Перайсці да зместу

Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1919)/Трэйці пэрыод

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Другі пэрыод гісторыі Беларусі Трэйці пэрыод гісторыі Беларусі (XVI—XVIII ст.)
Падручнік
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1919 год
Чацьвёрты пэрыод гісторыі Беларусі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Трэйці пэрыод гісторыі Беларусі
(XVI—XVII в.).

Люблінская вунія 1569 году.

Ня гледзячы на вунію 1386-го году Літва і Беларусь ня зьліліся з Польшчай за час прошлага пэрыоду. Абедзьве дзяржавы захоўвалі свой політычны і культурны твар. Ня дарма вуніі і пасьля 1386-га году некалькі разоў ствараюцца юрыдычна. Гэты факт юрыдычных паўтарэньняў сьведчыць аб тым, што кожны з юрыдычных актаў ня меў жыцьцёвай, фактычнай моцы. Але, з другога боку, гэты факт сьведчыць і аб тым, што былі некія ўмовы ў жыцьці абедзьвюх дзяржаў, каторыя прымушалі тварыць многа разоў юрыдычные вуніі. За час супольнага юрыдычнага жыцьця ў Літве і Беларусі ствараліся такіе дзяржаўные, соцыяльные і культурные зьявы, каторые збліжалі гаспадарства з Польшчай. Гэтыя зьявы залежалі як ад паступовага руху ў жыцьці самога гаспадарства, так і ад польскага ўплыву. Гарады адтрымалі майдаборскае права: шляхта пачала займаць такое становішча, пры каторым згінула ўлада караля і правы другіх станаў гаспадарства; ў вышэйшые станы сачылася польская культура і выціскала культуру беларускую і г. д. Усё гэтае павінна было ўзмацняць і гатаваць глебу для фактычнай рэяльнай вуніі. Да гэтага-ж вялі і чыста надворные, часам прыпадковые, падзеі ў абодвух гаспадарствах.

Мы ведаем, што пачынаючы з канца 14-га веку, на Літву і Беларусь ідзе націск з усходу, з боку Маскоўскага гаспадарства. Гэты націск пустошыць і руйнуе асабліва беларускіе землі. У другой палавіне 16 сталецьня (1558—1582) з перарывамі і пераменным шчасьцем цягнулася так званая Лівонская вайна, пачатая Іванам Грозным. Лівонія, разьбітая маскоўскімі войскамі, аддалася пад абарону Літвы, і Ян напусціў свае вайскі на Літоўска-беларускае гаспадарство. Маскоўская армія больш як у 250 тысячаў у 1563 годзе аблажыла і ўзяла горад Полацк. Шмат народу загінула, вялікая моц золата, серабра і дарагіх рэчаў была забрана ў Маскву. Шукаючы ратунку ад Масквы, Літва і Беларусь павінны былі думаць аб апоры ў Польшчы.

Польскім каралем і Літоўска-Беларускім гаспадаром быў ў гэты час Сігізмунд III (II) Август. Ен быў ужо немалады i не спадзяваўся на патомства. Канчалася, такім спосабам, лінія Ягялонаў, якая была сувязьзю паміж гаспадарствамі. Польскіе політыкі баяліся, што па скананьні апошняго Ягялона Літва і Беларусь могуць абраць свайго асобнага гаспадара. Трэба было зрабіць сувязь паміж гаспадарствамі да скону караля. Сігізмунд так сама згадзіўся з гэтым. Пачаліся перагаворы.

Прадстаўнікі Літоўска-Беларускага гаспадарства і Польшчы мелі не аднакіе думкі аб злучэньні дзяржаў. Літва і Беларусь хацелі зрабіць вунію, не касуючы незалежнасьці і самабытнасьці свайго гаспадарства. Па іх пляну ў кожнай старане павінен быць свой асабісты сойм; некаторые з літоўска-беларускіх прадстаўнікоў згаджаліся і на агульны для абедзьвух дзяржаў сойм, але ён павінен зьбірацца чаргова: адзін раз ў Літве і Беларусі, другі раз у Польшчы. Кароль павінен абірацца і абвяшчацца тою і другою дзяржавамі асобна. Пасады ў кожнай дзяржаве даюцца толькі «тубыльцам», ураджэнцам яе. Палякі стаялі за пяршынство Польшчы і за скасаваньне незалежнасьці Літвы і Беларусі: сойм павінен быць адзін, зьбірацца ён павінен у Польшчы і г. д. У сваіх пропазыцыях Беларусы грунтаваліся на тых прывілеях, якіе даваліся для Літоўска-Беларусскай дзяржавы гаспадарамі: Казімерам IV, Александрам, Сігізмундамі, сутнасьць якіх была ў захаваньні правоў Літоўска-Беларускай дзяржавы. Палякі грунтаваліся так сама на асабістых граматах гэтых самых гаспадароў, як каралёў Польшчы, пры чым бралі такіе граматы, якія паніжалі правы Літвы і Беларусі. Пры гэтым яны падкрэсьлівалі, што ў Польшчы былі каролі, а ў Літве і Беларусі вялікіе князі, каторые былі па тытуле ніжэй ад каралёў. Перагаворы ня прыводзілі да згоды. Ужо й тады некаторые з вяльможаў прыкмецілі, што беларусы, літвіны і полякі ніколі дабром ня згодзяцца, што згадзіць усіх іх немагчыма так, як немагчыма пераканаць габрэя на аснове новага тэстамэнту.

Для канечнага выяўленьня пытаньня быў назначаны сойм у Любліне на 23-е сьнежня 1568 году. Літоўска-беларускіе паслы зьбіраліся памалу. Больш-менш значная большасьць іх сабралася толькі к 10-му студзеня 1569 году. Ніводная з старон не хацела паступіцца сваімі думкамі. Бачучы, што ня можна дайсці да ладу, Літоўска-беларускіе дэпутаты разьехаліся па хатах. Тады Палякі, апіраючыся на тым, што паўднёва-рускіе землі: Падлесье, Валынь, Падолія некалі былі далучаны да Літоўска-Беларускага гаспадарства продкамі Ягялонаў, прасілі апошняга Ягялона дараваць гэтые землі Польшчы. Сігізмунд так і зрабіў. Даведаўшыся аб гэтым, паслы Літвы і Беларусі зноў зьявіліся ў Люблін. Яны пратэставалі проці таго, што было зроблена, кажучы, што Польшча ня мае права прылучаць да свае тэррыторыі землі, каторые ад вякоў належалі да Літвы і Беларусі. Палякі не адступаліся ад зробленай імі крыўды. Яны бачылі, што Літва і Беларусь знаходзяцца ў такіх цяжкіх варунках, што ў іх німа магчымасьці аружжам бараніць свае правы; што Літва і Беларусь павінны будуць згадзіцца і на такую несправядлівую і крыўдную вунію. Справа ў тым, што Літоўска-Беларускаму гаспадарству на ўсходзе пагражала Масква, на поўдні пагражалі Татары і Туркі. Апроч таго, і Польшча стала-бы ворагам, калі-б з ею ня было зроблено вуніі.

Бачучы, што ніякага ратунку няма, літоўска-беларускіе паслы: Хадкевіч, Радзівіл і другіе малілі палякоў і свайго апошняга вялікага князя з роду Ягелавага, каб яны не рабілі крыўды іх гаспадарству, не паніжалі яго і не адрэзвалі ад яго векавечных яго земляў. Яны кінуліся на калені з плачам перад Сігізмундам, просячы яго ня губіць гаспадарства, не аддаваць яго ў польскую няволю. Але і кароль і палякі ня выказалі спагады. Сігізмунд прыказаў ім прыняць вунію і прысягнуць Польшчы. Гэтая прысяга на вунію і адбылася 1-га ліпня 1569 году.

На грунце умоў Люблінской вуніі, Літва і Беларусь злучаюцца з Польшчай увадно цело, ў адзін дзяржаўны організм. Новая непадзельная дзяржава атрымывае назву Рэч Паспалітая, іначай кажучы — Рэспубліка. Два злучаные гаспадарствы маюць аднаго гаспадара, каторы носіць тытул «кароль польскі і вялікі князь літоўскі і рускі». Кароль займае пасад не па спадчыне, а па абраньні. Абіраюць гаснадара народы абедзьвюх дзяржаваў разам, для якой мэты зьбіраецца сойм у Варшаве. Каранацыя гаспадара адбываецца ў Кракаве. Літва і Беларусь ня маюць права абраць для сябе асобнага вялікага князя. Сойм у тым і другім гаспадарцьве адзін: ён складаецца з дэпутатаў, абраных на мясцовых сойміках. Калі ў Літоўска-Беларускім гаспадарсцве ёсьць якія колечы пастановы, нязгодные з умовамі вуніі, то яны касуюцца. Грашавые знакі ў абедзьвюх дзяржавах агульные. Паміж Польшчай, з аднаго боку, і Літвой і Беларусьсю, з другога боку, мяжы няма. Тавары перавозяцця з аднэй стараны ў другую вольна, бяз усякіх гандлёвых пошлінаў і налогаў. Падданые абодвух гаспадарстваў маюць права купляць і ўладаць нярухамай маетнасцьцю і ў той і ў другой старане. Валынь, Падолія і Падлясьсе былі аддзелены ад Літвы і Беларусі і прылучаны да Польшчы, як землі кароны. Ня гледзячы на вунію кожная з дзяржаваў захоўвала свае асобные войскі, законы і некаторые з важнейшых дзяржаўных пасадаў. Трэба так сама адзначыць, што грошы і ў кароне і ў вялікім князьстве былі асобные ў 16-м і нават ў першай палавіні 17-га сталецьця.

Вунія 1569 году шырока адчыніла браму для польскага ўплыву. Праўда, гэты ўплыў існаваў і раней, але ён ня мог быць моцным. Цяпер для гэтага ўплыву ня было ані якіх перашкодаў. Польшча скарыстала цяжкае станавішчо вялікага князьства, скасавала яго самобытны політычны твар і прагнулася скасаваць твар культурны і нацыянальны. Гэта было грунтоўным недахватам вуніі, каторы налажыў сваю пячатку на далейшае сумеснае істнаваньне кароны і князьства. Вунія была эгаістычнай з боку Польшчы. З далейшай гісторыі мы ведаем, што пры націску Масквы і Татараў князьства нават не адтрымала ад Польшчы той дапамогі, якую Польшча обяцалася даць. Беларусь, апроч таго, увайшла ў дзяржаўны організм такога гаспадарства, каторае ўжо пачало хварэць і політычна і соцыяльна. Разумеецца, гэтая хвароба перадалася і Беларусі. З культурнага боку Беларусь так сама прайграла, бо польскі культурны ўплыў адарваў ад народу вышэйшые станы, каторые апалячыўшыся сталі чужымі для свайго народу.

Берасьцейская царкоўная вунія 1596 г.

Дзяржаўная Люблінская вунія забясьпечывала Польшчы політыка-соцыяльны і часткаю культурны уплыў на Беларусь. Але быў яшчэ адзін факт у жыцьці злучаных дзяржаваў, які ставіў перашкоды для скасаваньня асабістага твару вялікага князьства: у Польшчы панавала заходняе хрысьціянства, каталіцтва, на Беларусі — усходняе, праваслаўная вера. Гэты факт, апроч таго, блізіў Беларусь да Масквы, з чым Польшча не магла згадзіцца. Разумеецца што за вуніяй дзяржаўнай павінна было падняцца пытаньне і аб царкоўнай вуніі. Гэтае пытаньне паднялося-бы раней 1596 году, каб ня было некай прычыны, якая адлажыла яго амаль што не на 30 гадоў. Такой прычынаю быў рэформацыйны рух, падняты ў Польшчы і пагражаўшы як каталіцкай, так і праваслаўнай веры. Былі такіе часы, калі можна было думаць, што рэформацыя, пашырыўшыся ў абедзьвюх дзяржавах, скасуе рэлігійную праціўнасьць паміж імі.

Рэформацыйны рух прышоў у Літоўска-Беларускую і Польскую дзяржавы зараз-жа пасьля пачатку яго ў Нямеччыне, у першай чвэрці 16-га сталецьця. Зьявіўся ён у палацы караля і вялікага князя Сігізмунда Старога. Тут яго стаў пашыраць духоўнік жонкі караля, Боны, Францішак Ліппамані. З палацу караля і вялікага князя рэформацыя выйшла на вуліцу. Гаспадары Сігізмунд і Сігізмунд-Аўгуст не рабілі ніякіх перашкод для рэформацыйнага руху. Шмат духоўных асобаў кідалі свой сан і станавіліся на чале новага вучэньня. Сярод вышэйшых станаў больш пашыраўся кальвінізм, а лютаранства зацікаўлівала мяшчанскі кляс. У палавіне 16-го сталецьця ў землях гаспадарства рэформацыя мела такі ўплыў, што сучасьнікі, гаворачы аб шляхце, лічылі яе цалкам протэстанцкай. І тут была некая праўда. Вядома, напрыклад, што ў Навагрудзкім ваяводзтві з 600 фаміліяў праваслаўных шляхціцаў асталося ў старой сваей веры ўсяго толькі шаснаццаць. Беларусь стала месцам разьвіцьця рэформацыйнай навукі і асьветы. У Нясьвіжы працавала добра організованая друкарня Мікалая Радзівіла Чорнага, вялікага маршалка Літоўска-Беларускага гаспадарства. Тут-жа зьбіраліся выдатнейшые прапаведнікі і вучыцелі кальвінізму. Прыняў кальвінскую веру і сам Радзівіл, за ім пацягнулася і акалічная, залежачая ад яго высокай пасады і вялікай маетнасьці, шляхта. У Польшчу, Літву і Беларусь уцякалі людзі вольнага настрою рэлігійнай мысьлі, каторых гналі ў другіх краёх. У 1555-м годзе з Італіі ўцек у Кракаў Лелій Соцін, каторы ня прызнаваў тройчасьці бажаства. Яго рэлігійные пагляды, вядомые пад назваю сацініянства, антытрынітарства і унітарызму, з Кракова хутка сталі пераходзіць і на Беларусь. У 1554-м годзе павінен быў пакінуць сваю бацькаўшчыну, Маскву, Феадос Касы са сваімі аднамысьленікамі. Ен, як і Сацін, але зусім незалежна ад яго, так-сама учыў аб ядыным нятройчым бажсьцьве. У пачатку ён працуе ў Вітабшчыне, потым пераяжджае ў Вільню. Усе сучасьнікі гавораць, што гэта быў чалавек вялікай энергіі і розуму і быў надта добры прапагандыста сваей рэлігійнай навукі. Заслаўль, Менскага павету і Любча, Новагрудзкага павету, ў сваіх друкарнях працавалі над выданьнем кніжак антытрынітарскага, унітарскага напрамку.

Трэба зазначыць, што рэформацыйны рух у Польшчы, Літве і Беларусі, ня меў усё-ж такі пад сабою моцнага грунту. Ен меў у сабе такіе недахваты, каторые рабілі яму вялікую шкоду. Найперш усяго, ён не даваў ядынай рэлігійнай тэоріи: ён распадаўся на множства самых размаітых, непадобных адна на другую сэктаў. Такіх сэктаў можна было ў той час налічыць больш 70-ці. І кожная з гэтых сэктаў лічыла праўдзівай толькі адну сябе і змагалася з другімі сэктамі. А гэта было як раз у той час, калі заняпаўшае каталіцтво зноў паднялося, організавала і лічыла свае сілы на Трыдэнцкім саборы; калі яно высунула такіх моцных практычных працаўнікоў на карысьць папства і цэрквы, як езуіты. Апроч таго, рэформацыйны рух, як у Польшчы, так і ў Беларусі, ня быў глыбокім рухам. Ен ня спусьціўся ў народные нізы, не абурыў іх розуму i пачуцьця, не падняў там політычных і соцыяльных пытаньняў. Ен лёгка закрануў розум, і толькі розум шляхоцкага і мешчанскага станаў. Мужык таго часу ўжо нізка спусьціўся ўніз па соцыяльных сходах і ня цікавіў ня толькі паноў- протэстантаў, але і нават тых рэформацыйных дзеячоў, якіе тут працавалі. Беларусь і Польшча, як мы казалі вышэй, не адтрымала свайго Тамаша Мюнцэра, каторы рэформацыю ў Нямеччыні зрабіў мужыцкай справай. Усе гэтые недахваты загубілі ў нас такі цікавы, паступовы рух, як рэформацыя і адкрылі дарогу для працы езуітаў і для клерыкальнага настрою грамадзянства ў Польшчы.

