Лябірынты (1944)
| Лябірынты Аповесьць Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1944 год |
| Іншыя публікацыі гэтага твора: Лябірынты (Ластоўскі). |
НАРОДНАЯ БІБЛІЯТЭЧКА
№ 7
Вацлаў Ластоўскі
(Власт)
Лябірынты
Навукова-фантастычнае апавяданьне
БЭРЛІН 1944
I
Ад колькіх гадоў сталася ў мяне звычаем выяжджаць на тыдзень-два ў які-колечы закутак Беларусі для пазнаньня роднае старасьвеччыны. Мяне даўно вабіў да сябе наш сівагорбы Полацак сваім рамантычным мінулым, якое сягае ў легендарныя часы, і гэнага году я пастанавіў сабе пару вольных летніх тыдняў правесьці ў Полацку. На маёй пастанове канчальна заважыў ліст, атрыманы з Полацку ад тамтэйшага аматара-архэалёга Івана Іванавіча, які даносіў, што каля яго ўтварыўся гурток ахвотнікаў старасьвеччыны зь мясцовых жыхароў. «У нашых вячорных вольных бясёдах запраўды ажываюць мінулыя вякі ў казках, легендах і фантазіях»... пісаў ён мне ў сваім лісьце.
Увечары таго-ж дня я сеў у вагон у Вільні, а на другі дзень раніцой ужо ішоў старымі вуліцамі Полацка, шукаючы сабе памешканьня ў гасьціньніцах.
Удзень пабываў у Івана Іванавіча, дзе аглядаў цікавыя кахлі і мэталёвыя бляшкі, знойдзеныя пры раскопках у даўнай княжай сялібе — Бельчыцах. Пазнаёміўся ў яго з двума ўдзельнікамі, як яны называлі, «Архэалёгічнай Вольнай Контэрфратэрніі». Адзін зь іх быў мясцовы чыноўнік, якога я знаў з брашуры, напісанай ім калісь, калі было яшчэ моднае і паплатнае для чыноўніцкае кар’еры русыфікатарства. У гэнай брашуры ён задаваўся мэтай давесьці, што парасейску трэба пісаць назоў гораду ня «Полоцк», а «Полотск» і што быццам у гэтым пераменаваньні прастарога пазову крыўся сам цэнтар «абрусеньня краю». Вынікам ягонае брашуры сталася тое, што ў расейскім мясцовым правапісе завёўся хаос, бо некаторыя пачалі, запраўды, пісаць «Полотск», «полотскій», — і т. д., а іншыя пайшлі яшчэ далей і пісалі — «Полотеск», кансэрватары-ж і мясцовыя жыхары засталіся пры старым назове.
Пры цяперашняй, асабістай зь ім знаёмасьці я даведаўся, што ён ужо 40 гадоў, як зьбірае матар’ялы і дакумэнты да краёвае гісторыі, што ў яго два пакоі бітма набітыя гэтымі матар’яламі, сярод якіх ёсьць неацэннае вартасьці рэчы.
Другі быў колішні акалічны памешчык, які злажыў гаспадарку, распрадаў зямлю, і цяпер жыў у Полацку, у сваім собскім дамку з садам, з гатовага граша. Бацька ягоны меў нейкія блізкія дачыненьні да Васільянаў, а ён сам цікавіўся галоўна дэманалёгіяй, кабалістыкай і да г. п. Меў, як зарэкамандаваў мне яго Іван Іванавіч, у сябе «чорнакніжную бібліятэку», якой нікому не паказваў і не даваў чытаць.
Мы ўмовіліся сустрэцца, разам зь іншымі яшчэ ўдзельнікамі «Вольнае Контэрфратэрніі» на кватэры ў Івана Іванавіча.
Увечары прыбыло яшчэ двух. Мясцовы полацкі мешчанін Рыгор Н., маўклівы, сівавусы старац, які ўпорыста гаварыў толькі пабеларуску, а часам прыкідаўся, што неразумее некаторых словаў парасейску і па колькі разоў перапытаўшы паўтараў слова ў перакладзе пабеларуску з асаблівым на яго націскам. Мне яго зарэкамэндавалі пад найменьнем «Падземны Чалавек», спэцыяльнасьцю ягонай было знаньне розных фантастычных легендаў аб падзямельных ходах і дзівах, скрытых у іх, якія ён умеў апавядаць із разьлівым рэалізмам, але на заканчэньне заўсёды дадаваў: «Так пераказуюць, але хто-ж ведае, ці ёсьць у гэтым хоць кропля праўды».
І ўрэшце апошнім удзельнікам «Контэрфратэрніі» быў сярэдніх гадоў настаўнік гарадзкой школы, які цікавіўся галоўна мясцовай гісторыяй да прыняцьця хрысьціянства крывічамі.
Перазнаёміўшыся, расьселіся мы за сталом на выгодных так званых «клюбовых крэслах», глыбокіх і мяккіх, з шырокімі поручамі. На стале вясёла шумеў самавар і красавалася бутэлька, запарушаная пылам, і на талерках панадна была параскладаная ўсякага гатунку дымляніна: кумпячына, сальцэсона, кілбасы, якія ня маюць роўных сабе ў сьвеце, калі бываюць прыгатаваныя паводля старасьвецкіх рэцэптаў, рукамі беларускіх гаспадарных жанок.
Пасьля другое-трэйцяе чаркі «Падземны Чалавек» нахінуўся да мяне і пачаў даводзіць, што гара, на якой стаіць Верхні Замак — насыпная. Што першапачаткава гэта была толькі магіла славутага валадара ўсяе прыбальтыцкае «ратайскае» Скіфіі, а пазьней яе дасыпалі і на ёй стаяла бажніца, прысьвечаная Дзеве Сонцу, якую чцілі тут у постаці агністага птаха зь дзявочай галавой. Пры гэтым ён сягнуў у кішэнь і падаў мне бронзавы мэдаль із стылізаваным рысункам, характэрнага вельмі, але нябачанага мной дагэтуль стылю. На адным баку мэдалю быў зьмеявік, а на другім — Дзева Сонца, у постаці птаха зь людзкой галавой, абкружанай аўрэоляй.
У нашую размову ўмяшаўся настаўнік, які сказаў:
— Я бачу, што вас застанаўляе закончаны стыль рысунку. І я пэвен, што вы думаеце — вось табе грубы прымітыў! Людзі імкнуліся нешта адтварыць, але не маглі перадолець тэхнікі, а дзеля гэтага зрабілі быццам сьцень падобнасьці да рэальных зьмеяў. Вось акурат у гэтым крыецца нашая сама грубае незразуменьне старасьвеччыны. Прасачэце разьвіцьцё мастацтва ў Грэцыі: там пасьля груба рэалістычных скульптураў Фідыя і ягоных сучасьнікаў, пасьля вульгарнага клясыцызму, пастае пэрыяд пазьнейшы — бізантыйскі. Стыль бізантыйскі — гэта ня ўпадак мастацтва, а ягоная вышэйшая ступень. Першы пэрыяд імкнецца, як і ў разьвіцьці рэлігіі, да багатвораньня прыроды, другі — да тварэньня прыроды паводля свайго замыслу і хаценьня. У першым пэрыядзе чалавек няпэўны сваіх духовых сілаў і яму здаецца, што зьвер ня толькі фізычна, але і духова дужэйшы за яго, яму імпануе зьвярыны сьвет, і ён пачынае багоміць яго. А таму ахвоча прыбірае сваю галаву бычынымі рагамі, цела акрывае мядзьвежымі скурамі, або размалёўвае на ім падобы тых зьвяроў і гадаў, што імпануюць яму. Калі-ж, ходам разьвіцьця культуры, чалавек даходзіць да пазнаньня самога сябе, да ацэны сваіх духовых сілаў, ён, разам із бычынымі рагамі, скідае зь сябе і багомленьне рэальных формаў у мастацтве. Пачынае сам тварыць няіснуючыя формы, устанаўляе канон мастацтва. Бізантыйскае мастацтва — гэта мастацтва вышэйшае фармацыі, чымся грэцкі клясыцызм, бо гэта мастацтва не натуралістычнае, а кананічнае. Тое, то мы бачым у Грэцыі, паўтараецца ўсюды, дзе толькі цывілізацыя людзкая даходзіла да вышэйшых ступеняў: і ў Асырыі, і ў Бабілене, і ў Эгіпце, і ў Індыі, у Кітаі і Японіі...
Гэты мэдаль сьветчыць нам, што і мы, на гэтай зямлі, у гэтым краі праходзілі ўжо раз росквіт высокай самаістай культуры, якая загінула і рэшткі якой, вельмі рэдкія, зьяўляюцца пакуль што для нас таёмнымі крыптонімамі, даступнымі толькі рэдкім, як я сказаў-бы, пасьвячоным людзям. Нашае няшчасьце ў тым, што край наш ня мае ні годнага да будовы каменя, ні капальняў мінэралаў, а з гэтае прычыны адзіным, годным да будовы матар’ялам было дрэва і нашыя мастацкія будоўлі былі драўляныя, малатрывалыя. Нашыя пісаныя памятнікі не на камянёх высякаліся, але начыркаліся на бяроставых пласткох, якія лёгка запаляліся і гнілі. Скажэце, каб у Эгіпце, Індыі, Бабілёне была драўляная культура, дык ці ведалі-б мы сяньня што колечы аб ёй? Не.
— Маеце слушнасьць, — сказаў памешчык. — Нашыя прашчуры перажылі стадыю высокае культуры. Як довад, магу прывесьці, што дагэтуль, сярод нашага простага народу, які паўтысячы год ходзіць у чужым ярме, дагэтуль ёсьць собскія назовы важнейшых нябёсных знакаў. Прыкладам, зорку Вэнэру да сяньня сяляне называюць «Чагір». Пад найменьнем «Чагір» фігуруе Вэнэра ў Супрасльскім календары XVIII ст., дзе аб ёй гаворыцца: Зьвязда Чагір між усімі Зьвездамі 10 месц у кожным месяцы мае, а па трыкрот прыходзіць на кожнае месца, кожнага месяца». Вялікую Мядзьведзіцу называюць «Стажарамі»; Плеяды — «Сітцом», або «Вуціным Гняздом»; Арыёнаў пояс — «Кігачамі»; тры зоркі, каля Млечнай Дарогі, называюць «Пральлямі» або «Зялезны Абруч»; у галаве Млечнай Дарогі знаюць «Касьбітоў», а самую Млечную Дарогу называюць «Вайсковым Станам». Назоваў гэтых захавалася многа. А што гэта значыць? Гэта значыць, што быў калісь час, калі ў нас працьвітала астралёгія, глыбокае веданьне якой зьяўлялася прывілеем клясы вучоных, але яна была адначасна, мабыць, ведай, даступнай для ўсіх станаў.
