Перайсці да зместу

Культура й загады нацыянальнае працы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Культура й загады нацыянальнае працы
Публіцыстыка
Аўтар: Станіслаў Грынкевіч
1935 год
Крыніца: Калосьсе. — 1935. — Кніжка 1. — С. 40—43

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СТ. ГРЫНКЕВІЧ.

Культура й загады нацыянальнае працы.

„Naturalia non sunt turpida“… Натуральным правам і загадам у чалавека будзе імкненьне да шчасьця, паколькі гэнае імкненьне мае грамадзкі характар, а ня вузка-эгоістычныя рамкі. Рэалізацыя гэнага ідэалу ў адзінкі ляжыць на лініі жыцьцёвай кожнага народу, на ўлоньні якога адзінка вырасла.

Ці магчымае зьдзейсьненьне гэтага ідэалу ў нашым шырэйшым разуменьні без асноведзі народу? — Бязумоўна так, калі падыходзіць да пытаньня абстрактна. І адкажам не, калі мецімем наўвеце канкрэтныя формы, канкрэтных людзей, якія дайшлі да некаторага роўня культурнага.

Лінія чалавецкае адзінкі нармальнае, здаровае перасякаецца з лініяю ейнага асяродзішча, а значыцца ў сучасных умовах існаваньня грамадзянстваў, з лініяю, шляхам жыцьцёвым свайго собскага народу. І пачынаецца паміж імі супрацоўніцтва. Кожная з дзьвёх старон нешта дастае й нешта дае. Народ дае сваю мінуўшчыну, свае формы, сваё багацьце ўва ўсіх магчымых праявах, дае магчымасьць фізычнага існаваньня, дае веру ў сэнс змаганьня, дае наканец веру ў сапраўднасьць высокіх ідэалаў. Народ хоча аднаго — бязупыннага развою сваіх цэннасьцяў ува ўсіх шматлікіх галінах жыцьця, якія ўварункованы ягонымі гістарычнымі, эканамічнымі і сацыяльнымі ўмовамі.

Гэнае дамаганьне праяўляецца ў тым, што мы завём культураю. Зьмест пайма культуры вельмі багаты й рознаякі, залежна ад таго, адкуль да яго падыходзіць. Культураю ў сэнсе прадмету называцімем усе паасобныя элемэнты творства чалавека ад пачатку ягоных дзён. На гэны скарб складаюцца ідэі, абычаі, вераньні, вынаходы, спосабы працы, установы грамадзкія й рэлігійныя, праявы мастацтва й побач гэтага ўсе прадметы матар‘яльныя, чалавекам выпрадукаваныя ці прыспасобленыя з мёртвае прыроды. Дык трэба нам аддзяліць культуру матар‘яльную ад культуры духовае. Яны абедзьве далёка не заўсёды маюць аднолькавую вышыню ў паасобных адзінак, грамадаў, народаў.

Нас тутака будзе цікавіць толькі пытаньне культуры нематар‘яльнае. Часта нам цяжка, амаль немагчыма, аддзяліць чалавека ад ягонае вопраткі, ад памешканьня, аднак было-б памылковым глядзець на адзінку скрозь прызму ягонае формы. Адзінка выклікае ўсе праявы духовага жыцьця. Формы могуць выгінаць, абрабляць чалавека паводле аднаго ўзору, калі ж адначасна ня будзе ў форме зьместу трывалкага й багатага, форма ня трымацімецца. Прыклады гэныя бачым на сабе, у штодзенным жыцьці, асабліва ў нашых нацыянальных падзеях. Культура гэта ня толькі скарб элемэнтаў, гэта заўсёдная дзейнасьць чалавека ў адносінах да прыроды, да людзей, да псыхікі собскае і чужое.

Культура паймо грамадзкае. Адзінка паасобная, пакуль яна ня злучана з грамадою, калі і пакідае па сабе цэннасьці, дык яны прападаюць бяз ніякае вартасьці. Культура мае вартасьць, калі яна не застыўшы, калі яна ня схованая ў скрыні і не зачынена ў габлётках. Гэныя цэннасьці музэальныя, архіўныя, жывуць дзеля нас настолькі, насколькі выклікаюць у нас рэха, агонь, насколькі мы й тыя багацьці, сустрэнуўшысь з сабою, пачуем нешта супольнае, калі ў нас адгукнецца пачуцьцё, як на нешта сваё, роднае, ці блізкае ў сэнсе блізкасьці агульна чалавецкае. Калі няма гэнага зьявішча, дык няма вартасьці ў дадзеным элемэнце культуры. Толькі суб‘ектыўныя адносіны зьяўляюцца тутака важнымі й яны вызначаюць вартасьці вытвораў культуры.