Мы ня будзем тут даваць гісторыю, і рабіць характэрыстыку ордэну езуітаў. Усё гэта добра вядома з агульнай, заходняй гісторыі. Мы толькі адзначым, што езуіты, як організацыя, ёсьць тыповая партыя нашага часу. Яна мела сваю праграму максімум (Божую славу на зямлі), сваю праграму мінімум (пашырэньне каталіцтва і ўлады папы); мела практычную, а не ідэалістычную мораль і этыку, чыста вайсковую дысцыпліну і добра пастаўленую конспірацію. Усе гэтые факты рабілі ордэн моцнай сілой, каторая, гдзе-б яна ні зьявілася, пачынала хутка і энергічна сваю больш політыка-грамадзянскую, чым чыста рэлігійную працу. Так было і на Беларусі, і ў Польшчы.

Вызваў езуітаў з Заходу для змаганьня з рэформацыяй віленскі каталіцкі біскуп Валярыян Пратасэвіч. Езуітаў ня трэба было доўга клікаць на працу. У 1569-м годзе, як раз у час Люблінскай вуніі, пяць чалавек езуітаў ужо пачалі сваю працу ў Вільні. Усе гэта былі людзі разумные, вучоные, добрые прамоўцы, энэргічные і стройна організованые. Найраней трэба было ім захапіць ў свае рукі політыку. Для гэтай мэты яны ўвайшлі ў палацы заможнага панства, як духоўнікі, як дарадчыкі, як дамовые настаўнікі. Узяўшы ў рукі сумленьне магнатаў і робячы ўплыў на іх розум, яны адтрымалі магчымасьць мець ўплыў і на напрамак політыкі. Апроч таго, ўзяўшы ў рукі магнатаў і панства, езуіты адтрымалі магчымасьць здабыць і матар‘яльную, эконамічную забясьпеку на сваю працу. Забясьпечыўшы свой політычны ўплыў і эконамічнае станавішча, ордэн прыняўся за народные масы. Сярод народнай масы найлепшы матарь‘ял для ўплыву складае моладзь. З яе пачынае сваю працу партыя, з яе павінны былі пачаць сваю працу і езуіты. Хутка ў Вільны езуіты заснавалі сваю школу, так званы кольлегіум. Закранутае рэформацыйным рухам грамадзянства с пачатку ня пускала сваіх дзяцей у каталіцкі кольлегіум, але езуіты ня спынялі працу, хоць ва ўсей школе ў іх было толькі 15 вучняў. Адукацыйная справа, добра наладжаная, настаўнікі, адпавядаючыя свайму стану, добрые адносіны да вучняў — усё гэта гаварыла сам за сябе. Слава школы пачала расьці, пачаў расьці і лік вучняў. Цяпер езуіты сьмела маглі адчыняць свае школы і ў другіх мясцох. Праз некі час мы бачым езуіцкіе кольлегіумы ў такіх гарадох, як Полацак, Смаленск, Нясьвіж, Мсьціслаў, Вітебск, Менск, Орша, Магілёў і г. д. Школа зрабіла сваю справу добра. Дзеці шчырых працаўнікоў рэформацыі і праваслаўе сталі шчырымі каталікамі. Прыкладаў ёсьць шмат. Чатыры сыны Міколая Радзівіла Чорнага пад ўплывом езуіцкай адукацыі прынялі каталіцтва. Адзін з іх прыняў нават сан і зрабіўся, пасьля скананьня Валярыяна Пратасэвіча, віленскім біскупам. Другі сын, Мікалай, празваны Сіротка затраціў 5000 чырвонцаў на тое, каб знайсьці кнігі бібліі, каторую выдаў яго бацька, і спаліць іх рукою ката. Тое самае было і ў фаміліі вядомага абаронцы і заступніка праваслаўнай веры, Канстантына князя Астрожскага. Яго сыны перайшлі ў каталіцтва, а ўнука для пашырэньня каталіцтва ўжо крыўдзіла тых, каму дапамагаў і за каго заступаўся яе дзед.

Робячы ўплыў на моладзь, езуіты не забыліся і пра шырокіе масы грамадзянства. Там яны працавалі праз школу, тут праз цэркву. Ужо ў 1572 годзе езуіты атрымалі для свайго набажэнства касьцёл св. Яна ў Вільні. Шмат грошай затрацілі яны, каб гэты касьцёл рабіў уражаньне на масы. Быў пастаўлен выдатны арган, заведзена выдатная музыка і сьпевы. Народ вялікаю грамадаю паваліў да новага касьцёлу і даў слухачоў для езуітскіх казаньняў. Хутка касьцёламі і кляштарамі пакрылася ня толькі Польшча, але і Беларусь. Абноўленае і ўзмоцненае езуітамі каталіцтва пачало выціскаць лютаранства, кальвінізм, унітарства і др. вучэньні рэформацыі. Вышэйшые станы беларускаго грамадзянства, зацягнутые раней у рэформацыйны рух, цяпер пераходзілі ў каталіцтва. У пачатку 17-га сталецьця протэстанства і кальвінізм асталіся сярод мяшчан, але і тут былі частые адходы ў каталіцтва. Вядома, што, напрыклад, у Вільні праз 5 гадоў ад пріезду езуітаў навярнуліся ў каталіцтва каля 6 тысячаў жыхароў места.

Такім чынам, каталіцтва заняло месца рэформацыі сярод беларускіх магнатаў, шляхты і часткі мяшчан. Стаўшы каталікамі, яны рабіліся палякамі, бо згінула тая, важная для таго часу розніца, якая была паміж імі і польскай шляхтай і магнацтвам. Для іх ужо не патрэбна была рэлігійная вунія, бо яны політычна, соцыяльна і рэлігійна былі ўжо адным народам з палякамі.

Але, апроч магнатаў і шляхты, жыў яшче на Беларуci i просты народ, каторы ў час рэформацыі астаўся някрануты яе ўплывам. Ен трымаўся праваслаўнай веры. Цяпер трэба была зьвярнуць увагу і на яго. Падыйсьці да яго проста было трудна, бо ён, як народ цёмны, ня цікавіўся запутанымі догматычнымі тэорыямі і трымаўся свае веры толькі затым, што яна прышла да яго розуму і пачуцьця па традыцыі, ад яго дзядоў і бацькоў. Трэба было падыйсьці да яго абходным шляхам. Як такі шлях, езуіты прапанавалі царкоўную вунію, каторая прывяла-б селяніна да каталіцтва паступова, не нарушаючы яго традыцыяў. Трэба прызнацца, што шлях быў прыдуманы разумны. І па гэтаму шляху можна-б было цьвёрда і пэўна прыйсьці да мэты, калі-б каталіцкі ўрад Польшчы быў такі добры політык, як езуіты.

Думка аб вуніі ня была выдумана езуітамі. Яна істнавала даўно сярод разумнейшых людзей, і яе прабавалі рэялізаваць яшчэ ў 1439-м годзе ў Флёрэнцыі. Людзі рэлігійнага настрою хварэлі сэрцам, бачучы разьдзел хрысьціянства і спадзяваліся, што вунія скасуе гэты разьдзел і парушыць загародку паміж цэрквамі. І на Беларусі думка аб вуніі вынікала ў лепшых людзей, каторые думалі, што яна збудуе нацыянальную цэркву і прынясе згоду; што злучэньне каталіцкай і праваслаўнай веры ня будзе мастом для пераходу з адной веры ў другую, а пэўным праўдзівым злучэньнем. Вядома, што такі шчыры праваслаўны і шчыры беларус, як князь К. Астрожскі, адзін час падтрымліваў ідэю вуніі. Ён стаў проці вуніі толькі тады, калі пабачыў, якая вунія прапануецца.

З працаўнікоў езуітаў у справе вуніі мы павінны адзначыць вядомага ў свой час тэолёга і прамоўцу, рэктара Віленскай езуітскай акадэміі, Пятра Скаргу. Ен напісаў твор пад назваю: «Аб еднасьці цэрквы Божай і аб грэчаскім ад сей еднасьці адступленьні». У гэтым творы ён апісуе такіе недахваты ў цэркоўным правослаўным жыцьці Беларусі таго часу. Праваслаўные сьвяшчэнікі маюць жонкі і семьі; дзякуючы гэтаму, яны больш клапоцяцца аб сваіх уласных справах, чым аб справах царквы. Яны агрубелі і зрабіліся, як «хлопы». Набажэнства ў праваслаўнай царкве адпраўляецца ў мове славянскай, дзеля чаго сьвяшчэньнікі ня ведаюць грэчаскай і латынскай моваў, без каторых ня можна знаць навукі, бо навука выкладаецца толькі ў гэтых мовах. У жыцьцё праваслаўнай цэрквы на Беларусі ўмешваюцца сьвецкіе асобы, у рукі каторых папалі нават і епіскапы. Каб зьніштожыць усе гэтые недахваты, трэба зрабіць вунію праваслаўнай і каталіцкай цэрквы. Пры гэтым праваслаўная цэрква можа аставіць усходні абрад, яна павінна толькі прызнаць галавою ўсей цэрквы Хрыстовага намесьніка ў Рыме, папу і прыняць вучэньне каталіцкай цэрквы.

Мы ня будзем рабіць разбору ўсяго зьместу твору Скаргі. Усе гэтые тэолёгічные размовы был толькі размовамі, пад каторымі крылася політычная мэта. Мы прыпынімся толькі над некаторымі фактамі жыцьця праваслаўнай цэрквы ў Беларусі, каторые закрануты Пятром Скаргаю.

Справа ў тым, што праваслаўная цэрква ў Беларусі была ў тые часы ў цяжкім станавішчы. Ей былі нанесены тры удары: адзін рэформацыяй, другі адроджаным каталіцтвам, трэйці — політычным польскім уплывам. Найперш усяго, рэфармацыя ўзяла ў цэрквы лепшые сілы на сваю творчасьць; адроджанае і з‘арганізаванае каталіцтва рабіла тое самае. Люблінская вунія, якая прынесла польскі дзяржаўны i соцыяльна-культурны ўплыў, ставіла праваслаўную цэркву ў паніжанае палажэньне, бо дзяржаўнай вераю Польшчы было каталіцтва. У той час, напрыклад, як каталіцкіе біскупы мелі месца ў Сэнаце, праваслаўные епіскапы іх не мелі. Старажытнае ў Беларусі права патронату сьвецкіх асоб і ўстаноў над цэркваю ў данны мамэнт было таксама шкадлівым для становішча цэрквы. Калі раней літоўска-беларускі вялікі князь, магнат, шляхціц, ці гарадзкая абшчына былі патронамі, апякунамі, абаронцамі цэркваў ці царкоўных устаноў, то гэта давала царкве абарону і эканамічную моц. Патроны клапаціліся аб тым, каб цэрквы мелі добрых сьвяшчэньнікаў, былі забясьпечаны і г. д. Але гэты мэдаль меў і абаратны бок. Патрон меў права ўмяшацца ў жыцьцё цэрквы. Часта рэформацыя рабіла патрона протэстантам, польска-каталіцкі уплыў — паляком і каталіком. Разумеецца, такі патрон ня мог мець аніякай пашаны да свае установы, а часцей ён толькі шкодзіў ей. На чале праваслаўных епархіяў, манастыроў, цэркваў такі патрон ставіў асоб, карысных і прыемных яму людзей, каторыя бачылі ў сваіх пасадах ня духоўны абавязак, «а духоўны хлеб». Бывалі і такіе здарэньні, што патроны давалі манашацкую пасаду асобе жанатай і сьвецкай; гэтая асоба лічылася „нарэчэнным“ епіскопам ці ігуменам і кіравала частваю цераз вікарыя, астаючыся ў мірскім стане. Паўна, што патрэбаваць ад такіх асоб духоўнай асьветы і набожнаго жыцьця ня было магчыма. Усе памяткі таго часу сьведчаць аб недастойным і непадобным жыцьці духавенства вышэйшага і ніжэйшага, чорнага і белага. Адзін сучасны твор так малюе гэты недахват царкоўнага жыцьця таго часу: «Аще-ли кто вопрошает их (духоўных асоб) о книгах, то отвещают глаголюще: убози есьмы, не имамы чим книг стяжати. Ходят-же не яко убозі, но ризы носяще светлы и блещащеся, расширяюще воскрылья, шеи-же яко у тельдов, на заколение упитанных; ученик много, паче-же поваров множество, а другая-же студ и глаголати».

Калі паднялося пытаньне аб вуніі, то такое становішчо праваслаўнай цэрквы давало як-бы грунт для вуніі. Вунія обяцала даць вышэйшаму духавенству сэнатарскія крэслы, апроч таго, яна патрэбавала скасаваньня кантролю сьвецкіх устаноў і асобаў над цэркваю. І тым і другім вунія маніла да сябе прадстаўнікоў вышэйшага духавенства цэрквы. У 1591-м годзе некаторые з праваслаўных епіскапаў падалі каралю Сігізмунду заяву аб прызнаньні імі главенства папы над праваслаўнымі пад умоваю, каб былі ў праваслаўнай цэркве пакінуты ўсходніе абрады. Галоўнымі дзеячамі гэтай справы былі — Луцкі епіскап Кірыла Царлецкі і Уладзімерскі епіскап Іпат Пацей. Кіеўскі мітрапаліт Міхаіл Рагаза так сама згаджаўся на вунію. Трэба было правесьці гэтую справу праз Рым. Улетку 1595 году К. Цярлецкі і І. Пацей, падпісаўшы разам з другімі епіскапамі акт аб вуніі, паехалі з гэтым актам, як прадстаўнікі, да Рыму. Рымскі папа, Клімэнт VIII, з радасьцю прыняў пасланцоў і даў сваё благаславеньне і згоду. На славу падзеі быў выбіты асабісты мэдаль з напісам «на злучэньне рускіх» (Ruthenis receptis). Сігізмунд III з свайго боку выдаў дэкрэт аб злучэньні цэркваў. Даведаўшыся, што шмат праваслаўных надта абураны справай, зробленай без агульнай згоды Цярлецкім і Пацеем, кароль узяў пад сваю абарону як іх, так і другіх епіскапаў, каторые пісалі акт вуніі. Не хапала толькі саборнага зацьвярджэньня: Спагадчыкі вуніі думалі абыйсціся і без сабору, але праціўнікі вуніі, жадаючые зруйнаваць акт вуніі, зроблены без агульнай пастановы, трэбавалі, каб быў скліканы сабор.

