Лёс Беларусі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Лёс Беларусі
Аўтар: Аляксандр Цвікевіч
1918
Пераклад: Nejurist
Крыніца: Газета «Белорусская земля», 1918, № 1, с. 2

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Хто ведае ў Еўропе пра Беларусь?

Хто ведае ў Расеі пра Беларусь? Амаль ніхто. Вялікадзяржаўны гаспадар зямлі расейскай – вялікарос – быў здаўна чужы інтарэсам ускраінаў. Хто знаёмы з мінулымі і цяперашнімі клопатамі беларускага народа? Амаль ніхто. А між тым цяжка знайсці такую вобласць, якяа перанесла б столькі няшчасцяў, як Беларусь, і ні пакуты Бельгіі, ні пакуты Сербіі і Польшчы не могуць параўнацца з тым смяротным, безвыходным гнётам, які магільнай плітой ляжаў на грудзях беларускага народа.

Гісторыя заўсёды была для яго мачыхай. Народ, які некалі ішоў у авангардзе рускіх славянаў, стварыў яшчэ ў XIV стагоддзі высокае культурнае жыццё і ўзвысіўся да ідэі канстытуцыйнай дзяржавы, народ беларускі шостае стагоддзе цягне ярмо паднявольнага рабскага жыцця. Суседзі з захаду і ўсходу – каралеўская Польшча і Маскоўскае княства – апынуліся для яго жоранамі, якія бязлітасна перамалолі ягоную культуру і дзяржаўнасць. Стаўшы парыям, грамадзянінам другога гатунку, беларус здолеў захаваць у чысціні толькі прыроджаную славянскую мяккасць і высакароднасць душы. У нетрах Палесся і Белавежскай пушчы, на сумных палях Міншчыны і Віленшчыны можна і ў наш час часта бачыць сапраўднае аблічча старажытнага славяніна і назіраць ягоны старажытны абычай.

Але права быць гаспадаром на сваёй зямлі працавіты беларус не адваяваў. Ён застаўся вясковым народам у строгім сэнсе гэтага слова і праз гэта яго сціскаў прэс у тры разы больш цяжкі, чым той, які ціснуў працоўныя масы ўсёй астатняй Расеі. Польскі памешчык (беларусаў-памешчыкаў у Беларусі няма), які глядзеў на яе як на калонію польскую, габрэйская буржуазія (беларускай буржуазіі на Беларусі няма), якая цікавілася народам толькі з боку яго пакупной здольнасці, і расейскі чыноўнік – кіраўнік (беларусы-чыноўнікі займалі на Беларусі толькі ніжэйшыя пасады), які праходзіў там стаж дзяржаўнага выкарыстання нацыянальнай варажнечы – вось тыя тры кіты рознага колеру, і рознага паходжання, якія на працягу стагоддзяў апекавалі мужыка беларуса. Цалкам зразумела, што іхныя класавыя інстынкты з асаблівай вастрынёй падмацоўваліся і падаграваліся як нацыянальнай, так і рэлігійнай адасобленасцю ад мільённай сялянскай гушчы. Дзе вы знойдзеце такую шкодную для краю стракатасць? Самае элементарнае пачуццё грамадзянскасці – тое, якое ўзгадоўвалася ў большай частцы Расеі цэнзавымі грамадскімі самакіраваннямі, у беларусаў не магло захавацца, бо, як вядома, земствы на Беларусі ўведзеныя не былі, а прыгоннае права было скасаванае нашмат пазней. Надзвычайная беднасць прыродных багаццяў (лясы і балоты) і паходзячы з гэтага слабы рост матэрыяльнай культуры краю давяршалі ў мужыцкім беларускім асяродку ўсведамленне сваёй прыбітасці і немагчымасці раўняцца з суседзямі. Народная мова стала трэціравацца як “хамская мова”, беларус перастаў паважаць сваё ўласнае аблічча.

Гісторыя, якая была да гэтай пары для Беларусі мачыхай, засталася такой і ў нашыя дні. Вы ведаеце, што сусветная вайна ўсім цяжарам абрынулася на беларускі народ: каля траціны ягонай гаспадаркі было спалена (да 500 тысяч двароў), два мільёны чалавек раскідана па ўсёй Расеі.

