Перайсці да зместу

Калосьсе (1935)/1936/4/З жыцьця і дзейнасьці Казімера Сваяка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
З жыцьця і дзейнасьці Казімера Сваяка (1936, Калосьсе)
Публіцыстыка
Аўтар: Адам Станкевіч
1936 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: З жыцьця і дзейнасьці Казімера Сваяка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ад. СТАНКЕВІЧ

З жыцьця і дзейнасьці
Казімера Сваяка

(у дзесятыя ўгодкі яго сьмерці)

1926 — 1936

Казімер Сваяк — беларускі паэт і дзеяч займае ў беларускім адраджэнскім жыцьці сусім арыгінальнае, асобнае месца. Ужо толькі дзеля гэтага варта беларускаму грамадзянству і народу бліжэй з ім знацца. Да таго-ж сёлета 6. V. мінула роўна 10 гадоў ад яго сьмерці, а ў архіве знаходзяцца дагэтуль нявыкарыстаныя аб ім весткі, асабліва ў яго „Хроніцы Хаўрусу“. Вось-жа гэтыя жалобныя ўгодкі няхай паслужаць нам нагодай бліжэй пазнаёміцца з жыцьцём і дзейнасьцяй Казімера Сваяка.

Казімер Сваяк — гэта літаратурная мянюшка. Праўдзівае яго прозьвішча Кастусь Стэповіч. Радзіўся ён 19. II. 1890 году ў вёсцы Барані, Сьвянцянскага пав. Сын сялян паўвалочнікаў. Да 1900 году жыў пры бацькох, памагаючы ім у гаспадарцы, як пастушок. Некаторы час бацькі яго жылі ў вадным засьценку, як арэндатары. Як Барані, так і той засьценак, знаходзіліся ў глухім лесе. Лес, сваей красой і таёмнасьцяй, і так ад прыроды уражлівую душу будучага паэта, настрайваў і вырабляў на мастацкі, філёзофічны і містычны лад. Да далейшага развою душы яго ў гэтым-жа кірунку спрыяла яго бабка і стары пастух Марцін, якія расказвалі яму беларускія казкі і пяялі такія-ж песьні. У гэтым часе Казімер Сваяк скончыў расейскую пачаткавую школу.

Час свайго раньняга дзяцінства ўспамінае Сваяк пасьля з тугой і расчуленьнем:

„Далёка ты, родная старонка, ад мяне…
На крыльлях хмарных ляціць мысьль мая туды, дзе я ўбачыў сьвет, дзе айцец мой дарагі, дзе маці мілая, дзе сястрыца родная. Родзяцца во думкі: то сьветлыя, як вясеннае сонца над роднаю вёскай, то сумныя, як тая ночка цёмная, сьлязьлівая, восенная…
Прад вачамі стаіць уся прошласьць, што мінула як блыскі сьвятла, на векі згаснутага… Ня вернецца ніколі… Што-дзень, што-момант далучаецца да яе новая хваля і… прападае вечна. Ах, шчасьлівы той, што збудаваў сабе стройную, горную мінуўшчыну… Чаму я неспакойны, чаму бязвольны?!..
Дарагі! Сабяры сілы духа… Стаў прад сабой усё, што прайшло… Будуй новае, што-раз высшае жыцьцё!..


∗     ∗

Шуміць цёмны лес навокал Гаруноў, малой вёскі беларускае. Кругом ні жывой душы. Зрэдка толькі адзавецца зьвяга сабак вясковых, што чуюць ваўкоў. Людцы сьпяць адны, другія кончаць вячэру. У хаце апошняй, пры самым лесе, мігціць праз акно агоньчык.
Дзеткі акружылі навокал бабулю і слухаюць пільна казкі. Усе ўжо расходзяцца спаць. Ім толькі не да сну, бо якраз байка ідзець аб самым цікаўным: „Крыся абярнулася ў вадзянку і жывець у азярку. Што-дзень чуе яна голас жалосны з берагу — Крыся, Крыся, маладзян плачыць… Што-дзень адзываецца яна з жвіраватага дна. — Іду — бягу, раса вочкі залівае, жвірок ножкі падбівае“…
Слухалі дзеткі казкі-песьні. Аж заміралі з ахвоты даведацца, чым гэта кончылася, аж блішчэлі іх вочы. І ў ночы пасьля пяялі яны ціхутка праз сон: „Крыся — Крыся! — Іду — бягу“… Шчасьлівае дзяцінства! Якжа яно жыва запісалася ў маей памяці! Няма ужо тэй бабулі. Зьмяніла яе новае пакаленьне. Забыліся аб ёй чуць ня ўсе. Ах, вечны табе спакой, родная! Прыдзі хоць у сьне йшчэ да мяне…

*

Помню ноч. Сям’я наша тады была падзелена. Часьць жыла ў Гарунох, а часьць у глухім засьценку Загінца. У засьценку жыла старушка, брат і я. Брат пасьвіў. Прыгналі раз дамоў. Прышла жывёла — брата ня было: прапаў недзе. Бабуля ня спала і плакала поўна неспакою. Лес быў кругом вялікі, з балотамі, гушчарамі, хмызьнякамі. Вадзілася многа ваўкоў. Што-ноч чуваць было іх завываньне; навадзіла яно і адважнаму дрыжачку на плечы… Цёмна. Поўнач. Алеся няма…

