Кароткая гісторыя Беларусі/Пасляслоўе

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search

ПАСЛЯСЛОЎЕ[правіць]

(Вацлаў Ластоўскі (Власт) і яго «Кароткая гісторыя Беларусі»)


Перавыданне кнігі Вацлава Ластоўскага «Кароткая гісторыя Беларусі» — унікальная знаходка як для вучоных-даследчыкаў, так і для ўсіх тых, каго і сёння хвалюе гісторыя роднага краю, яго мінулае і будучае. Работа была выдадзена ў 1910 г. у Вільні, друкавалася ў газеце «Наша ніва».

Шмат што змянілася ў жыцці беларусаў за апошні час. Неяк па-іншаму асэнсавана, нікога не баючыся і не азіраючыся, мы сталі глядзець на сваю нацыянальную спадчыну. Атрымалі магчымасць карыстацца закрытымі раней фондамі бібліятэк нават для гісторыкаў-прафесіяналаў. А там, згадзіцеся, можна знайсці мноства рэдкіх бібліяграфічных твораў. Адзін з іх — «Кароткая гісторыя Беларусі» Вацлава Ластоўскага.

У чым вартасць гэтай кнігі? Чаму яна зноў зацікавіла людзей? Перш за ўсё трэба сказаць, што яе аўтар — чалавек з неардынарным і, на жаль, трагічным лёсам. Ён не толькі гісторык, але і пісьменнік, грамадскі і палітычны дзеяч, адзін з ініцыятараў беларускага культурнага адраджэння пачатку XX ст. Вацлаў Юсцінавіч да таго ж быў вельмі цікавым і перакананым чалавекам. А ягоны гістарычны твор — «Кароткая гісторыя Беларусі» — гэта першая папулярная гісторыя Беларусі, напісаная беларусам і для беларусаў. Праўда, і раней выходзілі працы па гісторыі нашага краю, але выдавалі іх або рускія, або польскія дваранскія і буржуазныя вучоныя. Яны адпаведна разглядалі Беларусь або як «Северо-Западный край Российской империи», або як правінцыю былой Польскай дзяржавы. Характэрна, што яны адмаўлялі самастойнае існаванне незалежнай Беларуска-Літоўскай дзяржавы, якая ў свой час увайшла ў федэратыўную Рэч Паспалітую.

Нават і цяпер пра Вацлава Ластоўскага як гісторыка напісана вельмі мала. Невялікі біяграфічны артыкул быў надрукаваны ў 6-м томе «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі» (с. 267) у 1972 г. Вацлаву Ластоўскаму даецца характарыстыка як «гісторыку і публіцысту, аднаму з ідэолагаў беларускага нацыяналізму». А яго працам, як падкрэслена ў артыкуле, «уласцівы тэндэнцыйнасць і нацыяналістычная інтэрпрэтацыя гістарычных фактаў».

Ён «варожа ставіўся да марксізму, адмаўляў класавую барацьбу і кіруючую ролю пралетарыяту». Такія абвінавачванні былі ўключаны ў справу Вацлава Ластоўскага падчас: яго арышту, а пасля старанна перапісваліся ў даследаваннях нашых навукоўцаў. У гэтым можна пераканацца, калі пачытаць біяграфічны артыкул у 3-м томе «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі» (с. 203), або зводны каталог «Кніга Беларусі 1517—1917», выдадзеных у 1986 г. Складальнікі апошняга пішуць, што ўлічылі ўсе дарэвалюцыйныя беларускія кнігі, але «Кароткую гісторыю Беларусі» так і не ўспомнілі, каб не назваць імя аўтара.

Ужо ў час перабудовы некалькі абзацаў кнізе «Кароткая гісторыя Беларусі» прысвяціў А. К. Каўка ў артыкуле «Паходня абуджанай памяці», змешчаным у газеце «Літаратура і мастацтва» 4 снежня 1987 г. (№ 49). Аўтар імкнецца пераадолець ідэалагічныя штампы і клішэ, нагадвае, што русіфікатарскі орган «Окраина России» атакаваў Вацлава Ластоўскага за акцэнтацыю старадаўняга беларускага пісьменства, паколькі, маўляў, ніякай беларускай мовы ў мінулым не было. Нейкі чарнасоценец-крытык патэтычна ўсклікаў: «Тут не найдете портретов ни императора Александра II, ни графа М. Н. Муравьева, ни митрополита Иосифа Семашки». Сапраўды, замест іх у кнізе змешчаны партрэты Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча, Янкі Лучыны.

Больш поўна пра Вацлава Ластоўскага напісаў літаратурны крытык А.Сідарэвіч у сваім артыкуле, надрукаваным у часопісе «Нёман» (1988, №9, с. 156—161). Там прыводзіцца шмат біяграфічных звестак пра гэтага малавядомага для шырокага чытача чалавека.

І ўрэшце апублікаваны біяграфічны нарыс (с. 285—286) пра Вацлава Ластоўскага (Власта) у кнізе Барыса Сачанкі «Сняцца сны аб Беларусі» (1990 г.).

Дык хто ж ён усё-такі гэты Вацлаў Ластоўскі, чыя кніга лічылася шкоднай для нашай маралі і была забароненай?

Вацлаў Юсцінавіч Ластоўскі нарадзіўся 20 кастрычніка 1883 г. у засценку Калеснікі Дзісненскага павету Віленскай губерні (цяпер Міёрскі раён Віцебскай вобласці). Бацькі яго, Юсцін і Ганна, былі дробнымі арандатарамі-земляробамі. Першапачатковую грамату ён атрымаў дома. Скончыў народную школу ў Пагосце (у гэтым жа павеце), дзе дзякуючы сваім здольнасцям набыў пэўныя веды. У 1904—1905 гг., знаходзячыся ў Пецярбурзе, слухаў, як ён сам пазней пісаў, «зайцам» лекцыі ва універсітэце. Потым спрабаваў здаць дзяржаўныя экзамены на атэстат сталасці ў Рызе, але, паводле ягоных слоў, «зрэзаўся па расейскай мове». Далей ужо ані часу, ані магчымасцей атрымаць адукацыю не было.

