Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1921, Вільня)/Прадмова
| Прадмова Прадмова Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі 1921 год |
Уступ да гісторыі Беларусі → |
Нам усім добра вядомы той соцыяльна-палітычны уклад жыцьця, які быў пад цяжкаю рукою самаўладзтва ў ва ўсёй Расіі і ў нас на Беларусі. Змагаючыся з усім тым, што было жывым, карысным для народу, самаўладзтва змагалася і з усім тым, што мела на сабе адзнакі мяйсцовага, ці нацыянальнага напрамку. Усё вялікае, агульнае ставілася замест дробнага, мяйсцовага і нацыянальнага. Панавала ідэя імпэрыялізму. Афіцыяльна істнавала палітычна і культурна толькі ядыная і непадзельная Расія, якая ведала і падтрымлівала ядыную і непадзельную гісторыю, агульна-рускую гісторыю. Такая гісторыя чыталася і выкладалася ў ва ўсіх школах імпэрыі, і яе вучыліся ўсе народы імпэрыі, на якой-бы мове яны ні гаварылі, да якой-бы нацыянальнасьці яны ні належалі. На гэтай агульнарускай гісторыі адукаваліся і мы — беларусы.
У часы імпэрыі не зварачвалася увагі на тое, што з культурнага пагляду ніколі ня было цэльнай ядынай Расіі. Было зьняважана тое, што гэтая палітычна-ядыная Расія лічыць у сваім складзе 140 народаў; што прырода Расіі сьпявае размаітыя сьпевы і фармуе асобныя этнаграфічныя твары народаў; што падданыя ядынай імпэрыі гавораць размаітымі мовамі і маюць кожны сваё мінулае, на каторым будуецца будучына.
І што-ж зрабілася? Зрабілася тое, што і павінна было зрабіцца. Мы ніколі ня ведалі і цяпер ня ведаем агульнарускай гісторыі, бо толькі тагды магчыма знаць агульнае, калі мы ведаем дробнае, асабістае, прыватнае. У гісторыі, так сама, як і ў другіх навуках, павінна ісьці не ад агульнага да асабістага, а наадварот.
Здавалася, моцна стаіць зялезны кумір самаўладзтва, моцна трымае ў магутных руках культурную, этнографічную, географічную і палітыка-соцыяльную размаітасьць. Але прабіў час і рухнуў кумір, бо ня было ў яго апоры, бо былі ў яго, як у таго біблейскага куміра, гліняныя ногі. Калі ўпаў кумір, то ўвесь абшар Расіі засыпаў ён сваімі руінамі і драбязгамі. Паднялася вялікая цемра ад густога пылу. І здавалася нам, што нічога няма наўкола нас, апроч гэтай цемры і пылу. Але аблёгся пыл, зьнікла цемра, і пачалі мы аглядацца навокала. Пад нагамі нашымі, сярод руін і драбязгаў ўжо пачалі выбівацца з пладавітай глебы чалавечага жыцьця новыя, чуць прыметныя расьліны. Сярод гэтых новых расьліне асабліва хутка пачалі падымацца ўгару расьліны фэдэралізму, іначай кажучы, расьліны індывідуалізму і індукцыйнай творчасьці.
Пачалося на могілках новае жыцьцё. У нашыя часы мы бачым, як усё навокала нас фэдэралізуецца.
Найперш ад усяго пачалася фэдэралізацыя ў палітычным будаўніцтве. Замест ядынай і непадзельнай Расійскай імпэрыі мы бачым шмат новых палітычных арганізмаў. У цяжкіх муках творчасьці нараджаюцца на сьвет дзяржавы прыгняцёных невялікіх, нават маленькіх народаў. Урэшце, і Беларусь наша пабачыла ў векавечным сьне сваё дзяржаўнае мінулае, загаварыла аб сваіх чалавечых правох і пачала сярод рэвалюцыйнага і ваеннага гурагану будаваць сваю дзяржаўнасьць.
За палітыкай пайшло фэдэралізавацца і эканамічнае жыцьцё. Кожная старана пачала з вялікаю увагаю падлічываць свае народныя скарбы, капіталы і маетнасьці. Зьявіліся гандлёвыя палаты і эканамічныя місыі ў размаітых народаў.
У пазьнейшыя часы фэдэралізуецца штукарства, фэдэралізуецца і навука, шукаючы для сваёй творчасьці і працы грунту ў мяйсцовым і нацыянальным жыцьці. Паміж іншымі навукамі пачала сваю фэдэралізацыю і гісторыя. У шырокіх колах грамадзянства пайшоў вялікі спрос на гісторыі асобных народаў, якія да апошніх часоў і за народы ня лічыліся. Агульныя курсы перасталі здаволіваць чалавека, бо ён не знаходзіў там таго, што датычыць жыцьця асобных народаў. Падняўся спрос і на гісторыю нашай бацькаўшчыны Беларусі.
Цяжкую працу будзе зараз несьці той, хто задасца мэтай працаваць над гісторыяй асобнага народу, напрыклад — беларусаў. Вайна зруйнавала край. „Эвакуацыі“ на захад і на ўсход зьнішчылі край ня толькі ў эканамічным, але і ў навукова-культурным сэнсе. Няма гістарычных матар‘ялаў, няма падручнікаў. Рэвалюцыйны гураган не дае магчымасьці працаваць спакойна, об‘ектыўна. Апроч таго, ня звыклі мы да працы над чымся невялікім, дробным. Мы прызвычаіліся лёгка глядзець на дробнае і не даваць яму цаны, а часам мы і зусім дробнага ня бачым.
Цяпер трэба пісаць і працаваць іначай. Мы павінны згары спусьціцца ўніз, каб тут унізе, а не з вышыні птушынага лёту рабіць нашу працу. Калі чалавек з вышыні птушынага лёту глядзіць уніз, усё здаецца яму гладкім, роўным і простым. Ен бачыць толькі плян і ня можа шчыльна прыгледзіцца да асаблівасьцей размаітакалёрнага малюнку. Каб знаць дэталі малюнку, трэба спусьціцца ўніз.
Узяўшы ў рукі ясны ліхтарнічак, павінны мы крок за крокам абыйсьці мінулае нашай бацькаўшчыны. А ні адзін куточак нашага мнагапакутнага жыцьця ня можа і не павінен астацца бяз нашага агляду. І калі ўсе нават найцямнейшыя куточкі жыцьця кожнага народу будуць вядомы, тагды толькі магчыма будзе ўзяць крыльлі вольнай птушкі, падняцца ўверх і адтуль з вышыні паглядзець на жыцьцё ўсіх народаў. Такі пагляд з вышыні дадасьць да нашага малюнку агульны плян жыцьця.
Але раней трэба ўзяцца за чорную працу. Ужо прыйшоў гэты час працы, час індукцыйнага будаваньня. Над крыжамі бацькоў падымаецца новая, маладая Беларусь. Цяжкай працай, белай, чыстай душою бярэ яна мейсца сярод братоў сваіх, іншых славянскіх народаў.
|
„Годзе ў полі, у лясох ты, старонка, і так (Янка Купала) |