Перайсці да зместу

Маладняк (часопіс)/1929/7/Ліст вылучэнца

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Муляр Ліст вылучэнца
Верш
Аўтар: Ілары Барашка
Ліпень 1929 году
⁂ (Агнямі і кроўю сардэчных поэм…)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ІЛ. БАРАШКА

ЛІСТ ВЫЛУЧЭНЦА

(Апавяданьне)

Мяне чакаў з самага раньня прынесены пачтаром звычайны зялёны канвэрт. Па караваму почарку я пазнаў майго дзядзьку — рабочага чыгуначных рамонтных майстэрань аднаго вялікага чыгуначнага вузлу.

Ён — самы звычайны (якіх у нас многа) рабочы сьлёсар. Член партыі з часоў польскага падпольля. Прымаў удзел у грамадзянскай вайне на паўднёвым фронце, бараніў Савецкую Украіну ад урангелеўцаў, а апынуўся ён там па мабілізацыі партыйцаў у Чырвоную армію. На фронце працаваў у разьведцы. Разумны, статны і адважны мой сваяк.

Пасьля таго, як дзядзька разьбіў ў пух і прах Урангеля, і беламу барону прышлося, не аглядаючыся, уцякаць ад яго праз крымскія горы і Чорнае мора да румын і туркаў, — мой дзядзька дэмабілізаваўся, прыехаў у свой горад, да сям‘і, праз месяц-другі паступіў зноў на чыгунку ды ўзяўся за рамонт змучаных голадам і вайною цягнікоў ды вагонаў. Ды яшчэ як узяўся! Напільнік у сільных, здаравенных руках сьлёсара раз-по-раз роўна і чыста пілаваў сталёвыя часьціны машын, мяняліся шрубы, рэзаліся новыя нарэзы, усё падганялася пад мерку цыркуля і ватэрпаса. Ні-то ў дваццаць чацьвертым, ці дваццаць пятым майго сваяка абралі ў бюро парт‘ячэйкі, а калі яго аднойчы на паседжаньні бюро вызначалі ў адказныя сакратары — ён адмовіўся, мотывуючы тым, што малапісьменны, і з работай яму ня справіцца.

— Ну, воля твая! — тады сказала бюро: — Як хочаш, справа, брат, адказная і, калі сам не бярэшся, — настойваць ня будзем.

Так ён ў сакратары і не прайшоў. Праз год, на акруговай конфэрэнцыі, калі партыя выставіла лёзунг аб прыцягненьні рабочых да кіраўнічага партыйнага апарату, ён прайшоў ад чыгуначнікаў у склад АКа. На паседжаньнях, ды пленумах ён ня выказваўся, гаварыць — не ў яго натуры, ды і ня ўмеў. Больш слухаў. А калі пыталіся яго думкі — адказваў коратка:

— З гэтым згодзен. Гэта няправільна. Трэба вось так…

Час-ад-часу яго прапановы запісваліся асобнымі думкамі ў пратаколе паседжаньня АКа, часта ставіліся на галасаваньне і праходзілі большасьцю галасоў. У АКа склаўся пра яго такі погляд: сумленны, шчыры, адданы партыец, вытрыманы, але ня зусім разьвіты (дзякуючы чаму праяўляюцца настроі недаацэнкі ролі старых спэцыялістаў у нашым соцыялістычным будаўніцтве).

Рэшту аб ім, аб маім сваяку, раскажа атрыманы мною сёньня ліст у зяленым конвэрце, напісаны кручкаватымі, нязграбнымі літарамі:

— Пасьля таго, як апошні раз ты быў у нашым горадзе і я сустракаўся з табою — многае зьмянілася. Цяпер я ўжо не працую на чыгунцы. Партыя вылучыла мяне на адказную савецкую работу. З пуцёўкай ад акругкому тады я пайшоў у Масласаюз — на працу. Калі я падаў пуцёўку белабрысаму старшыні праўленьня ён засьмяяўся пра сябе, але гэты сьмех я заўважыў толькі тады, як на другі дзень узяўся за свае абавязкі — намесьніка старшыні. Старшыня пазнаёміў мяне з спэцыялістымі нашай установы. І калі знаёміў, амаль ва ўсіх я заўважыў тую-ж усьмешку, якую я ўчора бачыў на твары майго белабрысага — камуніста-старшыні. Прызнацца табе, па совесьці, Масласаюз для мяне ў першыя дні здаваўся чорт яго знае чым, але я, упэўнены у сваю партыю у самаго сябе, узяўся за справу…

Праз некалькі дзён, пасьля майго прызначэньня ў Масласаюз, мне трэба было перавесьціся з чыгуначнага Райкому ў Гарадзкі, і я паехаў на аўтобусе. Народу было многа — бітком набіты аўтобус. Дык вось стаю я і чую як гутараць перада мною два пасажыры:

— А вы, — кажа адзін — знаеце, у наш саюз вылучэнца-рабочага прыслалі. Толку мала. Прафан. Малаграматны. Абсолютна не знаёмы з гандлёвымі опэрацыямі.