Тут яго перапыніў стары чыноўнік, кажучы:
— Сярод маіх збораў меў я карціпы кніг, пісаных на бяросьце, незразумелымі знакамі, падобнымі да рунічнага пісьма. Я маю дадзеныя, цьвердзіць, што г. зв. Яцьвягі ня былі асобным плямём, як памылкова думаюць, а гэта назоў клясы сьвятароў паганскіх часоў. Тых зорнікаў і зораведаў, а пацяперашняму астраномаў, якія адначасна былі і клясай сьвятароў, духоўнікаў. Прашу зьвярнуць увагу на падобнасьць паняцьця, уложанага ў словы «яцьвяг» і «жрэц». Там і тут да ўтварэньня слова ўзята паняцьця яды — жорці, есьці. Выйдзіце з гэтага пакою на рынак і спытайце, дзе прадаюць ядомыя рэчы? Усякі вам адкажа: — у ятках. У старапольскай мове жэртва называецца «objata», ізноў-такі тое самае паняцьце яды ўложана ў слова. Наш селянін дагэтуль кажа на страву «ятво», славянскае — яство, яства. Папольску пішацца «Jadźwingowie», дык і тут ёсьць карэнь «яд», «яда»... У даўныя часы паміж словамі: «яцьвяг» і «жрэц» была акурат такая розьніца, як у цяперашнім нашым разуменьні паміж словамі «сьвятар» і «жрэц». Для ваяўнічага хрысьціянізму, які нішчыў усё паганскае, усе старой веры і сьвятары, і грубыя шаманы, і варажбіты — былі агульна пагарджанымі жрацамі. Гэтая стараверная, з высокай культурай, інтэлігенцыя, брыдзілася змагацца забойствамі з новай верай і эмігравала ў глухія пушчы на ўзьмежжа старавернай і аднавернай зь імі Жмудзі. Як іх там тропілі і нішчылі блізу штогод, палячы будоўлі і выразаючы людзей, сьветчаць ужо рускія і польскія летапісцы. Разам із тым, калі загінулі яцьвягі, загінула і старая дахрысьціянская нашая культура.
Тут ізноў узяў слова «Падземны Чалавек».
— Я там ня ведаю, які назоў мелі сьвятары дахрысьціянскіх часоў. А што яны займаліся астраноміяй — гэта пэўнае. Ваша, хіба ведаеш, — зьвярнуўся ён да мяне, — Богінскае возера. Цікавы закутак! Уся ваколіца поўная старога жыцьця. На возеры ёсьць паўвостраў «Богіна», а таму «Богіна», што там былі славутыя бажніцы. У канцы возера ідуць валатоўкі бронзавага веку, на пяшчастым урочышчы, гэтае месца жалю, смутку, панашаму — могілкі — носіць найменьне Жаль-Бор. На востраве, яшчэ да скасаваньня паншчыны, трымаўся высокі капец, у сярэдзіне якога была старое веры бажніца, з адзіным аконцам, празь якое прамень сонца ў сярэдзіну падаў толькі роўна а поўдні. Капец гэты ўзарвалі маскалі ў часе паўстаньня 63-га году, думаючы, што гэта нейкая крэпасьць. Там, у Богіне, ёсьць таксама падземныя ходы, як і ў нас, пад Верхнім Замкам, у сярэдзіне гары. Старая веда і старая культура не загінулі. Кажуць людзі, а хто-ж ведае, ці ёсьць у гэтым хоць кропля праўды, пад Верхнім Замкам, за магілай няведамага валадара, ёсьць склады з багацьцямі вялікімі. Кажуць, у вабход абшырнай грабніцы, направа, ёсьць мураваны праход крокаў на 60 удаўжкі, і празь яго ўваходзіцца ў сховы із старымі кнігамі. Часткай пісаныя яны на дошчачках, часткай на бяроставых пласткох. Зложаныя кнігі ў каваных серабром скрынях, у сярэдзіне абітых скурай. З гэтай кніжні пракавечнай ёсьць ход у скарбец... Толькі дужа страшна ісьці там.
Голас ягоны абарваўся спазмай у горле, ён сам неяк згарнуўся ў крэсьле, а вочы застыглі, быццам угледжаныя ў няведамую даль.
На мамэнт спынілася размова, а, пазьней, памалу, перайшла на славутую полацкую бібліятэку, якой, здабываючы Полацак у 1572 г., шукаў Іван Грозны і не знайшоў і якую даручаў папа Грыгор XII Пасэвіну знайсьці і пераслаць у Рым. Усе аднагалосна выказвалі, што бібліятэка гэтая была тады схаваная, і сяньня ёсьць недзе ў падземных полацкіх лёхах. Іван Іванавіч расказаў, што на свае вочы чытаў у старых мэтрычных кнігах у архіве віцебскае лютаранскае кірхі запіс на белягу аб тым, што ігумен Бельчыцкага манастыра, перад аблогай гораду Масковіяй, злажыўшы ўсе манастырскія скарбы і кнігі, паплыў уніз Дзьвіны, каб захаваць усё гэта ў падзямельлях Верхняга Замку. Стары чыноўнік вылічаў, якія кнігі ёсьць у захаванай бібліятэцы. — А найперш ёсьць там, — казаў ён, — летапісы полацкага княства, і навет летапіс пісаны рукой сьв. Еўфрасініі, праўдзівы экзэмпляр г. зв. «Повесьці врэменных лет», бо, копіі, што дахаваліся да нашых дзён, пераблытаныя і далёкія ад арыгіналу, далей — сваяручныя пісаньні братоў Кірыла і Мяхвода, Бізантыйскія хранографы і да г. п. Васільяне ведалі, дзе захаваная бібліятэка, але баючыся, каб яе не забралі езуіты і ня зьнішчылі, хавалі месца ейнага знаходжаньня ў сакрэце.
Гутарка зацягнулася да познае начы.
Разьвітаўшыся, мы разыйшліся кажны ў свой бок.
Мой пакой у гасьціньніцы быў на другім паверсе, і вакно выходзіла ў сад, за якім, на мураваным доме, красаваўся агаловак коміну ў кшталце кароны. Полацкія старажылы кажуць, што даўней больш было гэткіх аздобных комінаў у горадзе, з часам яны вывеліся, і я пашкадаваў у душы заміраньне роднае старасьвеччыны. У стылі агалоўка было нешта няўлоўнае, што нагадвала на стыль нядаўна бачанага мэдалю, які паказваў «Падземны Чалавек». Ці-ж бы рэшткі стылю яшчэ жылі? Я пахінуў галаву на вакно і задумаўся. Перада мной, у фантазіі, пачаў расьці стылёвы горад зь дзіўнымі будоўлямі...
II.
Першы мой сон стрывожыў ціхі стук у вакно. Я ўскочыў з ложка і, падыйшоўшы, пабачыў у вакне вусатае аблічча «Падземнага Чалавека». Ён даваў мне знакі рукамі, каб адчыніць яму вакно, пры чым клаў палец на вусны, даючы гэтым знак, каб я не нарабіў гоману.
Калі вакно было адчыненае, ён улез на падваконьнік, зажыў зь сярэбранае табакеркі і пачаў гаварыць шэптам:
— Я даўно ўжо ведаю ход у схаваную бібліятэку, але сам ня рухаў яе і нікому не паказваў, маўчаў, баючыся, каб не зарабавалі ў нас і гэтае нашае апошняе багацьце. Адзявайцеся, пойдзем! Я ўзяў з сабой сьвечку, ліхтарню і ўсё патрэбнае...
Няма чаго казаць аб тым, як хутка я быў апрануты і гатовы ў дарогу.
Мы зыйшлі па драбіне ўніз, аднесьлі яе ўбок і паклалі на зямлю, а самі цішком вымкнуліся з брамы і скіраваліся ў бок Верхняга Замку. Мінутаў за 20, мы былі на месцы. На гары, у бок Дзьвіны, тады стаялі яшчэ руіны замкавых будынкаў, у якіх да 1839 г. месьціўся Васільянскі вуніяцкі манастыр.
Замак быў, як апавядаюць, зруйнаваны ўсяго толькі ў 40-х гадох. Перш, па загад цара Мікалая I, зь яго зьнялі мядзяны дах і адправілі ў Пецярбург на будову Ісаакіеўскага сабору, а пазьней нехта ці запарушыў няўмысна, ці мо ўмысна падпаліў будынак. Пасьля пажару ён больш паўстагодзьдзя пакінуты быў на руйнаваньне сіламі прыроды. Урэшце руіны, каля 1913 г., прадаў расейскі ўрад на цэглу нейкаму маскалю-падрадчыку, які разабраўшы каштоўныя муры, сплавіў цэглу лайбамі ў Рыгу.
Але тады, калі мы сходзілі ў будынак, частка ягоная, якраз левы вугал у ніжнім паверсе, меў яшчэ цэлыя скляпеньні. Мы папацёмку дабраліся да вялікай вуглавое, у скляпох, залі, сьцены якое і столь былі пакрытыя старымі фрэскамі, якія месцамі былі асыпаўшыся, месцамі сьцёртыя і павыдзіраныя. Справа, між дзьвюх атворынаў ад дзьвярэй была круглая ніша да самога памосту.
— Вось тут ход у падзямельле, — сказаў мой павадыр і пачаў рукамі адгартаць насыпаны на добрага паўаршына друз. Супольным высілкам мы ачысьцілі дно нішы, якое было зробленае з аднэй, у квадратны мэтар, каменнае пліты.
— Гэта дзьверы, — сказаў «Падземны Чалавек» і, засунуўшы ў шчалугу, між камянёў, загнуты зялезны друк, з высілкам павярнуў яго. Нешта глуха храснула, і пліта адным бокам пачала апушчацца ўніз. Адкрыліся вітыя мураваныя сходы, якімі мы, пры слабым сьвятле «сьляпое» ліхтарні, пачалі зыходзіць уніз. Калі нашыя галовы зраўналіся з канцом навіслае пліты, дык пліта сама сабою паднялася ўверх і зашчоўкнулася, пры дапамозе прыладжанага да яе мэханізму.
