Літва-Беларусь. Гістарычныя выведы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Літва-Беларусь. Гістарычныя выведы
Артыкул
Аўтар: Язэп Лёсік
1921
Крыніца: Лёсік Я. Літва — Беларусь: гістарычныя выведы // Школа и культра Советской Белоруссии. — 1921. №2. — С. 12—22.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Беларусь у пазнейшыя часы дзяржаўнай незалежнасці насіла найменне Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жмудзкага й інш., або карацей — Вялікае Княства Літоўскае. Існуючая гістарычная навука яшчэ не выясніла пытання, чаму беларуская дзяржава звалася тады Літоўскаю. Што яна была Рускаю і Жмудзкаю — гэта зразумела, бо яна складалася з беларусаў, а гэтаксама і ўкраінцаў, каторыя звалі сябе рускімі, і жмудзінаў, каторых цяпер у кніжнай мове завуць літоўцамі. Але чаму яна звалася Літоўскаю, то на гэтае пытанне гісторыя не дае нам пэўнага адказу.

Сталася так, што пад Літвою разумеюць землі, заселеныя жмудзінамі, або даўнейшую Жамойць. Але само слова Літва і дагэтуль даволі цёмнае і па свайму гістарычнаму значэнню аніяк не можа азначыць цяперашніх літоўцаў, каторых сумежныя беларусіны дражняць клаўсямі (клэўсь-і). Слова «Літва» было ўжо цёмнае і незразумелае ў часы далёкай прошласці. Нашы продкі, прыкладам, ужо ў XV і XVI сталеццях утваралі цэлыя легенды, каб вытлумачыць сабе, адкуль ўзялося слова «Літва». Беларускія летапісі вось як тлумачаць сабе ўтварэньне гэтага слова:[1]

«Сталася ест ваплашчэньне Сына Божага ад Духа Сьвятога з благаславеннае дзявіцы чыстае Марэі ад пачатку сатварэньня сьвету лета пяцітысячнага пяцьсотнага дваццаць шостага. Аднаго часу панства Рымскае было пад цэсарам Аўгустам, каторы-жа; ня толка аднаму Рыму, іна й усяму сьвету панаваў. Яка-ж вышэй пісана, іж часу цэсарства Аўгустава сын Божы ваплаціўся, а часу Тывірэя, цэсара ўтарога па Аўгусьце, на крэсьце волную муку прыняў для збавеньня й адкупеньня роду чадавечаскага...

Па сьмерці Тывірэя цэсара быў цэсарам Гайос, а па Гайосе — Клаўдзей, е па Клаўдзеі царстваваў сын яго Нэрон. Каторы-жа Нэрон быў пан акрутны а неўставічны, іж уласную матку сваю й фактара сваяго навышшага Сэноку баз кождае прычыны ку сьмерці прыправіў і колка раз казаў места Рымскае запаліваць. А ні для чаго іншага, толка дзя таго, іж-бы ся таму дзіваваў а пацеху меў. А княжатам і паном Рымскім, шляхце й усяму пасольству крыўды й уціскі вялікія чыніў. Для чаго-ж усякі падданы яго для вялікага акруценства й неўставічнасьці яго ня быў ніхто пэван ані баспечан ня толка йменяй албо скарбаў, але й здароўя сваяго. А так многія, апускаючы йменьні й скарбы свае, уцякаліся да размаітых земль, насьлядуючы справядлівага ўпакою.

