Куток для спорту. Плаваньне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Куток для спорту. Плаваньне.
Артыкул
Аўтар: Уладзіслаў Казлоўскі
1930 год
Крыніца: Часопіс «Шлях моладзі», № 7 (17), чэрвень 1930 г., б. 7

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Куток для спорту.
Плаваньне.

Плаваньне ёсьць адным із найстарэйшых спортаў, катораму мусіў аддавацца ў барацьбе за існаваньне першабытны чалавек. У гісторыі Славянаў можна знайсьці ўспаміны аб тым, што яны дасканальна ўмелі хавацца пад вадой, пры гэтым аддыхалі праз выдаўбленую трасьціну, трымаючы зубамі адзін канец яе ў вадзе — другі пад вадой. Гэта даказывае, што нашыя прэдкі чуліся свабодна на вадзе, дзеля чаго, разумеецца, мусілі ўмець плаваць. Дый цяпер рэдка хто з беларусаў-мужчын ня ўмее плаваць.

Плаваньне ёсьць галоўным водным спортам і сьмела моа называцца ідэальнай усестаронняй гімнастыкай усяго нашага цела. Плаваньне складаецца з рухаў рук, ног і тулава; паасобныя рухі цела тут ёсьць у рытмічнай між сабой згодзе і абымаюць большую частку ўсяго цела. Гэты спорт ёсьць неабходна патрэбным кожнаму чалавеку, бо ёсьць карысным, як з боку развою мускулаў, так і з боку здароўна-гыгіенічнага і практычнага.

Чалавек, ня ўмеючы плаваць, самахоць наражаецца на сьмерць там, дзе другі — плывак можа сабе свабодна аддыхаць, ужываючы з прыемнасьцю плаваньня, як гімнастыкі і здаровай разрыўкі. Праяжджаючы лодкай, навет праз невялікую раку, у выпадку выварату лодкі, ня ўмеючы плаваць можа ўтапіцца, тады, як другому гэта было-б толькі маленячкім, годным сьмеху, здарэньнем.

Ня кожны чалавек можа аднолькава лёгка трымацца на вадзе. Таму, хто мае большыя і здаравейшыя лёгкія лягчэй плаваць, бо ў такога грудная клетка будзе мець больш паветра, якое павялічыць аб‘ём цела, не павялічваючы яго вагі, а ведама, што кожнае цела будзе плаваць па вадзе тады, калі яно выцісьне сабою вады больш, чымся само важыць, Чалавечае цела ёсьць цяжэйшае ад выцісьненай ім вады, але пры напоўненых паветрам даровых лёгкіх цяжар выраўноўваецца і цела можа не тануць.

Тлустаму чалавеку таксама лягчэй трымацца на вадзе, бо тлустасьць павялічвае аб‘ём цела, а сама ёсьць лягчэйшая ад вады. Пры добрым здароўі і ўменьні плаваць можна свабодна і доўга трымацца на вадзе і пераплываць даволі далёка. На глыбокіх водах кожны плывак павінен аднак захоўваць усе спосабы асьцярожнасьці на ўсякі выпадак, бо як жыцьцё паказуе, дык шмат добрых плывакоў, паміма іх пэўнасьці, часта топяцца.

Узяўшы ўсё сказанае пад увагу, беларуская моладзь павінна карыстаць з летняга сэзону, аддаючыся так прыгожаму і здароваму спорту, як плаваньне. Калі яшчэ хто ня ўмее плаваць, хай зробіць неадзоўную пастановую навучыцца, а не пашкадуе гэтага, бо ня раз мо‘ ў жыцьці гэта прыдасца, а навет можа і выбавіць ад сьмерці.

У. Казлоўшчык.