Пазней Вацлаў Ластоўскі ўступіў у Польскую сацыялістычную партыю Літвы (ППС), якая арганізавалася ў верасні 1902 г. і дзейнічала ў Літве і Заходняй Беларусі (цэнтрам яе дзейнасці было Гродна). Партыя выдавала праклаімацыі і брашуры на польскай, рускай, беларускай і яўрэйскай мовах, патрабавала самастойнасці Літвы і Беларусі з устаноўчым сходам у Вільні, агульным для ўсіх народаў краю. Яна заклікала да рэвалюцыі, звяржэння царызму, устанаўлення рэспубліканска-дэмакратычнага ладу, федэратыўных адносін Літоўска-Беларускай рэспублікі з Расіяй.

У 1906 г. Вацлаў Ластоўскі перайшоў у Беларускую Сацыялістычную Грамаду, у складзе якой быў да 1908 г., паводле ягонага аўтабіяграфічнага ліста. Такім чынам, перад намі барацьбіт, які разам са сваімі аднадумцамі змагаецца за беларускае адраджэнне, нацыянальнае вызваленне і дзяржаўнасць.

У гэты час Вацлаў Ластоўскі актыўна ўключыўся ў грамадскую і культурную дзейснасць. 3 1909 да 1914 г. ён працаваў у Вільні сакратаром рэдакцыі «Нашай Нівы», а ў 1916—1917 гг. рэдактарам газеты «Гоман», якая выходзіла ў Вільні, акупаванай з верасня 1915 г. нямецкімі войскамі. У студзені 1918 г. пры стварэнні Віленскай Беларускай Рады ўвайшоў у склад яе сяброў. У канцы 1915 г. заняў незалежніцкія пазіцыі. У пачатку 1918 г. стварыў у Вільні арганізацыю «Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі», якая выпрацавала галоўныя напрамкі стварэння незалежнай Беларусі. У гэтую арганізацыю ўваходзілі ў асноўным прадстаўнікі каталіцкага духавенства, а таксама князь М. М. Святаполк-Мірскі. Праз іх былі ўстаноўлены сувязі з нямецкай каталіцкай партыяй цэнтру. Не цяжка заўважыць, што Вацлаў Ластоўскі выкарыстоўваў усё магчымае, каб дабіцца незалежнасці Беларусі. Рашуча выступаў супраць якіх-небудзь спроб утварыць Беларускую дзяржаву разам з Польшчай ці Літвой. Менавіта таму 18 сакавіка 1918 г. ён разам з іншымі прадстаўнікамі Віленскай Беларускай Рады быў кааптаваны ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў Мінску. 23 сакавіка 1918 г. прыехаў з Вільні ў Мінск і ўдзельнічаў у пасяджэнні Рады БНР, на якім раніцай 25 сакавіка 1918 г. была прынята трэцяя Устаўная грамата Рады БНР і абвяшчалася незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Знаходзячыся сярод беларускіх сацыялістаў, сяброў Рады БНР, Вацлаў Ластоўскі не падпісаў вядомую тэлеграму ад 25 красавіка 1918 г. на імя германскага імператара Вільгельма II, у якой буржуазныя дзеячы БНР дзякавалі імператару за вызваленне Беларусі ад бальшавікоў. У гэты ж час Вацлаў Ластоўскі не бачыў магчымасці супрацоўніцтва з бальшавіцкім кіраўніцтвам Заходняй вобласці (з цэнтрам у Смаленску), бо разгон Усебеларускага з’езда ў Мінску ў снежні 1917 г. і рэпрэсіі савецкай улады ў дачыненні да кіраўніцтва з’езда і да дзеячаў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху толькі ўзмацнілі яго антысавецкі настрой.

У маі 1918 г. Беларуская Сацыялістычная Грамада (БСГ), якая ўзнавіла сваю дзейнасць пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. на тэрыторыі цэнтральнай і ўсходняй Беларусі, неакупаванай (да лютага 1918 г.) германскімі войскамі, распалася. У выніку гэтага і вылучаліся Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя. Вацлаў Ластоўскі не спяшаўся далучацца да якога-небудзь з гэтых фарміраванняў.

У лістападзе 1918 г., пасля перагавораў з Тарыбай (Саветам) Літоўскай рэспублікі, шэсць сяброў Віленскай Беларускай Рады, у тым ліку Вацлаў Ластоўскі, былі ўключаны ў склад Тарыбы (часовага парламента Літвы). Ва ўмовах паражэння Германіі ў першай сусветнай вайне і эвакуацыі яе войск з Беларусі некаторыя прадстаўнікі Рады БНР пайшлі на супрацоўніцтва з Літвой пры ўмове аўтаноміі часткі заходнебеларускіх зямель у складзе Літоўскай рэспублікі (Віленскага, Гродзенскага, Троцкага, Ашмянскага, Лідскага і Свенцянскага паветаў). Аднак у красавіку 1919 г. Вільня і ўсе гэтыя раёны былі заняты польскімі войскамі.

Вацлаў Ластоўскі непрыхільна адносіўся да стварэння 1 студзеня 1919 г. Беларускай ССР, а праз два месяцы — Беларуска-Літоўскай ССР, бо на тэрыторыі гэтых рэспублік не было ні беларускіх школ, ні беларускага друку. Да таго ж неўзабаве пасля абвяшчэння Беларускай ССР Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні адным росчыркам пяра адышылі да РСФСР.

Вясной 1919 г. Вацлаў Ластоўскі уступіў у Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў і заняў у ёй лідзіруючае становішча, бо быў уключаны ў склад яе цэнтральнага камітэта.