„Ці не пра мяне“ — кінулася мне ў голаў думка. А ён працягвае:

— Толку мала з гэтых, знаеце, вы-лу-чэн-цаў. Вот, да рэволюцыі — глядзіш і павышэньне было-б, а цяпер вы-лу-чэнцы…

— „Арабочываньне“ апарату! — адказаў яму другі. І сказаў так, што я ўспомніў якраз тую самую ўсьмешку майго белабрысага старшыні-камуніста ў першы дзень маёй працы.

Я ня стрымаўся і ўмяшаўся, як няпрошаны госьць, у гутарку:

— І вы, таварышы, упэўнены, што мала толку?

Ад нечаканасьці маіх слоў адзін з іх павярнуўся і мы адзін другога пазналі. Ён — быў мой спэц, а я, я той самы малаграматны вылучэнец, аб якім ішла гутарка…

Я тады пачаў разумець справу. Гэта было мне першай лекцыяй… Праз дзень я дабраўся да спраў лічнага стала маёй установы і там даведаўся, што мой спэц — праўда вялікі спэц, але былы ўпраўляюшчы буйнага памешчыцкага маёнтку.

Мне цікава апісаць табе ўмовы працы ў Масласаюзе. Табе, як газэтчыку (мой дзядзька ўпарта заве мяне газэтчыкам) гэта будзе толькі цікава. Але перш чым пра гэта пісаць, раскажу хто працуе са мною.

Старшыня наш — камуніст. Я яго заву белабрысы. Аграном. Як я чуў у мясцкоме — жонка белабрысага папоўская дачка і дапамагае свайму бацьку папу — грошы пасылае на раён. А там стары моліцца. І выходзіць, што моліцца за грошы, якія атрымлівае мой белабрысы. І народ дурманіць… Вось яно як!

Сяжду я з маім белабрысым у адным габінэце. У яго на стале тэлефон, і ў мяне тэлефон. Сядзім, працуем — ён усё пляны складае, а я практычную працу вяду, горад маслам забясьпечваю. А гэта, братка мой, ня хаханькі. Ты, відаць, ня знаеш, як туга яно вылазіць. Дык вось — мне звоняць па тэлефону і з цэрабкопу, і з больніцы, і з шпіталю, і з дзетдамоў, і чорт яго знае адкуль звоняць.

— Масла! — крычаць усе, — дасі?

А майму белабрысаму тэлефон адзін раз на дзень звоніць. Ты як думаеш адкуль? з кватэры. Жонка звоніць. Ня чую, што яна яму гаворыць, толькі чую адказы яго:

— Цалую. Твой Танічак. Сёньня ў кіно пойдзем… Засумавала, дзетка, без мяне? Зараз прыбягу…

І вось адзін дзень у кіно кажа, другі дзень у тэатр, трэці дзень на сямейны вечар, чацьверты дзень у цырк… і чорт яго знае — няўжо дзён у тыдні, ды партстаўкі хапае, — думаю я, — але віду не падаю… Маўчу часьцей. Я прыходжу на працу ў дзевяць, а ён, белабрысы, у дзесяць. А прыдзе — пляны складае, падлічвае, вылічвае ды раз у тры месяцы на пленуме праўленьня іх зацьвярджае…

А побач з нашым габінэтам — оргаддзел. Загадчыкам там — такая, як і я — вылучэнка. Сялянка, з арцелі на працу ў Саюз узялі. Гаваркая кабеціна, разводка. Мужчын любіць, дык ліха яе ведае. Часта па справах, прыходзіць яна ў мой і белабрысага габінэт. Пра справы гаворыць? Не! Зусім не!:

— Я, кажа, прапагандзірую свабодную любоў. З кім хачу, з тым і жыву…

А камуністка. І нават у сельсавеце старшынёю выбіралася.

