Куток для спорту. Бокс (біцьцё на кулакі)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Куток для спорту. Бокс (біцьцё на кулакі).
Артыкул
Аўтар: Уладзіслаў Казлоўскі
1931 год
Крыніца: Часопіс «Шлях моладзі», № 3 (26), сакавік 1931 г., б. 13-14

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Куток для спорту.
Бокс (біцьцё на кулакі).

Гэты спорт ёсьць вельмі стары.

Сьмела можна сказаць, што ўжо першабытны чалавек мусіў аддацца яму інстынктоўна, бо гэта ёсьць нішто іншае, як прыродная барацьба аднаго чалавека з другім, калі ён яшчэ ня знаў розных да гэтага прыладаў.

У працах Гомэра біцьцё на кулакі ўжо выяйляецца, яе абмежаваная правіламі барацьба, дужа сходная з новачасным боксам. Старадаўныя Грэкі не абгараджывалі боксэраў, як гэта робіцца цяпер, гэтак званым рынгам, не рабілі падзелу на цяжкую, сярэднюю і лёгкую вагу боксэраў; ня было ў барацьбе перарываў, як гэта ёсьць цяпер, а біліся без супачынку, аж да перамогі. У часах Олімпійскіх іграў прыкмячаецца ўжо, што боксэры мелі рукі, завінутыя рамянём, даўжынёю каля трох мэтраў з мэтай усьцерагчы суставы рук ад акалечаньня.

За часоў Плятона ўжо, апрача ўспомненых раменяў, увайшла ў моду боксэрская рукавіца. Яна была цяжкая, зробленая з цьвёрдага раменя; мэтай гэнай рукавіцы было скалечаньне праціўніка, што Плятон раіў, як добры спосаб проціў расьпешчанасьці тагачаснага грамадзянства.

У Рымлянаў боксэрская рукавіца была яшчэ горшая: ёй былі дадзены жалезныя гузікі і навет гвозьдзі.

Сяньнешная рукавіца ёсьць мягкая, выпханая валосьсем, або чым іншым ня цьвёрдым. Праціўнік лічыцца пераможаным тады, калі ўпадзе на зямлю і ў працягу 10 сакундаў ня будзе магчы ўстаць.

Сама барацьба цяпер ёсьць сьцісла абмежавана правіламі, якія лагодзяць гэты, так грубы даўней, спорт. Ёсьць два спосабы боксу: ангельскі і францускі. У першым можна біцца толькі рукамі, а ў французкім, апрача гэтага, дазваляецца біцьцё і нагамі.

Бокс—гэта ёсьць сьцісла мужчынскі спорт. Ён вырабляе адвагу, лоўкасьць, пэўнасьць сябе і ёсьць карысны ў практычным жыцьці, як самаабарона. Нікаторыя, пераважна слабыя, ня любяць гэтага спорту, называючы яго грубым, але ён не такі ёсьць грубы, як гэта здаецца расьпешчаным „маміным сынком.“ Здаровы мужчына пераважна будзе любіць бокс, які пазваляе выладаваць баявы інстынкт, што ёсьць у кожнага мужчыны.

Людзі нават і кволыя могуць цьвічыцца ў боксе, гэта ім выйдзе на карысьць, але толькі яны не павінны браць удзелу ў боксэрскіх завадках. Баксавацца на завадках можна толькі зусім здаровы чалавек і дарослы. Небясьпечна біцца на кулачкі таму, хто мае не здаровае сэрца, або лёгкія. Дзеля гэтага кожны, хто хоча паважна аддацца боксу павінен насамперш пайсьці да доктара і парадзіцца ці можа гэты спорт упраўляць.

Ул. Казлоўшчык.