Купала ў Пецярбурзе
| Купала ў Пецярбурзе Успаміны Аўтар: Язэп Сушынскі 1967 Крыніца: Янка Купала. "Мне сняцца сны аб Беларусі...": успаміны, эсэ, артыкулы, дакументы / [укладанне Г. Шаблінскай]. - Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. |
| паводле Полымя 1967 № 3 |
I.
Янка Купала прыехаў у Пецярбург у канцы 1909 года, каб вучыцца на агульнаадукацыйных Чарняеўскіх курсах.
Яго сардэчна спаткалі землякі-беларусы. Усім ужо быў вядомы яго зборнік «Жалейка». Студэнцкая моладзь ведала на памяць добрую палову вершаў, змешчаных у ім. З запалам дэкламавалі Купалавы вершы на студэнцкіх суботніх вечарынках, на беларускіх канцэртах, а потым ужо і на канцэртах іншых зямляцтваў: літоўцаў, палякаў, украінцаў, рускіх, эстонцаў і г. д. Прыехаўшы ў Пецярбург, Купала наведвае сваіх землякоў-рабочых, якіх можна было шмат дзе сустрэць: на Пуцілаўскім, Абухаўскім, Семянікаўскім, Іжорскім чыгуналіцейным, фарфоравым, шкляным, мылавараным заводах, на ткацкай фабрыцы і іншых. У той перыяд тут працавалі Змітро Жылуновіч (Цішка Гартны) і Алесь Гурло.
Аформіўшыся на Чарняеўскіх курсах, паэт часта бывае ў Публічнай бібліятэцы, шмат чытае. Знаёміцца з прыгожымі ўскраінамі і прыгарадамі Пецярбурга — Пецяргофам, Царскім Сялом, Гатчынай, Пулкавам, Стрэльнай, Паўлаўскам, Араніенбаўмам і іншымі. Неўзабаве знаёміцца з Фіншчынай. Тут ён любуецца блакітнымі азёрамі, быстрымі рэчкамі, шумлівымі барамі. Купала здзіўлены прыгажосцю гэтага паўночнага краю. Рэчку Вуоксу і вадаспад Іматру ён увекавечыў у сваёй паэзіі.
II.
Што дзівіць у жыцці тагачаснага пецярбургскага і ў тым ліку беларускага студэнцтва і рабочай моладзі — гэта бязмежная, усеагульная сімпатыя да рэвалюцыі і нацыянальнага пытання. У гэтым уся сутнасць самога паняцця — беларускі студэнт таго часу. Яны былі згодны аддаць і аддавалі апошнюю капейку на беларускае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца» і на ўсё, што ў той час спрыяла ўзнікненню і пашырэнню беларускай рэвалюцыйнай і мастацкай літаратуры. Студэнтамі арганізоўваюцца і абслугоўваюцца дабрачынныя канцэрты і вечарыны, якія маюць на мэце сабраць некалькі соцень рублёў на рэвалюцыю і нацыянальны рух.
Уся беларуская студэнцкая і рабочая моладзь, што жыла ў Пецярбурзе, нецярпліва чакала спаткання з Купалам. Дзе ж магло адбыцца гэтае спатканне? Толькі ў двух месцах: на «суботніках» на кватэры Браніслава Эпімаха-Шыпілы, дзе жыў пясняр, ці на нядзельных рэпетыцыях хору і драматычнага гуртка. У склад хору і драматычнага гуртка ўваходзілі амаль выключна студэнты і студэнткі беларускага студэнцкага зямляцтва, якое аб’ядноўвалася студэнцкай касай узаемнай дапамогі.
Аднаго студзеньскага дня 1910 года, калі ішла поўным ходам рэпетыцыя хору і драматычнага гуртка, адчыняюцца дзверы і ўваходзіць у перадпакой малады чалавек вышэй сярэдняга росту, бялявы, з невялічкімі светла-русымі вусікамі, карымі вачыма, валасы зачасаны на рад. Пабачыўшы Купалу, усе кінуліся да яго — і хлопцы, і дзяўчаты. Усе імкнуліся як найхутчэй паціснуць яму руку. Кожны скорагаворкай вымаўляў сваё прозвішча і імя, але ці мог Янка Купала ў такой гамэрні запамятаць хоць адно прозвішча і імя, якія ўсе па чарзе тут вымаўлялі. Раптам нехта крыкнуў: «„На гура“ нашага дарагога песняра!» Хлопцы хутка схапілі на рукі Купалу і пачалі падкідваць угару, выказваючы сваю радасць і захапленне.