Сабор быў скліканы ў Бярэсьці ў кастрычніку 1596 году. На сабор зьявіліся прадстаўнікі двух усходніх патрыархаў, цараградзскага і александрыйскага. Як і трэба было спадзявацца, адразу вынік разлад паміж двума напрамкамі. Фактычна адбыліся два саборы. Адзін сабор складалі абаронцы вуніі пад старшынством львоўскага латыньскага арцыбіскупа, Сулікоўскага. Другі сабор складалі праваслаўные, ня згодные з вуніяй, пад старшынством львоўскага ўсходняго епіскапа, Гедзона Балабана, з прысутнасьцьцю прадстаўнікоў ад усходніх патрыярхаў. Вуніяцкі сабор зрабіў пасяджэньне ў берасьцейскай саборнай цэркве, а правослаўны ў прыватным будынку, бо Пацей епіскап Уладзімерскі, да епархіі якога належала Бярэсьце, аддаў прыказ зачыніць для праціўнікаў вуніі ўсе цэрквы гораду. Прадстаўнікі сабораў некалькі раз заклікалі на свае пасяджэньні сваіх супернікаў, але нічога з гэтага ня вышла. Кожны з сабораў пасядаў асобна і застаўся пры сваей уласнай думцы аб вуніі. Вуніяты абвесьцілі анафему і лішылі сану епіскапаў, што не згаджаліся на вунію, а праваслаўные зрабілі тое самае ў адносінах да сваіх супернікаў. Ня гледзячы на такі канец сабору, польскі ўрад і рымскі папа пачалі афіцыяльна лічыць вунію адбытым фактам. На праваслаўную веру ўрад глядзеў, як на сэкту, «схізму». У праваслаўных пачалі адбіраць цэрквы і манастыры, забралі Зофійскую саборную царкву ў Кіеве. Па гарадок было забаронена адпраўляць праваслаўнае набажэнства.

Праваслаўные ўтрымалі за сабою Кіева-Пячэрскі манастыр і мітрапалічую катэдру ў Кіеве. У далейшые часы з ліку кіеўскіх мітрапалітаў сваёю чыннасьцю праславіўся энэргічны і з вялікаю эрудыцыяю чалавек, Пятро Магіла. Яшчэ ў бытнасьць сваю архімандрытам Кіеўскай лаўры ён заснаваў пры ёй раней духоўную школу, каторую потым перарабіў у вышэйшую школу, акадэмію. Сюды ён выпісаў з усходу добрых профэсараў і зьбіраў вакол акадэміі і ў акадэміі моладзь, каторая шукала прасьветы. Гэтая школа доўга была цэнтрам прасьветы, як для заходніх рускіх, так і для Масквы.

Акт Берасьцейскай царкоўнай вуніі маець ня столькі царкоўнае, сколькі політычнае і нацыянальнае значэньне. Гэтая вунія ёсьць працяг вуніі Люблінскай. Справа была ня толькі ў тым, што праваслаўны кідаў веру бацькоў сваіх і рабіўся каталіком ці вуніятам, а ў тым, што ён прымаў культурны і нацыянальны уплыў Польшчы, пераставаў быць беларусам. Беларускі шляхціц-каталік праз некі час рабіўся ўжо польскім шляхціцам і парываў зьвязак з роднай нацыяй. Ен лічыў ужо сябе чалавеком нацыі з вышэйшай культурай і з пагардай глядзеў на мужыка, каторы трымаўся «схізматычнай» веры. Зьявіліся на Беларусі дзьве веры: адна — каталіцка-вуніятская панская, другая — праваслаўная мужыцкая. Трэба усё-ж такі адзначыць, што вуніяты ня доўга панавалі, бо сама па сабе вунія ня была патрэбна ні езуітам, ні Польшчы. Калі выявілася, што вунія, як мост, не пераводзіць пад польска-каталіцкі ўплыў шырокіх масаў, яе перасталі лічыць патрэбнаю і прывілегірованаю.

Вунія, такім спосабам, прынесла на Беларусь разлад і барацьбу. Яна, як і Люблінская вунія, касавала незалежнасьць Беларусі і павінна была вызваць у Беларусі проці сябе протэст. Гэтым протэстам, барацьбою за політычную, нацыянальна-культурную і рэлігійную слабоду запоўнена гісторыя трэйцяга пэрыоду Беларусі. Польшча, каторая выклікала гэтую барацьбу, будзе сурова пакарана гісторыяй у канцы гэтага пэрыоду.

Політыка-соцыяльны строй Польшчы.

Вуніі 1569 і 1596-га гадоў інкорпорыравалі Беларусь у Польскую дзяржаву. Беларусь перастала істнаваць, як незалежная дзяржава. Разумеецца, што польскі ўплыў пасьля вуніяў мог вольна пашырацца па нашай бацькаўшчыне. Дзякуючы гэтаму, нам трэба пазнаёміцца з тым, што было ў Польшчы, каторая рабіла гэты ўплыў, якім політыка-соцыяльным зьместам было заповняна яе жыцьцё. Гэты зьмест жыцьця будзе зьместам жыцьця і Беларусі, каторая разам з Польшчай злажыла дзяржаву «Рэч Паспалітую».

Законадаўчую ўладу ў гаспадарсьцьве меў Вальны Сойм, каторы складаўся з сэнату (рады) і пасольскай, дэпутацскай ізбы. Сэнат быў вышэйшаю палатаю сойму. Сюды ўходзілі асобы, займаўшые вышэйшые пасады, як цэнтровые, так і провінцыяльные. Лік сэнатароў даходзіў да 150 пэрсон: ён паменшаўся з памяншэньнем тэррыторыі дзяржавы і павялічваўся з яе пашырэньнем. Першае месца тут займае арцыбіскуп Гнезьнянскі, прымас польскай, каталіцкай царквы. За ім ішлі біскупы, потым кашталяны, ваяводы і г. д. Старэйшые сэнатары засядалі ў крэслах, малодшые на лавах. Раней сэнат быў проста радаю пры каралі і толькі потым увайшоў у склад Сойму. І потым Сойм абіраў 28 сэнатараў для каралеўскай рады на 2 годы. Яны дзяліліся на 4 групы, па 7 сэнатараў у кожнай. Асобная група была пры каралі шэсьць месяцаў. Ніжэйшаю палатаю Сойму была пасольская Ізба. Сюды ўходзілі дэпутаты-паслы ад асабістых паветаў гаспадарства і гарадоў. Пасольская Ізба была галоўнаю часьцьцю Сойму. Паслы абіраліся на павятовых сойміках, каторые зьбіраліся за шэсьць тыдняў да Вальнага Сойму. Выборчая акруга давала ад 1 да 8 паслоў у залежнасьці ад абшару тэррыторыі. Пасьля сойму паслы склікалі па паветах так званые рэляційные соймікі, на которых яны апавядалі чыннасьць вальнаго Сойму і давалі справаздачу перад сваімі абірацелямі. Лік дэпутатаў Пасольскай Ізбы ў 16-м і 17 сталецьцях даходзіў да 200 пэрсон. Прадстаўніцтва ад гарадоў у пазьнейшые часы мы ўжо ня бачым.

Вальны сойм склікаецца каралём праз кожные 2 гады. Два разы яго пасяданьні робяцца ў Польшчы, у Варшаве, адзін раз на Беларусі, у Горадні. Звычайна Сойм склікаецца ў восень пасьля сьв. Мартына, калі ўжо скончаны пільнейшые вяскова-гаспадарскіе работы. Працяг звычайнага Сойму шэсьць тыдняў. Пачынаецца Сойм урачыстым набажэнствам, пасьля катораго йдзе абраньне маршалка Сойму. Калі Сойм адбываецца ў Польшчы, маршалкам абіраецца паляк, калі на Беларусі — беларус. Абраны маршалак абвяшчае аб пачатку працы Сойму. Найперш усяго йдзе праверка мандатаў, пасьля чаго Сэнат з Ізбаю робяць злучайныя пасяджэньні, на каторых урад дае одпаведзь за сваю былую выканаўчую працу і ўносіць прапазыцыі наконта далейшага. Выслухаўшы гэта, абедзьве палаты Сойму расходзяцца і працуюць кожная асобна. За тыдзень да канца Сойму зноў пачынаюцца сумесные пасяджэньня Ізбы і Сэнату. Яны знаёмяць адзін другога з сваімі пастановамі. Пастановы сходныя і зацьверджаные каралем адтрымліваюць моц закону. 3 гісторыі Польшчы мы бачым, што Сойм, звычайна, цікавіцца толькі тымі пытаньнямі, каторые беспасрэдна ці пасрэдна датычаць шляхоцтва, з прадстаўнікоў якога выключна складаецца Сойм. Пытаньні агульна-дзяржаўные мала цікавяць, а то і зусім ня цікавяць паслоў і сэнатараў. Тут кароль польскі і яго ўрад могуць працаваць бескантрольна. Усе справы, як у сойміках, так і ў вальным Сойме павінны былі выяўляцца, як пастановы, аднагалосна. Трэба адзначыць, што ў старажытнае часы гэтая аднагалоснасьць часта дасягалася даволі лёгка. Але з працягам часу прынцып аднаголаснасьці ўсё больш і больш перашкаджаў справядлівай і нармальнай працы Сойму. Даволі было аднаму паслу не згадзіцца з пастановай большасьці і паставіць свае «veto», «не дазваляю», як гэтая пастанова прыпынялася. Лепшые людзі Польшчы яшчэ ў пачатку 16-га сталецьця прабавалі змагацца з гэтым шкадлівым для гаспадарства прынцыпам, але ня здолелі дабіцца сваей мэты. Шляхта бачыла ў скасаваньні аднагалоснасьці і вольнага «veto» касаваньне сваіх правоў.

На чале выканаўчай улады стаіць кароль, з канца 16-га сталецьця — выбарчы. Ні кароль пры сваім жыцьці, ні сойм пры жыцьці караля ня можа намеціць яму наступніка. Гэтым забясьпечваецца поўная свабода шляхты пры абраньні караля. Сыстэматычна, пасьля скананьня кожнага караля, пачыналася выборчае бязладзьдзе, каторае цягнулася ад некалькіх месяцаў да некалькіх год. На часы бескаралеўя існавала асобая пасада інтэррэкса, каторую, звычайна займаў польскі прымас, арцыбіскуп Гнезьнянскі. Абірае караля так званы элекцыйны «выбарчы» сойм разам з усей шляхтай; абраньне караля таксама павінна адбыцца аднагалосна. Правы польскага караля зусім нязначные, яны больш падобны на абавязку. Кароль мае права склікаць Сойм і назначыць тэрмін для яго пасяджэньня. Ад імя караля творыцца ў гаспадарсьцьве суд. Кароль назначае на вышэйшые ўрадовые пасады; але пасады даюцца пажыцьцёва, і адабраць іх можна толькі за вялікіе праступкі. Кароль стаіць на чале шляхоцкага апалчэньня, што фактычна потым перайшло да кароннага гетмана. Кароль вядзе зносіны з чужаземнымі дзяржавамі, за што ён адпавядальны перад Соймам. Кожнаму каралю перад абраньнем ставіліся ўмовы, каторые ён падпісываў. Калі кароль парушаў якія колечы з гэтых умоваў, шляхта мела юрыдычнае права адмовіць яму паслушэнсьцьве і парушыць прысягу. Нават такіе факты ў прыватным жыцьці караля, як яго жаніцьба, развод, замежная вандроўка і г. д., былі падлеглы кантролю Сойму.

Прыняўшы пад увагу ўсё вышэйсказанае, мы бачым, што Польшча, ня гледзячы на істнаваньне каралеўскай улады, была хутчэй рэспублікаю чым каралеўствам. Так глядзела на строй Польшчы і дзяржаўнае права, каторае дало ей назву Рэч Паспалітая, што ў тлумачэньні і значыць — «рэспубліка». Далей мы бачым, што ўся ўлада ў гэтай рэспубліцы належала да Вальнага Сойму і Соймікоў, каторые складаліся з панства, шляхецтва. Ніжэйшые станы політычных правоў ня мелі. Дзякуючы гэтаму, Польская рэспубліка была панскай, шляхоцкай рэспублікай, бяз усякіх адзнакаў дэмакратызму.

Вышэйшым станам у гэтай рэспубліцы, разумеецца, была шляхта. Параўнаваўшы з другімі дзяржавамі, лік шляхты ў Польшчы быў вялікі. Магнаты таксама ўходзілі ў гэты клас і ня мелі ніякай юрыдычнай перавагі над звычайнымі шляхціцамі: яны і шляхта лічаць сябе братамі. Зьвязак з зямлёю шляхты ў Польшчы не абавязковы: было шмат і такіх шляхціцаў, каторые ня мелі зямлі. Яны служылі ў палацах багатых і заможных магнатаў, складаючы іх сьвіту. Што датычыць да тытулаў князя, графа і др., то іх насілі толькі тые фаміліі, каторые мелі гатые тытулы ў часы Люблінскай вуніі. Пазьней гэтые тытулы нікому, апроч чужаземцаў, не даваліся. Кляс шляхты з вялікаю стараннасьцью захоўваў чыстасьць свае белай косьці і благароднай крыві. Калі вынікала пытаньне аб нерадавітасьці якого колечы шляхціца, то ён павінен быў абяліць сябе шасьцьма сьведкамі: двума па бацьку, двума па яго матцы і двума па сваей матцы. Гэты спосаб абяленьня к пачатку 16-га сталецьця ўжо счэзае: шляхоцкіе фаміліі ўжо абмежавалі сябе і зацьвярдзілі сваю шляхоцкую вартасьць. Высокімі мурамі адгарадзіўся гэты кляс ад другіх клясаў i зрабіўся кастаю. Шляхоцтва атрымліваецца толькі ад бацькоў. Праўда, можна атрымаць шляхоцтва праз пасынаўленьне, але толькі тады, калі на гэтае пасынаўленьне згаджаецца ўвесь род пасынаўляючага і Сойм. Шляхоцкую вартасьць можа дараваць і кароль. Дараваньне шляхоцтва каралём так сама носіць кірунак пасынаўленьня. Кароль пасынаўленнай асобе дае і гэрб. Дараваньне шляхоцтва каралём з палавіны 17-га сталецьця ўжо не сустракаецца: шляхта запясьпечыла сябе і з гэтага боку. Згубіць шляхоцтво можна па суду і за няпрыстойные для шляхціца паступкі. Такімі паступкамі лічыліся — напрыклад, заняцьце гандлем і прыняцьце ў род простага чалавека.

Атрымываць свае правы шляхта пачала яшчэ з канца 14-га сталецьця. З разьвітку шляхоцкіх прывілеяў мы бачым, што для атрыманьня іх шляхта карыстала з двух фактаў жыцьця Польшчы: з свайго права абіраць караля і зацьвярджаць налогі. Абіраючы караля і зацьвярджаючы ў Сойме налогі шляхта ніколі не забывала сваіх клясавых інтарэсаў. Правы яе былі вялікіе.

Шляхта найперш усяго кіруючы стан. Шляхціцы і толькі шляхціцы даюць паслоў на сойм і на соймікі. Шляхта абірае караля пагалоўна (viritim); кожны шляхціц можа спадзявацца быць абраным за караля. Вышэйшые ўрадовые пасады займаюць толькі шляхціцы. Так сама стаяла справа і з духоўнымі пасадамі: пасаду прэлата, напрыклад, мог заняць толькі шляхціц. Рымскі папа асобнаю буллаю забясьпечыў за шляхтаю гэтае права. Толькі шляхціц мае і грамадзянскіе правы: свабоду сходаў, свабоду слова, незачэпнасьць асобы, памяшканьня і маентнасьці. Толькі шляхціц можа мець земскі маёнтак з прыпісанымі да яго сялянамі. Што датычыць мяшчан, то яны могуць уладаць зямлёю толькі ў межах мястовых. Усе землі шляхты слабодны ад дзяржаўных налогаў і павіннасьцяў. Наагул, усе фінансавые абавязкі шляхты ў адносінах да гаспадарства былі толькі даравольные і залежалі ад згоды самой шляхты. І трэба зазначыць, што шляхта на ўсім працягу гісторыі Польшчы добра паказала гэтую сваю «добрую волю» у абавязках да дзяржавы, каторая ня бачыла, праўду кажучы, шляхоцкіх ахвяр. Праўда на шляхце даволі доўга ляжаў абавязак «паспалітага рушэньня», пагалоўнай службы ў апалчэньні, але і гэтые апалчэньні ззываліся зусім ня часта. Апроч таго, гэты абавязак даваў шляхце права быць аружным станам і даваў магчымасьць зьбірацца з аружжам у руках ня толькі на абарону дзяржавы, але і на абарону сваіх шляхоцкіх правоў.

