Перайсці да зместу

Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1921, Вільня)/Другі пэрыяд

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Першы пэрыяд гісторыі Беларусі (IX—XIII ст.) Другі пэрыяд гісторыі Беларусі (XIII—XVI ст.)
Падручнік
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1921 год
Трэйці пэрыяд гісторыі Беларусі (XVI—XVIII в.)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Другі пэрыяд гісторыі Беларусі.
(XIII—XVI в.).

Як мы адзначылі раней, Полацкая Русь за ўвесь час свайго істнаваньня вяла амаль што небесперарыўнае змаганьне з Русьсю Кіеўскай. На гэтую барацьбу трацілася шмат сілы і кошту, гінулі людзі, руйнавалася ўсё тое, што было здабыткам цяжкай працы. У хатнім жыцьці краю, так сама, пачынае нарастаць нешта шкадлівае. Ідзе змаганьне дзьвюх соцыяльных клясаў грамадзянства: людзей лепшых — эканамічнай і палітычнай арыстократыі — з аднаго боку, і людзей меншых, подлых — працавітай беднаты — з другога боку. Гэтая барацьба так сама руйнуе палітычнае жыцьцё краю. Да ўсяго гэтага трэба дадаць, што пашлі спрэчкі паміж гарадамі і прыгарадамі, паміж асобнымі князямі, паміж асобнымі валасьцямі. Стала цяжка жыць у Полаччыне. Людзі розных станаў грамадзянства, шукаючы лепшых умоваў жыцьця, ці проста жадаючы выратаваць сваю галаву і маемасьць, уцякаюць з краю. Ідзе эміграцыя, каторая яшчэ больш нішчыць зруйнаваны край. Гэтая эміграцыя найчасьцей кіруецца на захад, у Літву. Бягуць прадстаўнікі розных груп грамадзянства. Ад сыстэматычнага ўціску мясцовага капіталу бяжыць на чужыну бедната. Капітал, баючыся ўзрываў народнай помсты, так сама пэўным крокам ідзе ў непачатыя куты Літвы. Туды-ж бяжыць і князь з дружынаю, выгнаны з Полаччыны ці вечам, ці князем-родзічам, ці князем-чужынцам. Абжыўшыся ў Ліцьве, набраўшы ў сваю дружыну ліцьвіноў, вяртаецца часам гэты князь зноў у Полаччыну, каб зрабіць помсту і ўзяць назад адабранае. Часта ў канцы XII-га і ў пачатку XIII-га сталецьця маёнткі князёў Полаччыны бываюць ліцьвінскія. Эміграцыя ў Літву, шкадлівая для Полаччыны, пашла на карысьць Ліцьве. Там пачынаецца нейкі рух, як палітычны, так і культурны. Літва пачынае яднацца, пачынае будаваць гаспадарства. Аб‘яднаўшы сябе, яна будзе потым рабіць гэтую працу і ў нашай бацькаўшчыне. Разьвінуўшы прасьвету і культуру, Беларусь ня здолела зьберагчы свайго асабістага дзяржаўнага жыцьця. Літва, ўзяўшы ў Беларусі яе прасьвету і культуру, прышла на Беларусь, каб даць ёй палітычны зьвязак і сувязь з сабою. Пасьля векавой сумеснай працы збудавалася вялікае і моцнае гаспадарства з літоўскаю ўладаю і полацкаю культураю. Жыцьцё гэтага гаспадарства складае другі, літоўска-беларускі пэрыяд гісторыі Беларусі. Гэты пэрыяд называюць эпохаю Літоўска-Рускага вялікага князьства, мы лічым патрэбным назваць яго літоўска-беларускім пэрыядам. Справа ў тым, што як раз у працягу гэтага пэрыяду вынікла і разьвінулася тая дыфэрэнцыацыя ўсходня-славянскага, рускага племя, якую мы бачым і дагэтуль. Літва аб‘яднала заходнюю палавіну руската пляменьня. Тут ішло сваё асабістае культурнае і палітычна-соцыяльнае будаўніцтва, над каторым працавалі ў цэнтры беларусы і на паўднёвай акраіне — украінцы. На ўсходзе ў гэты самы час збудавалася Маскоўскае гаспадарства, каторае аб’яднала ўсходнюю палавіну рускага пляменьня. Тут, так сама, йшла асабістая культурная і палітычна-соцыяльная праца велікаруса.

Ліцьвіны у пачатку пэрыяду.

Зьвесткі аб Ліцьвінох у летапісе надта небагатыя. У першы раз імя іх сустракаецца тут у X-м сталецьці. Судзячы па летапісе, ліцьвіны — невялікі народ, каторы ня мае навет пачуцьця этнографічнай еднасьці. Сялібы Ліцьвіноў былі раскіданы астраўкамі сярод драмучых лясоў і непраходных балотаў. Тэрыторыя, занятая ліцьвінамі ляжала па рэчцы Нёмане і яго прытоках, часткаю па Заходняй Дзьвіне і ўсходніх прытоках Віслы; падыходзіла да берагоў Балтыцкага мора. На поўдні землі ліцьвіноў дасягалі да сярэдняга цячэньня Заходняга Бугу. Апроч летапісу весткі, аб ліцьвінох даюць яшчэ курганы. 3 гэтых курганных вестак мы бачым, што ў Эўропе яны жывуць вельмі даўно і што ў старажытныя часы яны займалі куды шырэйшую тэрыторыю, чым потым. Іх сялібы ад берагоў Балтыцкага мора праз басейны рэкаў Нёмана і Заходняй Дзьвіны цягнуліся аж да сярэдняй Акі. У цяперашняй Калужаскай губэрні магчыма знайсьці літоўскія археолёгічныя астаткі.

У часы ад X-га да XII-га сталецьця невялікі літоўскі народ распадаўся на шмат дробных пляменьняў. На крайняй поўначы, па правым беразе Заходняй Дзьвіны жылі Летголы, продкі латышоў; на поўдзень ад іх, на левым беразе Дзьвіны, у цяперашняй Ліўземшчыне, жылі Земголы. Ад нізу Дзьвіны аж да самага Балтыцкага мора сядзелі Куроны (па заходняй номэнклятуры), ці Корсь (па рускіх летапісах). Паміж утокаў рэкаў Нёмана і Віслы жылі прусы, каторыя, водлуг паданьняў, дзяліліся яшчэ на 10 каленаў-родаў. Назвы двох з гэтых каленаў сустракаюцца ў Аляксандрыйскага вучонага II сталецьця па Нарадж. Хрыст. Птолёмэя. Апроч таго, магчыма назваць такія літоўскія пляменьні: Жамойт (Ковеншчына), Аўкстота (Віленшчына), Ятвягі (Горадзеншчына). Усе гэтыя пляменьні доўга жылі ня толькі розна, а навет і воража адно з другім.

Вучоныя па мове ліцьвіноў і па другіх адзнаках вызналі, што яны належаць да арыйскіх ці, йначай кажучы, да індаэўрапэйскіх народаў. Да гэтага-ж караня належаць Пэрсы, Грэкі, Рымляны, Кэльты, Гэрманцы і Славяны. У той час, як мовы ўсіх пералічаных народаў далёка адыйшлі ў сваім разьвітку ад свае старое арыйскае мовы, мова навет сучасных нам Ліцьвіноў захавала ў сваім граматычным і лексычным складзе амаль ня ўсе асобнасьці стара-арыйскай мовы. Гэтая зьява, думаюць, залежыць ад таго, што Літоўцы, асеўшы надоўгі час сярод пушчаў і балот, як-бы захаваліся тут ад культурна-гістарычнага руху і ад культурных уплываў.

Што датычыцца да звычайных промыслаў, якімі жылі і карміліся Ліцьвіны, то і тут яны ішлі тым шляхам, які паказвала ім матка-прырода. Балоты, вазёры і рэкі клікалі ix да рыбацтва, адвечныя лясы да зьвералоўства і пчалярства. Вельмі рана павінны былі яны прышыцца да зямлі, зрабіцца аседлым народам: бо куды пойдзеш, калі цябе ня пускае вольна хадзіць па сьвеце то балота, то вада. Аceўшы на мясцох ліцьвіны пачалі эксплёатаваць тыя кавалкі сухога грунту, якія былі раскіданы па іх зямлі. Так павінна было зьявіцца сярод іх земляробства. Усе летапісы XII-га і XIII-га сталецьця ў вадзін голас гавораць, што ліцьвіны таго часу былі ўжо шчырымі земляробамі і мелі, дзякуючы гэтаму, больш, чым даволі хлеба.

Жывучы ў лясным заціску, адгароджаныя ад суседзяў балотамі і вазёрамі, ліцьвіны не маглі разьвярнуць такой культуры, якая была ў той час у ўсходніх і заходніх славянаў. Гарадоў, як гандлёвых цэнтраў, у іх ня было. Зрэдка можна было спаткаць гарады, як цэнтры стратэгічныя, каторыя мала чым розьніліся ад вёсак. Найчасьцей жылі яны па вёсках, зьбіраючыся ў купу патрыярхальнай сям‘і, ці роду. На чале такіх сямей і родаў стаялі звычайныя старшыні, роданачальнікі, ці князі, каторых ліцьвіны называлі рыкасамі і кунігасамі. Летапісы гавораць, што такіх князёў у ліцьвіноў было шмат. У нас ёсьць, напрыклад, такія весткі, што паўночна-ўсходні, рускі вялікі князь Аляксандар Неўскі ў бойцы пад Тарапцом забіў восем літоўскіх князёў; Даніла Раманавіч, вялікі князь Галіцка-Валынскі, змагаючыся з Яцьвягамі, забіў 40 яцьвяжаскіх князёў. Нам патрэбна выясьніць, кім былі гэтыя ліцьвінскія кунігасы, ці рыкасы, якую яны мелі ўладу і моц. Мы мала можам адказаць на гэтае пытаньне. Усё-ж такі вядома, што ўлада ліцьвінскіх князёў пашыралася на нязначныя па тэрыторыі вясковыя ваколіцы, але ў гэтым невялікім абшары яны кіравалі зусім самавіта і незалежна адзін ад аднаго. Паміж імі часта адбываліся хаўрусы, а яшчэ часьцей ішло змаганьне з прычын чыста мясцовых ці радавых; іншы раз яны злучаліся для якога-колечы хаўруснага паходу на суседзяў. Магчыма думаць, што некаторыя кунігасы былі проста патомкамі радавых старшын; другія абіраліся асобнымі патрыярхальнымі абшчынамі для таго, каб стаць на чале іх у цяжкі час барацьбы з другімі такімі-ж абшчынамі; трэйція прышлі з боку і сілком накінулі сваю ўладу, скарыстаўшы ці сваю выдатнасьць і вядомасьць, ці цяжкае і гаротнае становішча асобнай літоўскай групы. Часам з летапісаў магчыма бачыць, што асобныя літоўскія князі зьбіралі вакол сябе ахвотнікаў да збойства, арганізавалі нешта падобнае да славянскае і германскае дружыны і рабілі напады на суседнія землі. Навет такі багаты і магутны горад, як Рыга, ня мог лічыць сябе бясьпечным ад нападу літоўскіх князёў.

У ліцьвіноў доўга трымалася паганская вера, бо, дзякуючы асобнасьці свайго грамадзянскага і палітычнага жыцьця, яны ня мелі ніякіх шырокіх зносін з народамі хрысьціянскай рэлігіі. Навет у XIII-м сталецьці, калі ўжо ўсе народы навокала ліцьвіноў прынялі хрысьціянскую веру, яны, як і раней, былі паганскім народам. Ліцьвіны, як раней і славяны, лічылі, што ўся прырода заселена багамі, і кланяліся сілам прыроды. Сілы прыроды жылі ў зьявах і рэчах прыроды, у зьвярох і г. д. Як і ўсе арыйцы, ліцьвіны асабліва паважалі і кланяліся жыватворчаму агню ўва ўсіх яго зьявах і формах, лічачы агонь наймацнейшай божаскай сілай. Найгалаўнейшым богам лічыўся пан маланкі і грому Пэркунас, падобны да ўсходняславянскага Пяруна і нямецкага бога-грамаўніка Тора. Апроч яго ліцьвіны кланяліся другім багом, у асобе каторых бачылі асобныя сілы акружаючай іх маткі-прыроды. Наагул кажучы, рэлігія ліцьвіноў была дужа падобна да паганскае веры ўсходніх славянаў.

Да нашага часу многія падручнікі кажуць аб тым, што ў ліцьвіноў паганскага часу істнавала добра арганізаваная жрэчаская іерархія, на чале каторай стаяў нейкі старэйшы жрэц, якому даюць назву Крывэ Крывэйта, і быў ня толькі першай духоўнай уладай у ліцьвіноў, але меў і вышэйшую сьвецкую ўладу. Усё гэта ёсьць чыстае непаразуменьне. Грунтуецца яно на хроніцы канца XII-га сталецьця Пётры Дюсбурскага, у каторай, паміж іншым, гаворыцца: „У літоўскага народу Прусаў было такое месца, звалася яно Ромаў. Гэтая назва мае свой пачатак ад назвы вечнага гораду Рыму. Тут, у Ромаве, жыў нехта Крывэ, каторага яны паважаюць, як папу. Як пан наш, папа, кіруе агульнаю цэркваю верных, так Крывэ кіруе ня толькі памянёным народам (Прусамі), але і Летамі і другімі народамі зямлі Літоўскае. Улада яго мела такую моц, што калі сам ён, ці хто другі, ім пасланы, праходзіў па зямлі ліцьвіноў, то ўсе князі, знатныя людзі і просты народ рабілі яму вялікую пашану“. Профэсар Мяржынскі даводзіць, што гэтаму паданьню, запісанаму ў хроніцы, немагчыма даваць веры. Справа ў тым, што паданьне аб Крывэ маецца толькі ў ваднаго Пётры Дюсбурскага, а ўсе другія гістарычныя крыніцы, як старэйшыя, так і сучасныя яму, нічога не гавораць аб уладзе Крывэ. Самае слова „Крывэ“ хутчэй можна разумець як уласнае імя паважанага ў ліцьвіноў жрэца, чым агульную назву асобы, меўшай такую вялікую ўладу. Што датычыць падвойнай назвы „Крывэ Крывэйта“, то яе і ў Пётры Дюсбурскага саўсім няма, апроч таго яна і немагчыма ў літоўскай мове, каторая ня ведае такіх падвойнасьцяў. Параўнаваўшы з паданьнем хронікі П. Дюсбурскага ўсе другія весткі аб ліцьвінох таго часу, мы можам пэўна сказаць, што да пачатку XIII-га сталецьця ў Ліцьве ня было дзяржаўнай улады.