— Няправільна, хочу я ёй сказаць — вы гаворыце, але маўчу — ня чуў яшчэ ад нашай партыі правілаў пра новы быт. А, па-мойму, аргаддзеліха сьцерва харошая. Працаваць, праўда, працуе, але пра „свободную любовь“ глыбока памыляецца. Як ты думаеш, братка? А?

Кур‘ер у нас хлопец харошы — актывіст. Комсамолец. Організаваў ён у нас МОПР і Асоавіяхімячэйкі. Вось прыходзіць ён аднойчы да нас у габінэт ды пытае:

— Хто з вас заўтра на стральбу хоча ісьці?

А ў габінэце нашым сядзела і аргаддзеліха. Не пасьпеў я адказаць „я пайду“, а яна:

— Пашоў ты… не перашкаджай працаваць…

Эх, злосьць мяне разабрала: „сьцерва, думаю, я хоць мацярню добра ведаю, але пашто-ж мацюкацца задарма… Зьмену ў такім духу гадаваць“. Змыўся наш кур‘ер — комсамолец з габінэту, відаць, і пра стральбу забыўся.

Узяў я яе ў абарот пасьля ўсяго гэтага. І здорава ўзяў.

— Ты-ж кажу камуністка, а так з комсамолам гаворыш. Нягодна так…

Ашчаперылася яна, як курыца-квактуха, ды на мяне як наваліцца:

— Два месяцы прасядзеў тут, а бюракратызмам заразіўся. Падумаеш, валакіту ўсякую разводзіш…

І злосьць-бы не такая была, калі-б аб справах мы ў той час гаварылі, а то яна-ж нам пра сваю „свабодную любоў“ гаварыла…

— Вольная я, з кім хачу, з тым жыву…

Нашы спэцы „ха-арошыя“ людзі. Пяць старых — пяць маладых. Акадэмікі ўсе. А працуе з іх адзін. Паедзе ў вёску — глядзіш арцель новую прывязе. А тыя, старыя дарма толькі, па-мойму, камандыровачныя выпісваюць. Паедуць, організуюць, а праз месяц — арцель і развалілася. На заможных пакладаюцца. „У заможных, — кажуць, — каровы сытыя, малака многа, можна заўсёды кашу зварыць“… Такі вараць… Як толькі прышла вясна, ды малако на рынку ў цане паднялася, разваліліся заможніцкія арцелі — усе да аднэй. На рынак, у горад, малако павезьлі, а нам, у Масласаюз — хоць-бы на грош зламаны…

Так пляны майго белабрысага і трэснулі. Па нітачках… А мне з дзетдому звоняць:

— Масла!

З цэрабкопу звоняць:

— Масла!

Ну, а я дзе яго вазьму, калі ані-ні няма. Толькі на больніцы ледзь-ледзь стае…

А вось з тых арцеляй, што адзін са спэцаў організоўвае, беспартыйны праўда, але наш чалавек, — глядзіш сюды-туды і пудзікаў дзесяць-пятнаццаць ёсьць…

Я і кажу яму аднойчы:

— Маладзец, вы, як пагляджу, відаць ведаеце добра дырэктывы партыі і савецкай улады па сельска-гаспадарчай рабоце.

Ён мне, праўда, нічога не адказаў. Толькі я ўпэўнены з работы яго, што ведае.

З ім я і пасябраваў. Харошы малец. Чаго ня ведаю — у яго спытаю. А ён мне — так і так параіць. Зраблю, як ён гаварыў — ніколі не памылюся.

А нядаўна „упраўляюшчага“ мы вычысьцілі. Пад першы номер беларусізацыю праводзілі.

— Ня знаю я гэтай „мовы“, і знаць не хачу! — так і адказаў на камісіі.

А па службе, у вёску штотыдзень езьдзіў. Які-ж тут саюз гораду з вёскай. За гэта і пачысьцілі. А мой белабрысы заступаўся за яго:

— Спэц, другога не дастанем… — казаў белабрысы. А мы падчысьцілі. І другога знайшлі.

Па-мойму, ня горшы, а лепшы нават за „упраўляюшчага“. Стары, праўда, але і мову ведае, і працу разумее.

Так, брат, я і працую. А цяжка знаеш на фронце гаспадаркі працаваць. Лягчэй у рамонтных, пры станку… Стой сабе, шрубуй, і хітрай маханікі ня відаць табе. А ўсё — партыя. Паставіць цябе ў Масласаюз, — здохні, а цісьні масла… Так вось, браток, я цісну…