Ад пачатку акупацыі тэрыторыі цэнтральнай часткі Беларусі польскімі войскамі ў жніўні 1919 г. Вацлаў Ластоўскі прыняў праграму федэрацыі Беларусі з Польшчай. Але хутка, пад уплывам акупацыйнай палітыкі польскай улады, ён рэзка змяніў свае погляды і перайшоў у крайнюю апазіцыю. Заклікаў да ўсенароднага паўстання супраць польскіх акупантаў, што хутка і паслужыла зачэпкай да яго арышту польскімі ўладамі ў Мінску. Разам з ЦК Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў выступаў супраць беларуска-польскага супрацоўніцтва. Па-ранейшаму займаў незалежніцкую пазіцыю, быў прыхільнікам беларуска-літоўскага саюза, скіраванага ў першую чаргу супраць Польшчы.

Партыя беларускіх эсэраў у 1919—1920 гг. вяла барацьбу супраць польскіх акупантаў, ствараючы партызанскія атрады, — сялянскія дружыны, якія дзейнічалі побач з атрадамі чырвоных партызан. Восенню 1919 г. у Смаленску было падпісана пагадненне аб сумеснай барацьбе супраць польскіх войск. Канферэнцыя прыняла рашэнне падтрымліваць сувязь з рэўваенсаветам Заходняга фронту. Пасля гэтага ў Мінску адбылася нелегальная канферэнцыя партыі беларускіх эсэраў, у якой удзельнічалі 29 дэлегатаў і адзін прадстаўнік камуністычнай партыі. Сярод дэлегатаў быў Вацлаў Ластоўскі. Канферэнцыя даручыла яму і А. Цвікевічу падрыхтаваць склад новага савета міністраў, каб эсэры ўзначалілі ўрад БНР. Канферэнцыя прыняла таксама рашэнне ліквідаваць Раду БНР і стварыць новую, дэлегаваўшы ў склад Рады БНР 50 чалавек ад партый беларускіх эсэраў і сацыялістаў-федэралістаў.

Падзеі развіваліся вельмі хутка. Частка членаў Рады БНР, якая ставілася варожа да федэрацыі Беларусі з Польшчай Пілсудскдга (падчас савецка-польскай вайны), стварыла Народную Раду БНР з 50 сяброў у Юбілейным доме (цяпер — Дом мастацтваў). Гэта былі беларускія эсэры і сацыялісты-федэралісты на чале з Вацлавам Ластоўскім. Прыхільнікі федэрацыі з Польшчай стварылі Найвышэйшую раду БНР з 37 сяброў на чале з А. Луцкевічам.

Народная Рада БНР пацвердзіла Устаўную грамату ад 25 сакавіка 1918 г. аб абвяшчэнні незалежнасці Беларусі, выразіла недавер польскаму ўраду, заявіла пратэст супраць польскай акупацыі і абрала новы прэзідыум. 14 снежня быў створаны новы савет народных міністраў на чале з прэмьер-міністрам Вацлавам Ластоўскім. У склад урада ўвайшлі Т. Грыб, А. Цвікевіч, Л. Заяц, К. Душэўскі і іншыя, былі адкрыты дыпламатычныя прадстаўніцтвы БНР у Берліне, Празе і Канстанцінопалі.

Польскія ўлады ў Мінску падтрымлівалі альтэрнатыўны савет міністраў на чале з беларускім сацыял-дэмакратам А. Луцкевічам і Найвышэйшую раду БНР. 17 снежня 1919 г. частка міністраў урада Вацлава Ластоўскага, у тым ліку і ён сам, былі арыштаваны і кінуты ў мінскую турму «за правядзенне нелегальнага сходу». Польскія акупацыйныя ўлады выдалі распараджэнне аб роспуску Народнай Рады БНР «за ўзурпаванне не належачых ёй паўнамоцтваў». Паўтара месяцы прасядзеў Вацлаў Ластоўскі ў турме разам са сваімі міністрамі. Затым ім было дазволена пераехаць у сталіцу Літоўскай рэспублікі Каўнас, дзе ўрад і Народная Рада БНР аднавілі сваю дзейнасць. Вацлава Юсцінавіча трымалі ў турме больш за ўсіх. Толькі вясной 1920 г. ён накіраваўся ў Рыгу, але пасля дыпламатычнага дэмаршу польскага ўрада быў выдалены з тэрыторыі Латвіі і пераехаў у Каўнас, дзе яго чакалі міністры ўрада.

3 гэтага часу Вацлаў Ластоўскі знаходзіцца ў Каўнасе, вядзе палітычную, грамадскую і навуковую дзейнасць, робіць усё неабходнае, каб дабіцца незалежнасці дэмакратычнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Яго ўрад прызнаецца краінамі Антанты, атрымлівае ад іх матэрыяльную і вайсковую дапамогу. Але найбольш цеснымі былі, безумоўна, адносіны паміж урадамі БНР і Літоўскай Рэспублікі. Праўда, палітыка ў дачыненні да Польшчы заставалася варожай, а адносіны да Савецкай Расіі — больш асцярожнымі.

12 ліпеня 1920 г. Літвою быў падпісаны мірны дагавор з Савецкай Расіяй, паводле якога граніца праходзіла па Нёману, а потым на поўнач, на ўсход ад возера Нарач, і да Друі. У склад Літоўскай рэспублікі ўваходзіла тэрыторыя з гарадамі Вільня, Гродна, Ліда, Паставы і Браслаў. Дзяржаўная мяжа праходзіла ля Валожына і Маладзечна. Тэрытарыяльныя ўступкі былі зроблены ўрадам РСФСР, каб уся літоўская армія (дзве дывізіі) разам з Чырвонай Арміяй вяла вайну супраць Польшчы. Дарэчы, гэтая тэрыторыя лічылася ўрадам РСФСР расійскай, бо Літоўска-Беларуская ССР ліквідавалася яшчэ ў жніўні 1919 г.