— Апрача мяне, з жывых ніхто ня ведае аб гэтым ходзе. Ты другі будзеш ведаць аб ім і захаваеш патомным. Але перш, чым увайсьці ў тайныя ходы, у якіх нашыя празорлівыя прадзеды захавалі ня толькі свае культурныя, але і вялікія матар’яльныя багацьці, ты павінен даць абяцаньне злажыць прысягу на вечную тайну, — казаў стары ўрочыстым голасам, з націскам на кажным слове.
Я выказаў сваю згоду, і мы рушылі далей ходам, які меў шмат паваротак, але ўсьцяж пахіляўся ўніз. На аднэй з паваротак мой павадыр стрымаў мяне, кажучы:
— Памятай, пасьля сёмага вугла ёсьць запастка.
Перад намі ўпоравень із цагляным памостам, была, на сажань даўжыні і на ўсю шырыню ходу ўпраўленая ў памост дубовая дошка.
— Гэта дошка на вяртугу ўстроеная, хто ня ведае, ступіць на яе, дык і зваліцца ў глыбокі калодзеж, а дошка сама сабой стане на месца.
Пры гэтым, хочучы паказаць, як гэта адбываецца, ён націснуў палкай на канец дошкі, і тая віхнулася ўніз, адкрываючы чорную продань скрытага пад ёю калодзежа. Праваднік патрымаў гэты рухомы мост, а мне загадаў выцягнуць засунутую за зялезныя скобкі, збоку мураванае студні, дошку, паклаўшы якую на мост, мы перайшлі на другі бок яго і схавалі дошку зноў з другога боку.
Прайшоўшы колькі крокаў, мы знайшлі ў сьцяне нізкія чорныя дзьверцы, за якімі была рухомая сьценка, адсунуўшы якую, увайшлі ў даволі абшырны пакой, з мураванымі лавамі каля сьценаў і высокім падмуркам пасярэдзіне, на якім стаяла старасьвецкая труна, знаная яшчэ данядаўна месцамі на Беларусі пад назовам «корсту». Гэта — таўстая калода з высечаным у сярэдзіне дуплом, у якое клалі нябожчыка; верх закрывалі плашкай ад такой-жа калоды. У васабліва важных здарэньнях, хаваючы багатых або заслужаных людзей, корст пакрывалі смалой і «берасьцілі», г. зн. густа спаясвалі даўгімі паяскамі бяросты ўсю труну, як бандажом, а наверх шчытна акручвалі яшчэ добра прасмоленымі вяроўкамі. Гэтак прыгатаваны корст мог сотні гадоў ляжаць у зямлі, не паддаючыся буцьвежы. Гэткія корсты бачыў я раней, калі аднэй вясны Дзьвіна падмыла старое магілішча, і вада то зносіла ўніз, то прыбівала да берагу іх, а сяляне вылоўлявалі, каб нанова закапаць у зямлю.
— Гэта корст, у якім ляжыць той, хто дабудаваў гэты ход, — сказаў мне праваднік. — Тут ты і зложыш прысягу, а на знак датрыманьня слова пацалуеш у чало гэтыя шаноўныя астанкі.
Пры гэтым ён запаліў таўстую, як добрая бэлька, васковую сьвячу, што стаяла ў канцы труны. Кнот трашчэў і дыміў, але памалу ўгарэўся, і я пабачыў па труне зроблены ў вакружыне надпіс глаголіцкімі літарамі. Надпіс гаварыў:
«Я, Ярамір, ходы гэтыя працай многай утварыў і дэманаў пяці моцай слоў тайных на пілнаваньне давечнае ўвязаў тут. Хай уносячага сюды прапусьцяць, а на выносячым споўніцца слова».
Мы адкрылі корст, і маім вачом паказаўся забальзамаваны нябожчык з густой сівой барадой, адзеты ў залататканую павалоку. Ляжаў ён крыху на правы бок павернуты, адна рука ягоная была пад галавой, другая ляжала на пазлацістым паясе; левая нага крыху паднятая ў сагнутым калене. Выглядала, што гэта не нябожчык, а заснулы старац з шэра-папелястым абліччам.
«Падземны Чалавек» сказаў мне стаць у нагах, а сам стаў каля галавы па прыступках падмурку. Ад руху, калі ён праходзіў, закалыхалася полымя сьвечкі і, мне здалося, нябожчык зьміргнуў вачыма.
Сярод неапісанае цішы прагучэлі ўрачыстыя словы формулы прысягі, якую чытаў мне праваднік з узятага з-пад галавы нябожчыка зьвітку пэргаміну.
Словы былі такія ўрачыстыя, закляцьці такія страшныя, акружэньне такое нязвычайнае і нечаканае, што ў мяне закружылася галава. Мой праваднік таксама стаўся бледны і ўвесь дрыжэў. Раптам ён, як быццам аступіўшыся, зваліўся ўніз, адначасна падсьвечнік з грукатам рынуў на памост, гасячы сьвячу. Запанавала непраглядная цемра і ціш. Я пачаў клікаць яго. Глухое маўчаньне ды нягулкое рэха былі адзіным адказам на мой кліч.
Сьвігавіцай праз мысьль прабеглі страшныя абразы зь легендаў і запраўдных здарэньняў, а таксама той факт, што пры мне няма сернічкаў. Я чуў, што ў гэтай немай цішы і чорнай, да болю ў мазгох, цемры, пад уражаньнем сьвежага страсеньня нэрваў, знаходжуся на самым рубе да страты прытомнасьці. У мазгох інстынктыўна і распачліва пачала біцца адна-адзіная думка: трэба быць спакойным, трэба быць спакойным! Я чуў, разумеў, што цяпер адзіны ратунак у захаваньні спакою. І як люнатык, з працягнутымі наперад рукамі, пайшоў у бок, шукаючы бачаных мной пад сьценамі мураваных лавак.
Я сеў на лаўку і пачаў глыбака ўдыхаць паветра. У вушшу званіла цішыня, пры якой чыканьне гадзіньніка ў кішані чулася, як рытмічны ход паравое машыны ды глухое тутненьне крыві ў шыі і скронях. Як доўга я сядзеў — зьмеркаваць нельга, магла гэта быць адна мінута, як і цэлая вечнасьць.
Урэшце, я надумаўся пайсьці шукаць майго правадніка і пры ім сернічкаў і ліхтарні. З гэтай мэтай я сунуўся з лавы і папоўз на руках і каленах да сярэдзіны. Хутка намацаў падмуроўку, на якой я нядаўна стаяў, і папоўз вакол яе, бо ня мог зьмеркаваць, зь якога боку знаходжуся. За другой павароткай рука натрапіла на нешта мокрае і клейкае. Я падумаў, што гэта кроў, што недзе тут блізка ляжыць мой праваднік, і асьцярожна выцягнуў наперад руку, якая наткнулася сьпярша на масыўны мэталёвы падсьвечнік, а пасьля на людзкое цела. Я падаўся яшчэ бліжэй, шукаючы рукі. Пульс ня біўся, галава ягоная была мокрая і сьцюдзёная. У бочнай кішэні ягонае курткі я памацаў сернічкі і з радасьцяй хапіўся паліць іх, але рукі мае былі мокрыя і дрыжэлі, сернічкі ламаліся або толькі давалі іскры. Перапсаваўшы штук ізь дзесяць, я схапіўся, што іх у скрынцы ня шмат, і сілай волі пачаў паўстрымваць сябе, каб не псаваць болей дарэмна. Высілак над самім сабой даў найлепшыя вынікі, з увагай выняты сернічак і пацёрты аб скрыначку загарэўся, асьвятляючы страшэнны абраз: перада мной лязкаў наўзнак мой праваднік із разьбітай і скрываўленай галавой. Ад правага вока і да вуха зіяла страшэнная крывавая рана. Сернік дагарэў і згас. Цяпер я толькі заўважыў, што, апрача сернікаў, у мяне больш няма нічога. Куды паставіў праваднік ліхтарню, якую згасіў, пасьля таго, як запаліў сьвечку, я не заўважыў. Сернікаў было ўсяго колькі ў скрыначцы, і я пастанавіў ужыткаваць іх з мудрай асьцярожнасьцю. А дзеля гэтага ізноў папоўз па памосьце. Па даўгіх шуканьнях была. знойдзеная і запаленая ліхтарня. Пры сьвятле ліхтарні я сьцьвердзіў сумны факт сьмерці майго правадніка. Ён такі запраўды аступіўся зыходзячы і, падаючы, ударыўся скроняй аб войстры выступ падстаўкі ліхтарні, якую цяжаром свайго цела абярнуў.
Падыймаючы цяжкі ліхтар, я заўважыў на ім унізе надпіс: «Обятопрыімчэ, прыймі другога, з чары тайн піўшага».
III.