Калі ўсё ўляглося, зноў пачаліся рэпетыцыі хору і драматычнага гуртка. Хорам кіраваў Станіслаў Шымкус, наш добры сябра літовец, бо беларуса — кіраўніка хору — у той час у Пецярбурзе мы яшчэ не мелі. Можа, яны былі, але аб гэтым не было нам вядома. У хоры развучвалі народныя беларускія песні «Чаму ж нам не пець», «Ой, ляцелі гусі», «Рабіначка», «Чачотачка», «Ой, пайду я лугам, лугам» і іншыя. Драматычны гурток працаваў над камедыяй Крапіўніцкага «Па рэвізіі».
Праўда, Купала не далучыўся ні да харыстаў, ні да артыстаў, але паслухаў хор. У перапынку ён запытаўся ў Шымкуса, чаму той выбраў гэтыя песні для выступлення, а не іншыя. Паміж іншым, Купала назваў некалькі песень, яму вядомых, якія, як відаць, ён асабліва любіў. На жаль, я не помню, якія песні назваў тады Купала. Паслухаўшы хор, ён пайшоў у залу, дзе адбывалася рэпетыцыя п’есы «Па рэвізіі». Дужа ўважна прыглядаўся і слухаў кожнага выканаўцу і нават па-сяброўску рабіў свае заўвагі артыстам.
III.
Купала ў часе пастановак і на рэпетыцыях камедыйных п’ес Крапіўніцкага не раз гаварыў: «Трэба нам мець свае п’есы — камедыі і драмы». Відаць, з гэтага часу Купала сур’ёзна задумаў напісаць сваю «Паўлінку». Праўда, ён не меў звычаю наперад казаць, што ён напіша. Любіў раптоўна ўразіць сваім новым творам на «суботніках», якія адбываліся кожны тыдзень на кватэры Браніслава Ігнатавіча Эпімаха-Шыпілы. Мы ўсе адчувалі, што Купала, пэўна, задумаў напісаць беларускую п’есу, бо часта гаварыў пра камедыю. Мажліва, задума напісаць «Паўлінку» магла ўзнікнуць не раней паловы 1911 года. Адным словам, у лістападзе 1912 года Купала прачытаў нам свой новы твор на «суботніку». У лютым 1913 года «Паўлінка» ўжо ішла на сцэне ў час беларускага вечара.
У беларускіх «суботніках», якія адбываліся найчасцей на кватэры Браніслава Ігнатавіча Эпімаха-Шыпілы, прымалі ўдзел пераважна студэнты, але прыходзілі часта рабочыя, вучоныя, паэты, члены беларускай выдавецкай суполкі і іншыя.
На «суботніках» студэнты і вучоныя чыталі рэфераты па беларускай гісторыі і культуры, па прыродазнаўстве, па сацыяльна-эканамічных навуках. Моладзь збіралася на сёмую гадзіну вечара. Студэнтаў цікавілі не толькі даклады, якія там рабіліся, але і тое, што можна было яшчэ і добра павячэраць у шчодрым і хлебасольным доме Браніслава Ігнатавіча. Што грэх таіць, студэнт часта не меў сродкаў, каб кожны дзень пад’есці. Усё залежала ад таго, колькі капеек у кішэні, а вельмі часта іх не было.
Ва ўніверсітэцкай сталовай заўсёды на сталах стаялі поўныя вялікія кашы з паўбелым хлебам, графіны вады і шклянкі пры іх, соль і гарчыца. Хлеб зусім не ўлічваўся. Кіравалі сталовай студэнты, усё рабілася на студэнцкія фонды, а сітуацыя падказвала, што шмат якім студэнтам час ад часу прыходзіцца абедаць толькі хлебам з соллю і вадой.
Але весялосць не пакідала моладзь. У студэнцкай сталовай абед не быў асабліва дарагі: талерка мяснога супу з невялічкім кавалачкам мяса каштавала 3 кап., катлеты з соусам і гарнірам з грэчневай кашы, з бульбяным пюрэ — 7 кап. Яшчэ да гарніру дадаваўся агурок ці лыжка квашанай капусты. Шклянка кампоту ці журавіннага кісялю каштавала 2 кап. Такім чынам, за 12 кап. можна было мець абед з трох страў. Але ж часта ў нашага студэнцтва не было і гэтых капеек, бо, бывала, апошнія капейкі ішлі на справы рэвалюцыі і беларускія выданні, тады абыходзіліся адным хлебам з соллю, гарчыцай і вадой.
Вось чаму наша студэнцтва было часамі рада добра павячэраць у хлебасольным доме гасціннага Браніслава Ігнатавіча. У суботу ўжо з 6 гадзін вечара стол быў накрыты. На стале было ў дастатку хлеба, булак, масла, сыру, розных кілбас, вяндліны, адбіўных катлет, бульбы. Гарчыца, чай, цукар — усё гэта для добрага апетыту моладзі. Не было такога парадку, каб разам усім вячэраць, — хто прыходзіў, садзіўся за стол без усякай просьбы і даваў месца за сталом наступнаму, што прыходзіў пазней.