Гдзе-ж адно княжа Рымскае, іменем Палемон, каторы-жа цару Нэрону быў крэўны, забраўся з жаною й з дзецьмі сваімі й з падданымі й скарбы сваімі. З каторым-жа княжацем пяцьсот шляхты так-жа з жонамі й з дзецьмі й з многімі сіламі. І ўзяўшы з сабою аднаго астранома, каторы ся знаў па зьвездах, і пашлі ў караблёх морам па заходу солнца, хоцечы сабе знайці на зямлі месца слушнае, гдзе-бы ся маглі насяліці а мяшкаці з пакоем. А з тымі—шляхты чатыры ражаі навышшыя імёны: іменем з Кітаўрус--Даўспрунг, а з Калюмнаў - Прэшпар, а з Русі--Ульянуб, а з Рож-Эктар. А так оныя людзі немалы час па мору хадзілі й прышлі Межаземскага мора й дашлі да ракі да Шумы. І тою ракою Шумаю ў мора акіян і морам акіянам дашлі да ракі усьця, гдзе Нёман упадываець у мора акіян. І патом пашлі ракою Нёмнам у верх, оліж у мора Малое, каторае называецца мора Малое, каторае называецца мора Нёмнавае. А для тое прычыны тое мора Нёмнавае называецца, іж у тое мора Нёман упадываець дванаццацьма усьці, а кождае завецца асобным іменем. Межы каторымі-ж усьці адно завецца Гільля. І пашлі тым усьцем у верх. І дашлі цэлага Нёмна, гдзе ўжэ он сам увесь у вядром месцу цячэць. І верх Нёмна дашлі да ракі Дубісы. Яка-ж ушэдшы ў тую раку Дубісу, й нашлі пад нею горы высокія й раўніны вялікія й дубровы раскошныя й размаітых абфітасьцяй напоўнена ў зьверах рознага ражаю, то ест: напервей: тураў, зуброў, ласей, аленяй, сарн, рысяй, куніц, лісіц, белак, гарнастаяў і йных размаітых ражаяў. І тэж у рэках вялікую афітасьць рыб непаспалітых, іж ня толка тыя рыбы, каторыя ся ў тых рэках плодзяць, але множаство рыб размаітых а дзіўных прыходзяць з мора, — за тэю прычынаю, іж недалёка усьце Нёмнавае, гдзе Нёман у мора ўпадаваець. Над каторымі-ж рэкамі, над Дубосаю й над Нёмнам і над Юраю, там ся пасялілі й пачалі размножываціся. І онае мяшканьне іх над тымі рэкамі вельмі ся ім падабала. І назвалі тую землю Жамойць.[2]

Князь Палемон урадзіў трох сыноў: старшы — Борк, а другі— Кунас, а трэці — Спэра. Старшы-жа сын Борк учыніў горад на рацэ Юры. І зложана імя таго княжаці паспол з ракою - імя рацэ Юра, а княжаці Борк — і назваў тот замак Юрбарк. А сярэдні сын Кунас прышоў на усьце ракі Нявяжы, гдзе ана ўпадываець у Нёман. І тут учыніў горад і назваў яго іменем сваім — Кунасаў горад[3].А трэці сын Спэра пашоў далей у пушчу ка ўсходу слонца. І перашэдшы раку Нявяжу й раку Сьвятую й трэцюю раку Шырвінту, знашоў озера лукамі й размаітым дзеррвам украшана; гдез-ж, зьлюбіўшы, й над тым озерам пасяліўся. І тое озера іменем сваім назваў — Спэра. І панаваў многія лета, і быў вельмі ласкаў падданым сваім. І патом умер баз плоду. І падданыя яго, мілуючы яго й подле Рымскага абычаю, ўчынілі сабе балвана. І назвалі яго Спэра на памець яго.

І патом оныя людзі мяшкаючы окала- няго й пачалі яму аферы чыніць й за Бога яго меці. І патом, калі тот балван сказіўся, і ані тое озера й месца хвалілі й мелі за Бога. І па нем межы сабою гаспадара ня мелі й мяшкалі бяз пана. Па малых-жа часех умрэць брат яго, каторы мяшкаў на Юрбарку, ня маючы дзяцей; і брат яго Кунас озьмець і тую часьць брата сваяго Борка й горад Юрбарк, і ў той часці будзець панаваці. І онае княжа Кунас меў двух сыноў — аднаго Кернуса, а другога - Гінбунта. І пануючы яму ў зямлі Жамойцкай, пачаўся множыці й расшыраці й выходзіці на раку Вельлю ў зеллю Завельскую. І перашодшы раку Сьвятую вышэй, і нашоў места вельмі хароша. І спадабалася яму тое месца вельмі. Тагды он там пасяліў сына сваяго Кернуса. І назвалася тое месца па Кернусе—Кернава. А патом Кунус умрэ. І па нем пачнець сын яго Кернус панаваці па ўсёй зямлі Завельскай па граніцу Латыгольскую й па Завельскі Браслаўль, оліж па раку Дзьвіну. А брат яго Гінбунт на Юрбарку й на Кунасаве й па ўсёй зямлі Жамойцкай. А ў тот час, гдзе Кернус панаваў на Завельскай старане, людзі яго тыя, што за Вельляю аселі, ігрывалі на трубах Дубасных. І празваў тот Кернус бераг сваім языком уласным, палатыні, — Літус, гдзе ся людзі яго множаць; а трубы, што на іх йграюць, — туба. І даў імя тым людзям сваім языком палатыні: злажыўшы бераг з трубою — літусба. І простыя людзі няўмелі зваці палатыні і пачалі знаці Літвою. І ад таго часу пачалі зваці панства Літоўскае й множыціся ад Жамойці. І князь вялілі Кернус панаваў на Літве, а князь Гінбунт, - на Жамойці[4]"...