Аб‘яднаньне Літвы.

У канцы XII і ў пачатку XIII-га сталецьця сярод літоўскіх пляменьняў пачынаецца якісьці концэнтрацыйны рух. Гэты рух вынік, як адказ на той уціск, які мы бачым у гэты час з паўдня і ўсходу. Водлуг вестак рускіх летапісаў на працягу XII-га сталецьця і раней на Літву ідуць досіць частыя паходы рускіх князёў. Так, напрыклад, вядома, што ўжо Уладзімер Кіеўскі (Сьвяты) рабіў паходы на Яцьвягаў і некалькі разоў перамагаў іх. Сын Уладзімера, добра вядомы Яраслаў Мудры, таксама, не адзін раз хадзіў паходамі на Літву і на мяжы Літвы і Русі Яраслаў залажыў горад Навагрудак для стратэгічных мэтаў. Асабліва многа паходаў на Літву рабілі Галіцка-Валынскія князі. Бліжэйшыя суседзі ліцьвіноў, князі Полаччыны, таксама, ня раз урываліся ў зямлю літоўцаў. Так было ў тыя часы, калі Полаччына была моцная і не разрывалася на кавалкі ад хатніх, палітычных і соцыяльных спрэчак, напрыклад, пры Усяславе. Але калі Полаччына аслабла ад бесперарыўнага змаганьня з Кіеўшчынай і ад таго бязладзьдзя, якое ў ёй пачалося пасьля Усяслава, то, разумеецца, адносіны яе да Літвы сталі іншыя. Асобныя князі і прадстаўнікі змагаючыхся ў Полаччыне групаў грамадзянства павінны былі эміграваць з бацькаўшчыны і шукаць свае долі на Ліцьве. Асядаючы ў Ліцьве, яны станавіліся, як-бы, правадырамі той культуры і арганізацыі, якая была ў Полаччыне. З уцекачамі прыходзіў на Літву капітал, прыходзіла і ваенная моц. Уцекачы — князі групавалі вокала сябе ліцьвіноў, знаёмілі іх з той ваеннай арганізацыяю, якая была добра знаёма ім самім. Часта, скарыстаўшы згрупаваную імі літоўскую ўзброеную сілу, князі-ўцекачы йшлі на помсту ў Полаччыну. Адсюль толькі адзін крок да таго, каб ліцьвіны і бяз прызыву князёў, па сваёй добрай волі і ахвоце, пачалі ўмешавацца ў жыцьцё Полаччыны. Так яно і сталася з працягам часу. Прыходзячы ў Полаччыну, ліцьвіны яшчэ лепш і шчыльней маглі падыйсьці і звыкнуць да арганізацыі і культуры, якую бачылі ў Полаччыне.

Такім спосабам паходы рускіх князёў на Літву пачалі гуртаваць ліцьвіноў, каторыя павінны былі бараніцца. Поруч з гэтым Полацкая Русь рабіла культурны ўплыў на Літву праз сваіх эмігрантаў. Усё гэтае і пачало на Ліцьве арганізацыю, каторая была спачатку вайсковай арганізацыяй і толькі потым стала арганізацыяй дзяржаўнай. У канцы XII-га сталецьця Літва ўжо выступае на гістарычнае поле. Яна ўжо робіць паходы на Полаччыну, маючы на мэце прылучэньне да Літвы новых тэрыторыяў. Пачаўшы з абароны, яна перайшла да нападаў. Адзін з такіх момэнтаў нападу на Полаччыну апісвае пясьняр слова аб Ігаравым палку. „Мутна цячэ Дзьвіна ў Палачан пад грозным клікам Літвы паганскай. Толькі адзін Ізяслаў, сын Васількоў, пазваніў вострымі мячамі аб шаломы літоўскія, думаючы аб славе дзеда свайго Усяслава, але сам ён ужо ляжыць на крывавай руні, пад шчытамі чырвонымі, пацяты мячамі літоўскімі. Ня было з ім брата Брачыслава і другога брата Усевалада. Адзін ён выраніў душу з харобрага цела праз залатое ажарэльле“.

Сьледам за вайсковаю арганізацыяй пачалася ў ліцьвіноў арганізацыя дзяржаўная. Яна была як-бы адказам на другі ўціск, уціск з захаду, з боку немцаў. Гэты ўціск на Літву пачаўся крыху пазьней.

Першы раз немцы зьявіліся ў вусьці Заходняй Дзьвіны, каля палавіны XII-га сталецьця. Істнуе такое паданьне, што немцы пазнаёміліся з літоўскім краем саўсім прыпадкова. Марская бура прыбіла іх сюды і з гэтага часу яны пачалі наяжджаць сюды па сваёй волі. Зьявіліся немцы бяз броні, бяз шуму, ціха і згодна, як гандляры. Праз нейкі час разам з гандлярамі прыехаў сюды сьвяшчэньнік Мэйнгард. Ен пабудаваў тут цэркву і пачаў шырыць хрысьцянскую прасьвету сярод ліцьвіноў. З ім зьявіліся другія місыянэры. Трымаючы ў руках крыж, яны за пазухаю мелі камень. Гэта відаць з таго, што хутка тут ужо будуецца моцны замак, муры і вежы якога пануюць над акружнымі лясамі і балотамі. Гэты замак рабіў місыянэраў панамі над мясцовым людам і даваў ім магчымасьць мець ня толькі моральную, але і палітычную моц. Раней, калі Ліцьвіны і іх суседзі Лівы бачылі ў прышоўшых людзях прапаведнікаў новай веры, яны прыслухоўваліся да іх слоў і зварачалі ўвагу на новыя праўды. Але часам адносіны да людзей з крыжамі ў руках зьмяніліся. Мясцовыя жыхары сталі добра прыглядацца да чужынцаў і хутка пабачылі, што місыянэры ня так цікавяцца сваім духоўным уплывам, як пашырэньнем і ўзмацненьнем свае ўлады ў гэтым краі. Пасьля гэтага яны ня надта ахвотна сталі слухаць прапаведнікаў, а потым і зусім перасталі. Праз нейкі час мы бачым, што ўжо ў Ліцьве выбухаюць паўстаньні. Часта нямецкіх місыянэраў разам з гандлярамі праганяюць з краю. Ліцьвіны і лівы, прыняўшыя хрышчэньне, пры першай магчымасьці зноў апускаюцца ў чыстыя воды Дзьвіны, змываюць з сябе хрысьціянство і адсылаюць яго па Дзьвіне назад да немцаў, адкуль яно і прышло. Калі на Захадзе даведаліся аб гэтым, то рымскі папа абвясьціў крыжовы паход на Лівонію і Літву, бо ў той час у Заходняй Эўропе як раз ішла эпоха крыжовых паходаў. Розныя клясы заходняга грамадзянства, дабіваючыся сваіх палітычных і эканамічных мэтаў, давалі матар‘ял і грунт для гэтай эпохі. Пад знакам крыжа хаваліся палітычные і эканамічныя інтарэсы учасьнікаў паходаў: рыцары шукалі новых земляў — фэодаў, гандляры — новых рынкаў, мужыкі, сэрвы — вольнага жыцьця, духавенства — новых парахвіяў і г. далей. Гэты натоўп з далёкімі ад хрысьціянства мэтамі і інтарэсамі прышле Заходняя Эўропа ў Лівонію і Літву для пашырэньня рэлігіі вялікага Хрыста.

У 1200-м годзе пры вусьці Заходняй Дзьвіны ўжо зьяўляецца крыжовае апалчэньне, на чале якога стаіць будучы біскуп Лівоніі Альбэрт Буксгэўдэн. 3 крыжам, такім спосабам, на Літву прышоў меч. У 1201-м годзе Ямбэрт закладае горад Рыгу, каторы робіць месцам свае катэдры. У гэтым жа годзе ён засновавае для Літвы і Лівоніі рыцарска-манашаскі ордэн, падобны да тых, якія заснаваліся ў Палестыне. Новы ордэн, адтрымаўшы статут палестынскага ордэну тампліераў, пачаў называцца брацтвам Хрыстовай дружыны (fratres miliciae Christi), а потым — ордэнам мечаносцаў (glabiferi), ці Лівонскім. Відочная адзнака рыцараў-манахаў гэтага ордэну такая: белы плашч з чырвоным крыжам і мечам на плячох. Сябры ордэну адтрымалі ад папы ня толькі абавязак пашыраць хрысьціянства, але і права ўладаць пакорнымі землямі залежна ад рыжаскага біскупа. Крыжам, мечам і агнём робяць яны сваю справу, рабацяць ліваў і ліцьвіноў і сілком перарабляюць іх на хрысьціянаў. Каб лепш трымаць у сваіх руках новых каталікоў, яны муруюць моцныя замчышчы ў Крэйцбургу, Дынабургу, Волькэнбэргу, Люцыне, Рэжыцы і г. д. Бяз страху, седзячы ў мурох сваіх замкаў, яны заняволіваюць і гарманізуюць край ад паўночнай мяжы цяперашняй Ковеншчыны да Фінскай затокі і да Пскоўшчыны. Мясцовыя жыхары, згубіўшыя вольнасьць і сілком перарабляемыя на хрысьціянаў, падымаюць паўстаньні і гуртуюцца, каб мець магчымасьць абароны ад уціску.

Крыху пазьней ад Лівонскага ордэну (1225 г.) пры Балтыцкім моры, паміж Нёманам і Віслай, на землях літоўскага пляменьня Прусаў абсеўся другі духоўна-рыцарскі ордэн — Тэўтонскі. Зьявіўся ён сюды з Палестыны, гдзе істнаваў з часу трэйцяга крыжовага паходу. Затрымацца ў Палестыне на далейшыя часы ён ня мог, бо там мусульманы пачалі праганяць крыжакоў. У такі цяжкі для ордэну мамэнт да яго зьвярнуўся адзін польскі удзельны князь, гэрцог Мазавецкі Канрад. Ен запрасіў да сябе рыцараў тэўтонскага ордэну, каб яны баранілі яго землі ад нападаў літоўскага племя Прусаў. Калі рыцары аселі на новым месцы, пачалося іх змаганьне з Прусамі. Барацьба была ўпартая і крывавая. Дзякуючы свайму ваяўніцкаму штукарству і добрай зброі, урэшце, тэўтонцы адтрымалі верх. Прусы прымушаны былі часткаю выселіцца на паўднёвы ўсход, часткаю загінулі ў няроўнай барацьбе, часткаю зьліліся з перамогшымі іх немцамі. Літоўскі нацыяналны твар іх сьцёрся, а імя перайшло на немцаў, каторыя зрабілі гэты літоўскі край сваею калёніяю.

У 1237-м годзе абодва ордэны злучыліся, каб лепш змагацца з Літвою. Ліцьвіны, ўстрывожаныя гэтымі суседзямі, пачалі з імі крывавую барацьбу, баронячы моцна сваю народнасьць. Пэўна, што і літоўскім пляменьням трэба было злучацца ў адно моцнае гаспадарства, каб цалкам не загінуць у гэтай барацьбе.

Такім спосабам, само жыцьцё прымушала літоўскія пляменьні да аб‘яднаньня. З двох бакоў былі яны сьціснуты сваімі суседзямі. З аднаго боку, — з усходу, напіралі на іх рускія славяны, з другога боку, — з заходу, ішоў гвалтоўны нямецкі ўціск. Літоўцам, у адказ на гэты двухбочны націск, прышлося гуртавацца. Раней яны гуртуюцца ў ваенныя сувязі, пазьней з гэтых сувязяў вынікае грамадзянская і дзяржаўная арганізацыя. Арганізуючы адпор сваім заходнім і ўсходнім суседзям, ліцьвіны падаліся некалькі на ўсход, бо славяны былі слабейшыя за немцаў; ліцьвіны дзьвінуліся ў бок меншага праціўленьня. Спаткаўшыся з полацкімі славянамі ўжо на славянскай тэрыторыі, ліцьвіны аказаліся з палітычна-арганізацыйнага боку мацнейшымі і пачалі творчую працу ў Полаччыне. Так пачаўся пэрыяд супольнага жыцьця ў адным гаспадарсьцьве ліцьвіноў і Полацкай Русі, пэрыяд літоўска-беларускага гаспадарства.


Будаваньне Літоўска-Беларускай дзяржавы ў XIII сталецьці.

У другой чверці XIII-га сталецьця, каля часу злучэньня двох нямецкіх ордэнаў, летапісы часта пачынаюць гаварыць аб адным з літоўскіх кунігасаў Мендаўзе. Яго яны называюць замажнейшым за ўсіх літоўскіх князёў. Пад 1236-м годам у Валынскім летапісе Мендаўг ужо лічыцца як-бы галавою і прадстаўніком Літвы. Ліўземская кроніка пад 1244-м годам, апісваючы адзін з нападаў ліцьвіноў на лівонскіх крыжакоў, гаворыць, што зямлю лівонскую пусташыла літоўскае войска ў 30 тысячаў чалавек і што на чале яго стаяў Мендаўг „магутны кароль літоўскі“. Гэтыя зьвесткі летапісаў і кронікаў трэба разумець так, што Мендаўг быў проста старшым над кунігасамі і меў пяршынство ў ваяўніцкіх справах. Малодшыя князі яшчэ ня страцілі свае незалежнасьці і часта мы бачым, што яны вядуць сваю асабістую палітыку. Так, напрыклад, у 1246-м годзе, ня гледзячы на тое, што паміж Валыньню і Мендаўгам была згода, йшла вялікая бойка паміж валынскім князем і адным з літоўскіх князёў на імя Айшвна. І гэтая бойка не пашкодзіла згодзе паміж Валыньню і Мендаўгам.

