Коцік, пеўнік і лісіца
Коцік, пеўнік і лісіца Беларускія народныя казкі Аўтар: народ Крыніца: http://www.usebelarusy.by/be/content/falklor/mythes/25079/25086 |
Жылі-былі коцік і пеўнік. Добра жылі, дружна. Коцік на паляванне хадзіў, а пеўнік есці варыў, хатку падмятаў, песні спяваў. Аднойчы пайшоў коцік на паляванне, а пеўнік зачыніў за ім дзверы ды пачаў абед варыць. Бяжыць лісіца, убачыла хатку, падскочыла да акенца:
— Гэй, хто тут гаспадар?
— Я, — кажа пеўнік.
— Пусці ў хатку.
— Чаго?
— Пасяджу трохі, адпачну з дарогі.
Пеўнік добры быў, пусціў лісіцу ў хатку, а лісіца — цап! — ухапіла яго і панесла дадому. Апамятаўся пеўнік, закрычаў на ўвесь лес:
— Коце, браце!
Мяне ліска нясе
У высокія горы,
У глыбокія норы,
Па барах, да карчах,
Аж бярэ мяне страх!..
Пачуў гэта коцік, прыбег, адабраў у лісіцы пеўніка і завёў яго назад у хатку.
— Ну, — кажа, — глядзі ж, друті раз не пускай лісіцу, бо цяпер я далей пайду і магу не пачуць цябе.
— Добра, — кажа пеўнік, — не пушчу.
Зноў пайшоў коцік на паляванне. А лісіца — як тут была.
— Пеўнік, галубок, разумны лабок, адчыні!
— Што табе трэба?
— Пазыч агню.
— Навошта?
— Буду ў печы паліць.
— Не адчыню, бо ты схопіш мяне.
— Ды не, больш не буду хапаць.
Паверыў пеўнік лісіцы і адчыніў дзверы. А тая — ухапіла яго і панесла. Пеўнік зноў пачаў клікаць коціка:
— Коце, браце!
Мяне ліска нясе
У высокія горы,
У глыбокія норы,
Па барах, па карчах,
Аж бярэ мяне страх!..
Добра, што коцік далёка не адышоўся ад дому: пачуў ён пеўніка, прыбег і адабраў яго ад лісіцы.
— Ну, — кажа ён пеўніку, — калі ты і трэці раз адчыніш лісіцы дзверы, то бяда будзе: цяпер я пайду на паляванне яшчэ далей.
— Не, — кажа пеўнік, — больш я гэтай ліхадзейцы дзвярэй не адчыню.
— Глядзі ж! — і коцік пайшоў у самыя далёкія лясы.
Прыбегла лісіца:
— Пеўнік, галубок, разумны лабок, дай вугалёк!
— Не, цяпер я дзверы табе не адчыню!
— Дык ты праз акенца падай.
— Праз акенца можна, — згадзіўся пеўнік.
Адчыніў ён акенца, а лісіца ўхапіла яго і панесла. Крычаў, крычаў пеўнік, ды коцік яго так і не пачуў: вельмі ж далёка ён зайшоў.
Прынесла лісіца пеўніка дахаты і загадала дочкам у печы паліць, з пеўніка крупнік варыць. А сама пайшла гасцей склікаць.
Вярнуўся з палявання коцік, бачыць — няма пеўніка. «Мусіць, яго зноў лісіца ўхапіла, — падумаў коцік. — Як жа яго цяпер з бяды выратаваць?»
Зрабіў ён скрыпачку галасістую ды пайшоў да лісіцы. Прыйшоў, сеў ля варот і зайграў, прыпяваючы:
— Тылі-тылі, скрыпіца,
Тут сядзела лісіца,
А ў лісіцы новы двор.
Сем дачушак на выбор,
Восьмы пеўнік — гэта мой!
Пачулі лісіцыны дочкі музыку і кажуць:
— Як жа хораша нехта грае, пабяжым паслухаем, а пеўніка зварыць яшчэ паспеем.
Выбеглі яны на двор ды і заслухаліся. Пеўнік жа тым часам не драмаў: выскачыў з лісіцынай хаткі ды пабег з коцікам дахаты. Так і засталася лісіца ні з чым.