„Найсьвятша Матка да касьцёла хадзіла,
Сваё дзіцятка за ручку вадзіла“ —

мовіла бабуля свае пацеры голасам плачлівым і безнадзейным. Мне было страшна. Утуліўся глыбока, закрыў вочы і вушы і… заснуў здаровым дзіцячым сном. Назаўтра з зарой брат вярнуўся. Начаваў пры агні ў лесе, не баючыся ні ваўкоў, ні благіх людзей…
Незваротны час! Якжа я тады блізкі быў прыроды, як зжыўся з шаптуном-борам, з зялёным гаем, кветным лугам! Быць любіў і пад навальніцай — громам і пад гарачым сонцам і на балючым марозе. Якое здароўе біла з майго твару!.. А цяпер!..

*

Цэлую ноч гудзела мяцеліца, гонячы сыпкі сьнег і насыпаючы гурбы. Цяжка дзеткам ісьці ў школку, завеена дарога няблізкая, а і мароз шчыпае вушы. Але мы ў поце, з румянымі тварамі бяжом праз насыпы, лезем праз гурбы — сьмешна неяк і лёгка. Радосная пара! Як доўга помніцца верш, навучаны на памяць! Як доўга стаіць у вачах вучыцель суровы, што мерыў злосна ўдары лінейкай „бяздай прычыны!“ У імгле мінуўшчыны ён здаецца лепшым і болей людзкім. Мімавольна забываесься, што ён быў п’яніца горкі і маскаль наравісты… А які вясёлы быў паварот з школы! Далёка сьлізгаліся па гладзенькім лядку; прыжмурыўшы адно вочка, паказвалі язык дзяўчынкам, чапалі шалуцькавата кожнага сустрэчнага, празывалі і сьмяяліся з боўдзелаў і злых сяброў. Дзе-ж было дзець тую жывасць і энэргію дзіцячую, што як ручай рвалася разьліцца? Напрасна хацелі судзяржаць нас старшыя, называючы „распусьнікамі“… Мы сваё права мелі…“[1]

У 1900 годзе Казімер Сваяк паступіў у гарадзкую школу ў Сьвянцянах, якую скончыў у 1905 г. І гэты час успамінае ён у тэй-жа сваей „Дзеі“:

„Гразка было ехаць да павятовага места, дзе меў я зачаць свае навукі па скончанай людовай школцы. Конь ледзь цягнуў воз, у каторым сядзеў пахмурны бацька і я маўклівы, задуманы. „От, дарога цяжкая, адазваўся ўрэшце бацька — глядзі, каб не пашлі намарна гэты труды і захады“. Я маўчаў. Баязьлівы мой характэр быў прычынай цяжкіх мысьляў, поўных неспакою і прачуцьця нявыясьненага…
Эх ты сьветазарная дарога навукі! Сьвеціш ты маладой душы, як ясны месяц сярод майскай ночкі. А ўвойдзеш у тваю краіну, адкрываюцца штораз новыя сьветы, новыя зоры, неразгаданыя, недаступныя! Вось-вось ухваціш адзін праменчык, нацешысься ім, раз’ясьніш цемру быту, аж зьяўляецца другі, трэці… і сілы ападаюць, аж маркоціцца твая істота і малее, разумеючы, што кароткае жыцьцё Бог даў для пазнаньня, або што пэўна ня тут нам угадаць усе тайніцы быту, — трэба адмены цэлай істоты“[2].

1905 год — гэта год першай расейскай рэвалюцыі. Чуткая душа Сваяка ўжо шмат што бачыла недарэчным у грамадзка-палітычным жыцьці Беларусі пад панаваньнем расейскай імпэрыі, а гэта рэвалюцыя яшчэ больш адкрыла яму вочы. Рваўся ў сьвет, да навукі.

„Ідэалам маіх добрых бацькоў — кажа Сваяк — было відзець мяне ў духоўным стане. І я пайшоў па лініі жыцьця, якая мне здавалася найпрасьцейшай і якая была здаўна ў матчыных снох“[3].

У 1906 і 7 г. Сваяк прыбывае ў Вільню і рыхтуецца ў Духоўную Сэмінарыю.

„Помню дзіўны мамэнт. Я прыехаў у Вільню з дарагім сваім айцом. Зайшліся ў катэдру, бацька дзеля Бога, а я сам ня ведаю дзеля чаго: маліцца я ня мог…
Бацька апусьціўся на каленкі і пачаў свае малітвы. Сэрца маё забіла трывогай. Прад вачамі стаяла будучыня неразгаданая, тайнічная. Здалося мне, што лёс мой нятолькі ад мяне залежны. Агляд Прадвечны Бога мусіць быць над кожным. Чаго Ён ад мяне жадае?.. Ці Ягоная помач мне не патрэбна?.. Я хацеў высокага зразуменьня і вялікіх учынкаў. Мысьль мая аднак спакарнела, відзячы сваю слабасьць і зьменнасьць… Я маліўся".[4].

