Кроніка Вялікаго Князьства Літоўскага

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Кроніка Вялікаго Князьства Літоўскага
Навукова-папулярны артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1914 год
Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 48, 5 сьнежня 1914 г., б. 3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Кроніка Вялікаго Князьства Літоўскага.

Шмат чаго вучыцца, ведае і стараецца пазнаць наш беларус-інтэлігент, але пры ўсім гэтым найменей, бадай, ведае аб тым, што датычэ яго роднай гісторыі, аб тым, як жылі яго дзяды-прадзеды, што дзеялося на зямлі Беларускай

«…У даўные гады
Што думалі, чаго бажалі мы тады,
За што змагаліся, як баранілі веру…»

Праўда, няўмецтва гэтае нашай інтэлігенціі, крыху апраўдываюць варункі, у якіх жыў праз два апошніе сталецьця наш народ: з аднэй стараны атступніцтва беларускай буржуазіі у старану пануючых культур ды паняволеньне ў прыгоне селян, зруйнавало старую-беларускую культуру, панівэчыло національна-беларускіе традыціі, стварыло атмосфэру безпрасьветнаго рабства — духа і цела, а з другой стараны розные забароны, як напрыклад: забарона друку, забарона навучаньня граматы па беларуску, забарона маліцца беларусам у роднай мове стаўлючые беларуса у палажэньне безпраўнаго парыя на зямлі, палітай крывёй і ўгноенай касьцямі дзядоў прадзедоў.

Але цяпер часьць найгоршай злыбеды нашай мінулася: беларус, як і ўсе людзі, цяпер мае развязаные рукі і аткрытую дарогу да самапазнаньня і можэ ператварацца з векавечнаго мучэніка у чэлавека-грамадзяніна. Можэ гаварыць голасна у сваей мове аб сваіх крыўдах і патрэбах, можэ дабівацца сабе лепшай будучыны, можэ пазнаваць мінулае, «Усю праўду пра наш і прошлы час».

Да пазнаваньня беларусу сваей гісторыі вельмі шмат могуць прычыніцца і дапамагчы выдаваные у розные часы у чужых мовах немалаважные працы аб гісторыі Беларусі.

Да такіх цэнных прац, якіе з’явіліся у апошніе часы, у першы чарод трэба палічыць перадрук у аднэй кнізе усіх вядомых дагэтуль кронік Вялікаго Князьства Літоўскаго. («Полное собраніе Русских Лѣтописей» Томъ 17-й. Западно-русскія лѣтопиcи). Як усім вядома, колішняе Вялікае Князьства Літоўскае упраўлялося, ад мала да вяліка, мовай беларускай. і дзеля гэтаго Кронікі, так званые «Літоўскіе», гэта кронікі гасударства, каторае культурай, літэратурай і строем, было беларускае, само сабой пісаны мовай беларускай. Аўторы гэтых кронік «думалі» па беларуску, і пісалі такой чыстай і харошай мовай, што не адзін з сучасных нашых пісьменнікоў мог-бы пазавідываць прыгажосьці мовы, уложэнай у кроніку, аўторам, жыўшым таму лёт 200—300.

Але ня ў гэтым ўся цэна кронік. Кронікі гэтые даюць пазнаньне гісторыі нашаго народу с тых часоў, калі народ гэты жыў поўнасьцю жыцьця, калі яшчэ вогнік рэнэгацтва не чапіў буржуазных слаёў і калі яшчэ народу вальней дыхалося.

Кніга гэта выпушчэна друкам «Імператорской Археографічэской Комісіей», займае 648 страніц друку ў цэлы аркуш, а ў канцы дададзены два спіскі: спісак імён і спісак мейсцовасьцей, успомненых ў кроніках.

Даючы вестку аб кнізе, маю надзею зацікавіць і зьвярнуць на яе увагу людзей, каторые цікавюцца гісторыей Беларусі.

У кнізе памешчэны такіе кронікі: 1) Супрасльскі спісак, 2) Увароўскі спісак, 3) Акадэмічны спісак, 4) Спісак гр. Красінскаго, 5) Віленскі спісак, 6) Літоўскаму роду пачынак, 7) Origo regis Jagyelo et Wytholdi ducum Lithuani, 8) Спісак археологічэскаго обшчэства, 9) Спісак гр. Рачынскаго, 10) Евреіноўскі спісак, 11) Родасловіе вялікіх князёў Літоўскаго княжэства, 12) Похвала Вітоўту, 13) Ольшэўскі спісак, 14) Спісак Быхоўца. Да гэтаго прыложэна ешчэ: 1) Літоўскаму роду почынак, 2) Родасловец велікіх князей літоўскіх, 3) Начало гасударэй літоўскіх, 4) Прэдсловіе о вялікіх князях Літоўскіх аткуль яны пашлі, 5) Родаслоўе вялікіх князей літоўскіх, 6) Сказаньне а вялікім князю Вітоўце.

Власт.