Гэтак апавядаюць беларускія кронікі, або летапісі. Само сабою разумеецца, тлумачэньне летапісца нікога здаволіць ня можа. Тут адно толькі ясна, што нашыя летапісі выводзяць род сваіх князёў з Рыму, даводзячы гэтым, быццам яны былі ня тутэйшага, простага, а панскага, рымскага роду. А што важней за ўсё, дык гэта тое, што Літва й Жмудзь — дзьве рэчы зусім розныя, і, апіраючыся на летапісныя весткі, ні ў якім разе ня можна зваць цяперашніх жмудзінаў літоўцамі. Гісторыя сьведчыць, што літоўцамі зваліся людзі, што жылі каля цяперашняй Вільні й «множыліся ад Жамойці» (Жмудзі), - гэта значыць, папаўняліся перасяленцамі з Жмудзі, каторая ляжала, як кажа летапісь, над рэчкамі — Дубісаю, Нёмнам і над Юраю, недалёка ад усьця Нёмнавага. А сама Вільня належыць да самых даўнейшых славянскіх сяліб. Вучаныя кажуць, што першымі будаўнікамі гэтага гораду былі славяны з племя Валоты (вількі, люцічы, люцікі=лютва, Літва?), аб каторых у ІІ-м веку ўпамінае Птолёмей. Племя гэтае займала землі цяперашняй Віленшчыны й часткаю сумежнай Меншчыны. Васкрасенская летапісь захавала вестку, што каля 1128 г., калі Мсьціслаў Вялікі напаў на землі Крывічоў, дык ваколічнае насяленьне места Вільні выбрала сабе за князя Расьціслава Рагвалодавіча — славяніна з роду князёў Полацкіх. Гэтая вестка для пас вельмі важная. Яна паможа нам разам з іншымі данымі падобнага зьместу, разабрацца ў тэй гістарычнай блутаніце, каторая прымае Літву за Жмудзь і наадварот, ды хоць троху разьвее гістарычны туман, утвораны імпэрыялістычнымі тэндэнцыямі палякоў.

Зусім зразумела, што ні Польшчы, ні царскай Расіі, прэтэндаваўшым на беларускія землі і лічыўшым беларускі народ за сваю народнасць, не цікава было капацца ў беларускай гісторыі. Не чапай, кажуць, ліха, калі ліха спіць. Спачатку, напэўна, рабілася гэта свядома ды наўмысля, пад імперыялістычным хмелем, блыталі гістарычныя факты. Потым, разумеецца, пераблытаныя весткі прымаліся за праўду, бо ўсім жа хацелася, каб Беларусі не было, а каб быў «Северо-западный край», або «kresy wschodnie». І пахаваць беларускую гісторыю было вельмі лёгка: сам народ, страціўшы сваю інтэлігенцыю, нацыянальна спаў, а тэрмін Літва падказваў накінуць усю гэтую «непрыемную гісторыю» на Жмудзь, тым больш, што некаторыя святлейшыя жмудзіны самі ахвотна называюць сябе літоўцамі ды лічаць гісторыю даўнейшай Беларуска-Літоўскай дзяржавы сваёю гісторыяй. Мала гэтага, цяперашнія літоўцы (жмудзіны) упэўнілі нават усю Еўропу, што гэты іх маленькі жмудзкі народ абладаў колісь магутнай і слаўнай Літоўска-Рускай дзяржавай. Цяперашнія жмудзіны прыкрываюцца гістарычнай ілюзіяй, і ўсе вераць ім. Тым часам гэты гістарычны туман, літоўская ілюзія становіць цяжкае гістарычнае непаразуменне. Цяжкае яно як для цяперашніх літоўцаў, так і для беларусінаў. Літоўцам балюча будзе расстацца з ім, а беларусінам не менш будзе цяжка развеяць яго. Але развеяцца павінен, бо ілюзіі гінуць, а факты застаюцца.