Тут першы раз пазнаецца ён з беларускім адраджэнскім рухам, спаткаўшыся з „Нашай Нівай“.
Урэшце ў восені 1908 г. і ў наступных спатыкаем Сваяка ў Духоўнай Сэмінарыі ў Вільні. Вось што ён аб гэтым піша:

„Праз тры гады сэмінарскіх студыяў я працаваў ня помнячы аб Божым сьвеце, аж на чацьвертым цяжкі сэмінарскі сыстэм зламіў мяне: я мусіў выехаць у горы, каб ратаваць сваё здароўе. У гэтым часе аддаў я ў рэдакцыю „Беларуса“ першыя свае творы „Прад Богам“ („Беларус“ № 28, 1913 г.) і пачаў адтуль працу ў розьвітку беларускай народнай ідэолёгіі. — Прабыў зіму 1912 і 1913 г. у Закапаным і з гэтай прычыны толькі вясной 1915 г. высьвяціўся на ксяндза ў Петраградзе“[5].

Ідэолёгічныя Сваяка заінтэрэсаваньні ў гэтым часе відзім з наступнага яго ліста да брата з 1. IV:

„Рух палітычны ці наагул грамадзкі мае падклад этычны, дык у такіх перасіленьнях, якія мы перажываем, ці-ж можа быць душа чалавека спакойнай? Адраджэньне мовы нашае і то мае сувязь з справамі этыкі, бо ці-ж падклад яго ня вяжыцца з пытаньнем: „можна, нельга?“ Соцыялізм ня можа ня ўмешывацца ў справы натуры рэлігійнай, бо этыка і рэлігія — дзьве сёстры неразлучныя і абедзьве ў натуры чалавека. Мы павінны дайсьці да выснаву, што калі адкінем хрысьціянства з руху нашага народнага, то ён, гэты рух, расплывецца ў золкай міжнароднасьці і этычнай развязласьці. „Не пакідайма мовы роднай, каб ня ўмерлі“. Не пакідайма рэлігіі глыбокай нашай, каб не загавець душой…[6].

Беларуская сьведамасьць і беларуская ідэолёгія ў Сваяка разьвіваецца далей. У 1913 г., вярнуўшыся з Закапанага гэтак ён піша:

„Жнівень 1913. Ад даўнага часу чую да цябе, маці Беларусь, асаблівую прывязнасьць — і болей чым прывязнасьць: надта гэта адчуцьцё глыбока зарылася ў сэрцы — пэўна гэта міласьць, каханьне з сэрца. Люблю я цябе і сільна люблю. Аб’ехаў я нямала ўжо сьвету, шукаючы красы і праўды, а найбольш бачу тэй і другой у сваім родным краі, у сваей мілай зямельцы. Стройны горы і даліны ў Татрах, прыемны малюнкі ў зямлі Кракаўскай, а ўсё-ж цуднейшы наш бор вяльможны, пякнейшыя роўні і гаі нашы: страйнейшыя, бо гавораць проста да душы тваей, а мова іх пранікае цябе цэлага, лечыць раны сэрца твайго. О, хараство тут неапісанае, бо роднае, простае — як душа русьняка. Ты, браце, беларусе, выдаешся мне лепшым ад другіх народаў. Ты пакрыўджаны і нешчасьлівы, пакінены праз многа сваіх родных сыноў і дочкаў, аддадзены на зьдзек чужынцаў — і то здаўна — ты бедны, гаротны. І тут пэўна ляжыць прычына, чаму ты так блізкі сэрцу і душы маей. Цябе не сказіў фалш, не ляжыць на тваіх плячах крыўда чужая: свая толькі ўрэзалася крывава на іх і хіліць цябе да зямлі. Праўда і шчырасьць жыве йшчэ ў душы тваей — недарма-ж называюць цябе „простым“, даючы спазнаць, што другія народы здаўна ўжо скрывіліся. Пазнай толькі добра, хто ты, гарніся да прасьветы, а станеш сільным: а гэта сіла дасьць волю духу твайму, так цяжка загнанаму і пакрыўджанаму…
Не хачу я пакінуць цябе, маці Беларусь, хоць тутка мус скажа ізноў разьвітацца з табой. Хачу служыць табе, хачу аддаць сябе для дабра душы тваей. А яна — душа твая — чакае афяраў. Патрэбны афяры, калі мае прыйсьці выбаўленьне. Я не пайду шырокім разгонам людзкога рахунку. Я хачу толькі служыць тваім патрэбам, беларусе. А яны аграмадны. Сапраўды сказаць трэба: „Жніво вялізнае, а працаўнікоў мала“. Божа, дай мне зразумець і ўпэўніцца, якой жадаеш ад мяне службы? Аддаючыся найбліжэйшым братом маім, я хачу споўніць Волю Тваю, шукаць праўды і нясьці знайдзеную другім.
13 жніўня. Сягоньня слухаючы звон наш цудны касьцельны, раблю пробу аддаць уражаньне вершам. Папольску пішуць усе. Беларус — сірата: сьмяюцца з яго мовы. Я люблю бедных, апушчаных… Буду пісаць пабеларуску. Мова беларуская ёсьць гладкай і згучнай: можа служыць і да паэзіі (але сам сябе я да паэтаў залічыць ня важуся). Пастараюся выгладзіць стыль свой беларускі. Згодзіцца ў будучыне“[7].