Былі ў шляхты і усялякіе дробные правы. Шляхціц быў зусім слабодны ад прымежных мытных пошлінаў. Толькі шляхта мела права курыць сьпірт і адчыняць шынкі, мець млыні, кузьні і г. д. Адным словам, шляхоцкаму стану жылося ў Польшчы вельмі добра. Затое надта ня добра жылося селяніну.

У 14-м і 15 сталецьцях становішча хлопаў у Польшчы было яшчэ больш-менш выносным. Часам пападаліся каралі дэмократычнага напрамку (напр., кароль хлопаў, Казімер Вялікі), каторые разумелі ўсю важнасьць дабрабыту хлопаў для гаспадарства. Але з цягам часу шляхта стала ўсемагучым клясам, з катораю кароль не адважываўся змагацца. Апроч таго, выніклі і некаторые эканамічные прычыны, каторые дрэнна направілі мужычую справу.

У канцы 15-га сталецьця выявілася нязгоднасьць для абароны гаспадарства паспалітага шляхецкага рушэньня. Каралі часта павінны былі карыстацца нанятымі вайскамі, каторые складаліся з шляхціцаў і нешляхціцаў, палякоў і непалякоў. Ваяўніцкая чыннасьць шляхоцкага рыцара паменшылася і ён атрымаў магчымасьць сесьці на зямлю і заняцця вясковай гаспадаркай. Каля гэтага-ж часу былі прылучаны да Польшчы і землі пры ўтоку Віслы. Цяпер стала магчыма вывазіць заграніцу вяскова-гаспадарскіе прадукты, што давала не малы доход. Разумеецца, шляхта надта зацікавілася зямлёю. Але адна зямля, калі над ею не працаваць, ёсьць мертвы капітал і не дае ні хлеба, ні даходаў. Шляхціц таго часу ведаў гэта так-жа добра, як і шляхціц нашага часу. Ведаў ён яшчэ, што працаваць над зямлёю вельмі цяжка і што куды прыямней, калі земляробам будзе мужык, а даглядчыкам над ім будзе ён — шляхціц. Мужыкі раней мелі права пераходу з месца на месца. Ад пана шляхціца, вельмі разумнага у абшару сваіх інтарэсаў, мужык мог выйсьці ці на вольную зямлю, ці на зямлю другога пана, які лічыўся часам з інтарэсамі мужыка. Пэўна, што першаю мэтаю шляхоцкай політыкі стала мэта — моцна прывязаць «хлопа» да зямлі, каб ён ня меў магчымасьці ад яе адарвацца. Зрабіць гэтае было легка, бо законадаўчым органам быў шляхоцкі сойм. Спачатку пераходы абмяжоўваюцца, а патым і зусім забараняюцца. Тагды хлопы пачынаюць бяз усякага закону, проста, памужыцку ўцякаць. Сойм з свайго боку пачынае змаганьне з уцёкамі мужыкоў. За ўцёкі назначаюцца штрафы. Гэтые штрафы ўсе растуць, бо мужыкі ўсё уцякаюць: у канцы 16-га сталецьця за пабег мужык плаціў штрафу 10 грывень, у 30-е годы 17 сталецьця ўжо — 500 грывень. За палавіну сталецьця штраф быў Соймам павялічан у 50 разоў. Потым Сойм пастараўся адабраць у хлопа магчымасьць змагацца з шляхціцам у судзе. Было ўхвалена, што мужык можа выступаць у судзе, як жалабнік, толькі ў прысутнасьці пана. Разумеецца, што ў цяжбі проці пана мужык ніколі ня мог стаць у судзе, бо пану ня было ніякога сэнсу быць прысутным у судзе. Праз некі час Сойм ухваліў пастанову аб тым, што мужыку зусім забараняецца скардзіцца ў судзе на шляхціца. Ісьці далей шляхоцкаму соймаваму законодаўству ужо ня было куды. Атабраўшы законнымі пастановамі ў мужыка ўсякую магчымасьць абараняцца, шляхта пачала эксплёатацыю сялянства. Мужык стаў безславесным. Мужык плаціць вялікі чынш за тую зямлю, каторую пан пакінуў яму для яго ўласнай гаспадаркі. Мужык, апроч таго, павінен працаваць над панскаю зямлёю і для гэтай мэты адбываць паншчыну. Некаторые паны пакідалі мужыку для яго ўласнай працы толькі сьвята. У часе паншчыны мужык павінен быў спаўняць усялякіе натуральные павіннасьці: ён дастаўляе ў панскі двор хлеб, куры, грыбы, ягады, лыка і г. д., ён нясе са сваею убогаю канягаю фурманковую павіннасьць, ён правіць дарогі і масты, саджае дрэва пры дарогах. 3 году на год расьце мужыцкае малазямельле. У некаторых мужыкоў ужо зусім няма зямлі, нават агародняй, — становішча такіх (як іх тады звалі) — халупнікаў — яшчэ горшае. Адным словам, дрэнна жылося рэспубліканцу-мужыку ў польскай рэспубліцы.

Становішча мяшчанаў было лепшае. 3 14-га сталецьця мяшчаны былі пад асабістай абаронай караля і вядомага нам Майдаборскага права. Гэтая абарона давала гарадом некую незалежнасьць і самакіраваньне. На местах пачалася нават дэмократызацыя жыцьця. Паруч з старымі органамі самакіраваньня, як напрыклад, мястовая рада, вынікаюць новыя органы, як напрыклад, камісіі 20-цёх і 30-ёх і г. д. Гэтые новые органы выніклі на грунце барацьбы прадстаўнікоў капіталу і працы. Нізы места, часта нездаволеные кіраваньнем рады, бурмістра, патрабуюць прызнаньня кантролю з боку свайго. Буржуазія, патрыцыят места, павінен ісьці на згоду з поспольствам, з простым людам. Ось і ўтвараюцца гэтые камісіі, палавіна каторых складаецца з патрыцыяў, багатых купцоў, цеховых майстроў, і з паспольства дробных гандляроў, прыкашчыкаў і падмайстроў.

Гэтая дэмократызацыя павінна была прыпыніцца, бо ўсё жыцьцё навакола гарадоў йшло ў бок арыстакратызацыі. Шляхта, каторая рабілася ўсемагутнаю ў гаспадарсьцьве, не магла пакінуць без свайго ўплыву мястовага жыцьця. Ужо з палавіны 15-га сталецьця пачынае яна касаваць незалежнасьць і самакіраваньне гарадоў. Пачынаюць гінуць з складу Сойму паслы ад гарадоў, мяшчаны, каторыя маглі-бы бараніць тых людзей, каторые іх паслалі ў Сойм, як сваіх прадстаўнікоў. За іх ухіленьнем гарады губяць абарону сваіх інтарэсаў ў законодаўчай дзяржаўнай установе. Кароль, які лічыўся абаронцам мяшчанаў, усё больш і больш пападае ў рукі шляхты і робіцца абаронцам не мяшчанскіх, а шляхоцкіх інтарэсаў.

Найперш усяго, шляхціцы, меўшые у гарадох зямлю, дабіліся права так званай юрыдыкі. Сутнасьць гэтай юрыдыкі была у тым, што на зямлю шляхціца у горадзе не пашыралася улада мястовага самакіраваньня. Шляхціц на сваей зямлі у месьце мог рабіць, што ён хацеў. Разумеецца, гэты факт рабіу дэзарганізацыю політычна-грамадзянскага жыцьця места. Апроч таго, права юрыдыкі мела эканамічные наследкі. Шляхціц, меўшы юрыдыку, быў вольны ад усялякіх мястовых налогаў, якое-б ён рамеснае прадпрыемство не заводзіў на сваёй зямлі. А гэтае рабіла убытак рамесьнікам гораду.

Затым, шляхціцы пачалі умешывацца у мястовые справы, карыстаючы з таго, што яны былі земляуласьнікамі ў месьце. Апроч таго, у жыцьцё гораду умешываліся органы дзяржаўнай улады, напрыклад, павятовые старасты, каторые лічылі горад толькі адною з частак іх павету. Соймы, з свайго боку, ухвалялі такіе пастановы, каторые нішчылі горад, руйнуючы яго эконамічные інтарэсы. Купцом, напрыклад, было забаронена беспасрэдна мець зносіны з замежнымі старонамі. Часта шляхта дабівалася таксіроўкі тавароў, каб гандляры не маглі ставіць на тавары вольные цэны. З тавараў не таксіраваўся толькі хлеб, за тым, што гэта быў тавар, які дастауляла на рынак шляхта. Каб шляхціц не зьмяшаўся з мешчанінам, яму забаронена было гандляваць. 3 другога боку, гандляром было забаронена купляць нярухомую маетнасьць, каб яны не зрабіліся земляўласьнікамі. Такім спосабам, між гэтымі двума клясамі ўтваралася прорва.

Такі быў політыка-соцыяльны стан Рэчы Паспалітай Польскай у тые часы, калі яна ўзяла Беларусь пад свой уплыў. Само сабой разумеецца, што Беларусь павінна была прымаць і ў свае жыцьце асабістасьці жыцьця Польшчы, бо яна інкорпарыравалася у дзяржаўны арганізм Рэчы Паспалітай.

Станавішча Беларусі пасьля вуніі з Польшчай.

Вунія паміж Польшчай і Літоўска-Беларускім гаспадарствам, якая адбылася o 1569-м годзе, ня была вуніяю роўнага з роўным. Польшча скарыстала цяжкіе ўмовы жыцьця Беларусі і налажыла сваю руку на нашу бацькаўшчыну. Ужо самая назва новага, створанога вуніяю гаспадарства „Рэч Паспалітая Польская“ — сьведчыць аб гэтым. Політычная незалежнасьць Літвы і Беларусі згублена. Адабраны ад вялікага князьства і сілком прылучаны да кароны такіе багатые, каштоўные землі, як Падолія, Валынь, Кіеўшчына і Падлясьсе. Крыльля ў Літоўска-Беларускай дзяржаве адцяты. Нанесена крыўда політычна мысьлячым людзям і патрыётам Беларусі. І доўга ня могуць лепшые людзі Беларусі згадзіцца і забыць гэтую крыўду. Цікава ў гэтым сэнсе адзначыць адзін твор, пашыраны па Беларусі і вядомы пад назваю: „Прамова Івана Мялешкі, каштэляна Смаленскага, прамоўленая на Варшаўскім Сойме ў прысутнасьці караля Зыгмунда III ў 1589-м годзе“. Судзячы па зьместу гэтага твору, а так сама апіраючыся на пагляды вучоных спэцыялістаў, мы павінны прызнаць, што гэта ёсьць хутчэй політычны памфлет, політычная і бытавая сатыра, чым соймавая прамова. Аўтар протэстуе проці польскага ўціску, як культурнага, так і політычнага. Ен раўнуе старажытные часы з сучаснымі яму, старых людзей — са сваімі сучасьнікамі і кажа, што раней было лепш. Раней гаспадары Літвы і Беларусі клапаціліся аб сваёй зямельцы, зьбіралі тэррыторыі і каштоўнасьці, сваю бацькаўшчыну мілавалі: іх памяць салодкая. Апошняга Літоўска-Беларускага гаспадара, Зыгмунда II Аўгуста, каторы аддаў у няволю гаспадарства і вынішчыў Ляхам Падлясьсе і Валынь, аўтар ня можа лічыць нават за чалавека. Ось адпавядальны вынятак з гэтага напісанага ў беларускай мове твору:

„Прышло мне з Вамі (пасламі Сойму) радзіці, а я на гэтакіх зьездах ніколі ня бываў і з каралём, Яго Міласьцю, ніколі не засядаў; толькі за пакойнікаў Князёў нашых, каторые каралявалі і што ваяводамі бывалі. Сэнтэнцый гэтых ня бывала, папросту правым сэрцам гаварылі. Політыкі ня зналі, а ў рот праўдаю, як соляй у вочы кідывалі. Скора-ж каралі больш немцаў, чым нас, улюбілі, зараз, што старые нашые сабралі, то ўсё нямцом раздалі. Нашы гаспадары, проч Жыгімонта Аўгуста Караля (таго нечага і ў людзі лічыць), бо той Падлесьсе вынішчыў, Ляхам менючыся. Але Жыгімонта Першага салодкая памяць яго, бо той немцаў як сабак ня любіў, і ляхаў з іх хітрасьцю вельмі ня любіў. А Літву і Русь нашу любіцельна мілаваў, і гаразда лепш нашые за яго мяваліся“.

У тым, што Беларусь падпала пад польскі ўціск, вінаваты ня столькі каралі, сколькі іх дарадчыкі, каторые паддаліся польскому ўплыву і інтарэсы Польшчы ставілі вышэй інтарэсаў Беларусі. „Ня вельмі вінаваты кароль, больш яго дарадчыкі, што пры нім сідзяць і круцяць. Многа тут гэтакіх ёсьць, што хоць і наша костка, аднак-жа сабачым мясам абрасла і ваняець“.

Як відаць з „прамовы“ Мялешкі, беларуская політычная думка не магла доўга згадзіцца са сгубаю незалежнасьці і пратэставала, як мага, проці той крыўды, якая была зробляна Люблінскай вуніяй. Зьмест твору Мялешкі быў блізкі да настрою грамадзянства канца XVI-га і пачатку XVII-га сталецьця. Яго добра чыталі і пашыралі. Ен бойка хадзіў з рук у рукі і быў вельмі популярны ў тые часы.

Разам з уціскам політычным Польшча прынесла на Беларусь і сацыяльны ўціск. Ужо і ў папярэдні пэрыод гісторыі Беларусі становішча ніжэйшага стану, сялянства было благім. Цяпер мужыку стала яшчэ горш. На Беларусь прышла рэспубліка паноў, якіх нішто не магло ўстрымаць. Уся ўлада была ў іх руках. Яны мелі ў сваіх руках Сойм, соймікі, караля, цэнтровую і мейсцовую адміністрацыю і ўзброеную сілу. Іх „злота вольнасьць“ была цяжкай няволяй для гаротнага простага народу, каторы павінен быў карміць гэты кіруючы кляс белай косьці, ці раз што сам быў у дрэнным эканамічным стане. Поўная залежнасьць ад пана і беднасьць прыгняталі яго. Да гэтага трэба дадаць, што апроч пана, мужык павінен быў лічыцца і здавольняць загады адміністрацыі, якая складалася з дробнай шляхты і нават простых людзей, каторые былі прыбліжаны да асобы пана. Гэтые падпанкі былі ня менш шкадлівые для мужыка, чым пан. Ня дарма і да нашага часу мужык кажа, што лепш мець справу з панам, чым з падпанкам.