Прачытаўшы дзіўны надпіс, я стараўся ўцяміць ягонае значаньне; і, мне здалося, што ён напамінае на права, якое пануе ў гэтых падзямельлях. Ці-ж-бы «Падземны Чалавек», згодна з гэтым правам, павінен быў, за раскрыцьцё мне тайны заплаціць сваім жыцьцём? Аднак, факты гаварылі, што ён стаўся: «другім, піўшым з чары скрытае веды». Мяне агарнула забабонная багавейлівасьць да навакольных да мяне муроў і рэчаў. Я пачуўся агорнутым з усіх бакоў таёмнымі, сьведамымі сваіх чынаў сіламі. І гэтыя цёмныя пракаветныя сьцены і чорны дубовы корст з астанкамі няведамага мне, аднак, бязумоўна геніяльнага духа, і гэты таёмны надпіс, і, урэшце, труп малаведамага, аднак, чамусьці, мне блізкога і дарагога чалавека, апутвалі душу тысячамі кволых, але цягучых ніцяў, няведамых мне тайнаў. А, галоўна, я быў тут, у гэтых лябірынтах, адзінай жывой істотай. Я абярнуўся, каб яшчэ раз глянуць на мілае старэчае аблічча «Падземнага Чалавека». І якое-ж маё было зьдзіўленьне, калі я не пабачыў яго на зямлі, дзе мамэнт таму ён ляжаў. Гэта апошняе страшэнна стрывожыла і парушыла мяне да апошніх глыбінаў усяе мае істоты. Я яшчэ больш пачуўся бездапаможным і бязрадным у путах няведамага. Уражаны новай тайнай, я, шукаючы свайго правадніка, узьняў у гару ліхтарню, аглядаючы склеп, але нідзе ня было цела, якога я шукаў. Затое я толькі цяпер заўважыў, што памешканьне, у якім я знаходжуся, мае трохкутную форму, трылук якой, звужаючыся, зыходзіўся ўверсе высокім скляпеньнем. Мне прыпомнілася чытанае некалісь апісаньне славянскае сьвятыні ў Рэтры, якая была збудаваная трыбочнай фігурай, як і сама сяліба пры ёй, якая мела з трох бакоў агароду і тры брамы на ўсход, паўдня і поўнач. Спомнілася мне адна дыскусія ў гуртку моладзі, і як паважны вучоны, які быў сярод нас, даводзіў тады, што таксама ў трыкутную фігуру была будаваная слаўная, апяяная Гомэрам Троя, што ўсе бажніцы, ці то «багоды» старое славянскае веры, пасьвячаныя Найвельшаму, бацьку багоў, зваліся Троямі, Але хутка мысьль мая зьвярнулася зноў да майго незавіднага палажэньня ў гэтых скляпох. І я толькі быў прыняў у сабе пастанову вяртацца назад тэй самай дарогай, як, раптам, нешта скрыгнула за мной. Пахопліва абярнуўшыся назад, я пабачыў рассунутую сьцяну і паміж дзьвюх ейных палавінаў, на асноведзі аксаміту чорнае цемры праходу — чалавечую постаць у белай вопратцы і ў белым, мітрападобным, клабуку на галаве. Я стаяў, як амярцьвелы і пэвен быў, што гэта галюцынацыя. А тымчасам, белая постаць із павагай пачала да мяне набліжацца. Узіраючыся расшыранымі вачыма на яе, я, зь немалым зьдзіўленьнем, распазнаў аблічча Івана Іванавіча. Першым маім водрухам было выразіць сваю радасьць і падзяліцца перажытымі трывогамі, але ён, як быццам, згадаўшы маю мысьль, урочыстым падняцьцем рукі стрымаў маё парываньне, кажучы:
— Не парушай павагі месца гэтага мовай сваіх турботаў. Хадзі за мной!...
І мы моўчкі скіраваліся ў праход, зь якога выйшаў Іван Іванавіч. Ён ішоў наперадзе, а я за ім. Цяпер я толькі разгледзеў, што белая ягоная вопратка была ў форме даўгой, шырокай кашулі з шырокімі пурпуровымі шлякамі на падале і рукавох; клабук быў таксама падбіты зьнізу, на адваротах брыля, пурпуровай тканінай. Ішлі мы разьмеранай, роўнай хадою, лукавыгібістым шырокім праходам, на сьценах якога былі насьвялыя ад часу малюнкі і нейкія надпісы, абкружаныя арнамэнтамі. Памост быў зложаны з чатырохкантовых каменных плітаў. Гэтак, у маўчаньні, прайшлі мы ня менш за 200 крокаў, калі, урэшце, сталі перад глухой сьцяной, якой канчаўся праход.
Іван Іванавіч падняў руку ўверх і палкай, на якую апіраўся, моцна націснуў на разэтку над круком, упраўленым у скляпеньне. Глухая сьцяна, перад якой мы стаялі, сьпярша дрыгнула, а пасьля пачала вольна апушчацца наперад, і перад намі адкрылася круглая заля, сьцены і столь якое пакрытыя былі рысункамі, а памост — мазаікай. Заля была зусім пустой, толькі з правае стараны, пры сьцяне стаялі тры каменныя седзішчы.
— Во, тут, на гэтых сьценах, — пачаў Іван Іванавіч, — забразаваная істота нашае старое веры, якая абапіралася на траістасьці ўсяго існага. Уверсе — выабражаныя сілы нябёсныя, у сярэдзіне — жыхары зямлі зь іхнымі турботамі, унізе — замагільны сьвет зь ягонымі валадарамі і жыхарамі. Кажны з гэтых сьветаў, паводля старое навукі, распадаўся, сваім парадкам, на тры істотныя характары. Усе рэлігійныя сыстэмы ад пачатку існаваньня ў чалавецтве сьведамае мысьлі прызнавалі гэтую траістасьць рэчаў. Хальдэа-бабілёнскія сьвятары, якія за шмат тысячагодзьдзяў да нас слылі лепшымі ў сьвеце астраномам, лепшымі пры гэтым знаўцамі матэматыкі, безь якое немагчыма астраномія, і да гэтага — старэйшымі носьбітамі веды людзкой, — у лік свае Тройцы ставілі багоў Ану, Эа і Бэла. Ану — гэта валадар зорыстага неба, першародны, старэйшы, бацька багоў. Эа мудрэйшы, лепшы з багоў, прасьветнік і праводнік усяму сьмяротнаму. Бэла — сын Эа, які вывяў зямлю зь цемры і хаосу, аддзяліў адны ад адных усе постаці і адмены, зь якіх злажыўся сьмяротны сьвет, якім мы яго цяпер знаем. У Індыі Тройцу складаюць Брама, Вішну, Шыва; функцыі, прыпісваныя асобам гэтае Тройцы, тыя-ж самыя, што і ў хальдэяў. Ня чужа было і грэцкай мысьлі паняцьце траістасьці сілы, што валодае сьветам, чым галоўна цікавілася школа плятонікаў, ад якіх догма Тройцы была перанятая хрысьціянствам.
Пасьля гэтага ўступу Іван Іванавіч падняў руку ўверх, паказваючы на малюнак і сказаў:
— Пасярэдзіне скляпеньня бачым мы тут тры постаці славянскае, а лепей — Дака-Гецкай Тройцы. Першая зь іх — Найвельшы (Optimus), бацька багоў, які ня мае найменьня. Іменьні, даваныя яму рознымі народамі: Баг, Бог, Дэос, Дзевае, Гот, Элёгім, Аллах, Адонай — гэта ўсё ягоныя прыметнікі, як і нашае «Найвельшы», бо імя ягонага нельга вымавіць. Чэсьць яго ў нашым народзе сягае ў вельмі глыбокую мінуўшчыну. Можна сказаць, што бальшыня грэцкіх мітаў цесна зьвязаная з нашымі прашчурамі Гетамі, зь якімі на берагох Дунаю грэкі вельмі рана саткнуліся і ўзаемна дзяліліся тайнамі веды. Навет наш сягоньняшні край быў ведамы грэкам, у той час, калі тварыліся ў іх першыя міты. Відаць гэта з Гомэра і іншых паэтаў старое Грэцыі, асабліва-ж з аповесьцяў аб Апалёне і сыну ягоным Фаэтоне, якую перадаў нам прыгожым вершам рымлянін Віргілі; аб Промэтэю, Орфэю, Эскуляпе і інш. Вось-жа ў старагрэцкіх пісьменьнікаў знойдзем, што славяне верылі ў замагільнае жыцьцё і па сьмерці сваёй мелі надзею бытаваць разам зь Зямельчыцам[1], рэлігійным рэфарматарам, які жыў зь 600—650 гадоў да Н. Хр.[2].
Другая асоба славянскае Тройцы, якая адпавядае Хальдэа — Бабілёнскаму Эа, індускаму Вішну — гэта Правечны Кон, які даў усяму жывому законы жыцьця, назначыў кон, долю і акрэсьліў канец скон[3]. Як і ўсе багі, Правечны Кон меў шмат розных эпітэтаў, якія няведамі прыймаліся часам за ягоныя собскія іменьні. Да гэткіх іменьняў ягоных належаць: — Прова, Права, Тур. У ваднэй старадаўнай саксонскай кроніцы ёсьць малюнкі стараславянскіх багоў з часоў хрышчэньня славянаў, між імі — рысунак стода з подпісам «Prono». Гэты рысунак сьветчыць, як хрысьціянскія апосталы таго часу былі прасякнутыя мазаізмам ды бабілёнскімі харубамі і шайтанамі, а як мала ведалі тое, што нішчылі. Бо Кон-Прова-Тур ня меў стодаў: яму прысьвячаліея сьвятыя дубы і гаі. У гэткія месцы, абгароджаныя, з параю наўсупроцьных варотаў, зыходзіліся ў канодныя дні старшыні народу спраўляць суды. У здарэньні, калі каго перасьледвалі, ён мог схавацца ў загароду, хоць-бы ён быў ворагам, яго ніхто ня сьмеў крануць: бо права не на перавазе фізычнае сілы, ані на гвалце грунтуецца.
Трэйцяя асоба славянскае Тройцы, якая адпавядала бабілёнскаму Бэлу і індускаму Шыву — Сіціўрат, Сіва. Хальдэйцы ўважалі Бэла за бога апраметнай, царства вечнай цемры, дому, «у які ўсе ўваходзяць, але скуль ніхто ня выходзіць». Індусы Шыву называюць «помсьнікам». Цікава пры гэтым адцеміць адну асаблівасьць, гэта тое, што індусы аддавалі чэсьць Шыву — Ішвару ў мясцовасьці Рудры, а славяне — у Рэтры. І каб мы ня ведалі аб тым, што Дака-Гецкія міты праз грэкаў сягалі да Бабілёну і Егіпту з аднаго боку, а да Індыі з другога — дык можна было-б дзівіцца нязвычайнай выпадковасьці ў сугуччы.