А вось урэшце надыйшла і сусьветная вайна, якая ў 1915 годзе нахлынуўшы на Беларусь падзяліла яе на дзьве часьці: адну часьць (заходнюю) занялі немцы, а другая (ўсходняя) падаўнейшаму асталася пад Расеяй. Галоўным асяродкам беларускага адраджэньня, як ведама, была тады Вільня. Вось-жа нямецкая окупацыя Вільні і значнай часьці нашага Краю працу гэту, рэч зразумелая, спыніла. Газэты „Наша Ніва“ і „Беларус“ выходзіць перасталі, выдавецтва спынілася, беларуская інтэлігенцыя разьехалася. Але так дрэнна было толькі ўпачатку. Хутка ўзноў пачалі тварыцца беларускія асяродкі і ў меру магчымасьці як у Вільні, так і на правінцыі, пачалася сякая-такая беларуская праца.

Вось-жа з такіх працаўнікоў на беларускім сяле першае і бадай адзінае мейсца займае наш паэт і народны ідэолёг Каз. Сваяк. Вайна ў 1914 г. застае яго ў Клюшчанах, Сьвянцянскага павету, у роднай ягонай парафіі, дзе ён з прычыны хваробы чакае на сьвяшчэнства. Ужо ў гэтым годзе (29-XI) ён арганізуе касьцельны хор, які пяе так-жа і песьні беларускія.

У 1915 г. Каз. Сваяк як вікары прабывае месяц у Камаях, а пасьля ў роднай парафіі і далей працуе для беларускай справы. Хор яго, склад якога даходзіў да 40 асоб, разьвіваецца і апрача беларускіх песьняў ладзіць так-жа і беларускія лекцыі. Так напр. гэты хор, сьвяткуючы свае першыя ўгодкі 2-XII-15 ладзіць ужо лекцыю „аб беларускай песьні“, напісаную самым Сваяком, а прачытаную адным з сябраў хору.

У гэтым жа 1915 г. Каз. Сваяк, праводзячы беларускую народную працу, прабуе мову беларускую заводзіць і ў казаньнях у касьцеле, як гэта было 21-XI.

У 1916 г. беларуская праца ў Клюшчанах пад кіраўніцтвам Сваяка яшчэ больш паглыбілася. Дайшло і да беларускіх школаў. Калядамі 1915 г. былі арганізаваны пад кіраўніцтвам Сваяка беларускія вучыцельскія курсы, а ў 1916 г. было заложана сем беларускіх школаў, у якіх малодшыя дзеці вучыліся пабеларуску, а старшыя побач з мовай беларускай вучыліся і мовы польскай. Школы гэтыя былі пасьля польскімі ўладамі закрыты.

Беларуская праца Каз. Сваяка набірае штораз больш размаху і разгалосу і штораз больш страша польскіх паноў, якія шлюць ужо на яго скаргі ў Вільню да каталіцкай духоўнай улады за тое, што ён „беларусіць“ Клюшчанскую парафію.

У тым-жа 1916 г. Каз. Сваяк заснаваў арганізацыю беларускай моладзі пад назовам „Хаўрус Сваякоў“ (СНЅ), якая фактычна вырасла з успомненага хору.

Працу сваю „Хаўрус“ вёў бойка. Вось што аб гэтым піша Сваяк:

„Гарой, гарой тутэйшая моладзь! зладзілася ідэйная першая забава — прадстаўленьне. Перашкод прыйшлося зламаць дужа-многа. Але ў канцы ўсё ўдалося. На сцэне стала „ Праклённае зельле“[8] — жывы драматычны абразок з нашага вясковага жыцьця. Забава падчас, калі за вёрст сорак грымяць гарматы! Аднак яна была патрэбай. Дух адпачыў і зажыў хоць на крыху новым жыцьцём“…[9].

Да рэчы тут будзе адзначыць, што гэтае прадстаўленьне ў Клюшчанах было першае на беларускіх землях, што цяпер ляжаць на захад ад савецка-польскай граніцы.

Узноў-жа, як бачым з „Хронікі Хаўрусу“, моладзь ладзіла так-жа беларускія лекцыі. Лекцыі такія на тэму аб узгадаваньні характару адбыліся яшчэ ў тым-жа 1916 г.: адна 30-VII, а другая 6-VIII.

У палавіне 1916 г. Каз. Сваяк быў назначаны ў Карыцін (Беласточчына), дзе прабыў да вясны 1918 г. Але ня гледзячы на свой выезд з Клюшчан, зносін з тамтэйшай моладзяй на грунце беларускай ідэі не парваў. З выбітнейшымі сябрамі „Хаўрусу Сваякоў“ ён вёў перапіску, у якой падтрымліваў у моладзі беларускі дух, заахвочваў яе далей вясьці распачатую працу і адначасна даваў рады, як гэту працу далей праводзіць. І праца сапраўды йшла.