3 1248-га году кірунак улады Мендаўга мяняецца. Ен ужо не здаволіваецца пасадай першага князя паміж незалежнымі літоўскімі князямі, а пражэцца быць поўным гаспадаром Літвы. Дзеля гэтай мэты ён вядзе барацьбу з тымі князямі, каторыя хочуць захаваць сваю незалежнасьць. Барацьба была крывавая. Мендаўга не прыпыняла нішто. Шмат князёў, навет родзічаў і сваякоў Мендаўга, загінула ў гэтай барацьбе ад рукі Мендаўга. Адначасна з гэтым Мендаўг накладае сваю руку на незалежнасьць суседніх князьстваў Полацкай Русі. Карыстаючы з таго перапалоху, каторы зрабілі на Русі татары, ён захватвае, так званую, чорную Русь, тэрыторыя якой займала правыя прытокі Нёмана. Тут ён адтрымаў уладу над гарадамі: Навагрудкам, Слонімам, Гораднам, Воўкавым і інш. Яго падручныя князі ў гэты самы час зацьвярдзіліся ў Полацку. Сталіцаю свайго гаспадарства Мендаўг зрабіў Навагрудак.

Такім спосабам, Мендаўг збудаваў гаспадарства, каторае з самага пачатку было ня проста літоўскім, а літоўска-беларускім. Літоўскі гаспадар добра разумеў, што аперціся толькі на ліцьвіноў ён ня можа. Плямя ліцьвіноў было невялікае, апроч таго ў ім ня было культурнай моцы. Трэба было цягнуць да дзяржаўнага жыцьця рускае грамадзянства. Толькі яно было тым элемэнтам, з каторага можна было ўзяць і ўзброеную сілу, і арганізацыйна-культурную традыцыю, каторая была надта патрэбна для маладога, яшчэ слаба арганізованага, гаспадарства. I Полацкая Русь, пэўна, дала новаму гаспадарству свае парадкі, звычаі, установы і культуру.

Новаму гаспадарству найбольш пагражалі крыжакі. Яны карысталі з кожнага прыпадку, каб рабіць паходы на Літву і Беларусь. Мендаўг, добра ведаючы, што барацьба з немцамі яшчэ немагчыма, стрымаваў іх, пасылаючы ім падарункі. Каб лепш забясьпечыць сваё гаспадарства ад нападаў крыжакоў, ён навет прыняў у 1250-м годзе хрысьціянства. Разумеецца, гэтае хрышчэньне мела толькі палітычную мэту і „было льстиво“, як кажа летапісец. Зрабіўшыся офіцыяльна хрысьціянінам, Мендаўг з натуры не зьмяніўся. Ен, як і раней, прыносіў афяры сваім старым паганскім багом: як раней, выходзячы на паляваньне, баяўся, каб заяц не перабег яму дарогі. Выявілася ўсё такі, што гэтае „льстивое“ хрышчэньне не забясьпечыла Літвы ад нападаў немцаў. Тады Мендаўг зрокся хрысьціянства, стаў на чале абуранага народу і так разьбіў немцаў, што яны доўгі час устрымліваліся ад паходаў на літоўска-беларускія землі.

Асобныя князі былі здаволены самаўладзтвам Мендаўга. Яны апіраліся на мясцовыя сэпаратыўныя жаданьні. Ня маючы моцы адкрыта змагацца з Мендаўгам, яны ўчынілі згавор. Грошы адчынілі ім дзьверы да спальнага пакою гаспадара. Напаўшы на сьпячага князя, яны забілі яго разам з двума малалетнымі сынамі. Так скончылася першая проба будоўлі літоўска-беларускага гаспадарства. Забіўшы Мендаўга, згаворшчыкі пачалі дзяліць уладу паміж сабою. Кожны з іх, тым ня менш, добра разумеў, што грунтоўным напрамкам палітычнага жыцьця Літвы і Русі ёсьць злучэньне ўсіх земляў. Кожны з іх хоча ўзяць выкананьне гэтай мэты на свае плечы. Пачынаецца барацьба за вярхоўную ўладу паміж тымі, хто ня мог цярпець цяжару вярхоўнай улады Мендаўга.

Спачатку ўладу адтрымаў некі князь Таўцівіл. Праз некі час мы бачым на чале маладога гаспадарства жмудзкага князя Страйната. Ен доўга ня змог утрымаць уладу ў сваіх руках, і яго пасад займае хітры і дыплёматычны старэйшы сын Мендаўга Вайшэлак.

Яшчэ калі быў жывы Мендаўг, Вайшэлак кіраваў, як намесьнік бацькі ў Навагрудзкім князьстве і ў Чорнай Русі, каторая групавалася вокала Навагрудка. Ен быў падобен да свайго бацькі Мендаўга па той мэце, якую ставіў перад сабою: ён, як і яго бацька, быў прыхільнік аднаўладзтва.

Летапісец так малюе Вайшэлка ў той час, як ён быў князем-намесьнікам Навагрудзкім: „Вайшэлак кожны дзень забіваў па тры, ці па чатыры чалавекі. Як у які-колечы дзень яму ня было здарэньня забіць каго-небудзь, то ён рабіўся вельмі сумным і засмучаным, а калі ён каго забіваў, то быў надта рад“. Як прычытаеш гэтую летапісную зьвестку, то здаецца, што Вайшэлак быў якім-сь лютым, дзікім зьверам, каторы карміўся чалавечым мясам, чаго сапраўды быць не магло. Усё-ж такі гэтае паданьне дае адзнаку таго, што тварылася ў тыя часы. Трэба думаць, што былі нейкія грунтоўныя прычыны, каторыя прымушалі Вайшэлка, як і Мендаўга, праліваць кроў і рабіць забойствы. Ен быў надта разумны і хітры для таго, каб бяз прычыны і бяз мэты займацца людзкім збойствам. Справа ў тым, што Вайшэлак падтрымліваў бацькаўскую ідэю аднаўладзтва. Пэўна, што трэба было дапамагчы свайму айцу зламаць ворагаў аднаўладзтва, якіх, як мы ведаем, было ня мала. Калі мы зьвернем увагу на ўсё гэтае, то зразумеем, што Вайшэлак рабіў забойствы не дзеля свайго капрызу, а дзеля палітычнай мэты. Некалькі пазьней, калі была спрэчка паміж Галіцкім князем Данілай Раманавічам і Мендаўгам, літоўскі князь, жадаючы згоды, паслаў дзеля гэтай справы ў Галіччыну Вайшэлка. Вайшэлку ўдалося дабіцца згоды. Потым ён застаўся жыць у м. Холме ў Галіччыне, мабыць дзеля таго, каб падтрымаць згоду. Гэтая дыплёматычная місія яму ўдалася. Згода была ўзмоцнена выданьнем замуж сястры Вайшэлка за сына Данілы Шварна. Князяваньне над Чорнай Русьсю, а так сама жыцьцё ў Галіцкай Русі зрабілі з Вайшалка прыхільніка рускай нацыі, культуры і праваслаўнай веры. Раней паданьне не шкадавала чорнай фарбы, калі давала малюнак паганскага жыцьця Вайшэлка. Цяпер яно, так сама, не шкадуе ружовай хварбы, малюючы Вайшэлка ў хрысьціянсьцьве. Паданьне кажа, што, жывучы ў Галіччыне, Вайшэлак пазнаёміўся з адным ігумэнам Грыгорам, такім сьвятым чалавекам, якога, водлуг паданьня, „ня было раней і ня будзе пазьней“. Гэты сьвяты ігумэн меў такі ўплыў на літоўскага сярдзітага князя, што ён зрабіўся сьвятым чалавекам. Вайшэлка стала грызьці сумленьне за ўсе тыя збойствы, каторыя ён утвараў раней, як быў у паганскім стане. Ен прыняў хрысьціянства. Не здаволіўшыся гэтым, ён потым зрокся мірскога грэшнага жыцьця і прыняў манашацкі пастрыг. Тры гады пражыў Вайшэлак у Галіччыне пад кіраўніцтвам ігумена Грыгора, але яму ўсё жадалася сьвяцейшага жыцьця. Даведаўшыся, што гэтае жыцьцё можна знайсьці на Афоне, ён паехаў туды. Да Афону з некіх прычын яму не давялося дабрацца, і тады ён вярнуўся на бацькаўшчыну. Тут, недалёка каля Навагрудку, ён заснаваў манастыр, гдзе і жыў, як просты, звычайны манах. Мендаўг, каторы ў той час быў жывы, гневаўся на сына, што ён замест таго, каб дапамагаць бацьку ў палітычных справах, зачыніўся ў манастыры, але Вайшэлак быў цьвёрдым і астаўся манахам.

Так кажа летапіснае паданьне. Але далейшыя падзеі прымушаюць нас крыху іначай тлумачыць хрысьціянскі настрой Вайшэлка.

Калі Мендаўг быў забіты згаворшчыкамі, Вайшэлак уцёк да Пінску і тут жыў безбаязна, пакрыты манашацкай расай і клабуком. Але калі прышоў падхадзячы мамэнт пасьля сьмерці Таўцівіла, Вайшэлак скінуў расу, згрупаваў каля сябе беларускія, хрысьціянскія масы, забраў Навагрудак і абвясьціў сябе вялікім князем. Пачалася крывавая расправа, як з ворагамі яго бацькі, так і з яго ўласнымі ворагамі. Адных ён пазабіваў, а другія павінны былі пакінуць бацькаўшчыну. Аднаўладзтва было зноў дасягнута. Мы чакаем што Вайшэлак адтрымаўшы ўладу, будзе берагчы яе і ўзмацняць. Аднак-жа гэтага ня сталася. Праз некі час Вайшэлак зноў кінуў усе справы, адзеў манашацкую расу і скончыў жыцьцё сваё ў манастыры.

А ў Ліцьве і Русі зноў пашлі спрэчкі паміж асобнымі князямі, каторыя змагаліся за вярхоўную ўладу. І так ішла справа праз увесь канец XIII сталецьця, пакуль уладу ў гаспадарсьцьве ня ўзяў у свае рукі ў 1293-м годзе Вітэн. Вітэн разам з братамі і наступнікам сваім Гедымінам ужо надобра збудавалі моцнае і вялікае літоўска-беларускае гаспадарства.

Аснаўныя мамэнты жыцьця новага гаспадарства.

У XIV-м сталецьці і далей новае, літоўска-беларускае гаспадарства стаіць ужо на цьвёрдых нагах. З падручнікаў „агульна-рускай“ гісторыі нам добра вядомы такія іменьні, як — Вітэн (1293—1316), Гэдымін (1316—1341), Альгэрд (1345—1377) і Кэйстут (1377—1379), Ягайла і Вітаўт. Даваць падробную характарыстыку кіраваньня гэтых гаспадароў мы ня будзем. Мы толькі адзначым аснаўныя мамэнты палітычнага жыцьця дзяржавы, якія дадуць як бы тон і напрамак для далейшай гісторыі Літвы і Беларусі ў гэты пэрыяд.

Новая дзяржава концэнтруе ў адно літоўскую і заходня-рускую зямлю. З часу Гэдыміна сталіцаю гаспадарства быў зроблен горад Вільня, пры ўпадзе Вілейкі ў Вільлю. Горад Полацак з воласьцю, ратуючыся ад немцаў, пры Вітэне (1307), паддаўся літоўскаму гаспадару. У пачатку там кіравалі намесьнікі гаспадара пры законадаўчай уладзе старажытнага веча, потым, на полацкім пасадзе, ці малодшыя браты, ці сыны гаспадара, з гэтага часу Полацак ніколі ўжо не адходзіў ад Літвы. За Полацкам прышоў чарод і да Віцебску, каторы яшчэ раней абасобіўся ад Полацку ў незалежнае князьства. Апошні віцебскі князь, ня маючы наступнікаў па мужчынскай лініі, аддаў сваю дачку за сына Гэдымінавага — Альгэрда. Разумеецца, што Альгэрд быў у залежнасьці ад Гэдыміна. Хутка стаў залежным ад Гэдыміна і наш Менск са сваею воласьцю. У летапісе пад 1326-м годам ёсьць зьвестка, што ў Ноўгарад прыходзілі пасланцы ад Літвы. Паміж імі адзначан і Васіль, князь Менскі. Выходзіць, што у 1326-м годзе Менскі князь ужо быў адным з падручных князёў Літоўска-Беларускага Гаспадара, магчыма думаць, што каля гэтага часу, ці можа раней, зрабіліся залежнымі ад Літвы князьствы Лукамскае і Друцкае. Каля гэтага-ж часу маладое гаспадарства, ўлучыла ў свой склад Турава-Пінскае Палесьсе і зямлю Берасьцейскую, каторая ў заходняй сваёй часьці мела назву Падлясься.