У санскрыце ёсьць эпітэт, даваны Шыву — «Гары», які вельмі сходны з нашым Яры, Ярыла, Яравід. Сымбалем Сіціўрата (жыцьцявароту) — Ярылы быў нязгасны агонь Жывец, Жынч, Зьніч (зьнікомы), які меў свае вечныя аўтары паўсюдна, куды сягала вера славянская. Летапісы ўспамінаюць аб такіх вечных агнёх у Вільні, Вялікім Ноўгарадзе, а ў заходніх славянаў у Жніне, Гнезьне і Жуліне на Памор’і. Усюды, дзе існуюць або існавалі першыя хрысьціянскія сьвятыні, пасьвячаныя прароку Ільлі, яны былі будаваныя на месцах вечнага агня. Бо Ільля заступаў у пачатках хрысьціянства Ярылу. Цэрквы былі тыя ў Менску, Віцебску, Смаленску, Полацку і інш. гарадох. Сьвятары, што служылі «Яраму», называліся вядунамі, ведачамі, вятачамі, вяцьвягамі, бо яны прарочылі будучае. Няхай ня дзівіць, што мсьцівай сіле на-даваўся эпітэт белага, яркага. Гэта дзеля ўласкаўленьня яго. Бо-ж дагэтуль, старой памяцьцю, народ называець агонь — багач, цяпло, сьвятло, каб ня ўквяліць грознай сілы. У мысьль гэтага страшны Лясун носіць эпітэты — Дабрахот, Зялун; а чорны балотны дух «Бялун», «той», «гэты» і, ужо пад уплывам навейшага сьветагляду, — «нячысьцік».
Сіле першапрычыннай, «Найвельшаму» належыць пашана ад усяго жывога. Ён асновапаложнік, ён той, аб якім пяе брамін у сваіх гімнах:
Я носьбіт і дарога, сьветка і князь,
Айчына, прыяцель, прытулак;
Першапрычына і цэль і істасьць рэчаў,
Я і захоўнік і вечнае семя.
Калі Арфэй, які быў з народу Гетаў, што сяліліся пад той час у Фракіі, панёс у Грэцыю навуку аб адзіным Найвельшым, дык Грэкі пыталі аракула, што такое бог, якога прапаведуець Арфэй? І аракул назваў Найвельшага: сьвятлом (rad), мысьлю-словам (logos) і крыніцай жыцьця (pneuma), якія іменьні азначаюць адзіную першапрычыну, сьвятло духу, радасьць бяз мучэньня, першакрыніцу веды, увенчаную вышэйшай праўдай.
Правечны Кон даў права, закон людзям, зьверам, птухам, полазам, рыбам, расьцінам і наагул усяму, што жыве, родзіцца і памірае. Устаноўленыя ім законы вечныя і непарушныя. Галоўнае месца ў нашым краі, дзе складалі яму чэсьць, быў Тураў і мясцовасьць Скрыгалава, недалёка ад Турава, дзе дагэтуль захаваліся рэшткі т. зв. цыклёпічных будоўляў у форме вялізарных каменных блёкаў. За сымбаль справядлівасьці ў славянаў уважаўся белы бык — тур.
І хоць даўным-даўно забыліся нашыя людзі старых багоў, але Палеская (горадзенская) зямля дагэтуль мае ў сваім гэрбе тура, сымбаль Правечнага Кону.
Пад гэтай Тройцай бачым мы ніжэй сем асобаў зь іхнымі сымбалямі, гэта — сем галоўных сілаў, што валодаюць сьветам. Першая — Кон, Конязь і ягоны сымбаль сонца; другая — Княжыч або Месяц із сымбалем сваім — месяц у маладзіку; трэйцяя — Ярыла і сымбаль ягоны — зорка Марс; чацьвертая — Радзігост і ягоны сымбаль — зорка Мэркуры; пятая — Пярун-Грамавік; шостая Грамавіца і ейныя сымбалі зорка Вэнэра і птушка зязюля; сёмая — Лада, Ладоп і ягоны сымбаль — зорка Сатурн. Кажнай з гэтых сямёх асобаў пасьвячаны адзін дзень тыдня, аб чым сьветчаць рунічныя надпісы пад кажнай асобай: Нядзеля — соўнік, панядзелак — месіч, аўторак — ярэц, серада — радаўнік, чацьвер — пярунец, пятніца — громніца, субота — ладзіч. Ніжэй за гэтых сямёх асобаў ёсьць дванаццаць сымбаляў, што азначаюць 12 знакаў Задыяку, а пад імі — чатыры ветры, што бытуюць на чатырох канцох зямлі: Усток, які сухасьцю тхне; Ірэй, што прыносіць цяпло; Сутон, які навявае хмары і дождж; Сівер, што прыносіць сьцюжу.
Сярэдні шлях малюнкаў зьмяшчаў у сабе сцэны з жыцьця людзей, зьвяроў, птухаў, расьцінаў і інш. на зямлі, у паветры, у вадзе, зь іхнымі пераменамі і бытам.
У самым нізе было выабражанае царства сьмерці, дом вечнай цемры зь ягонымі жыхарамі. На першым пляне былі дзьве галоўныя фігуры: Люцец, Люты (Pluto), або Кашча Бязьсьмертны і ягоная жана — Марва. Першы выяўляў сабой худую, з цойстрымі людзкімі рысамі і злымі вачамі, пачвару, другая — мела старэчую жаночую галаву, на якой, заміж валасоў, зьвіваліся сыкучыя зьмеі. Ейнае мясістае тулава абапіралася на чатырох лапах і заканчалася драконаўскім хвастом. Па-за гэтымі галоўнымі постацямі віднеліся пачварныя духі краіны сьмерці і бясконцы лік бледных людзкіх постацяў.
Мазаіка памосту пакрытая была сымбалічнымі знакамі, значаньня якіх я ня знаў і не адважыўся спытаць аб іх.
— А цяпер, — сказаў Іван Іванавіч, — каб пасунуцца далей у лябірынты, нам трэба сесьці ў гэтыя крэслы.
Зачараваны веліччу абразоў, разьвінутых Іванам Іванавічам, я спытаў у яго.
— Чаму-ж усё гэта заняпала, чаму забыта?
І Іван Іванавіч сказаў:
— Гэродот апавядае, што паўночныя краіны Эўропы былі найлюднейшымі, пасьля Індыі. Паўночныя народы, якіх звалі гіпэрбарэйцамі, займаліся лавецтвам, скацежніцтвам і ратайствам. Зналі рамёствы і асабліва любаваліся ў пазнаньні прыроды, а дзеля гэтага былі носьбітамі высокае веды. Зь берагоў Гэрадотаўскага мора, цяперашняга Палескага краю, паходзіў вялікі індускі рэфарматар — Рама. Ален гіпэрборэец вывеў з поўначы калёнію вучопых, якія сталіся ў Грэцыі кастай сьвятароў і асновапаложнікамі чэсьці Апалёна і Дыяны ў Дэлёсе. З поўначы, із славянска-гецкае зямлі прыбыў у Грэцыю Арфэй, заснавец гарадоў, вучыцель мастацтва і рамёстваў. З поўначы занёс Прамэтэй сьвятло за што быў няміласэрна пакараны.
Прамэтэй, першы цывілізатар Грэцыі, прыкаваны за гэта да Каўкаскае гары, паводля словаў Эсхіла, жаліўся:
«Багі, мне дзеецца крыўда! Паслухайце, што я вы канаў дзеля сьмяротных. Дзякуючы мне, ізь зьвярат, якімі былі, сталіся людзьмі. Сьляпыя, глухія, як мары, яны туляліся без правоў і ладу, ня ўмелі будаваць дамоў, пячоры былі ім адзіным прытулкам, цягнулі жыцьцё няпэўнае; не разьрозьнявалі часу і пораў году. Я першы навучыў іх пазнаваць ход зораў, навучыў іх знакаў пісьма, знакаў лічэньня, абдарыў іх памяцьцю, маткаю муз, навучыў іх лавецтва. Зашто-ж карае мяне завідны Зэўс? Ці-ж бы за сьвятло, што збліжае людзей да багоў?!»
Грэцкія пісьменьнікі самі сьветчаць, што паўночныя народы, якія жылі на поўнач ад іх, занесьлі ў Грэцыю ня толькі некаторыя мастацтвы, але і цэлую рэлігійную сыстэму, навукі і ўмеласьці. Славянскія народы, як прыкладам, — Курэты, Квірыты або Крывіты, — ужывалі рунічнага пісьма задоўга да прыбыцьця ў Грэцыю фэніцыянскага Кадмуса. Іхныя будоўлі нагадвалі цыклёпічныя, адзначаючыся нязвычайнай трываласьцю. У першых іхных сялібах, прыкладам, на горах Алімпійскіх, Гэліконскіх і Пандэйскіх насамперш зараджаецца рэлігія, музыка і філёзофія, якой пасьля славілася Грэцыя.
Згэтуль выходзіць Апалён, які займаўся тут пастырствам. Арфэй (orfeos — цёмны), праўдападобна сьляпы, як Гомэр, сваёй вымоўнасьцю аблашчваў дзікіх зьвяроў і лагодзіў дзікасьць тубыльскіх барбараў. На чароўны, акудны гуд ягонае ліры, палі зьмяняюцца ў гарады (грэцкі горад — paleis), Ален, Тамарыс і Лінэй, таксама як Арфэй, сваймі прамовамі схіляюць тубыльцаў пакінуць людзкія ахвяры багом, а, здаецца, і вырачыся людаедзтва.
Але ёсьць народы, як і паасобныя людзі, прызначаныя быць ня толькі мэсіямі чалавецтва, але і ягонымі адкупіцелямі. Да гэткіх належыць народ гетаў з усімі ягонымі галінамі. І мы бачым: Промэтэя за ягоныя дабрадзействы, выказаныя людзям, расьпялі на Каўкаскай скале. Арфэя разьдзерлі п’яныя жанкі, упаўшы ў шал. Фастыйскія пэлязгі за недаверства паганізму былі пабітыя грэкамі і патопленыя ў моры. Троя, славянская сяліба між грэкаў, збураная грэкамі. Урэшце грэкі, падбіўшы сваіх даўных вучыцелёў і цывілізатараў, нішчачы, стараліся зьняславіць іх перад гісторыяй, няслушна прыпісваючы ім нялюдзкія абычаі і чараўніцтва.
Перш, чымся стаўся носьбітам веды і задаўся мэтамі мэсіянізму, народ гетаў павінен быў прайсьці сам рад нутраных пераабражэньняў і рэформаў.