Не забываўся аб „Хаўрусе“ Каз. Сваяк у Карыціне і кіраваў ім праз пісьмы, а да таго былі ўжо з „хаўрусьнікаў“ некаторыя адзінкі настолькі ўзгадаваныя і вырабленыя, што і самі патраплялі далей працаваць на беларускай ніве. Адным з такіх вясковых інтэлігентаў-дзеячоў, узгадаваных Сваяком, быў Адольф Клімовіч, цяпер інжынер-аграном, адзін з ідэолёгаў сучаснага беларускага адраджэньня, выдатны ідэйны беларускі народны дзеяч.

„Хаўрус Сваякоў“ трымаўся і працаваў гады тры. Працу сваю праводзіў пераважна пры помачы беларускіх кніжак, якіх было нямала ў хаўруснай бібліотэцы і якія шырока йшлі ў сялянства. Урэшце „Хаўрус“ распаўся з прычын ад яго незалежных. Прадусім ад 1918 г. Каз. Сваяк, моцна надарваўшы ў Карыціне здароўе, ня меў больш сілы хоць духова кіраваць „Хаўрусам“. Урэшце-ж 1919—20 год — гэта час вайны літоўска-польска-бальшавіцкай, час, калі немагчымай была ніякая арганізацыйная, ідэйная праца, а тымбольш праца беларуская.

Як Каз. Сваяк цаніў „Хаўрус Сваякоў“, як на яго глядзеў, сьведчыць наступны яго верш:

Хаўрусу Сваякоў у Клюшчанах.

Гадкі са тры дзяржаўся ты удала.
Старонцы роднай ўсё стараючысь служыць;
Як мо’ і як умеў: ня быстра, ані вяла —
Змагаўся русьняка з прасоньня разбудзіць.

∗     ∗
Так думцы вось тваей хай багаславіць Бог,

Каб буйна узрасла для Бацькаўшчыны роднай;
А помні, брат Сваяк: Наперад бяз трывог
Ідзі ўсё дальш і дальш па пуціне свабоднай.

∗     ∗

А есьлі-ж пуціна калючкамі наб’ецца, —
Ня бойся толькі ты, абы ісьці ледзь мог;
Бо пэўна нас калісь нямала сабярэцца:
Сапхнём тады карчы з усіх сваіх дарог.

Казімер Сваяк
24. ІХ. 1919.

Перабраўшыся ў канцы 1916 г. на вікарага ў Карыцін, Каз. Сваяк прабываў там да пачатку 1918 г., дзе так-жа разьвіў значную беларускую працу. Праца гэта яго ня была там лёгкая: травіў яго за гэта пробаршч (паляк) і пісаў у Вільню даносы, а тымчасам і сухоты няміласэрна грызьлі яго грудзі. Вось-жа Казімер Сваяк у беларускай там сваей працы прымушаны быў агранічыцца да шырэньня сярод беларускага сялянства, што знаходзіцца на рубяжы з польшчынай, беларускай народнай сьведамасьці словам і праз кніжку і пры тым спосабам магчыма тайным, крыючыся ад вока сваіх ворагаў.

Вось што аб гэтым чытаем у тэй-жа Сваяковай „Дзеі“:

… „У парафіі Карыцін большасьць беларусаў гавораць чуць ня ўсе пабеларуску. Гутарка мала розьніцца і ад нашай надвялейскай. Ідэя маладой Беларусі тутака нязнана“[10].
… „Запяяў я „тутэйшым“ колькі шчырых песьняў беларускіх, сказаў пару казкаў, задэклямаваў „Званара“ і даў прачытаць „Пчалінку“… Сяньня пры абедзе мой пробаршч зьнячэўку пытаў: „хто гэта даў да чытаньня беларускую кніжыцу, што чытаюць у мястэчку, сабраўшыся вечарам?“ Адказаў я, што гэта мая работа. — „Няхай ксёндз не заводзіць тутака ніякай новасьці. Прашу ня шырыць ані песьняў, ані казкаў, ані дэклямацыяў беларускіх!“ Пробаршч пасьля выясьніў, што гэтага вымагае касьцельная палітыка з Вільні“[11].

Урэшце ў тэй-жа „Дзеі“ чытаем: …„Нездаволены (пробаршч) найгорш, што зрадзілася тут думка аб Беларусі не бяз майго удзелу“[12].

Уканцы, зламаны фізычна (хваробай) і маральна (прасьледам з боку паляка пробаршча), Каз. Сваяк пакінуў Карыцін і ўдаўся ў Закапанае. У другой палавіне 1919 году варочаючыся з Закапанага спатыкаем Сваяка ў Лапеніцы, Ваўкавыскага пав., дзе быў пробаршчам беларускі адраджэнец і пісьменьнік кс. Я. Гэрмановіч, які так-жа ідэйна працуе на беларускай ніве, гаворачы беларускія казаньні ў касьцеле і арганізуючы беларускія школы. Вось-жа ў гэтай працы кс. Гэрмановічу памагаў і Каз. Сваяк.

Урэшце Каз. Сваяк ад 1920 да 1926 г., ужо за часоў польскіх, гэта знача аж да сваей сьмерці, прабываў на перамену то ў Закапаным, то ў Засьвіры, Сьвянцянскага пав., дзе быў пробаршчам і дзе, ня гледзячы на поўную руіну ягонага здароўя, на ніве беларускай, у галіне ўсьведамленьня народнага, даканаў яшчэ нямала.