Залежнасьць мужыка ад пана выяулялася ня толькі тым, што ён быў моцна прыкуты да панскай зямлі і апутаны эконамічна. Пан, апроч таго, захапіў у свае рукі і суд над сваім падданым. Стварылася гэта не адразу. Раней асобнымі соймавымі пастановамі, ставіліся ўсякіе перашкоды да таго, каб мужык мог стаяць у судзе, як роўны з усімі, грамадзянін гаспадарства. Паном даваліся правы судзіць мужыкоў па асабістым справам, фамільным і эконамічна гражданскім. Але ўжо ў 1573-м годзе быў выданы закон, каторы даваў пану права судзіць і накладаць кару на сваіх падданых у ва ўсіх здарэньнях водлуг свайго ўласнага пагляду. Гэты неясна формаваны закон разглядаўся панамі так, што ён даваў ім права накладаць на мужыкоў вышэйшые кары, а ў тым ліку і кару сьмерцьцю.

Адным словам, тая соцыяльная крыўда, якая ў гэты час была ў шляхоцкай Польшчы, стала панаваць і ў Беларусі. Мужык ня мог знайсьці аніякай абароны ад пана. Змагацца з панам актыўна ён так сама яшчэ ня мог. І ось стаў шукаць спосабаў пассыўнага протэсту. Адным з такіх спосабаў было ўцяканьне са сваей бацькаўшчыны да казакоў на Украіне.

Пасьля рэлігійнай вуніі 1596-га году каталіцтва на Беларусі было абвешчана дзяржаўнай верай, як у Польшчы. Каталіцтва давала правы для заняцьця вышэйшых урадавых пасадаў у Літве і Беларусі. Рэформацыйны рух сярод паноў зьнік. Яго зьмяніла каталіцтва, каторае было для беларускай шляхты тым шляхам, каторы правадзіў да вышэйшых пасадаў і да злучэньня з польскаю шляхтаю. Калі адбылася царкоўная вунія, то ўсім стала ясна, што яна мела не рэлігійны, а політычны напрамак; што яна так сама была шляхам для пашырэньня каталіцтва і польскага ўплыву. Рэлігійнае пытаньне зьлілося з пытаньнем політычным і нацыянальным, каталіцтва з польскасьцыю. І да нашага часу астаўся гэты шкадлівы перажытак, калі і мы цяпер замешваем два разуменьні: паляк і каталік, (а рускі пранаслаўны). Лепшые людзі Польшчы разумелі ўсю шкадлівасьць, такого злучэньня пытаньняў рэлігійна-царкоўных з пытаньнямі політыка-нацыянальнымі. Такім быў, напрыклад, ксёндз Калінка. У прадмове да жыцьця сьв. Езафата ён піша: „І да цяперашніх часоў сярод каталіцкага духавенства рэдка спаткаеш чалавека, што шанаваў-бы абрад і нацыянальнасьць таго народу, сярод каторага працуе. Ім здаецца, што зрабіць чалавека італьянцам, або французам, (а ў нас паляком), гэта найлепшы спосаб навярнуць яго. Гэта фальшывы пагляд. Усе народы створаны Богам, мілы Богу, ды ўсе яны, не трацячы свайго нацыянальнага пачуцьця, могуць прылучыцца да ўсясьветнай цэрквы. Хто аб гэтым забывае, той сабе і справе веры шкодзіць, бо сее паміж усходнімі народамі думку, быццам каталіцтва — гэта толькі спосаб да дэнацыяналізаціі іх“.

Пасьля ўтварэньня вуніі у народзе пачало расьці абурэньне, якога ня мог ня бачыць урад. Пры каранацыі Уладыслава IV (1632 г.) Сойм павінен быў выдаць так-званые артыкулы для замірэньня народу, на аснове каторых прызнавалася легальнаю праваслаўная вера і праваслаўная іерархія. Але гэтае легальнае станавішча інаверцаў-дысыдэнтаў, ня было пэуным. Чым далей, тым ўсё больш і больш губіцца політычны розум Сойму. Усё часьцей і часьцей выдаюцца пастановы якіе не карысны ні каталіцкай веры, ні гаспадарству.

У 1732-м годзе была выдана, напрыклад, такая пастанова: „Людзям другіх вераў — праваслаўным і протэстантам — адбіраецца права быць абранымі ў паслы на соймы, трыбуналы і ва ўсякіе асобные камісіі, што утвараюцца для якіх колечы справаў. Правы іх раўнуюцца з правамі габрэяў. Сойм 1764-го году ўхваліў пастанову караць сьмерцьцю тых, каторые пяройдуць з каталіцтва у другую веру. У 1766-м годзе сойм ўхваліў, як закон, такую прапазыцыю кракаўскага біскупа Солтыка: „Абвяшчаць ворагам гаспадарства кожнага, хто асьмеліцца сказаць на Сойме прамову на карысьць інаверцаў“.

Гонячыся за тымі благамі, якіе суліла каталіцтва, і баючыся тых збыткаваньняў, якіе былі звязаны з праваслаўем праваслаўная шляхта пераходзіць у польска-каталіцкі лягэр, кідаючы сваю родную веру і беларускую нацыянальнась. Яна (шляхта) ставіцца чужою для роднага краю, памірае для нацыянальнай справы. На варце праваслаўнай веры і беларускай нацыі асталіся толькі „худые і ня слаўные сяляне“.

Разам з політычным і рэлігійным ўплывам польскасьці, а так сама і асобна ад яго йшоў уплыў і культурна-нацыянальны. Беларуская шляхта, атрымаўшы політычные правы і веру Польшчы, пачала атрымываць польскі уклад жыцьця. Польскіе звычаі і мова сталі яе ідэалам. Езуіты дзеле рэлігійных мэтаў закладалі польскіе школы і друкавалі кнігі ў польскай мове. Пашыралася польская адукацыя і польская кніга. Разумеецца, гэтая польская „паліроўка“ пашыралася толькі сярод тых грамадзянскіх станаў, каторые атрымлівалі шляхоцкіе „вольные“ правы, каторые вучыліся ў школах і чыталі кнігі, г. зн., сярод вышэйшых станаў Беларусі. Усё менш і менш аставалася беларускіх паноў, якіе хавалі беларускіе звычаі, культуру і мову. С цягам часу Беларусь амаль што ня ўсіх сваіх паноў аддала Польшчы. Але доўга яшчэ ўрадоваю, дзяржаўнаю моваю на Літве і Беларусі была беларуская мова. Урэшце было скасована і гэта. Сойм у 1697-м годзе выдаў такую пастанову: „pisarz powinien nie porusku, a popolsku pisać“. З гэтага часу ўсе законы і ўрадовые пастановы робяцца папольску. Беларускую культуру, звычаі і мову сталі захоўваць толькі людзі, каторым было не да «бляску», не да «паліроўкі», людзі сялянскага, мужычага стану. Але гдзе-ж было паднявольнаму зьберагчы і захаваць старую і вялікую беларускую культуру. У сваей вясковай, курнай і ўбогай хаце захаваў ён толькі мову бацькоў сваіх. І стала з таго часу беларуская мова мужыцкай, хамскай, хлопскай мовай.

Такім спосабам, Польшча з соцыяльнага боку прынесла нам уплыў панскі, з рэлігійнага боку — каталіцкі. Культурны і рэлігійны ўплыў пашоў толькі на вышэйшые грамадзянскіе клясы. Ніжэйшы кляс атрымаў ад Польшчы прыгон і няволю, астаўшыся пры сваей беларускай мове і нацыянальнасьці. Забіты і загнаны, пастаўлены ў стан „быдла“, ён забыў нават, якую мову і якую нацыянальнасьць ён захаваў. У яго цёмным розуме ўсё перапуталася і злілося. Пан, каталік і поляк — з аднаго боку; мужык, і «тутэйшы» — з другога боку, сталі для яго розуму сынонімамі. І да нашага часу астаўся гэты гістарычны перажытак, калі наш селянін лічыць, што пан, каталік і паляк — гэта ёсьць словы, каторые называюць одну і тую катэгорыю.

Трэба адзначыць, што Беларусь, як магла, праз увесь пэрыод баранілася ад польскага культурна-нацыянальнага, рэлігійнага і соцыяльнага ўплыву. Гэтую барацьбу за нацыянальную культуру, веру і мужыцкую волю ўзялі на сябе брацтвы і вольнае казацтво. Брацтвы ўзялі на сябе абарону нацыянальна-культурную, а казацтва нацыянальна-соцыяльную.

Брацтвы на Беларусі.

Брацтвы ў сваім далёкім мінулым даходзяць аж да gаганскіх часаў, яны маюць свой корань у старажытных звычаях рускіх славянаў. Яшчэ ў часы паганства ў нашых прародзічаў быў звычай сьвяткаваць свае сьвяты грамадаю. На сьвяты сьпяваліся сьпевы-малітвы, сьпевы-падзякі, вадзіліся хараводы, рабіліся ігрышчы. Гэтые ігрышчы зьбіралі да сябе жыхароў ня толькі аднэй сялібы. Часта, як кажа і летапісец, ігрышчы бывалі „межю селы“. Разумеецца, што гэтае сьвяткаваньне грамадаю магло істнаваць толькі тады, калі існавала некая арганізацыя, якая давала магчымасьць сьвяткаваць разам.

Калі прышло хрысьціянства, то яно на Беларусі, як мы казалі, не руйнавала паганства, а згодна ужывалася з ім. Да нашага продка прышлі новые багі: Хрыстос, Ляш „ўлае“, Міколай, Ян і г. д. Хутка гэтые багі пачалі зьлівацца з старымі багамі. Сьвяты на пачэсту старых багоў сталі зьлівацца з новымі хрысьцянскімі сьвятамі. Сьвята нараджэньня Хрыста зьлілося з сьвятам Сонца-Купалы, сьвята Яна — з сьвятам Сонца-Купалы, сьвята Ляша — з сьвятам Пяруна і г. д. Усе гэтые сьвяты адбываліся пры грамадзе як і раней. Як і раней сьвяты павінны былі арганізавацца асобнымі таварыствамі. Гэтые гурткі-таварыства пачалі гуртавацца вокала парафіяльнай цэрквы і палажылі пачатак брацтвам. Брацтвы пачалі клапаціцца аб тым, каб у выдатнейшые царкоўные сьвяты з большаю пыхаю адбывалася набажэнства і каб усе сябры брацтва ў гэтые дні былі на сьвяце. Рабіўся агульны сход усіх братчыкаў, пасьля сходу варылася братчына г. зн. мёд, якім і частаваліся як братчыкі, так і зазваные на сьвята госьці. Воск, які заставаўся ад мёду, звычайна ці ахвяраваўся на цэркву, ці йшоў на ўтварэньне брацкіх царкоўных сьвечак. Па гарадох у брацтвы часам злучаліся цэхавые, професыянальные організацыі, каторые мелі ня толькі рэлігійна-царкоўные мэты, але і мэты сваей профэсыі.

Такіе Тыпы організацыяў былі і ў заходняй Эўропе. Усім нам вядомае масонства выйшла з такога професыянальна-царкоўнага таварыства.

Брацтвы пры цэрквах захаваліся на Беларусі па вёсках і да нашага часу. Іх арганізацыя і мэты добра вядомы ўсім, хто ня згубіў зьвязку з сучаснай нам вёскай. Братчыкі плацяць у касу таварыства грошы, ці даюць ахвяры, напрыклад, воск, лен, палатно і г. д. У час набажэнства братчыкі трымаюць у руках грацкіе сьвечкі; ў асобные дні брацтво закупляе мшу, пасьля каторай робіцца брацкій абед. Калі хто з братчыкаў памірае, усе сябры брацтва павінны быць на хаўтурах. Адным словам, брацтвы, істнуючые і да нашага часу, маюць мэты, падобные на мэты старажытных брацтваў.

З канца XVI-га сталецьця, асабліва ў XVII-м сталецьці брацтвы пачынаюць адраджацца і браць на сябе вялікіе заданьні. Найраней пачынае шырокую працу Львоўскае брацтва. За ім выступае на шлях шырокай грамадзянскай працы Віленскае брацтва. У XVII-м сталецьці вядомы брацтвы ў Магілеве, Оршы, Мсьціславе, Слуцку, Менску, Полацку, Вітэбску, Шклове, Крычаве і г. д. Найбольш працуюць брацтвы па гарадох — як цэнтрах культуры. Майдэборскае права, істнуючае па гарадах Беларусі, дае магчымасьць для бязупыннай арганізацыі брацтваў.

Калі пачаўся на Беларусі рэформацыйны рух, то брацтвам прышлося дзеля абароны праваслаўнай веры зьвярнуць вялікую ўвагу на развіцьце навукі, якая давала-б грунт для барацьбы з рэформацыйнымі тэорыямі. За рэформацыяй прышло на Беларусь ўзмацаванае, адроджанае каталіцтва з езуітамі на чале. Разам з каталіцтвам прышоў і нацыянальны польскі уплыў. Брацтвы павінны былі бараніць ўжо ня толькі рэлігійные ідэі, але і нацыянальные.

Братчыкам мог быць усякі дарослы грамадзянін. У склад брацтваў, апроч мяшчанаў, уходзілі і люді другіх станаў, князі, баяры, шляхціцы і сяляне. Як сябры брацтва, ўсе яны лічыліся братамі і былі роўнымі. На брацкім сходзе і за брацкім сталом радавіты шляхціц ня меў аніякіх прывілеяў перад бедным селянінам, ці рамесьнікам. Усё гэта збліжала людзей і давала магчымасьць апекі даможных братчыкаў над братчыкамі з простага люду. Брацтвы маглі скарыстаць з тых правоў, якіе давала дзяржава шляхціцам. Братчык-шляхціц у Сойме і на сойміках быў абаронцам нацыянальна-культурных інтарэсаў брацтва.

Мы ўжо казалі раней аб тым становішчу, у якім было праваслаўнае духавенства ў 16-м сталецьці. З усіх бакоў — як з боку самых праваслаўных, так і з боку протэстантаў, мы маем зьвесткі аб адсутнасьці адукаціі і нават безграматнасьці духавенства. Васіль Цяпінскі, вядомы нам перакладчык Эвангелія на беларускую мову, гаворыць, што праваслаўные сьвяшчэньнікі яго часу не адтрымліваюць аніякай адукацыі і нават не разумеюць славянскай мовы, на якой напісаны сьвятые кнігі і на якой адпраўляецца набажэнства. Брацтвам і прышлося найперш ад усяго зьвярнуць сваю ўвагу на гэты недахват жыцьця. Трэба было даць асьвету цёмным пастырам чалавечных душ. Для гэтай мэты трэба было ўтвараць школы і друкаваць кнігі. Брацтвы і асабістые братчыкі заснавалі на Беларусі шмат школаў і друкарняў, каторые працавалі ў працівавагу каталіцка-польскім школам і друкарням езуітаў. Асабліва многа зрабіў у гэтым напрамку князь Канстантын Астрожскі. Яго багацтвы далі яму магчымасьць заснаваць для Беларусі вышэйшую духоўную школу ў г. Астрозе. Там-жа, пры духоўнай акадэміі, ён заснаваў каштоўную вялікаю кнігарню і добра абстаўленую друкарню. Цяжка было набраць профэсараў для беларускай вышэйшай школы. У беларускім грамадзянстве ня можна было знайсьці патрэбны лік вучоных людзей. Езуітаў так сама ня можна было запрашаць на прафэсарскіе катэдры, каб ня ўпусьціць каталіцка-польскага ўплыву. Не шкадуючы вялікіх коштаў, Астрожскі выпісываў выдатных вучоных з Грэцыі і з Нямеччыны, і навука з акадэміі расходзілася ня толькі на Беларусі, але прасочвалася ў Маскоўскае гаспадарства, зьявіліся школы і друкарні па другіх гарадох Беларусі. Асабістые братчыкі і брацтвы, ідучы за Астрожскім, так сама не шкадавалі коштаў на пашырэньне асьветы.