Калі цяперашнія жмудзіны называюць сябе літоўцамі, то гэта справа іх густу, але калі яны прэтэндуюць на даўнейшую літоўска-рускую гісторыю, калі яны выступаюць з чужым скарбам, каб выкарыстаць яго для мэт цяперашняга часу, то тут ужо справа іншага гатунку. Гэта ўжо — карыстанне дабром таго народа, каторы не мог бараніць свае маёмасці.

Жмудзь як народ не мела ніякага значэння ў гісторыі Літоўска-Рускага княства, як Латвія або Эстонія, каторыя гэтаксама ўваходзілі ў склад гэтага княства. Жмудзь была маўкліваю невялічкаю правінцыяй Літоўска-Рускай дзяржавы і нават не заўсёды да яе належала. Усе валадары гэтай дзяржавы былі славянскага роду, патомкі полацкіх князёў Рагвалодавічаў. Усе яны насілі падвойныя найменні: адно народнае, у гутарцы славянскага плямення люцічаў (пазнейшых літоўцаў), а другое хрысціянскае. Першае найменне, народнае, для вуха цяперашняга беларусіна гучыць незнаёма — мабыць, гаворка даўнейшых люцічаў-літоўцаў крыху рознілася ад гаворкі беларускіх пляменняў, але сказаць, што гэтыя найменні не славянскія, няможна. Яны толькі пераблытаны подлуг гутаркі люцічаў або ўпадоблены да хрысціянскіх. Прыкладам, Мігайла — Міхайла, Ягайла — Якуб, Гедымін — Гегамонік, Альгерд — Аляксандр і г. д. Усё гэта хрысціянскія імёны, толькі пабралі народнага колеру, падобна да таго, як грэцкае імя Іосіф зычыць у вуснах цяперашняга беларусіна, як Язэп, што мала падобна да свайго пачатку.

Мы сказалі, што даўнейшая Жмудзь, а цяперашняя Літва, не заўсёды нават належала да Літоўска-Беларускай дзяржавы. Аб гэтым сведчаць гістарычныя факты. Князь Міндоўг, сапраўдны тварэц вялікай Літвы, дабравольна аддаў быў Жмудзь (цяперашнюю этнаграфічную Літву) на вечныя часы крыжакам. Ці ж бы мог гэта зрабіць кроўны літовец-жмудзін з сваёю бацькаўшчынай? Мала гэтага, падарунак Міндоўга пацвердзілі яго наследнікі, або наступнікі. Ягайла гэтаксама дабравольна адступіў Жмудзь крыжакам, а Вітаўт, гэты багатыр Беларуска- Літоўскай дзяржавы, насаўсім аддаў немцам гэтую зямлю. Ён быў нават шчадрэйшым за свайго стрыечнага брата, бо па сваёй смерці назначыў крыжакоў сваімі спадкаемцамі на Жмудзь. Ці ж маглі гэта зрабіць сапраўдныя жмудзіны? Ці ж маглі яны дабравольна адрачыся ад сваёй бацькаўшчыны?

І толькі перамога над крыжакамі ў бітве пад Дуброўнай (Грунвальдам) у 1410 г. вярнула Жмудзь да Беларуска-Літоўскай дзяржавы.

Такім чынам, гісторыя сведчыць, што цяперашнія літоўцы не могуць пасылацца на гісторыю вялікага княства Беларуска-Літоўскага. Літоўская Пагоня — гэта беларускі дзяржаўны герб. Яго ўжывалі ўсе даўнейшыя беларускія ваяводствы. А які герб мела Жмудзкая зямля, — ну, хоць цяперашняя Ковеншчына, безумоўна літоўская (жмудзкая) зямля, — то няхай цяперашнія літоўцы спытаюцца ў гісторыі. Яна ім скажа, што герб Ковеншчыны меў чорнага, на дыбачках стоячага, мядзведзя. Яшчэ раз зазначаем, што ўся гэтая літоўская неразбярыха вырасла на грунце гістарычнага непаразумення, каторае ў сваю чаргу выклікана імперыялізмам дзяржаўных нашых суседзяў. І калі цяперашнія літоўцы лічаць гісторыю Вялікага Княства Беларуска-Літоўскага (Літоўска-Рускага) гісторыяй жмудзкага народа, то з гэтакім жа правам беларусіны і ўкраінцы могуць лічыць расійскую гісторыю сваёю гісторыяй, прынамсі з таго часу, як Беларусь і Украіна былі прылучаны да Маскоўшчыны. Але сказаць гэта мала хто адважыцца, хоць свет багаты на адважных людзей. Вось, прыкладам, адзін украінскі граматыст І. Нячуй-Лявіцкі лічыць беларускую мову ўкраінскай падмовай, гаворкай. У агульных увагах да слоўніка, змешчаных у сваёй граматыцы («Граматыка Украінського языка. Этымологія». Кніг. 1914 г.), ён піша:

