Куток для спорту. Бегі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Куток для спорту. Бегі.
Артыкул
Аўтар: Уладзіслаў Казлоўскі
1930 год
Крыніца: Часопіс «Шлях моладзі», № 2 (12), люты 1930 г., б. 5

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Куток для спорту.
Б е г і.

Спартыўныя бегі карысна ўплываюць на дзеяньне нашага сэрца і лёгкіх. Падчас бегу бярэ ўдзел кала 60 прац. мускулаў усяго нашага цела, а гэта вельмі карысна агульнаму развою нашага арганізму. Бегі апрача гэтага ёсьць добрай гімнастыкай энэргіі і вытрываласьці.

Бегі ёсьць кароткія, сярэднія і доўгія, або йнакш — вытрывалыя.

Кожны бег складаецца з трох часткаў: з выбегу (старту), бегу і дабегу (фініту). Кароткімі бегамі лічацца: бегі на 100 мэтраў, 200 і 400 мэтраў. Сярэднія — гэта ёсьць бегі на 800 мэтраў і на 1500 мэтраў.

Адносна выкананьня, дык бегі сярэднія рожняцца ад кароткіх тым, што ў сярэднім ёсьць раўнавага паміж працай лёгкіх і сэрца з аднаго боку і працай мускулаў — з другога боку, чаго няма ў кароткіх бегах.

Бегі даўгія, або вытрывалыя — гэта ёсьць бегі на 3 кіламэтры, 5 клм., 10 клм. і 42 кіламэтры. Гэты апошні называецца Маратонскім бегам, дзела таго, што такую далячыню (42 клм. і 250 м.) ад Маратону да Афінаў прабег па бітве з Пэрсамі грэцкі пасланец з весткай аб перамозе.

Вытрывалыя бегі вымагаюць шмат прыгатаваньня, ім могуць аддавацца толькі дарослыя і здаровыя людзі.

Дзеля таго, што да бегаў ня трэба ніякіх прыладаў, кожны лёгка можа аддавацца гэтакаму спорту, разумеецца, толькі на панадворку, або йшчэ лепш у лесе, або каля вады, бо тут заўсяды чысьцейшае і здаравейшае паветра.

Хворыя на сэрца доўга бегаць не павінны, аднак могуць, паскольку ім пазваляе сэрца, практыкаваць кароткія бегі.

Нам, беларускай моладзі, гэты спорт ёсьць найдаступнейшым, бо на іншыя спорты трэба адпаведнай плошчы і прыладаў, а бегі кожны можа практыкаваць на кожным месцы, разумеецца, толкі ў чыстым паветры.

Ул. Казлоўшчык.