Мы вышэй казалі аб тым, што ў Беларусі атрымаў пашырэньне звычай патронату заможных асоб і ўстаноў над цэрквамі і манастырамі. Часта патранат быў у руках такіх асоб і ўстаноў каторые карысталі з гэтага патронату для сваіх уласных, эгоістычных мэтаў. Разумеецца, такі патронат быў шкадлівы для інтарэсаў цэрквы. Ось брацтвы і пачалі клапоціцца аб тым, каб патронат быў у іх руках, бо маючы патронат над манастырамі і цэрквамі, брацтвы маглі рабіць вялікі ўплыў на жыцьце цэрквы. Патронат брацтваў і асабістых братчыкаў у 17-м сталецьці датычыў многіх цэркваў. Вядома, напрыклад, што адзін толькі князь Астрожскі быў патронам больш як 600 цэркваў. Калі цэрква ці манастыр ня мела такога заможнага і багатага патрона як князь Астрожскі, то апеку над ею бралі ўсе парафіяне, каторые для гэтай мэты і складалі брацтва. Лік брацтваў пашыраўся. Амаль што большая палавіна насяленьня нашай бацькаўшчыны злучылася ў Брацтвы. Паміж асобнымі брацтвамі йшлі жывые зносіны, багацейшые арганізацыі рабілі матарыяльную дапамогу бяднейшым. Каб мець большую моц, брацтвы прагнуліся адтрымаць ад патрыархаў так званую стаўрапігіяльнасць. Сутнасьць стаўрапігіяльнасьці была ў тым, што ўстановы, маючые яе, былі непадлеглымі ў адносінах да епіскапаў улады. Гэтая непадлегласьць давала права вольнай крытыкі епіскапаў, а ў некаторых выпадках — нават права ўмешвацца ў чыннасьць епіскапаў. Выдатнейшые брацтвы, як напрыклад, Львоўскае і Віленскае, стаўрапігію адтрымалі.

У XVII-м сталецьці чыннасьць брацтваў дайшла да вышэйшай ступені свайго разьвіцьця. Гэта былі моцные і вельмі багатые арганізацыі. Багацьці іх складаліся як з грошаў, так і, наагул, з рухомай і нярухомай маетнасьці. Бяднейшые сябры брацтваў укладалі ў касу магчымые невялікіе ахвяры, за тое багатые сябры на патрэбы брацтваў, апісывалі вялікіе сумы грошаў, вялікіе каштоўные будынкі і шмат зямлі. Лік брацтваў з году ў год павялічываўся і яны пакрылі нашу бацькаўшчыну, як-бы сеткаю. Пытаньні, якіе ставіліся на агульных сходах брацтваў, датычылі ня толькі жыцьця арганізацыі. Часта тут падымаліся пытаньні агульна-дзяржаўные і агульна-грамадзянскіе. Грунтоўнейшым з гэтых пытаньняў было пытаньне аб абароне веры і культуры Беларусі. Брацтвы таго часу группавалі вокала гэтага пытаньня энэргічных, разумнейшых і вучонейшых людзей. Яны станавіліся на чале брацтваў і працавалі словам, пяром і друкарскім станком. Жыва йшла культурна-нацыянальная праца і абарона. З гарадоў яна пашыраецца і на вёскі, адбіваючыся і на вясковым сьвядомым элемэнце насяленьня.

Але барацьба была ня роўная. З заходу йшоў ня толькі культурны, але і політыка-сацыяльны уплыў. Да Польшчы пачынае цягнуць вышэйшы стан беларускага грамадзянства, манячыся „вольнымі хрысьціянскімі правамі“ каруны Польскай. Часта мы можам спаткацца з такімі здарэньнямі, што сыны і ўнукі шчырых братчыкаў ужо пераходзяць у той лягер, з якім змагаліся іх бацькі і дзяды (Астрожскіе, Хадкевічы і др.). З цягам часу ўсё больш і больш культурных сілаў адрываецца ад той глебы, ад таго грунту, на якім яны працавалі раней. Інтэлігэнт Беларусі кідае свой працоўны народ і йдзе ў польскі бок. На варце Беларусі асталіся „худые і няслаўные“.

Казацтва на Беларусі.

Брацтвы рабілі ў Беларусі культурна-нацыянальную працу. У склад брацтваў уходзіла больш сьвядомая інтэлітэнтная частка грамадзянства. Але апроч інтэлігенцыі істнавала на Беларусі многомільённая маса простага, працоўнага люду, якая гаравала куды больш інтэлігенцыі, бо яна зносіла ня толькі політычны, нацыянальны і рэлігійны ўціск, але яшчэ і соцыяльна-эконамічны ўціск. Апалячаны і акаталічаны шляхціц быў для гэтай працоўнай мужычай масы панам і прыгоншчыкам. Ня маючы сілы змагацца з панам, мужык уцякаў ад яго туды, гдзе аблогам ляжалі вольные землі, куды панская дзяржава яшчэ не працягнула сваіх рук, — на поўдзень, у шырокіе дняпроўскіе стэпы. Там толькі станавіўся ён вольным чалавекам, казаком. З цягам часу ўсё больш і больш народу шукала ратунку ад уціску на поўдні, і к пачатку XVII-га сталецьця паўднёвые стэпы на сваім абшары сабралі вялікую грамаду казацкага люду. Казацтва, якое злажылася на паўднёвай украіне Рэчы Паспалітай адтрымала назву ўкраінскага.

Апроч казацтва ўкраінскага, мы ведаем яшчэ казацтва донскае, каторае злажылася на паўднёвай акрайне Маскоўскай дзяржавы. Яно так сама злажылася з паднявольнага люду, які ўцякаў ад соцыяльнай няволі маскоўскага царства, каб зрабіцца вольным чалавекам. Калі казак донскі абураўся проці свайго гаспадарства з прычын політыка-соцыяльныя, то казак украінскі, забраўшы ў свой склад беглых мужыкоў з Беларусі, абураўся з прычын ня толькі політыка-соцыяльных, але і за прычын рэлігійных і нацыянальных. Яма паміж заходнім казаком і гаспадарствам была куды глыбей, чым яма паміж гаспадарствам і ўсходнім казаком. Ось чаму казацкі протэст на заходзе быў такім моцным, бязупынным і крывавым.

Казацкіе паўстаньні проці соцыяльна-эконамічнага, нацыянальнага і рэлігійнага польскага уціску пачаліся яшчэ з канца XVI-га сталецьця. Лепшые польскіе каралі разумелі, якую небясьпеку нясуць гаспадарству гэтые казацкіе паўсходні. Уладыслаў IV (1632—1648), які больш менш шырока глядзеў на дзяржаўные справы, хацеў палепшыць долю працоўнага люду і некаталікоў у Польшчы і абараніць казакоў ад панскіх пажаданьняў, але нічога ня мог зрабіць у гэтым напрамку, бо яму не даваў волі Сойм. Каралі ў Польшчы ў гэты час ня мелі самі аніякай слабоды і былі шляхоцкімі нявольнікамі. Яны мелі ўладу толькі на тое, каб даваць шляхце ўсё новые і новые прывілеі. Калі-ж шляхта бачыла, што кароль дзеля дзяржаўных інтарэсаў прыслухоўваецца да галасу працоўнага народу, то яна ўстрымывала чыннасьць караля, баючыся за свае інтарэсы. Так было і за Уладыславам.

Есьць паданьне, што аднаго разу казакі прыслалі да Уладыслава сваіх паслоў, каб паскардзіцца на тые крыўды, якіе над імі учыняюцца. Кароль, выслухаўшы казацкіх паслоў і ня маючы рады абараніць іх парушаные інтарэсы, бытцам сказзу ім: „Вы маеце шаблі, самі абараняйце правы свае“. Разумеецца, казакі ведалі гэтае і без караля, але словы караля толькі падкрэсьлілі для іх немагчымасьць згоднага сужыцьця Польшчы з вольным казацтвам. Цікава яшчэ зьвярнуць увагу на адно здарэньня. Заходняе казацтва, бяручыся за шаблю, казала, што яно хоча ратаваць сябе і караля з панскай „Ляцкай няволі“. Такіе самые думкі былі і ў усходняга маскоўскага казацтва. Вядома, што такіе прадстаўнікі ўсходняга казацтва, як Разін і Пугачоў, лічылі сваім ворагам не цара, а баяр і дваранаў, ад улады каторых яны хацелі вызваліць і сябе і цара. Гэты настрой, як заходняга, так і ўсходняга казацтва, паказвае нам, што абураны мужык, стаўшы вольным казаком, змагаўся больш на соцыяльна-эканамічным, чым на політычным грунце.

Казацкіе паўстаньні на Украіне пачаліся яшчэ з канца XVI-га сталецьця. На чале казакоў сталі атаманы — Касінскі, Лабада і Налівайка. З мечам і агнём урываюцца казакі ў польскіе землі, у сябе на Украіне зьніштажаюць шляхту, вызваляюць з прыгону мужыкоў і робяць іх вольнымі казакамі. Польскі ўрад ня мог спыніць гэтага паўстаньня. Казакі абралі сабе гэтмана Пётра Сагайдачнага, каторы стаў дзяржаўцам усей Украіны. Усё гэтае, разумееца, не спадабалася палякам і пры першым здарэньні яны зноў пачалі рабаціць казакоў. Казакі на гэта зноў адказалі паўстаньнямі ў пачатку XVII-га сталецьця. На чале казакоў сталі атаманы Тарас, Паўлюк і Астраніца. Многа год Польшча і Украіна паліліся агнём і заліваліся крывёю. Урэшце перамаглі палякі. Паўлюк і Астраніца папаліся ў польскі палон. Адтрымаўшы верх, польскі ўрад стаў рабіць на Украіне свае парадкі. Казакоў пакінулі толькі 6 тысячаў, адабралі ад іх самакіраваньне, начальнікамі над імі паставілі польскіх паноў. Рэшту казакоў зрабілі зноў мужыкамі. Усё гэтае адбылося ў 1638-м годзе.

Толькі 10 гадоў трымалі казакі гэтую няволю. У 1648-м годзе яны зноў падняліся як адзін чалавек пад кіраўніцтвам вядомага атамана Багдана Хмяльніцкага. Пад яго сьцяг сабраліся і мужыкі, уцёкшые ад прыгону з усей Украіны і Беларусі. З вялікаю ўзброенаю сілаю йшоў Хмяльніцкі на помсту ў Польшчу, маючы на мэце выбіць з панскай няволі просты народ. Насустрэчу яму былі высланы польскіе вайскі, каторые ён разьбіў — першы раз пры Жоўтых водах, другі раз пад Карсунем. Пад Карсунем казакі ўзялі ў палон польскіх гэтманаў Каліноўскага і Патоцкага. Гэтые пабеды Хмяльніцкага адгукнуліся на Беларусі мужыцкім паўстаньнем: мужыкі пачалі паліць панскіе двары, біць паноў і зьневажаць ксяндзоў. Каб перамагчы Хмяльніцкага, у Польшчы было склікана „паспалітае рушэньне“. Сабралася 40 тысячаў шляхты; за імі йшло каля дзьвёхсот тысячаў слуг з легкім аружжам і цягнуліся панскіе вазы і карэты. Рушэньне дайшло да Пілавіц і адсюль уцякло, нават ня біўшыся з казакамі. Першымі ўначы пабеглі начальнікі, за імі пасьпяшаліся і звычайные шляхцічы, пакінуўшы свой абоз казаком. Дайшло да таго, што Польшча павінна была прасіць згоды. Згода была зроблена на такіх умовах: 40 тысячаў казакоў павінна трымаць Польшча сваім коштам; на Украіну ня могуць быць уведзены польскіе вайскі; праваслаўная вера мае правы пяршынства і „візувіты“ ня могуць жыць на тэррыторыі Украіны; урады аддаюцца толькі праваслаўным; Кіеўскі праваслаўны мітрапаліт мае месца ў польскім Сэнаце і г. д. Гэтая згода не здаволіла ні польскі урад, ні просты народ. Мужыкі перасталі падтрымліваць Хмяльніцкага, бо сіла шляхты на Украіне і няволя прыгону ня была скасована.

Хутка зноў пачынаецца змаганьне Хмяльніцкага з палякамі. Яно цягнецца чатыры годы і канчаецца тым, што Украіна, шукачы ратунку ад Польшчы, падаецца пад апеку маскоўскага гаспадара, Аляксея Міхайлавіча (1654 г.). Польшча, такім спосабам, сваею політыкаю адкінула ад сябе такую багатую тэррыторыю, як Украіна.

Казацкіе паўстаньні на Украіне маюць адносіны ня толькі да гісторыі Украіны, Польшчы і Масквы, але і да гісторыі Беларусі, бо ў складзе ўкраінскага казацтва быў значны працэнт казакоў, каторых выгадавала беларуская вёска і выгнала з роднай хаты няволя на Беларусі. Апроч таго, казацкі рух на Украіне заўсюды даваў адгук і на Беларусі. Трэба адзначыць, што паўстаньні на Беларусі ня мелі той моцы, як на Украіне, бо на Беларусі шмат было шляхецка-польскага элемэнту; тут увесь час было згуртована шмат польскага войска на выпадак вайны з Масквою; для падгатоўкі паўстаньня тут ня было шырокага паўднёвага стэпу, гдзе казак меў ваяўніцкую практыку, змагаючыся з татарынам, і гдзе ён мог, хаваючыся ад панскага ўраду, згуртавацца ў моцную ўзброеную сілу.

Першае казацкае паўстаньне на Беларусі стаіць у зьвязку з паўстаньнем Хмяльніцкага. Весткі аб разгроме шляхоцкага войска пры Жоўтых Водах і Карсуні дайшлі да цёмных вясковых куткоў Беларусі. Усе, хто ня мог знасіць соцыяльнага, релігійнага і нацыянальнага ўціску, пачалі гуртавацца. На чале першых паўстанцкіх групаў стаў Антон Нябаба. Да яго ў хуткім часе сталі падходзіць другіе паўстанцкіе групы. З атаманаў гэтых групаў магчыма назваць Галавацкага, Няпаліча і Хвеська. Згуртавалася ўзброяная сіла каля 30 тысячаў чалавек. Усё Папрыпяцьце запалілася вялікім полымем паўстаньня. Беларускае сялянства патрымлівала казакоў харчамі і грамадамі прылучалася да паўстанцаў. Спачувала руху і мяшчанства. Такіе горады, як Старадуб, Гомель, Лояў, Брагін і Пінск адчынілі казацкаму войску свае брамы. Асабліва многа крыві пралілося ў Пінску, гдзе паўстанцы выразалі ўсіх палякоў, не шкадуючы нават старых, малых і жанок. Вялікіе спусташэньні і збойствы былі зроблены пад Магілёвам, Мсьціслаўлем і па другіх гарадох.