Ад імя Народнай Рады БНР Вацлаў Ластоўскі быў вымушаны пацвердзіць права Літвы на заходнія раёны Беларусі. Такая пазіцыя выклікала абурэнне ў А. Луцкевіча і беларускіх сацыял-дэмакратаў. У адным са сваіх лістоў А. Луцкевіч назваў Вацлава Ластоўскага бандытам, а літоўцаў — ворагамі.

Пасля падпісання 12 кастрычніка 1920 г. у Рызе перамір’я паміж РСФСР і УССР, з аднаго боку, і Польшчай — з другога, польскія войскі (у лістападзе 1920 г.) захапілі Вільню, якая, паводле савецка-літоўскага дагавора, належала Літве. Узнік польска-літоўскі канфлікт. У адказ на гэта літоўскі ўрад узмацніў адносіны з урадам Беларускай Народнай Рэспублікі.

11 лістапада 1920 г. была падпісана ўмова паміж дэлегацыямі ўрадаў Вацлава Ластоўскага і Літвы аб узаемнай дапамозе. Літва і БНР прызнавалі незалежнасць гэтых рэспублік і правамоцнасць абодвух урадаў. Тэрытарыяльныя спрэчкі адкладваліся да склікання беларускага ўстаноўчага сойма. Дзяржаўную мяжу паміж Літвой і Беларуссю павінны былі ўстанавіць іх соймы або назначаныя імі ўрады. У мясцовасцях Літвы з пераважна беларускім насельніцтвам прапаноўвалася ўстанаўленне беларускай нацыянальна-тэрытарыяльнай аўтаноміі. Урад БНР абяцаў сфарміраваць вайсковыя часці беларускага нацыянальнага войска на тэрыторыі Літвы і дазволіў літоўскаму ўраду выкарыстоўваць іх для абароны Літвы ад Польшчы. Ад імя ўрада БНР гэтае пагадненне падпісала дэлегацыя на чале з Вацлавам Ластоўскім.

Партыя беларускіх эсэраў, а таксама Вацлаў Юсцінавіч, занялі рашучую пазіцыю ў пытанні аб незалежнасці Беларусі. Яны пратэставалі супраць падзелу тэрыторыі Беларусі нават без удзелу саміх прадстаўнікоў рэспублікі, рыхтавалі паўстанне ў абедзвюх частках Беларусі — у заходняй і ўсходняй яе частках. Пасля арышту актывістаў легальнай партыі беларускіх эсэраў у БССР у пачатку 1921 г. апорай беларускіх эсэраў сталі члены ЦК партыі, што знаходзіліся ў Заходняй Беларусі, і Народная Рада БНР з урадам Вацлава Ластоўскага ў Каўнасе. Яны арганізоўвалі паўстанцкія сілы ў Заходняй Беларусі.

Для кансалідацыі беларускіх партый у эміграцыі па ініцыятыве Вацлава Юсцінавіча ў чэрвені 1921 г. у Бруселі адбылася нарада, але без сацыял-дэмакратаў. Аднак ужо ў верасні 1921 г. у Празе адбылася нацыянальна-палітычная нарада, якую назвалі I Усебеларускай канферэнцыяй. Яна была склікана па ініцыятыве Вацлава Ластоўскага. Там панавала антыпольская атмасфера, бо большасць удзельнікаў належалі да эсэраў і сацыялістаў-федэралістаў.

Адпаведнымі былі і рэзалюцыі, прынятыя на гэтай канферэнцыі. Урад Вацлава Ластоўскага дапамагаў беларускім партызанам у Заходняй Беларусі ў іх барацьбе супраць Польшчы.

У гэты ж час адбываецца збліжэнне ўрада Вацлава Ластоўскага і партыі беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў з уладаю Савецкай Беларусі. Гэта тлумачыцца тым, што ў рэспубліцы пачала праводзіцца палітыка беларусізацыі, развіцця нацыянальнай культуры, і перш за ўсё беларускай нацыянальнай культуры. Да таго ж беларускія левыя, сацыялістычныя партыі ў Заходняй Беларусі і ў Літве занялі варожыя пазіцыі ў адносінах да польскіх улад у Заходняй Беларусі, дзе дэмакратычнае, нацыянальнае і культурнае развіццё беларусаў некалькі абмяжоўвалася. Сярод беларускіх сацыялістычных партый у Заходняй Беларусі і сярод часткі беларускай інтэлігенцыі Савецкай Беларусі пашырылася ідэя так званай мангалізацыі рэспублікі, г. зн. утварэння (з Савецкай і Заходняй Беларусі) адзінай дзяржавы — Беларускай Народнай Рэспублікі накшталт Мангольскай Народнай Рэспублікі. У гэтай дзярхаве прадугледжвалася ўвядзенне шматпартыйнасці, кааліцыйнага ўрада ўсіх сацыялістычных партый з КПБ уключна. БНР тады стварала буфер паміж варожай Польшчай і прыхільнай РСФСР.

У сакавіку 1923 г. у Мінску вяліся перагаворы паміж прадстаўнікамі беларускіх сацыялістычных партый, што ўваходзілі ў склад урада Вацлава Ластоўскага, і ўрадам Савецкай Беларусі. 17 сакавіка 1923 г. было падпісана пагадненне, у якім праводзілася свая агульная палітыка ў адносінах да Польшчы і Літвы. Было вырашана часова спыніць узброеныя акцыі супраць польскіх войскаў і жандармерыі, рыхтавацца да ўзброенага паўстання ў Заходняй Беларусі падчас наступнай савецка-польскай вайны. Было таксама рэкамендавана, каб Вацлаў Ластоўскі пакінуў пасаду старшыні савета міністраў БНР «як непапулярны ў дыпламатычных сферах Заходняй Еўропы». Прапанавалася перавесці яго на такую пасаду, якая дазваляла б захоўваць добрыя адносіны з Літвой, бо ён карыстаўся вялікай папулярнасцю сярод літоўскіх дзяржаўных дзеячаў. З боку ўрада Беларусі пагадненне падпісалі З. Жылуновіч і У. Ігнатоўскі.

