Ласы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Бура ідзе Ласы
Верш з зборніка «Хрэст на свабоду»
Аўтар: Алаіза Пашкевіч (Цётка)
1905
Крыніца: http://rv-blr.com/literature/3673#58913


Вот каб я быў сацыяліст ды яшчэ стрэльбу меў,
   То я б так грэў
Станавых, стражнікаў, земскіх і другіх сабак!
   А то ж — толькі кулак!

Прыходзяць сацыялісты, пісулькі прыносяць,
   Бунтавацца просяць.
А каб жа ж далі хаця пораху
   Жменьку, пісталет, дубальтоўку,
Аддаў бы апошнюю залатоўку
   За кулі і шрот.
Бо так гэты род надаеў, так уеўся ў косьці.
   Такой нагнаў злосьці,
   Што ані ратунку!

Станавы — пан, земскі — яшчэ большы.
   А хто гад найгоршы —
   Дык стражнік з Запольля!
   А каб яго нядоля!
   Было б каму губіць сьвет!
   А каб яго прапаў сьлед!

Гэта ж сьвіньні пасьвіў два рокі
   У нашага Пятра Сарокі.
З пастуха пайшоў да земскага фурманом.
   А цяпер царскі аканом,
   Пан — стражнік, шышка!
   А каб табе спухла кішка!
   Каб табе вылезьлі вочы,
Каб ты ня меў спакою ні ўдзень, ні ўночы,
   Як ты стармасіў мяне,
Як у халоднай сядзеў празь цябе!
Набрахаў, аскардзіў, далі мэдаль.
Толькі што ня маю стрэльбы — жаль,
   Але я не дарую, плясну,
Хоць паленам па мазгавішчы, як у сьвечку ясну!

   Ня будзеш жыць, гад!
   Хоць у вас такіх шэльмаў шмат,
   Але іх мятуць —
   Штодзень б’юць!
   Пачаўшы зь сената,
   Аж да стражнікава брата,
   То бомбай, то зь пісталета, —
   Штодзень гіне апалета!
Бо то гэтай драбязы і намножыў цар,
   А карміць мусіць гаспадар,
   Знакам тым мужык.

А ведама: кожны з царавых слуг прывык,
   Акром пэнсіі — грабіць мужыка.
   І чым спрытнейшая рука,
Тым чыны скарэй ідуць.
Глядзі — міністар, генэрал,
А за што? за тое, што, сказаўшы па-расейску,
                                 «воровал».
   А як мужыкоў, так за палена дроў
   Садзяць на пяць гадоў.
Вот як нас, што не хацелі гарэлкі піць
   Ды падаткаў плаціць,
   То так казакі сьсеклі,
Што ўжо ня будзе горш балець у пекле.
   А пасьля мяне і яшчэ двох
   Засадзілі ў астрог.

Сядзелі. Але ж там рознага народу шмат.
   Вот, не раўнуючы як у касьцелі…
Толькі што праўда, там ксяндзоў ня нат,
   Але ўсё ж такі аднаго мелі.
   І добры быў чалавек —
   Не забуду век!

Як мы ў турме рабілі галодную забастоўку,
То так усе пад канец маркотнымі сталі,
   Што найбольш спалі.
   Толькі ксёндз ды яшчэ салдат
   Як запяюць «Марсыльянку», брат,
   Так паняволі ўсе ўстаём
   І разам песню пяём.

Посьле мяне выпусьцілі, а ксёндз дык там
                              застаўся,
Зь сьлязьмі ён са мною разьвітаўся,
Навучаў, прасіў, крычаў нат усьлед:
"Не гультуй, Пятрук, помні, на той сьвет
   Гані, каго трэба,
   Бо ня ўбачыш неба,
   Бо мы табе станем сьніцца,
   Калі ня будзеш мсьціцца».

Ну, дык я цяпер, Пятрук, ратуючы душу,
   Прыказаньне мушу
   Спаўняць улёт.
   Каб толькі шрот,
   Дубальтоўку мець, пісталет —
   Так зараз пралажу сьлед!
   Навяду масты з матэрыялу,
Каб дасталося ня толькі стражніку, станавому,
                                 земскаму,
Але і пану генэралу,
Знакам тым губэрнатару нашай губэрні.

(1905)