Не хачу казаць, што найвыдатнейшыя выплады духа й гэнія ў галіне музыкі ці малярства ці архітэктуры не зьяўляюцца культурнымі цэннасьцямі, дзеля таго, што яны чужыя й далёкія нашаму, скажам, селяніну. Толькі гэныя цэннасьці ня маюць ніякага дзеяньня дынамічнага на рост унутраны чалавека, Яны ня выклікаюць ахвоты, імкненьня прысвоіць іх сабе, дык няма ў іх дзеля гэтага грамадзкага характару.

Ровень культуры народу вызначаецца роўнем культурным масаў й адначасна колькасьцю адзінак, якія стаяць вышэй над гэным роўнем. Ня гледзячы на свомы нам нахіл да дэмакратызму, трэба сказаць, што аканчальна гэная дробная жменька „культурных павадыроў“ выбірае шляхі, па якіх ідуць сябры дадзенага згуртаваньня — народу. Гэнае павадырства зусім натуральны фактар, толькі-ж імкненьнем нашым павінна быць, каб ровень масы падымаць вышэй. Раўнаваньне каб ішло на вярхі, а не каб вярхі тарнавалісь да нізоў.

Кожнае дзіця нарадзіўшысь на сьвет, лучае на ўлоньне культуры свае нацыі. Гэта ня пусты сказ, што шчасьце можна мець толькі пад сваім небам. Сяньнешні поступ навукі аб спадкаберніцтве паясьняе нам, што чалавек паяўляецца на сьвет з вагромністаю колькасьцю розных свомасьцяў і нахілаў, выпрацаваных у гэных, а ня іншых умовах. Дык і культура, з якою дзіця сустракаецца ад першых дзён, яму робіцца блізкаю, чэрпае яно з яе сьведама й нясьведама да таго мамэнту, калі прабуджаецца ў дарослага ці дарастаючага ахвота выступіць дзейна на ніве культурнай. Роля кансумэнта культуры трывае цераз цэлае жыцьцё, аднак неабходна, каб прышла часіна на ролю вытворцы культуры.

Найчасьцей вытворцамі культуры й будуць тыя вярхі — „павадыры культуры“. Як гісторыя паказвае, гэнае зьявішча праведзенае да канца, значыцца максыма аб арыстакратызме ў культуры, азначае заняпад ці культурнае эпохі ці прынамся пэрыяду ў жыцьці народу ці народаў. Адначасна ня можам забывацца, што культура нацыянальная гэта не падзеі аднае ці некалькі групаў адзінак. Культура вырастае з пакаленьня ў пакаленьне й яна супольнае багацьце народу. Дык ня будзем дзівіцца, што спробы, якія наглядаем навочна ў сучаснай Расеі, збудаваць культуру новую, пакінуўшы на старане старую спадчыну, як нешта чужое, кончылісь перамогаю стыхіі народнае й паклікалі на аўтар тайніцаў нацыянальных тых волатаў паэзіі, літаратуры і ўсіх родаў мастацтва, якія ня мелі нічога супольнага з марксызмам ці ленінаўскаю лініяю. Гэта кліч жыцьця, які мацнейшы аканчальна за ўсе праграмы будаўніцтва грамадзкага ці дзяржаўнага. Культура будзе заўсёды адказам агульным на спрадвечныя пытаньні, якія непакоілі чалавека й чалавецтва. Культура гэта функцыя паглядаў і імкненьняў вельмі розных у паасобных пэрыядах, аднак шмат шырэйшых, як можа гэта прыдавацца прадстаўніком аднаго пакаленьня. Дык калі культура гэта адказ на тое, чаго мы хочам, па што жывём, да чаго мы імкнемся, ня будзе тады яна адною падсумоўкаю дасягненьняў матар‘яльных, перамогаў над сіламі прыроды. Залежна ад дасягненьняў у розных галінах жыцьця чалавек толькі перамяняецца сам і перамяняе сваё асяродзішча.

Дык вось дзеля чаго можна казаць тое, што я адцеміў на пачатку сваіх разважаньняў. Абстрагуючы ад таго, ці культура мае сваё асобнае надчалавецкае жыцьцё (Гэгэль) і што народ зьяўляецца ўцелаішчаньнем гэтае місіі, трэба сказаць, што бязумоўна чалавек дасьпявае ў сабе й знаходзіць адказ на пытаньні аснаўныя толькі на ўлоньні народу й ягонае культуры.