Пазьней у часы Альгэрда і Кэйстута да Літоўска-Беларускага гаспадарства прылучыліся Чарнігаўшчына і Кіеўская воласьць з Валыньню і Падоліяй. Трэба адзначыць, што Кіеўшчына яшчэ ў пачатку XIV-га сталецьця ня была падобна на тую Кіеўшчыну, каторая ў часы, напрыклад, Уладзімера Манамаха руйнавала нашу бацькаўшыну Полаччыну. Кіеўшчына ў гэтыя часы была зьнішчана і зруйнована дашчэнту, як хатнім бязладзьдзем, так і набегамі паўднёвых сьцепнякоў, а раней полаўцаў, а потым татараў. Кіеўскі вялікі князь зрабіўся адным з тых маленькіх, гаротных паўднёвых князькоў, каторыя ледзьве-ледзьве трымаліся, апіраючыся на нязначную жменьку рускіх насельнікаў, застаўшыхся ў сьцепе, ня гледзячы на небясьпечнасьць ад татараў. „Маці гарадоў рускіх“, паўднёвы залаты ключ ад вялікага воднага шляху з Варагаў у Грэкі, багаты, густа насялёны Кіеў быў цяпер невялікім мястэчкам бяз усякай гандлёвай вагі. Італьянскі манах Пляна-Карпіні, каторы, праяжджаючы па паўднёва-ўсходнім старонам, бачыў у гэты час, паміж іншым, і Кіеў, налічыў у ім ня больш, як 200 хатаў. У 1300-м годзе Кіеў перастаў быць і рэлігійна-царкоўным цэнтрам, бо мітрапаліт „усея Русі“ Максім, уцякаючы ад татарскіх пагромаў, з Кіева пераехаў на жыцьцё на паўночны ўсход, гдзе пачаў будавацца Маскоўскі цэнтр. Туды-ж, на паўночны ўсход, выйшлі і мацнейшыя князі, і насельнікі Кіеўскай воласьці, шукаючы больш бясьпечнага для свае працы месца. Разумеецца, што з жменькаю людзей Кіеўскі князь ня мог тут трымацца як самаўладны, незалежны ўласьнік і павінен быў прызнаць дзяржаўную вярхоўную ўладу магутнага суседа, вялікага князя Літоўска-Рускага, каторы меў моц абараніць поўдзень ад татараў.

Не здаволіваючыся паўднёвымі рускімі валасьцямі, Альгэрд прагнуўся зацьвярдзіць свой палітычны ўплыў і на паўночныя воласьці з такімі багатымі гандлёвымі гарадамі, як Ноўгарад і Пскоў. Тут ён быў наступнікам палітыкі Полаччыны, каторая ў папярэдні пэрыяд гісторыі Беларусі так сама змагалася за ўладу над гэтымі гарадамі і валасьцямі. Апроч таго Літоўска-Беларускае гаспадарства зварачала ўвагу і на ўсход. Яно прагнулася схіліць у свой бок, напрыклад, Цьверскае князьства, падтрымліваючы яго ў барацьбе з Масквою. Але тут, на ўсходзе рос моцны супернік літоўска-беларускаму гаспадару ў асобе маскоўскага гаспадара, каторы пачаў ужо рабіць тую самую справу зьбіраньня Русі, якую рабіла і Літва.

Працуючы над зьбіраньнем Русі, Літва павінна была, так сама, як і Масква, бараніць свае гаспадарства ад татараў. Яшчэ амаль што за 20 гадоў да вядомай нам Кулікоўскай бітвы, ў 1362-м годзе Літва і Беларусь, злучыўшы ўсе свае сілы, выйшла на спатканьне татараў на паўднёвую граніцу. Адбылося страшэннае збойства на Падолі. Ня гледзячы на вялікі лік і сваю храбрасьць, татары былі разьбіты і, пакінуўшы на месцы многа трупаў, здабычы і палонных, уцяклі на паўднёвы ўсход. Пад уплывам страху татары доўга сюды ня прыходзілі, і паўднёва-заходнія землі, такім спосабам, мелі цяпер магчымасьць эканамічна і культурна разьвівацца, забясьпечаныя ад страшнага ворага.

Такім спосабам з быўшых раскіданых заходня-славянскіх земляў у злучнасьці з Літвою злажылася гаспадарства. У гэтым гаспадарсьцьве на кожным кроку мы бачым працу нашых бацькоў. З гандлёвай Полаччыны прышоў сюды капітал і пачаў зноў зьбіраць для эксплёатацыі працу мазольных рук. Вясковая старажытная Літва будуе ў сябе гарады і яны пачынаюць жыць жыцьцём старых гарадоў Полаччыны і Кіеўшчыны. Некаторыя з гарадоў акружаюцца мурамі, узмацняюцца замчышчамі. Войскі гаспадарства добра ўзброены і добра ведаюць ваяўнічае штукарства, каторае, так сама, прыйшло сюды з Полаччыны. Жыхары маюць добрую арганізацыю. Нам, напрыклад, вядома, што яны бароняць свае гарады па правідловай чарзе, праз колькі месяцаў кожная група. Нашы продкі ня толькі служаць у войсках гаспадара, але складаюць іх значную частку. Ім, як найбольш культурнаму элемэнту, даручаецца каманда над вайскавымі часткамі і абарона ад ворагаў меж гаспадарства. Яны кіруюць ад імя гаспадара як асобнымі гарадамі, так і цэльнымі тэрыторыямі. Ім перад усімі прызнаецца права і даручаюцца такія справы, гдзе асабліва патрэбна адукацыя і лоўкасьць, напрыклад зносіны вялікага князьства з суседнімі гаспадарствамі. Адным словам, мы бачым, што нашыя продкі, як культурны элемэнт, займаюць пачэснае месца ў палітычных і грамадзянскіх справах гаспадарства. Ідзе згодны зблізак паміж двума народамі. У літоўска-беларускім гаспадарсьцьве кіруе гаспадар-ліцьвін, а пануе прасьвета і культура беларуса. Есьць нават такая думка, што гаспадары дзяржавы ня былі прыроднымі ліцьвінамі, а патомкамі тых князёў Полацкай Русі, каторыя раней, у канцы папярэдняга пэрыяду, ўцякалі ў Літву ад бязладзьдзя, якое настала ў Полаччыне. Ня ўходзячы ў разгляд правідловасьці гэтай думкі мы, усё-ж такі, павінны ад’значыць, што самі гаспадары князьства лічылі сябе ліцьвінамі. Гэтае літоўскае самапачуццё ня было аднак-жа шовіністычным. Усе яны добра ведаюць беларускую мову, многія з іх прыймаюць усходнюю хрысьціянскую веру і бяруць шлюбы з рускімі княжнамі. Беларуская мова пануе ня толькі ў палацы вялікага князя, але і сярод грамадзянства. Дзяржаўныя пастановы выдаюцца раней у дзьвёх мовах, а потым амаль што ня выключна ў беларускай мове. Гаспадар, лічачы сябе ліцьвіном па нацыі, прызнаваў, што ён, як галава, ёсьць прадстаўнік той і другой нацыі. У офіцыяльных граматах і ў зносінах з суседнімі народамі ён называе сябе царом Ліцьвіноў і Русінаў (rex Litwinorum Ruthenorumque). Іначай і быць не магло, бо дзьве трэйція часткі яго земляў былі беларускія.

Ня гледзячы на тое, што ў ліцьвіноў была вера паганская, а ў беларусаў усходня-хрысьціянская, абедзьве нацыі жылі ў згодзе. У дзяржаве пануе шырокая верацярпімасьць. Да якой-бы веры хто ні належаў, ён служыць аднаму богу. Гэдымін, адказаваючы на адну з прапазыцыяў рымскага папы, у сваёй грамаце так піша аб гэтым: „Я казаў, што дазволю хрысьціянам маліцца па звычаі іх веры: русінам па іх звычаі, паляком — па іх. А мы, ліцьвіны, будзем маліцца па нашым звычаі, бо ўсе мы паважаем аднаго Бога. Трэба ўсё-ж такі адзначыць, што ліцьвіны пачалі браць у беларусаў іх культуру, мову і навет веру. Так, напрыклад, вядома, што ў канцы XIV-га сталецьця больш, як 50 літоўскіх мясцовых князёў трымаліся ўсходня-хрысьціянскай веры, бо яна мела ў сабе больш культурных элемэнтаў, як паганская вера. Аб гэтым-жа сьведчыць і польскі вядомы гісторык Ярашэвіч, каторы гаворыць, што калі-б так справы йшлі праз некаторы час, то Ліцьвіны прынялі-б беларускую мову, звычаі, законадаўства і праваслаўную веру, навет іх народнасьць зьмянілася-б на беларускую.

Такая еднасьць і згода паміж літоўскім і рускім элемэнтамі дзяржавы залежала ад таго, што літоўска-беларускае гаспадарства было збудована больш шляхам згоды, чымся шляхам уціску і вайны. Полацкае гаспадарства ў канцы свайго істнаваньня не магло даць сваім падданым грамадзянскага спакою. Мы ведаем, што ў грамадзянсьцьве йшла клясавая барацьба паміж лепшымі і подлымі людзьмі, паміж эксплёатуючым капіталам і працавітаю беднатою. Апроч таго ня было забесьпячэнства ад міжусобных бояк паміж асобнымі валасьцямі і гарадамі гаспадарства. Усё гэта не магло даць адпору новаму концэнтрацыйнаму руху, каторы йшоў з боку Літвы і яе князя. Асобныя воласьці і гарады ахвотна прызнавалі новую ўладу. Як на выключэньне можна паказаць толькі на Смаленск з яго тэрыторыяй, каторы быў прылучан да Літвы ваяўніцкім шляхам. Але і тут яшчэ раней была партыя, каторая цягнула да Літвы і адчыніла гарадзкую браму літоўска-беларускаму войску. Жыхары быўшай Полаччыны без протэсту прынялі ўладу літоўскіх князёў, каторыя прыносілі з сабою абарону ад моцных суседзяў і давалі спакой ад міжусобнай хатняй барацьбы.

Мы ведаем, што ў гісторыі полацкага пэрыяду Беларусі вялікую вагу ў дзяржаўным і грамадзянскім жыцьці краю мела веча. Новая дзяржаўная ўлада не парушыла гэтай старажытнай, агульна-рускай ідэі народапраўства. Наадварот, літоўскія вялікія князі асобнымі граматамі забясьпечвалі правы законадаўчага веча. У аснове ўсіх грамат літоўска-беларускіх гаспадароў, якія даваліся асобным гарадом і валасьцём, мы заўсёды можам знайсьці такія словы: „гаспадар старыны не парушае і навіны ня ўводзе“. Кожная воласьць быўшай Полаччыны, уходзячы ў склад новага гаспадарства, не адходзіла ад сваіх старых традыцыяў і зьберагала свой твар. Ня тое мы будзем бачыць на ўсходзе, гдзе ўвакол Масквы, таксама, пачалося зьбіраньне і концэнтрацыя дзяржавы — ўсходняй Русі. Масква, зьбіраючы Русь, закасуе гэтую старарускую ідэю народапраўства. Будзе расьці моцнае самаўладзтва маскоўскіх гаспадароў, каторае потым дасьць грунт для бязупыннае сваволі, напрыклад, Івана IV Грознага. Усякая асобная воласьць, каторая ўваходзіць у склад Маскоўскага гаспадарства, павінна будзе страціць свой асабісты твар. Будзе скасована індывідуальнасьць тэрыторыяльная.

Не касуючы правоў веча і старарускай ідэі народапраўства, новая дзяржаўная літоўска-беларуская ўлада будзе прагнуцца скасаваць уладу асобных мясцовых князёў. Праўда, мясцовыя князі не зганяюцца з сваіх пасадаў, але яны павінны прызнаць, як-бы, васальную залежнасьць ад вялікага князя і гаспадара Літвы і Беларусі. Толькі ў тых валасьцёх, гдзе пасады аставаліся, па якіх-небудзь прычынах, пустымі гаспадар садзіў, як князёў-намесьнікаў, сваіх родзічаў, або сваякоў.

Адносіны гаспадарства да нямецкіх ордэнаў.

Важнейшаю з надворных справаў Літоўска-Беларускага гаспадарства было змаганьне з нямецкімі ордэнамі, якіх мы казалі вышэй. З IX-га, а асабліва з X-га, сталецьця пачынаецца вялікі рух гэрманскага пляменьня на ўсход, drang nach Osten. Гэты рух на ўсход найперш прыціснуў заходніх, балтыцкіх славянаў, каторыя раней жылі аж да самага Рэйну. Сталецьце за сталецьцем ішоў гэты націск немцаў і славяны адыйшлі аж за Эльбу (Лабу). На поўначы Заходняй Эўропы, па берагох Балтыцкага мора, нямецкі націск быў мацнейшы. Немцы ўсе свае сілы сконцэнтравалі ў гэтым кірунку. Усё гэта зразумела само сабой, калі мы будзем мець на ўвазе каштоўнасьць і ў тыя, і ў нашыя часы марскога берагу. Пад Балтыцкім морам немцы асабліва напіралі на насельнікаў-тубыльцаў і ідучы па беразе на ўсход, спаткаліся, як мы ведаем, з палякамі і ліцьвінамі. Ліцьвіны пачалі бараніцца ад гэтага ўціску, і, каб абарона была мацнейшай, пачалі арганізавацца. Так збудавалася дзяржава. Новай дзяржаве прышлося стрымліваць нямецкі націск. Пачалася цяжкая барацьба, каторая цягнулася праз сталецьці. Ужо Мендаўгу трэба было бараніцца і ён бараніўся, як мог, гдзе мечам, гдзе хітрасьцю. Тое самае рабіў і Гэдымін. Часта, ня маючы магчымасьці адтрымаць верх над немцамі сілаю меча, ён зьвяртаўся і да другіх спосабаў. Так, напрыклад, адзін раз ён прасіў у рымскага папы заступніцтва ад мечаносцаў. Папа, скарыстаўшы гэтае здарэньне, прапанаваў Гэдыміну прыняць хрысьціянства па заходнім абрадзе. Гэдымін, па пробе Мендаўга, ужо даведаўся, што каталіцтва ня можа абараніць Літву і Беларусь ад крыжацкага ўціску. Каталіцтва, якраз, было тэю сьцежкаю, па каторай ішлі палітычныя жаданьні немцаў. Гэдымін рэзка адхіліў прапазыцыю папы. Як кажа паданьне, ён адказаў пасланцом папы так: „Калі я меў замер калі-небудзь хрысьціцца, то няхай мяне чорт хрысьціць. Пэўна, я казаў, як і напісана ў грамаце, што буду паважаць папу, як бацьку; але я гэта сказаў затым, што папа старэйшы за мяне. Усіх старых я паважаю, як бацькоў, таварышаў люблю, як братоў, а малодшых за мяне, люблю, як сыноў“. Барацьба з крыжакамі пры Гэдыміне йшла з пераменным шчасьцем. Некалькі разоў ліцьвіном удавалася адтрымываць над імі верх, але, наагул кажучы, Літва і Беларусь былі слабейшыя. У барацьбе з крыжакамі загінуў і сам Гэдымін. Пад 1341-м годам у адным з рускіх летапісаў гаворыцца, што Гэдымін загінуў пры аблозе аднае нямецкае крэпасьці, паранены крыжакамі.