Як толькі даведаліся ў Польшчы аб казацкім паўстаньні на Беларусі, то урад дапаручыў змаганьне з паўстаўшымі гэтману Янушу Радзівілу. На Беларусь былі прысланы вялікіе ўзброеные сілы. Пашло крывавае змаганьне і расправа з мужыкамі. Балоты і лясы Беларусі доўга баранілі казацкі рух. Наймацней трымаліся казакі ў Пінску. Сюды былі зграмаджаны ўрадовые войскі, горад быў абложан навакол так, што немагчыма было ні з яго выйсьці, ні ў яго ўвайсьці. Доўга трымаліся паўстанцы, ведаючы што літасьці над імі ня будзе. Урэшце Пінск быў такі ўзяты прыступам, зруйнованы і заліты крывёю абаронцаў. Казацкае паўстаньне было задушана, але не надоўга. Праз некалькі месяцаў дайшлі да беларускага мужыка чуткі аб тым, што Хмяльніцкі разьбіў польскае шляхецкае войска пад Пілавіцамі. Зноў заварушыўся працоўны люд. Па вёсках хадзілі якія-сь невядомые людзі, каторые гаварылі, што іх паслаў сюды сам бацька-атаман Хмяльніцкі. Гаварылі яны, што польская шляхта хоча забіць караля, каторы стаіць на баку мужыкоў; што забіўшы караля, шляхта пачне рэзаць мужыкоў; што казакі паднялі паўстаньне на абарону правоў караля і мужыкоў. Пачалі зьяўляцца сляпые старцы-лірнікі, каторые, сьпеваючы аб цяжкай гаротнай долі селяніна, клікалі яго на змаганьне за волю і веру. Мужыкі радзіліся, гуртаваліся, бралі ў рукі сякеры і косы і йшлі ў лясы і балоты, каб адтуль рабіць напады на сваіх ворагаў. Зноў Беларусь запалілася полымем паўстаньня. Казацкіе сілы расьлі. Паўстаньне шырылася ня толькі на вёсках. У рукі казакоў папалі гарады: Слуцак, Быхаў, Чарнабыль, Магілёў, Рэчыца, Мазыр, Бабруйск і др. Януш Радзівіл, сабраўшы войска, пачаў барацьбу з казацтвам і паўстаўшымі мужыкамі. Лічбяная перавага была за паўстанцамі, за тое ў іх ня было добрай арганізацыі. Асобные групы біліся кожнае за сябе, ня ведаючы часам, што блізка ёсьць другіе групы паўстанцаў. Хоць і з вялікаю патугаю, але Радзівіл справіўся з паўстаньнем. У яго рукі папалі ўсе гарады. Найбольш бараніліся Рэчыца і Мазыр. На чале паўстанцаў Мазыра стаяў казацкі палкоўнік, Міхаленка. Некаторые гарады хоць і здаліся паляком, але праз некі час зноў падымаліся на барацьбу. Так, напрыклад, падняўся Бабруйск. Мяшчаны Бабруйску, бачучы, што для іх няма ўжо ратунку, вырашылі здацца на міласьць палякоў. Тады правадыры паўстаньня, на чале каторых стаяў атаман Паддубіч, ведаючы якіе мукі іх чакаюць, заперліся ў сваіх хатах і самі сябе падпалілі.

Доўга ня мог Радзівіл зусім спыніць паўстаньня. Сярод балот і лясоў доўга існавалі вялікіе групы паўстанцаў. Ix падтрымлівалі мужыкі, прысылаў ім дапамогу з Украіны і Хмяльніцкі. Часта гэтые групы даходзілі да некалькіх тысячаў людзей. Седзячы ў балотах, казакі рабілі напады на рэгулярнае польскае войска і рабілі вялікіе збойствы па маёнтках акалічнай шляхты. Але йшоў час, лік казакоў зьмяншаўся, панская сіла павялічылася, і рух казацкі на Беларусі спыніўся. Мужык, падняўшы раней сваю галаву, пачаўшы барацьбу за лепшую долю, зноў упрогся ў сваё ярмо.

К пачатку 18-га сталецьця Беларусь ужо не протэстуе. Вышэйшые станы зрабіліся палякамі, ніжэйшые станы, астаўшыся беларусамі, жывучы ў зьдзеку і ў паднявольнай працы, ведалі толькі адно, што яны тутэйшые „хлопы“, што „хлопскую“ маюць яны мову, і нацыю; што жывуць яны гаротным, цяжкім жыцьцём.

Агульны політычны абгляд.

Люблінская вунія 1569 году далучыла Беларусь, як мы ведаем, у склад Рэчы Паспалітай Польскай. З гэтага часу Беларусь жыве з ёю адным політычным жыцьцём.

Праз тры годы пасьля вуніі сканаў апошні кароль з дому Ягайлавага, апошні насьледны кароль, Сігізмунд II Аўгуст (1572 г.). Пачалася эпоха выбарных каралёў з частымі бескаралеўямі ад скону аднаго караля да абраньня яго наступніка. На першы пачатак бескаралеўе цягнулася больш году. Шляхта разьбілася на некалькі партыяў; кожная партыя ставіла свайго кандыдата. Найбольш вядомымі з кандыдатаў былі — Фёдар, царевіч Маскоўскі, сын Івана Грознага: Эрнэст, прынц Аўстрыйскі; Гэнрых Анжуйскі, прынц Францускі. Партыя Фёдара складалася з літвіноў і беларусаў, на чале яе стаяў менскі каштэлян Глебавіч. Перагаворы з Грозным наконта Фёдара не далі нічога. Палякі патрабавалі, каб Фёдар зрабіўся каталіком і каб да Рэчы Паспалітай былі далучаны Смаленск і Полацак. Грозны сьмяўся з гэтага, гаворачы, што Фёдар «не красная девица», што пасагу за ім не належыць; лепш няхай палякі дадуць яму Кіеў. Проці гэтай кандыдатуры былі уцякачы з Масквы — Курбскі, Цяцерын, Сарыгозін і др. Яны ведалі слабавольны характар Фёдара, дзякуючы чаму кіраваў-бы ня ён, а яго бацька Грозны, ад тэррору якога яны ўцяклі. Пасьля доўгіх размоў быў абраны за караля Гэнрых Францускі (1573—4). Прыехаўшы ў Варшаву і пабачыўшы, як добра караляваць у Рэчы Паспалітай, Гэнрых праз 6 месяцаў уцёк з Польшчы на сваю бацькаўшчыну. Там ён заняў каралеўскі пасад пасьля скананья свайго брата Карла IX.

Пасьля бескаралеўя каралём быў абраны Седміградзкі ваявода Стэфан Баторы (1576—1586). Гэта быў выдатны політычны дзеяч і вельмі здольны ваяка. З вялікаю карысцьцю для Рэчы Паспалітай ён ваяваў з Масквою. (Працяг Лівонскай вайны (1579—1582). Уся вайна адбылася на тэррыторыі Беларусі. Найраней вайскі былі пакірованы на Полацак, каторы ў папярэдніе часы адышоў да Маскойскага гаспадарства. Войскі аблажылі Полацак. Вясьці аблогу было вельмі цяжка: горад меў вельмі моцные муры і замчышчы, апроч таго, была вельмі мокрая восень, каторая перашкаджала акопным работам і падвозу харчоў для арміі. Аблога зацягнулася. Ведаючы аб вялікіх багацьцях гораду, вэнгры, каторые былі ў войску Баторага, пастанавілі першымі ўварваца ў Полацак, каб добра паграбаваць горад. Ня гледзячы на храбрую абарону, ім урэшче удалося дабіцца сваей мэты, і Полацак быў узяты. Баторы, паважаючы храбрасьць абароны, абяцаў тым, хто мае намер вярнуцца ў Маскоўшчыну, даць вольны выезд, а тым, хто захоча астацца — даць права вольнага жыцьця ў Полацку. Калі маскоўскіе вайскі безаружные выходзілі з гораду, сам кароль даглядаў затым, каб яго, обяцаньне ня было парушана і каб ніхто не зрабіў выходзячым якой колечы крыўды.

Пасьля выйсьця маскоўскіх вайскоў пачаўся грабёж гораду. Найбольш грабавалі Вэнгры. У часе грабяжу загінула ад пажару вялікая і каштоўная полацкая кнігарня. Сярод рукапісаў кнігарні загінулі такіе каштоўные рукапісы, як, напрыклад, пераклад сьв. Пісаньня, напысаны рукою славянскіх апосталаў, братоў Кірыла і Мефодыя, і летапіс Крывіцка-Полацкай зямлі. Да гэтага трэба дадаць, што яшчэ раней, калі Полацак папаў у рукі Грознага, шмат каштоўнасцяў было вывезена ў Маскву.

Праз нейкі час вайскі Баторага ўзялі крэпасьці — Сокал і Сушу, — пабудованые Іванам Грозным, і гарады Вяліж, Усьвят і Вялікіе Лукі. У 1582-м годзе Баторы аблажыў Пскоў, каторага ён не здалеў ужо ўзяць. Абедзьве дзяржавы былі вельмі аслаблены вайною, і пачаліся перагаворы аб згодзе. Згода была падпісана у 1582-м годзе. Маскоўскае гаспадарства павінна было прызнаць перамогу Рэчы Паспалітай і аддало ей Лівонію, Полацак і Вяліж.

Што датычыць да Беларусі, то для яе гэтая вайна карыснай не магла быць, бо руйнаваліся яе каштоўнасьці, што добра відаць хоць-бы з разгрому Полацку. Яшчэ відней гэта стане, калі мы дабавім, што, згодна зьвесткам сучасьнікаў, увесь край, больш чым на 50 вёрст вокола Полацку, зрабіуся за часы Лівонскай вайны лясною пушчаю. Зьніклі вёскі, зьніклі нівы, зьнік і чалавек, працаваўшы тут. А чалавек гэты — быў беларускі селянін. Зноў прышлося працоўнаму люду нашай бацькаўшчыны будаваць жыцьцё, каторае было зруйнавана крываваю барацьбою моцных суседзяў.

Пасьля Стэфана Баторага на пасад Рэчы Паспалітай быў абраны Сігізмунд III Аўгуст (1587—1632) з шведзкай каралеўскай фаміліі Ваза. Гэта быў выхаванец езуітаў, вельмі добры каталік і надта нязвольны кароль. Ен даваў напрамак сваей чыннасьці не паводлуг політычных, дзяржаўных мэтаў, а паводлуг свайго рэлігійнага настрою. Гісторыя адчыніла яму вялікіе магчымасьці для ўплыву на жыцьце Маскоўскага гаспадарства, але, дзякуючы сваей някемнасьці політычнай, ён гэтых магчымасьцяў не скарыстаў, як трэба. Масква як-раз перажывала смутные часы, вялікую разруху. На маскоўскі пасад быў абраны сын Сігізмунда, Уладыслаў. У лепшых людзей Рэчы Паспалітай, напрыклад, у вядомага гэтмана Жалкеўскага, вынік цікавы план будоўлі вялікага славянскага гаспадарства, у склад каторага ўвайшла-б і Масква, і на чале каторага стала-б Польшча. Ciгізмунд сапсаваў усё сваей каталіцкай політыкай. Ен больш цікавіўся пашырэньнем каталіцтва, чым пашырэньнем дзяржавы.

Зноў на тэррыторыі Беларусі йшла вайна. З восені 1609-га году да восені 1611-га году, Сігізмунд з вялікім войскам сядзеў пад Смаленскам, пакуль урэшче ня ўзяў яго. Гэтае войска кармілася, разумеецца, тым, што можна было ўзяць з Беларусі. Праз Беларусь праходзілі войскі, каторые йшлі ў Маскву і вярталіся потым адтуль у Польшчу. Гэтые вайскі так сама карміліся з Беларусі. Шмат народу было забрана з нашай бацькаўшчыны, як у рэгулярную армію, так і ў тые вайсковые групы, каторые з усіх канцоў цягнуліся праз Беларусь, каб лавіць рыбу ў калакутнай вадзе Маскоўшчыны. Мала хто з іх вярнуўся да роднай хаты. Толькі ў 1618-м годзе у невялічкай вёсцы Дзяуліне (каля Масквы і Тройца-Сергіяўскай лаўры) адбылося часовае замірэньне паміж Масквою і Польшчаю. Па гэтаму замірэньню Смаленск увайшоў у тэррыторыю Рэчы Паспалітай.

Але барацьба ня скончылася. Справа ў тым, што Уладыслаў, абраны раней на Маскоўскі пасад, не хацеў адрачыся ад сваіх правоў на Маскоўскае гаспадарства. З гэтым ня мог згадзіцца Міхаіл Раманаў, абраны на маскоўскі пасад у 1613 годзе. Калі каралём Польшчы зрабіўся вышэйназваны Уладыслаў (Уладыслаў IV, 1632—1648), змаганьне пашло зноў, і зноў гэтае змаганьне адбывалася на тэррыторыі Беларусі.

Моцнае Маскоўскае войска, лікам у 32 тысячы людзей, пачале руйнаваць Беларусь і аблажыла Слаленск. На дапамогу Смаленску з Польшчы прышоў Уладыслаў, каторы прымусіў масквічоў здацца. Вайна цягнулася і далей, але ўжо бяз усякай карысьці для Уладыслава. Пасьля двух гадоў (1632—1634) вайны пачаліся перагаворы аб згодзе. Паслы Масквы і Рэчы Паспалітай зьехаліся на памежнай рэчцы Палянаўцы і падпісалі «вечную згоду». Смаленск і другіе гарады згубленые Масквою за часы смуты, асталіся за Рэчаю Паспалітаю, Уладыслаў, з свайго боку, адмовіўся ад правоў на Маскоўскі пасад. Здаволілася Польшча, здаволілася і Масква, аб Беларусі ніхто не паклапаціўся.

Казацкі рух на Украіне кончыўся тым, што Украіна, шукаючы лепшай долі, паддалася пад «цара ўсходняга, праваслаўнага». Дзеля гэтага ў часы кіраваньня польскага караля, Яна Казімера (1648—1668) і маскоўскаго гаспадара Аляксея Міхайлавіча, (1645—1676) зноў пачаліся войны паміж Польшчаю і Масквою, а руйнавалася, паводлуг звычаю, Беларусь. Руйнаваньне Беларусі йшло 17 гадоў, з 1654-га да 1667-га году.

У Беларусь увайшло маскоўскае войско амаль што як ў 200 тысячаў людзей. Яно разьбілася на чатыры часьці. Першая армія, на чале каторай стаяў сам цар, пашла на Смаленск і аблажыла горад. Другая армія праз усю цяперашнюю Вітэбшчыну пашла на Полацак, трэйцяя — на Магілеў, чацьвертая — на поўдзень ад Магілева. Застагнала, задымілася ад пажараў Беларусь, пакрылася крывёю чалавечаю. Уся праца спынілася, што было здабыта працаю руйнавалася. Найраней здаўся Смаленск, ваявода каторага, Піліп Абуховіч, быў падкуплены маскоўскім золатам. Цяпер былі насьцеж адчынены маскоўскаму войску вароты на ўсю Беларусь, яно пашло ўперад, здабываючы ўсе новые мясцовасьці і гарады. Прайшло некалькі месяцаў, і ў руках маскоўскага гаспадара апынуліся гарады — Магілеў, Вітэбск, Менск, Горадзеня, Коўна, Вільня і Трокі. У Троках быў забраны сілаю вядомы трокскі замак, каторага дагэтуль ніхто, нават і немцы ў свой час, сілаю ня мог здабыць. І да нашага часу руіны гэтага замчышча сьведчаць аб маскоўскіх гармат. Усяго было ўзята Аляксеем Міхайлавічам больш чым 200 гарадоў, мястэчкаў і замкаў. Пасьля таго, як былі здабыты абедзьве сталіцы Літоўска-Беларскага гаспадарства — Вільня і Трокі — маскоўскі гаспадар пачаў тытулаваць сябе „ўсея Вялікія, Малыя і Белыя Русі Самадзержцам“.

У гэты самы час на Рэч Паспалітую з поўначы напалі Швэды, а з паўдня — украінскіе казакі. Гарады адзін за другім пераходзілі ў іх рукі. Польшча зусім гінула. Выратавалася гаспадарства толькі дзякуючы таму, што пачалася барацьба паміж Швэдамі і Маскоўскім царом, каторы зрабіў замірэньне з Палякамі і пачаў вайну з Швэдамі. А Рэч Паспалітая ў гэты час крыху паднялася на ногі і справы яе пашлі лепш. Калі зноў, пасьля замірэньня, Масква пачала вайну з Рэчаю Паспалітаю, то ўжо яна ня мела вялікай для сябе карысьці. Барацьба йшла з пераменным шчасьцем каля дзесяці гадоў. Урэшце змучаные гаспадарствы павінны былі ў 1667-м годзе зрабіць у Андрусаве (недалека ад Смаленску) замірэньне на 131/2 гадоў.