За гэта польскія ўлады ня мелі да яго сэрца. Былі рэвізіі, дамашні арышт, а так-жа арышт рукапіснай беларускай літаратуры. Але гэта ўсё яго не застрашыла і ад роднай працы не адцягнула.

Урэшце трэба адцеміць, што Каз. Сваяк, як ведама, праз увесь дасьпелы час свайго жыцьця, апрача працы беларускай грамадзка-народнай, працаваў на ніве беларускай літаратуры, якая сапраўды была галоўным прадметам яго працы і ў якой ён пакінуў цалкам паважныя сьляды.

Пасьмертная літаратурная спадчына Сваяка агулам даволі значная. Многія з твораў ягоных ужо выйшлі друкам і сталіся ўласнасьцяй беларускага грамадзянства і народу агулам, а многія яшчэ ляжаць спакойна ў рукапісах і чакаюць на свайго выдаўца.

Да друкаваных ужо твораў Сваяка належаць: „Мая Ліра“ (зборнік вершаў), „Голас душы“ (малітаўнік для беларусаў каталікоў), „Чарку дай, браце…“ (філёзофічна-этычнае апавяданьне вершам у дусе хрысьціянскім), „Янка Канцавы“ (вясковая драма ў пяцёх дзеях), „Алькаголь“ (нарысы аб шкоднасьці алькаголю), „Купальле“ (фантазія-містэрыя, аснутая на беларускай мітолёгіі), „Дзея маей мысьлі, сэрца і волі“, многа вершаў, твораў поэтыцкіх прозай, афорызмаў, артыкулаў, разважаньняў і г. д. друкаваных у „Беларусе“, „Крыніцы“, у каляндарох і інш.

Да недрукаваных дагэтуль твораў Сваяка належаць наступныя: аб релігійнай уніі на Беларусі (філёзофічныя і гістарычныя нарысы), вершы, філёзофічна-рэлігійныя разважаньні, праекты і спробы вершаў і г. д. Урэшце корэспондэнцыя ў польскай мове з паняй Ядвігай Банцэр на тэмы філёзофічныя і рэлігійныя.

Жадаючых бліжэй пазнацца з характарам літаратурнага творства Сваяка адсылаю да сваей кніжыцы: „Каз. Сваяк“.

Тут-жа, як аб дзейнасьці Каз. Сваяка агулам, так і аб яго паэтычным і літаратурным творстве, прыгледзімся толькі збольшага і агульна.

Форма паэзіі Каз. Сваяка даволі рознародная і багатая. Карыстаецца ён рознымі спосабамі вершаваньня і карыстаецца імі зручна і гібка, хоць вершы яго бываюць часта нявыканчаныя і шурпатыя, што адчасьці тлумачыцца ягонай цяжкай і доўгатрывалай хваробай. Аднак спосабы гэныя, у параўнаньні да сяньняшніх, усё пераважна старыя, клясычныя. І гэта ўсё ў Сваяка цалком ёсьць рэчай зразумелай. Ён не тварыў згодна з прынцыпам „мастацтва для мастацтва“, як гэта часта і пераважна бывае ў перасычаных людзей і грамадзянстваў, а праз мастацкую форму, праз пачуцьцё красы, праводзіу сусім канкрэтныя, філёзофічна-грамадзкія ідэалы.

Шуканьне і апяваньне ў паэзіі сутнасьці жыцьця агулам і сутнасьці беларускага нацыянальнага жыцьця — вось галоўная мэта і галоўныя матывы творства Каз. Сваяка. Усё жыцьцё, што нас акружае і бурліць навокал нас — гэта ў сваяковай паэтыцкай уяве толькі зьверхнія праявы, гэта толькі лупіна, за якою знаходзіцца запраўднае жыцьцё, жыцьцёвая праўда, да якой ён усьцяж імкнецца і аб якой складае свае песьні.

Гэткі прынцыповы склад душы, гэткі аснаўны настрой ліры Сваяка бачым і ў адносінах яго да беларускага народу. Не шліфаваньне беларускай мовы, не вырабляньне яе ў рожнародных формах вершу, не апяваньне красы беларускай прыроды, ня лірычна-асабістыя ўрэшце песьні займаюць творчую душу Каз. Сваяка, а прадусім беларуская нацыянаньная ідэолёгічная праблема. Ня вонкавыя праявы жыцьця беларускага народу займаюць яго, а сутнасьць гэтага жыцьця.

Гэткае сваё заінтэрасаваньне беларускім жыцьцём Казімер Сваяк праявіў у сваім паэтыцкім творстве на трох галоўных адцінках жыцьця беларускага народу: на рэлігійным, нацыянальным і соцыяльным.

Чужынцы, карыстаючыся для сваіх утылітарных мэтаў хрысьціянствам, увялі глыбокі грозны разьдзел у беларускім народзе. Сваяк бача гэта і моліць Хрыста, каб народ гэты знайшоў сябе самога ў гэтым развале і каб ён „пачуў“ душу сваю.

Сьвятар-чужак жалезную
Руку падняў:
Сьвятыню нам належную
Сілком заняў.

Расьселіся, раз’еліся
Нябес купцы,
У пёрыны адзеліся —
Маўляў глушцы.