У часы Альгэрда і Кэйстута амаль што ня ўвесь цяжар барацьбы з немцамі ляжаў на Кэйстуце, каторы быў кіраўніком заходняй палавіны гаспадарства. Барацьба йшла без перарыву. Немцы, замест вялікіх паходаў, робяць паходы дробныя, але затое частыя. Такія паходы яны завуць рэйзамі. Кожны дзень, кожную гадзіну павінны ліцьвіны чакаць неспадзяванага ворага. Якія-небудзь 100 ці 200 крыжакоў, а часам і менш, добра ўзброеныя на добрых конях урываюцца раптам у, сумежныя з ордэнскімі, літоўскія землі, паляць гарады і вёскі, хаты і гумны, б‘юць жыхароў альбо бяруць у палон. Разам з людзьмі гоняць яны ў свае межы быдла і цягнуць маемасьць. Часам, у адзін год было па некалькі такіх рэйзаў. За 30 гадоў князяваньня Альгэрда, згодна нямецкім летапісам, лічыцца каля соткі такіх паходаў.

Каб спыніць ворага і ня даць яму магчымасьці ўвайсьці на сваю тэрыторыю, і немцы і Літва на межах муруюць моцныя замкі. Наймацнейшым з літоўскіх замкаў таго часу быў замак у Коўне. Многа разоў падступаліся немцы да замку, многа разоў прагнуліся ўзяць яго, але замак, вымураваны з каменьняў і цэглы чужаземнымі і мясцовымі майстрамі, стаяў нерухомы і бараніў межы Літвы. Кожны раз выпускаў ён з-за сваіх муроў узброеныя сілы ліцьвіноў на помсту немцам за іх рэйзы на Літву. Толькі, сабраўшы ўсе свае сілы і запрасіўшы на дапамогу чужаземных рыцараў, забралі, ўрэшце, немцы гэты грозны замак, ці, лепш кажучы, яго руіны, бо ліцьвіны толькі тады пакінулі яго, калі ён быў зусім зруйнованы. Але прайшоў год, прайшоў другі, і ліцьвіны зноў, недалёка ад руін, збудавалі новы замак, ня менш моцны, як стары.

Не заўсёды йшла так барацьба. У часы хатніх спрэчак Літоўска-Беларускае гаспадарства само ўмешвала крыжакоў у свае хатнія справы. Так рабілі, напрыклад, і Ягайла, і Кэйстут, каторыя зьвярталіся да крыжакоў у барацьбе за велікакняжацкі пасад. Крыжакі ахвотна ўмешваліся ў жыцьцё Літвы, добра разумеючы, што гэтым яны аслабляюць моц шкадлівага для іх гаспадарства-суседа. Але спрэчкі праходзілі, Літва і Беларусь зноў браліся за зброю проці свайго ворага. Змаганьне з немцамі было аднэй з прычын злучэньня Літоўска-Беларускага гаспадарства з каралеўствам Польскім у 1386-м годзе. І трэба ад‘значыць, што гэтае злучэньне было надта шкадлівым для ордэнаў. У 1410-м годзе Вітаўт разам з Ягайлам даў рашучую бітву немцам пад Танэнбэргам, ці Грунвальдам у Прусіі. Войска рыцараў складалася з 80 тысячаў, войска саюзьнікаў з 150 тысячаў. У бойцы былі і беларускія войскі. Апроч Вітаўта, Ягайлы і магістра Тэўтонскага ордэну тут быў вядомы чэскі рыцар Жыжка, будучы нацыянальны дзеяч чэскі часу гусіцкіх войнаў. Бітва пачалася зраньня 15-га чэрвеня. Літоўска-Беларускія войскі змагаліся на правым фланзе. Доўга ня мог выявіцца выхад бойкі. Толькі падвечар, дзякуючы націску беларускіх смаленскіх палкоў, немцы пачалі кідаць поле бойкі. Страты немцаў былі вялікія: быў забіты магістар ордэну, рыцараў было забіта каля 30 тысячаў. Радасьць ад пабеды была вялікая. З гэтай бітвы пачынаецца пералом у змаганьні Літоўска-Беларускага гаспадарства з немцамі. Сілы немцаў слабеюць. У 1466-м годзе навет канчаецца незалежнае істнаваньне Тэўтонскага ордэну; вялікі магістар ордэну з гэтага часу павінен прызнаць сябе васалам польскага караля і літоўска-беларускага гаспадара Казімера IV.


Унія Літоўска-Беларускага гаспадарства з Польшчай 1386-га году.

Пасьля сьмерці Альгэрда (1377) ў Літоўска-Беларускім гаспададарсьцьве пачынаецца смутак. Пасад Альгэрда займае старэйшы яго сын ад другой жонкі, Ульляны Цьверскай, Ягайла. Ягайлам нездаволены яго старшыя браты, сыны першай жонкі Альгэрда, Марылі Віцебскай, і зьвярнуліся да Масквы, гдзе ў гэты час быў вялікім князем Дзьмітры Данскі. Што датычыць да Кэйстута, малодшага брата Альгэрда, то ён, шануючы ідэю еднасьці гаспадарства і ня хочучы парушаць тэстамэнту памёршага брата Альгэрда, ня выходзіў з паслушэнства свайму пляменьніку Ягайле. Каб падтрымаць яго аўторытэт і даць другім князём прыклад паслухмянства вялікаму князю, ён у паложаны час езьдзіў да Ягайлы ў Вільню на пасяджэньне княжацкай рады, як езьдзіў і раней да свайго старэйшага брата Альгэрда. Аднак-жа гэтыя добрыя адносіны паміж Ягайлам і Кэйстутам хутка перарваліся. Ягайла надта баяўся аўторытэту і популярнасьці Кэйстута. Ен два разы зьвяртаўся да крыжакоў, каб з іх дапамогаю перамагчы і зрабіць безбаронным Кэйстута. Ня гледзячы на дапамогу крыжакоў, Ягайла быў разьбіты і пашоў на вераломную хітрасьць. Ен запрасіў Кэйстута з сынам яго Вітаўтам у свой абоз, быццам для таго, каб абгаварыць з імі ўмовы далейшых адносін. Як толькі яны зьявіліся туды, іх схапілі, закавалі ў ланцугі, завезьлі ў Крэва (Ашмянскі павет у Віленшчыне) і пасадзілі ў замчышчы ў турму. Сюды Ягайла падаслаў забойцаў, каторыя задушылі старога, слаўнага Кэйстута, а жонку яго Біруту ўтапілі. Вітаўту пашанцавала ўцячы з турмы ў жаноцкай вопратцы, каторую даставіла яму яго жонка Ганна. Такім спосабам, мы бачым, што Ягайла меў многа ворагаў сярод сваіх родных і стрэчных братоў, і яму трэба было шукаць апоры для свае ўлады дзесь за межамі гаспадарства.

У гэты самы час і ў Польшчы былі непаразуменьні ў справе дзяржаўнай улады. У 1382-м годзе памёр польскі кароль Людзьвік Вэнгерскі. Пасьля яго асталіся тры дачкі: Кацярына, Марыя і Ядзьвіга. Фамілія караля хацела пасадзіць на пасад сярэднюю дачку Марыю, каторая была жонкаю караля Вэнгерскага. Зьвязак Польшчы з Вэнгрыяй не падабаўся паном, дзякуючы таму, што нябожчык кароль, апіраючыся на Вэнгрыю, трымаў сябе даволі незалежна ад паноў. Два гады цягнулася бескаралеўе. Толькі ў 1384 годзе паміж фаміліяю караля і панамі зрабілася згода. Каралева паслала на польскі пасад малодшую дачку Ядзьвігу, 13-цёх гадоў. Было зразумела, што Ядзьвіга не магла сама кіраваць гаспадарствам, тым больш, што Польшчы, як і Ліцьве, цяжка прыходзілася ад крыжакоў. Трэба было знайсьці, такога чалавека для Ядзьвігі, каторы быў бы ня столькі прыемным для яе, сколькі карысным для Польшчы. Ягайла, Літоўска-Беларускі гаспадар, здаваўся паном падхадзячым для гэтай мэты; перш за ўсё, Ліцьве пагражаў той самы вораг, што і Польшчы, апроч таго, хатнія спрэчкі ў Ліцьве за ўладу рабілі Ягайлу больш згаворным з польскімі панамі. Апроч палітычных думак, польскія паны трымаліся і сваіх клясавых інтарэсаў. Яны былі перакананы ў тым, што Ягайла, ў падзяку ім за сваё абраньне, пашырыць іх правы і прывілеі. Духавенства, так сама, спадзявалася, што шлюб Ядзьвігі з Ягайлам пашырыць і рэлігійна-палітычны ўплыў на Літву. І тыя і другія не абмыліліся.

Ягайла ў 1385-м годзе адтрымаў з Польшчы прапазыцыю аб шлюбе з Ядзьвігаю і злучэньні з Польшчаю. З якою ахвотаю ён адгукнуўся на гэтую прапазыцыю відаць з тых абавязкаў, якія налажыў ён на сябе і на сваё гаспадарства. На радах польскіх паслоў у Крэве ён абавязаўся прыняць каталіцкую веру са сваімі братамі, сваякамі, народам літоўскім знатным і простым, даваць грошы свайго гаспадарства на патрэбы Польшчы, дапамагчы Польшчы адтрымаць паўднёвыя, аднятыя тэрыторыі, заплаціць адступнага 200.000 флёрынаў быўшаму жаніху Ядзьвігі, прынцу Вільгэльму Аўстрыйскаму і на вечны час прылучыць Літоўска-Беларускае гаспадарства да кароны Польскай. Польшча за ўсё гэта абяцала Ліцьве і Беларусі дапамогу ў барацьбе з крыжакамі.

На зьезьдзе ў Ваўкавыску былі ухвалены такія ўмовы злучэньня Польшчы з Літоўска-Беларускім гаспадарствам: кароль і вялікі князь у злучаных дзяржавах павінен быць адзін; у пачатку гэтая асоба ёсьць Ягайла, потым просты патомак яго і Ядзьвігі; надворныя зносіны ў справах, датычачых абедзьвух дзяржаваў, а таксама і абарона тэрыторыі робяцца супольна. Хатняе кіраваньне ў кожным гаспадарсьцьве асобнае: і ў Літоўска-Беларускай дзяржаве, і ў Польшчы маюцца — асобныя войскі, асобны скарб і асобныя ўрады. Апроч таго, як было ўжо сказана вышэй, Ягайла меў абавязак прыняць каталіцтва і шырыць яго паміж ліцьвіноў. Беларускаму насяленьню была пакінена свабода быць усходня-хрысьціянскай веры.

Так адбылася першая вунія Літоўска-Беларускай дзяржавы з Польшчай. Гэтая вунія залежала ня толькі ад надворных прычынаў, але і ад прычынаў хатніх. Злучэньнем з Польшчай Літоўска-Беларускі ўрад жадаў ня толькі здабыць дапамогу ў барацьбе з суседзямі, але і ўзмацніць становішча велікакняжацкай улады ў маладым гаспадарсьцьве.

Вунія 1386-га году разглядалася да нашага часу толькі, як вунія дынастычна-пэрсональная. Лічылася, што два гаспадарствы злучыліся адно з адным толькі праз асобу агульнага для абедзьвух дзяржаваў монарха і яго наступнікаў, патомкаў; што вунія не мяняла юрыдычнага грунту другіх бакоў дзяржаўнага і грамадзянскага жыцьця. Такі пагляд немагчыма прызнаць справядлівым. Патрэбна адзначыць, што юрыдычна, па тэксьце дагавору, вунія 1386-га году была больш, чым дынастычна-пэрсональнаю. Яна была, як-бы, інкорпорацыяю дзяржавы Літоўска-Беларускай у каралеўства Польскае. Юрыдычна літоўска-беларускія землі на вечныя часы прылучаліся да кароны польскай. Па дагаворы з 1386-га году, як-бы, зусім прыпынялася незалежнае і самавітае істнаваньне вялікага князьства і яно рабілася разам з Польшчаю адным палітычным, дзяржаўным арганізмам. Не дарма пасьля вуніі ўсе літоўска-беларускія князі павінны былі прыняць прысягу на вернасьць кароне польскай і літоўска-беларускія баяры-каталікі адтрымалі такія самыя правы, якія былі ў польскіх паноў.

Так стаяла справа з юрыдычнага боку. Але фактычна далёка не заўсёды бывае тое, што пішацца ў юрыдчных актах. Так было і тут. Вунія была зроблена больш на паперы, чым у жыцьці. Праўда, ўжо адчыняецца шлях для палітычнага польскага і рэлігійнага каталіцкага ўплыву, але фундамэнтальнай зьмены жыцьця адразу ня будзе. Літва і Беларусь доўга яшчэ, аж да другой палавіны XVI-га сталецьця, будуць жыць сваім асобным жыцьцём, баронячыся ад пачаўшагася ўплыву. Напрамак жыцьця пасьля вуніі 1386-га году астаецца той самы, які быў і да гэтага году. Пэрыяд Літоўска-Беларускай дзяржавы ў гісторыі Беларусі не перарываецца.