У выніку гэтага пагаднення ўрад Вацлава Ластоўскага пайшоў у адстаўку, а 23 жніўня 1923 г. быў створаны новы ўрад БНР на чале з А. Цвікевічам, 2 лістапада Рада і ўрад БНР пераехалі ў сталіцу Чэхаславакіі — Прагу. У 1923 г. у Беларусі была абвешчана амністыя для кіраўнікоў і сяброў партыі беларускіх эсэраў.

Вацлаў Ластоўскі застаўся ў Каўнасе, дзе ўзначальваў беларускі рух у Літве. Займаўся там навуковай работай, працягваў літаратурную і выдавецкую дзейнасць. Быў рэдактарам часопіса «Крывіч», які выходзіў у Каўнасе ў 1923—1927 гг. Тут ён выдаў «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» (1924), вельмі каштоўную з навуковага пункту гледжання «Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі» (1926), шмат іншых працаў.

Разам з дзеячамі беларускай навуковай і палітычнай эміграцыі яго запрашалі ў Мінск на Акадэмічную канферэнцыю па пытаннях мовы. Ён пераканаўся, што інтэнсіўна развіваецца беларуская нацыянальная культура, адраджаецца эканоміка Беларусі. Вялікае ўражанне зрабіла і тое, што пашыраецца сетка навучальных устаноў з выкладаннем на беларускай мове, разгортваюцца і мацнеюць выдавецтвы. Урэшце, у гэты ж час праводзілася ўзбуйненне тэрыторыі БССР. У 1924 г. да яе былі далучаны тэрыторыі Віцебскай і часткі Гомельскай, а таксама Смаленскай губерняў, крыху пазней — Гомельскага і Рэчыцкага паветаў.

У часопісе «Крывіч» (1927 г., № 12) Вацлаў Ластоўскі пісаў аб сваіх уражаннях ад паездкі ў Савецкую Беларусь: «Адроджаны беларускі народ што-раз больш выказуе волі да народнай еднасці ў сваёй уласнай дзяржаве. І хоць яшчэ многа можна пажадаць, што да абойму дзяржаўных правоў сучаснай Радзянскай Беларусі, у якой задалёка пасунута Сувязная цэнтралізацыя, залішне вялікая пасляваенная руіна, засвежа яшчэ ўплыў русіфікацыі, але ў даны гістарычны момант шансы аб’яднання беларускіх зямель на старане Радзянскай Беларусі. Пагромамі беларускага руху, праследваннямі і здзекамі Варшава не можа адвярнуць вачэй заходніх беларусаў ад Менска, каторы мае ўжо асновы для незалежнага народна-дзяржаўнага жыцця, мае свабоду і матэрыяльныя засабы развіваць сваю культуру на сваёй уласнай астоі…»

Вацлаў Ластоўскі прызнаў Савецкую ўладу, адмовіўся ад сваіх ранейшых поглядаў, атрымаў права вярнуцца ў Беларусь і стаць грамадзянінам СССР. У 1927 г. ён пераехаў у Мінск і працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея. Пазней у Інстытуце беларускай культуры. У 1928 г. зацверджаны ўрадам БССР сапраўдным членам Беларускай Акадэміі навук і яе неадменным сакратаром. Падчас першай хвалі рэпрэсій супраць беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, у 1930 г., ён разам з іншымі вучонымі і пісьменнікамі быў арыштаваны і без суда высланы за межы рэспублікі. У 1938 г. пасля паўторнага арышту яго расстралялі як «ворага народу». У чэрвені 1988 г. крымінальная справа ў адносінах Вацлава Юсцінавіча Ластоўскага была спынена з-за адсутнасці складу злачынства.

Разглядаючы змест кнігі Вацлава Ластоўскага «Кароткая гісторыя Беларусі», трэба адзначыць, што падыходзіць да яе з меркамі і патрабаваннямі сённяшняга дня нельга. Пішучы гэтую кнігу, аўтар не ведаў і не мог ведаць, на якія рубяжы выйдзе сучасная гістарычная навука, што ў ёй будзе добрага, а што дрэннага. Трэба разглядаць змест ягонай «Кароткай гісторыі Беларусі» такім, якім ён быў апублікаваны ў свой час 27-гадовым аўтарам.

Адзначым толькі, што Вацлаў Ластоўскі спецыяльных гістарычных даследаванняў не праводзіў. Кніга па-свойму кампілятыўная, заснаваная на тагачасных працах рускіх, польскіх і ўкраінскіх гісторыкаў, пра што, дарэчы, кажа ў прадмове сам аўтар. Асобныя кнігі і гістарычныя крыніцы, якімі карыстаўся Вацлаў Ластоўскі, згаданы ў невялікім спісе матэрыялаў (18 прац) і допісах да малюнкаў. Характэрна, што ён меў цесныя сувязі з беларускімі этнографамі, фалькларыстамі і пісьменнікамі. Адным словам, Вацлаў Ластоўскі, як ужо адзначалася, быў першым беларускім гісторыкам, пішучым пра Беларусь і для беларусаў. Так што гэтая дэфініцыя з’яўляецца пахвалой яму, а не дакорам.

Новым у працы Вацлава Ластоўскага было тое, што ён паказаў народ не толькі як аб’ект гісторыі, залежны ад волі суседзяў, але і як суб’ект — творцу свайго лёсу.