«Вядомы вучоны Міклошыч у першы раз налічыў дзевяць незалежных славянскіх моў, а беларускую мову прызнаў поднаречіемъ, або гутаркаю украінскай мовы» (с. 9), «у беларусаў мова гэтакая самая, як і на Украіне і ў Галіччыне, і слоўнік іх мовы, і тры чвэрці песень украінскіх. У наш час гэтая мова ўсё роўна, як у немцаў швабская падмова. Гэта (беларусіны) нашы швабы... Як не было яшчэ ўкраінскіх слоўнікаў, дык славянскія вучоныя чыталі ўкраінскія кніжкі па старому беларускаму слоўніку Насовіча, чаго не можна зрабіць, каб чытаць украінскія кніжкі па слоўніку велікарускай мовы Даля. Нашы ўкраінскія сяляне разумеюць усю дарэшты беларускую размову (гутарку)», — кажа Н.-Лявіцкі.

На добры лад, дык подлуг гэтага трэба было б украінскую мову залічыць падмовай беларускай мовы. Прынамсі, гэтак падказуе здаровая логіка. Бо, каб розум расійскіх, польскіх і ўкраінскіх вучоных не быў затуманены імперыялізмам, то ў іх бы зусім натуральна і лагічна паўстала б пытанне: а калі на беларускую мову падобны ўсе мовы ўсходніх славян, то ці не справядлівей будзе сказаць, што беларуская мова ёсць матка моў усходніх славян, тым больш, што да яе вельмі падобна і старая славянская мова, каторая, няма сумніву, была маткаю ўсіх славянскіх моў. Але, дзе запахне імперыялізмам, там логіцы няма месца. І вось ягомасць І. Нячуй-Лявіцкі, прыкладам, дадумаўся да таго, нібы «Літоўскі Статут напісаны прыгожаю народнаю ўкраінскаю моваю» (!) (с. 56 «Укр. Грамат.»). Гэта ўжо — Андрэй Кузьме родны Тодар, але факт застаецца фактам і сведчыць нам, што гэтакім жа спосабам маленькі жмудзкі народ атрымаў неспадзявана такую вялікую спадчыну, як гісторыя В. К. Літоўска-Рускага. А каму невядома, як расійскія гісторыкі эксплуатуюць дзеля імперыялістычных мэт назву рускі? Як ведама, у даўнейшыя часы рускімі называлі беларусінаў, а цяперашнія расійцы вядомы былі пад найменнем маскоўцаў, маскавітаў, масквіцян. Найменне рускіх маскоўцы прысвоілі сабе далёка пазней. А тым часам, чытаючы адзін з асноўных законаў Літоўскага Статута, аб тым, што «пісар земскі маець па-руску літарамі і словы рускімі ўсе лісты і позвы пісаці, а не іншым языком і словы», — расійскія гісторыкі кажуць: «Вось бачыце, па-руску, гэта значыць — па-расійску, па-велікаруску. Дзе ж тут беларушчына?!» І гэтак наўмысле блыталіся гістарычныя факты, тэрміны, назвы ды подлуг гэтага пісалі гісторыю. Гэтак утварылася і літоўская неразбярыха.

Расійскія і польскія гісторыкі, дзякуючы сваім імперыялістычным тэндэнцыям, не вытлумачылі сабе значэнне слова Літва і вераць створанай ілюзіі, што ўвесь гістарычны скарб б. В. К. Літоўска-Рускага (Беларускага) належыць цяперашнім жмудзінам. Але правільнае асвятленне гістарычных фактаў сведчыць нам пра тое, што Літва — гэта было славянскае племя, увайшоўшае ў склад цяперашняга беларускага народа. Літва, Лютва, Люцічы — іменьні славянскага племя, і назва гэтая азначае народ люты й страшны для ворагаў, але адважны й храбры для сваіх. Ніжэй мы ўгледзім, што ўсё гэта адпавядае гістарычным падзеям, і калі нашы продкі — беларусіны ў прошлых сталецьцях звалі сябе літвінамі, то яны ведалі, што казалі. Яны ведалі, што ў склад беларускага народу, апрача рускіх славянскіх пляменьняў, увайшлі яшчэ й іншыя, каторыя ня зваліся рускімі, а ў тым ліку й племя Літва, палажыўшае пачатак Літоўска-Рускай дзяржаве. Але зьвернемся да гісторыі.

