Перайсці да зместу

Князь Вітаўт (Грышкевіч)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Князь Вітаўт
Верш
Аўтар: Францішак Грышкевіч
1927 год
Крыніца: Часопіс «Сялянская Ніва», № 3 (54), 8 студня 1927 г., б. 2

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КНЯЗЬ ВІТАЎТ.


Там за гарамі, там за лясамі,
Дзе слаўна Вільня стаіць,
Там пад старымі, там пад мурамі
Грозны дух Вітаўтаў сьпіць.

Ціха, ціхутка, у тым падзямельлі
Лямпа лаёва гарыць,
Лямпа лаёва ў мнішае кельлі,
А побач — Вітаўт Князь сьпіць.

Нераспрануты і неразуты,
Зброя на Князю блішчыць.
Дзьверы да кельлі моцна замкнуты,
Рыцар пры клямцы стаіць.

Вус як кудзеля, зрок пяруновы,
Молат руку яму гне…
У дзьверы кельлі кожны Год Новы
Моцна тры раза ён б’е.

Моцна тры разы б’е ў дзьверы кельлі,
Ўходзіць і гасіць сьвятло
І справазданьне чуць ў падзямельлі:
«Столькі гадоў уцякло!»

Князь без адказу правай рукою
Знак дае выйсьць, а сам сьпіць:
Рыцар да лямпы ўлівае лою
Паліць вагонь і… стаіць.

Ціха, ціхутка, там пад зямлёю,
Дзе сьпіць наш Вітаўт ваяк,
А пад мурамі, а над гарою
Вісіць няволянькі знак.


Фр. Грышкевіч