У сталовай Браніслава Ігнатавіча стаяў вялікі дубовы стол чалавек на 18-20. Пані Пясецкая, ахмістрыня Браніслава Ігнатавіча, ужо а палове сёмай вечара стаўляла на табурэтку гарачы паўтаравядзёрны самавар. Браніслаў Ігнатавіч быў так заняты, што яго ў хаце можна было застаць толькі ў часе абеду, які адбываўся заўсёды вельмі акуратна — у 4 гадзіны па поўдні. Адыходзячы ва ўніверсітэт пасля абеду, ён даваў распараджэнні пані Пясецкай, каб усё было гатова да таго, як збярэцца моладзь і іншыя наведнікі «суботніка». Пані Пясецкая на правах гаспадыні дома распараджалася ўсім, што датычылася стала і парадку ў кватэры. Такая навала моладзі па суботах ёй не была даспадобы, яна часта бурчала, але наша вясёлая моладзь галантна цалавала ёй ручку, міла перапрашала за ўчынены непакой — і пані Пясецкая адразу дабрэла і прыветна ўжо спатыкала ўсіх наступных гасцей.
Ад шасці да паловы восьмай хто прыходзіў — вячэраў. Роўна а палове восьмай пачыналі слухаць рэфераты. Звычайна іх зачытвалася тры. Заслухоўваліся ўсе запар, а потым пачыналіся спрэчкі. Кіраваў спрэчкамі старшыня або яго памочнік, якія выбіраліся на цэлае паўгоддзе агульным сходам членаў гуртка. У гуртку было да 35-45 членаў. За год заслухоўвалася 90-100 рэфератаў. Кожны член гуртка браў на распрацоўку 2 рэфераты. «Суботнікі» не збіраліся ў час зімовых канікул і ў тры летнія месяцы — чэрвень, ліпень, жнівень.
Звычайна адзін рэферат прысвячаўся тэме па беларускай гісторыі або культуры, другі аналізаваў тэму па сацыяльна-эканамічных навуках, трэці разглядаў тэму па дарвінізму або філасофіі. Пасля рэфератаў пачыналіся спрэчкі, якія зацягваліся надоўга: кожны хацеў выказацца, выступленні былі неабмежаваныя, а народу было звычайна 30-40 чалавек.
А гадзіне дзясятай вечара прыходзіў сам гаспадар — Браніслаў Ігнатавіч. Ён па сваёй службе намесніка бібліятэкара багатай універсітэцкай бібліятэкі працаваў па суботах і ў некаторыя іншыя дні ўвечары з паловы шостай да паловы дзясятай. Гаспадар вячэраў і слухаў спрэчкі, бо прысутныя размяшчаліся ў сталовым пакоі і гасцінай — гэтыя пакоі межаваліся. Браніслаў Ігнатавіч хутка арыентаваўся ў тэме і прымаў удзел у спрэчках.
У верасні на першым «суботніку» рэфераты размяркоўваліся на цэлы год, так што кожны член гуртка ведаў, калі будзе зачытвацца той ці іншы рэферат, і меў магчымасць падрыхтавацца па тэме. Літаратуру павінен быў назваць той, хто рыхтаваў рэферат.
Янка Купала з’яўляўся гадзін у адзінаццаць, змораны, бо адпрацаваў цэлы дзень, а апошнія пяць вячэрніх гадзін быў на Чарняеўскіх курсах. Увайшоўшы, Купала кіўком галавы вітаўся з усімі — амаль што ўсе прысутныя былі яму знаёмыя, — займаў вольнае месца за сталом і прымаўся за вячэру. У гэты час пані Пясецкая зноў ставіла на табурэтку гарачы самавар. Купала спакойна вячэраў, прыслухоўваўся да спрэчак, якія ўжо набліжаліся да канца. У самым канцы сходу часта Купала падымаўся з свайго месца за сталом і заяўляў: «Выбачайце, што затрымліваю, я прачытаю свой новы верш». Ён чытаў адзін або некалькі кароценькіх сваіх вершаў. Слухалі Купалу з вялікай цікавасцю і ўвагай.
Купала любіў гэтыя «суботнікі» і наведваў іх. Тут ён меў прыхільную і ўважлівую аўдыторыю, якая лавіла кожнае слова і глядзела на яго як на прарока, як на нацыянальнага героя.
Кожны раз, калі мне прыходзілася быць на «суботніку», я слухаў, як Купала чытаў свае новыя вершы. Хоць ён быў дэкламатар не выдатны, але заўсёды прыемна было чуць яго задушэўны голас. Мы ўсе былі дужа ўдзячны паэту за яго выступленні на сходах і дзякавалі яму сардэчнымі дружнымі воплескамі.