Перад намі кніга Э. Тышкевіча «Апісаньне Барысаўскага павету». Гаворачы аб сьлядох славяншчыны на Барысаўшчыне, аўтар пасылаецца на кнігу чэскага гісторыка Шафарыка: „Славянскі народапіос і славянскія старажытнасьці"[5] ды піша, што паміж народамі славянскага пляменьня, найслаўнейшае зрабілі сабе ў гісторыі імя, — ці то дзякуючы сваёй лічэбнасьці ды храбрасьці, ці то праз сваю вытрываласьць пры даўнейшых парадках і звычаях, -- гэта так званыя валоты, валеці, вількі, або ваўкі ды люцічы. Племя славян, каторае жыло паміж Эльбаю, Дняпром, Бярэзінай і Заходняй Дзьвіной, насунутае кале нараджэньня Хрыста рознымі прычынамі з месца, спынілася на цяперашняй Літве-Беларусі, на Віленшчыне. Адна частка Віленшчыны звалася тагды Вількоміна, або зямля Вількаў, гдзе горад Вілкамір, Вількастан, сяліба Вількаў. Ня можна з пэўнасьцю азначыць, як доўга яны тут жылі. Але, прабыўшы на месцы вякоў два, сталі яны пасувацца да Бальтыцкага мора й апанавалі прускім пабярэжжы, аз часам морам і сушаю перайшлі да усьця Одры, занялі астравы й краіны, ляжачыя на захад, ды ў тым-жа, як здаецца, усе дабраліся да Батавіі й Брытаніі. Гэта яны з сваімі саюзьнікамі, паміж 150 і 170 г. г. па нараджэньні Хрыста, адабраўшы ў Готаў, Вандаляў і іншых нямецкіх пляменьняў бальтыцкае пабярэжжа, самі там моцна ўселіся. Тут іх не застаюць яшчэ старэйшыя гісторыкі, як Мэля, Старабон, Плініус, Тацыт, але Птолёмей іх ужо там застае й апісуе. Ня пойдзем іх тропам па розных краінах цяперашніх дзяржау і за мора Эўропы. Успомнім толькі, што гэта іх было тое княжаства й той князь, каторыя ў Васкрасенскай летапісі (Ч. І, 48, а Рtb 1793) завуцца: князь Вількам (воўкам), а народ Вількамі (ваўкамі). Гэта яны сваёй сталіцы й рэчкам свае найменьні накінулі — Вільня, Вільля[6]Ад іх немцы сталіцу Вільню - Вільдай звалі, а Бальтыцкае мора — Вільдамор празвалі. Племя люцічы, люцікі — зваліся гэтак ад славянскай прыметы люты, што ў хвалебным разуменьні азначала - сьмелы, храбры, адважны, слаўны, а для ворагаў і пакорных — жорсткі, драпежны, люты. Істнуючая казка пра ваўкалакаў, або пра людзей, што ваўкамі робяцца, утварылася мабыць таму, што суседзі празвалі Вільцаў, або Ваўкоў людаедамі за іх жорсткасьць на вайне. Навет у яе славянскіх краёх, гдзе толькі былі Вількі; істнуе вымысел пра ваўкалакоў. Па цэлай славяншчыне захавалася шмат памятак і пагаданак пра іх ня толькі у гісторыі, але й у вуснах народу.

У мове рускіх славян Вількі, Вэлеты зваліся — ваўкі, волаты, а волат — азначае: асілак, вялікан, страшыдла. У розных мясцох Беларусі ёсьць: Волатава поле, Волатава магіла, Валатоўская слабада, рэчка Валацея, Волатава гарадзішка. У беларусінаў, у ваколіцах Полацку й Вітабску магілы, або магільныя капцы, завуцца — валатоўкі, волаткі. На Барысаўшчыне было староства Вяляцікае, можа некалі Валецкае, а гэтак сама Вілейка, рака Вільля, выраз у народнай песьні «паедзем дамоўкі цераз валатоўкі» — безумоўна трэба аднесьці да Валетаў, Волатаў.

