Мае ўвагі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мае ўвагі
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1912
Крыніца: Наша Ніва. 1912. 9 (22) жн.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ляжыць перада мною новая беларуская кніжка - "Апавяданьні" Тараса Гушчы. Якія гэта апавяданьні, чытачы "Нашай Нівы" пэўна добра памятаюць, бо творы Тараса Гушчы друкаваліся ў нашай газэце, а цяпер адбіты ў аднэй кніжцы.

Прайшло пяць год, як аўтар пісаў тыя рэчы, што так добра і артыстычна аддаюць тагачаснае жыцьцё. Здавалася б, што жыцьцё ідзе наперад і што мінулае, аб каторым чытаем у "Апавяданьнях", не павінна ўжо вярнуцца. Але, прыглядаючыся да некаторых бакоў цяперашняга жыцьця, бачым за гэты час надта мала перамен у вёсцы, бачым ізноў усё тое, што лічылі мінулым. Каб мінулае было добрым, карысным для народу, тады маглі б мы толькі цешыцца, што яно варочаецца. Але бяда ў тым, што варочаецца ня добрае, а благое.

Вось хаця б узяць апавяданьне "Кірмаш". Ці і цяпер не бывае, што жонка з плачам просіць свайго мужыка вярнуцца цьвярозым з кірмашу, прыехаць "хоць раз як чалавек"? І хоць мужык, акуратна падумаўшы, прызнае, што жонка кажа праўду, бо "ці ж добра... прапіваць грошы?" - хоць дакляруе больш ня піць, але, сустрэціўшы шчырага сябра, каторы што-колечы купіў або прадаў, як жа ня выпіць адну-аднюсенькую чарку? - І заходзіць у карчму. А там як было - няма ведама. Толькі ведама, што адтуль выходзіць надта вясёлым, прыпяваючы:

Што мне жонка, што мне дзеці!

Напляваць мне на падатак...

Лейба! торбу на ў задатак,

Дай мне крэпкага віна.

Ці ж ня так вядзецца і цяпер? Ізноў жа, чытаючы "Андрэя выбаршчыка", боязна робіцца, што і цяпер падчас новых выбараў можа паўтарыцца тое самае, шшто было падчас выбараў у трэцюю Думу. Выбіраюць сяляне выбаршчыка да воласьці ды загадваюць, выпраўляючы ў павет, падаць голас за такога дэпутата, каторы будзе шчыра стаяць за народ. - "Глядзі ж, Андрэй, трымайся! Ведай, за каго падаць голас. Не ганіся тамака за гарбатаю!.." І хоць Андрэй цьвёрда адказвае: "Што мне іх гарбата! Я і сваю скарынку хлеба зьем... не такі я дурань, каб прадацца за гарбату", - усё ж такі, што выходзіць з выбараў? Выбіраюць нейкіх чарнасоценцаоў, каторыя рознымі пачастункамі, праўдамі і няпраўдамі затуманілі галовы сялянам, і дэпутатамі аказаліся акурат тыя людзі, каторых народ зусім не хацеў выбіраць. А прыпомнім, што так было: у Мінскай, і ў Віленскай, і ў Віцебскай, і ў Гродзенскай, і ў Магілеўскай губэрні... А што з гэтага выйшла? Выйшла тое, што беларускі народ ня меў ніводнага дэпутата, каторы б моцна стаяў за яго, за родны край, за матчыну мову сваю. "Ніхто не гаварыў аб цяжкай долі нашай"...

Гэтае апавяданьне павінна быць прыкладам для сялян падчас новых выбараў як ня трэба выбіраць. Выбраць трэба спаміж сябе такіх людзей, каторыя не адракаюцца сваей мовы, сваіх звычаяў, сваей вёскі, каторыя не пагоняцца за "гарбатаю", а будуць падаваць галасы за праўдзівых сыноў Беларускай зямлі, шчырых зашчытнікаў нашага сельскага народу. Інакш і ў чацьвёртай Думе будзе тое самае, што было ў трэцяй.

Іншыя апавяданьні, каторыя, як ужо казаў, дужа добра аддаюць нашае жыцьцё, таксама паказваюць добрыя і благія бакі сялянскага быту.

Новая кніжка павінна знайсьціся пад кожнай сельскай стрэхай, бо толькі пазнаньне і крытыка самых сябе можа навучыць, што ў нас благое, што добрае, і падбіць народ парупіцца, каб зьвясьці ўсё злое, усе балячкі нашы дазваньня. Толькі тады благая мінуўшчына ня будзе ўваскрасаць на кожным кроку, а вёска хутка пачне інакш выглядаць і прыме облік поступу і культуры.