Людзям

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Людзям
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/71853


Люблю і я скляпеньне зор,
Люблю зямлі абшар,
І роўны луг, і ўзгібы гор,
І шум лясны, і гвар.
Люблю жыцьцё, а ў ім людзей
І кшталты іхніх душ,
Люблю вянкі плясьці з надзей, —
А не паэт. — Чаму ж?
         Часамі праца ўдзень кіпіць, —
         Цярплю і я прыгон, —
         Аж косьць аб косьць ў плячу рыпіць…
         Пачуеш ў сэрцы звон…
         Ухопіш зык, за ім другі,
         За тымі больш ідуць,
         Зьліюцца ў шых даўгі-даўгі
         І цэлы дзень гудуць.
         Загасьне дзень, іду дамоў,
         Кладуся спаць, — і ў ноч
         Цякуць радкі зьвінючых слоў,
         І сон адходзіць проч.
         Тагды пішу. Перад вачмі
         Нясецца зданьняў рой,
         І хтось стаіць па-за плячмі,
         Здаецца, блізкі, свой.
         Абыйме шыю пара рук
         І кос дзявочых шоўк,
         Ўзмацніцца ў сэрцы мерны стук,
         А звон ў душы ня змоўк…
         Зірну: пакой пусты, няма…
         А час сьлізнуў, як вуж.
         І за вакном радзее цьма…
         А не паэт… — Чаму ж?
Бо мой прыгон глытае час,
Мне воля — рэдкі дар.
Такіх паэтаў шмат у нас,
Дзе сам народ — пясьняр.
Сваіх тут жменьку я сьпісаў
Маркотных песьняў-дум;
Маёй душы іх сам сьпяваў
Па краю родным сум.
Скажу яшчэ, чаго б хацеў:
Зь дзявочых вуст пачуць
Хаця б адзін мой бедны сьпеў,
Хаця б калі-нібудзь!