Цікава адзначыць, што рэчка Вільля палітоўску (пажмудску) завецца Нэра, Нарыс, Няра. З гэтага відаць, што Жмудзіны (цяперашнія літоўцы); ў сябе гэтую рэчку звалі Нэрай, а валеты, вількі - Вільляй. Што да назвы Вількі, то тут цікава вось што. І цяпер яшчэ на Беларусі (Мікалаўшчына, Менскага павету) захаваліся дзіцячыя гульні, ў каторых слова воўк, перадаецца мякка, як вільк. Прыкладам, істнуе гульня ў гусі й воўка, ў каторай пастухі гэтак клічуць гусі: «Геньці, геньці, ідзьце дадому!» — Чаго? — Бо вількі за горою». Тут мы ня можам думаць, што гэта палёнізмы навейшага часу. Трэба ведаць, што ў склад цяперашняга беларускага народу ўвайшлі ня толькі пляменьні ўсходніх славян. Племя радзімічы было ляцкае, галіна заходніх славян, а тым часам яно было адно з аснаўных пляменьняў, што ўтварылі адзіны беларускі народ. Гэтым і тлумачыцца, што беларуская мова захавала шмат такіх слоў, каторыя мы прывыклі чуць у вуснах заходніх славян,—чэхаў і палякаў. Адтуль можна сказаць, што пляменьні Люцічаў і Вількаў па мове займалі сярэдняе месца паміж усходнімі й заходнімі славянамі. Тут варта зьвярнуць увагу на такія назовы, як даліна Сьвентарэю Сьвянцяны.

Наагул; шмат ёсьць месц на Беларусі, прыпамінаючых Люцікаў (Літву) і Вільцаў, асабліва ад слова вількі, ваўкі. Прыкладам, Вільня, Вялейка, Вільля, Вількамір, Вількішкі, Вілкамушы, Воўчая, Ваўчыца, Ваўковічы, Ваўкалакі, Ваўкалата, Ваўкавыск, Воўчын, Ваўчкевічы і г. д. Істнуючыя цяпер на Беларусі прозьвішчы ўтварыліся пэўна ад даўнейшых паноў гэтай зямлі: Вільчак, Вільчноўскі, Вільчынскі, Вількоўскі, Вількевіч, Лютавецкі, Вільканец і гэт. падоб. — Люткевіч, Лютаехаўскі, або; Воўк, Ваўчок, Ваўчацкі, Валодка, Валодзька, Валадковіч, Ваўкоўскі, Ваўкавіцкі, Ваўковіч, Ваўканоўскі і г. д. Гэтая выпіска з гістарычных выведаў чэскага гісторыка Шафарыка цікава для нас з двух бакоў: першае, яна кідае сьвет на слова Літва, тлумачачы нам, што Літвою звалася адно з славянскіх пляменьняў, жыўшых на зямлі цяперашняй Віленшчыны й Меншчыны; другое, прыняўшы пад увагу, што на цяперашняй Віленшчыне сядзела некалі славянскае племя Вількі, ваўкі, з сталіцаю ў Вільні, можна вытлумачыць сабе й значэньне таго сну, што сьніўся вялікаму князю Гідыміну. Вось гэты сон у перадачы нашай кронікі Быхаўца.

«Некаторага часу паехаў князь вялікі Гідымін са стольца, сваяго Кернава ў ловы за пяць міль за раку Вельлю. І найдзе гору ў пушчы красну, дубровамі й раўнінамі аблеглую. І спадабалася яму вельмі. І он там пасяліўся, і залажы горад, і назаве імя яму Трокі, гдзе былі Старыя Трокі. І з Кернава перанёс столец свой да Трок.