Калі мы паглядзім на далейшае дзяржаўна-палітычнае жыцьцё Літвы і Беларусі, то пабачым, што самавітасьць Літоўска-Беларускага гаспадарства пасьля 1386-га году фактычна ня была згублена. За прыкладам ісьці далёка ня трэба, даволі пазнаёміцца па якім колечы падручніку з кіраваньнем Вітаўта, каторы быў асобным вялікім князем Літвы і Беларусі (1392—1430), ня гледзячы на ўмову уніі. Кіраваў ён зусім незалежна ад Ягайлы, а потым (з 1431 году) ад Уладыслава III, каралёў польскіх. І толькі інтрыгі збоку Польшчы не далі яму магчымасьці каранавацца і зрабіцца Літоўска-Беларускім каралём. Нямецкі імпэратар паслаў карону Вітаўту, але гэтая карона да яго не дайшла. Летапіс так апісвае гэтую падзею: „І ляхове, ня жычыўшы кароны Литве, карону ад их (паслоў імпэратара) тую адабраўшы и разсекшы яе наполы, приложили ко короне бискупа краковскага, каторая и цяпер пры замку и касьцёле сьв. Станислава ёсьць“.

І ў далейшыя часы мы бачым, што Літва і Беларусь маюць часта сваіх асобных вялікіх князёў, што йдзе напроць умоў вуніі 1386-га году. Ніжэйпаданая сінхроністычная табліца дасьць патрэбныя для нас прыклады, бо нам няма часу досыць добра выявіць гэтае пытаньне.

Літва і Беларусь Польшча
Вітаўт 1492—1430
Сьвідрыгайла 1430—1432
Ягайла Уладыслаў II
1386—1434
Жыгімонт I 1432—1440 Уладыслаў III 1434—1444
Казімер I у Ліцьве і Бела-
pyci 1440—1492, да 1447
асобны ад Польшчы Літ.-
Бел. гаспадар.
Казімер IV у Польшчы
1447—1492
Аляксандар 1492—1506 да
1501 асобны ад Польшчы
гаспадар.
Ян-Альбрэхт 1492—1501
Аляксандар 1501—1506
Жыгімонт II (у Ліцьве і Бе-
ларусі) Стары 1505—1548
Жыгімонт I (у Польшчы)
Стары 1506—1548
Жыгімонт I (у Ліцьве і Бе-
ларусі) Аугуст 1548—1572
Жыгімонт II (у Польшчы)
Аўгуст 1548—1572

Як мы бачым з гэтай табліцы, толькі з цягам часу Літва і Беларусь страчаваюць сваіх асобных гаспадароў. Гэта паказвае, што вунія 1386-га году толькі адкрыла шырэй дарогу для польскага ўплыву. Затым трэба ад‘значыць, што тыя асобы, якія былі літоўска-беларускімі гаспадарамі і польскімі каралямі, ў першыя часы пасьля вуніі лічылі сябе больш літоўска-беларускімі гаспадарамі, чым польскімі каралямі. Гэты факт зразумелы, калі прыняць пад увагу становішча караля ў Польшчы, гдзе шляхта ўжо пачала забіраць караля ў свае рукі. Літоўска-Беларускі настрой такіх польскіх каралёў магчыма бачыць, напрыклад, у такім юрыдычным дакумэнце, як „Земскіе привилеи“ Казімера I (у Польшчы IV), аб каторых будзе слова далей. Толькі пад канец пэрыяду, калі, пад польскім уплывам і пад уплывамі другіх прычын, умовы жыцьця зьмяніліся, агульныя дзяржаўцы Літвы, Беларусі і Польшчы пачалі інтарэсы Польшчы ставіць вышэй інтарэсаў Літвы і Беларусі. Такім гаспадаром быў, напрыклад, Жыгімонт III (у Польшчы II) Аўгуст, апошні з дому Ягайлавага.

Што жыцьцё дзяржавы Літоўска-Беларускай пасьля 1386-га году ў асновах сваіх не зьмянілася фактычна, відаць яшчэ і з таго, што акты вуніі паміж дзьвюма дзяржавамі, усё пішуцца і пішуцца. Паўтарэньне актаў гаворыць аб тым, што яны ня маюць моцы ў жыцьці. Калі-б акт 1386-га году быў моцным рэальна, то ня прышлося-б пытаньне аб вуніі падымаць на зьездах больш, чым дзесяць разоў. Мы ведаем, што гэтае пытаньне падымалася ў сьледуючыя гады: 1401, 1413, 1447, 1451, 1453, 1501, 1563, 1564, 1566 i 1567. Як мы бачым з пераліку гадоў, пытаньне аб вуніі асабліва падкрэсьліваецца ў 60-я гады 16-га сталецьця. Насьпелі якіясь прычыны, каторыя патрабуюць пэўнай, рэальнай вуніі. Глаўнейшай з гэтых прычын быў той польскі ўплыў, якому была адчынена брама ў Літву і Беларусь актам 1386-га году. Апроч таго, на вунію з Польшчай гоніць Літву і Беларусь націск з усходу, з Масквы. Гэты націск робіцца асабліва моцным, якраз у 60-я гады 16-га сталецьця. Ратуючыся ад тэрору Івана Грознага, наша бацькаўшчына падпісала, ўрэшце, апошнюю сваю вунію з Польшчай у горадзе Любліне ў 1569 годзе. Гэтая вунія скончыла незалежнае, самавітае істнаваньне Літоўска-Беларускага гаспадарства.


Адносіны Літоўска-Беларускай дзяржавы да гаспадарства Маскоўскага.

Літоўска-Беларуская дзяржава з самага пачатку свайго істнаваньня ўзяла на сябе заданьне зьбіраньня заходняй часьці рускіх славянаў. У 13-м і ў першай палавіне 14-га сталецьця ў гэтай справе яна ня мела супернікаў. З другой палавіны 14-га сталецьця зьявіўся супернік. Гэта было нарадзіўшаеся ў пачатку 14-га сталецьця Маскоўскае гаспадарства, каторае пачало рабіць зьбіраньне ўсходняй часьці рускіх славянаў. І тая, і другая дзяржавы, пашыраючы свае тэрыторыі, урэшце, спаткаліся ў канцы 14-га сталецьця. З гэтага часу і пачнецца змаганьне паміж Літвой і Беларусьсю з аднаго боку і Масквою з другога боку.

Суперніцтва паміж дзяржавамі зьбірацелямі пачалося праз жаданьне мець уплыў на Цьверскае князьства. Войскі Альгэрда два разы біліся з войскамі вядомага маскоўскага вялікага князя Зьмітра Данскога. У першы раз адтрымаў верх Альгэрд, у другі раз Зьмітры Данскі. Літва і Беларусь, занятыя ў гэты час змаганьнем з нямецкімі ордэнамі, прыпынілі, пакуль што, свой рух на ўсход. Зроблена была згода. У ад‘знаку згоды Альгэрд аддаў сваю дачку замуж за стрэчнага брата Зьмітра — Уладзімера Андрэевіча.

Згода пры Вітаўце зноў прыпынілася. Паднялася спрэчка з Масквою з-за Ноўгараду і Смаленску. Толькі татары, адтрымаўшыя верх над Літвою і Беларусьсю на берагох ракі Ворсклы, не далі магчымасьці Вітаўту пашырыць свой уплыў далёка на ўсход. Усё-ж такі і Ноўгарад і Смаленск павінны былі прызнаць сваю залежнасць ад Вітаўта. У 1396-м годзе Вітаўт і Васіль I Маскоўскі, зьехаўшыся на параду ў Смаленску, ўстанавілі мяжу Літоўска-Беларускага і Маскоўскага гаспадарства па рэчцы Угры. Для ўзмацненьня згоды дачка Вітаўта, Настася, была выдадзена замуж за Васіля I. У гэты час Літоўска-Беларуская дзяржава ўключае ў свой склад вялікі абшар рускіх земляў. Налажыўшы ўсходнюю мяжу нашай дзяржавы на карту, напрыклад, Расейскай імпэрыі дарэвалюцыйнага часу, мы бачым, што ў склад падуладных Вітаўту земляў уходзяць такія губэрні: Віленская, Горадзенская, Ковенская, Сувальская, Падольская, Валынская, Менская, Магілёўская, Віцебская, Смаленская, Кіеўская, Чарнігаўская, Кацярынаслаўская, Херсонская, Арлоўская, часткаю Калужская і Тульская. Літоўска-Беларуская дзяржава пашыралася далёка на ўсход, яе мяжа даходзіла да сучаснага нам горада Мажайску, за 107 вёрст ад Масквы.

Масква гэтага часу яшчэ ня мае сілы. Вырасшы з невялічкага удзельнага князьства, яна крок за крокам выбіваецца на першае месца сярод асобных удзельных князьстваў. Хоць татары разьбіты на Куліковым полі (1380 г.), але яшчэ іх улада цяжкім каменем ляжыць на маладым Маскоўскім гаспадарсьцьве. Толькі, пачынаючы з палавіны 15-га сталецьця, умовы жыцьця Масквы хіляцца ў лепшы бок. Ідзе хуткае разлажэньне татарскага ханства. Замест аднэй Залатой арды мы бачым некалькі ордаў, каторыя змагаюцца паміж сабою і ўзаемна аслабляюць адна другую. 1480-ы год прыносіць Маскоўскаму гаспадарству вызваленьне ад татарскай няволі. Усе дробныя удзельныя князьствы ўжо страцілі сваю незалежнасьць і ўвайшлі ў склад Маскоўскага гаспадарства. Вырасшая з невялічкага удзелу-вотчыны, Маскоўская дзяржава гэтую ідэю і арганізацыю вотчыны зьберагае і ў далейшы час. Маскоўскі дзяржавец кіруе ў сваёй вялікай дзяржаве так, як некалі яго продкі кіравалі ў сваім удзеле-вотчыне. Ен навет лічыць, што ўсе землі рускіх славянаў — ёсьць яго вотчына. „Вся Руская земля Божіею волею из старины наша вотчина“. Маскоўскі князь ужо запомніў, што з „старины“ яго вотчынаю быў невялічкі маскоўскі удзел. І, пэўна, справа тут не ў старасьветчыне, а ў моцы. Маскоўскі гаспадар мае цяпер вялікую моц і, апіраючыся на яе, ён лічыць сябе прадстаўніком і ўласьнікам усяе Русі. Стары тытул вялікага князя маскоўскага яго ўжо не здаволівае і ён прымае тытул вялікага князя, гаспадара Маскоўскага і „всея Руси“. Змаганьне за „вотчыну“ цягнецца блізка 150 гадоў. Бацькаўшчына наша руйнуецца, палі зарастаюць лесам, усочваюцца крывёю.

У 1491 годзе, калі Літоўска-Беларускім гаспадаром быў абраны Аляксандар Ягайлавіч, — Іван III Маскоўскі, карыстаючыся з разладу паміж Літвою і Польшчай, пачаў вайну за сваю беларускую „вотчыну“, якой ніколі ня бачыў ні ён, ні яго бацькі. На дапамогу сабе ён паклікаў татарскага, крымскага хана Мэнглі-Гірэя, для каторага Беларусь хоць і ня была вотчынаю, але была месцам добрай пажывы. Пачаўся пагром нашае бацькаўшчыны з паўдня і ўсходу. Асабліва быў зруйнован Рагачоў: цэннасьці разграбілі, горад спалілі, жыхароў пацягнулі ў няволю ў Маскву. Літоўска-Беларускае гаспадарства павінна было прасіць згоды. Згоду зрабілі аддаўшы Яну III горад Мсьціслаў. З граматы відаць, што абодвы гаспадары абяцаліся дапамагаць і шанаваць адзін другога. Аляксандар Літоўска-Беларускі ў грамаце піша: „а хто мне вораг, то і я яму вораг. А хто будзе яму друг, то і мне друг, хто будзе яму вораг, то і мне вораг“. Каб згоду з Маскоўскім гаспадарствам зрабіць моцнаю, Аляксандар заслаў сватоў да Іванавай дачкі Галены, з каторай потым і ажаніўся. Але і гэта згоды не зрабіла моцнаю.

У адной з граматаў Аляксандар не назваў Яна III гаспадаром усяе Русі. Тады Ян III прыслаў Аляксандру „складную грамату“, абвяшчаўшую вайну. І вайна пачалася ў 1500-м годзе. Каманду над літоўска-беларускім войскам меў князь Канстантын Астрожскі. У чэрвені вынікла страшэннае збойства каля гораду Дарагабужа. Маскоўскім войскам камандаваў добры знаўца ваеннай справы Даніла Холмскі. Каля 8 тысячаў народу загінула ў бойцы, літоўска-беларускія вайскі былі разьбіты і ваявода Астрожскі папаў у маскоўскі палон. Яшчэ 3 гады маскоўскія войскі руйнуюць Беларусь. Удзень неба чарнее дымам, а ўночы палае агнём пажараў. Ліецца чалавечая кроў, нішчыцца маемасьць. Скора маскоўскае войска пачало галадаць у краі, каторы само зьнішчыла і пачаліся перагаворы аб згодзе. У 1503-м годзе замірэньне было падпісана. Масква адтрымала Гомель і некалькі мест у цяперашнім Рагачоўскім павеце. У час гэтага замірэньня, у 1506-м годзе памёрлі і цесьць і зяць.

Пасьля іх гаспадаравалі на Ліцьве і Беларусі брат Аляксандра Жыгімонт II (Стары), а ў Маскве Васіль III, сын Яна III. У 1508 годзе перабег з Літвы ў Маскву воража настроены да Жыгімонта князь Глінскі. Ен падбіў Маскоўскага гаспадара на вайну з Жыгімонтам. Зноў маскоўскія войскі ўварваліся на Беларусь. Жыгімонт з вялікім, моцным войскам выйшаў ім на спатканьне і пачаў гнаць на ўсход. Васіль III павінен быў прасіць згоды. Быў падпісаны „вечны мір“, па ўмове каторага Маскоўскі гаспадар павінен быў вызваліць князя Астрожскага і другіх ваеннапалонных.