Першым рэфарматарам быў Зарада. Да яго існавала ў гетаў супольнасьць жанок і маемасьці. Народ займаўся толькі лавецтвам. Ён навучыў ратайства і завёў свабодны выбар жон і жонамі мужоў, раз кажнага году. Штогодна меў права муж зьмяніць жонку і жонка мужа. Дзень гэты быў названы Купальлем, дзеля таго, што ў гэты дзень павінны былі кандыдаты да жаніцьбы адбыць ачышчэньне праз агонь і купаньне ў вадзе. Кажная пара магла мець сваю собскасьць і аддзяліцца ад грамады. Ніхто ня мог карыстацца чужой працай. Кажны пільнаваў ладу ў сваёй сям’і і дома быў поўным сувэрэнам. За крыўды, зробленыя суседу, караў сход суседзяў. Але сем’і пачалі множыцца і бацькі, мала-памалу ўстанавілі патрыярхат, неабмежаваную нічым уладу галавы сям’і над усімі сям’янамі. Прычым патрыярхі неахвоча выпушчалі каго-колечы зь сям’і, і сем’і разрасталіся да 100-200 душаў. Собскасьць у сем’ях сталася сямейнай собскасьцю, або іначай кажучы, собскасьцю патрыярха, як і ўсе жанкі сям’і. Пайшло агульнае нездаволеньне.
У гэтым часе аб’явіўся другі рэфарматар Багавей, які высунуў на першы плян касту сьвятароў. Апавешчаная была сьвятарская дыктатура; зямля, як належная да Бога, была аддадзеная на ўласнасьць галоўнай сьвятыні. Усе жыхары, і бацькі і дзеці, павінны былі нароўні працаваць для багоў і сьвятыняў. Як найсьвяцейшая праца, была палічаная праца ратайская. Сымбалем яе ўстаноўлены быў белы бык, які атрымаў асаблівую пашану пры сьвятынях. Пры гэтым ладзе хутка ратай стаўся паніжаны да безгалосае скацежыны, за якую думае гаспадар. Каб патушыць нарастаньне рэвалюцыі, сьвятары пайшлі на ўступкі: прызналі роўнае права з сабой галовам родаў. Утвораны быў духоўна-арыстакратычны ўрад, які, прыкрываючыся воляю багоў, выдаваў ад іхнага імя свае загады, маючы, перш за ўсё, на мэце свае карысьці. Гэтая тройца — духавенства, старшыні і багі моцна і надоўга селі на карак рэшты народу. Але ў гэтым часе пачалі адбывацца напады суседных вандроўных народаў, абарона ад якіх вытварыла, мала-памалу, трэйці стан — вайсковы. У суполку — багі, схвятары, старшыні — павінны былі быць прынятымі і вайскоўцы.
Калі мы прыгледзімся да зьместу нашых народных казак, дык гэтую гісторыю мы знойдзем там перададзеную ў сымбалях. У сялянскай сям’і, прыкладам, родзіцца які-небудзь Кацігарошак, найдужэйшы за ўсіх, якія ёсьць, асілкаў на сьвеце. Падросшы, ідзе нішчыць зло на зямлі і, памалу, дабірае сабе яшчэ двох, а часам трох асілкаў, якія ўрэшце робяць паміж сабой змову, каб загубіць яго, і закідаюць у прадонную, бязвыходную прорву. Але Кацігарошак раней-пазьней здабываецца з прорвы, пасароміўшы сваіх сяброў, бярэ ў свае рукі кіраўніцтва над сьветам, якому дае спакой і шчасьце.
Пад панаваньнем старшыняў і духавенства, змацаваным вайскоўцамі, ратаі ў грэцкай сымболіцы прыбіраюць постаць аднавокага цыклёпа, а пазьней дурнога і сьляпога Паліфэма.
Але яшчэ не канец на гэтым. Чужаземцы, прыманыя[4] сьпярша як госьці, пачалі панявольваць славянскія народы і, памалу, абяртаць у сваіх нявольнікаў. Вышэйшыя клясы, арыстакратыя і духавенства зьліліся з пануючымі прыходцамі.
Тут мы маем такую самую гісторыю, як і ў Італіі, дзе, за шмат гадоў да заснаваньня Рыму, жыў высокакультурны народ Этрускі. Чужаземныя дружыны паняволілі іх, абярнулі ў сваіх нявольнікаў і, пераняўшы ад іх культуру, ачарнілі этрускаў перад гісторыяй, як дзікіх і нічога ня вартых людзей. Аб дзівах мастацтва, промыслаў і навукаў, аб стане высокай асьветы ў этрускаў, мы сяньня даведваемся толькі з раскопак іхных магілішчаў і гарадзішчаў. Этруская цывілізацыя загінула ў войнах прыходцаў з мясцовым жыхарствам. А пасьля, за часаў Сцылія, бязьміласэрна, разам із выдатнейшымі мясцовымі людзьмі, былі нішчаныя ўсякія помнікі этрускае культуры, іхныя кнігі і творы іхнага генія. І этруская культура заняпала навекі. Рым пакрыў яе маўчаньнем, абсыпаў лаянкай і зьнявагай.
Пад ударамі чужаземскіх наезьнікаў заняпала і нашая культура, а асабліва ў часе хрышчэньня чужынцамі славянаў.
Трэба памятаць, што міталёгія шмат якіх народаў нічога супольнага з тэасофіяй ня мае, як прыклад можа служыць лацінская міталёгія. Уважаю за патрэбнае гэта зазначыць дзеля таго, каб сталася відней, што з нашае міталёгіі належыць да тэасофіі, а што зьяўляецца толькі сымбалем пройдзенай народам гісторыі.
Ёсьць апавяданьне аб Сатурне, што за ягонае панаваньне быў на зямлі залаты век. Сатурн — бог патрыцыяў. Легенду гэтую, ведама, улажылі патрыярхі, спамінаючы сваё даўнае і бязьмежнае панаваньне. І дарма некаторыя хочуць бачыць у гэтым пэсымізм клясычных народаў, якія, кладучы сьпярша век залаты, пасьля сярэбраны, медзяны, урэшце — зялезны, хацелі, быццам, зазначыць, што — чым далей, тым горш на сьвеце. Не, гэтую гісторыю трэба паставіць у зусім іншае пласмо.
Сатурн пачаў есьці сваіх дзяцей.
Гэтую байку выдумала ўжо каста сьвятароў, сьпіскуючы супроць усеўладнага патрыярхату. Устаноўлены лацінскімі сьвятарамі пазьнейшы лад аддаваў уладу ў рукі багатых сем’яў «абдарыў старшых братоў правом боскім і людзкім» jus pater — (згэтуль Юпітэр), крыўдзячы і вызуваючы з правоў малодшую, ратайскую брацьцю. Утварыліся патрыцыі (паны) і плебэйцы (мужыкі).
Патрыцыі тонуць у збытках і раскошах, плебэй у заплату і падзяку за крывавую працу мае бізуны і розгі. І вось у лацінскім богабайніцтве апавядаецца, што Вэнэра, жонка плебэйскага Вулькана, пачала задавацца з патрыцыянскім Марсам. Вулькан, ня могучы зьнесьці гэткай зьнявагі, абвівае сонных — Вэнэру і Марса — сеткай, падложанай пад іх, і выкідае іх на сьвятло, каб уяўным ужо сталася, што плебс змаўляецца і бяскарна пасягае на правы патрыцыяў. Гэта быў дакор, зроблены Апалёну, вартаўніку права. Увесь Алімп устрывожаны. Апалён памярцьвеў ад зьнявагі. Адны багі сьмяюцца, а другія выказваюць злосьць і абураньне. Юпітэр страшліва загрымеў — guos ego!... Бачачы аднак прыгожую Вэнэру гэтак зьняважанай, кажа: — «Годзі ўжо ёй... На Вулькана няма спосабаў — guem ego!... За мяшаньне ў маю спрэчку зь Юнонай у справе наданьня правоў плебэям нядаўна так піхнуў яго я нагой на зямлю, што аж нагу ён зламаў».
У цяжкім палажэньні Юпітэру аж галава трашчыць. Як пагадзіць нязгоду ў народзе, пры ўсёўзрастальных дамаганьнях чэрнядзі, пры заўзятай упорыстасьці патрыцыянскіх багоў?
— Вулькан і Мэркуры не даюць мне спакою ад таго часу, калі Марса з Вэнэрай удалося прылавіць у сетку.
— Чатырох нас, — кажа Мэркуры, — стань, Найвышэйшы, -па нашай старане, і народная справа будзе выйграная.
— Найвышэйшай рады багоў не перагаласуем, шэсьць галасоў супроць пяцёх, — адказаў Юпітэр. — Што рабіць? Галава трашчыць, што рабіць! Тут мяне рве, ствару Мінэрву. Вулькан, валі молатам у галаву во тут, тут!
Вулькан выконвае загад. А калі, спужаныя відовішчам бацьказабойства, багі зьбягаюцца, бачаць: нованароджаная багіня, узброеная ад ног да галавы, выходзіць із патыліцы Юпітэра. Вось і багіня мудрасьці — Мінэрва.
— Плебэйцы дапамінаюцца правоў, — кажа Мэркуры.
— Пачалі галасаваць. Шэсьць супраць шасьцёх!
— Мне належыць падвойны голас, — крыкнуў Юпітэр.
І справа народу была выйграная.
— Дык занясі ім зямельнае права! — крыкнуў Юпітэр. — Сам пагавару я зь Юнонай і думаю, што яна дазволіць таксама права вольнай жаніцьбы.
Мэркуры, які выкопваў абавязкі паштара, панёс весьць на зямлю.
І плебэйцы атрымалі правы людзкія і цывільныя. А ўсё гэта сталася вынікам неперасьцераганьня правоў бажкамі, залётнасьцю Вэнэры і праз папушчэньне Юпітэра, тлумачылі сьвятары.
Мэркуры, бог купецтва і прамысловасьці, носіць сьвіту на распашку, служыць усім хто плаціць: багом і людзям, небу і зямлі. Апякуецца зладзеямі і ашуканцамі.
Пад ягонай апекай выростае новая арыстакратыя — грашовая. У рады яе ўваходзяць усе, кім апякуецца Мэркуры. І на правы для гэтага стану багі, ад імя сваіх кліентаў, патрыцыяў, павінны былі згадзіцца.
Дарма, што даўно пасвойму разьвязаў Юпітэр зямельнае права, права гэтае да сяньня несправядлівае.
І будзе датуль актуальным, пакуль кажны народ ня станецца за гаспадара ў сваім краі, пакуль кажны, хто палівае сваім потам загон, ня будзе праўным, прызнаным і ўсьвячоным правам ягоным валадаром.
IV.
