Лёрэляй (Гейнэ/Таўбін)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Лёрэляй
Верш
Аўтар: Генрых Гейнэ
Арыгінальная назва: Ich weiß nicht, was soll es bedeuten
Пераклад: Юлі Таўбін

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ня ведаю, што за насланьне,
Што сумныя думы мае…
Старое апавяданьне
Быту мне не дае.

Сьвяжэе… цямнее ў прасторы…
Спакойна на Рэйне… Ўгары
Іскрацца высокія горы
Агнямі вячэрняй зары.

Цудоўная паненка
Сядзіць там ля самых нябёс.
Зіхціць залатой сукенкай,
Расчэсвае золата кос.

Залатым грабянцом яна іх
Расчэсвае, песьню пяе —
Моцная і дзіўнáя
Мэлёдыя яе.

Плыўца на чаўне памалу
Агортвае дзікай тугой.
Ня сочыць ён рыфы і скалы,
Ён сочыць за дзеўчынай той.

Я бачу — ўжо хвалі ўзгралі…
Плывец, навекі бывай!..
І гэта сваёю песьняй
Зрабіла Лёрэляй.