Крэўская унія

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Крэўская унія

1385
Крыніца: Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Т. 3. Дадатак. А — Я / БелНДІДАС, Выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі»; [рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]; Склад. В. С. Пазднякоў; маст. З. Э. Герасімовіч]. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2010. — 696 с.: іл. — С. 424 — 425. — ISBN 978-985-11-0487-7.


Мы, Ягайла, з Божай ласкі вялікі князь літвінаў і Русі пан і дзедзіч прыроджаны, даводзім да ведама ўсіх, каму належыць і хто будзе бачыць гэтыя лісты, тое, аб чым нам нагадана ад найяснейшай пані Э(льжбеты), з Божай ласкі Каралевы Венгрыі, Польшчы, Далмацыі і г. д. праз шаноўных і шляхетных мужоў паноў Стэфана, прэпазіта чанадскага[1]; Ладзіслава, сына Какаса дэ Каза, кашталяна Патака[2]; Улодку, чашніка кракаўскай; Мікалая, кашталяна завіхосцкага; і Крысціна, дзяржаўцу казімірскага.

Найперш яны казалі аб тым, як высокашаноўны князь Ягайла, вялікі князь літвінаў і г. д., направіў сваіх урачыстых паслоў да паноў жыхароў Польшчы, а потым і да яе каралеўскай вялікасці. Тыя ж, якія да каралеўскай вялікасці былі накіраваны, мелі пры сабе даверчыя лісты ад паўнамоцнага, галоўнага і яснавяльможнага пасла, а менавіта ад знакамітая князя Скіргайлы, брата вялікага князя пана Ягайлы, які па некаторых пэўных прычынах персанальна да яе каралеўскай вялікасці прыехаць не змог. Яго ж паслы князь Барыс і Гайка, стараста віленскі, той жа пані каралеве Венгрыі так апавядалі і мовілі:

«Як многія імператары, каралі і розныя князі з тым жа вялікім князем літвінаў прагнулі, імкнуліся і жадалі ўстанавіць навечна блізкае сваяцтва, то Бог усемагутны наканаваў Гэта зрабіць асабіста яе каралеўскай вялікасці.

Таму, найяснейшая пані, дзеля такой збавіцельнай тайны няхай бы прыняла ваша вялікасць гэтага вялікага князя Ягайлу ў сыны, аддаўшы яму ў законныя жонкі Найсвяцейшую панну Ядвігу, дачку вашу ўлюбёнейшую. І ад гэтага, верым, будзе хвала Госпаду, збавенне душам, гонар людзям і прымнажэнне каралеўству.

Між тым, як будзе належным чынам здзяйсняцца тое, аб чым ішла гаворка, вялікі князь Ягайла з усімі братамі сваімі, яшчэ не хрышчонымі, блізкімі, нобілямі, зямянамі вялікімі і малымі, якія жывуць у яго землях, імкнецца, прагне і жадае прыняць веру каталіцкую святой рымскай царквы. І тое, што многія імператары і розныя князі моцна стараліся, але так і не здолелі ў яго здабыць, той гонар Бог усемагутны для яе каралеўскай вялікасці збярог.

Для трываласці несумненнасці і цвёрдасці гэтай рэчы той жа вялікі князь Ягайла абяцае ўсе скарбы свае ахвяраваць і выдаць для вяртання страт, панесеных абодвума каралеўствамі, як Польшчай, так і Літвой, калі тая ж пані каралева Венгрыі выдасць за яго замуж сваю дачку Ядвігу, каралеву Польшчы вышэйназваную.

Таксама абяцае вялікі князь Ягайла грошы па дагаворы, заключаным пад суму залогу паміж той жа каралевай Венгрыі, з аднаго боку, і герцагам Аўстрыі, з другога боку, а менавіта дзвесці тысяч фларынаў, даць і выплаціць наяўным разлікам.

Таксама вялікі князь Ягайла абяцае і абавязаўся ўласнымі намаганнямі і коштам вярнуць уладанні, страчаныя каралеўствам Польскім, кім бы яны ні былі заняты і адарваны.

Таксама вялікі князь Ягайла абяцае ўсіх хрысціян, а асабліва людзей абодвух полаў, узятых з Польскай зямлі і выведзеных у якасці палонных, вярнуць назад вольнымі такім чынам, каб кожны альбо кожная з іх пайшлі, куды самі пажадаюць.

Нарэшце князь вышэйназваны Ягайла абяцае землі свае Літвы і Русі навечна далучыць да кароны Каралеўства Польскага».

І мы, Ягайла, вялікі князь літвінаў вышэйзгаданы, пасольскія заявы, абвешчаныя і дэклараваныя належным чынам з нашага боку праз ўпамянутага Скіргайлу, брата нашага ўлюбёнейшага, перад названымі баронамі Каралеўства Польскага, а таксама падобным жа і належным чынам выкладзеныя праз паслоў таго ж брата нашага свяцейшага перад пані Елізаветай, каралевай Венгрыі вышэйназванай, у прысутнасці названых прадстаўнікоў альбо паслоў той жа пані Каралевы, як венграў, так і палякаў, дасланых да нашай вялікасці, разам з нашымі братамі ніжэйапісанымі, а менавіта панам Скіргайлам, Карыбутам, Вітаўтам, Лугвенам, князямі літвінаў, і ад імя іншых нашых братоў, прысутных і адсутных, пацвярджаем і паведамляем пра Гэта як згаданай пані каралеве, так і ўпамянутым баронам Каралеўства Польскага.

Гэтыя ж пасольскія заявы мы загадалі замацаваць і зацвердзіць нашай і нашых братоў вышэйапісаных пячаткамі.

Дадзена ў Крэве, у панядзелак напярэдадні Успення святой Марыі Прыснадзевы, у год Гасподні 1380 пяты.

У адпаведнасці з артыкулам 8 Закона Рэспублікі Беларусь ад 16 мая 1996 года № 370-XІІІ «Пра аўтарскае права і сумежныя правы» афіцыйныя дакументы (законы, судовыя рашэнні, іншыя тэксты заканадаўчага, адміністрацыйнага і судовага характару), а таксама іх афіцыйныя пераклады, дзяржаўныя знакі і знакі (сцяг, герб, гімн, ордэны, грашовыя і іншыя знакі), не з'яўляюцца аб'ектамі аўтарскіх праў.
  1. Маецца на ўвазе Чанадская (Csanad) епархія з цэнтрам у г. Сегед на паўднёвым усходзе сучаснай Венгрыі.
  2. Верагодна, гаворка ідзе пра г. Латак, сучасны Шарошпатак на паўночным усходзе Венгрыі.