Народны жаль, народны боль
Ня кране іх:
Вядуць на зьдзек, вядуць на боль
Сьляпых, крывых.

Прыдзі, Хрысьце, нам веру дай —
Моц Божую:
Няхай пачуе родны край
Душу сваю.

(Прыдзі, Хрысьце)[13].

Вызваленьне з гэтай грозьбы народу паэт бача ў агульна- хрысьціянскай і агульна-беларускай сынтэзе.

Хочаш ты знаць, якую веру
Сам прызнаю і песьняй апяваю?
Скажу няшмат, бо знаць тут трэба меру,
Апроч таго ня ўсё кажу, што знаю.

Я веру ў нейкае вяліка Аб’яднаньне.
Ці як завуць яго з лаціны — Уніонізм
І ў пяруна крывіцкага прызнаньне
І ў хрысьціянскі зноў сьвяты натуралізм.

(Веру нярозуму проціў)[14].

Бача ясна так-жа Сваяк і беларускае нацыянальнае паняволеньне і адначасна бача вызваленьне з яго.

Думка аб бяздольнай Беларусі нігдзе не пакідае паэта і выклікае ў сэрцы ягоным дзіўна чулы, дзіўна глыбокі і трывалы агонь любові:

Айчыны мілай зор на сабе чую,
Куды ня пайду з самлелай душою.
Айчыны сьлёзнай праклёны лічу я:
Ратунку кліча — „ратуйце з разбою!“

(Айчыны мілай).

О край мой родны! Куды я ні гляну,
Гдзе лёс мой дзіўны мяне не закіне,
Штоколеч думкай сваей не закрану:
Са мной ты ўсюды у кожнай гадзіне.

(О край мой родны).

Думкай Сваяк вечна там, дзе „яго плача маці“, дзе яго „брат з бяды марнее“, дзе „пануюць шчэ чужынцы“.

У натхненьні паэт бача ўжо народныя натугі дзеля яго волі, бача лепшую, узыходзячую над Беларусяй, зару ейнай будучыны:

Ідзе вось ясная пара,
Правіду сьвеціць нам зара,
Айчына — Маці — Беларусь
Гарой, жыва!

(Гымн роднай зямлі)[15].

Найбольш гора дазнаў народ беларускі ў цяжкой сваей гістарычнай падарожы ад суседзяў — усходніх і заходніх. З іхняга-ж боку і надалей найвялікшая небясьпека для нашага народу. Але вось паўстаючы да сьведамага, адроджанага нацыянальнага жыцьця, народ беларускі спраўляецца і з гэтай небясьпекай. Грозныя ворагі Беларусі ў творчай думцы паэта адыходзяць на бок і ўжо перастаюць быць ворагамі:

А во страпянуўся род той гругановы!
Быў здалёку чутны гоман нейкай мовы.
Дзівам зьдзівавалісь няпрошаныя госьці,
Бо з зямлі паўсталі беларускія косьці…

(Ой на Русь ды Белу).

Груган з усходу, а крук з заходу
Дарма там жыру шукае —
Бо зерне спорна, у волю прасторна,
Хутка пад неба ўзрастае.

(Загляне сонца)[16].

Прасякнуты-ж праводнай сваей філёзофічна хрысьціянскай думкай, Сваяк у сваім творстве адроджанага свайго народу ня кідае бяз зносінаў з суседзямі, якіх народ гэты апекі толькі што пазбыўся. Не, ён шукае з імі сужыцьця на асновах брацтва, як роўных з роўнымі і вольных з вольнымі, што, ведама, магчыма толькі пры поўнай самастойнасьці кожнага з гэтых народаў і пры тым кожнага на сваей уласнай тэрыторыі, кожнага на падставах Вышэйшай Справядлівасьці.

І ў гэта Сваяк сьвята вера:

Дасьць Бог калісь будзе люд народу братам,
А Русьняк Маскоўцу да Лехіткі сватам!..

(Ой на Русь ды Белу)[17].

Урэшце, ня гледзячы на гэны, так здаецца ад зямлі і яе спраў аддалены, мэтафізычны тон ліры Сваяка, удзяляе ён шмат і прынцыповага месца беларускім соцыяльным справам.

Сваяк, як сын працоўнай Беларусі, мучыцца душой, бачачы багацьце, ад якога часта вее крыўдай людзкой, а ўспакайваецца, выабражаючы сябе селянінам пры працы, які „з плугом ідзе“, прыпамінаючы, што ён „корміць сьвет“:

Як бачу хараство харомаў,
Жудосна мне,
Бо з іх тэй штукі, тых заломаў,
Крывёй пахне…

Адну пацеху ў жыцьці маю,
Адкуль буду.
Калі зямельку урабляю,
3 плугом іду.

І хоць мне цяжка і гаротна,
Спакою нет,
Але ў душы ўжо немаркотна
Я кормлю сьвет.

(Мне сумна)[18].

Сваяк, пад уплывам, відаць, рэвалюцыі заахвочвае беларусаў да новай працы на ніве соцыяльнай, але з яўнай іроніяй дадае, што цёмныя людцы нашы так у гэтым кірунку разагналіся, што

Нават добрыя будынкі
Пачалі ўжо руйнаваць —
„Годзе кажуць ўжо спачынку,
Трэба ўсё наноў складаць“.