Вечнасьць згоды цягнулася надта нядоўга, ўсяго толькі 5 гадоў. У 1513-м годзе зноў пачалася вайна. Адбываюцца вялікія бойкі пад Смаленскам і Оршаю. Пад Оршаю гэтман Астрожскі адтрымаў над маскоўскім войскам дзьве пабеды, ня гледзячы на тое, што яго армія была меншаю як маскоўская ў два разы. Ад Оршы ён гнаў маскоўцаў аж да Дарагабужа. 30 тысячаў трупаў беларусоў, ліцьвіноў і маскоўцаў заслалі ўсю гэтую плошчу. Змаганьне бязупынна йдзе далей. Такія гарады, як Полацак, Мсьціслаў, Магілёў, Орша, Рагачоў, Гомель, Віцебск, Смаленск і інш. руйнуюцца па некалькі разоў. Мы ўжо й ня лічым, які страшэнны лік вёсак, невялічкіх мястэчкаў было зруйнована за часы гэтага змаганьня. Усё тое, што зрабіла многавяковая народная праца, гіне. Разгараная зямля зарастае густым лесам. Жыхары бадзяюцца па лясох, хаваючыся там ад збойства і рабаваньня. Прыпыняецца народная творчасьць. Насельнікі краю, бачачы, што барацьбе няма канца-краю, кідаюць свае зруйнованыя гнёзды, кідаюць сваю родную зямлю і бягуць на Украйну. А барацьба ўсё йдзе. Войны аднаўляюцца ў 1516, 1518, 1519, 1534, 1535, і 1536-м гадох. І тая і другая старана, змучаныя змаганьнем, робяць зноў згоду, каторая цягнецца толькі 25 гадоў. Пры Яне IV Грозным, у 1561-м годзе, зноў пачынаецца, так званая, Лівонская вайна, каторая, так сама, адбывалася на тэрыторыі Беларусі.

Дорага каштавала гаротнаму беларускаму народу імпэрыялістычная думка Маскоўскіх гаспадароў-збірацялёў аб тым, што Беларусь ёсьць іх „вотчына“.

Культурная праца.

Ня гледзячы на тое, што край з году ў год руйнаваўся, што нішчылася і матар‘яльная і духоўная культура, над якой працавалі нашыя бацькі, ўсё-ж такі ў гэты час мы бачым разьвітак, і дужа шырокі, беларускай культуры. Ваяўніцкі гвалт і ўціск ня можа прыпыніць моцнага культурнага руху. Культура пэрыяду Літоўска-Беларускай дзяржавы носіць яўна-выразны беларускі кірунак і робіцца ў беларускай мове. Наша мова ў гэты час ёсьць ня толькі мова ўраду, але і мова навукі і культуры. Хоць шлях для польскай культуры і мовы шырока адчынен вуніяю 1386-году, тым ня менш польскі ўплыў ня можа, пакуль што, змагацца, з самабытнаю, ўзросшаю на моцным мясцовым грунце, беларускаю культураю. Архівы берагуць да нашага часу вялікую моц памяткаў беларускай культуры гэтага пэрыяду.

З гэтых памяткаў асабліва цікавы для нас юрыдычныя дакумэнты, каторыя найбольш сьведчаць аб высокасьці культуры нашых продкаў. Мы тут назавём некаторыя з такіх дакумэнтаў.

Пры Казімеры I Ягайлавічы ў 1457 годзе была выдана грамата, вядомая пад назваю „Земскія прывілеі Казімера“. Гэты акт датычыць жыцьця ўсіх земляў гаспадарства, ён напамінае нам сваім зьместам ангельскі акт 13-га сталецьця, вялікую карту вольнасьцяў. Тут забясьпечваюцца правы як асобы, так і маетнасьці князёў, баяр, служылай шляхты і, навет, мяшчан. На аснове прывілеяў, ніхто з іх ня можа быць пакараны толькі па тайным ці яўным даносе, або па падазрэньні: раней ён павінен быць пацягнены да суду. Кожны нясе адпавядальнасьць толькі за свае віны: жонка, напрыклад, не караецца за праступак свайго чалавека, бацька за праступак сына і г. д. Кожны мае права вольнага выйсьця за граніцу гаспадарства. Для служылай шляхты былі забясьпечаны правы ўладаньня і распараджэньня іх вотчыннымі маёнткамі. Сяляне, судзячы па прывілеях, ужо ня ёсьць вольны стан дзяржавы, як гэта было раней; правы над імі пана пашыраны. У зьвязку з гэтым, яны высвабаджаюцца ад беспасрэдніх фінансава-матар‘яльных дзяржаўных абавязкаў, апроч рэмонту дарог і мастоў; паміж імі і дзяржавай становіцца пан. Асобныя абавязкі наложаны і на гаспадара дзяржавы; вялікі князь, напрыклад, ня мае права памяншаць межаў Літоўска-Беларускага гаспадарства. Апроч таго, цікавы яшчэ 15 артыкул прывілеяў. На грунце гэтага артыкулу забараняецца людзям чужых народнасьцяў займаць урадовыя пасады ў гаспадарсьцьве і купляць зямлю. „У тых землях нашых, таго вялікага князьства, зямель, гарадоў, мест, а з каторых кольвек урадаў і дзедзіцтв удзержаньня, або достойнасьцей, не маетсі даваті жаднаму чужаземцу, але толькі тубыльцом тых зямель маем даваті мы і потомкі нашыя“. Гэтыя пункты, наложаныя на вялікага князя, маюць на ўвазе той факт, што гаспадар літоўска-беларускі ёсьць разам з тым і кароль польскі. Яны аберагаюць Літву і Беларусь ад палітычных і эканамічных жаданьняў Польшчы. Прывілеі, выдадзеныя Казімерам I, ляглі як грунт констытуцыі гаспадарства. Вялікі князь Аляксандар, наступнік Казімера, ўпісаў абавязкі, наложаныя на гаспадара, ў сваю констытуцыйную карту. Далейшыя гаспадары гэтыя свае абавязкі пацьвярджалі. Прыймаючы пад увагу ўвесь зьмест вышэйпаданага юрыдычнаяа акту, мы павінны ад‘значыць, што характар улады гаспадарства літоўска-беларускага быў непадобен да характару ўлады дзяржаўца Маскоўскага гаспадарства, гдзе ў гэты час вырастала і ўзмацнялася тое самаўладзтва, якое ня прыймала на сябе а ніякіх юрыдычных абавязкаў і ня лічылася з правамі станаў.

Праз 11 гадоў (1468) Казімер Ягайлавіч выдае другі дзяржаўны акт, таксама, ў беларускай мове, вядомы пад назоваю статуту, або судзебніка. Гэты статут мае практычную мэту — даць дзяржаўным судзьдзям, як-бы, падручнік, рукаводзтва для судатварэньня. Да гэтага часу абшырная наша бацькаўшчына ня мела аднаго агульнага кодэксу і гэта шкодзіла справе суда ў гаспадарсьцьве. Суд па асобных абласьцёх тварыўся на аснове вуснага, абычнага права, каторае складалася з мясцовых звычаяў, прыгавораў больш популярных, вядомых судзьдзяў, і далёка не заўсёды гэтыя матар‘ялы былі запісаны. Адсюль вынікалі як непаразуменьні, так злаўжываньні ў судовых справах. Парадзіўшыся на сойме ў Вільні з панамі і князямі, Казімер і выдаў вышэйпаказаны кодэкс для ўсяго гаспадарства. Поўным, зусім дагаджаючым усяму складу жыцьця, гэтага кодэксу прызнаць немагчыма. Ен амаль што выключна сабраў у свой зьмест нормы угалоўнага права, ў якіх адчувалася найвастрэйшая патрэба. Найбольш апрацаваны артыкулы аб забойсьцьве і зладзействах. Хоць і мала, але ўсё-ж такі ёсьць у статуце Казімера артыкулы, датычачыя і грамадзянскага права. Так, напрыклад, тут закрануты пытаньні аб копных, межавых спрэчках паміж суседзямі, аб утрыманьні ў добрым стане шляхоў, мастоў, аб абароне лесу і г. д. Цікава ад‘значыць, што ўжо ў той, далёкі ад нас, час літоўска-беларускі ўрад зразумеў усю карысьць зьездаў судных, на якіх магчыма выявіць паўней, яўней запутаныя і непаразуменныя судовыя пытаньні. Судзебнік Казімера ўспамінае аб зьездных судох. Трэба так сама адзначыць, што кодэкс 1468-га году і ў тэрмінолёгіі і ў зьмесьце многіх артыкулаў вельмі падобен да старарускага зборніка „Рускай Праўды“. Гэтыя старарускія традыцыі ў зборніку літоўска-беларускім зьберагліся навет больш чым у зборніках Маскоўскай дзяржавы. Першы пасьля Рускай Праўды зборнік у Маскве зьявіўся пры Яне III, калі з ростам гаспадарства, зложанага з розных земляў, вырасла патрэба і ў аднастайных законах. Ян III дапаручыў працу над кодэксам дзяку Гусеву. Калі кодыфікацыя была зроблена, Ян з баярскаю Думаю разгледзілі працу і зацьвердзілі яе ў 1497 годзе. Гэта нам дакладна даводзе, што першы зборнік у Літоўска-Беларускім гаспадарсьцьве выйшаў раней, як зборнік ў Маскоўскім гаспадарсьцьве на 29 гадоў. Маскоўскае законадаўства гэтага часу падлягло ўплыву мангольскіх нораваў, што значна зацямняе старарускую традыцыю гуманнай Рускай Праўды. Што датычыць да поўнасьці зборнікаў, то і зборнік маскоўскі, таксама, немагчыма прызнаць вычэрпваючым і поўным. У яго зьмест уваходзяць амаль што выключна формы судатворства і артыкулы аб судовых пошлінах.

Праз другую палавіну XV-га і першую чверць XVI-га сталецьця статут Казімера перарабляецца, дапаўняецца новымі граматамі і пастановамі, пакуль не вырастае ў абшырны, поўны кодэкс законаў Літоўска-Беларускай дзяржавы. Як такі, ён вядомы пад назваю „Статут Вялікага Князьства Літоўскага“. Першы раз ён выданы ў 1529-м годзе ў часы кіраваньня Жыгімонта II Казімеравіча Старога. Тут беларускае права, як угалоўнае, так і грамадзкае знайшло сваю поўную выразнасьць. Маецца тры рэдакцыі Літоўскага статуту. Першая, самая поўная, выдана, як мы казалі, ў 1529-м годзе. Дзьве другія рэдакцыі выданы ў 1566-м і ў 1588-м гадох. Закрапіўшы ў сваім зьмесьце старажытныя рускія асновы права, статуты, аднак-жа, не маглі не ад‘значыць і новых формаў жыцьця, бо і формы чалавечага жыцьця, як і факты, маюць сваю эволюцыю. Першы статут, як зьявіўшыся найраней, дае нам права ў найменш закранутым эволюцыяй выглядзе. Што датычыць другога і трэйцяга статуту, то перамены жыцьця і польскі ўплыў ужо налажылі на іх зьмест сваю пячатку. Зьберагаючы ў сваім зьмесьце старыя формы угалоўнага і грамадзянскага права, яны ад‘значуюць ужо новыя формы права дзяржаўнага, ад‘значуюць і новы соцыяльны строй польскага пэрыяду беларускай гісторыі, ўвесь прасякнуты панскімі, шляхоцкімі паглядамі і тэндэнцыямі.

Ня гледзячы на тое, што трэйцяя рэдакцыя статуту была выдана пасьля Люблінскай уніі, калі Літва і Беларусь страцілі сваю палітычную і культурную незалежнасьць, Літоўскі статут ува ўсіх трох рэдакцыях надрукованы ў беларускай мове, каторая была ў той час ня „мужыцкай“ мовай нашага часу, а мовай культурнай і дзяржаўнай. Што гэта так, магчыма відзець з ніжэйпаданага выпісу з статуту: „Пісар земскі маеть поруску, літерамі і словы рускімі, усе лісты, выпісы і позвы пісаті, а не іншым языком і словы“.

Аб высокасьці культуры Літоўска-Беларускай дзяржавы сьведчыць вялікі разьвітак беларускага друку. Мы ведаем, што калі Заходняя Эўропа перажыла малакультурныя часы сярэдніх вякоў і пачала сваю новую гістарычную працу, то першай справай прачнуўшайся культуры было адкрыцьце друку, а друк адкрыў для культуры шлях у шырокія колы грамадзянства. У 1445-м годзе Ян Гутэнбэрг у Нюрэнбэргу надрукаваў нямецкую Біблію. Толькі праз 28 гадоў зьявілася ў Кракаве (1483 г.) першая друкованая беларуская кніга Цьветная Трыодь, а праз 8 гадоў яшчэ (1492) таксама ў Кракаве, другая кніга Актоіх. Друкованая беларуская біблія зьявілася ў 1517-м годзе. Раней за яе выйшлі з друку толькі нямецкая біблія (1445 г.) і чэская біблія (1488 г.) Што датычыць да Масквы, то там першая друкованая руская кніга, Апостал, зьявілася толькі ў 1573-м годзе, на 90 гадоў пазьней за першую друкованую беларускую кнігу. Вельмі рана зьяўляюцца і беларускія друкарні. У Кракаве беларуская друкарня пачала працаваць у 1483-м годзе, польская на 22 гады пазьней, у 1505-м годзе; у Вільні беларуская друкарня істнуе з 1525-га году, а польская з 1576-га году, на 51 год пазьней. У Маскве друкарня пачала працаваць з 1563-га году, на 80 гадоў пазьней за беларускую друкарню. Да усіх гэтых цыфраў нам ня трэба нічога дадаваць, бо яны гавораць самі за сябе.