Умовы замірэньня былі такіе. Маскоўскі гаспадар адмовіўся ад Літвы і Беларусі, здабытных яго войскамі, але затрымаў за сабою Смаленск, з акалічнымі землямі, адабраны ў Масквы ў смутные часы. Да Масквы яшчэ адыйшла Леваберагавая Украіна і на правым беразе Дняпра — Кіеў. Кіеў быў адступлен Маскве на два годы, але астаўся за ею назаўседы. Адзін з артыкулаў замірэньня даваў Маскоўскаму гаспадару права заступніцтва за праваслаўных жыхароў Польшчы.

У часы кіраваньня каралёў: Міхала Вішнявецкага (1669—1673) і Яна Сабескага (1674—1696) барацьбы паміж Рэчаю Паспалітаю і Масквою ня было. Рэчы Паспалітай прышлося змагацца з Туркамі. Каб адтрымаць дапамогу Масквы ў гэтым змаганьні, Ян Сабескі ў 1686-м г. згадзіўся падпісаць «вечную згоду» з Масквою на ўмовах Андрусаўскага замірэньня. Маскоўскі ўрад ўжо адкрыта абвясціў сябе патронам праваслаўных у Рэчы Паспалітай. У грамаце згоды абгаворана недатычнасьць праваслаўных епархіяў і пасьвядчэньне епіскапаў кіеўскім мітрапалітам, каторы залежаў ад Масквы. Гэтые артыкулы давалі маскоўскаму ўраду права ўмешвацца ў хатнія справы Рэчы Паспалітай.

У часы кіраваньня караля, Аўгуста II (1697—1733), сучасьніка Пятра Вялікага, на абшарах Беларусі, Украіны і Велікарусі адбывалася добра вядомая ўсім Паўночная вайна. І тут паплацілася Беларусь за чужые інтарэсы. Пётра, каб лепш падгатавацца да вайны ў сваіх межах, паслаў свае вайскі на Беларусь, каб яны тут затрымлівалі швэдаў. З 1701-га году аж да 1709-га году Карл «увяз в Польше» і на Беларусі. Зноў руйнаваліся гарады і вёскі, зноў Беларусь была тэррыторыяй вайны. Расія карыстае з слабасьці Рэчы Паспалітай і ўмешваецца на грунце папярэдніх трактатаў ў хатняе жыцьцё аслабеўшага суседа. Вядома, што па затрабаваньню Пятра, Аўгуст II ў 1720-м годзе выдаў грамату, каторая забясьпечывала правы праваслаўнай Беларускай епархіі.

Пасьля скананьня Аўгуста II, рускіе войскі прыходзілі на Беларусь і Польшчу, каб пасадзіць на каралеўскі пасад яго сына, Аўгуста III (1733—1764). Гаспадарства ў часы яго кіраваньня перажывае хатнюю анархію, будуючы сабе труну. Кароль, ня маючы моцы спыніць безладзьдзе, жыве ад сваёй бацькаўшчыне, Саксоніі, толькі часамі наязджаючы ў Варшаву. Рэлігійны ўціск на Беларусі праваслаўных і протэстантаў прымусіў іх шукаць абароны сваіх правоў за межамі Рэчы Паспалітай. Беларускі праваслаўны архіепіскап Ягоры Коніскі, езьдзіўшы ў Расію на каранацыю Катарыны II, зьвярнуўся да яе з просьбою аб абароне праваслаўных жыхароў Рэчы Паспалітай. Тое самае рабілі прадстаўнікі польскіх протэстантаў у заходніх нямецкіх дзяржавах — Аўстрыі і Прусіі. Паступова падгатаўляўся той грунт, апіраючыся на каторы адбыліся разьдзелы Рэчы Паспалітай у часы апошняго яе караля, Станіслава Панятоўскага, які кіраваў пад іміем Аўгуста IV (1764—1795).

Канец Рэчы-Паспалітай.

У палавіне 18-га сталецьця Рэч Паспалітая перажывала поўны развал. Дзяржаўная ўлада была ў руках шляхты, каторая карыстала з сваей «залатой» вольнасьці толькі ў сваіх клясовых інтарэсах. Кароль і другіе станы гаспадарства ня мелі ніякіх правоў. Шляхта мела права складаць саюзы для абароны сваіх правоў (конфэдэрацыі) і падымаць бунт проці караля (рокош). Каб абараніць сябе, польскі кароль павінен быў шукаць апоры пры чужаземных дварох. Шляхта з свайго боку, папала ў рукі багацейшых прадстаўнікоў сваіх, каторые і былі сапраўднымі гаспадарамі справаў. Соймы ў апошніе часы не маглі працаваць, дзякуючы прынцыпу аднагалосьнасьці. Даволі было падкупіць ці угаварыць якога колечы пасла Сойму, каб ён не згаджаўся з пастановаю Сойму, і ён мог яе сарваць сваім «не пазваkям» (liberum veto). Пры такіх умовах магчыма было прыпыніць усякую рэформу, каторая не падабалася якому-колечы крыкліваму пану.

У грамадзянскім жыцьці так сама панавала безладзьдзе. Магнаты вялі сапраўдные войны паміж сабою і крыўдзілі як драбнейшую шляхту, так і другіх. Шляхта зьдзекавалася і крыўдзіла мяшчанаў і мужыкоў. Каталікі рабілі ўціск над некаталікамі-дыссыдэнтамі. Дыссыдэнты, ня маючы абароны ад дзяржавы, павінны былі складаць конфэдэрацыі і зьвяртацца, як і каралі, да чужаземнай улады. Суседніе дзяржавы, разумеецца, карысталі з такога становішча Рэчы Паспалітай.

У 1767-м годзе дыссыдэнты (протэстанты, кальвіністы і праваслаўные) дзеля абароны сваіх парушаных правоў, злажылі саюз з цэнтрам у Слуцку, так званую Слуцкую конфэдэрацыю. Конфэдэрацыю падтрымлівалі дзяржаўные паслы Расіі, Прусіі і Аўстрыі. Калі Сойм адмовіўся зрабіць пастановы, якіх дамагалася конфэдэрацыя, то ў Варшаву былі ўведзены рускіе войскі, заарыштованы правадыры крайня-каталіцкай партыі Сойму, і Сойм павінен быў здацца. У 1768-м годзе Сойм выдаў пастанову, што дыссыдэнты не павінны прыгнятацца за іх рэлігійные пераконаньні і маюць тые самые правы, што і каталікі. Расійскаму ўраду было дадзена права аберагаць правы дыссыдэнтаў і недатычнасьць грунтоўных законаў Рэчы Паспалітай. Такім спосабам, Расія атрымала як-бы пратэктор над Рэчу Паспалітаю.

У адказ на ўсё вышэй паданае ў Польшчы ўтварылася конфэдэрацыя ў г. Бары, якая паставіла сваей мэтай абарону паменшаных правоў каталіцтва і Сойму. Конфэдэраты пачалі збройную барацьбу з праваслаўным народам і выклікалі паўстаньні так званых гайдамакаў, (казакаваўшых мужыкоў у правабярэжнай Украіне). Да гайдамакаў далучылася і праваслаўная шляхта. Пашоў крывавы смутак, якога ня мог спыніць урад Рэчы Паспалітай. Тады зьявіліся дзеля ўпарадкаваньня краю спачатку рускіе, а патым прускіе і аўстрыйскіе войскі, каторые спынілі як гайдамацкі, так і конфэдэрацкі рух. Пасьля гэтага ўпарадкаваняня было пастаўлена пытаньне аб тым, каб узяць з Рэчы Паспалітай компэнсацыю за зроблены парадак. Прусія ўзяла сабе Памеранію і кавалак Вялікай Польшчы, тые землі, каторые былі паміж Прусіяй і Брандэнбургом. Аўстрыя прылучыла да сябе Галіцыю. Расія адтрымала ваяводзтвы — Магілёўскае, Мсьціслаўскае і часьць Полацкага. З гэтых земляў былі зложаны тры правінцыі Пскоўскай губерніі (Дзьвінская, Полоцкая і Вітэбская) і Магілёўская губэрня (правінцыя — Магілёўская, Аршанская, Мсьціслаўская і Рагачоўская). Так адбыўся першы разьдзел Рэчы Паспалітай у 1773-м годзе.

Падзеі 1773-га году прабудзілі рэформацыйны рух сярод лепшых людзей Рэчы Паспалітай. У сваіх думках яны трымаліся тых ідэяў, якіе ў гэты час вынікалі ў францускай прасьветнай філезофіі і літаратуры. Вялікая француская рэвалюцыя 1789-га году дала ім сьмеласьць абнавіць політычны строй сваей бацькаўшчыны. Скарыстаўшы рэформацкі настрой і склад Сойму, партыя рэформы, на чале каторай стаяў граф Патоцкі, правяла праз Сойм новые дзяржаўные законы, вядомые пад назвай констытуцыі 3-го мая 1791-га году. Гэтая констытуцыя была ухвалена Соймам без усякіх спрэчак у адным пасяджэньні што сьведчыць аб пад‘еме патрыятычнага духу паслоў Сойму.

Па новай констытуцыі прапанаваўся такі строй Рэчы Паспалітай. Законадаўчую ўладу маюць Сойм і Сэнат, выканаўчую ўладу — кароль, не абраны, а наследны. Справы ў Сойме выяўляюцца не аднагалосна, а большасьцьцю галасоў, дзякуючы чаму выкасоўваецца liberum veto. Выкасоўвалася так сама права конфэдэрацыяў. Шляхта, як і раней, лічылася пануючым станам ў дзяржаве. Мяшчаны мелі права пасылаць у Сойм сваіх паслоў, апроч таго, яны адтрымалі магчымасьць праз куплю зямлі уваходзіць у склад шляхты. Становішча мужыкоў мала чым менялася. Прыгон аставаўся, як і раней; пану давалася, праўда, магчымасьць вызваляць мужыка ад прыгону і паляпшаць яго жыцьцё. Абвешчана была свабода веры, аднак-жа за каталіцтвам зберегалася становішча пануючай у гаспадарсьве веры.

Як мы бачым, новая констытуцыя хоць і ўтварылася пад рэвалюцыйным уплывам, тым ня менш яна вельмі далёка адыйшла ад ідэяў тагочаснага прогрэсу. Але і такая констытуцыя абурыла шляхту старага закалу. Гэтая шляхта для абароны сваіх старых шляхоцкіх правоў злажыла Тарговіцкую конфэдэрацыю пад кіраўніцтвам паноў: Шчаснага, Браніцкага і Жавускага. Яны зьвярнуліся да імпэратрыцы Катарыны з заяваю, што яна, на аснове пастановы Сойму 1768-га году, павінна абараняць стары строй Рэчы Паспалітай. Разумеецца, рускіе войскі ня прымусілі сябе доўга чакаць. Яны падтрымалі конфэдератаў і занялі Варшаву. Прускі кароль з свайго боку, як-бы для спыненьня польскага бязладзьдзя, заняў сваімі войскамі заходніе правінцыі Польшчы. Зноў вынікла пытаньне аб компэнсацыі дзяржаваў, каторые патурбаваліся і зрабілі парадак у Рэчы Паспалітай. На гэты раз Расія і Прусія запатрабавалі ў Сойме, скліканым ў Горадні, згоды на аддачу ім за фатыгу земляў. Пасьля бескарысных спрэчак з прадстаўнікамі «дапамогшых» дзяржаваў, паслы Сойму, бачучы, што няма рады абараніць тэррыторыі ад захвату, замаўчалі зусім. У такім нямым пасяджэньні Сойм прасядзеў да глубокай ночы. Гэтае маўчаньне было растлумачана як згода і адбыўся ў 1793-м году другі разьдел земляў Рэчы Паспалітай, паміж Прусіяй і Расіяй. Прусія адтрымала Данцыг і Вялікую Польшчу, а Расія Валынь, Падолію і Менскую обласьць. Астатніе землі Рэчы Паспалітай былі абвешчаны фармальна пад пратэкторатам Расіі. Варшава была занята рускімі вайскамі.

Патрыёты Рэчы Паспалітай, ня гледзячы на ўсе беды, якіе абрушыліся на іх бацькаўшчыну, ня гледзячы на здраду з боку рэакцыйнай шляхты. не пакідалі сваіх плянаў па ратунку гаспадарства. Яны павінны былі ўтварыць тайную арганізацыю і цэнтр яе перанясьці ў замежные землі. Мэтаю гэтай арганізацыі была барацьба за непадзельнасьць і незалежнасьць Рэчы Паспалітай. Камітэты арганізацыі былі і ў межах Польшчы, напрыклад, у Варшаве. Яны працавалі сярод шляхты, мяшчанаў і сялянства. Паўстаньне пачалося адразу пасьля разьдзелу. У 1794-м году паўстаньнем былі захоплены такіе гарады, як Кракаў, Варшава, Вільня і Горадзен. У Варшаве злажыўся часовы урад, каторы абвесьціў вайну Прусіі і Расіі. Дыктатарам гаспадарства і глаўнакамандуючым арміі быў абраны гэнэрал Тадэуш Касьцюшка, чалавек вялікага разуму, выдатнай храбрасьці і дэмакратычных паглядаў. Пабеды, адтрыманые паўстанцамі над асабістымі групамі рускіх вайскаў і гарнізонамі гарадоў, страшэннае збойства ў Варшаве 2000 рускіх салдатаў падтрымлівалі настрой паўстанцаў. Паўстаньне пашырылася на тэррыторыі Польшчы, Літвы, Валыні і Беларусі.

Першым увайшоў з вайскамі на землі Польшчы прускі кароль з заходняго боку. Польшчы выправіла свае сілы Аўстрыя, заняўшы паўднёвые землі. Катарына II, баючыся што Рэч Паспалітая зробіцца „гибельным горном, угрожающим спокойствію и безопасности соседей“, пакіравала свае вайскі з ўсходу, пад кіраўніцтвам Румянцава і Суворава. Доля Рэчы Паспалітай вырашылася ў бойцы паміж рускім і польскімі вайскамі пад Мацэевіцамі недалёка каля Варшавы. Польскіе вайскі былі разьбіты, Касьцюшка быў параняны і ўзяты ў палон. Пасьля крывавага штурму была забрана ваколіца Варшавы, Прага (1794). Варшава павінна была здацца. У горад былі ўведзены, апроч рускіх, аўстрыйскіе і прускіе войскі. Па усім краі паўстанскіе групы былі зьніштожаны. Апошні кароль Рэчы Паспалітай, Аўгуст IV (Станіслаў Панятоўскі), адрокся ад пасады і пераехаў на жыцьце спачатку ў Горадзен, а потым у Петарбург, гдзе і сканаў праз некалькі гадоў. Паміж Прусіяй, Аўстрыяй і Расіяй адбыўся апошні, трэйці разьдзел Рэчы Паспалітай у 1795 годзе. Расія з гэтага разьдзелу адтрымала заходнюю часьць Беларусі і ўсходнюю часьць Літвы, што злажыла губэрні: Віленскую, Горадзенскую і Ковенскую. Апроч таго, да Расіі была прылучана і Украіна да Заходняга Буга. Аўстрыя і Прусія прылучылі да сваіх тэррыторый астаткі польскіх земляў. Дзяржава Рэч Паспалітая перастала істнаваць, а Беларусь увайшла ў склад земляў Расійскай імпэрыі. Пачаўся новы пэрыод гісторыі Беларусі.