Аўтар заўважыў, што тысячагадовая нацыянальная спадчына беларусаў хаваецца за нерасшыфраванымі тады яшчэ тэрмінамі «рускі» і «літоўскі», што ўводзіла ў зман людзей недасведчаных, а часам і гісторыкаў. Гэтая тэрміналагічная заблытанасць часта выкарыстоўвалася свядома, у тым ліку і ў беларускай гістарыяграфіі, пачынаючы з канца 30-х гг., каб прынізіць нацыянальную гісторыю.

«Кароткая гісторыя Беларусі» падзяляецца на пяць частак:

— ад першых часоў да ўцёку полацкіх князёў у Літву (1129 г.);

— ад звароту іх (1132 г.) да смерці Вітаўта (1430 г.);

— ад смерці Вітаўта да Люблінскай уніі (1569 г.);

— ад Люблінскай уніі да падзелаў Рэчы Паспалітай;

— Беларусь пад Расіяй.

Такая перыядызацыя базіруецца на агульнадзяржаўным падыходзе да гісторыі, які быў пашыраны ў другой палавіне XIX — пачатку XX стст., сярод рускіх гісторыкаў. Што і казаць, такая канцэпцыя захавалася нават і цяпер.

Кніга Вацлава Ластоўскага разлічана перш за ўсё на азнаямленне беларусаў, і асабліва маладых людзей, з багатай гісторыяй іх роднага краю.

У ёй няма, ды й не магло быць, шырокага і сістэматычнага паказу падзей і іх ацэнкі. Менавіта таму мінулае Беларусі паказана галоўным чынам як гісторыя княжанняў, войнаў і палітычных падзей, з дадаткам звестак па гісторыі культуры.

Першая частка кнігі (да 30-х гг. XII ст.) пачынаецца з апісання славянскіх плямёнаў крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў, якія зліліся ў адзін беларускі народ. Дарэчы, сучасны беларускі археолаг Г. В. Штыхаў і іншыя таксама адносяць утварэнне беларускай народнасці да больш ранняга перыяду. Праўда, адзін раз аўтар нагадвае сярод гэтых плямён і ятвягаў, але гісторыкі лічаць іх плямёнамі не славянскага, а балцкага паходжання.

Шмат увагі Вацлаў Ластоўскі ўдзяляе гісторыі старадаўняга княства на Беларусі — Полацкага. Трохі блытаецца ў генеалогіі старажытнарускіх князёў, гаворачы, што тураўскія, пінскія і гарадзецкія ніякага сваяцтва з кіеўскім князем Уладзімірам (Краснае Сонейка) не мелі, таксама як і полацкія Ізяславічы, быццам бы былі чужымі для кіеўскіх Яраславічаў. На справе Ізяслаў, полацкі князь, і Яраслаў Мудры, кіеўскі князь, з’яўляліся сынамі Уладзіміра Святаслававіча (Краснае Сонейка) і Рагнеды. Так што яны былі бліжэйшымі сваякамі кіеўскіх.

Гісторык бадай упершыню расказаў пра полацкіх князёў і іх палітыку.

Пачэснае месца тут адведзена Усяславу Чарадзею. Аўтар кнігі знаёміць сваіх чытачоў з гэтым князем, а таксама са «Словам аб паходзе Ігаравым», дзе так рамантычна гаворыцца пра полацкага Усяслава. Звяртаецца ўвага на тое, што на захадзе беларусы жылі ўперамешку з літоўцамі (ліцвінамі), на тэрыторыі сучаснай аўтару Віленскай губерні.

У другой частцы кнігі расказваецца пра гісторыю Полацкага княства, адзначаецца палітычнае жыццё гэтай феадальнай дзяржавы са сталіцаю ў Навагародку (Навагрудку). Яе аўтар называе Літоўска-Рускім (або ўжо, як ён лічыць, Літоўска-Крывічанскім) княствам. Памыляецца гісторык, калі лічыць, што літоўскія князі, у тым ліку Міндоўг, належалі да роду полацкіх Рурыкавічаў, бо тым самым падтрымлівае легенду, якая з XVIII ст. пашыралася сярод многіх рускіх гісторыкаў. Пра гэта, дарэчы, пісала ў адной з сваіх кампілятыўных прац Кацярына II, каб апраўдаць прэтэнзіі рускага царызму на літоўскую тэрыторыю.

Далейшыя палітычныя падзеі ў Вялікім княстве Літоўскім і Рускім, як яно афіцыйна называлася ў ХІІІ-ХV стст. (толькі ў 1454 г. было дададзена — і Жамойцкім), апісваюцца паводле агульнай тагачаснай гістарыяграфіі. Аднак факты аналізуюцца з пункту гледжання гісторыі Беларусі. Згадваецца, што вялікі князь літоўскі Ягайла ў маленстве быў ахрышчаны ў царкве пад імем Якаў.

У допісе да партрэта Уладзіслава (Якава) Ягайлы Вацлаў Ластоўскі заўважыў, што Ягайла, ужо калі быў каралём Польшчы, зусім не ўмеў гаварыць па-польску, размаўляў толькі па-беларуску. Сапраўды, нават яшчэ польскія гісторыкі XVIII ст. пісалі, маўляў, Ягайла гаварыў на беларускай мове, як і яго сын Казімір Ягелончык. Добра ведалі родную мову і сыны Казіміра. Па-беларуску гаварылі да XVI ст. і іншыя князі з роду Гедыміна, не толькі беларускія, але і літоўскія і жамойцкія, а таксама баяры — Радзівілы, Гаштольды, Гедройцы, Монвіды, Кезгайлы і г. д. Аднак з пачатку XVI ст. у асяроддзе арыстакратыі Беларуска-Літоўскай дзяржавы паступова ўваходзіць польская мова, а ў XVII ст. яна распаўсюджваецца на больш шырокія колы беларускай і літоўскай шляхты. Дробная, бедная шляхта так і засталася беларускамоўнай аж да самага XX ст., як засведчыў гэта Янка Купала ў сваёй «Паўлінцы».

