чыстая паэзія, без жаданьня каго-колечы навучаць, безь якіх-будзь староньніх тэндэнцый. Пясьняр самае свае творчаства ўважае за службу роднаму народу. Выбіраючы беларускія матывы, ён затрымліваецца на іх не затым, што яны — родныя, а затым, што ў іх ёсьць не адкрытыя дагэтуль скарбы хараства. Хараство гэтае паэт знаходзіць асабліва ў народнай веры ў «зачарованае царства» — асобны сьвет вядзянікоў, русалак, лесуноў; знаходзіць яго і ў даўнай, прызабытай мінуўшчыне беларусаў, прыадкрываючы старыя пісьмёны летапісей і псалтыроў, жывымі хварбамі малюючы мамэнты даўно памёршых дзён.

Нельга прайсьці моўчкі міма верша Багдановіча «Слуцкія ткачыхі» з цыклу «Старая Беларусь»:

Ад родных ніў, ад роднай хаты

У панскі двор дзеля красы

Яны, бяздольныя, узяты

Ткаць залатыя паясы.

І цягам доўгія часіны,

Дзявочыя забыўшы сны,

Свае шырокія тканіны

На лад пэрсідзкі ткуць яны.

А за сьцяной сьмяецца поле,

Зіяе неба з-за вакна, —

І думкі мкнуцца мімаволі

Туды, дзе расьцьвіла вясна,

Дзе блішча збожжа ў яснай далі,

Сінеюць міла васількі,

Халодным срэбрам зьзяюць хвалі

Між гор ліючайся ракі,

Цямнее край зубчаты бору...

І тчэ, забыўшыся, рука

Замест пэрсідзкага узору

Цьвяток радзімы васілька.

Багдановіч — першы між беларусамі пясьняр места, каторае дае яму натхненьне ня менш, чым жывая прырода. У сваім «Вянку» ён уплёў цэлы цыкл вершаў пад агульным загалоўкам «Места», паяўленьне каторых тлумачыць у уступе:

Зьвярнуў калісь Пегас на вулкі

З прывольных палявых дарог, —

І пакаціўся топат гулкі,

І іскры сыпнулі з-пад ног.


У грудзі кволыя запала,

Дачка каменьняў, места мне,

Пачуў я тэй іскры джала,

І верш аб месьце з сэрца мкне.

І мкнуць вершы адзін за адным са зьменных мястовых уражань і настраеньняў, а між імі на першае месца выбіваюцца вершы аб першай сталіцы зямлі Беларускай — старой Вільні, каторая зрабіла на песьняра незвычайна сільнае ўражаньне сваімі памятнікамі старыны, чысьленымі высокай красы касьцёламі, вузкімі вулкамі, якія не зьмяніліся ад трохсот гадоў.

Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць!

Вір людзкі скрозь заліў паясы тратуараў,

Блішчаць вокны, ліхтарні ўгары зіхацяць,

І гараць аганьком вочы змучаных твараў!


А завернеш ў завулак — ён цесны, крывы;

Цёмны шыбы глухіх старасьвецкіх будынкаў;

Між каменьнямі — мох і сьцяблінкі травы,

І на вежы, як круглае вока савы,

Цыфэрблят — пільны сьведка мінулых учынкаў.

Ціха тут. Маўчаліва усталі — і сьпяць

У небе копулы, брамы, байніцы і сьпічы;

Грук хады адзінокай здалёку чуваць,

Часам мерныя ўдары звана задрыжаць

І замоўкнуць, памкнуўшы ад старай званіцы...


Ўспамяні, маё сэрца, даўнейшыя дні!

Па загаду бурмістра усе, як належа,

Зачынілі ўжо вокны, загасілі агні...

Варта вулкай прайшла... І ня сьпім мы адны —

Я ды чорны кажан, што шнуруе ля вежы...

Цікавы пагляд Максіма Багдановіча на кірунак яго творчаства. Пагляд гэты наш паэт выявіў у вельмі цікавай форме — форме вершаванай эпістолы да п. В.Ластоўскага ў Вільні, гаворачы аб драме Пушкіна »Моцарт Сальеры»:

Ня Мэры

Ня Фаўст, ня цар Барыс, а Моцарт і Сальеры

Варушаць мозаг мой. Здаецца мне, што тут

Сальеры атрымаў несправядлівы суд.

Халодным розумам праняўшыся, натхненьне

Ён мусіў тым губіць, — так кажа абвіненьне.

Сальеры ў творчасьці усё хацеў паняць,

Ва ўсім упэўніцца, усё абмеркаваць,

Абдумаць спосабы, і матар’ял, і мэту, —

І горача любіў сваю сьвядомасьць гэту.

У творчасьці яго раптоўнага няма.

Аснова да яе — спакойная дума.

Але, але... Аднак, што шкодзіць тут натхненьню?

Прыемнае дае Сальеры уражэньне.

