Перайсці да зместу

Курка-Рабка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Курка-Рабка
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
1928
Крыніца: http://old.knihi.com/bk/zylka/zylka1.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З народнага
Жылі дзедка з бабкай.
Мелі курку Рабку
Слаўнага заводу,
Важную на ўроду.
Баю-байкай байка:
Знесла курка яйка
Не абы якое,
Але залатое.

Выняўшы з падпечка
Дзіўнае яечка,
Кажа бабцы дзедка:
— Гэта штука рэдка!
Трэба нам, канешне,
Зласаваць яешню!
Бабка не пярэча,
Тупае ля печы:
Радая, вядома,
Дагадзіць старому.

Вогнік на камінку
Развяла ў часінку,
Ўстанавіла спраўна
Дзве цаглінкі слаўных,
Зверху ж скавародку.
Узяла са сподку
Лыжку масла жыва,
Каб была пажыва.

Біць яечка стала,
Ды бяда спаткала,
Біла яго, біла,
Ніяк не разбіла.
Біў і дзедка ладна —
Няма рады жаднай.
Сталі — разважаюць,
Што рабіць, не знаюць.

Ў часе гэтых гадак
Здарыўся прыпадак.
Мышка — Доўгі Хвосцік,
Бегла шпарка штосьці,
Мо па важнай справе,
Просценька па лаве.
Ды нібы праз зводы,
Нарабіла шкоды.
Паспяшала трошку,
Паслізнула ножка,
Хвосцікам махнула,
Яйка паштаўхнула,
Незнарок скаціла
Вобземлю й разбіла.

Дзедку з бабкай страта:
Плачуць на ўсю хату,
Як дзіця якое,
Слёзы льюць абое:
— Гэткая прыгода!
— Вось яечка шкода!

Курачка ж кудахча:
— От старым няўдача!
Ды й бяды ўжо тое —
Плачуць, як малое.
Я ж знясу другое,
Хоць не залатое!

Гэту казку спатайку
У дзіцячым нейк садку
Прачытаў я, як на грэх,
Двум сябрам-кастрычаняткам,
І дастаў ад іх парадкам,
Паднялі мяне на смех:

— Тут павінна быць памылка,
Ці зманіў нам дзядзька Жылка.
Бо, як кажа нам навука,
Немагчыма гэта штука,
Хоць шукай у дзень са свечкай,
Курка каб знясла яечка
Не прастое, залатое,
Ды і моцнае такое,
Што і дзед, і бабка білі,
Білі-білі — не разбілі
І на лаву палажылі,
Мышцы страху нарабілі.
Гэткай рэчы з нас усяк
Не паверыць аніяк.

Гэтак мне сказаў Рыгорка,
Падтакнуў яму Зыдорка:
— Але знаем мы даўно,
Што з яечка, хоць прастога,
Для дзяцей пасілку многа,
Тым каштоўнае яно.
І таму вось залатое
І для дзетак дарагое!

І на гэты іхні сказ
Мой такі быў ім адказ:
— Ад пачатку да канца
Вы, браткі, казалі трапна.
Не што іншае, як вапна —
Лушпавінка ад яйца.
А ў яйцы спажытку шмат,
Таму кожны з’есці рад.

Дык прашу вас, калі ласка,
Прыгадаць, што гэта казка
І пра дзедку, і пра бабку,
І пра курку Рабку.

(1928)