Значнае месца адводзіцца гістарычным падзеям у трэцяй частцы кнігі (ХV-ХVІ стст.). Фактычна гэта апавяданне пра перыяды княжання вялікіх князёў літоўскіх і рускіх з дынастыі Ягелонаў, нашчадкаў Ягайлы, якія (за невялікім выключэннем) былі адначасова і польскімі каралямі. Увесь раздзел — гэта гісторыя войн Беларуска-Літоўскай дзяржавы, галоўным чынам з Маскоўскай дзяржавай, якая набывала з цягам часу ўсё болыпую моц. Упершыню ў гістарычнай літаратуры даволі поўна паказаны войны паміж Маскоўскім вялікім княствам і Вялікім княствам Літоўскім і Рускім за Беларусь. Нагадваюцца бітвы гэтых войн, называюцца палкаводцы. Тут жа расказваецца пра рэлігійныя адносіны на Беларусі, рознагалоссі паміж праваслаўнымі і католікамі.

Значнае месца адведзена Люблінскай уніі 1569 г., якую Вацлаў Ластоўскі ў духу рускіх дваранскіх і буржуазных гісторыкаў XIX — пачатку XX стст. лічыць капітуляцыяй Літоўска-Беларускай дзяржавы перад Польшчай, не зважаючы на палажэнні ўсіх трох Статутаў Вялікага княства Літоўскага 1529, 1566 і асабліва 1588 г., які быў зацверджаны ўжо пасля Люблінскай уніі. Паводле гэтых палажэнняў польская шляхта і нават кароль не мелі права купляць, атрымоўваць у падарунак (або якім-небудзь іншым чынам) землі, пасады, маёнткі на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага і Рускага. Таму на Беларусь і Літву прытока перасяленцаў з польскай шляхты ў XVI—XVIII стст. не было.

Асобна трэба адзначыць, што Вацлаў Ластоўскі ўпершыню ў гістарычнай літаратуры прывёў правільную паслядоўнасць (нумерацыю) вялікіх князёў літоўскіх — Жыгімонта I (Кейстутавіча) (з 1432 да 1440 гг.), Жыгімонта II (Старога) (з 1506 да 1548 гг.), Жыгімонта III (Аўгуста) (з 1548 да 1572 гг.) і Жыгімонта IV (Вазы) (з 1587 да 1632 гг.).

Чаму гэта важна? Таму што ў польскай (а ўслед за ёй) і рускай гістарычнай літаратуры XIX і XX ст. перыядызацыя іх значыцца як польскіх каралёў, за выключэннем Жыгімонта Кейстутавіча (толькі ён быў вялікім князем літоўскім і рускім), г. зн. Жыгімонт I, II, III. На жаль, такое тлумачэнне даецца і ў савецкай гістарычнай літаратуры. Вацлаў Ластоўскі падкрэслівае самастойнасць і асобнасць Беларуска-Літоўскай дзяржавы ў той перыяд. Пакуль што толькі асобныя беларускія гісторыкі прытрымліваюцца такой думкі (А. Грыцкевіч, А. Сідарэвіч).

Амаль палову кнігі па зместу займае чацвёртая частка, якая ўключае гісторыю Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай (ад 1569 г. да канца XVIII ст.). Сапраўды, гэта важны перыяд. Тут зноў-такі шмат палітычных падзей, удзяляецца ўвага рэлігійнай гісторыі і культуры Беларусі ХVІ-ХVІІІ стст. Вацлаў Ластоўскі знаёміць нас з дзейнасцю Францыска Скарыны, палемічным дакументам-прамовай смаленскага каштэляна Мялешкі ў сойме 1589 г., характэрным для таго часу пратэстам беларускай шляхты супраць польскай гегемоніі.

Вайна за Лівонію (1558—1582 гг.) паміж Вялікім. княствам Літоўскім і Рускай дзяржавай падаецца ў кнізе некалькі разоў. Каротка сказана пра ваенныя падзеі 60-х гг. на тэрыторыі Беларусі і захоп войскам цара Івана IV (Жахлівага) Полацка ў 1563 г., упамінаецца аб падпісанні мірнага дагавору ў 1569 г. На справе Лівонская вайна не спынілася, проста Іван Жахлівы вымушаны быў пайсці на перамір’е. Далей Вацлаў Ластоўскі гаворыць пра вынікі ваенных дзеянняў і панаванне Івана IV на Полацкай зямлі: на 50 вёрст вакол Полацка край выглядаў, як лясная пустыня. Гэта адпавядае тым фактам, якія прыводзілі рускія гісторыкі М. М. Карамзін і С. М. Салаўёў.

Шмат увагі аўтар кнігі ўдзяляе барацьбе казакоў, беларускіх сялян і мяшчан супраць мясцовай шляхты і магнатаў. Уважліва разглядаюцца ваенныя падзеі 1654—1667 гг. паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай (якія, дарэчы, у гістарычнай літаратуры, нават і сучаснай, няправільна называюцца руска-польскай вайной. На справе ваявала перш за ўсё літоўскае войска). Вельмі цікава апісана спроба Януша Радзівіла (кальвініста, а не католіка) аддзяліць у 1655 г. Вялікае княства Літоўскае ад Польшчы, скасаваць Люблінскую унію і ўтварыць федэрацыю Літоўска-Беларускай дзяржавы са шведскім каралеўствам. Аднак гэтая спроба не ўдалася.

Гісторык не абышоў увагай і народны рух на Беларусі падчас паўстання Багдана Хмяльніцкага на Украіне з пункту гледжання сялян і гараджан свайго краю. Трапна апісаны ваенныя дзеянні войск цара Аляксея Міхайлавіча на тэрыторыі Беларусі. Каменціруючы ўзяцце Смаленска, ён прыводзіць ліст да смаленскага ваяводы Абуховіча, які здаў горад цару (XVII ст.), паказвае супярэчнасці паміж царскай адміністрацыяй і мясцовым насельніцтвам, у тым ліку і рэлігійныя.

