Перайсці да зместу

Ляля Мэнке (Луцкевіч)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ляля Мэнке: Пасьмертны ўспамін
Некралог
Аўтар: Антон Луцкевіч
Крыніца: Калосьсе. — Год 1939. Кніжка III. — С. 195—196

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З ЖАЛОБНАЕ КАРТЫ

Ляля Мэнке

(пасьмертны ўспамін)

З маладога пакаленьня мала хто ведаў Яе, але старэйшыя беларускія дзеячы добра памятаюць тую працу, якую нябожчыца ахвярна давала беларускай справе падчас сусьветнае вайны й нямецкае акупацыі.

Выбух сусьветнае вайны пазбавіў Беларусаў шмат чынных работнікаў на нацыянальнай ніве, пакліканых у армію. Эвакуацыя Вільні Расейцамі забрала блізу цалком рэшту нашых актыўных сіл у сталіцы нашага краю. У Вільні асталіся лічаныя адзінкі. А тым часам жыцьцё вымагала вялізарных высілкаў, каб ня толькі ня даць заняпасьці беларускай справе, але каб належна выкарыстаць дзеля яе новыя абставіны: у першую чаргу трэба было арганізоўваць беларускія школы, далей — беларускі тэатр і іншыя культурныя ўстановы й арганізацыі.

У гэтую важную для Беларусаў часіну ўвайшла ў беларускую сям’ю маладая, поўная сіл, жыцьцярадасная Ляля (Эмілія-Люцыя) Мэнке. Сям’я Мэнкаў — гэта сям’я нямецкая, якая ад вякоў асела на зямлі Беларускай і крэпка з гэтай зямлёй і з народам беларускім зраслася. У доме Мэнкаў Беларусы заўсёды сустракалі добрае прыймо і маральнае падтрыманьне. А маладое пакаленьне Мэнкаў дык станула й да чыннае беларускае працы.

Ляля Мэнке ў першую чаргу пачала працаваць у ладжаных у Вільні беларускіх школах, у якіх — згодна з вымогамі акупацыйных уладаў — выкладала, як прадмет, нямецкую мову. Прыймала чыннае ўчасьце і ў розных іншых працах тагачаснага беларускага цэнтру — Беларускага Камітэту помачы ахвярам вайны. Але найбольш ярка выявілася яе дзеяльнасьць на грунце беларускага тэатру, арганізаванага Ф. Аляхновічам пры Беларускім Клюбе. Ляля Мэнке заняла ў ім першае месца. Маючы невялікі, але вельмі мілы голас, яна выступіла перад усім у камэдыі-апэрэтцы Аляхновіча «На Антокалі», іграючы вельмі ўдала ролю Зоські. Далей пайшлі іншыя п’есы, у якіх Ляля Мэнке выступала з вялікім пасьпехам, здабываючы агульную сымпатыю.

Як адзінка высока-культурная, інтэлектуальна разьвітая, да таго-ж з вельмі мілым характарам, Ляля Мэнке гуртавала каля сябе ня толькі моладзь, але й старэйшае грамадзянства. У доме Мэнкаў часта можна было спаткаць і прыезных нямецкіх навукоўцаў, каторым Ляля — разам з старшай сястрой сваей Юльянай, вельмі актыўнай працаўніцай у беларускіх грамадзкіх арганізацыях, школах і курсах, — давала рэвэляцыйныя для чужынцаў інфармацыі аб беларускім народзе, яго мінуўшчыне, культуры і імкненьнях. Але актыўная праца Лялі Мэнке трывала нядоўга. На 21-ым годзе жыцьця ў яе пачала разьвівацца страшная хвароба — сухоты, асабліва небясьпечная ў маладым веку. Толькі дзякуючы адданасьці й апецы старшае сястры хвароба гэтая на нейкі час прыпынілася. У 1919 годзе Ляля Мэнке гэтак ужо паправілася, што павязла паміраўшага ад тых-жа сухотаў Івана Луцкевіча ў Закапанае і апекавалася ім — супольна з Юльянай — аж да апошняе гадзіны ягонага жыцьця.

Вярнуўшыся пасьля сьмерці Ів. Луцкевіча ў Вільню, Ляля Мэнке ўжо ня мела сілаў дзеля ўзнаўленьня грамадзкае працы. Праз некалькі гадоў выйшла замуж за інж. Кулешу і жыла да сьмерці ў вузейшым сямейным коле. Але грамадзкімі справамі, а ў першую чаргу беларускімі, цікавілася да апошняга дня свайго нядоўгага жыцьця. Канаючы ў поўнай сьвядомасьці й разьвітываючыся з сваей раднёй, яна не забылася й аб прыяцелях Беларусах, з каторымі некалі супрацоўнічала, і прасіла пераказаць ім сваё апошняе разьвітаньне.

Памерла 21 чэрвеня — на 43-ім годзе жыцьця. 23-га чэрвеня адбыліся яе пахароны на эвангеліцкім магільніку. Вялікая рознаязычная грамада людзей праводзіла яе да магілы, а сярод іх — цэлы рад старых беларускіх дзеячоў побач з прадстаўнікамі беларускае моладзі. Літаратурна-мастацкая сэкцыя Бел. Навук. Т-ва ўзлажыла на магілу Лялі Мэнке вянок з жывых красак.

Ляля Мэнке пакінула добрую памяць аб сабе сярод Беларусаў і добра заслужылася беларускай справе. Сьмерць яе выклікала глыбокі жаль сярод усіх, з кім яна некалі супрацоўнічала.

Няхай лёгкай будзе ёй наша зямелька, каторая была для яе запраўды роднай!

А. Луцкевіч


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.