Куток для спорту. Кіданьні

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Куток для спорту. Кіданьні.
Артыкул
Аўтар: Уладзіслаў Казлоўскі
1930 год
Крыніца: Часопіс «Шлях моладзі», № 10 (20), верасень 1930 г., б. 8-9

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Куток для спорту.
Кіданьні.

Аднэй х галін лёгкай атлетыкі ёсьць кіданьне. Яно ёсьць адным з найстарэйшых спортаў.

Ад найдаўнейшых часаў чалавек у абароннай і зачэпнай вайне паслугоўваўся кіданьнямі ў розных постацях. Дыскам, ашчэпам і рознымі цяжарамі, як каменьні, жалеза і г. п., паслугоўваліся людзі аж да часу вынаходу пораху. Цяпер ўсё гэта асталося толькі ў спорце.

Спартовыя кіданьні выяўляюцца ў некалькіх відах: кіданьне дыскам, кіданьне ашчэпам, кіданьне жалезнай галкай, молатам і кіданьне цяжарам. Апошнія два кіданьні яшчэ ёсьць ня надта распаўсюджаны.

Дыск — гэта ёсьць кружок, вялічынёй з невялікую талерку. Зроблены ён з дрэва і мэталю, важыць 2 кіляграмы. Ашчэп—тычка, закончаная сьпічастым жалезным канцом—мае 2 мэтры і 60 цм. даўжыні, важыць 800 грамаў.

Жалезная галка мае 7 з палавінай кіляграмы вагі.

Молат складаецца з масыўнай валавянай галкі з прыладжаным да яе стальным дротам з аднэй, або з дзьвяма ручкамі.Даўжыня молата 112 цм.,цяжар 7 кілягр.і 250 грамаў. Кіданьне молатам было народным спортам Ірляндцаў.

У вельмі даўных часах яны падчас урачыстасьцяў, у народных сваіх вопратках, кідалі праўдзівымі малатамі ў далячыню. Пазьней гэты звычай дастаўся ў Амэрыку, дзе яго ўдасканалена. Цяпер кіданьне молатам ёсьць больш разпаўсюджана ў іншых краёх, чымся ў сваей бацькаўшчыне.

Кіданьне молатам вымагае шмат сілы і адпаведнага цяжагу кідаючага.

Цяжар — масыўная валавянная галка, каторая важыць 25 кіляграмаў. Даўжыня цяжару — 406 мм.

Ручка, прытрымаўвючая цяжар, павінна быць з жалеза, або з сталі, грубіні 13 мм. трыкутнай формы.

Кіданьне цяжарам вымагае яшчэ больш сілы і вагі кідаючага.

Усе кіданьні ёсьць добрай гімнастыкай рук, ног, тулава і вочнай ор’ентацыі. Апрача гэтага яны ёсьць карысны ў практычным жыцьці, бо вырабляюць лоўкасьць у самаабароне.

Каб кіданьні былі карысны ўсяму арганізму, трэба кідаць правай і левай рукой, тады будуць раўнамерна разьвівацца абедзьве палавіны цела.

Кіданьне, як беларускі народны спорт, выяўляецца ў розных постацях, як качаньне кола (кацёлка) і кіданьне каменьні, якое бывае рукой і пры помачы прыладаў. Кідаюць ў далечыню і ў вышыню. Апрача гэтага ёсьць кіданьне па вадзе, якое выяўляецца ў тым, каб кінуць камень раўналежна да паверхняе плошчы вады так, каб ён мог адбівацца некалькі разоў ад вады.

Прыладай да кіданьня каменьні ёсьць пушчалка, каторая бывае драўляная, або з вяроўкі, пояса, раменьня і.г.п.

Ул. Казлоўшчык.