Канстытуцыя

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Канстытуцыя
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1908
Крыніца: http://yakubkolas.ru/kanstytutsyya


Канстытуцыю далі,
Адчынілі дзверы,
І… ў астрог нас павялі,
І таўкуць без меры.

Вітэ нам дакляраваў —
Помніце? — свабоду.
Потым фігу паказаў
«Вернаму» народу.

Зашумелі аб зямлі
Ў Думе дэпутаты,
Ды па карку ім далі —
І пайшлі дахаты.

Архірэй наш Міхаіл
Тураўскі і Мінскі
Чорнай сотні толькі міл,
Бо робіць па-свінскі.

Ганчакамі па Русі
Прыставы лятаюць,
Нас цкуюць: «Кусі, кусі!» —
Як зайцоў, страляюць.

Развялося стражнікоў,
Як якой жывёлы,
Ад іх плешак і шнуроў
Чырванеюць сёлы.

Колькі ўсякіх строгіх мер —
Канца няма, краю!
Канстытуцыю цяпер,
Як пяць пальцаў, знаем.

(1908)