У гэты мамэнт, калі скончыўшы гутарку, прымоўк Іван Іванавіч, а я аддаўся раздуме, нас абдружыла маўклівая ціша, скрозь якую зьнекуль пачаў даходзіць да вуха ціхі харальны сьпеў. Сьпярша гэты сьпеў быў такі ціхі, што зьліваўся з тутненьнем сэрца і крыві ў жылах. Але ў меру таго, як я, патужваючы свой слых, услухваўся, ён усё рос і, урэшце, набіраў штораз больш выразістасьці. Калі сьпеў гэтых лічных галасоў пачаў набліжацца, я пытальна глянуў на Івана Іванавіча.
— Гэта пяюць нашыя старцы, — сказаў ён спакойна.
— Як! Дык хіба-ж гэтыя падзямельні заселеныя людзьмі? — зьдзівіўся я.
— Але. Жыцьцё ў гэтых падзямельлях ідзе старое, даўнае. Вам-жа, хіба, даводзілася чуць ад народу дый чытаць у т. зв. этнаграфічнай літаратуры аб гарадох, царквах, манастырох, што паправальваліся скрозь зямлю. Хіба-ж вы ня чулі аб нявідомым горадзе Багоцку, во тут, каля Полацка? Другі такі горад, што каля Гомеля апісаў расейскі пісьменьнік пад найменьнем Кіцежа. На зямлях, якія апошнімі часамі ў дакрывіцкую эпоху засялялі геты, гэткія гарады існуюць.
Я зьдзіўлена ўзіраўся на Івана Іванавіча і сам ня ведаў, што аб усім гэтым меркаваць, гэтак усё чутае і бачанае было нязвычайным для майго разуменьня, што я павёў рукой сабе па абліччы, каб пераканацца, ці ўсё гэта не галюцынацыя, ня сон... Але чоў мой мяне не ашукваў...
Іван Іванавіч пры гэтым устаў, і, адчыніўшы дзьверы ў сьцяне, павёў мяне даўгім і шырокім праходам, аж урэшце мы апынуліся ў вялікай і сьветлай залі. Ня было там ні сьвечак, ні лямпаў, сьвятло як быццам само сабой стаяла ў залі. Сьцены былі запоўненыя ўсякімі кнігамі і зьвіткамі рукапісаў. Падыйшоўшы да аднае з паліцаў, Іван Іванавіч зьняў пэргамінны рукапіс, кажучы:
— Во гэта сьветчаньне падарожнага, які бываў у нашым краі за колькісот год да арабскага пісьменьніка Масуды, які ягонае сьветчаньне асобным разьдзелам (Маруджа 62) із старых кнігаў упісаў у свае кнігі. Тут мова аб гарадох і сьвятынях славянскіх. Руінаў гэтых гарадоў і сьвятыняў, цяперашняя архэалёгія не знаходзіць на зямельнай паверхні, бо яны, дзіўнай умеласьцю старабытных нашых інжынэраў, апушчаныя ў глыб зямлі, як вось і гэтая нашая сьвятыня, у частцы будынкаў якой мы цяпер з вамі знаходзімся. У гэтай кнізе вось што ао ёй напісана:
«З гэтых сьвятыняў адна пабудаваная па гары, гэта дзіва сьвету, а як кажуць знаўцы, прыклад архітэктуры і распарадкаваньня рознаякага каменьня, ужытага Да гэтае будоўлі. Сабраныя там дарагія каменьні нявыказанай каштоўнасьці, а таксама знакі, што паказваюць будучыню».
— Усё, што тут напісана — шчырая праўда! — сказаў Іван Іванавіч, складаючы кнігу.
— Цяпер-жа я пайду на мамэнт да нашых старцаў, а вы агледзьце найрадчэйшую ў сьвеце бібліятэку.
— Прашу вас, скажэце, хто гэта такія старцы і як яны жывуць тут?
— Гляньце на гэтую залю, — сказаў Іван Іванавіч, — вы тут не пабачыце нідзе ніякіх прыладаў да асьвятленьня, а ў залі сьветла і цёпла. Гэта таму, што сьцены гэтае залі ўскрытыя элемэнтам, падобным да радыя, зь якога пабудавана сонца. Пад гэтым сьвятлом і расьціны і людзі могуць жыць бяз ушчэрбку для свайго здароўя. Гэты элэмэнт, ужыты тут, як маса для тынкаваньня сьценаў, апрача сьвятла і цяпла, мае яшчэ іншыя дзеяньні: хто знаходзіцца заўсёды пад уплывам ягонага сьвятла, не падлягае старасьці, якая паходзіць ад звапнепьня крывяточных судзінаў у людзкім арганізьме. Пад уплывам гэтага сьвятла вапна ня можа зацьвердзяваць у арганізьме, а дзеля гэтага чалавек застаецца назаўсёды ў вадным веку, а як вынік гэтага — не падлягае сьмерці. Мы з вамі цяпер знаходзімся на глыбіні каля тысячы мэтраў ад паверхні зямлі, і аднак-жа вы аддыхаеце лёгкім паветрам, гэта таму, што элемэнт гэты, які завецца «гетынам», мае ўласьцівасьць пахлынаць лішкі кіслых газаў. Вось-жа старыя вучоныя, зыйшоўшы з поля дзікога змаганьня на зямлі жывуць тут, працуючы над навукай і ўмеласьцямі, у сваіх абшырных і добра абстаўленых бібліятэках і лябараторыях. Працуюць, чакаючы часу, калі ім давядзецца зноў выйсьці да свайго народу. Адным із важнейшых адкрыцьцяў, якія імі тут зробленыя, зьяўляецца «крызін» пры дапамозе якога кажную рэч можна разлажыць на першапачаткавыя высхады і з першапачаткавых высхадаў злажыць якую-хаця рэч. Прыкладам: з высхадаў паветра і вады можна вытварыць камень, золата, хлеб, клушч, і, наадварот, кажную рэч можна перамяніць у іншую. Прыкладам, той-жа бруковы камень можна зьмяніць у хлеб ці золата, у паветра, ці якога-хаця смаку сталовае масла. Бо першапачаткавы высхад ува ўсім адзін і той-жа, залежыць толькі ад таго, які надаецца кірунак руху ягоным праатамам. Гэтае вялікай вагі адкрыцьцё зробленае нашымі старцамі, разьвяжа на зямлі сацыяльнае пытаньне... Пытаньне пракорму людзей...
У гэты мамэнт недзе здалёк пачуўся званок, і Іван Іванавіч, падаўшы мне на разьвітаньне руку, выйшаў у праход, які пачынаўся зь левага боку залі, сказаўшы:
— Вам, аматару кніг, думаю маркотна тут ня будзе.
Я, ня трацячы часу, пачаў разглядаць кнігі. Аддзел бібліятэкі, у якім я знаходзіўся, складаўся з помнікаў старасьвецкіх арабскіх, грэцкіх, індускіх і эгіпецкіх пісьменьнікаў. Вялізарныя фаліянты, пісаныя на пэргаміне і шоўкавых тканінах, залягалі ўсе сьцены: унізе, каля сьценаў, у дубовых, абіваных сярэбранай бляхай скрынях, разложаныя былі зьвіткі, пісаныя ў розных мовах. З пляну бібліятэкі, які быў выабражаны на мармарнай дошцы сярод залі, відаць было, што аддзел славянскіх кніг знаходзіўся ў трэйцяй залі, ідучы налева. Я засьпяшаўся туды.
У гэты мамэнт нейкі лёгкі быццам звон у гары зьвярнуў маю ўвагу. Я ўзьняў галаву і пабачыў, што ізь сьцяны выступае масыўны каменны блёк, у кшталце стала, з глыбокімі ўнізе выемкамі. На стале быў расстаўлены цэлы рад жоўтага мэталю стылёвых місаў, а на іх разложаныя сьвежыя фрукты і закускі, пасярод-жа красавалася бутэлька із старкай. Падыйшоўшы да стала, я пабачыў картку, пісаную рукой Івана Іванавіча, гэткага зьместу:
«Паважаны дружа! Усё, што знойдзеце на гэтым стале, толькі што прыгатаванае пры дапамозе высхаду «крывін». Спрабуйце, ці годнае да ўжытку. Ваш Іван Іванавіч».
Я сеў пры стале і ў часе ежы пераканаўся, што пададзеная закуска вызначалася вялікім кулінарным мастацтвам. Пячэня была гарачая і сакаўная з прыемным водарам дымляніны; фрукты мелі дзіўную сьвежасьць; старка цягнулася з бутэлькі, як аліва, і разыходзілася па арганізьме хвалямі прыемнага цяпла.
Перакусіўшы, я скіраваўся ў славянскі аддзел бібліятэкі. Багацьце, якое я тут пабачыў у зьвітках і фаліянтах, проста не паддаецца апісаньню. Тут я бачыў ня толькі фаліянты полацкіх летапісаў між імі адзін пісаны рукой княжны Еўфрасіньні, але і летапісы шмат ранейшых пэрыядаў існаваньня нашага народу. Пабачыў збор навукі Зямельчыца, які складаўся з чатырох кніг, разьбітых кажная на 72 разьдзелы. На зьмест кнігі злажыліся: маральнае права, цывільнае і дзяржаўнае права, гісторыя народу і анталёгія лепшых тагочасных літаратурных твораў. Цэлы аддзел бібліятэкі складаўся з кнігаў, пісаных глаголіцай, якая, як я тут пераканаўся, была шмат старэйшай, бадай на добрую паўтысячу год, славянскай граматай, знакі якое разьвіліся з славянскіх гіерогліфаў. Старэнна апрацаваныя табліцы разьвіцьця пісьменных славянскіх знакаў паказвалі ня толькі перамены ў формах знакаў, але давалі адначасна і храналёгічныя дадзеныя, зь якіх відаць было, што пачаткі славянскае пісьменнасьці трэба аднесьці на канец чацьвертага тысячагодзьдзя перад нашай эрай. Цікава было сачыць на гэных табліцах, як ізь людзкое фігуры (рысаванай у гіерогліфах поўнасьцю), вытварыўся знак «аз» — я, нашае цяперашняе вялікае А, у якім ад людзкое постаці засталіся ўнізе толькі дзьве палкі, а ў папярэчцы памяць аб рысаваным калісь паясе. Як цьвёрда трымаўся цэлыя тысячагодзьдзі знак зямлі і дахаваўся да нашых часаў у славянскай літары «зело», а таксама знак жука ў літары — ж, які сяньня яшчэ нагадвае сабой кузурку. У ваддзеле архітэктуры бачыў я дзіўнае прыгожасьці стылёвыя будоўлі гэтак званага «гецкага» стылю. У ваддзеле пісьменнасьці хрысьціянскіх часаў з асаблівай пашанай перахоўваліся тут рукапісы першых хрысьціянскіх апосталаў Кірылы і Мяхвода, аб якіх трэба аднак, на аснове пачэрпнутых мною ў бібліятэцы дадзеных, сказаць, што хоць яны запраўды пераклалі сьвятое пісьмо ў славянскую мову, але ў пісьменнасьці славянскай, т. зв. кірылаўскімі літарамі, на добрых чатыры сталецьці іх напярэдзілі розныя хрысьціянскія сэктанты, а перадусім манахійцы, паўлікіянцы і мэсальянцы. Усе гэтыя сэктанты пісалі грэцкімі літарамі паславянску, дапасоўваючы іх да славянскае мовы. І пераклад кананічных кнігаў у славянскую мову папярэдзілі розныя сказаньні, як, прыкладам: «Сказаньне аб Адаме», «Кнігі Эноха справядлівага», «Сказаньне аб Ламэху і Мэльхісэдэку», «Запаветы дванаццацёх патрыярхаў», «Пасланьне Абрама да Хрыста», «Евангельле Хамы», «Евангельле Нікадымава» і шмат іншых.