(Гэй будуйце).

Вось-жа Сваяк прад гэткай рэвалюцыяй соцыяльнай, прад гэткім спосабам шуканьня выхаду з соцыяльных беларускіх злыбедаў, гэтак прасьцерагае народ свой у тым-жа вершы:

Добра людцы, абы сьмела,
Толькі помніце адно:
Хто будуе ня ўмела,
З працы будзе мець драньнё.

Сваяк радзіць беларусу ў гэтай справе гэтак:

Разваж-жа перш чым зробіш,
Адлічы — рахунак здай —
А чаго не утаропіш —
Разумнейшага спытай.

Здабыць трэба перш зямельку,
Бо краіна-матка ўсім:
Хлябок родзіць і кудзельку
Дзецям родным, ня чужым.

Што у нас зямлі ня стала
То ня дзіва ані цуд —
Чужыня нам панавала,
Дзёрла скуру, як той бруд.

Далей Сваяк у тым-жа самым вершы радзіць, каб беларус прадусім працу сваю аддаў свайму краю, каб асьвячаў свой розум і ведай прымушаў зямлю радзіць, каб таго вучыўся, што трэба, а не якой пусьцячыны і каб пазнаў такім чынам добра сваіх ворагаў:

Каб ня даці ім заесьці
Свайго духа і свой труд
І твой край ня даць абсесьці:
Зробіш гэта — будзе цуд.

Будзеш мець зямелькі доваль,
Школы зробяцца з двароў
І авечкай і каровай
Зможаш панскіх шляхтуноў

Гэй будуйце, мае людзцы,
Жыцьцё новае наўкруг,
Нават сонкі хай прачнуцца —
Хто ня вораг — будзе друг[19].

Гэтак больш менш выглядае духовы воблік Казімера Сваяка ў ягоным жыцьці, у грамадзкай дзейнасьці і ў літаратурным творстве. Гэткім гэны ягоны воблік астаўся і ў апошнія дні жыцьця яго на гэтай зямлі.

Красавік 1926 г. Каз. Сваяк — у сталіцы сухотнікаў, як сам казаў. Да аўтара гэтых радкоў надыходзе адтуль ад беларускага дагараючага паэта сьпярша пісьмо за пісьмом, а пасьля і тэлеграма за тэлеграмай з грозным алярмам аб няўхільнай катастрофе і з гарачай просьбай прыбыць да яго і забраць на бацькаўшчыну, каб „паміж сваіх мог дажыць кароткі свой дзянёк“ і каб над ім „ня было дзярно чужое“. „Мне цяжка тут, бо я сярод чужых, а там, у родных Клюшчанах я напэўна папраўлюся, я там паздаравею“ — казаў мне Сваяк ажыўлены і разрадаваны як дзіця з майго прыезду.

Нажаль грудзі паэта былі ўжо сточаны мікробамі дазваньня і ня было ані магчымасьці вязьці яго ў Клюшчанскія сасоньнікі, ані так-жа ніякай надзеі на выздараўленьне.

У Вільні дагараў паэт у Літоўскай Клініцы. Часта траціў прытомнасьць. У ясных проблесках сьведамасьці маячыў нешта аб Беларусі, аб сваім народзе, аб крыўдзе ягонай, прасіў урэшце апякавацца ягонымі творамі, ягонымі рукапісамі, якія ўдалося выдабыць з пад арышту польскай пракуратуры, бо, казаў — а можа і будзе з гэтай усей маей пісаніны якая карысьць для народу“?!..

Раніцай 6 траўня 1926 году Казімер Сваяк разстаўся з намі, адышоўшы ў тую краіну, у тое лепшае жыцьцё, дзе царства Праўды, Дабра й Красы, з каторага чэрпаў сваё натхненьне і ў чэсьць каторага складаў свае песьні і шчасьлівай часткай каторага бачыў сваю Айчыну — Беларусь.




  1. Каз. Сваяк — Дзея маей мысьлі, сэрца і волі. Вільня, 1932 г., бач. 3-5.
  2. Там-жа, бач. 6.
  3. Ад. Станкевіч — Казімер Сваяк. Нарысы аб ягонай ідэолёгіі. Вільня, 1931, бач. 9.
  4. Казімер Сваяк, там-жа, бач. 8.
  5. Ад. Станкевіч, там-жа, бач. 9.
  6. Казімер Сваяк, там-жа, бач. 20.
  7. Казімер Сваяк. Там-жа, бач. 30-31.
  8. П’еса Каз. Сваяка, пасьля ім-жа пераназваная „Янка Канцавы“.
  9. Каз. Сваяк — Дзея, бач. 44.
  10. Каз. Сваяк — Дзея… бач. 51.
  11. Каз. Сваяк, там-жа, бач. 53.
  12. Там-жа, бач. 57.
  13. Казімер Сваяк — „Мая Ліра“.
  14. Казімер Сваяк — „Мая Ліра“.
  15. Там-жа.
  16. Казімер Сваяк — „Мая Ліра“.
  17. Там-жа.
  18. Там-жа.
  19. Казімер Сваяк — „Мая Ліра“.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.