Беларуская друкарская справа зьвязана з імем першага беларускага друкара Францішка-Юрыя Скарыны. Ен быў родам, як сам казаў „з слаўнага горада Полацку“ з багатай гандлярскай фаміліі. У 1506-м годзе ён скончыў кракаўскі унівэрсытэт па філёзофскім факультэце. Не здаволіўшыся гэтай адукацыяй, Скарына паехаў у Заходнюю Эўропу, гдзе, таксама, скончыў адзін з унівэрсытэтаў, але ўжо па мэдыцынскім факультэце, адтрымаўшы ступень доктара. На нейкі час ён затрымаўся ў Празе і тут пачаў сваю чыннасьць па перакладу на беларускую мову і па выданьню кнігаў. Каля 1525-га году доктар Скарына перабраўся ў Вільню, гдзе займаўся тою самаю працаю. Скарына ўжо ў той час зразумеў, што лацінская мова, а, таксама, і старацаркоўна-славянская мова ня могуць здаволіць шырокіх колаў грамадзянства. Адчувалася ўжо патрэба ў кнігах, якія былі-б напісаны ў простай, штодзеннай размоўнай мове. Вось Скарына і прыняўся за пераклад кнігаў сьвятога пісаньня і кнігаў набажэнства на сучасную яму беларускую мову, каб гэтыя кнігі былі даступны ня толькі вучоным, але і простым людзям. Свае выданьні ён афяраваў „людзям простым паспалітым“. Скарынаю былі ператлумачаны і выданы: біблія, канонік і псалтыр. Апроч каштоўнасьці працы Скарыны з пагляду культуры трэба ад‘значыць каштоўнасьць гэтай працы і збоку хараства. Усе кнігі выданы вельмі пекна. Шрыфт яго выданьняў непадобен на другія шрыфты яго часу. Яўна, што шрыфт быў зроблены па малюнку самога Скарыны, які даглядаў ня толькі за тым, каб літара была лёгка чытана, але і за тым, каб яна здаволіла чытача і збоку хараства. Вялікія літары ў кнігах Скарыны ўсе прыгожыя, ўсе штучна ўбраны. Тут ёсьць і галінкі, і лісьцьця, і кветкі, і зьвяры. Есьць тут і гэрб роду друкара: сонца і поўмаладзік, злучаныя разам. На бібліі намалёван і патрэт Скарыны. Друкар сядзіць за сталом і піша; з левага боку ад яго згруджаны фоліянты і кнігі; над галавою намалёваны фамільныя гэрбы тых мэцэнатаў, якія рабілі матар‘яльную і моральную дапамогу яго працы; з правага боку на зямлі стаіць плецены кошык, падобны да якога і цяпер магчыма спаткаць у вёсцы нашай бацькаўшчыны.

Пісьменства ў беларускай мове асабліва пашыралася з палавіны XV сталецьця. Праўда, вышэйшыя станы гаспадарства ўжо пачалі вучыцца лацінскай і польскай моваў, але сярэднія станы (сярэдняя і дробная шляхта, мяшчане) і ніжэйшы стан пішуць, чытаюць і гавораць выключна толькі ў роднай мове. У грамадзянсьцьве істнуе вялікае запатрабаваньне на беларускую кнігу. Каб здаволіць гэтую кніжную патрэбу, істнуе шмат друкарняў. Друкарні раскідаліся па ўсёй Беларусі, па вялікіх і малых гарадох. Мы можам назваць друкарні ў такіх мясцох, як Вільня, Полацак, Менск, Магілеў, Несьвіж, Любча, Заслаў, Слуцак, Пінск, Заблудава, Супрасль, Еўе і г. д. Кніжная праца ідзе жвавым крокам.

У пачатку XVI-га сталецьця на Захадзе паўстаў рэформацыйны рух. Хутка ён перакінуўся і на Беларусь. На Беларусі пачалі пашырацца лютаранства, кальвінізм, антытрынітарства, арыянства, соціянізм і другія рэлігійныя пагляды рэформацыі. Рух рэформацыі абудзіў і тут, як на захадзе культурна-нацыянальныя пытаньні. Яны падняліся як у нас, так і ў Польшчы. У Польшчы зьявіўся гурток так званых, рэформістых, каторыя, паміж іншым, паднялі пытаньне аб нацыянальнай цэркві з набажэнствам у польскай мове. З такіх рэформістых мы павінны назваць, напр., Маджаеўскага і Асалінскага. У Беларусі ідэі рэформізму, праводзілі ў жыцьцё Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. Цяпінскі ператлумачыў на беларускую мову Эвангэльле. У прадмове да свайго Эвангэльля ён бядуе аб тым, што некаторыя з беларусаў „у польскія школы, або ў іншыя сябе і дзеці свае без встыду заправуюць“. Трэба ўсё-ж такі ад‘значыць, што і ў Польшчы, і ў Беларусі рэформацыя не зрабілася нацыянальнай справай, як напрыклад, у немцаў, швайцарцаў і другіх народаў. У нас ня было сваіх Лютараў і Кальвінаў. Ня спусьцілася рэформацыя ў Беларусі ў народныя нізы, не абурыла соцыяльных пытаньняў і не дала, як у Нямеччыне, абаронца мужычых правоў Тамаша Мюнцара. Рэформацыя стала, як-бы, рэлігійнай фрондай. Знатныя фаміліі прыймалі лютаранства і кальвінізм, як нешта новае, цікавае. Асабліва пашырыўся кальвінізм. Такія, напрыклад, беларускія арыстократычныя фаміліі, як Радзівілы, Зяновічы, Валовічы, Кішкі, Глябовічы, Слушкі і інш., сталі хутка кальвіністымі. За імі цягнуліся і дробныя людзі. Але ўсё гэта ня было грунтоўнай, важкай . Як толькі настала потым рэакцыя і пачаўся моцны польска-каталіцкі ўплыў, усе яны зрабіліся шчырымі палякамі і пакорнымі сынамі каталіцкага касьцёлу.

Соцыяльны склад грамадзянства.

Грамадзяне Полаччыны складалі, наагул, два соцыяльныя клясы. З аднаго боку стаялі лепшыя людзі, прадстаўнікі гандлёвага, прамысловага і зямельнага капіталу. З другога боку стаялі меншыя людзі, прадстаўнікі працы. Гэтыя два клясы ня былі яшчэ яўна ад‘значанымі станамі і злучаліся паміж сабою прамежнымі групамі, але, усё-ж такі ў аснове кожнага з гэтых двох станаў быў, як-бы, нейкі асяродак. Валасныя князі са сваімі дружынамі стаялі асобна ад гэтых клясаў і, гледзячы па ўмовах жыцьця, станавіліся на старану ці таго, ці другога клясу. Пэўна, Беларусь не магла застанавіцца на гэтых формах соцыяльнага жыцьця. Ідзе новая формацыя станаў пад уплывам эканамічна-палітычнага разьвітку гаспадарства і пад уплывам, праўда, пакуль што невялікім, Польшчы.

Тыя войны, якія гаспадарству трэба было вясьці раней з Немцамі, потым з Маскоўскім гаспадарствам, павялічылі лік і важкасьць князя і яго дружыны. Дружыньнікі за сваю вайсковую службу адтрымліваюць, як пэнсію, зямлю і робяцца такім спосабам, земляўласьнікамі. Гэты факт збліжае іх з лепшымі людзьмі Полаччыны. Баяры, служылы элемэнт людзей лепшых, таксама, пачынаюць гуртавацца з быўшымі дружыньнікамі. Будуецца агульны служылы стан, каторы потым убярэ ў свой склад амаль што ня ўсіх лепшых людзей. Сюды не ўвайшлі прадстаўнікі чыста гандлёвага капіталу, каторыя злажылі асобны кляс. У служылы стан увайшла, ў пачатку пэрыяду, частка меншых людзей. Гэта былі тыя вясковыя земляробы, каторыя нясьлі вайсковую службу ці ў князя, ці ў баяраў. Склаўся, такім спосабам, вялікі служылы стан земляўласьнікаў, прадстаўнікі каторага ў першай палавіне пэрыяду называліся баярамі і зямянамі. У Полацкай Русі назву баярына мелі толькі вярхі вышэйшага клясу, але з цягам часу гэты тытул панізіўся і пад баярынам сталі разумець дробнага служылага чалавека. У другой палавіне пэрыяду для служылага стану адтрымаў пашырэньне тэрмін „шляхецтва, шляхта“, прышоўшы на Беларусь з Польшчы. Шляхта паступова адтрымавала ўсё большыя і большыя правы. Літоўска-Беларускія гаспадары, ужо пачынаючы з Ягайлы, давалі шляхецтву прывілеі. Найраней, гэты кляс выдзяліў з свайго складу асобную раду паноў, сэнат, каторая мела права кантролю над гаспадаром. У палавіне XV-га сталецьця шляхта адтрымала вызваленьне ад усялякіх дзяржаўных падаткаў, апроч тых, на якія сама яна згодзіцца. Гаспадары, калі мелі патрэбу ў грошах, павінны былі склікаць прадстаўнікоў шляхты і ад іх адтрымаць згоду на аблажэньне шляхты падаткамі. Адсюль і пачаліся зьезды, ці соймы шляхты, на каторых абгавараваліся ня толькі грашовыя пытаньні, але й палітычныя. Стан, каторы захапіў у свае рукі ўладу, прагнуўся, як мага, адгарадзіць сябе ад другіх станаў. Польскі ўплыў яшчэ больш узмацняў шляхту. Фэодалізм, прышоўшы з Захаду праз Польшчу, прынёс ім правы заходняга рыцарства. Гэтыя „вольныя, добрыя, хрысьціянскія правы, як у каруне польскай“ нясуць злую няволю другім станам гаспадарства, асабліва сялянам.

Горад Полацкай Русі быў цэнтрам, да яго цягнула вёска. Веча гораду мела ўплыў на жыцьцё прылягаючай да яго тэрыторыі. Калі пачалі гуртавацца станы Літоўска-Беларускага гаспадарства, частка лепшых людзей гораду ўвайшла ў склад шляхоцкага стану. У мяшчанскім стане засталіся гандляры, прыказчыкі, рамесьнікі і земляробы гарадзкога району. Вёска аддзялілася ад гораду, а горад ад вёскі. Горад заняўся будоўляй не агульна валаснога жыцьця, а свайго мясцовага. Усё гэта зрабілася, дзякуючы пашырэньню ў Беларусі нямецкага, Майдэборскага права, каторае прышло сюды праз Польшчу. Вечы, асабліва ў першыя часы, яшчэ зьбіраюцца, але яны гавораць не да воласьці, а толькі да места. Толькі на поўдні гаспадарства доўга трымаецца старажытны звычай. Тут веча зьбірае на свае сходы ня толькі жыхароў гораду, але і жыхароў обласьці, вясковае сялянства. Тут доўга яшчэ захоўваецца мяшчана-сялянскае самакіраваньне: старшыні, абраныя вечам, зьбіраюць дань, раскладаюць паміж жыхарамі абавязковыя работы, чыняць суд па ўсіх справах. Але і на поўдні, з цягам часу, у гарадох пачынаюць уводзіцца новыя парадкі і звычаі, згрунтаваныя на нормах Майдаборскага права. Сутнасьць яго была гэткая. Гаспадар выдаваў гораду грамату, катораю забясьпечваліся за мяшчанскаю абшчынаю правы суда над жыхарамі места, вольнасьць гандлю і гандлёвых збораў і г. д. За адтрыманыя правы горад павінен быў плаціць гаспадару ўмоўленыя налогі. Літоўска-Беларускім гаспадаром, каторыя часта мелі брак у грошах, было карысна выдаваць такія граматы. З другога боку, адтрымаваць правы было карысна і для гарадоў. Яны, дзякуючы граматам, вызваляліся ад, часта нежаданага, ўплыву на жыцьцё гораду ўрадовых прадстаўнікоў і іх уціску. Часта, на падставе грамат, гораду давалася ня толькі права суда, але і права самакіраваньня. Горад адгароджваўся ад вёскі, мяшчане выдзяляліся ад служылай шляхты і ад сялянства, гуртуючыся ў асобную соцыяльную клясу, у асобны стан. Гандляры разьбіваліся на гілды, ці на сотні, рамесьнікі на цэхі і горад пачынаў жыць, добра вядомым нам, жыцьцём заходняга гораду. Не дарма гэтае права называлася нямецкім.

Вольнае вясковае сялянства Полацкай Русі, таксама, ў гэты пэрыяд павінна было перажыць некаторыя перамены. Яшчэ і раней адчувала яно на сабе цяжкую руку капіталістага-земляўласьніка, пападаючы ў эканамічную ад яго залежнасьць. Гэтая залежнасьць, з цягам часу, мацнела і вольны селянін траціў сваю волю. Потым, калі фармаваўся служылы стан, гаспадары давалі прадстаўніком яго, замест пэнсіі, зямлю, каторая была выраблена і заселена сялянамі. Селянін, у такім выпадку, ужо ня быў юрыдычным, а толькі фактычным уласьнікам свайго кавалачка зямлі, бо права юрыдычнай уласнасьці адходзіла да служылага чалавека. На гэтага юрыдычнага гаспадара селянін ужо павінен быў рабіць асобныя аплаты і выпаўняць павіннасьці. Яны ня былі цяжкімі ў старажытныя часы. Юрыдычны ўласьнік баяўся, што вольны селянін пяройдзе на зямлю другога ўласьніка, ці на незанятую зусім, ратуючыся ад цяжкасьці жыцьця. З першай палавіны XV-га сталецьця ўжо пачынаецца ўціск над вольным селянінам. Служылы кляс і праўдамі і няпраўдамі пачынае змагацца з правам селяніна на вольны выхад. Гэтае змаганьне прывяло да таго, што лік вольных сялян усё зьмяншаецца; селянін усё мацней і мацней прывязваецца да зямлі, на якой працуе. Прывязаўшы селяніна да зямлі, служылы шляхціц ужо не баіцца, што ад цяжкасьці павіннасьцяў ён пераменіць месца працы. А гэтая сьмеласьць разьвязвае шляхціцу рукі і ўзмацняе яго клясавы апэтыт на працу паднявольнага селяніна. Адным словам, у гэты пэрыяд гісторыі Беларусі закладаецца грунт для будучай мужыцкай няволі і прыгону. Косьці служылага шляхціца ўсё бялеюць і бялеюць, а мужычая косьць пачынае чарнець, каб даць у будучы пэрыяд прадстаўнікоў дзьвюх пародаў людзей: белай і чорнай косьці.