Падобны зьнічцы ён: у іскрах над зямлёй

Яна ўзразае змрок лукою залатой,

Гарыць, бліскучая, уся ў агню нясецца,

А ў глыбіні сваёй халоднай астаецца.

Уменьне да ігры Сальеры здабываў

Празь мерны, нудны труд; ці спраўдзі забіваў

Ён гэтым талент свой, як бачна з думак драмы?

Адкажа йскрыпка нам. Стаката, фугі, гамы

Шмат год калісь на ёй Сальеры вывадзіў

І моцна йграньнем тым іскрыпкі зык зьмяніў.

Ямчэй яна гудзіць. Пявучых згукаў сіла

Праз доўгія гады яе перарабіла,

І тымі сьпевамі уся напоена

Навекі чулаю зрабілася яна.

Няўжо ж душы жывой маглі бы зыкі сьпева

Ў Сальеры не зьмяніць, калі зьмянілі дрэва?

Не, працай гэтаю сябе ён разьвіваў.

Сальеры — верны раб, каторы не схаваў

Свой талент у зямлю. Хай судны час настане, —

Спакойна Музе ён і проста ў вочы гляне,

І будзе за любоў да здольнасьці сваёй

Апраўдан Музаю і ўласнаю душой.

Па такой дарозе ішоў Багдановіч. Ён не выяўляў таго шырокага творчага размаху, як, напр., Купала, але апрацоўваў, шліфаваў, быццам дыямэнт, кожны свой верш, кожын радок, і яны блішчаць разнацьветнымі блікамі, як праўдзівыя брыльянты, каторыя свой блеск бяруць ад прывычнай рукі шліфоўшчыка. Вядома, каб шліф даў тую цудоўную ігру сьвету, каторая так вабіць наша вока, трэба, каб брыльянт быў праўдзівы, чыстай вады. Гэтаксама і артыстычная форма вершаў Багдановіча чаруе нас ня толькі ўкладам слоў і зыкаў, але і ўлітым у яе натхненьнем шчырага паэта.

Апрыч дробных вершаў, праўдзівых жывых красак, зь якіх сплецен яго «Вянок», Максім Багдановіч у апошніх перад вайной часах пачаў пісаць вялікія рэчы — паэмы. Але з гэтай стараной творчасьці яго мы яшчэ мала знаёмы. Нячысьлены спробы Багдановіча пісаць такжа прозай, спаміж каторых зьвяртаюць на сябе асаблівую ўвагу яго «Музыка», «Над морам» і інш. Вось проба яго паэтыцкай прозы — «Над морам» («Наша Ніва» № 42—910 г.):

«Учора йшчэ буры раскаты грымелі, выў вецер салёны, насіліся чайкі над морам, як белыя сьнежныя ком’я, і цёмна-зялёныя хвалі у вышу ўзмывалі сьцяною, рассыпаўшы белыя кудры; ўзмывалі, каціліся ў моры, адна за аднэй набягалі на дзікі, абрывісты бераг, — і бурыя скалы трасьліся пад вагай іх цяжкіх удараў, сваімі грудзямі на брызгі вады разьбіваючы глыбы. Паветра стагнала, і хвалі пад грохат і гул пагібалі так горда, вясёла і вольна, пакінуўшы думкі аб сьмерці!

І я быў вясёлы і горды. І мне пачуцьця волі хваля, налюнуўшы, ўпалыя грудзі высока ўгару падымала, змываючы з сэрца ўсю ціну. І ўсё, што ў ім спала глыбока, тады прабудзілася разам, зрабілася цэльным, магутным. І чуў я, свабодны і моцны, так, чуў, што і я чалавек!

.....................................................................

Мінулася грозная бура, а мора дасюль яшчэ б’ецца. Ў бязьмежным сьвінцовым абшары ўздымаюцца дзе-нідзе хвалі, ідуць без надзеі, бяз волі, панура да берага люнуць, аб скалы ўдараць бясьсільна і згінуць з глухою нудою.

Шкада мне вас, шэрыя хвалі, шкада ўсёй душой надарванай, ўсім сэрцам, ужо апусьцелым: вы ж — родныя сёстры мае!»

* * *

Ужо пасьля таго, як гэты нарыс быў напісан, у Вільню прыйшла вельмі сумная вестка: Максім Багдановіч зышоў з гэтага сьвету.

Споўнілася тое, што прачувала душа песьняра...

Гэта — страшэнная ўтрата для беларусаў, тым болей цяжкая, што між песьнярамі Маладой Беларусі няма нікога, хто быў бы хоць крыху блізак да Багдановіча, хто замяніў бы яго. Цяжкая, бо тое, што гэты «пясьняр чыстай красы» даў свайму народу ў першыя гады сваей творчай працы, становіць толькі малую частку таго, чаго можна было ждаць і жадаць ад яго. І ўсё ж такі літаратурныя здабыткі Максіма Багдановіча, зь якімі мы пазнаёміліся да пачатку вайны, стаўляюць імя яго ў гісторыі разьвіцьця беларускай літаратуры на адно з найбольш пачэсных месц.