Па малых часех наехаў посьле таго князь вялікі Гідымін у ловы ад Трок чатыры мілі. І найдзе гору красну пад ракою Вільняю, на каторай знойдзе зьвера вялікага Тура, і убіет яго на той гары, гдзе й ныні завуць Тур’я гара. І вельмі было позна да Трок ехаці. І станець на луцэ Швінтарозе, гдзе вервых вялікіх князей зжыгалі й абначава. І сьпячы яму там відзі сон, што на гары; каторую звалі Крывая, а цяпер Лысая, стаіць воўк жалезны вялік, а ў нем равець, калі-бы- сто ваўкоў выла, і ачуціўся ад сну сваяго і рачэць варажбіту сваяму, іменем Лязьдзейку, каторы быў знайдзен у арлове гнязьдзе. І быў той Лязьдзейка ў князя Гідыміна варажбітом і найвышшым паном паганскім. Відзіх дзей сон дзіўны, і спаведа яму ўсё, што ся яму ва сьне відзіла. І тот Лязьдзейка варажбіт рачэ яму: «Княжа вялікі! Воўк жалезны знамянуець горад сталечны тут будзець, а што ў яго ўнутры равець, то слава яго будзець слынуці на ўвесь сьвет». І князь вялікі Гідымін на заўтрые-ж, не ад’яжджаючы, паслаў па людзі й залажыў горад — адзін на Швінтарозе ніжні, а другі на Крывой гары, которую ныні завуць Лысаю. І нарачэць імя тым гарадом Вільня. І збудаваўшы гарады, перанёс столец свой з Трокаў на Вільню».

Можна дагадацца, якога гэта «жалезнага воўка» сьніў Гідымін. Яму трэ’ было адабраць у Вількаў іх сталіцу Вільню, а ўжо пазьней народ прыбраў гэтыя падзеі ў легэнду. А магло быць і так, што Гідымін наўмысьле перад паходам на Вількаў распусьціў праз варажбітоў чуткі, каб падаць вайне папулярнасьці. Тут цікава яшчэ’ й тое, што перад тым, як пайці вайною на Вількаў, Гідымін пабудаваў наўперад крэпасьць, горад Трокі, як базу для будучай вайны, ды назваў тую крэпасьць Трокамі ад беларускага слова трокнуцца — дагадацца, раптам успомніць. А можа — Тропы? Ад слова троп — сьлед, трапінка, сьцежка, трапіць. Але пойдзем далей ды паслухаем яшчэ, што кажа гісторыя пра даўнейшую Літву. Вось вывед К. Скірмунта «Nad Niemnem u nad Baltykiem w zaranij dziejow». Ня трэба й казаць, што аўтар меў на увазе цэперашніх літоўцаў і хацеў давесьці, што жмудзіны - гэта літоўцы. Але ня важна, чаго хацеў аўтар. Важна тое, што кажуць яго выведы, або пра што сьведчаць тыя ведамасьці, якія падае аўтар. А ведамасьці яго гавораць вось што:

Наезды Скандынаваў; або варагаў, на вальтыцкае пабярэжжа хаваюцца ў змроку найдаўнейшых часоў. Продкі Скандынаваў — готы ў глыбокай старажытнасьці ведалі ўжо усьце Нёмна. Там утворана была скандынаўская правінцыя Русыя (Нарбут, т. І 309) калыска многіх марскіх багатыроў-норманаў, пра каторых сьпяваюць паўночныя сагі (песьні). Норманы, або скандинавы ці варагі прыходзілі сюды як вайсковая разбойніцкая арганізацыя, каторым падабаўся тытул марскіх разбойнікаў. «Мы, з Божай ласкі, архіпіраты востраваў гэбрыдзкіх», - пісаў адзін з скандынаўскіх здабыўцау гэтых астравоў. Як разбойнікі, яны наводзілі страх на спакойных людзей. У хрысьціянскіх царквах Зап. Эўропы маліліся тагды: «Ад лютасьці норманаў збаў нас, Божа!».

Зноскі[правіць]

  1. Сьпісак Рачынскага. "Полн. Собр. русск. лет." 1907 СПБ
  2. У сьпіску Красінскага йначай: „і назвалі тую землю славенскім языком — Пабярэжная зямля, а літоўскім языком назвалі — Жамойцкая зямля"
  3. Кале Мікалаушчыны Менск. пав. есьць мясцовасьць Кунасова
  4. Выпіска зроблена з „Полн. собр. русск. летоп. т. 17. Западн.-русск. Летописи. Список гр. Рачинского.
  5. Польскі пераклад гэтая кнігі Ц. Дальмена н Г. Банкоускага.
  6. Вільля, цяпер Віленка, у даунейшых дакумэнтах, асабліва лацінскіх, Вельна. Замена літары і на е, павялічвае довад, што гэтае найменьне ад Велетаў пашло.