Шлях развою культуры вельмі няроўны, ён стульна злучаны з падзеямі таго фундаманту, з якога вырастае й на якім стаіць культура. Наглядаюцца ўздоймы й заняпады культураў у сувязі з крызысамі ўнутры аснаўных фундамантаў, на якіх базуецца культура, або ў сувязі з агульным заблытаньнем і зьнявераньнем у сэнс жыцьця у сусьветным маштабе. Сяньня кажуць аб гэткім крызысе цэннасьцяў рознаякіх. Кажуць, што гэта зьявішча сусьветнае. Аднак ня зусім слушна. Калі крызыс існуе, дык паказвае на тое, што гэтыя вось нязьменныя мамэнты ў жыцьці зьяўляюцца нечым асабліва важным, што чалавек залгаўшысь, губляе магчымасьць свайго поступу, што „вера“ выключна ў сілу грубую не азначае перамогі над жывым жыцьцём.

Бліскучымі, яркімі прыкладамі магутнасьці веры, ідэі зьяўляюцца сяньня некаторыя народы ў Эўропе. Прыкладам між іншым будуць Ліцьвіны. У іхным жыцьці ўнутраным ідуць спрэчкі, ёсьць там змаганьне на розных фронтах паміж сабою. Ня гледзячы на гэта свабодны ўздойм нацыянальнага жыцьця, узбагачваючы магутна культуру, паказвае, што вера ў ідэал, што напружаньне ўсіх сілаў дзеля ідэальнае мэты, спрычыняецца да шырокага, поўнага жыцьця адзінак.


∗               ∗

З вышэй сказанага зробім некалькі практычных вывадаў. Адносіны да чужое культуры могуць быць пазытыўныя, нэўтральныя й ад‘емныя. Ад‘емныя адносіны будуць інэртныя або дзейныя (контракцыя).

Актуальныя ад‘емныя адносіны могуць быць вельмі дадатнім зьявішчам дзеля роднае культуры. У гэткім змаганьні крысталізуецца востры пагляд на сябе і на чужых, вучыць яго больш быстра аглядацца на ўсё, паказаць лепш сваё роднае багацьце й хараство. Гэныя адносіны выклікаюць зацікаўленьне да свайго ў дагэтуль бязьдзейных, змаганьне будзе кузьняю, дзе куецца на вагні маладых парываў і лятуценьняў новы скарб. Змаганьне прывучае цаніць і даражыць сваімі малымі дробязямі ў форме абычаяў, вопраткі, песьняў, слова і г. д. Змаганьне гэткае культурнае паклікае большую колькасьць кансумэнтаў культуры, заахвочваючы да вытворства, яно зьдзейсьнівае загад масавага распаўсюджываньня культуры. Трэба помніць, што туга да дзейнае ролі ў будаўніцтве культуры вялікая й недахоп сваіх рамаў, калі да гэтага падыходзіць яшчэ націск чужое культуры, кідае адзінкі жывыя на чужое ўлоньне, дзе яны маюць магчымасьць гэнага дзейнага жыцьця. Змаганьне гэнае патрабуе сваіх павадыроў на мясцох. У першую чаргу трэба іх падрыхтаваць ды зарганізаваць ужо гатовых, якія дагэтуль яшчэ ня згуртованы, трэба значыцца зактывізаваць наш нацыянальны капітал і культурны і чалавецкі.

Актывізацыя культурнага капіталу робіцца ў нас у прэсе, у выдавецкім руху ды ў арганізацыях культурна-прасьветных. Усенька гэта ў слабым і надта слабым тэмпе. Актывізацыя-ж людзкога матарыялу бадай зусім не праводзіцца. Праўда, пара благая, умовы вонкавыя бязумоўна не спагадаюць… Аднак гэта нешта неабходнае. Каб маса перастала быць выключна натоўпам, трэба каб мы маглі ў ёй згледзіць паасобных адзінак, павадыроў натуральных. Трэба распаўсюдзіць нашае багацьце культурнае й тады толькі мецімем актыўных, масавых будаўнічых нашае новае культуры. Варштаты працы дзеля будучых будаўнічых, хаця й невялікія, ёсьць у арганізацыях эканамічных, асьветных і культурных.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.