Сапраўды страшная доля напаткала Беларусь! З усіх ахвяр, якія прынасілі народы ў гадзіну сусветнай вайны, ахвяра Беларусі гарыць ярчэй усіх крывавым полымем. Але калі даводзіцца думаць пра яе будучыню, пра той час, калі мільёнам бежанцаў давядзецца вяртацца з дзецьмі ў зямлянкі, свядомасць адмаўляецца памерыць глыбіню народнага цяжкага становішча.

Чым жа адзначаны пакуты і ахвяры беларускага народа на старонках агульнарасейскага жыцця? На жаль, адным маўчаннем. За пераможнымі клічамі, за пышнымі летуценнямі пра сацыяльнае пераўладкаванне Расея не знайшла часу ўспомніць пра страшныя патрэбы малодшага брата.

Вось чаму народ Беларусі, які даўно загубіў сваю грамату, а з ёю права на прызнанне з боку цэнтральнай улады, пачаў варушыцца. Выгнаны неабходнасцю, перад небяспекай выраджэння, губляючы веру ў іншых, ён стаў разумець, што ўратаванне ад смерці ён павінен шукаць найперш у самім сабе. Ужо з канца лета ў народных масах блукала думка пра арганізацыю сілаў, пра самаабарону. Доўга давялося весці папярэднюю работу, ствараць спрыяльныя ўмовы. І вось, нарэшце, 5-15 снежня, у Мінску-Беларускім быў скліканы з велізарнымі ўмовамі вялікі народны сход – Усебеларускі З’езд. Перад ім адразу ж паўсталі ва ўвесь рост грозныя задачы, барацьба з разрухай, барацьба за ўратаванне народа і краю; да гэтага дадаўся яшчэ клопат больш сур’ёзны – прадухіліць падзел беларускай зямлі.

Першы раз сабраліся беларусы, як паўнапраўныя гаспадары, упершыню за ўсе шэсць стагоддзяў яны ўбачылі свой твар, усвядомілі сябе як вольных грамадзян. Сілаў аказалася мала, але стыхійная воля да творчасці і барацьба за будучыню пасялялі ва ўсіх веру ў народ, у ягоныя дасягненні. Прадстаўнікі ўсіх нацыянальнасцяў прыйшлі вітаць з’езд, зычыць поспеху ў цяжкай працы: габрэі, украінцы, палякі, татары і інш.

Як жа сустрэла гэты народны сход Расея ў асобе свайго ўраду? Сорам залівае душу, калі ўзгадваеш пра гэта. Сілаю ўзброеных салдат, якія былі ўведзены ў аблуду падманам, яна разагнала Усебеларускі З’езд і арыштавала яго правадыроў. У п’яным стане банда гвалтаўнікоў, якая звала сябе саветам “народных” камісараў Заходняй Вобласці, замахнулася на гонар, права і будучыню беларускага народа. На якой падставе? За што? За тое, што народ беларускі, які знясілеў ад бедаў і дзікай апекі тых камісараў, якіх ён не абіраў, вырашыў ажыццявіць сваё права: на сваёй зямлі стварыць сваю беларускую народную ўладу. Хто панясе адказнасць за гэтае злачынства, хто будзе адказным за будучыню?

  Гэты твор з’яўляецца перакладам і мае асобны прававы (ліцэнзійны) статус адносна карыстанай аховы аўтарскіх правоў на арыгінальны змест.
Арыгінал:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.
 
Пераклад:

Гэты твор пашыраецца на умовах ліцэнзіі Creative Commons Attribution-ShareAlike 4.0 Unported, якая дазваляе вольнае карыстаньне, пашырэньне й стварэньне вытворных з гэтага твораў згодна з умовамі прытрымліваньня і пазнакі ліцэнзіі ды аўтара арыгінальнага твора. Усе вытворныя творы будуць абараняцца той жа самай ліцэнзіяй, што й гэты.