Аднак там, дзе гаворка ідзе пра палітычныя падзеі, Вацлаў Ластоўскі крыху памыляецца, бо цар Аляксей Міхайлавіч заключыў у 1656 г. мір не з Польшчай, а з Рэччу Паспалітай, тым больш, што гэта было толькі часовае спыненне ваенных дзеянняў на тэрыторыі Беларусі і Літвы, яно было патрэбна рускаму цару для пераносу вайны ў Прыбалтыку, каб заваяваць яе.

Праводзіцца думка, што беларусы, як і ўкраінскія казакі, спачатку добраахвотна «хінуліся да Масквы, цяпер, падобна ўкраінскім казакам, стараліся выбіцца з-пад яе ўлады. Нават абаронцы праваслаўя хутка астылі…»

Гаворачы пра Слуцкую шляхецкую канфедэрацыю, аўтар кнігі адзначае, што гэта быў саюз дысідэнцкай (г. зн. некаталіцкай) шляхты — кальвіністаў і лютэран, да якіх далучылася і праваслаўная шляхта. Кацярына II рабіла ўсё магчымае для таго, «каб у Польшчы была завіруха». Аднак палітыка суседніх дзяржаў — Расіі, Прусіі і Аўстрыі, якія на працягу XVIII ст. пастаянна ўмешваліся ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай, у кнізе не паказана.

Апошняя пятая частка кнігі «Беларусь пад Расеяй» невялікая. У ёй канспектыўна, дарэчы павярхоўна, пераказваецца гісторыя Беларусі ў XIX і на пачатку XX ст., да 1905 г. Але і тут Вацлаў Ластоўскі засяродзіўся на палітыцы русіфікацыі, якую праводзіў царскі ўрад у Беларусі. Маецца на ўвазе перавод уніятаў у праваслаўе і скасаванне асобных юрыдычных нормаў і правоў краю. Русіфікацыя, якую актыўна праводзілі на Беларусі царскія чыноўнікі, патрэбна была ўраду не для нацыянальнай еднасці, яна прадстаўляла сабой «казённы намер да аднаформеннасці, які не можа дапусціць, каб побач жыло нешта… самабытнае». Дарэчы, гэта адносіцца і да палітыкі цэнтра па русіфікацыі Беларусі і ў XX ст.

Амаль нічога не сказаў Вацлаў Ластоўскі пра паўстанне 1863 г. Ён нават не ўспомніў Вікенція Канстанціна Каліноўскага. Хутчэй за ўсё ў той час, калі Вацлаў Ластоўскі пісаў сваю гісторыю, не хапала канкрэтных дакументаў, гістарычнай літаратуры, прысвечанай гэтай вялікай падзеі. Цяжка сказаць, чаму такое важнае пытанне аўтар фактычна абышоў.

У кнізе ёсць фатаграфіі выдатных дзеячаў беларускага адраджэння:

В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Янкі Лучыны. У гэтай адносна невялікай кнізе змешчана 40 ілюстрацый, партрэтаў і фатаграфій.

Сярод малюнкаў ёсць узоры старабеларускага пісьменства, якія аўтар прывёў у кнізе спецыяльна, каб пазнаёміць з імі чытачоў. Прыведзены партрэты гістарычных асоб, узятыя з выданняў або з карцінных галерэй. У кнізе змешчаны і два партрэты царкоўных дзеячаў — праваслаўнага кіеўскага мітрапаліта Іосіфа Солтана (памёр у 1522 г.), полацкага праваслаўкага архіепіскапа Мялеція Сматрыцкага (1572—1630 гг.). Солтан быў галавой праваслаўнай царквы ў Вялікім княстве Літоўскім з рэзідэнцыямі ў Вільні і Навагрудку (кіеўскі мітрапаліт — гэта тытул). Адзенне абодвух іерархаў праваслаўнай царквы аздоблена бела-чырвона-белымі стужкамі. Гэтыя колеры на царкоўным адзенні праваслаўных і уніяцкіх мітрапалітаў, архіепіскапаў і епіскапаў азначаюць іх паслацніцтва, увасабляёмае ў сімволіцы крыві Ісуса Хрыста на чыстай душы чалавека. Бела-чырвона-белыя стужкі носяць і цяпер іерархі праваслаўнай царквы. Гэтыя колеры ёсць і на партрэтах царкоўных іерархаў у мастацкім музеі ў Вільнюсе. Яны супадаюць з гістарычнымі колерамі беларускага нацыянальнага адзення, а таксама з колерамі баявых сцягоў беларуска-літоўскага войска ў XVI—XVIII стст., і Беларускага гусарскага палка ў рускай арміі ў канцы XVIII — пачаткў XIX ст., і з дзяржаўным беларускім сцягам.

Як ужо гаварылася, «Кароткая гісторыя Беларусі» на працягу дзесяцігоддзяў была схавана ад чытачоў і ніякіх згадак пра яе не было. Што не кажыце, але яна ўзрушыла беларусаў своеасаблівым пратэстам супраць палітыкі царызму ў нацыянальным пытанні, і перш за ўсё царскай палітыкі ў Беларусі, сваім выступленнем супраць нацыянальнага нігілізму. Яна натхняла дэмакратычныя нацыянальнавызваленчыя сілы, паказваючы багатае гістарычнае мінулае беларускага народа, якому ёсць чым ганарыцца.

Прайшло больш чым восемдзесят гадоў з таго часу, калі была апублікавана кніга Вацлава Юсцінавіча Ластоўскага. З’явіліся новыя канцэпцыі і цікавыя факты, але «Кароткая гісторыя Беларусі» не страціла сваіх каштоўнасцей, зачароўвае чытача і сёння.

Кніга перавыдаецца згодна арыгіналу.

А. Грыцкевіч

доктар гістарычных навук, прафесар