Урэшце, змучаны пераглядам кнігаў, я надумаў абыйсьці бібліятэку, і з гэтай мэтай выйшаў у другую залю, а з другой у трэйцюю і г. д. Прайшоўшы дзесяткі два заляў, напоўненых кнігамі, я апынуўся перад глыбокай нішай, у якой была зьмешчаная фігура чалавечая з бліскучымі вачыма. У меру збліжэньня да яе, вочы фігуры штораз ярчэй сьвяцілі, прычым чулася ў іх нейкая прыцягальная сіла. Калі я быў на адлежнасьці мэтраў 10 ад фігуры, я ўжо ня меў сілы стрымаць сябе, нешта неразумелае, непераможнае цягнула наперад, і высілкам усяе волі я ня мог спыніць сябе, каб ня ісьці далей. Фігура была з жоўтага мэталю, утрая большая за натуральны чалавечы рост. Ад сіняватага блеску сьвятла вачэй фігуры, які быў скіраваны проста ў мае вочы, я чуў, як цела маё млела. У гэты мамэнт фігура правай рукой ударыла тры разы ў шчыт, які быў у яе на левай руцэ. Аглушальны патройны гук дарэшты спараліжаваў мяне, і я страціў прытомнасьць.
V.
Калі я адкрыў вочы, дык пабачыў, што ляжу ў гатэлі на сваёй пасьцелі ў вадзежы. Праз вакно ярка сьвяціла сонца і двума агністымі стаўпамі клалася на памост перад маім ложкам.
У гэты мамэнт нехта пастукаў у дзьверы.
— Але! Прашу! — сказаў я.
Адчыніліся дзьверы, і я пабачыў на парозе «Падземнага Чалавека». Ён падыйшоў да мяне і, паздароўкаўшыся, сеў пры ложку. Глянуўшы на яго, я пабачыў шырокую блізну на левай шчацэ, ад вуха да падбародку. Мне зразку ўспомнілася падзямельле, і я ўскочыў з ложка. Стары глядзеў нейкім цьвярдым сталёвым поглядам мне ў вочы. Гэты ягоны погляд наводзіў на мяне нейкі забабонны страх, і я зноў сеў на ложку.
Стары моўчкі пачаў капацца ў падысподным кішані свае спанцэркі, і па нейкім часе выняў адтуль даволі пакамечаны канвэрт, падаючы які мне, сказаў:
— Гэта вось вам цэдулка ад Івана Іванавіча. — Я пасьпешна схапіў канвэрт і, разьдзершы яго, дастаў запіску, у якой было напісана.
«Паважаны дружа! Заўтра мае імяніны, а сяньня ўвечары сьвята Купальле. Загляньце вечарком, пагаворым ізноў аб мілай старасьвеччыне. Стол я прыгатаваў паводля сваіх рэцэптаў. Спрабуйце, ці годная мая кулінарыя да ўжытку. Ваш Іван Іванавіч. Полацак, 23 чэрвеня».
Я хутка глянуў на сьцяну дзе вісеў календар, там відаць была дата 20 чэрвеня. Гэта быў дзень, калі я прыехаў у Полацак і ўвечары гасьцяваў у Івана Іванавіча.
— Якая сяньня дата? — спытаўся я ў «Падземнага Чалавека».
— А якая-ж, то-ж ведама 23 чэрвеня, — адказаў ён, пасьміхаючыся.
— А калі я ў вас быў?
— То-ж вы заўчора былі ў нас, у ваўторак, а сяньня мы маем, дзякаваць Богу, чацьвер, заўтра будзе пятніца. Сьв. Яна.
Голас «Падземнага Чалавека» здаўся мне нейкім скрыпучым, ён уплываў на нэрвы, як пілаваньне па зялезе.
Мяне агарнуў ізноў забабонны страх, і я пастараўся чым хутчэй пазбыцца гасьця. На адходным, заміж звыклых словаў пры разьвітаньні, ён сказаў:
— Мы яшчэ пабачымся.
Застаўшыся адзін, я прыпамінаў абраз па абразе ўсё мной бачанае ад часу звароту дамоў з гасьціны ад Івана Іванавіча.
Не, я ня сьніў. Думаў, перадумваў і зноў прыходзіў да перакананыня, што ўсё гэта было на яве, усё гэта было рэальнасьцяй. «Можа я пераблытаў даты», гануў я і, каб пераканацца, выняў з кішані запісную кніжку. Так, праўда: выехаў я зь Вільні ўвечары 19 чэрвеня, раніцою 20 быў у Полацку. Я пазваніў.
Калі прыйшоў нумарны, я спытаўся ў яго, якая сяньня дата?
Перш, чымся адказаць на пытаньне, ён хутка загаварыў:
— Добра, што вы, панічу вярнуліся, ато ўчора прынесьлі вам тэлеграму, а як вас ня было, то я ня ведаў, што рабіць зь ёю. Дата-ж, панічыку, сяньня 23-я. Але дзе вы, панічу, бавіліся так доўга? Як мне сказалі, што вы выехалі ў госьці, то я, прызнацца, і ня прыбіраў і ён заклапаціўся каля мыцельніка.
— Хто табе сказаў, што я выехаў у госьці? — спытаўся я парывіста.
— Ды-ж во гэты самы, што быў цяпер у вас, панічыку, «Падземнік», як яго ў нас называюць. — А пасьля ён спахапіўся і борзда пабег па тэлеграму.
Тэлеграма была з дому: «Прыяжджай назад першым цягніком важныя справы», пісалася ў тэлеграме. Я моцна занепакоіўся, бо выяжджаючы, ніякіх «важных справаў» не прадбачылася. Што там? Хвароба? Няшчасьце? Чаму не сказана, якія там справы?
І гэтак раздумваючы, я пачаў складаць свае рэчы. Пасьля сеў і адпісаў Івану Іванавічу на ягоныя запросіны, што з прычыны тэлеграмы, якая кліча дамоў, ня буду ў яго на імянінах і, пажадаўшы яму ўсяго лепшага, закончыў лісток.
Таго-ж дня, позна ўвечары, быў я ўжо дома. Аказалася, ніякіх важных справаў дома ня было і ніхто з хатніх мне тэлеграмы ня высылаў. Хоць на белягу выразна было пазначана: «Выслана зь Вільні, прынята ў Полацку».
У ранічнай газэце 24 чэрвеня я прачытаў тэлеграму з Полацка гэткага зьместу: «учора, 23 чэрвеня, увечары, памёр мясцовы полацкі архэалёг і гісторык Іван Іванавіч».
Канец.
- ↑ Ад выдавецтва. Мы даручылі кіраўніку нашага выдавецтва праверыць паданае тут аб Зямельчыцу, і ён даў нам такую даведку: «Сказанае аб Зямельчыцу ведама ня ўсім старасьвецкім пісьменьнікам: Herodotus IV, 93, 94, Arian expedit Alexandri lib. 1; Hellanicus (Etymolog. magn. voce); Pomp. chela II, 2; Strabon VII, 2977. Аб славянскім народзе Геты гаворыцца, што гэта наймужнейшы і найсправядлівейшы народ спаміж славянаў, вераць, што па сьмерці ідуць да свайго бога Lamolxis’a, які ўважаецца імі за тую-ж істоту, што i Gebeleisis (Herodot).
Некаторыя грэкі даводзілі, што Lamolxis (Зямельчыц) быў Пітагоравым нявольнікам і пітагораўскую навуку аб замагільным жыцьці пашырыў паміж сваіх аднопляменцаў — Гетаў (Strabon). Што, бязумоўна, памылкова, бо Зямельчыц жыў куды раней за Пітагора, найменш сто ці паўтараста гадоў. Памылковае таксама сьцверджаньне Гэрадота, што Геты Gebeleisis’a (Найвельшага — Optimus) мелі за адну і тую-ж асобу зь Зямельчыцам, які пашыраў навуку аб адзінай першапрычыне, а значыць быў толькі абагомленым чалавекам. З навейшых пісьменьнікаў аб Зямельчыцу — Lamolxis пісалі: de Brosse d’Anville у «Memoires de l’acad des inscript. t. XXXV et XXV ды Ernest Gotfried Grodeck у pasboxax de rimmoralitatis guam Getis persuasisse dicitur Lamolxo ratione; а таксама ў яго Graecoreum de Lamolxide fabule. - ↑ Ад выдавецтва. З пісьменьніка Мэандра (323 год Н. X.) даведаемся што Зямельчыц пашыраў навуку вельмі падобную ў вагульных рысах да будызму, але вынікалую зь нетраў мысьлі Дакагецкага племя.
- ↑ Грэцк. Kronos (час). Кон — круг, — круг гадавы; як нямецк. Gott — (год).
- ↑ Курсіўны тэкст дададзены на аснове тексту на беларускай палічцы. У электроннай копіі кнігі гэты ўрывак не відаць. (Вікікрыніцы
)
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.