Аднойчы на адзін з такіх «суботнікаў», як звычайна, прыйшоў Купала ў канцы сходу, перакусіў і папрасіў увагі паслухаць яго твор, які ён назваў «Паўлінка». Чытанне зацягнулася. Ніхто не заўважыў, што ўжо даўно прапяялі пеўні. Гэтая падзея адбылася, наколькі мне помніцца, у лістападзе 1912 года.
Купала быў надзвычай працаздольны. Нягледзячы на вучобу на курсах, усялякія вандраванні і грамадскую працу па выдавецтве, ён аддаваў шмат часу і сіл паэтычнай творчасці. За гады яго вучобы на Чарняеўскіх курсах у Пецярбурзе ён напісаў два зборнікі вершаў «Шляхам жыцця» і «Гусляр», якія былі тут жа выдадзены. Апрача гэтых зборнікаў, ён напісаў «Адвечную песню», «Сон на кургане», «Бандароўну», «Паўлінку», «Раскіданае гняздо» і іншыя творы. Усе яны былі выдадзены выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша ваконца».
Купала, нягледзячы на сваю моцную занятасць, знаходзіў час, каб сустрэцца са студэнцкай моладдзю, рабочымі, вучонымі, паэтамі. Вялікую асалоду адчуваў ён, калі чытаў свае творы на «суботніках» і атрымліваў у адказ радасныя воплескі моладзі. Асабліва горача спаткалі ўдзельнікі «суботніка» «Паўлінку».
Сапраўднай падзеяй і для самога паэта і для ўсёй пецярбургскай беларускай грамадскасці была першая пастаноўка «Паўлінкі» ў зале «Пальма» па Максімільянаўскім завулку, д. 18 у лютым 1913 года. Ролю Паўлінкі выконвала Паўліна Мядзёлка.
Пасля першай пастаноўкі прысутныя ў зале наладзілі аўтару бурную авацыю, паднеслі залаты гадзіннік, дзякавалі яму ад усёй беларускай грамадскасці і засыпалі яго кветкамі. Былі таксама паднесены букеты кветак і артыстам, у першую чаргу Паўліне Мядзёлцы. У гэты ж вечар запрошаны фатограф сфатаграфаваў на сцэне арганізатараў вечара, артыстаў, харыстаў, дарагіх гасцей разам з Янкам Купалам. Гэта фатаграфія — вялікая памятка для ўсіх удзельнікаў вечара.
Звычайна Купала чатыры-пяць гадзін праводзіў у класах Чарняеўскіх курсаў. Апроч гэтага, прымаў удзел у арганізацыі беларускіх вечароў, памагаў у працы выдавецтву, рыхтаваў хатнія заданні, займаўся навуковай працай у Публічнай бібліятэцы, шмат чытаў навуковай і мастацкай літаратуры — перачытваў творы выдатных рускіх пісьменнікаў, вандраваў па ўскраінах Пецярбурга, наведаў не адзін раз прыгарады сталіцы. На сваю творчасць дня і вечара не хапала, і паэт пісаў ноччу або раніцаю.
Ён быў надзвычай заняты рознага роду працай, і трэба было яго забяспечыць матэрыяльна, каб ён мог цалкам аддацца вучэнню і творчасці. З гэтай прычыны Браніслаў Ігнатавіч запрасіў Янку Купалу да сябе на кватэру, аддаў у яго поўнае распараджэнне пакой, забяспечыў на правах члена сям’і поўным харчаваннем і ўносіў плату за права вучэння на Чарняеўскіх курсах, нават ахвяроўваў належную суму грошай на так званыя кішэнныя выдаткі: кіно, тэатр, фурманкі, конкі, параходы і г. д.
Любіў Купала наведваць Народны дом на Пецярбургскай старане на беразе Малой Неўкі. Гэта яму было дужа зручна, бо ён недалёка ад Народнага дома жыў (Васільеўскі востраў, 4-я лінія, дом 41). Там ён з асаблівай прыемнасцю сустракаўся з рабочымі. У паэта была адна арыгінальная рыса — перад сном рабіць невялічкі праменад. Праходжваўся ён узбярэжнай Малой Неўкі ад Тучкова моста да стрэлкі Васільеўскага вострава каля Дварцовага моста.
Апошні раз у Пецярбурзе я бачыўся з Купалам у маі 1914 года. Ён зайшоў да мяне развітацца, бо якраз збіраўся ўжо ехаць у Вільню. Чарняеўскія курсы ён скончыў, у Пецярбурзе надалей яму аставацца не хацелася, яго цягнула ў Вільню, бліжэй да роднай Беларусі. Пачалася імперыялістычная вайна, мы апынуліся дзе хто. Спаткаліся ўжо ў 1921 годзе ў нашай сталіцы — Мінску.
1967
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.
Падрабязней гл. у дакументацыі.